Рыга ведае гэтае найвялікшае свята беларусаў – Дзень 25 сакавіка. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначае яго з самага пачатку свайго існавання. І за дваццаць гадоў дзейнасці таварыства ніколі не парушыла традыцыю. Вось і сёлета зноў у чарговы раз “Сьвітанак” запрасіў рыжан на галоўнае беларускае свята.


25 сакавіка гаспадарамі будынка Асацыяцыі нацыяльна-культурных таварыстваў Латвіі сталі беларусы. Асацыяцыя гасцінна расчыніла свае дзверы перад удзельнікамі беларускай імпрэзы, і іх сабралася поўная Вялікая зала, негледзячы на працоўны дзень.

Твары слынных дзяцей зямлі беларускай Кастуся Езавітава і Ларысы Геніюш, якія паглядалі з палотнаў беларускіх мастакоў – вось хто першымі вітаў гасцей беларускага свята. Гэта свой падарунак да юбілею падрыхтавалі беларускія мастакі, сябры творчай суполкі “Маю гонар”. Яны зладзілі выставу, прысвечаную 90-м угодкам абвяшчэння БНР.

У выставе прынялі ўдзел даўнія сябры латвійскай суполкі “Маю гонар” Вячка Целеш, Васіль Малышчыц, Ганна Пейпіня ды Алена Лаурыновіч, а таксама новае папаўненне суполкі – гэта мастачка і мастацтвазнаўца Аліна Літвіненка ды Ірына Трумпель. Дарэчы, Ірыну ды Вячку ў снежні 2007 года прынялі ў Саюз Мастакоў Латвіі. Акрамя прац мастакоў латвійскай суполкі на выставе экспануюцца карціны сябраў эстонскай суполкі “Маю гонар” – пастэльны нацюрморт з васількамі “Прысвячэнне Васілю Быкаву” намесніка старшыні аб”яднання “Маю гонар” Маргарыты Астраумавай ды каларытныя жывапісныя працы Генадзя Курленкова

Першыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, чые прозвішчы навекі застануцца ў нашай памяці. У гэтай кагорце і прозвішча Кастуся Езавітава, змагара беларускага нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння, слыннага асветніка, лёс якога назаўсёды звязаны і з Беларуссю і з Латвіяй.
.
Адзін з удзельнікаў абвяшчэння БНР, народны сакратар ваенных спраў у складзе першага нацыянальнага ўрада Беларусі Кастусь Езавітаў у 1919-1920 гг. служыў шэфам беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. Тое, што прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі БНР – яго нясумненная заслуга, уганараваная пазней званнем генерала-маёра. Пасля змушанага адыходу ад палітыкі Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і распачаў вялікую 23-гадовую культурна- асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў Латвіі. Ён абудзіў дзесяткі талентаў, паклікаўшы на “светлы след” нацыянальнага самавыяўлення тысячы людзей.

І сёння, праз гады, Кастусь Езавітаў і яго паплечнікі разам з намі, тут, на латвійскай зямлі, святкавалі найвялікшае беларускае свята. І вельмі важна было ўсведамляць, што гэту векапомную дату беларусы святкуюць ва ўсім свеце. Прывітальныя віншаванні ўдзельнікам свята зачытаў старшыня Аб ‘яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна трох Зорак Латвіі, адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак” Вячка Целеш. Ён агучыў і пасланне Івонкі Сурвіллы, нагадаў аб гістарычных паралелях паміж Днём незалежнасці, які Латвія адзначае 18 лістапада, і Днём Акту 25 сакавіка.


А яшчэ гэты сакавіцкі вечар стаў падставай павіншаваць з юбілеямі Натальлю Камілеўскую – чалавека, без якога цяжка ўявіць кожную нашую імпрэзу. Гэта магчымасць сказаць цёплыя словы падзякі ў адрас 80-гадовай юбіляркі, доктара гістарычных навук, старшыні латвійскага адзялення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесара Ілгі Апінэ. Гэта магчымасць паслухаць маладую таленавітую спявачку Людмілу Ігнатаву, беларуску, якая нарадзілася і вырасла на латвійскай зямлі, і сваімі выступленнямі далучае суродзічаў і да спрадвечных каштоўнасцяў нашага народа, і да музычных шэдэўраў еўрапейскай культуры.

Гэта і нагода пагаварыць аб тым, якімі справамі будзе адзначаць свой юбілей таварыства “Сьвітанак”, 27 лістапада бягучага года яму споўніцца дваццаць гадоў. Дарэчы, шмат хто з гасцей свята вяртаўся дамоў не з пустымі рукамі, а са свежымі нумарамі газеты “Ніва”. Тыднёвік беларусаў Польшчы дасылаецца ў наша таварыства не першы год. І гэта таксама традыцыя – “Ніва” разам з намі на ўсіх нашых святах.

