Запісы

Сёлета латвійскія беларусы атрымалі напярэдадні святаў сапраўдны падарунак – да нас з Беларусі 19 снежня на Калядную сустрэчу завітаў ажно Зміцер Вайцюшкевіч! Ён падараваў прысутным сваімі спевамі вельмі шмат станоўчых эмоцый, і ўсе тыя, хто прыйшоў ў гэты зiмовы  марозны вечар паслухаць славутага спевака, не скупіліся на працягу ўсяго канцэрта на шчырыя ўсмешкі і працяглыя апладысменты. Спадар Зміцер спяваў патрыятычныя песні беларускіх аўтараў, выканаў як шэраг сваіх самых вядомых хітоў, гэтак і некалькі невядомых дагэтуль песень з новага альбому. Адна з іх ­– цудоўная, вельмі пяшчотная, песня “Каляднае святло” на словы Ўладзімера  Някляева. Слухачы ў Рызе пачулі яе значна раней, чым з’явіўся афіцыйны кліп песні з прыгожымі малюнкамі Андруся Такіданга. Калядных аўтарскіх песень прагучала на сустрэчы нямала, бо амаль штогод напярэдадні Калядаў Зміцер Вайцюшкевіч стараецца парадаваць беларусаў сваёй новай каляднай песняй. Атмасфера на канцэрце была вельмі цёплай і нязмушанай. Спадар Зміцер – вялікі майстра не толькі ў спевах, а і ў тым, каб трымаць добры кантакт з слухачамі падчас канцэрту. Беларусы ў зале з вялікім задавальненнем спявалі разам з беларускай зоркай. Некаторым шанавальнікам ягонага таленту пашчасціла нават атрымаць ад спевака ў падарунак дыск з песнямі. На канцэрт беларусы традыцыйна запрасілі гаспадара будынку, старшыню Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесара музыкі Рафі Хараджаняна. Ён застаўся ў захапленні ад выступу беларускага артыста, не хаваў сваіх станоўчых уражанняў, і адразу на сайце Асацыяцыі з’явіліся здымкі з сустрэчы ды вельмі добрыя водгукі аб выканаўцы.

Гэтая сустрэча з шаноўным беларускім спеваком была ўжо чацвертай па ліку ў Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”. А ўпершыню Зміцер Вайцюшкевіч парадаваў сваімі спевамі рыжскую публіку на святкаванні 25-гадовага  юбілею нашага таварыства амаль дзесяць гадоў таму. І беларусы ў Рызе спадзяюцца, што неўзабаве зноў пачуюць і старыя ўлюбёныя хіты, і яго новыя песні. Словамі падзякі, пажаданнямі натхнення ў творчасці і спадзяваннямі на наступную сустрэчу ў Рызе праводзілі яны Зміцера Вайцюшкевіча ў дарогу на наступны канцэрт ў Ліепаю ў рамках ягонага каляднага тура па краінах Балтыі.