Сёлета латвійскім беларусам вельмі пашанцавала! 107-я ўгодкі абвяшчэння БНР ў Рызе адзначылі ўрачыста і прыгожа – вялікім святочным канцэртам шаноўных гасцей з Варшавы – вельмі таленавітай сям’і Змітра Бартосіка. Сямейны музычны калектыў – сам вядомы бард і пісьменнік, яго жонка Таццяна Карпіловіч і дзеці Юстына і Геральд падаравалі ўдзельнікам святочнай імпрэзы шмат незабыўных пазітыўных эмоцый ў гэты няпросты час. 


Традыцыя збірацца разам 25 сакавіка існуе ў нашым таварыстве з моманту заснавання першай беларускай суполкі ў сучаснай Латвіі – ЛТБК “Сьвітанак” ў 1988-м годзе. За 37 гадоў змянілася вельмі шмат чаго, але нязменным застаецца жаданне латвійскіх беларусаў з гэтай нагоды быць разам і абавязкова ўшанаваць дату заснавання першай незалежнай беларускай дзяржавы. Традыцыйна імпрэза распачалася з выканання дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svētī Latviju” (Божа, блаславі Латвію) і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа”.

І гэтак жа традыцыйна ўсе прысутныя ў Вялікай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі змаглі паглядзець зварот і віншаванне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.

Ад імя гаспадароў з 25 Сакавіка віншавалі старшыня таварыства “Сьвітанак” Таццяна Казак і кавалер Ордэна Трох Зорак Вячка Целеш.

На святочную імпрэзу беларусаў завітаў таксама вельмі шаноўны госць – спадар Стэфан Эрыксан, дырэктар Бюро Рады міністраў Паўночных краін у Латвіі. У сваёй віншавальнай прамове ён па-беларуску падзякаваў Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” за тое, што падчас сваёй працы ў Латвіі ён мае магчымасць з вялікім задавальненнем правесці час у беларускім асяродку. У свой час у 2000-х спадар Стэфан выконваў абавязкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь. За гэты час ён не толькі дасканала вывучыў беларускую мову, але вельмі шмат зрабіў для развіцця беларуска-шведскіх стасункаў менавіта ў галіне культуры. Сьвітанкаўцы шчыра ўдзячныя спадару Эрыксану за падтрымку, за тое, што ён знаходзіць час і рэгулярна наведвае імпрэзы “Сьвітанка”.

Арганізатары імпрэзы таксама вельмі ўдзячныя за цёплыя віншавальныя словы і падарункі для беларусаў з нагоды 25 Сакавіка сябрам па Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі з Рыжскага нямецкага культурнага таварыства – старшыні Дацэ Шулманэ і латвійскаму гісторыку Інгмару Бісэныексу, сыну вядомага пісьменніка і перакладчыка Валдыса Бісэныекса. У сваёй прамове спадар Інгмарс згадаў агульны гіcтарычны лёс латвійскага і беларускага народаў і выказаў надзею, што і для беларусаў 25 Сакавіка зноў стане галоўным дзяржаўным святам – Днём Незалежнасці, гэтак жа, як у латышоў 18 лістапада. А спадарыня Дацэ прызналася, што вельмі шкадуе аб тым, што не ведае на дастатковым узроўні беларускай мовы, каб дасканала зразумець словы песень ў выкананні цудоўных беларускіх артыстаў.

Яшчэ адзін шаноўны госць імпрэзы – латышскі спявак і музыкант Ансіс Атаолс Бэрзыньш, сын шматгадовага сябра нашага таварыства, славутага латышскага паэта Андрыса Бэрзыньша, які таксама стала падтрымлівае беларусаў. Гэтым разам ён прыйшоў на беларускае свята разам з сваёй сям’ёй – з жонкай і трыма малодшымі сынамі, найменьшаму з якіх споўнілася толькі пяць месяцаў!

Падчас святочнага канцэрта нікога ў зале не пакінулі абыякавымі меладычныя песні, створаныя маладой 16-ці гадовай аўтаркай Юстынай Карпіловіч. Дзякуючы яе песням гледачы мелі магчымасць апынуцца ў свеце сапраўдных пачуццяў, рэфлексій і пошукаў надзеі там, дзе адшукаць яе складаней за ўсё. У песнях, якія Юстына піша з 12 гадоў, дзяўчына па-даросламу пераасэнсоўвае ўсё тое, што адбываецца з намі на працягу апошніх гадоў. Не гледзячы на свой узрост, спявачка ўжо запісала альбом, які можна слухаць на Spotify і выступае з канцэртамі ў розных краінах свету.