Негледзячы на сумныя гістарычныя рэаліі, светлай і жыццясцвярджальнай атрымалася гэта імпрэза. Гэта светлая ўзнёсласць – ад фарбаў нашых мастакоў, ад кранаючых сэрца гукаў беларускіх спеваў, ад нашай еднасці. Яна – ў нашых сэрцах і пачуццях, у подыху вясны, у твары святой Ефрасінні Полацкай, заступніцы зямлі беларускай – гэтая праца, створаная мастаком Васілём Малышчыцам асяняла і нашую вечарыну, і выставу аб’яднання “Маю гонар”, якая будзе доўжыцца яшчэ і ўвесь красавік.

Таццяна Касуха


Дваццаць гадоў таму, 27 лістапада 1988 года, на світанку адраджэння латвійскай дзяржаўнасці, у Рызе было заснаванае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.

Такую сімвалічную назву далі сваёй арганізацыі прадстаўнікі дэмакратычна настроенай беларускай інтэлігенцыі ў надзеі ажывіць паходню беларушчыны, узнятую беларускімі асветнікамі Латвіі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. І хоць больш паўстагоддзя аддзяляе “Сьвітанак” (1988 г.) ад “Бацькаўшчыны” (1921 г.) – беларускага таварыства ў Латвіі, паслядоўнікам якога лічыць сябе “Сьвітанак”, менавіта “Бацькаўшчына” стала тым падмуркам, на якім будуе сваю працу нашае таварыства.

За дваццаць гадоў культурна-асветніцкай дзейнасці пад эгідай “Сьвітанка”:

1989 г. – адчынена беларуская мастацкая студыя “Вясёлка”;
1991 г. – пачала сваю працу Рыжская беларуская нядзельная школа;
1990 г. – на хвалях Латвійскага радыё ўпершыню пачала гучаць беларуская мова ў грамадскай культурна-асветніцкай праграме “Сьвітанак”;
1991 г. – беларускімі мастакамі Латвіі, Эстоніі, Летувы i Санкт-Петэрбурга заснаванае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”;
1994 г. – адчынены першы клас дзяржаўнай Рыжскай беларускай школы, пасля паспяховай акрэдытацыі ў 1998 г. школе нададзены статус Рыжскай Беларускай асноўнай школы;
2002 г. – створаны аднаіменны вакальны гурт пры таварыстве;
2003 г. – выдадзена кніжка аб дзейнасці таварыства на працягу 15 гадоў;
2005 г. – пачаў працу сайт таварыства www.svitanak.lv

У сакавіку 2006 г. найвышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі – ордэнам Трох Зорак быў узнагароджаны мастак, грамадскі і культурны дзеяч, чалавек, які стаяў ля вытокаў нашага таварыства – Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Мы ганарымся тым, што ў кагорце ардэнаносцаў, асоб, якія з’яўляюцца гонарам Латвіі, і “світанкавец” Вячка Целеш!

Таварыства “Сьвітанак” – не толькі першая беларуская суполка, заснаваная ў Латвіі. “Світанкаўцы” ганарацца і тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, што стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.

І сёння “сьвітанкаўцы” з нагоды свайго юбілею звяртаюцца да ўсіх сваіх сяброў у самых розных кутках свету са словамі, ад якіх ні разу не адцураліся за дваццаць гадоў існавання таварыства:
Будзьма беларусамі!
Будзьма разам!
Жыве Беларусь!


Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”


Па традыцыі, напярэдадні Ліга, у школах Латвіі праводзяцца самыя прыгожыя, самыя сардэчныя, самыя ўзнёслыя – выпускныя вечары.

Сабрала сяброў, каб ушанаваць сваіх выпускнікоў, і Рыжская беларуская асноўная школа. Менавіта яны – вучні выпускнога дзевятага класа шчырым прывітаннем і сустракалі гасцей ля ўваходу ў актавую залю. У апошні раз яны і гаспадары школы, і гаспадары свята. Заўтра для гэтых юнакоў і дзяўчат будзе ўжо іншы дзень.

А сёння апошні развітальны школьны баль.

А сёння школа ўпрыгожана кветкамі, гірляндамі, беларускімі традыцыйнымі вырабамі – да таго, каб яна надбала па-сапраўднаму святочны выгляд прыклалі сваю фантазію самі школьнікі, а галоўным дызайнерам стала выпускніца Эліна Шарадзіна.

