Запісы

26 мая 2024 года ў Рызе адбылася чарговая літаратурна-музычная вечарына, арганізаваная Латвійскім таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак”. Імпрэза, прысвечаная 100-гадоваму юбілею Васіля Быкава і 140-м угодкам з дня нараджэння Вольгі Сахаравай, прайшла ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.

Вечарына распачалася з традыцыйнага выканання латвійскага дзяржаўнага гімна “Dievs, svēti Latviju” ( “Божа, блаславі Латвію”) і беларускага неафіцыйнга гімна “Магутны Божа”, што надало імпрэзе асаблівую ўрачыстасць і падкрэсліла значнасць падзеі.

Важнай часткай сустрэчы стала выступленне дырэктаркі музея Янкі Купалы Рыжскай беларускай асноўнай школы і настаўніцы беларускай мовы Ганны Іванэ, якая вельмі душэўна распавяла пра Васіля Быкава. Яна нагадала прысутным пра гісторыю жыцця і творчасць гэтага знакавага для беларусаў і сусветна вядомага геніяльнага пісьменніка, падкрэсліўшы яго значнасць для беларускай літаратуры і культуры. Быкаў вядомы сваімі рэалістычнымі творамі, якія адлюстроўваюць цяжкія падзеі Другой сусветнай вайны і пасляваеннага часу, а таксама маральныя дылемы і чалавечую годнасць. Яго творы застаюцца актуальнымі і сёння, натхняючы новыя пакаленні чытачоў. Пасля гэтага Ганна Іванэ раздала гасцям урыўкі з аповесці Васіля  Быкава “Жураўліны крык”, дзе апісаныя пісьменнікам моманты смерці пяці герояў –  абаронцаў вайсковага рубяжа. Яна зрабіла гэта, каб падкрэсліць, наколькі гэта страшная з’ява – вайна, якая на жаль, зноў ідзе побач з намі, і зноў гінуць дзясяткі тысяч і церпяць ад яе мільёны людзей. Прысутныя зачытывалі ўрыўкі і потым абмяркоўвалі, што стварыла  інтэрактыўную атмасферу на імпрэзе. Гэта дазволіла глыбей зразумець творчасць пісьменніка і асэнсаваць яго ўклад у сусветную літаратуру.

Дзякуючы Вячку Целешу Вялікую залу ўпрыгожыў напісаны ім партрэт Васіля Быкава. Таксама В. Целеш вельмі цікава расказаў пра сваю сустрэчу з Васілём Быкавым, паказаў гасцям вечарыны кнігу В. Быкава на латышскай мове (аповесці) “Сотнікаў. Абеліск. Дажыць да світання” з аўтографам перакладчыка Талрыда Рулліса і распавёў пра сваё сяброўства са спадаром Талрыдам. Кніга была выдадзена ў 1976 годзе ў Рызе.

Асаблівы гонар імпрэзе надаў удзел унучкі Вольгі Сахаравай – Ноны Ахметуллаевай, сябры Рады нашага таварыства. Хоць яна ніколі не бачыла сваю бабулю, аднак шчодра падзялілася з прысутнымі ўспамінамі, фотаздымкамі з асабістага архіва і гісторыямі, якія ёй распавядала маці. Маці ўнучкі Вольгі Сахаравай  Ірына Вількель сама не займалася творчасцю, але ведала шмат пра жыццё і дзейнасць сваёй маці, а таксама на працягу ўсяго свайго жыцця была сябрам Латвійскага таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак”. Расповед Ноны Ахметуллаевай быў вельмі цікавым і працяглым, былі прачытаныя фрагменты з асабістага дзённіка Вольгі Сахаравай, і гэта стварыла вельмі шчырую атмасферу падчас імпрэзы. У спадарыні Ноны было шмат што расказаць пра бабулю, якая зрабіла значны ўклад у развіццё беларускай культуры ў Латвіі ў міжваенны перыяд. Вольга Сахарава, жонка вядомага беларускага этнографа і збіральніка беларуcкага фальклора на тэрыторыі сучаснай Латвіі Сяргея Сахарава пісала вершы па-беларуску і  напісада пяць п’ес на беларускай мове. Гэтыя патрыятычныя пастаноўкі ставіліся ў беларускіх асяродках не толькі ў Дзвінску, Рызе, але і ў Вільні і іншых самадзейных тэатрах, бо былі вельмі папулярнымі ў міжваенны перыяд. Адна з п’ес “На Полацкім замчышчы” да юбілею аўтаркі была перавыдадзена сёлета ў факсімільным фармаце ў Даўгаўпілсе. На жаль, дзённік Вольгі Сахаравай пакуль не апублікаваны.

Адным з цэнтральных момантаў вечарыны стала прэзентацыя кнігі Васіля Еўдакімава “Круглая Square”.

Аўтар Васіль Еўдакімаў (псеўданім Вал Клемэнт) які з 1990 года жыве ў Лондане, падзяліўся з прысутнымі гісторыяй стварэння кнігі. Раман, выдадзены напрыканцы мінулага года ў Кракаве, апісвае шляхі і перажыванні сучаснага беларуса ў чужым горадзе, паказвае, як культура і мова могуць быць мастом паміж народамі. Васіль Еўдакімаў, які з’яўляецца адным з кіраўнікоў беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі, распавёў пра сваё натхненне і працэс напісання рамана. Ён падкрэсліў важнасць захавання беларускай ідэнтычнасці і культуры ў замежжы, а таксама падзяліўся асабістымі гісторыямі з жыцця ў Лондане і Мінску. Спадар Васіль распавёў таксама аб тым, што зараз рыхтуецца выхад гэтай кнігі ў аўтарскім перакладзе на англійскую мову. Аўдыторыя з вялікім захапленнем слухала яго аповед, што зрабіў літаратурную вечарыну яшчэ больш цікавай і змястоўнай. Кнігу можа замовіць кожны ахвотны на старонцы выдавецтвa “Gutenberg Publisher” з дастаўкай ў любую еўрапейскую краіну. У прадмове да кнігі “Круглая Square” вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў напісаў:“Гэты раман – нязменна дасціпны, вельмі асацыятыўны, з элемэнтамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часам цынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсьць найлепшым сродкам самаабароны, – не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!”

Цудоўны музычны падарунак прысутным на вечарыне зрабіла Наталля Камілеўская, шматгадовая актывістка і сябра Рады нашага таварыства. Яна выканала свае творы, напісаныя ў розныя перыяды, прысвечаныя Васілю Быкаву і беларускім дзеячам міжваеннага перыяду.

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі імпрэзы прысутныя працягнулі абмеркаванні за сяброўскім сталом у Каміннай зале. Гасцей чакалі прысмакі, якія яны прынеслі на дабрачыннай аснове, што стварыла атмасферу еднасці і сяброўства.

Літаратурна-музычная  вечарына прайшла з вялікім поспехам. Усе ўдзельнікі адзначылі высокі ўзровень арганізацыі і змястоўную праграму. Імпрэза стала не толькі ўшанаваннем памяці вялікіх дзеячаў беларускай культуры, але і пляцоўкай для абмену думкамі і ўражаннямі, узбагачэння ведаў і ўсталявання новых знаёмстваў.

Такім чынам, літаратурна-музычная вечарына стала сапраўдным святам беларускай культуры і гісторыі ў Латвіі, якое доўга будзе памятацца ўсім удзельнікам і гасцям мерапрыемства.

 Андрэй Татур, сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”