У рамках святочнай імпрэзы адбылася таксама прэзентацыя новай кнігі Змітра Бартосіка “Забіць упалмінзага”, якая атрымала сёлета трэцяе месца літаратурнай прэміі Гедройца. Гэтая кніга – трэцяя ў трылогіі пісьменніка на гістарычную беларускую тэматыку перыяду 20-га стагоддзя. З першай кнігай трылогіі “Быў у пана верабейка гаварушчы” спадар Зміцер ўпершыню стаў пераможцам прэміі Гедройца ў 2017-м годзе. У латвійскіх беларусаў падчас імпрэзы была цудоўная магчымасць набыць кнігу “Забіць упалмінзага” з аўтографам пісьменніка. Зміцер Бартосік чытаў урыўкі з кнігі і свае пазітыўныя гумарэскі. Гэтак жа, як і цудоўныя патрыятычныя аўтарскія песні спадара Змітра, яны былі вельмі цёпла ўспрынятыя прысутнымі. 

Але не толькі госці з Варшавы радавалі латвійскіх беларусаў ў святочны дзень. Мастачка Вольга Якубоўская, сябра Аб’яднання мастакоў-беларуаў Балтыі “Маю гонар”, у адказ у знак падзякі таксама зрабіла сям’і Бартосікаў святочны падарунак – сваю карціну. Карціна ім вельмі спадабалася, а спадарыня Вольга адзначыла, што вельмі любіць і шануе творчасць ўсёй таленавітай сям’і. У Вялікай зале падчас імпрэзы на сценах можна было пабачыць творы нашай вядомай беларускай мастачкі на калектыўнай выставе мастакоў з АНКТЛ.

А пасля заканчэння канцэрту ў наведвальнікаў імпрэзы была яшчэ магчымасць пабачыць творы, выстаўленыя на дзвух персанальных выставах беларускіх мастакоў у будынку Асацыяцыі. У Канферэнцзале – мастака з Ліепаі Аляксея Касінца, а ў Каміннай зале – мастачкі і дызайнеркі з Рыгі Анастасіі Арайс.

Арганізатары святочнага канцэрта вельмі ўдзячныя артыстам: Змітру і Геральду Бартосікам ды Юстыне і Таццяне Карпіловіч за падараваныя цудоўныя сардэчныя спевы, музыку ды гумар, а таксама дзякуюць усіх, хто далучыўся да імпрэзы і сардэчна запрашаюць на наступныя.

Здымкі Ансіса Бэрзыньша, Таццяны Казак, Андрэя Татура і Вячкі Целеша

13 лістапада латвійскія беларусы ўпершыню мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю вельмі таленавітай сям’і вядомага беларускага барда і пісьменніка Змітра Бартосіка. Ён разам з жонкай Таццянай Карпіловіч – віртуознай акампаніятаркай, і дзецьмі-спевакамі Юстынай і Геральдам падараваў вельмі шмат незабыўных станоўчых эмоцый падчас музычна-літаратурнай вечарыны “Сьмяяцца, плакаць і сьпяваць”. Смешныя, анекдатычныя гісторыі ды аўтарскія песні, што гучалі ў выкананні спадара Змітра, змяняліся песнямі ў выкананні ўсяго сямейнага квартэта і пранізліва-шчымлівымі лірычнымі баладамі 15-гадовай Юстыны Карпіловіч.

І калі з творамі галавы сям’і гледачы ў зале былі даўно знаёмыя, то для большасці прысутных творчасць юнай Юстыны стала сапраўдным адкрыццём. У песнях, якія яна піша з 12 гадоў, дзяўчына па-даросламу пераасэнсоўвае ўсё тое, што адбываецца з намі на працягу апошніх гадоў. Не гледзячы на свой узрост, спявачка ўжо запісала альбом, які можна слухаць на Spotify. На творчай сустрэчы гучалі таксама прыгожыя народныя песні ў аўтэнтычным выкананні Юстыны і творы Аляксандра Вярцінскага ў перакладах Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна з альбома спадара Змітра. Гледачы ў зале вельмі цёпла прымалі артыстаў, што прыехалі аж з Варшавы. Арганізатары сустрэчы – Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” і SUPOLKA беларусаў у Латвіі шчыра ўдзячныя ўсёй творчай сям’і за тое, што завіталі ў Рыгу, а латвійскія беларусы спадзяюцца на наступныя канцэрты.

