Наша гісторыя пераканаўча сведчыць, што Беларусь – еўрапейская краіна з багатай і слаўнай мінуўшчынай. Больш за тысячу гадоў налічвае традыцыя беларускай дзяржаўнасці.
Беларусь заўсёды была арганічнай часткай агульнаеўрапейскай цывілізацыі. На пачатку ХХ стагоддзя рух нацыянальнага Адраджэння паставіў на парадак дня аднаўленне дзяржаўнасці. 25 сакавіка 1918 года адбылося абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
З таго дня прайшло 98 гадоў, але падзею гэтую і сёння шануюць беларусы ва ўсім свеце. Не выключэнне сярод іх і ЛТБК „Сьвітанак”, якое 19 сакавіка зладзіла цёплую сустрэчу сяброў і аднадумцаў. Адчуванне еднасці, гонару за сваю краіну, яе гісторыю, родную мову, аб’яднала ўсіх, хто прыйшоў на свята.
Сапраўды, калі мы збіраемся разам, асабліва востра прыходзіць жаданне згадаць тых асоб у нашай гісторыі i літаратуры, якія ў сваёй творчасці найбольш поўна ўвасобілі характар і адметнасць кожнага з нас. І як тут не ўзгадаць Уладзіміра Караткевіча, які запэўніў:„без мінулага – няма будучыні”. Цяжка з гэтым не пагадзіцца.
Упрыгожылі святочную імпрэзу сваiмi чароўнымі песнямi выканаўцы з гурта „Вытокі”. Самадзейныя артысты спявалі творы на словы нашага латвійскага паэта-беларуса Станіслава Валодзькі, пакладзеныя на музыку “cьвiтанкаўцам” Станіславам Клімавым. Шкада, што сёння Станіслава ўжо няма сярод нас, але кранальныя гукі яго мелодый жывуць i нікога не пакідаюць без уражанняў.
Гучыць ціхая мелодыя, павольна ліецца родная сэрцу мова і плыве перад вачыма бацькоўская хата з буслянкай, суніцы, кубак сырадою ў матуліных руках, а яшчэ – язмін. Як жа ён пахне, як пахне!
Наведаў нашу імпрэзу і вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш. Ён павіншаваў прысутных са святам і зазначыў, што латышы і беларусы маюць шмат агульнага не толькі ў гістарычным плане, але і ў сугуччы нашых моў. Пагадзілася з ім і спадарыня Натальля Пятроўна Цiмаховiч, ганаровы сябра таварыства „Сьвітанак”, якой хутка споўніцца 90 год. Няхай шануе яе Бог!
Мінулае, сучаснасць i будучыня заўсёды вельмі блізкія. І нельга разарваць гэтую сувязь. Пэўна сімвалічна, што сярод сяброў-сьвітанкаўцаў і самы маленькі – першакласнiк Мікола Казак, у асобе якога і ёсць наша надзея, будучыня, неабходнасць да дробязей захаваць нашу слынную спадчыну. Расці, Міколка, дужэй, набірайся ведаў!
Каб свята адбылося, нямала намаганняў прыклаў і наш шаноўны Вячка Целеш. Мінавіта яму належыць сцэнар добра зладжанага мерапрыемства.
Падзея 25 сакавіка, якую таварыства „Сьвітанак”адзначае штогод на працягу ўжо амаль 30-ці гадоў, з моманту свайго заснавання – гэта не толькі жаданне сабрацца разам адзінадумцам, не толькі магчымасць палунаць ва ўспамінах, але перш за ўсё ўсведамленне сваёй нацыянальнай свядомасці, пошырэнне ведаў і вялікае спадзяванне, што Беларусь зойме годнае месца ў дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці.
Ганна Iванэ
На здымках Таццяны Казак:
Гучыць “Магутны Божа” ў выкананні Міколы Казака
Віншаванне са святам ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы агучвае Вячка Целеш
Спявае гурт “Вытокі”
Госць імпрэзы вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш.
