Запісы

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” запрашае беларусаў разам адзначыць 107-я ўгодкі Акту 25 Сакавіка, якім была абвешчана Беларуская Народная рэспубліка.

Імпрэза адбудзецца 30 сакавіка, у нядзелю, ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі (вул. Слокас 37, Рыга) з удзелам беларускіх артыстаў з Варшавы!

У праграме:

Святочны канцэрт з удзелам таленавітай беларускай сям’і: Зміцера і Геральда Бартосікаў ды Юстыны і Таццяны Карпіловіч.

З аднаго боку вас чакаюць аўтарскія песні ды анекдоты з жыцця, умела апрацаваныя ў яскравыя літаратурныя тэксты Зміцерам Бартосікам, уладальнікам літаратурнай прэміі Ежы Гедройца.

А з іншага меладычныя песні, створаныя маладой 16-ці гадовай аўтаркай Юстынай Карпіловіч, якая запрашае вас у свет сапраўдных пачуццяў, рэфлексій і пошукаў надзеі там, дзе адшукаць яе складаней за ўсё.

Прагучаць таксама творы ў выкананні сямейнага квартэта. 

У рамках імпрзы адбудзецца прэзентацыя кнігі Зміцера Бартосіка “Забіць Упалмінзага” і аўтограф-сесія.

Традыцыйна пасля афіцыйнай праграмы плануецца святочны сяброўскі стол у Каміннай зале. Тых, хто жадае удзельнічаць, просім прыносіць “кошыкі” з прысмакамі, стол у Каміннай зале накрываем сумесна з 13 00 да 13 45 гадзін.

Кнігу і дыскі можна будзе набыць толькі за наяўны разлік.

Пачатак святкавання ў 14 00.

Чакаем ўсіх, хто неабыякавы да беларускай гісторыі, мовы, літаратуры і мастацтва! Госці вечарыны абяцаюць гледачам шмат непаўторных пазітыўных эмоцый, поўных смеху, цяпла, любові і павагі адзін да аднаго. 

Ўваход вольны, але данаты выступоўцам вельмі вітаюцца!

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” традыцыйна запрасіла беларусаў ў Рызе разам адзначыць 106-я ўгодкі Акту 25 Сакавіка. Гэтая дата абавязкова штогод адзначаецца ў Рызе на працягу ўсіх 35 гадоў з моманту заснавання нашага таварыства. Імпрэзу зладзілі 23 сакавіка ў Вялікай зале будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі з удзелам цэлай беларускай дэлегацыі з Беластоку! Гэтым разам шаноўнымі гасцямі ў Рызе былі знакаміты пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, музыка і кампазітар Раман Арлоў і кіраўнік Фонду Kamunikat.org, стваральнік найбуйнейшай у свеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк. З такой нагоды неабыякавых да беларускай гісторыі, літаратуры ды песень сабралася поўная зала.

Пасля традыцыйнага выканання ўсімі прысутнымі дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа” на пачатку імпрэзы гасцей прывітала старшыня таварыства “Сьвітанак” Таццяна Казак, а Вячка Целеш прачытаў ўсім прысутным дасланае віншаванне з Днём Волі ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Упершыню павіншаваць беларусаў з найвялікшым святам на “сьвітанкаўскую” імпрэзу завітаў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Латвійскай рэспублікі ў Беларусі спадар Эйнарс Сэманіс. З улікам цяперашніх адносін паміж Латвіяй і нашай этнічнай Радзімай і зачыненых амбасад, спадар Амбасадар знаходзіцца ў Рызе, а не ў Мінску, і з’яўляецца сталым наведвальнікам беларускіх імпрэз у Латвіі. У сваім прывітальным слове ён выказаў упэўненасць у тым, што беларусы ў хуткім часе змогуць гэтак жа свабодна, шырока і ўрачыста святкаваць 25 Сакавіка, як усе латвійцы святкуюць 18 лістапада – Дзень абвяшчэння незалежнай Латвійскай рэспублікі ў 1918 годзе.

