Рыга ведае гэтае найвялікшае свята беларусаў – Дзень 25 сакавіка. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначае яго з самага пачатку свайго існавання. І за дваццаць гадоў дзейнасці таварыства ніколі не парушыла традыцыю. Вось і сёлета зноў у чарговы раз “Сьвітанак” запрасіў рыжан на галоўнае беларускае свята.


25 сакавіка гаспадарамі будынка Асацыяцыі нацыяльна-культурных таварыстваў Латвіі сталі беларусы. Асацыяцыя гасцінна расчыніла свае дзверы перад удзельнікамі беларускай імпрэзы, і іх сабралася поўная Вялікая зала, негледзячы на працоўны дзень.

Твары слынных дзяцей зямлі беларускай Кастуся Езавітава і Ларысы Геніюш, якія паглядалі з палотнаў беларускіх мастакоў – вось хто першымі вітаў гасцей беларускага свята. Гэта свой падарунак да юбілею падрыхтавалі беларускія мастакі, сябры творчай суполкі “Маю гонар”. Яны зладзілі выставу, прысвечаную 90-м угодкам абвяшчэння БНР.

У выставе прынялі ўдзел даўнія сябры латвійскай суполкі “Маю гонар” Вячка Целеш, Васіль Малышчыц, Ганна Пейпіня ды Алена Лаурыновіч, а таксама новае папаўненне суполкі – гэта мастачка і мастацтвазнаўца Аліна Літвіненка ды Ірына Трумпель. Дарэчы, Ірыну ды Вячку ў снежні 2007 года прынялі ў Саюз Мастакоў Латвіі. Акрамя прац мастакоў латвійскай суполкі на выставе экспануюцца карціны сябраў эстонскай суполкі “Маю гонар” – пастэльны нацюрморт з васількамі “Прысвячэнне Васілю Быкаву” намесніка старшыні аб”яднання “Маю гонар” Маргарыты Астраумавай ды каларытныя жывапісныя працы Генадзя Курленкова

Першыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, чые прозвішчы навекі застануцца ў нашай памяці. У гэтай кагорце і прозвішча Кастуся Езавітава, змагара беларускага нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння, слыннага асветніка, лёс якога назаўсёды звязаны і з Беларуссю і з Латвіяй.
.
Адзін з удзельнікаў абвяшчэння БНР, народны сакратар ваенных спраў у складзе першага нацыянальнага ўрада Беларусі Кастусь Езавітаў у 1919-1920 гг. служыў шэфам беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. Тое, што прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі БНР – яго нясумненная заслуга, уганараваная пазней званнем генерала-маёра. Пасля змушанага адыходу ад палітыкі Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і распачаў вялікую 23-гадовую культурна- асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў Латвіі. Ён абудзіў дзесяткі талентаў, паклікаўшы на “светлы след” нацыянальнага самавыяўлення тысячы людзей.

І сёння, праз гады, Кастусь Езавітаў і яго паплечнікі разам з намі, тут, на латвійскай зямлі, святкавалі найвялікшае беларускае свята. І вельмі важна было ўсведамляць, што гэту векапомную дату беларусы святкуюць ва ўсім свеце. Прывітальныя віншаванні ўдзельнікам свята зачытаў старшыня Аб ‘яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна трох Зорак Латвіі, адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак” Вячка Целеш. Ён агучыў і пасланне Івонкі Сурвіллы, нагадаў аб гістарычных паралелях паміж Днём незалежнасці, які Латвія адзначае 18 лістапада, і Днём Акту 25 сакавіка.


А яшчэ гэты сакавіцкі вечар стаў падставай павіншаваць з юбілеямі Натальлю Камілеўскую – чалавека, без якога цяжка ўявіць кожную нашую імпрэзу. Гэта магчымасць сказаць цёплыя словы падзякі ў адрас 80-гадовай юбіляркі, доктара гістарычных навук, старшыні латвійскага адзялення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесара Ілгі Апінэ. Гэта магчымасць паслухаць маладую таленавітую спявачку Людмілу Ігнатаву, беларуску, якая нарадзілася і вырасла на латвійскай зямлі, і сваімі выступленнямі далучае суродзічаў і да спрадвечных каштоўнасцяў нашага народа, і да музычных шэдэўраў еўрапейскай культуры.

Гэта і нагода пагаварыць аб тым, якімі справамі будзе адзначаць свой юбілей таварыства “Сьвітанак”, 27 лістапада бягучага года яму споўніцца дваццаць гадоў. Дарэчы, шмат хто з гасцей свята вяртаўся дамоў не з пустымі рукамі, а са свежымі нумарамі газеты “Ніва”. Тыднёвік беларусаў Польшчы дасылаецца ў наша таварыства не першы год. І гэта таксама традыцыя – “Ніва” разам з намі на ўсіх нашых святах.

Негледзячы на сумныя гістарычныя рэаліі, светлай і жыццясцвярджальнай атрымалася гэта імпрэза. Гэта светлая ўзнёсласць – ад фарбаў нашых мастакоў, ад кранаючых сэрца гукаў беларускіх спеваў, ад нашай еднасці. Яна – ў нашых сэрцах і пачуццях, у подыху вясны, у твары святой Ефрасінні Полацкай, заступніцы зямлі беларускай – гэтая праца, створаная мастаком Васілём Малышчыцам асяняла і нашую вечарыну, і выставу аб’яднання “Маю гонар”, якая будзе доўжыцца яшчэ і ўвесь красавік.

Таццяна Касуха


Дваццаць гадоў таму, 27 лістапада 1988 года, на світанку адраджэння латвійскай дзяржаўнасці, у Рызе было заснаванае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.

