Запісы

Ў апошнія дні 2022 года ў Празе, ў Інстытуце славістыкі Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі пабачыла свет кніга “У ценю іншых. Беларуска-латвійскія сувязі ад мінуўшчыны да сучаснасці.” Гэта калектыўная манаграфія пра латвійска-беларускія сувязі, у якой змешчаныя артыкулы 26 даследчыкаў з Беларусі, Латвіі, Чэхіі і Польшчы пад рэдакцыяй Міраслава Янковяка і Кірыла Касцяна. Тэксты ў кнізе прадстаўлены храналагічна (ад сярэднявечча па сучаснасць) і тэматычна (1. Археалогія і гісторыя; 2. Этналогія, фальклор, вусная гісторыя; 3. Грамадская дзейнасць, гісторыя адукацыіі, філасофія; 4. Навука, культура и мастацтва, літаратура, турызм).

Гэта ўжо сёмая кніга па беларускай тэматыцы, якая была выдадзеная дзякуючы навукоўцу-беларусісту Міраславу Янковяку, паляку па нацыянальнасці, які апошнім часам працуе ў Празе ў Інстытуце славістыкі. Спадар Міраслаў – даўні сябар нашага таварыства, ён з асабістай ініцыятывы ўсталяваў кантакты з ЛТБК “Сьвітанак” яшчэ ў 2004 годзе, калі ўпершыню прыехаў ў Латвію ў экспедыцыю вывучаць беларускія гаворкі ў Латгаліі на латвійска-беларускім памежжы. За гэтыя гады дзейнасці на карысць беларушчыны выйшлі тры кнігі пад ягонай рэдакцыяй і чатыры кнігі за ягоным аўтарствам. Далёка не кожны беларус-навуковец можа пахваліцца такімі здабыткамі. Прэзентацыя кнігі “У ценю іншых. Беларуска-латвійскія сувязі ад мінуўшчыны да сучаснасці” запланаваная ў “Сьвітанку” на красавік, а да Дня роднай мовы беларусам з нашага таварыства выпала магчымасць зладзіць сяброўскую сустрэчу за гарбатай ды кавай з вядомым філолагам-беларусістам, бо спадар Міраслаў акурат у гэтыя дні прыехаў у Рыгу, каб выступіць на навуковай канферэнцыі па запрашэнню Латвійскай акадэміі навук. Сустрэча атрымалася вельмі цікавай і цёплай. Было шмат пытанняў ад прысутных не толькі аб кнігах і навуковых даследаваннях, дыскусіі і абмеркаванні тычыліся самых розных тэм, звязаных з беларусамі і Беларуссю ў гэты складаны час. На запланаванай ўвесну прэзентацыі з удзелам спадара Міраслава і шэрагу іншых аўтараў кнігі спадзяемся пабачыць шмат зацікаўленых. Спадар Міраслаў паабяцаў падчас сустрэчы, што прывязе наступным разам дастатковую колькацць асобнікаў, каб хапіла набыць ўсім ахвотным, нават калі дзеля гэтага давядзецца ехаць машынай, а не самалётам, бо кніга атрымалася вельмі грунтоўная і прыгожая, 592 старонкі. Прапануем ўсім сачыць на нашым сайце за аб’явамі, каб атрымаць больш дакладную інфармацыю аб прэзентацыі, а таксама шчыра запрашаем на іншыя нашы імпрэзы, бліжэйшая з каторых адбудзецца 25 Сакавіка.

На здымку Мікалая Гардзеева: удзельнікі сяброўскай сустрэчы ў офісе ЛТБК “Сьвітанак”. Міраслаў Янковяк трэці злева.