Шаноўным госцем на свяце таксама быў беларускі дзеяч з Лондана Васіль Еўдакімаў, які адмыслова прыляцеў у Рыгу, каб пазнаёміцца з нашым таварыствам ды сустрэцца з сваім даўнім сябрам Уладзімірам Арловым. Спадар Васіль з’яўляецца адным з кіраўнікоў беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі і аўтарам кніг пра Беларусь на беларускай і англійскай мовах.

Галоўны ж госць святкавання Уладзімір Арлоў вельмі цікава распавядаў пра тое, як Беларусь ішла да Акту 25 Сакавіка ў 1918-м: пра паўстанне Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, “Нашу долю” і “Нашу Ніву”, пачатак Першай сусветнай вайны і падрабязна пра абвяшчэнне БНР.


Падчас творчай сустрэчы з Уладзімірам Арловым прысутныя маглі пачуць не толькі аповед пра гісторыю БНР. Аўтар прэзентаваў перавыдадзеныя Фондам Kamunikat.org свае шматлікія вядомыя кнігі “Імёны Свабоды”, “Незалежнасць – гэта…”, “Ордэн Белай мышы”, “Айчына” і іншыя папулярныя выданні, чытаў урыўкі з сваіх твораў і шмат жартаваў.

Музыка і кампазітар Раман Арлоў, сын пісьменніка, выканаў патрыятычныя беларускія песні свайго аўтарства на гістарычную тэматыку. Спевы былі вельмі цёпла прынятыя латвійскай публікай. Спадар Раман выступаў у Рызе ўпершыню, але як выканаўца і аўтар песень даўно і добра вядомы беларусам як удзельнік знакамітага беларускага гурта “J:Mors”.

Кіраўнік Фонду Kamunikat.org, стваральнік найбуйнейшай у свеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк распавядаў пра гісторыю стварэння бібліятэкі kamunikat.org і пра тое, як у апошнія гады інтэрнэт-бібліятэка ператварылася ў сапраўднае беларускае выдавецтва. Дзякуючы спадару Яраславу з 2021 года перавыдадзена вельмі шмат кніг Уладзіміра Арлова, а таксама іншых вядомых беларускіх пісьменнікаў, напрыклад, Уладзіміра Някляева. Андрэя Хадановіча і іншых, выйшла ў свет шмат новых выданняў. Зараз у інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org сабрана ўжо больш за 55 000 розных беларускіх публікацый (кніг, аўдыёкніг, газет, часопісаў, відэа і інш.) Арганізатарам прыезду да беларусаў ў Рыгу, а потым далей у Таллінн і Хельсінкі таксама з’яўляецца нястомны спадар Яраслаў Іванюк, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў аддае шмат свайго часу і высілкаў беларускай справе ў Польшчы.

Акрамя падарункаў шаноўным гасцям, якія падрыхтавала кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак”, Уладзіміра Арлова яшчэ чакаў сюрпрыз, што зрабіла яму ягоная зямлячка, мастачка Вольга Якубоўская. Вядомая мастачка падаравала знакамітаму пісьменніку сваю цудоўную карціну.

З беларускімі песнямі на імпрэзе выступіў таксама Алег Целеш, сын Вячкі Целеша.

Па заканчэнні выступаў ды спеваў адбыўся кніжны кірмаш і аўтограф-сесія. Па аўтографы на набытых кнігах да спадара Ўладзіміра выстраілася доўгая чарга.

Традыцыйна пасля афіцыйнай праграмы гасцей і гаспадароў імпрэзы чакаў святочны сяброўскі стол у Каміннай зале, дзе абмяркоўвалі беларускія справы ды магчымае супрацоўніцтва ў будучыні.

Запрашаем усіх ахвотных на нашыя наступныя імпрэзы!

Здымкі Яраслава Іванюка і Вячкі Целеша.