Прамаўляе сябра таварыства доктар фізічных навук Натальля Цімаховіч
Латвійскаму таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” – 25
20 студзеня 2014, 22:26
У Яніса Райніса ёсць такія радкі: першы крок за парог – гэта палова шляху. Зрабіць свой першы крок да ўсяго, што мы называем ёмкім словам беларушчына, беларусам Латвіі і тым, хто не абыякавы да беларускай культуры, дваццаць пяць гадоў дапамагае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” – найстарэйшая беларуская суполка Латвіі і адна з першых створаных 25 гадоў таму этнічных суполак ў краіне. І вось ужо чвэрць стагоддзя “Сьвітанак” захоўвае дух беларускасці на балтыйскім мацерыку.
25 год для грамадскай суполкі – ўзрост сталасці. Але адначасова гэта і той час, каб асэнсаваць, што здзейснена і з чым ісці далей. І магчымасць і азірнуцца на пройдзены шлях, і падумаць пра будучыню.
Дзеля гэтага і запрасіла таварыства “Сьвітанак” сваіх сяброў на сваё самае галоўнае свята. Юбілей “сьвітанкаўцы” адзначалі 11 студзеня бягучага года ў самым сэрцы Рыгі, у будынку цэнтра народнай творчасці Рыжскай думы “Рытумс”, што месціцца на адной з самых маляўнічых вулачак старой Рыгі. На жаль, святочную імпрэзу, якую збіраліся правесці ў лістападзе 2013 года, давялося перанесці з-за трагічных падзей у Рызе, але, неглядзячы на ўсе абставіны, свята атрымалася.
У зале вядучыя імпрэзы старшыня таварыства Ірына Кузьміч і Наста Кірнічанска на латышскай і беларускай мове абвясцілі аб адкрыцці ўрачыстага мерапрыемства. Гэты дыялог двух культур, двух моў, калі пераклікаліся словы віншавання на беларускай мове са словамі павагі на латышскай, і стварылі святочную атмасферу юбілея.
Аб тым, што таварыства з годнасцю сустракае свой юбілей, сведчаць шматлікія віншаванні, якія атрымала суполка.
ЛТБК “Сьвітанак” ўнесла свой адметны ўнёсак у дыялог двух нашых культур, ва ўсведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў, зазначыў у сваім віншавальным лісце з нагоды юбілею таварыства Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі Андрыс Бэрзіньш. Як зазначылі ўсе сябры таварыства, было вельмі кранаюча атрымаць віншаванне ад першай асобы краіны.
Прыйшло ў адрас ЛТБК “Сьвітанак” і віншаванне з юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова. Яго зачытала загадчыца эпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.
Не засталася ў баку ад юбілею і беларуская дзяржава. Віншаванне ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Латвіі сп. Марыны Далгаполавай агучыў Консул амбасады сп. Андрэй Кажан.
Сонца усходзіць і служыць аддана Сьветлым лікам, зычлівым цяплом. Беларусь у латвійскі «Сьвітанак» Узышла, як у родны свой дом. Мы ня прыхадні тут. Ускалосьсе Крывічанскіх дачок і сыноў У «Сьвітанку» натхненна зьлілося, З латышамі рунее наноў. Быў бы Райніс удзячны сябрыне: Плытагоны ўтрымалі стырно! У «Сьвітанку» хлапцу і дзяўчыне – Дзе Айчына? – чутно і відно. Прытуліцца змаглі, укараніцца, Вольнай Латвіі цешаць агні. Узышла над «Сьвітанкам» дзяньніца – Абярэга спрадвечнай радні.
Гэты верш аднаго з першых сябраў таварыства, ганаровага сябра “Сьвітанка” кавалера ордэна Трох зорак Латвіі паэта Сяргея Панізніка, прысвечаны таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” прачытала сябра cуполкі Таісія Бачкарова. А адзін з ветэранаў беларускага руху ў Латвіі спадар Алесь Карповіч, таксама адзін з першых сябраў “Сьвітанка” , прыгадаў яскравыя моманты з гісторыі таварыства.