Здымкі Сяргея Якубоўскага і Дзяніса Давыдава

Сёлета латвійскія беларусы атрымалі напярэдадні святаў сапраўдны падарунак – да нас з Беларусі 19 снежня на Калядную сустрэчу завітаў ажно Зміцер Вайцюшкевіч! Ён падараваў прысутным сваімі спевамі вельмі шмат станоўчых эмоцый, і ўсе тыя, хто прыйшоў ў гэты зiмовы  марозны вечар паслухаць славутага спевака, не скупіліся на працягу ўсяго канцэрта на шчырыя ўсмешкі і працяглыя апладысменты. Спадар Зміцер спяваў патрыятычныя песні беларускіх аўтараў, выканаў як шэраг сваіх самых вядомых хітоў, гэтак і некалькі невядомых дагэтуль песень з новага альбому. Адна з іх ­– цудоўная, вельмі пяшчотная, песня “Каляднае святло” на словы Ўладзімера  Някляева. Слухачы ў Рызе пачулі яе значна раней, чым з’явіўся афіцыйны кліп песні з прыгожымі малюнкамі Андруся Такіданга. Калядных аўтарскіх песень прагучала на сустрэчы нямала, бо амаль штогод напярэдадні Калядаў Зміцер Вайцюшкевіч стараецца парадаваць беларусаў сваёй новай каляднай песняй. Атмасфера на канцэрце была вельмі цёплай і нязмушанай. Спадар Зміцер – вялікі майстра не толькі ў спевах, а і ў тым, каб трымаць добры кантакт з слухачамі падчас канцэрту. Беларусы ў зале з вялікім задавальненнем спявалі разам з беларускай зоркай. Некаторым шанавальнікам ягонага таленту пашчасціла нават атрымаць ад спевака ў падарунак дыск з песнямі. На канцэрт беларусы традыцыйна запрасілі гаспадара будынку, старшыню Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесара музыкі Рафі Хараджаняна. Ён застаўся ў захапленні ад выступу беларускага артыста, не хаваў сваіх станоўчых уражанняў, і адразу на сайце Асацыяцыі з’явіліся здымкі з сустрэчы ды вельмі добрыя водгукі аб выканаўцы.

Гэтая сустрэча з шаноўным беларускім спеваком была ўжо чацвертай па ліку ў Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”. А ўпершыню Зміцер Вайцюшкевіч парадаваў сваімі спевамі рыжскую публіку на святкаванні 25-гадовага  юбілею нашага таварыства амаль дзесяць гадоў таму. І беларусы ў Рызе спадзяюцца, што неўзабаве зноў пачуюць і старыя ўлюбёныя хіты, і яго новыя песні. Словамі падзякі, пажаданнямі натхнення ў творчасці і спадзяваннямі на наступную сустрэчу ў Рызе праводзілі яны Зміцера Вайцюшкевіча ў дарогу на наступны канцэрт ў Ліепаю ў рамках ягонага каляднага тура па краінах Балтыі.

19 сакавіка 2020 года пасля цяжкай і працяглай хваробы на 61-м годзе жыцця адышла ў лепшы свет наша шматгадовая сябра Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак” Таццяна Касуха – шчырая беларуска, журналістка, педагог, перакладчыца, мастацтвазнаўца, шматгадовая аўтар і вядучая беларускай перадачы на ​​Латвійскім радыё 4.

Таццяна Касуха нарадзілася ў вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і вясковай інтэлегенцыі, на беразе славутага Князь-возера прайшлі яе дзіцячыя і школьныя гады, тут яна скончыла Чырвоненскую сярэднюю школу, пазней атрымала вышэйшую адукацыю на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала па прафесіі ў Беларусі, з 1990-га года – у Рызе па месцы жыхарства мужа.