Cамае галоўнае свята латвійскіх беларусаў – Дзень Волі традыцыйна адзначылі беларусы ў Рызе 25 сакавіка. Вялікая зала ў будынку Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі не змагла на гэты раз змясціць ўсіх, хто лічыць гэтую дату вельмі важнай для ўсіх беларусаў і таму прыйшоў ў Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. З моманту заснавання таварыства ў далёкім 1988 годзе гэтая дата абавязкова святкавалася штогод. Але ніколі раней не было ў зале і такой колькасці беларусаў і гасцей, і столькі выяў бел-чырвона-белых сцягоў. Бо сцены залы на гэты раз былі ўпрыгожаныя карцінамі Вольгі Якубоўскай, расквечанымі нашымі прыгожымі і ўрачыстымі бел-чырвона-белымі штандарамі. Менавіта да 25 сакавіка Вольга Якубоўская прымеркавала адкрыццё сваёй першай персанальнай выставы ў Рызе пад назвай “Малюю наша жыццё.”

Традыцыйна імпрэза распачалася сумесным выкананнем Дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, дабраславі  Латвію”) і неафіцыйнага беларускага гімна “Магутны Божа”.

Прысутныя таксама ўшанавалі хвiлiнай маўчання дэпартаваных ахвяр савецкай акупацыі ў Латвii, бо 25 сакавiка  ў Латвіі – афiцыйны жалобны дзень, а таксама загінулых змагароў за свабоду Беларусi i Украiны. На ўрачыстай частцы імпрэзы госцi i сябры “Сьвiтанка” сумесна змаглі ўбачыць відэазварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы з нагоды 105-х угодкаў абвяшчэння незалежнай БНР. У сваей прывітальнай прамове старшыня таварыства Таццяна Казак з радасцю адзначыла, што 25 сакавіка 2023 года атрымаўся сапраўдным ўрачыстым падвойным Днём Волі, маючы на ўвазе і саму назву свята і такое прыгожае імя гаспадыні выставы.

Са святам Дня Волi прысутных і з адкрыццём выставы Вольгу Якубоўскую віншавалі таксама вядучая імпрэзы Ганна Iванэ, шматгадовая дырэктарка беларускай школы ў Рызе, і Вячка Целеш, кавалер Ордэна Трох Зорак, кiраўнiк Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.

Ганаровымі гасцямі iмпрэзы былі вядомая беларуская паэтка Віка Трэнас і дэпутаткі Саэйма Латвіі Яна Сіманоўска і Лэйла Расіма. Кіраўнік Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесар музыкі Рафі Хараджанян ў сваёй віншавальнай прамове прывітаў шматлікіх новых наведвальнікаў  і выказаў асабістае захапленне працамі Вольгі Якубоўскай. Ён адзначыў своеасаблівы і вельмі адметны творчы погляд мастачкі.

Імпрэзу сваімі спевамі вельмі ўпрыгожыў гурт “Дівчата”. Убраныя ў бел-чырвона-белыя строі, прыгажуні выканалі патрыятычныя ўкраінскія песні “Вольная воля” і “Ой у лузе чэрвона каліна”. А беларускую народную песню “Купалінка”, якую гурт выконваў упершыню, разам з імі спявала ўся зала.

 Вольга Якубоўская павіншавала прысутных і шчыра падзякавала ўсіх, хто прыйшоў адзначыць свята і наведаць яе выставу. А яшчэ запрасіла ўсіх знаёміцца не толькі з карцінамі, але і таксама пазнаёміцца наведвальнікам імпрэзы паміж сабой. Трэба адзначыць, што многія беларусы Латвіі не толькі прыйшлі да нас упершыню, але прыехалі з розных куткоў Латвіі, а некаторыя – нават з Літвы.