Спадарыня Айна Балашка, старшыня таварыства нямецкай культуры – заўсёды была добрым сябрам нашага таварыства, пачынаючы з 90-х гадоў, калі яна працавала ў Дэпартаменце нацыянальнасцяў Латві, удзельнічала ў многіх мерапрыемствах, якія ладзіла суполка. І падчас гэтай юбілейнай імпрэзы яна нагадала прысутным пра той шлях, які прайшло таварыства “Сьвітанак” з першых дзён яго станаўлення. Добрыя словы ў адрас таварыства знайшоў і прадстаўнік Саюза палякаў Латвіі, кіраўнік польскага хору “Паланэз” Эдвард Фісковіч.
“Світанкаўцы” ганарацца не толькі тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, але і тым, што таварыства стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. А старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесар Латвійскай акадэміі музыкі Раффі Хараджанян зрабіў невялікі экскурс у гісторыю Асацыяцыі, пажадаў таварыству плёну яшчэ на доўгія гады.
У беларускай мове ёсць такое вельмі ёмкае слова – паплечнікі. Аб тым, што на юбілеі таварыства сабраліся паплечнікі, нагадаў прысутным першы старшыня і адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак”, вядомы не толькі ў Латвіі, але і далёка за яе межамі доктар медыцыны Сяргей Кузняцоў. Маладым хлапцом прыйшоў ён калісьці ў “Сьвітанак” і менавіта паплечнікі, аднадумцы, на яго погляд, стваралі першую беларускую суполку і працавалі ў ёй.
Эстафету старшыняў ад Сяржука Кузняцова пераняў Мікола Ярчак, хабілітаваны доктар хімічных навук, цяперашні прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля ад’езду спадара Міколы на працу ў Брэст кіраўніком “Сьвітанка” стаў мастак Васіль Малышчыц, які на свяце прыгадаў той час, калі ён кіраваў суполкай.
Дзесяцігоддзе старшынёй “Сьвітанка” была спадарыня Таццяна Казак. Пад яе кіраўніцтвам ладзіліся шматлікія і разнастайныя імпрэзы, быў створаны вакальны гурт “Сьвітанак”, які годна прадстаўляў беларусаў на фестывалях і канцэртах. На свята Таццяна Мікалаеўна прыйшла са сваім беларускамоўным пяцігадовым сынам Міколкам, як яна пажартавала, самым юным сьвітанкаўцам. Мікола падрыхтаваў свой падарунак таварыству – песні на беларускай і латышскай мовах, якія ўдзельнікі свята сустрэлі гучнымі апладысментамі.
А завершыў гэтую эстафету выступаў лідэраў адзін з заснавальнікаў Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, першы дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы, старшыня аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна Трох зорак Латвіі Вячаслаў Міхайлавіч Целеш.
Аб тым, што ЛТБК “Сьвітанак” не ізаляваны ад свету, сведчаць ягоныя цесныя стасункі з Беларуссю і беларускімі суполкамі з Літвы, Эстоніі, Расеі, Канады ды іншых краінаў, з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў свету, з беларускімі аб’яднанямі ў Польшчы і Чэхіі, а перш-найперш з МГА “Бацькаўшчына”. Надзвычай узнёслымі і асабліва сардэчнымі былі тыя словы віншавання, якія адрасавала таварысту Згуртаванне беларусаў свету. Віншавальны ліст і шматлікія прывітанні з Радзімы прывёз у Рыгу сябра Вялікай Рады Згуртавання сп. Барыс Стук. Паклапацілася “Бацькаўшчына» і пра падарункі непасрэдна самому таварыству. Барыс Стук уручыў сьвітанкаўцам памятны падарунак з нагоды юбілею – гадзіннік з выявай Мірскага замка, а таксама перадаў для біблятэкі кнігі, што былі нядаўна выдадзены Згуртаваннем “Бацькаўшчына”.