А сёння юнакі ў гарнітурах і гальштуках – бывайце на гэты вечар джынсы…

А сёння аднакласніцы, усе як адна, як быццам сышлі з вокладкі глянцавага часопіса і нават не зразумела , як сябе з імі паводзіць. Хоць ведаеш, што сёння расчуленыя настаўнікі больш не зробяць табе заўвагі…

А сёння матулі не хаваюць сваіх слёз, і сам ты чамусьці адводзіш позірк, хаваючы хваляванне. І ты яшчэ не ведаеш, што гэты дзень запомніцца табе да драбніц і праз гады ты будзеш прыгадваць і гэты вечар, і сяброў, і напоенае водарам кветак паветра. Але гэта потым. А сёння школа развітваецца са сваімі выхаванцамі, аддае ім сваю і любоў, і клопат, і пяшчоту…

І вось дырэктар школы Ганна Уладзіславаўна Іванэ распачынае свята. Гучаць пранікнёныя словы, звернутыя да выпускнікоў і наступае самы ўрачысты момант – выпускнікам уручаецца першы зароблены імі дакумент аб адукацы – пасведчанне аб заканчэнні асноўнай школы. Разам з атэстатамі школьнікам уручаецца і сэртыфікат адпаведнай катэгорыі аб валоданні дзяржаўнай латышскай мовай. Яго выпускнікам уручае намеснік дырэктара па навучальнай частцы Вера Эдуардаўна Ухнастэ.

Пад дружныя апладысменты прысутных шэраг вучняў узнагароджваецца граматамі за поспехі ў вучобе. А лепшы выпускнік 2006 г. Міхась Казак атрымлівае грамату за выдатную вучобу.

Не хаваюць свайго хвалявання настаўнікі, а асабліва ўзрушаная Людміла Аляксандраўна Брыго, ёй даводзіцца развітвацца не проста з выпускнікамі, а са сваім першым выпускам у гэтай школе, класам, якому яна аддала вельмі шмат сваіх сіл, пяшчоты, душэўнай цеплыні.

Шчаслівай дарогі зычыць яна сваім выхаванцам і не хавае смутак ад развітання.
Са святам, дарагія выпускнікі!

Першы выпуск Рыжскай Беларускай асноўнай школы адбыўся ў 2003 годзе. З гэтага часу з’явілася добрае правіла – на выпускны вечар у школу да беларускіх дзяцей і іх настаўнікаў прыходзяць не толькі іх бацькі і сябры, але і прадстаўнікі беларускай грамадскасці латвійскай сталіцы, аддае даніну ўвагі нацыянальнай школе і Амбасада РБ у Латвіі. Не стаў выключэннем і гэты школьны баль. Першы сакратар Амбасады Дзмітрый Аляксандравіч Краюшкін звярнуўся да выхаванцаў беларускай школы з цёплымі словамі віншавання і пажаданняў.

На свята да беларускіх школьнікаў прыйшлі таксама прадстаўнікі Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, Саюза беларусаў Латвіі, Латвійскага фонда беларускай культуры “Бацькаўшчына” імя Кастуся Езавітава. Па традыцыі “Бацькаўшчына” кожны год кожнаму выпускніку беларускай школы разам з кветкамі ўручае ў якасці падарунка беларускія кнігі. Не парушылі традыцыю і ў гэтым годзе, прадстаўнікі фонда Алесь Аляксандравіч Карповіч і Дзмітрый Кабановіч падаравалі кожнаму выпускніку кнігу Уладзімiра Арлова “Адкуль наш род”.

Адметнай асаблівасцю гэтага выпускнога вечара стала ўшанаванне былога дырэктара школы Вячаслава Міхайлавіча Целеша з уручэннем яму найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Латвіі – ордэна Трох Зорак. Гэтая падзея адбылася напрыканцы мая, а сёння на самым урачыстым мерапрыемстве школы яе калектыў разам з гасцямі аддалі знак павагі і пашаны чалавеку, у многім дзякуючы ініцыятыве якога і з’явілася ў Рызе беларуская школа.

Сам Вячаслаў Міхайлавіч, звяртаючыся да выпускнікоў, якіх ведае па гадам працы ў школе, пажадаў ім поспехаў у далейшай вучобе і выказаў надзею, што той дух беларушчызны, які школьнікі засвойваюць у школе, яны не згубяць, пераступіўшы школьны ганак.

А на памяць падараваў сваім былым выхаванцам сваю кнігу “Рыга на старых паштоўках”. Гэтую кнігу з аўтографам аўтара і пажаданнямі атрымаў кожны беларускі выпускнік.

