Запісы

05 красавіка 2017, 16:56

Упершыню Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначала знамянальную дату ў айчыннай гісторыі – Дзень 25 сакавіка – ў 1989-м годзе. З таго часу святкаванне ўгодкаў абвяшчэння БНР стала непарушнай традыцыяй ў таварыстве. І сёлета ў гонар Акту 25 сакавіка сябры таварыства і госці сабраліся ў будынку Латвійскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў імя Іты Казакевіч, каб адзначыць гэтую векапомную для беларусаў дату.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся сябра Рады “Сьвітанка” Вячка Целеш, які зачытаў віншавальныя лісты, якія паступілі ў адрас таварыства. Яўген Манжос зрабіў невялікі экскурс у гісторыю і нагадаў прысутным пра тыя падзеі,  калі была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка.
З невялікім канцэртам перад прысутнымі выступіў гурт беларускай народнай песні «Вытокі». Гледачы цёпла сустрэлі выступленне самадзейных артыстаў.
Для латвійскіх беларусаў гэтая дата адметнае яшчэ і тым, што менавіта 25 сакавіка святкуецца дзень нараджэння першай беларускай супольнасці ў Латвіі – таварыства “Бацькашўчына”. Менавіта “Бацькаўшчына” заклала падмурак дзейнасці беларускіх адраджэнцаў у Латвіі. Сябры «Сьвітанка» ў гэты дзень падвялі вынікі дзейнасьці свайго таварыства за справаздачны год. Аб праведзеных у 2016 годзе мерапрыемствах  распавялі сябры Рады Таццяна Казак і дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ.  Абралi 9 чалавек у Раду, склад яе абнавіўся, Рада папоўнілася новымі сябрамі. Старшынёй таварыства зноў пераабралі Ірыну Кузьміч.


 Таццяна Казак

Здымкі аўтара

-

Выступае старшыня “Сьвітанка” Ірына Кузьміч
 

 

-

Прамова Яўгена Манжоса

-

Прывітальнае слова ад Вячкі Целеша
 

22 сакавіка 2016, 21:55

Наша гісторыя пераканаўча сведчыць, што Беларусь – еўрапейская краіна з багатай і слаўнай мінуўшчынай. Больш за тысячу гадоў налічвае традыцыя беларускай дзяржаўнасці.

Беларусь заўсёды была арганічнай часткай агульнаеўрапейскай цывілізацыі. На пачатку ХХ стагоддзя рух нацыянальнага Адраджэння паставіў на парадак дня аднаўленне дзяржаўнасці. 25 сакавіка 1918 года адбылося абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

 З таго дня прайшло 98 гадоў, але падзею гэтую і сёння шануюць беларусы ва ўсім свеце. Не выключэнне сярод іх і ЛТБК „Сьвітанак”, якое 19 сакавіка зладзіла цёплую сустрэчу сяброў і аднадумцаў. Адчуванне еднасці, гонару за сваю краіну, яе гісторыю, родную мову, аб’яднала ўсіх, хто прыйшоў на свята.

Сапраўды, калі мы збіраемся разам, асабліва востра прыходзіць жаданне згадаць тых асоб у нашай гісторыі i літаратуры, якія ў сваёй творчасці найбольш поўна ўвасобілі характар і адметнасць кожнага з нас. І як тут не ўзгадаць Уладзіміра Караткевіча, які запэўніў:„без мінулага – няма будучыні”. Цяжка з гэтым не пагадзіцца.

Упрыгожылі святочную імпрэзу сваiмi чароўнымі песнямi выканаўцы з гурта „Вытокі”. Самадзейныя артысты спявалі творы на словы нашага латвійскага паэта-беларуса Станіслава Валодзькі, пакладзеныя на музыку “cьвiтанкаўцам” Станіславам Клімавым. Шкада, што сёння Станіслава ўжо няма сярод нас, але кранальныя гукі яго мелодый жывуць i нікога не пакідаюць без уражанняў.

Гучыць   ціхая   мелодыя,   павольна  ліецца   родная  сэрцу   мова   і   плыве   перад   вачыма бацькоўская хата з буслянкай, суніцы, кубак сырадою ў матуліных руках, а яшчэ – язмін. Як жа ён пахне, як пахне!

Наведаў нашу імпрэзу і вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш. Ён павіншаваў прысутных са святам і зазначыў, што латышы і беларусы маюць шмат агульнага не толькі ў гістарычным плане, але і ў сугуччы нашых моў. Пагадзілася з ім і спадарыня Натальля Пятроўна Цiмаховiч, ганаровы сябра таварыства „Сьвітанак”, якой хутка споўніцца 90 год. Няхай шануе яе Бог!

Мінулае, сучаснасць i  будучыня заўсёды вельмі блізкія. І нельга разарваць гэтую сувязь. Пэўна сімвалічна, што сярод сяброў-сьвітанкаўцаў і самы маленькі – першакласнiк Мікола Казак, у асобе якога і ёсць наша надзея, будучыня, неабходнасць да дробязей захаваць нашу слынную спадчыну. Расці, Міколка, дужэй, набірайся ведаў!

Каб свята адбылося, нямала намаганняў прыклаў і наш шаноўны Вячка Целеш. Мінавіта яму належыць сцэнар добра зладжанага мерапрыемства.

Падзея 25 сакавіка, якую таварыства „Сьвітанак”адзначае штогод на працягу ўжо амаль 30-ці гадоў, з моманту свайго заснавання – гэта не толькі жаданне сабрацца разам адзінадумцам, не толькі магчымасць палунаць ва ўспамінах, але перш за ўсё ўсведамленне сваёй нацыянальнай свядомасці, пошырэнне ведаў і вялікае спадзяванне, што Беларусь зойме годнае месца ў дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці.

 Ганна Iванэ

 На здымках Таццяны Казак:

-

Гучыць “Магутны Божа” ў выкананні Міколы Казака


-

Віншаванне са святам ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы агучвае Вячка Целеш

-

Спявае гурт “Вытокі”

-

Госць імпрэзы вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш.

-

Прамаўляе  сябра таварыства  доктар фізічных навук  Натальля Цімаховіч

-