Не толькі віншаванні і падарункі, але і адметныя ўзнагароды прыехалі да “сьвітанкаўцаў” з Менску. Рашэннем Шостага з’езда Міжнароднага Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына» 13 сябраў Вялікай Рады атрымалі статус ганаровага сябра. Інстытут ганаровага сяброўства замацаваны ў статуце “Бацькаўшчыны” спецыяльна для ўшанавання тых асоб, якія на працягу многіх гадоў працуюць на карысць Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У гэтай слыннай кагорце і два сябры ЛТБК “Сьвітанак” – Вячка Целеш і Таццяна Казак. Калі спадар Вячка Целеш атрымаў свой памятны медаль, заснаваны да 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету, падчас з’езду, то Таццяна Казак атрымала сваю ўзнагароду як раз на свяце. Пасведчанні і медаль Таццяне Мікалаеўне ўручыў сябра Вялікай рады “Бацькаўшчыны”, намеснік старшыні Згуртавання спадар Барыс Стук.
Сябры таварыства дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, магістр педагогікі Ганна Іванэ і адна са старэйшых мясцовых беларусаў, выпускніца Індранскай беларускай гімназіі ў 1944 годзе, доктар фізічных навук Наталля Цімаховіч за ўнёсак у захаванне беларускіх культурна-асветніцкіх традыцый і спрыянне культурнаму дыялогу паміж народамі Латвіі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвійскай Рэспублікі. Іх уручыла старэйшы рэферэнт Дэпартамента інтэграціі Міністэрства культуры Латвіі Лінда Наудыша.
Cваё музычнае віншаванне падрыхтавалі і юныя артысты – гурт “Вавёрачка” заснаванай “Сьвітанкам” у 1994 г. Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы пад кіраўніцтвам таленавітай піяністкі Наталлі Дзірвук. Цёплымі апладысментамі сустрэла зала цудоўнае выкананне юнымі спевакамі песень на беларускай мове.
А самым адметным музычным падарункам для ўсіх гасцей і ўдзельнікаў свята стаў канцэрт вядомага беларускага музыкі Зміцера Вайцюшкевіча. Гэта быў першы выступ Зміцера ў Латвіі. Ці трэба казаць, што яго песні суправаджаліся працяглымі апладысментамі і часам разам са Зміцерам спявала зала, і не хавала сваіх усмешак, і не саромелася слёз.
Вельмі прыемна было пачуць прысутным, як ацаніў госць з Мінску спевы беларускіх дзяцей з “Вавёрачкі”. Па ягоных словах, ён шмат чуў спеваў дзіцячых гуртоў, але ніколі не даводзілася чуць такога чыстага выканання.
У рэпертуары Зміцера Вайцюшкевіча ёсьць японскія песні, перакладзеныя на беларускую мову, ёсць шведскія песні па-беларуску. А ўдзельнікі імпрэзы пажадалі, каб у рэпертуары спевака з’явілася хоць некалькі латышскіх песень, перакладзеных на беларускую мову. Тым больш, што паспрыяць гэтаму ёсьць каму. На імпрэзе прысутнічаў класік сучаснай латышскай паэзіі спадар Улдыс Бэрзыньш. У мінулым годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” у Беларусі асобным выданнем выйшла кніга выбраных перакладаў Улдыса Бэрзыньша “Салаўі крычаць, я па-латышску…” Перакладчыкі – Алесь Разанаў і Андрэй Гуцаў, які калісьці працаваў у Рыжскай беларускай асноўнай школе.
