Запісы

У першы дзень красавіка ў Рызе ўпершыню адчынілі свае дзверы курсы “Мова Нанова”. Першыя заняткі адбыліся ў самым сэрцы Старой Рыгі ля Домскай плошчы.

“Мова Нанова” – гэта бескаштоўныя курсы беларускай мовы, дзе ёсць магчымасць ўзбагаціць свой слоўнікавы запас, палепшыць веданне граматыкі і наўпрост паразмаўляць па-беларуску. Упершыню такія заняткі адбыліся ў студзені 2014 года ў Менску. З часам курсы распачаліся ў шматлікіх гарадах і абласных цэнтрах краіны. На тэрыторыі Беларусі курсы мелі вялікі поспех, на заняткі запрашалі вядомых культурных і гістарычных дзеячоў, мастакоў і музычныя гурты.  На жаль, у 2021 годзе Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры “Мова Нанова” была зліквідаваная, і арганізатары курсаў былі вымушаныя пакінуць Беларусь і цяпер працягваюць сваю працу зя мяжой. Заняткі на сённяшні дзень праводзяцца ў Беластоку, Быдгашчы, Варшаве, Вільні Тбілісі, Торуні, Гданьску, Сопаце, Гдыні, Уроцлаве, а цяперака і ў Рызе.

Паколькі “Мове Нанова” ўжо шмат гадоў, яе арганізатары распрацавалі ў свой час сістэму заняткаў, паводле якой ў кожных заняткаў ёсць свая тэма, лексічны і граматычны матэрыял. Адпаведна плану, тэмай першых красавіцкіх заняткаў у Рызе былі вітанні і звароты, таксама ўзгадалі  народныя беларускія імёны. Кожны атрымаў невялічкі слоўнік са спісам сучасных імёнаў і іх народных адпаведнікаў. Далей запрапанаваная арганізатарамі гульня на знаёмства разварушыла прысутных, бо кожнаму было цікава даведацца, якія народныя адпаведнікі сваіх імёнаў абралі астатнія ўдзельнікі, а таксама ці змогуць удзельнікі гульні паўтарыць усе амаль 30 народных імёнаў (столькі было беларусаў на першых занятках). Таксама на сустрэчы прыгадалі клічны склон, які некалі існаваў у беларускай мове, але ж русіфікацыя, што адбывалася падчас савецкіх часоў, знішчыла яго амаль цалкам. Сёння клічны склон, які дагэтуль існуе ў латышскай мове і шэрагу славянскіх моваў, у беларускай мове захаваўся толькі ў літаратуры ды ў некаторых местачковых гаворках. Каб прыгадаць, як казалі раней, было запрапанавана адпаведнае практыкаванне. Каб было зручней і лягчэй выконваць заданні і ўспрымаць інфармацыю, арганізатары курсаў падрыхтавалі для кожнага буклеты з матэрыяламі.

Арганізатары заняткаў у Рызе вырашылі прытрымлівацца цудоўнай традыцыі запрашаць цікавых гасцей і запрасілі ў якасці першай госці вядомую мастачку Вольгу Якубоўскую, чые працы зараз з 25 Сакавіка выстаўленыя адначасова на дзвух выставах – у Рызе і ў Юрмале. А сярод слухачоў першых заняткаў, у асноўным моладзі, былі і дзеці самага рознага ўзросту: ад зусім маленькіх да падлеткаў з Рыжскай беларускай асноўнай школы. Палепшыць веды па беларускай мове прыйшла нават Нонна Ахметулаева, унучка знакамітага беларускага этнографа і фалькларыста Сяргея Сахарава, якой больш за 75 гадоў, і гэта сапраўдны прыклад беларускай прагі да ведаў!

Вольга Якубоўская распавяла усім прысутным, што яна нарадзілася ў  г. Сартавала ў Карэліі, дзяцінства яе прайшло на Урале і ў Крыме, а ў Беларусь, у Наваполацк,  яна прыехала пасля заканчэння мастацкай вучэльні на Урале. Яна выбрала для жыцця і мастацтва Беларусь таму, што калісьці ў 12-гадовым ўзросце патрапіла на экскурсію ў першую беларускую сталіцу – Полацк, які яе вельмі ўразіў сваёй старажытнасцю і красой, зрэшты, як і ўся Беларусь. Падчас гутаркі мастачка распавяла пра свае жыццё, працу на “Нафтане”, любоў да скуры і пра ўласнаруч распрацаваную тэхніку “малявання скурай”, а таксама пра тое, якое месца ў яе жыцці займае беларуская мова, любоў і пашана да якой пачалася дзякуючы беларускамоўным выкладчыкам кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва падчас яе навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Таксама ўсім цікава было даведацца пра гісторыю стварэння серыі яе карцін “Коцікі свабоды”, прысвечанай барацьбе беларусаў за Беларусь. Абмяркоўвалі рознае: чаму менавіта каты, а не іншыя жывёлы, пра прататыпаў карцін, пра тое, што натхняе Вольгу на творчасць.

Напрыканцы заняткаў ўсе прысутныя разам з Вольгай зладзілі творчую майстэрню. Намалявалі цудоўнага беларускага коціка, які з паветранай куляй у лапцы ляціць па-над Рыгай. А ў той кулі –  смак беларускай мовы. Наведвальнікі першых курсаў з вялікім задавальненнем напісалі свае ўлюбёныя беларускія словы на агульным творы! Віншуем “Мову Нанова” з іх асабістым вольным беларускамоўным коцікам ад Вольгі Якубоўскай і беларускай супольнасці ў Латвіі!

Exif_JPEG_420

Арганізатары курсаў шчыра дзякуюць за дапамогу гаспадароў памяшкання – таварыства “Latvijas Platforma attīstības sadarbībai” (LAPAS)  (“Латвійскую платформу для развіцця супольнасці”) і на наступныя заняткі запрашаюць 15 красавіка. Пачатак а 14 гадзіне, адрас: вул. Пілс 21. Вас зноў чакае сустрэча з роднай мовай і вельмі цікавымі людзьмі!

Алег Юрэвіч

Здымкі Ілвы Івэртэ