Адразу пасля прыезду ў Латвію Таццяна прыйшла ў наша таварыства. З 1992 года яна брада ўдзел у адраджэнні беларускай адукацыі ў Латвіі. Спачатку вяла заняткі роднай мовы у мастацкай студыі “Вясёлка”, потым выкладала беларускую мову і літаратуру ў створанай таварыствам “Сьвiтанак” Беларускай нядзельнай школе. Вялікі ўнёсак яна зрабіла таксама ў заснаванне “Сьвiтанкам” Рыжскай Беларускай асноўнай школы ў 1994 годзе, была адной з першых яе настаўніц.

З 1993 года, амаль 30 гадоў Таццяна Касуха нязменна вяла перадачу “Сьвiтанак” для беларусаў Латвіі на LR4 – Домская плошча. Яе словы “Дабра, цяпла і згоды”, якія яна заўсёды зычыла беларусам напрыканцы кожнай перадачы дагэтуль памятаюць усе яе слухачы-беларусы, гэтыя словы сталі практычна беларускім устойлівым выразам сярод латвійскіх беларусаў.

Таццяна шмат ідэй, энергіі і сіл аддавала любімай справе, таварыству беларускай культуры “Сьвітанак”. Сапраўдная патрыётка сваёй Радзімы, для якой беларускасць – стан душы, свядомасці, яна была адной з ініцыятарак стварэння нашага сайту у 2002 годзе, была аўтарам шматлікіх матэрыялаў і шматгадовым рэдактарам сайту, заўсёды пісала пра працу таварыства і падзеі ў жыцці беларускай дыяспары Латвіі ў розныя беларускія СМІ. Таццяна была дэлегатам Першага з’езду беларусаў свету ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак”, брала ўдзел у працы яшчэ трох з’ездаў.

Сышоў чалавек светлай душы, добрага сэрца і высокай эрудыцыі…

“Сьвітанкаўцы” вельмі смуткуюць і выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім Таццяны.

Дабра, цяпла і згоды таксама зараз табе, наша любая Таццяначка, у лепшым свеце. Узносім за цябе, шчырую верніцу, свае малітвы, і верым, што Магутны Божа возьме тваю шчырую светлую беларускую душу да сябе на нябёсы...

Упершыню Венспілс святкаваў Купалле тры гады назад, падчас Дзён беларускай культуры, якія ладзіла мясцовая беларуская суполка “Спадчына”. У гэтым годзе Дні беларускай культуры ў Вентспілсе выліліся ў міжнародны міні-фестываль беларускай музыкі і песні. Свята сабрала рэкордную колькасць гледачоў і ўдзельнікаў. 150 гасцей з Беларусі, Латвіі, Эстоніі прыехалі ў горад на узбярэжжы Балтыкі на цяпер ужо традыцыйныя Дні беларускай культуры ў Вентспілсе. Сёлета свята прысвячалася 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Вентспілс – горад курортны, канцэртамі яго жыхароў цяжка здзівіць, імпрэзамі асабліва не ўразіць. Тут праходзяць нацыянальны фінал конкурса удзельнікаў “Еўрабачання”, парад латвійскага шлягера, сотні турыстаў , і не толькі з Латвіі, з’язджаюцца ў горад, каб адзначыць дні Вентспілса ці свята мора. Але арганізатары Дзён беларускай культуры зрабілі ўсё, каб гэта мерапрыемства стала сапраўды падзеяй для жыхароў і гасцей горада, каб да беларускай культуры дачыніліся не толькі мясцовыя беларусы, але і жыхары гэтага шматнацыянальнага горада, турысты з розных куткоў свету.

Тры дні на вуліцах і плошчах Венспілса, у яго парках гучала беларуская мова і музыка. А горад расквеціўся беларускімі нацыянальнымі строямі.

Праграма фестывалю была надзіва разнастайнай – гэта і выстава народных промыслаў, і канцэрты, і літаратурныя чытанні, падчас якіх адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка “А водар радзімы ўсё кліча і кліча”, кнігі вершаў беларускіх аўтараў, якую выдаў Саюз беларусаў Латвіі.

Разам са сталымі паэтамі, такімі як даўгаўпілскі паэт Станіслаў Валодзька, вершы чытала моладзь. Для многіх стау адкрыццём той факт, што ў Даўгаўпілскім педагагічным універсітэце ўжо дзесяць гадоў студэнты вывучаюць беларускую мову і літаратуру. Ёсць спадзяванне, што колькасць студэнтаў з кожным годам будзе павялічвацца. Ва ўсялякім разе выкладчыца беларускай мовы універсітэта Таццяна Бучэль ускладае на гэта надзею. Даўгаўпілскія студэнты зрабілі свой падарунак святу – славуты верш “А хто там ідзе” прагучаў у іх выкананні на дзесяці мовах.

Сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей горада стаў святочны канцэрт на Ратушнай плошчы.Творчыя калектывы змянялі адзін другога. На дні беларускай культуры прыехалі беларускія калектывы не толькі з Латвіі – разам з гаспадарамі свята гуртам “Журавінка” спявала “Надзея” з Рыгі, – але і з суседняй Эстоніі. Эстонскіх беларусаў прадстаўляў гурт Беларускага-Эстонскага Згуртавання “БЭЗ” з Кохтла-Ярве . Але самымі чаканымі на свяце, вядома, былі госці з Беларусі. Магчыма, у першы раз горад на ўзбярэжжы Балтыкі пачуў, як на яго вуліцах гучаць беларускія цымбалы, ды не адны, а цэлае сугучча. Сапраўдным падарункам стала выступленне на свяце аркестра беларускіх музычных інструментаў “Ліра” з Мінска.

Дні беларускай культуры ў Венспілсе праводзяцца на прыканцы чэрвеня. І гэта не выпадкова. Ліга – так латышы называюць свята сонцастаяння, – адно з самых любімых у Латвіі. Дарэчы, яно з’яўляецца дзяржаўным святам, адзначаецца 23-24 чэрвеня. Славянскае Купалле святкуецца пазней. “Ад Ліга да Купалля” – такі дэвіз беларускіх дзен культуры.

Вентспілчане і госці маглі пазнаёміцца з традыцыямі святкавання Купалля менавіта беларусамі.А тон на Купаллі задавала “Жытніца”, самабытны беларускі калектыў з Магілёўшчыны, якая завітала ў Латвію, каб разам з землякамі адзначыць Купалле, паказаць жыхарам Курзэме, як спрадвеку спраўлялі гэта свята іх суседзі-беларусы.

У багатай скарбонцы «Жытніцы» прыпасена не адна купальская песня, а якія карагоды вадзілі кабеты з Магілёўшчыны, якое захапленне выклікалі музыкі, асабліва самы юны з іх – Арцём Ваакс!

Купальская ноч спрадвеку лічыцца самай загадкавай, самай таямнічай ноччу года. Для жыхароў і гасцей Вентспілса беларускае Купалле стала самым дабразычлівым і гасцінным святам. А дзякуючы творчым калектывам , запрошаным на Дні беларускай культуры , – і наздзвычай музычным. Наша шчырая падзяка кіраўнікам «Жытніцы» Уладзіміру і Алёне Ваакс, усяму калектыву «Жытніцы» за іх удзел у Днях беларускай культуры, за тую радасць, якую яны даставілі сваім слухачам, падзяліўшыся з імі традыцыямі і звычаямі беларускага Купалля. Беларусы Вентспілса асабліва ўдзячны «Жытніцы» за гэты кавалачак радзімы, прывезены і падараваны музыкамі з Магілеўшчыны.

І яшчэ адна аналогія. Свята не атрымалася б, калі б яго не арганізоўвалі з такою любоўю і самаадданасцю вентспілскія беларусы. Мясцовая суполка «Спадчына»не такая шматлікая, ды і сярод жыхароў Вентспілса беларусаў не такі вялікі высілак – у горадзе пражывае іх крыху больш за 2 тысячы, альбо каля 5% ад усяго насельніцтва прыморскага горада. Але іх энтузіазм і вялікае жаданне знайшлі падтрымку і ў горада, і ў грамадскіх арганізацыях, як Латвіі так і Беларусі.

Жыхары самадзейнага, вясковага калектыву з Магілёўшчыны прадэманстравалі такое майстэрства, такую адданасць беларускай культуры, якую мы даўно не бачылі. І больш яскравай прапаганды таго, як шануецца народная спадчына, чым выступленне калектыву звычайнага сельскага Дома культуры, і ўявіць цяжка. Нездарма арганізатары свята запрашаюць на наступныя Дні беларускай культуры – 2008 ў свой цудоўны горад на беразе Балтыкі і іншыя творчыя калектывы з Магілеўшчыны. “Спадчына” і Вентспілская асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў будуць рады ўбачыць у сябе ў Вентспілсе на Днях беларускай культуры мастацкія калектывы не толькі з Беларусі, але беларускай дыяспары ўвогуле.