Такую сімвалічную назву далі сваёй арганізацыі прадстаўнікі дэмакратычна настроенай беларускай інтэлігенцыі ў надзеі ажывіць паходню беларушчыны, узнятую беларускімі асветнікамі Латвіі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. І хоць больш паўстагоддзя аддзяляе “Сьвітанак” (1988 г.) ад “Бацькаўшчыны” (1921 г.) – беларускага таварыства ў Латвіі, паслядоўнікам якога лічыць сябе “Сьвітанак”, менавіта “Бацькаўшчына” стала тым падмуркам, на якім будуе сваю працу нашае таварыства.

За дваццаць гадоў культурна-асветніцкай дзейнасці пад эгідай “Сьвітанка”:

1989 г. – адчынена беларуская мастацкая студыя “Вясёлка”;
1991 г. – пачала сваю працу Рыжская беларуская нядзельная школа;
1990 г. – на хвалях Латвійскага радыё ўпершыню пачала гучаць беларуская мова ў грамадскай культурна-асветніцкай праграме “Сьвітанак”;
1991 г. – беларускімі мастакамі Латвіі, Эстоніі, Летувы i Санкт-Петэрбурга заснаванае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”;
1994 г. – адчынены першы клас дзяржаўнай Рыжскай беларускай школы, пасля паспяховай акрэдытацыі ў 1998 г. школе нададзены статус Рыжскай Беларускай асноўнай школы;
2002 г. – створаны аднаіменны вакальны гурт пры таварыстве;
2003 г. – выдадзена кніжка аб дзейнасці таварыства на працягу 15 гадоў;
2005 г. – пачаў працу сайт таварыства www.svitanak.lv

У сакавіку 2006 г. найвышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі – ордэнам Трох Зорак быў узнагароджаны мастак, грамадскі і культурны дзеяч, чалавек, які стаяў ля вытокаў нашага таварыства – Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Мы ганарымся тым, што ў кагорце ардэнаносцаў, асоб, якія з’яўляюцца гонарам Латвіі, і “світанкавец” Вячка Целеш!

Таварыства “Сьвітанак” – не толькі першая беларуская суполка, заснаваная ў Латвіі. “Світанкаўцы” ганарацца і тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, што стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.

І сёння “сьвітанкаўцы” з нагоды свайго юбілею звяртаюцца да ўсіх сваіх сяброў у самых розных кутках свету са словамі, ад якіх ні разу не адцураліся за дваццаць гадоў існавання таварыства:
Будзьма беларусамі!
Будзьма разам!
Жыве Беларусь!


Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”

2004 год у Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”, як заўсёды, пачаўся з каляднай вечарыны, якую 11 студзеня ўжо 16-ты раз з моманту свайго заснавання ладзілі сьвiтанкаўцы ў Вялiкай залi Асацыяцыi нацыянальна-культурных меньшасцяў Латвii. На гэты раз зала не змагла змясціць усіх жадаючых, а тэатралiзаваныя “Каляды” з “гаспадаром” ды “гаспадыняю” ў “вясковай хаце” атрымалicя надзвычай яскравымi i каларытнымi. У якасцi “калядоўшчыкаў” выступiў вакальны гурт таварыства “Cьвiтанак” і вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы. Акрамя шматлікіх калядных песень ў выкананні гурта, латышскіх калядных дайнаў ў перакладах Пётры Масальскага (зробленых яшчэ ў 30-я гады 20-га стагоддзя), госці вечарыны ўпершыню ў Рызе змаглі ўбачыць абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэты абрад-гульню калісці ў беларускіх вёсках ладзіла моладзь ў “крывыя вечары.”Сімвалічна, што сярод гасцей было шмат моладзi і дзяцей, прыкладна палова ад усіх прысутных. Беларусам, якія нарадзіліся ў Рызе ў другім, а то й у трэцім пакаленні, такія вечарыны даюць магчымасць пазнаёміцца з нашай багатай нацыянальнай культурнай спадчынай, а для тых, хто калісці прыехаў з мілай сэрцу Беларусі, гэта цудоўная магчымасць правесці свята сярод землякоў-суродзічаў, пагаварыць на матчынай мове, паспяваць нашы самыя мілагучныя ў свеце родныя песні, патанцаваць беларускія танцы.На вечарыне прысутным былi прачытаныя вiншаваннi з Нараджэннем Хрыстовым, Новым годам і Калядамі і пажаданні, дасланыя на адрас “Cьвiтанка” ад беларусаў з розных куткоў свету: з Вялiкабрытанii, Канады, Летувы, Расii i iнш. краін, і канешне, з Радзімы-Беларусі. Вельмі цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў “світанкаўцы” атрымалі ад старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай і начальніка аддзела Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Уральскага, Уладзімера Арлова і Сяргея Панізніка з Мінска, доктара Раiсы Жук-Грышкевіч з Канады, гісторыка і публіцыста Юрыя Весялкоўскага і Павала Шаўцова з Лондана, старшыні ТБК Хведара Нюнькі з Вільні і многіх іншых. Да свайго 15-гадовага юбілею ў лістападзе 2003 г. таварыствам была выдадзена кніжка “Сьвітанак” аб дзейнасці таварыства на працягу ўсіх 15-ці гадоў. Кніжка выклікала вялікую цікавасць сярод прысутных. I не дзіўна, што да самай ночы не хацелі разыходзіцца беларусы са свайго свята, бо на гэты раз не давалі сумаваць ім на Каляды аж 5 музыкаў: 2 гарманісты, 2 баяністы і яшчэ акардэаніст!Узнагародаю i святочным падарункам арганiзатарам вечарыны былi шчырыя словы падзякi за сапраўднае беларускае свята ў Рызе i ад пастаянных удзельнiкаў “cьвiтанкаўскiх” вечарын, i ад тых, хто прыйшоў упершыню.

Таццяна Казак