Так ужо наканаваў лёс, што свой юбілей, а было заснаванае таварыства 27 лістапада 1988 года, “Сьвітанак” святкаваў ужо ў бягучым годзе падчас аднаго з самых любімых святаў – Калядаў. Традыцыя святкаваць Каляды жыве ў таварыстве з самых першых дзён існавання. Запрасілі да каляднага святочнага стала сваіх гасцей і арганізатары свята. І гэта было вельмі і кранаюча, і сімвалічна – ведаць, што і ў Беларусі, і ў Літве, у Польшчы, Чэхіі, Канадзе i iншых краiнах, дзе б ні жылі беларусы, у гэтыя зімовыя дні накрываюцца калядныя сталы, запальваюцца калядныя свечкі, прыгадваюцца звычаі, якія яднаюць усіх нас. У якасьці калядоўшчыкаў выступіў гурт аматараў беларускай песні “Вытокі”. Не застаўся ў баку і Зміцер Вайцюшкевіч. Асаблівую ўдзячнасць таварыства выказвае дырэктару цэнтра “Рытумс” спадарыні Віі Ліетэ за яе гасціннасць, за тое, што на працягу многіх гадоў памяшканне цэнтра адчынена для рыжскіх беларусаў.
Шмат добрых слоў прагучала на свяце ў адрас маладой старшыні таварыства “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч. Ірына яшчэ толькі робіць свае першыя крокі на грамадскай ніве. Яна – самая маладая старшыня сярод кіраўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый Латвіі. Ірына з годнасцю правяла юбілейнае таварыства мерапрыемства. І хочацца спадзявацца, што беларуская культурная ніва будзе папаўняцца вось такімі маладымі творчымі асобамі, якія не дадуць змоўкнуць нашым песням, не адцураюцца роднай мовы, народзяць новыя вершы і працягнуць традыцыі ўжо не нараджэння, а станаўлення нацыянальнай культуры сярод беларускае дыяспары ўсёй Латвіі.
Таццяна Касуха
На здымках Георгія Астапковіча:
Cтаршыня ЛТБК “Сьвітанак” Ірына Кузьміч
Верш Сяргея Панізніка “Аусекліс над Рыгай” чытае Таісія Бачкарова
Віншаванне таварыства з 25-гадовым юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова зачытвае загадчыца дэпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.
Прывітальнае слова Консула беларускай амбасады сп. Андрэя Кажана
“Сьвітанкаўцаў” і гасцей свята вітае першы старшыня таварыства Сяржук Кузняцоў
Выступае былы старшыня таварыства Васіль Малышчыц
Старшыня таварыства “Сьвітанак” (1999-2008) Таццяна Казак прыйшла на свята са сваім сынам Міколам
Выступленне аднаго з заснавальнікаў таварыства Вячкі Целеша
Старэйшая сябра “Сьвітанка” Наталля Пятроўна Цімаховіч атрымлівае Ганаровую грамату Міністэрства культуры Латвіі
Віншавальны ліст Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” з нагоды юбілею “Сьвітанка” уручае сябра Вялікай Рады Згуртавання Барыс Стук
Памятны медаль “Бацькаўшчыны” уручаецца сп. Таццяне Казак
Добрыя словы ад беларусаў Латгаліі “Сьвітанку” прывёз з Даўгаўпілса вядомы беларускі калекцыянер, гісторык Мікола Паўловіч
Віншаванне старшыні Латвійскага таварыства нямецкай культуры Айны Балашка
Віншаванне старшыні АНКТЛ імя Іты Казакевіч Раффі Хараджаняна
Выступае дзіцячы ансамбль “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы
Кіраўнік “Вавёрачкі” Наталля Дзірвук
Віншаванне ад калектыву Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы
На сцэне – Зміцер Вайцюшкевіч
Юныя беларусачкі Рыгі
Зміцер Вайцюшкевіч прывёз з роднай старонкі не толькі песні, але і натхненне
Рыжскія кветкі – беларускаму музыку
Адзін з ганаровых гасцей, жывы класік, паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2014-01-20 23:14:002023-02-13 23:38:30Беларускі юбілей у латвійскай сталіцы
Рыга ведае гэтае найвялікшае свята беларусаў – Дзень 25 сакавіка. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначае яго з самага пачатку свайго існавання. І за дваццаць гадоў дзейнасці таварыства ніколі не парушыла традыцыю. Вось і сёлета зноў у чарговы раз “Сьвітанак” запрасіў рыжан на галоўнае беларускае свята.
