Запісы

Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” выказваюць шчырую падзяку за дапамогу мастачцы Вользе Якубоўскай і беларускаму мецэнату Івану Бахціну.

Як вядома, наша таварыства ўжо амаль 35 гадоў працуе ў Латвіі, і існаванне таварыства заўсёды, яшчэ з савецкіх часоў, грунтавалася выключна на шматгадовай грамадскай працы ягоных сябраў. У адрозненні ад усіх іншых нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, калі не лічыць некалькіх гадоў сапраўднай незалежнасці Беларусі на пачатку 90-х, “Сьвітанак” не меў ніколі ніякай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы, нашай Радзімы. Ні інфарматыўнай, ні метадычнай, ні тым больш фінансавай. Бо “Сьвітанак” назалежна ад палітычнай сітуацыі ў Беларусі заўсёды заставаўся абаронцам ў Латвіі і нашай мовы і культуры, і гістарычных сымбаляў, і незалежнасці Беларусі. З моманту свайго заснавання ў 1988 годзе ЛТБК “Сьвітанак” з’яўляецца таксама заснавальнікам Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Амаль штомесяц сябры таварыства ладзяць розныя культурныя мерапрыемствы. І каб утрымліваць будынак Асацыяцыі на вул. Слокас, 37, дзе мы маем невялічкі офіс, і мець магчымасць карыстацца заламі для імпрэз, таварыству разам з больш як 25 суполкамі іншых нацыянальнасцяў трэба плаціць ўнёскі ў Асацыяцыю памерам 360 еўра на год. На працягу 35 гадоў гэтыя, здаецца, і не надта вялікія для цэлай арганізацыі грошы збіралі сярод адных і тых жа шматгадовых яе сябраў і мастакоў з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. А з улікам таго, што абсалютную большасць сябраў “Свьвітанка” да 2023 года складалі пенсіянеры, гэта не было проста, асабліва ў папярэднія цяжкія гады. І таму, калі на апошнюю імпрэзу “Свьвітанка”, прымеркаванае да 25 Сакавіка адкрыццё выставы беларускай мастачкі  Вольгі Якубоўскай, прыйшла вялікая колькасць беларусаў, каля 100 чалавек, кіраўніцтва  таварыства вырашыла звярнуцца да латвійскай супольнасці беларусаў за дапамогай. У звароце, які быў змешчаны ў мясцовых беларускіх чатах, была прапанова агульнымі намаганнямі сабраць грошы на ўнёсак у Асацыяцыю за гэты год. І хоць водгук на гэты зварот апынуўся пакуль што амаль безвыніковым, дапамога таварыству прыйшла адтуль, адкуль мы яе зусім не чакалі!

Вольга Якубоўская змясціла зварот і абвясціла дабрачынны аўкцыён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Мастачка напісала, што вельмі хоча дапамагчы сваім новым сябрам ў Рызе і выставіла на аўкцыён сваю шыкоўную карціну “Падарунак”. І практычна адразу ж яе прыдбаў Іван Бахцін, які жыве не ў Латвіі, за ўсю суму гадавых ўнёскаў таварыства ў Асацыяцыю. Больш таго, Іван нават адразу запрапанаваў, каб і сама карціна засталася ў таварыстве як падарунак ад яго. Вольга, вядома, спачатку не пагадзілася, але рашэнне гаспадара карціны было прынцыповым. Іван вельмі сціплы чалавек і ніяк нідзе не афішуе сваю дабрачыннасць і мецэнацтва. Ад Вольгі мы даведаліся, што ён удзельнік практычна ўсіх яе дабрачынных аўкцыёнаў і вельмі шмат каму дапамагае. У адказ на нашу падзяку малады чалавек напісаў,  што не зрабіў нічога надзвычайнага, заўсёды рады дапамагчы, назваўшы нас адметнымі людзьмі. А яшчэ Іван вельмі задаволены, што мецэнацтва паступова сярод беларусаў апошнім часам пашыраецца. Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” лічаць адметнымі людзьмі менавіта Вольгу Якубоўскую і Івана Бахціна! Мы вельмі радыя, што можам тут, на нашай старонцы, працу якой мы не так даўно аднавілі пасля доўгага перапынку, публічна выказаць ім словы сваёй удзячнасці. Запрашаем Івана таксама пры магчымасці абавязкова наведаць Рыгу. Будзем заўсёды рады паказаць і сталіцу Латвіі, і наш прытулак на Слокас 37. А таксама будзем вельмі чакаць Івана ў лістападзе на нашым юбілеі і атрымаць ад іх з Вольгай агульны падарунак – “Падарунак”!

А ўсім, хто зараз ўжо знаходзіцца ў Латвіі, мы нагадваем, што першая ў Латвіі персанальная выстава беларускай мастачкі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай даступная для агляду ў Рызе на вул. Слокас 37 да 25 красавіка. Акрамя ўсім вядомых прац, намаляваных акрылам,  у двух залах будынка выстаўленыя ўнікальныя скураныя карціны. Падрабязней пра выставу можна даведацца з нашых папярэдніх матэрыялаў на старонцы.

Таксама заклікаем беларусаў больш актыўна далучацца да шэрагу тых, хто падтрымлівае беларускую культурніцкую дзейнасць у Латвіі, накіраваную на захаванне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці на гэтай зямлі. 

Кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак”