Запісы

Здымак Андрэя Шаўрэя

Самы вядомы латвійскі беларус, кавалер Ордэна  Трох Зорак, грамадскі дзеяч, мастак і педагог Вячка Целеш 25 верасня адзначыў свой чарговы юбілей. І хаця раней спадар Вячка таксама заўсёды да юбілейных дат ладзіў свае персанальныя выставы, сёлета да 85-годдзя яму хапіла моцы і натхнення зладзіць ажно тры прыгожых, вельмі самабытных і непадобных адна на адну выстаў.

У верасні і кастрычніку ў будынку Акадэміі навук Латвіі на  2 паверсе эскспанаваліся 16 жывапісных і 15 графічных прац мастака на выставе з назвай “З Тэрвэтскага альбома”. Карцін, прысвечаных улюбёнаму куточку мастака на латвійскай зямлі – Тэрвэтэ, створана творцам вельмі шмат. Ён пачаў маляваць пейзажы Тэрвэтэ з 1976 года, амаль адразу пасля заканчэння Латвійскай Акадэміі мастацтваў ў 1975 годзе. Карціны, прысвечаныя прыгажосці гэтага месца традыцыйна прысутнічаюць на выставах мастака. Наогул Вячка Целеш з’яўляецца ўдзельнікам больш за 100 выстаў,  ў тым ліку амаль 30 персанальных. А працы мастака ў розных тэхніках прысутнічаюць у зборах музеяў і прыватных калекцыях Беларусі, Латвіі, ЗША, Канады, Францыі, Ізраіля, Швейцарыі, Румыніі, Партугаліі, Расіі, Кітая і іншых краін.

На другой па ліку выставе “Разважанні года”, арганізаванай ў Вялікай зале будынка АНКТЛ ў кастрычніку наведвальнікі маглі пабачыць самыя разнастайныя працы: графіку, жывапісныя нацюрморты, пейзажы, партрэты сваякоў і сяброў, а таксама некалькі аўтапартрэтаў розных гадоў. На адкрыццё выставы павіншаваць шаноўнага спадара Вячку сабралася вельмі шмат родных і сяброў, аднакурснікаў, калег-мастакоў розных нацыянальнасцяў, асабліва, канешне, беларусаў з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” і Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыіі “Маю гонар”, заснавальнікам якіх ён з’яўляецца.

Павіншаваць юбіляра прыйшлі таксама ягоныя былыя вучні, выпускнікі Рыжскай Беларускай асноўнай школы. Вячка Целеш – адзін з ініцыятараў стварэння школы, заснаванай нашым таварыствам “Сьвітанак” ў 1994 годзе, ён быў першым дырэктарам школы.

Адкрыццё апошняй юбілейнай выставы экслібрысаў адбылося 23 лістапада ў будынку Латвійскай Нацыянальнай бібліятэкі. На выставе экспануюцца ажно 71 экслібрысаў аўтарства Вячкі Целеша. Сярод іх экслібрысы, прысвечаныя такім вядомым асобам, як Уладзімеру Караткевічу, Рыгору Барадуліну, Зосьцы Верас, Лявону Луцкевічу, Адаму Мальдзісу, Улдысу Бэрзыньшу, Андрысу Вілксу ды іншым. Наведаць выставу можна да 31 снежня.

Мы жадаем шаноўнаму Вячку Целешу здароўя, настрою і натхнення на стварэнне шматлікіх новых карцін для новых выстаў, прысвечаных наступным юбілеям!

Здымкі Міколы Гардзеева, Дзяніса Давыдава і Алега Целеша

Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасня 1938 года ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці). Мастак, педагог, гісторык, пісьменнік, беларускі грамадскі дзеяч, сябра Саюзаў мастакоў Беларусі і Латвіі.

У 20-гадовым узросце выправіўся ў Латвію, працаваў слесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазней атрымаў ступень магістра мастацтва.

Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе.

Працуе ў розных жанрах станкавага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і экслібрысаў выдатных беларускіх і латышскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.

Вячка Целеш – адзін з самых вядомых еўрапейскіх філакартыстаў: ягоны альбом “Гарады Беларусі на старых паштоўках” на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.

Аўтар біяграфічнай кнігі “Адсюль наш род, тут мой прычал”, прысвечанай радаводу краснасельскіх Целешаў. Аўтар кнігі “Беларускія мастакі Латвіі” і інш.

Запрашаем аматараў жывапісу наведаць персанальную выставу мастачкі Алены Лаўрыновіч, адкрыццё якой адбылося 24 лістапада. Алена з студэнцкіх часоў навучання ў Латвійскай мастацкай акадэміі на працягу амаль 20 гадоў з’яўляецца сябрам Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Яна – прафесійная мастачка, графік класічнай школы, працуе ў розных тэхніках, у тым ліку літаграфіі, акварэлі і алеі.

На адкрыцці выставы Алену Лаўрыновіч віншавалі калегі-мастакі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” і старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры Таццяна Казак, мастакі з іншых нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, калегі па працы, сябры і блізкія.

Музычныя падарункі мастачцы і ўсім прысутным на адкрыцці выставы падрыхтавалі беларускі гурт “Вытокі” і выхаванцы Рыжскай музычнай школы імя П.Юр’яна. Дзіцячы ансамбль акардэаністаў пад кіраўніцтвам педагога Надзеі Пісаравай і салісты-выканаўцы вельмі прыгожа выканалі шэраг музычных кампазіцый, а беларускі з такім натхненнем спявалі беларускія народныя песні, што бацька Алены вельмі ўдала дадаў свой прыгожы голас да галасоў-жынчын спявачак з “Вытокаў”.

На выставе можна пазнаёміцца ​​з графічнымі работамі Алены ў тэхніцы літаграфіі і жывапісам, выкананым алеем і акварэллю ў стылі рэалізму і псіхалагічнага сімвалізму. Яе творы адрозніваюцца рэалізмам, выразнасцю малюнка, асаблівым пачуццём колеру, вытанчанасцю выканання і глыбокай эмацыянальнай напоўненасцю. Мастачка часта звяртаецца да тэм прыроды, чалавека, псіхалагічнай сімволікі. На выставе можна ўбачыць як раннія, так і больш познія работы Алены, якія ўпершыню дэманструюцца публічна.


Выстава будзе працаваць у Каміннай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя І. Казакевіча (АНКТЛ) да 21 снежня 2023 г. па адрасе г. Рыга, вул. Слокас, 37.

Выстава арганізаваная ў рамках фестываля “Адзіныя – ў разнастайнасці – 2023”, прысвечанага 35-гадоваму юбілею АНКТЛ імя Іты Казакевіч, адным з заснавальнікам якой з’яўляецца Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.

Уваход вольны. Але час агляду выставы лепш узгадніць па тэл. 67613638, 27024786

17 верасня ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч (вул. Слокас, 37, Рыга) адбылося адкрыццё чарговай выставы мастакоў з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Гэтым разам выстава атрымалася не зусім звычайнай. Сябра аб’яднання Ганна Пэйпіня прапанавала кожнаму з мастакоў намаляваць свой аўтапартрэт і зрабіць з гэтых прац асобную выставу. Ідэя ўсім спадабалася, і ў выніку ў Канферэнцзале выставілі свае працы Ірына Кароль, Кацярына Осберг, Алена Лаўрыновіч, Вольга Якубоўская, Ганна Пэйпіня, Алена Гейданэ, Ірына Трумпель, Анастасія Арая, Вячка Целеш, Васіль Малышчыц і Лявон Жукоўскі. Разнастайнасці выставе дадалі аўтапартрэты аўтараў у розным узросце і выкананыя ў розных стылях, мастакі прадставілі таксама свае іншыя працы.

На адкрыцці выставы прысутныя атрымалі музычны падарунак ад старшыні АНКТЛ імя Іты Казакевіч Рафі Хараджаняна. Разам з Інэсэ Бушманэ яны ў чатыры рукі выканалі Вальс Арама Хачатурана з музыкі да п’есы “Маскарад” М. Лермантава.

А украінскі гурт “Дівчата” парадаваў ўсіх цудоўнымі беларускімі ды ўкраінскімі песнямі. Выставу можна наведаць да 17 кастрычніка, уваход вольны.

27 красавіка 2023 г. у Каміннай зале будынка АНКТЛ імя Іты Казакевіч адбылося адкрыццё выставы беларускай мастачкі Ганны Пэйпіні з паэтычнай назвай “Iмпульсы”.