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” выказвае шчырую падзяку Вользе Якубоўскай за прыгожыя і эмацыянальныя карціны, зробленую велізарную працу і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Спадзяемся, што гэтая першая яе выстава не будзе апошняй на Слокас 37. Творчасць Вольгi i яе адметны стыль выканання вельмі кранальныя і выклiкаюць шмат станоўчых эмоцых ў тых, хто іх бачыць, а таксама выклікаюць гонар за беларусаў i спадзеў на свабоду, штурхаюць да iмкнення да волi. Жадаем Вользе Якубоўскай плёну ў працы і творчага натхнення, а ўсім беларусам – сапраўднай Волі. Мы ўдзячныя кожнаму, хто ўзяў удзел у суботнім мерапрыемстве, і таксама запрашаем кожнага завітаць па адрасу Slokas 37 у Рызе, каб асабіста пазнаёміцца з усімі творамі Вольгі Якубоўскай. На выставе ў Вялiкай зале экспануюцца 25 карцiн серыi “Коцiкi Свабоды” з асабiстымi каментарамi мастачкі па гiсторыi iх напiсання. Казачнымi вобразамi адлюстраваны як трагiчныя, так i святочныя моманты сучаснасцi i гiсторыi Беларусi, якiя звяртаюць увагу i выклiкаюць iнтарэс  i дарослых,  i дзяцей. Некаторыя з прац выстаўленыя ўпершыню. У Камiннай зале  размешчаныя iншыя працы мастачкi рознай тэматыкi i перыяду напiсання, у тым ліку шыкоўныя мастацкія карціны са скуры, якiя можна набыць па дамоўленасцi. 

Карціна “Як ты без мяне там…”, аўтар здымка Эвія Дзонсонэ

Каб браць удзел у новых імпрэзах, арганізаваных ЛТБК “Сьвітанак”  і беларускай дыяспарай ў Латвіі, сачыце за навінамі на нашым сайце. Да новых сустрэч!

Андрэй Татур

05 красавіка 2017, 16:56

Упершыню Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначала знамянальную дату ў айчыннай гісторыі – Дзень 25 сакавіка – ў 1989-м годзе. З таго часу святкаванне ўгодкаў абвяшчэння БНР стала непарушнай традыцыяй ў таварыстве. І сёлета ў гонар Акту 25 сакавіка сябры таварыства і госці сабраліся ў будынку Латвійскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў імя Іты Казакевіч, каб адзначыць гэтую векапомную для беларусаў дату.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся сябра Рады “Сьвітанка” Вячка Целеш, які зачытаў віншавальныя лісты, якія паступілі ў адрас таварыства. Яўген Манжос зрабіў невялікі экскурс у гісторыю і нагадаў прысутным пра тыя падзеі,  калі была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка.
З невялікім канцэртам перад прысутнымі выступіў гурт беларускай народнай песні «Вытокі». Гледачы цёпла сустрэлі выступленне самадзейных артыстаў.
Для латвійскіх беларусаў гэтая дата адметнае яшчэ і тым, што менавіта 25 сакавіка святкуецца дзень нараджэння першай беларускай супольнасці ў Латвіі – таварыства “Бацькашўчына”. Менавіта “Бацькаўшчына” заклала падмурак дзейнасці беларускіх адраджэнцаў у Латвіі. Сябры «Сьвітанка» ў гэты дзень падвялі вынікі дзейнасьці свайго таварыства за справаздачны год. Аб праведзеных у 2016 годзе мерапрыемствах  распавялі сябры Рады Таццяна Казак і дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ.  Абралi 9 чалавек у Раду, склад яе абнавіўся, Рада папоўнілася новымі сябрамі. Старшынёй таварыства зноў пераабралі Ірыну Кузьміч.


 Таццяна Казак

Здымкі аўтара

-

Выступае старшыня “Сьвітанка” Ірына Кузьміч
 

 

-

Прамова Яўгена Манжоса

-

Прывітальнае слова ад Вячкі Целеша
 

22 сакавіка 2016, 21:55

Наша гісторыя пераканаўча сведчыць, што Беларусь – еўрапейская краіна з багатай і слаўнай мінуўшчынай. Больш за тысячу гадоў налічвае традыцыя беларускай дзяржаўнасці.