25 сакавіка гаспадарамі будынка Асацыяцыі нацыяльна-культурных таварыстваў Латвіі сталі беларусы. Асацыяцыя гасцінна расчыніла свае дзверы перад удзельнікамі беларускай імпрэзы, і іх сабралася поўная Вялікая зала, негледзячы на працоўны дзень.
Твары слынных дзяцей зямлі беларускай Кастуся Езавітава і Ларысы Геніюш, якія паглядалі з палотнаў беларускіх мастакоў – вось хто першымі вітаў гасцей беларускага свята. Гэта свой падарунак да юбілею падрыхтавалі беларускія мастакі, сябры творчай суполкі “Маю гонар”. Яны зладзілі выставу, прысвечаную 90-м угодкам абвяшчэння БНР.
У выставе прынялі ўдзел даўнія сябры латвійскай суполкі “Маю гонар” Вячка Целеш, Васіль Малышчыц, Ганна Пейпіня ды Алена Лаурыновіч, а таксама новае папаўненне суполкі – гэта мастачка і мастацтвазнаўца Аліна Літвіненка ды Ірына Трумпель. Дарэчы, Ірыну ды Вячку ў снежні 2007 года прынялі ў Саюз Мастакоў Латвіі. Акрамя прац мастакоў латвійскай суполкі на выставе экспануюцца карціны сябраў эстонскай суполкі “Маю гонар” – пастэльны нацюрморт з васількамі “Прысвячэнне Васілю Быкаву” намесніка старшыні аб”яднання “Маю гонар” Маргарыты Астраумавай ды каларытныя жывапісныя працы Генадзя Курленкова
Першыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, чые прозвішчы навекі застануцца ў нашай памяці. У гэтай кагорце і прозвішча Кастуся Езавітава, змагара беларускага нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння, слыннага асветніка, лёс якога назаўсёды звязаны і з Беларуссю і з Латвіяй. . Адзін з удзельнікаў абвяшчэння БНР, народны сакратар ваенных спраў у складзе першага нацыянальнага ўрада Беларусі Кастусь Езавітаў у 1919-1920 гг. служыў шэфам беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. Тое, што прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі БНР – яго нясумненная заслуга, уганараваная пазней званнем генерала-маёра. Пасля змушанага адыходу ад палітыкі Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і распачаў вялікую 23-гадовую культурна- асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў Латвіі. Ён абудзіў дзесяткі талентаў, паклікаўшы на “светлы след” нацыянальнага самавыяўлення тысячы людзей.
І сёння, праз гады, Кастусь Езавітаў і яго паплечнікі разам з намі, тут, на латвійскай зямлі, святкавалі найвялікшае беларускае свята. І вельмі важна было ўсведамляць, што гэту векапомную дату беларусы святкуюць ва ўсім свеце. Прывітальныя віншаванні ўдзельнікам свята зачытаў старшыня Аб ‘яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна трох Зорак Латвіі, адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак” Вячка Целеш. Ён агучыў і пасланне Івонкі Сурвіллы, нагадаў аб гістарычных паралелях паміж Днём незалежнасці, які Латвія адзначае 18 лістапада, і Днём Акту 25 сакавіка.
А яшчэ гэты сакавіцкі вечар стаў падставай павіншаваць з юбілеямі Натальлю Камілеўскую – чалавека, без якога цяжка ўявіць кожную нашую імпрэзу. Гэта магчымасць сказаць цёплыя словы падзякі ў адрас 80-гадовай юбіляркі, доктара гістарычных навук, старшыні латвійскага адзялення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесара Ілгі Апінэ. Гэта магчымасць паслухаць маладую таленавітую спявачку Людмілу Ігнатаву, беларуску, якая нарадзілася і вырасла на латвійскай зямлі, і сваімі выступленнямі далучае суродзічаў і да спрадвечных каштоўнасцяў нашага народа, і да музычных шэдэўраў еўрапейскай культуры.