Да сустрэчы ў Вентспілсе!

Перадачу, прысвечаную Дням беларускай культуры ў Вентспілсе, слухайце ў нашай праграме на канале “Домская плошча”

Таццяна Касуха

На здымках Георга Астапковіча

20.04.05

Дачакаліся. Нарэшце і ў латвійскіх беларусаў зявіўся свой паэт-песеннік. А сведчаннем таго, што наш зямляк з Даўгаўпілса Станіслаў Валодзька называецца ім па-праву, стаў яго аўтарскі кампакт-дыск.

 Зразумела, што прэзентацыя альбома адбывалася ў Даўгаўпілсе, горадзе, дзе жыве і працуе Станіслаў. Калі мяркаваць па водгуках, імпрэза атрымалася цудоўная. Віншавалі Станіслава і даўгаўпілскія музыкі і выканаўцы песень, і госці з Рыгі і Краславы. Прыхільнікі творчасці даўгаўпілскага паэта прыехалі нават з Літвы і Беларусі. Прэзентацыя вылілася ў грандыёзны трохгадзінны канцэрт, аб чым распавядалася і па радыё і ў друку.

Добра знаёмыя песні на словы Станіслава Валодзькі і слухачам нашай праграмы. Яны гучаць у нашай радыёперадачы ўжо не першы год. З задавальненнем уключаюць яго творы ў свой рэпертуар і нашы самадзейныя артысты. Спявае гэтыя песні і калектыў “Вавёрачка “ Рыжскай беларускай асноўнай школы, і ліепайская “Паўлінка” і спявак Павел Прозар з ансамбля “Купалінка”. Першую песню Станіслаў Валодзька напісаў дзесьці гадоў дзесяць таму, у супрацоўніцтве з каіпазітарам Генрыхам Галіцкім. Потым плённа супрацоўнічаў з Мікалаем Яцковым, Аляксандрам Рудзем, Дзмітрыем Паддубнавым. Так пакрысе, за годам год і  збіраліся песні, каб потым сабрацца разам, у адзін дыск.І цяпер мы з задавальненнем знаёмім нашу радыёаудыторыю з песнямі беларускага кампазітара з яго новага дыска. Тым больш, што слухачам яны даспадобы.  Сярод сталых – папулярная песня “Ветэраны”, якую Станіслаў напісаў да 60-годдзя вызвалення Даўгаўпілсу і Беларусі. Яе пранікнённа выконвае Сяргей Піменаў, выкладчык музычнага каледжу ў Даўгапілсе. Кранае сэрца трыо “Ластаўкі” беларускага таварыства “Уздым”, якое выконвае песню “Ластаўкі” – гэта дзве настаўніцы музыкі Таццяна Піменава і Наталля Зубкова, і выхавальніца дзіцячага садка Інга Ціршэ-Галлеррэ.

Моладзі вельмі падабаецца перакладзеная Станіславам  “Песня пра шчасце” – яна гучыць на латышскай і беларускай мовах у выкананні вядомых латвійскіх спевакоў Томаса Кліма, Іво Фомінса і беларускай спявачкі Аляксандры. Асабіста мяне кранаюць “Зязюля” і “Калыханка для мамы” : Дарэчы, песенны дыяпазон гэтага дыска – вельмі шырокі. Ад бардаўскіх песень  – да рамансаў і калыханак. Уключаны ў яго і некалькі твораў на рускай мове.  Сам Станіслаў  тлумачыць гэта так: “Песні  падбіраліся такім чынам, каб рэпертуар быў разнастайным і тэматычна, і ў жанравых адносінах.”  Наколькі ўдала такое   рознапланавае спалучэнне мяркаваць, вядома, слухачам. Са свайго боку адзначу, што ва ўсялякім разе гэты кампакт-дыск дае магчымасць пазнаёміцца з усёй творчай палітрай паэта-песенніка Станіслава Валодзькі. Гэта па-першае. Па-другое, дае надзею на тое, што ў будучым з’явяцца і новыя песні і новыя дыскі нашага земляка, даўгаўпілскага паэта Станіслава Валодзькі . Нездарма ж назва першынца – “Верю в свою звезду” . Тым больш, што творчыя задумы ў Станіслава Валодзькі вялікія. 

Таццяна Касуха