З адкрыццём выставы мастачку віншавалі старшыня  Аб’яднання мастакоў беларусаў Балтыі “Маю гонар” Васіль Малышчыц і старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Таццяна Казак. Ганна Пэйпіня з’яўляецца сябрам Саюза мастакоў Латвіі і аб’яднання “Маю гонар”, а таксама даўнім сябрам таварыства “Сьвітанак”.

Павіншаваць спадарыню Ганну прыйшлі таксама сябры і калегі, сямейнікі. Сюрпрызам для мастачкі стала віншаванне і кветкі ад яе былых вучняў майстар-класаў, якія даведаліся пра адкрыццё выставы сваёй настаўніцы з афішы фестывалю “Pavasara avots – 2023”. Прагучала шмат шчырых і добрых слоў на адрас мастачкі. Незвычайныя, самабытныя і часам эксперыментальныя творы Ганны Пэйпіні не пакінулі нікога абыякавым. Ганна Пэйпіня распавядала пра свае працы, пра творчыя задумкі і адказвала на пытанні гасцей.

На працягу ўсяго вечара ствараў утульнасць у зале спявак і музыкант Юрый Ціхаміраў. У ягоным рэпертуары  ёсць і шэраг беларускіх песень.

Пад акампанемент Юрыя на радасць прысутным нават і сама Ганна праспявала сваю самую ўлюбёную беларускую народную песню “Зялёная вішня”.

Запрашаем ўсіх ахвотных наведаць выставу Ганны Пэйпіні, яе шыкоўныя ”Iмпульсы” можна пабачыць да 26 мая па адрасе вул. Слокас, 37 у Рызе. Уваход вольны.

Здымкі Васіля Малышчыца і Таццяны Казак

Выставу “Малюю наша жыццё” сябра Аб’яднання мастакоў-беларусаў Латвіі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай можна наведаць з 25 сакавіка да 25 красавіка ў будынку Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч па адрасе вул. Слокас 37 ў Рызе. Экспазіцыя размешчаная ў дзвух залах: Вялікай і Каміннай. Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 25 сакавіка падчас святкавання 105-х угодкаў абвяшчэння БНР.

На выставе ў Вялiкай зале экспануюцца 25 карцiн серыi “Коцiкi Свабоды” з асабiстымi каментарамi мастачкі па гiсторыi iх напiсання. Казачнымi вобразамi адлюстраваны як трагiчныя, так i святочныя моманты сучаснасцi i гiсторыi Беларусi, якiя звяртаюць увагу i выклiкаюць iнтарэс  i дарослых,  i дзяцей. Некаторыя з прац выстаўленыя ўпершыню. У Камiннай зале  размешчаныя iншыя працы мастачкi рознай тэматыкi i перыяду напiсання, у тым ліку шыкоўныя мастацкія карціны са скуры, якiя можна набыць па дамоўленасцi. 

Адкрыццё выставы прайшло  ў цёплай, сяброўскай i святочнай атмасферы. Кранальная творчасць Вольгi i асабiсты стыль выканання  выклiкаюць слёзы радасцi i смутку, гонар за беларусаў  i надзею на свабоду, штурхаюць да iмкнення да волi.

Сардэчна запрашаем па адрасе: Rīga, Slokas iela, 37

Час працы:

Пн-Пт з 10-00 да 18-00. 

Наведванне лепш папярэдне ўзгадніць па тэлефонах, асабліва ў выходныя дні, бо ў залах могуць адбывацца імпрэзы. +37167613638; +37127024786.

Уваход вольны.

Вольга Якубоўская

 Нарадзілася ў г. Сартавала, Карэлія.

 У 1989 г. скончыла Кунгурскае мастацкае вучылішча (зараз – Кунгурскі мастацкі каледж – філіял Маскоўскай ГХПА імя Строганава), Пермскі край, у 2007 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (кафедра народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), г. Мінск, Беларусь.

Сябра Творчага Саюза мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

 З 1989 г. жыла і працавала ў г. Наваполацку, Беларусь, займалася малюнкам, жывапісам, ілюстрацыяй, а таксама мастацкай апрацоўкай скуры.