Гэта і нагода пагаварыць аб тым, якімі справамі будзе адзначаць свой юбілей таварыства “Сьвітанак”, 27 лістапада бягучага года яму споўніцца дваццаць гадоў. Дарэчы, шмат хто з гасцей свята вяртаўся дамоў не з пустымі рукамі, а са свежымі нумарамі газеты “Ніва”. Тыднёвік беларусаў Польшчы дасылаецца ў наша таварыства не першы год. І гэта таксама традыцыя – “Ніва” разам з намі на ўсіх нашых святах.
Негледзячы на сумныя гістарычныя рэаліі, светлай і жыццясцвярджальнай атрымалася гэта імпрэза. Гэта светлая ўзнёсласць – ад фарбаў нашых мастакоў, ад кранаючых сэрца гукаў беларускіх спеваў, ад нашай еднасці. Яна – ў нашых сэрцах і пачуццях, у подыху вясны, у твары святой Ефрасінні Полацкай, заступніцы зямлі беларускай – гэтая праца, створаная мастаком Васілём Малышчыцам асяняла і нашую вечарыну, і выставу аб’яднання “Маю гонар”, якая будзе доўжыцца яшчэ і ўвесь красавік.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2009-01-29 22:23:002023-02-13 23:41:59У “Сьвітанку”адзначылі 90-я ўгодкі абвяшчэння БНР
Дваццаць гадоў таму, 27 лістапада 1988 года, на світанку адраджэння латвійскай дзяржаўнасці, у Рызе было заснаванае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.
Такую сімвалічную назву далі сваёй арганізацыі прадстаўнікі дэмакратычна настроенай беларускай інтэлігенцыі ў надзеі ажывіць паходню беларушчыны, узнятую беларускімі асветнікамі Латвіі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. І хоць больш паўстагоддзя аддзяляе “Сьвітанак” (1988 г.) ад “Бацькаўшчыны” (1921 г.) – беларускага таварыства ў Латвіі, паслядоўнікам якога лічыць сябе “Сьвітанак”, менавіта “Бацькаўшчына” стала тым падмуркам, на якім будуе сваю працу нашае таварыства.
За дваццаць гадоў культурна-асветніцкай дзейнасці пад эгідай “Сьвітанка”:
1989 г. – адчынена беларуская мастацкая студыя “Вясёлка”; 1991 г. – пачала сваю працу Рыжская беларуская нядзельная школа; 1990 г. – на хвалях Латвійскага радыё ўпершыню пачала гучаць беларуская мова ў грамадскай культурна-асветніцкай праграме “Сьвітанак”; 1991 г. – беларускімі мастакамі Латвіі, Эстоніі, Летувы i Санкт-Петэрбурга заснаванае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”; 1994 г. – адчынены першы клас дзяржаўнай Рыжскай беларускай школы, пасля паспяховай акрэдытацыі ў 1998 г. школе нададзены статус Рыжскай Беларускай асноўнай школы; 2002 г. – створаны аднаіменны вакальны гурт пры таварыстве; 2003 г. – выдадзена кніжка аб дзейнасці таварыства на працягу 15 гадоў; 2005 г. – пачаў працу сайт таварыства www.svitanak.lv
У сакавіку 2006 г. найвышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі – ордэнам Трох Зорак быў узнагароджаны мастак, грамадскі і культурны дзеяч, чалавек, які стаяў ля вытокаў нашага таварыства – Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Мы ганарымся тым, што ў кагорце ардэнаносцаў, асоб, якія з’яўляюцца гонарам Латвіі, і “світанкавец” Вячка Целеш!
