Сёлета 19 жніўня беларуская дыяспара Латвіі ўпершыню ладзіла свой асобны беларускі стэнд на Ратушнай плошчы падчас святкавання 822-х угодкаў з дня заснавання Рыгі.
Для папулярызацыі традыцыйнай беларускай народнай творчасці былі арганізаваныя майстар-класы па вырабу выразаных з паперы з дапамогай нажніц беларускіх выцінанак i лялек-абярэгаў “Жаданніца”. Вялiкiм попытам наведвальнікаў карысталася майстэрня па жывапісе акрылам на шоперах пад кіраўніцтвам вядомай беларускай мастачкі і ілюстратаркі Вольгі Якубоўскай.
Цiкавасць гасцей выклікалі настольная гульня на падабенства беларускіх і латышскіх слоў ды аквагрым з узорамі беларускага нацыянальнага арнаменту. Падчас працы стэнду можна было набыць кнігі беларускіх аўтараў.
Са сцэны на Ратушнай плошчы ад беларускай дыяспары горад павiншавалi беларускі рок-музыкант Лявон Вольскi і латышскі хор «Frachori». Прыемнай нечаканасцю для ўсіх прысутных стала сумеснае выкананне беларускім госцем і хорам самай вядомай песні Лявона Вольскага “Тры чарапахі” і версіі «харавога гімна» Латвіі “Saule, Pērkons, Daugava” на беларускай мове як сімвалу падтрымкі латышамі барацьбы беларусаў. Пераклад словаў песні зрабіла беларуская паэтка Віка Трэнас, якая зараз жыве ў Рызе. На выступ Лявона Вольскага прыехала шмат фанатаў не толькі з усёй Латвіі, але і з суседніх Літвы і Эстоніі.
Беларускі стэнд, які атрымаўся вельмі цікавым не толькі для латвійскіх беларусаў, але і ўсіх жыхароў і гасцей сталіцы, стаўся магчымым дзякуючы намаганням і энтузіязму актывістаў Асацыяцыі латвійскіх беларусаў “SUPOLKA” і Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Арганізатары ад імя ўсіх беларусаў Латвіі выказваюць шчырую падзяку Лявону Вольскаму і хору «Frachori», якія пагадзіліся на дабрачыннай аснове сваімі прафесійнымі спевамі ўпрыгожыць беларускую частку святкавання Дня нараджэння Рыгі. Дзякуем таксама ўсім беларусам, якія ахвяравалі грошы на закупку матэрыялаў і фарбаў для майстэрняў і майстар-класаў. Сёлета ў Дня Рыгі ўпершыню з’явіўся беларускі акцэнт і арганізатары спадзяюцца, што ў наступным годзе ён загучыць мацней і з яшчэ прыгажэйшымі адценнямі.