 У актыве Вольгі – дзясяткі сумесных і персанальных выстаў і сотні карцін у розных кутках свету – Латвіі, Германіі, Францыі, Нідэрландах, Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Японіі, Аўстраліі і іншых краінах.  Вольга Якубоўская – аўтарка вядомай серыі карцін «Коцікі Свабоды», прысвечанай барацьбе народа Беларусі за свабоду і свае правы.

У старажытнай Вільні, ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча з 12 лістапада 2022 г. і да 15 снежня працуе выстава Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. На выставе экспануюцца 19 прац жывапісу, графікі ды 3 каляровыя фотаграфічныя працы за аўтарствам дваццаці мастакоў аб’яднання. Гэта працы Васіля Малышчыца, Алены Лаўрыновіч, Вячкі Целеша, Ганны Пэйпіні, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Надзеі Ізянёвай, Ірыны Кароль, Ірыны Ятнавай, Галіны Жэлабоўскай, Настассі Арайс, Алены Гэйданэ, Леаніда Маствілішскага, Лявона Жукоўскага з Латвіі, Алега Аблажэя, Алеся Поклада, Юрыя Грыгаровіча з Літвы, Маргарыты Астраумавай, Людмілы Прыбыльскай з Эстоніі, Кацярыны Осберг, Яна Кузьміцкага са Швецыі. Выстава была адкрыта дзякуючы дапамозе кіраўніцы музея Людвікі Кардзіш і ўсяго калектыв музея, а таксама Амбасады Латвійскай Рэспублікі ў Літве, супрацоўнікі якой прывезлі працы мастакоў з Рыгі. На адкрыцці выставы віленчукі-беларусы шчыра віталі мастакоў з Рыгі – старшыню аб’яднання Васіля Малышчыца, і мастачак Ганну Пэйпіню і Ірыну Трумпель-Сабалеўскую. Падчас адкрыцця выставы Васіль Малышчыц перадаў музею ў знак падзякі ад Вячкі Целеша кнігу “Адсюль наш род, тут мой прычал” і старадаўнюю паштоўку Вільні з відам вуліцы Завальнай, дзе ў пачатку ХХ ст месціліся рэдакцыя газеты “Наша Ніва” і беларуская кнігарня. Пасля закрыцця выставы ад аб’яднання музею будзе перададзена праца Яна Кузьміцкага “Нападзенне на белую прастору”, напісаная мастаком у 1994 г. і планшэт з 12 экслібрысамі Вячкі Целеша. За 31 год дзейнасці Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” адкрыццё гэтай выставы стала адной з вельмі значных падзей для мастакоў аб’яднання “Маю гонар” ў Балтыйскім рэгіёне.

Кіраўніца музея Людвіка Кардзіш адкрывае выставу
Мастакі з Рыгі ІрынаТрумпель-Сабалеўская, Васіль Малышчыц і Ганна Пэйпіня

Лета – пара найбагацейшая на разнастайнасць колераў і пахаў, гукаў і ўражанняў, сустрэч і мараў. І вельмі радасна, што ў “вянок” рыжскага лета беларускай кветкай уплялася незабыўная імпрэза ў гонар 70-гадовага юбілею мастачкі Надзеі Ізянёвай, якая адбылася 1 жніўня ў доме-музеі Мэнцэрдорфа.

Надзея нарадзілася ў Беларусі, у мястэчку Шаркаўшчына, на Віцебшчыне. Скончыўшы с залатым медалём сярэднюю школу, стала студэнткай педагагічнага інстытута мастацка-графічнага факультэта. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1967 года. Лёс мастачкі склаўся так, што яна шмат год жыла спачатку ў Польшчы, затым у Прымор’і. І, як сцвярджае сама Надзея, што “дзе б ні прыходзілася жыць і працаваць, побач было самае галоўнае – мастацтва. Яно – натхненне, яно – жыццё, яно мора, боль і спадзяванне”.

З 1971 года Надзея жыве і працуе ў Латвіі, якую вельмі любіць, лічыць сваёй другой Радзімай. У сувязі з гэтым хочацца адзначыць, што менавіта незвычайнай цеплынёй і любасцю да латвійскай зямлі свецяцца яе палотны. Магчыма жаданне падзяліцца сваім талентам, сваімі ўражаннямі, сваімі марамі і прывяло мастачку да адзінадумцаў, якія з’яўляюцца сябрамі таварыства мастакоў “Маю гонар”, якія ў бальшыні сваёй таксама жывуць і працуюць у Латвіі. І сёння ў гэты святочны момант яны побач з ёю. Каму як ні Вячку Целешу ды Васілю Малашчыцу не разумець, якой працай, якім намаганнем, талентам, болем, а часам і расчараваннем выпісаны кожны твор.

Радзіма… У гэтым слове увасабляецца так многа для кожнага чалавека, а тым больш для таго, хто адарваны ад яе. Дзякуй, Надзея, за тое, што латвійскія беларусы на хвіліначку адчулі сябе сярод тваіх незабыўных пейзажаў на сваёй роднай зямлі. Вунь недзе хаваецца ў лясным гушчары сцяжынка, а там бруіцца чыстая крыніца, ды здаецца вось-вось “пырсне” мак. І кожны шукае сваё, роднае, незабыўнае…

У сваёй творчасці Надзея не баіцца быць ні занадта даверлівай, ні безагляднай, ні адкрытай. Яна не баіцца паўтараць нейкую адну тэму – паўтараць сябе. І ўсё дзеля адной – адзінай мэты: паказаць у фарбах праўду, у якую паверылі б гледачы. А паверыўшы, сталі б крыху дабрэйшымі, прыгажэйшымі, больш чалавечнымі.

Нейкія вельмі добрыя зоркі свецяць мастачцы, цёплыя дажджы абмываюць любімыя ландшафты, і ўся зямля барвовымі, залатымі, зялёнымі, бялюткімі дыванамі гасцінна расцілаецца перад ёй.

Жывапіс – гэта ўсе сілы, час, душа, усе гукі і пахі свету, трапятлівасць, пяшчота, хваляванне і неспакой, чаканне і здзіўленне. І вялікае шчасце, калі жывапісец можа падзяліць сваё светаадчуванне з сябрамі, з блізкімі духоўна людзьмі.  Надзеі пашанцавала і на гэта. Сёння побач з ёю любімы музычны гурт “Вытокі”, у складзе якога яна спявае. Хораша, што выстава беларускай мастачкі аздоблена і беларускай песняй, і беларускім словам. І сапраўды, здаецца, што да Радзімы вельмі блізка.

Без мастацтва жыццё было б цмяным і сумным, і таму мы схіляемся перад мастаком і кажам “Дзякуй” – за падораную прыгажосць, за сонца, за лясную сцежку, блакіт неба, спякоту летняга дня, пырскі марскіх хваляў, за ўсе тыя чароўныя фарбы, якімі свецяцца яе зіхатлівыя палотны.

Ганна Іванэ

23 студзеня 2009, 19:36


З цікавасцю назіраю за творчасцю нашых беларускіх мастакоў-рыжан. Не так лёгка ў латвійскай сталіцы, якая заўсёды (і не без падставы) славілася колькасцю мастакоў на душу насельніцтва, “зрабіць імя”. Асабліва, “нетутэйшым”, тым больш – жанчынам.

Маё шчырае захапленне – зямлячцы Ганне Пэйпіні! Мастачцы, якая прафесійна ўзялася за пэндзаль ужо ў сталым узросце, (яе першая персанальная выстава ў Даўгапілсе адбылася, калі Ганне было ўжо за сорак). І за гэты час час Пэйпіня здолела вельмі гучна заявіць аб сабе. А заадно паспела выклікаць сапраўдныя дэбаты ў мастацкім асяроддзі – факт сам па сабе паказальны – наконт стылю сваіх карцін, вызначэння плыні, у якой яна працуе.
Пакуль адны сцвярджаюць, што гэта – дадаізм, другія перакананы, што Ганна – кубістка, журналісты далі творчасці нашай зямлячцы сваё вызначэнне.
“Мастачка радасці” , – так пішуць пра нашу зямлячку латвійскія журналісты. Нішу, якую Ганна заняла ў латвійскаім жывапісу – а яна яе такі заняла! – неафіцыйна называюць “радаснай”, таму што, цытую: “работы Пэйпіні нясуць моцны энергетычны зарад”.

