Запісы

Адышоў у вечнасць вядомы латвійскі філолаг, бібліограф, шматгадовы дырэктар Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі (LNB) Андрыс Вілкс (16.05.1957 – 26.02.2025).

Андрыс Вілкс усю сваю прафесійную кар’еру прысвяціў бібліятэчнай справе. У 1978 годзе ён пачаў працаваць старшым бібліятэкарам у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Дзяржаўнай бібліятэкі Латвійскай ССР імя Віліса Лаціса, пазней стаў кіраўніком аддзела, а з 1989 года – дырэктарам усёй бібліятэкі, выконваючы гэтыя абавязкі аж да 2024 года.

З 2004 па 2008 год Андрыс Вілкс узначальваў аб’яднанне бібліятэк краін Балтыйскага мора Bibliotheca Baltica, быў узнагароджаны ордэнам Трох зорак і прэміяй Zelta ābele за ўклад у кнігавыдавецкую справу.

У 2017 годзе ўсе цывілізаваныя краіны свету, ў тым ліку і Латвія, па рашэнню ЮНЭСКА адзначалі 500-годдзе беларускага кнігадруку. Менавіта тады Андрыс Вілкс стаў аўтарам ідэі аб тым, каб надаць адной з вуліц Рыгі ці сквера імя славутага беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Са сваёй думкай спадар Вілкс звярнуўся да ЛТБК “Сьвітанак”, кіраўніцтва якога разам з іншымі беларускімі суполкамі Латвіі падтрымала гэтую ідэю. У выніку ў 2023-м годзе  пры падтрымцы Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі і дзякуючы ў тым ліку і руплівасці ды асабістым намаганням Андрыса Вілкса  па рашэнню  Рыжскай Думы сквер на вул. Лачплеша ў Рызе атрымаў назву Францыска Скарыны. У знак падзякі беларускі мастак Вячка Целеш стварыў экслібрыс, прысвечаны спадару Андрысу.

Сябры “Сьвітанка” разам з ўсімі беларусамі Латвіі удзячныя Андрысу Вілксу за вялікую падтрымку, смуткуюць і выказаюць глыбокія спачуванні родным і блізкім з нагоды яго заўчаснай смерці.

Развітанне з Андрысам Вілксам адбудзецца 5 сакавіка 2025 г. з 10.00 да 13.00 гадз. у Зале Зіедоніса Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі.

Рада Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”