Шануйце сваю Айчыну Латвію, зямлю на якой вы нарадзіліся і жывеце, і будзьце патрыётамі Беларусі, сваёй этнічнай Бацькаўшчыны, такім быў асноўны лейтматыў усіх тых выступленняў, якія прагучалі на свяце.

А затым быў святочны канцэрт, падрыхтаваны выпускнікамі. Вядучыя вечара Таццяна Макарэвіч і Міхась Казак разам з аднакласнікамі перагарнулі старонкі “Кнігі добрых слоў”. Пад шчырыя апладысменты гучалі пранікнёныя вершы і ліліся песні на роднай мове. Школьны гурт “Вавёрачка” падрыхтаваў вельмі цікавую музычную праграму. І слухала школа натхнённыя галасы дзяўчатак, і ўзносілася музыка і разляталіся спевы па школьным калідорам насустрач заўтрашняму дню…

Шкада толькі, што для беларускіх дзевяцікласнікаў гэтае мерапрыемства стала і сапраўды апошнім школьным вечарам, ім прыйдзецца развітацца з роднай школай – далей яны будуць вымушаныя працягваць вучобу ўжо ў іншых школах горада, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. А між тым першыя выпускнікі-дзевяцікласнікі 2003 года як раз зноў маглі б кружыцца ў апошнім вальсе ў беларускай школе…


Таццяна Касуха

Здымкі Таццяны Казак

2004 год у Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”, як заўсёды, пачаўся з каляднай вечарыны, якую 11 студзеня ўжо 16-ты раз з моманту свайго заснавання ладзілі сьвiтанкаўцы ў Вялiкай залi Асацыяцыi нацыянальна-культурных меньшасцяў Латвii. На гэты раз зала не змагла змясціць усіх жадаючых, а тэатралiзаваныя “Каляды” з “гаспадаром” ды “гаспадыняю” ў “вясковай хаце” атрымалicя надзвычай яскравымi i каларытнымi. У якасцi “калядоўшчыкаў” выступiў вакальны гурт таварыства “Cьвiтанак” і вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы. Акрамя шматлікіх калядных песень ў выкананні гурта, латышскіх калядных дайнаў ў перакладах Пётры Масальскага (зробленых яшчэ ў 30-я гады 20-га стагоддзя), госці вечарыны ўпершыню ў Рызе змаглі ўбачыць абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэты абрад-гульню калісці ў беларускіх вёсках ладзіла моладзь ў “крывыя вечары.”Сімвалічна, што сярод гасцей было шмат моладзi і дзяцей, прыкладна палова ад усіх прысутных. Беларусам, якія нарадзіліся ў Рызе ў другім, а то й у трэцім пакаленні, такія вечарыны даюць магчымасць пазнаёміцца з нашай багатай нацыянальнай культурнай спадчынай, а для тых, хто калісці прыехаў з мілай сэрцу Беларусі, гэта цудоўная магчымасць правесці свята сярод землякоў-суродзічаў, пагаварыць на матчынай мове, паспяваць нашы самыя мілагучныя ў свеце родныя песні, патанцаваць беларускія танцы.На вечарыне прысутным былi прачытаныя вiншаваннi з Нараджэннем Хрыстовым, Новым годам і Калядамі і пажаданні, дасланыя на адрас “Cьвiтанка” ад беларусаў з розных куткоў свету: з Вялiкабрытанii, Канады, Летувы, Расii i iнш. краін, і канешне, з Радзімы-Беларусі. Вельмі цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў “світанкаўцы” атрымалі ад старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай і начальніка аддзела Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Уральскага, Уладзімера Арлова і Сяргея Панізніка з Мінска, доктара Раiсы Жук-Грышкевіч з Канады, гісторыка і публіцыста Юрыя Весялкоўскага і Павала Шаўцова з Лондана, старшыні ТБК Хведара Нюнькі з Вільні і многіх іншых. Да свайго 15-гадовага юбілею ў лістападзе 2003 г. таварыствам была выдадзена кніжка “Сьвітанак” аб дзейнасці таварыства на працягу ўсіх 15-ці гадоў. Кніжка выклікала вялікую цікавасць сярод прысутных. I не дзіўна, што да самай ночы не хацелі разыходзіцца беларусы са свайго свята, бо на гэты раз не давалі сумаваць ім на Каляды аж 5 музыкаў: 2 гарманісты, 2 баяністы і яшчэ акардэаніст!Узнагародаю i святочным падарункам арганiзатарам вечарыны былi шчырыя словы падзякi за сапраўднае беларускае свята ў Рызе i ад пастаянных удзельнiкаў “cьвiтанкаўскiх” вечарын, i ад тых, хто прыйшоў упершыню.

Таццяна Казак