Першае ўражанне. Цябе асляпляе колер. Аранжавы? Залаты ? Сонечны?
Ён прысутнічае ледзь не на кожнам малюнку, і, здаецца, менавіта гэты колер напаўняе залю святлом.
Уражанне другое. Колер вылучае ці аддае цяплыню. На душы робіцца ўтульней.
Уражанне трэццяе. З кожнага малюнку на цябе глядзяць геаметрычныя фігуры. Ці не за шмат? Цікава: а дзе тут сюжэт? І колькі ж на такі малюнак можна глядзець?
– Спадзяюся, бясконца, – адказвае мне аўтар гэтага мора свету, цеплыні і геаметрыі мастачка Ганна Пэйпіня.
– Давайце правядзем эксперымент. Паспрабуйце сканцантравацца і затрымаць позірк на нейкай уяўнай кропцы паміж дзвумя фігурамі. Што вы заўважаеце?

Эксперыменты я люблю. Але не разумею, што яшчэ я магу ўбачыць іншага апрача квадрата, ромба, трохкутніка. Але куды падзецца, і я ўтрапляюся ў карціну. Што і трэба было даказаць: квадрат, ромб, трохкутнік. І раптам…фігуры пашыраюцца, мяняюцца, рухаюцца….
Праціраю вочы і не разумею: ці працягваць эксперымент ці лепш запытацца ў самой Ганны:
– Аптычны падман? Падалося?
– Не толькі вам адной, – задаволена ўсміхаецца Ганна.
Гэта інтрыгуе і прымушае зноў вярнуцца да карціны. Прыглядаюся. Малюнак цяпер падаецца мне зусім іншым… А калі зайсці з іншага боку, а калі зноў паспрабаваць разглядзець яго, а калі….
Здаецца, я пачынаю разумець, чаму гэтая выстава носіць назву “Прастора”. А напярэдадні эксперыменту я толькі наважылася запытацца ў Ганны: Чаму такая назва, якое дачынне маюць да прасторы жоўтыя квадраты, чырвоныя ромбы? І, увогуле, можа яна свае карціны чарціла, а не малявала!?”.
– Прастора, яна – такая розная, – разважае мастачка, – і мяне цікавіць прастора, як духоўная катэгорыя. У сярэдзіне кожнага з нас існуе, жыве свая Прастора: меньшая ці большая. Ад чаго залежыць? Ад душы. Ад таго, што і як тая ўспрыймае. Што прымае, а чаго цураецца. Адна і тая ж рэч, падзея. Для кагосьці – так, мізэр. А для другога…
У кожнага свой позірк на гэты свет, сваё ўспрыманне і адчуванне жыцця, свая прастора, якая належыць толькі яму і ў якой жыве толькі ён. І я хачу зразумець, спасцігнуць яе і перадаць свае выяўленне з дапамогай фарбаў. А што тычыцца формы, то гэта, па сутнасці, справа другарадная.
Вазьміце іконы. Напэўна, заўважалі, які моцны пасыл ідзе ад іх, якая “радость бытия”, і форма тут не мае прынцыповай ролі, а вось стан – мае.
– А колер ? Колер вашых карцін называюць жыццясцвярджальным, можа ў тым і сакрэт, што ў вашай палітры – толькі сакавітыя, яркія фарбы?
– Памыляецца той, хто лічыць, што колеры бываюць жыццёвыя і безжыццёвыя.
Па сутнасці, нават чорна-белая графіка можа быць радаснай. Значыць, справа зусім не ў колеры, а ў унутраннай духоўнасці прасторы. Вось гэта я і спасцігаю, ці дакладней, спрабую спасцігнуць.