Беларусь заўсёды была арганічнай часткай агульнаеўрапейскай цывілізацыі. На пачатку ХХ стагоддзя рух нацыянальнага Адраджэння паставіў на парадак дня аднаўленне дзяржаўнасці. 25 сакавіка 1918 года адбылося абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

 З таго дня прайшло 98 гадоў, але падзею гэтую і сёння шануюць беларусы ва ўсім свеце. Не выключэнне сярод іх і ЛТБК „Сьвітанак”, якое 19 сакавіка зладзіла цёплую сустрэчу сяброў і аднадумцаў. Адчуванне еднасці, гонару за сваю краіну, яе гісторыю, родную мову, аб’яднала ўсіх, хто прыйшоў на свята.

Сапраўды, калі мы збіраемся разам, асабліва востра прыходзіць жаданне згадаць тых асоб у нашай гісторыі i літаратуры, якія ў сваёй творчасці найбольш поўна ўвасобілі характар і адметнасць кожнага з нас. І як тут не ўзгадаць Уладзіміра Караткевіча, які запэўніў:„без мінулага – няма будучыні”. Цяжка з гэтым не пагадзіцца.

Упрыгожылі святочную імпрэзу сваiмi чароўнымі песнямi выканаўцы з гурта „Вытокі”. Самадзейныя артысты спявалі творы на словы нашага латвійскага паэта-беларуса Станіслава Валодзькі, пакладзеныя на музыку “cьвiтанкаўцам” Станіславам Клімавым. Шкада, што сёння Станіслава ўжо няма сярод нас, але кранальныя гукі яго мелодый жывуць i нікога не пакідаюць без уражанняў.

Гучыць   ціхая   мелодыя,   павольна  ліецца   родная  сэрцу   мова   і   плыве   перад   вачыма бацькоўская хата з буслянкай, суніцы, кубак сырадою ў матуліных руках, а яшчэ – язмін. Як жа ён пахне, як пахне!

Наведаў нашу імпрэзу і вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш. Ён павіншаваў прысутных са святам і зазначыў, што латышы і беларусы маюць шмат агульнага не толькі ў гістарычным плане, але і ў сугуччы нашых моў. Пагадзілася з ім і спадарыня Натальля Пятроўна Цiмаховiч, ганаровы сябра таварыства „Сьвітанак”, якой хутка споўніцца 90 год. Няхай шануе яе Бог!

Мінулае, сучаснасць i  будучыня заўсёды вельмі блізкія. І нельга разарваць гэтую сувязь. Пэўна сімвалічна, што сярод сяброў-сьвітанкаўцаў і самы маленькі – першакласнiк Мікола Казак, у асобе якога і ёсць наша надзея, будучыня, неабходнасць да дробязей захаваць нашу слынную спадчыну. Расці, Міколка, дужэй, набірайся ведаў!

Каб свята адбылося, нямала намаганняў прыклаў і наш шаноўны Вячка Целеш. Мінавіта яму належыць сцэнар добра зладжанага мерапрыемства.

Падзея 25 сакавіка, якую таварыства „Сьвітанак”адзначае штогод на працягу ўжо амаль 30-ці гадоў, з моманту свайго заснавання – гэта не толькі жаданне сабрацца разам адзінадумцам, не толькі магчымасць палунаць ва ўспамінах, але перш за ўсё ўсведамленне сваёй нацыянальнай свядомасці, пошырэнне ведаў і вялікае спадзяванне, што Беларусь зойме годнае месца ў дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці.

 Ганна Iванэ

 На здымках Таццяны Казак:

-

Гучыць “Магутны Божа” ў выкананні Міколы Казака


-

Віншаванне са святам ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы агучвае Вячка Целеш

-

Спявае гурт “Вытокі”

-

Госць імпрэзы вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш.

-

Прамаўляе  сябра таварыства  доктар фізічных навук  Натальля Цімаховіч

-