Таварыства “Сьвітанак” – не толькі першая беларуская суполка, заснаваная ў Латвіі. “Світанкаўцы” ганарацца і тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, што стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.
І сёння “сьвітанкаўцы” з нагоды свайго юбілею звяртаюцца да ўсіх сваіх сяброў у самых розных кутках свету са словамі, ад якіх ні разу не адцураліся за дваццаць гадоў існавання таварыства: Будзьма беларусамі! Будзьма разам! Жыве Беларусь!
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2008-11-27 20:29:002023-05-02 18:54:58Нашаму таварыству – дваццаць гадоў
2004 год у Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”, як заўсёды, пачаўся з каляднай вечарыны, якую 11 студзеня ўжо 16-ты раз з моманту свайго заснавання ладзілі сьвiтанкаўцы ў Вялiкай залi Асацыяцыi нацыянальна-культурных меньшасцяў Латвii. На гэты раз зала не змагла змясціць усіх жадаючых, а тэатралiзаваныя “Каляды” з “гаспадаром” ды “гаспадыняю” ў “вясковай хаце” атрымалicя надзвычай яскравымi i каларытнымi. У якасцi “калядоўшчыкаў” выступiў вакальны гурт таварыства “Cьвiтанак” і вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы. Акрамя шматлікіх калядных песень ў выкананні гурта, латышскіх калядных дайнаў ў перакладах Пётры Масальскага (зробленых яшчэ ў 30-я гады 20-га стагоддзя), госці вечарыны ўпершыню ў Рызе змаглі ўбачыць абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэты абрад-гульню калісці ў беларускіх вёсках ладзіла моладзь ў “крывыя вечары.”Сімвалічна, што сярод гасцей было шмат моладзi і дзяцей, прыкладна палова ад усіх прысутных. Беларусам, якія нарадзіліся ў Рызе ў другім, а то й у трэцім пакаленні, такія вечарыны даюць магчымасць пазнаёміцца з нашай багатай нацыянальнай культурнай спадчынай, а для тых, хто калісці прыехаў з мілай сэрцу Беларусі, гэта цудоўная магчымасць правесці свята сярод землякоў-суродзічаў, пагаварыць на матчынай мове, паспяваць нашы самыя мілагучныя ў свеце родныя песні, патанцаваць беларускія танцы.На вечарыне прысутным былi прачытаныя вiншаваннi з Нараджэннем Хрыстовым, Новым годам і Калядамі і пажаданні, дасланыя на адрас “Cьвiтанка” ад беларусаў з розных куткоў свету: з Вялiкабрытанii, Канады, Летувы, Расii i iнш. краін, і канешне, з Радзімы-Беларусі. Вельмі цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў “світанкаўцы” атрымалі ад старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай і начальніка аддзела Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Уральскага, Уладзімера Арлова і Сяргея Панізніка з Мінска, доктара Раiсы Жук-Грышкевіч з Канады, гісторыка і публіцыста Юрыя Весялкоўскага і Павала Шаўцова з Лондана, старшыні ТБК Хведара Нюнькі з Вільні і многіх іншых. Да свайго 15-гадовага юбілею ў лістападзе 2003 г. таварыствам была выдадзена кніжка “Сьвітанак” аб дзейнасці таварыства на працягу ўсіх 15-ці гадоў. Кніжка выклікала вялікую цікавасць сярод прысутных. I не дзіўна, што да самай ночы не хацелі разыходзіцца беларусы са свайго свята, бо на гэты раз не давалі сумаваць ім на Каляды аж 5 музыкаў: 2 гарманісты, 2 баяністы і яшчэ акардэаніст!Узнагародаю i святочным падарункам арганiзатарам вечарыны былi шчырыя словы падзякi за сапраўднае беларускае свята ў Рызе i ад пастаянных удзельнiкаў “cьвiтанкаўскiх” вечарын, i ад тых, хто прыйшоў упершыню.