Мастачка Ганна Пэйпіня вось ужо амаль трыццаць гадоў жыве ў Латвіі. Першыя сур’ёзныя крокі ў вялікі свет мастацтва дзяўчына зрабіла, калі паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча, знакамітую мастацкую установу. Навучалася ў эксперыментальнай групе, дзе будучыя мастакі спецыялізаваліся ў такой галіне выяўленчага мастацтва, як роспіс.
Да пераезду ў Рыгу доўгі час жыла ў Краславе, на першым плане быў не жывапіс, была сям’я, Ганна – маці трох цудоўных дзетак.
Захапленне сучасным жывапісам, творчыя пошукі ўласнага “я” прыйшлі да яе значнай пазней. Як і разуменне таго, наколькі складаны хлеб мастака.
Аб яе прафесійных поспехах і росце можна меркаваць па тых шматлікіх выставах, у якіх Ганна Пейпіня бярэ ўдзел.
Двойчы яна разам з латвійскімі мастакамі прадстаўляла мастацтва Латвіі ў сябе на радзіме, у Беларусі, выстаўлялася у Віцебскім музеі Марка Шагала. Ганна – пастаянная ўдзельніца выстаў Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, сябрам якога яна з’яўляецца. Толькі гэтай вясной у яе адбылося ўжо некалькі выстаў.
Першая, сумесная, “Душы чароўныя парывы”- ладзілася ў прадстаўнічым месцы, Доме Масквы. Рыжанам добра знаёмы гэты культурны цэнтр і выстава ў ім – падзея знакавая. На выставе экспанаваліся працы трох жанчын – скульптара Вікторыі Пэльшэ і мастачак Валерыі Шувалавай і Ганны Пэйпіні. Гэта своеасаблівая спроба паказаць жаночы шлях, адлюстраваць жаночы пошук у мастацтве. А ў тым, што ў жанчын-мастакоў ён свой, адметны, Ганна не сумняваецца. І адметнасць гэтая ў першую чаргу заключаецца ў светапоглядзе, у тым, што жанчына пазнае і ўспрымае свет праз любоў. Не блытаць з каханнем, хоць, як гаворыцца, і яму тут ёсць месца.
Потым быў Ганнін вернісаж у галярэі “Нэлія”.

Асобная тэма – персанальная выстава Ганны ў Парыжы, у галерэі Наталі Болдэрэвв Saint-Honore. (Цікавая акалічнасць – галерэя знаходзіцца побач з Луўрам). Тры гады таму знаёмы мастак, калі збіраўся ў Францыю, прыхапіў у паездку здымкі некалькіх Ганніных карцін: а раптам зацікавяцца. Аказалася, не раптам, а зацікавіліся, і Ганна атрымала ад мадам Наталі запрашэнне ў Парыж. А неўзабаве ў галерэі адчынілася яе персанальная выстава. Некалькі работ латвійскай мастачкі Ганны Пэйпіні знаходзяцца ў галерэі і ў сённяшні час.

Паездка ў Парыж стала для Ганны і праверкай сіл і творчым экзаменам. З аднаго боку. І прызнаннем – з другога. Прызнанне – для мастака рэч не другарадная, хутчэй наадварот. Менавіта яно дае творчы імпульс і прагу да пошуку. Як лічыць Ганна, яе творчы пошук толькі пачынаецца. І куды ён можа яе прывесці, можна толькі здагадвацца… У Прагу ці Вільню. Мінск ці Варшаву.
А можа ў Лондан – адзін медыцынскі цэнтр зацікавіўся яе творчасцю і прапанаваў змясціць яе карціны ў свой кабінет рэлаксацыі. Англічане лічаць, што вобразы, створаныя Ганнай, могуць дапамагчы вярнуць людзям страчаную душэўную раўнавагу. Больш таго, яны прапанавалі адну з работ зрабіць эмблемай арганізацыі. Яшчэ адна з Ганніных карцін нядаўна адправілася ў Санкт-Петэрбург, у цэнтр вядомага доктара і псіхолага, спецыяліста па арт-тэрапіі Віталя Багдановіча.

А пакуль яе карціны падарожнічаюць, аматары і знаўцы мастацтва дыскутуюць, Ганна працуе. Нядаўна яна пабывала ў Лімбажы – па запрашэнню супрацоўнікаў музея гэтага гарадка ў маі Ганна Пэйпіня брала ўдзел у сумеснай выставе мастакоў аб’яднання “Маю гонар”. А зараз – чарговы, ужо летні, вернісаж у Доме Масквы.
Не сумнявайцеся: Ганніны выставы варта наведваць. Ну хоць дзеля таго, каб даведацца, што новага адчыніла для сябе і ў сабе Ганна, і што ў яе творчасці адчыніцца для нас. І дзеля таго, каб лішні раз пераканацца: ад яе яркіх сакавітых фарбаў на душы становіцца ясней.
” Радасць – гэта норма жыцця. Чым больш радасці ў жыцці, чым радасней людзі – тым яны чалавечней.”
…Я прыгадваю гэтыя словы мастачкі, і лаўлю сябе на жаданні яшчэ раз вярнуцца да яе карцін і паспрабаваць спасцігнуць Ганніну прастору… А калі пашанцуе – зразумець і сваю.

Таццяна Касуха