Лета – пара найбагацейшая на разнастайнасць колераў і пахаў, гукаў і ўражанняў, сустрэч і мараў. І вельмі радасна, што ў “вянок” рыжскага лета беларускай кветкай уплялася незабыўная імпрэза ў гонар 70-гадовага юбілею мастачкі Надзеі Ізянёвай, якая адбылася 1 жніўня ў доме-музеі Мэнцэрдорфа.

Надзея нарадзілася ў Беларусі, у мястэчку Шаркаўшчына, на Віцебшчыне. Скончыўшы с залатым медалём сярэднюю школу, стала студэнткай педагагічнага інстытута мастацка-графічнага факультэта. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1967 года. Лёс мастачкі склаўся так, што яна шмат год жыла спачатку ў Польшчы, затым у Прымор’і. І, як сцвярджае сама Надзея, што “дзе б ні прыходзілася жыць і працаваць, побач было самае галоўнае – мастацтва. Яно – натхненне, яно – жыццё, яно мора, боль і спадзяванне”.

З 1971 года Надзея жыве і працуе ў Латвіі, якую вельмі любіць, лічыць сваёй другой Радзімай. У сувязі з гэтым хочацца адзначыць, што менавіта незвычайнай цеплынёй і любасцю да латвійскай зямлі свецяцца яе палотны. Магчыма жаданне падзяліцца сваім талентам, сваімі ўражаннямі, сваімі марамі і прывяло мастачку да адзінадумцаў, якія з’яўляюцца сябрамі таварыства мастакоў “Маю гонар”, якія ў бальшыні сваёй таксама жывуць і працуюць у Латвіі. І сёння ў гэты святочны момант яны побач з ёю. Каму як ні Вячку Целешу ды Васілю Малашчыцу не разумець, якой працай, якім намаганнем, талентам, болем, а часам і расчараваннем выпісаны кожны твор.

Радзіма… У гэтым слове увасабляецца так многа для кожнага чалавека, а тым больш для таго, хто адарваны ад яе. Дзякуй, Надзея, за тое, што латвійскія беларусы на хвіліначку адчулі сябе сярод тваіх незабыўных пейзажаў на сваёй роднай зямлі. Вунь недзе хаваецца ў лясным гушчары сцяжынка, а там бруіцца чыстая крыніца, ды здаецца вось-вось “пырсне” мак. І кожны шукае сваё, роднае, незабыўнае…

У сваёй творчасці Надзея не баіцца быць ні занадта даверлівай, ні безагляднай, ні адкрытай. Яна не баіцца паўтараць нейкую адну тэму – паўтараць сябе. І ўсё дзеля адной – адзінай мэты: паказаць у фарбах праўду, у якую паверылі б гледачы. А паверыўшы, сталі б крыху дабрэйшымі, прыгажэйшымі, больш чалавечнымі.

Нейкія вельмі добрыя зоркі свецяць мастачцы, цёплыя дажджы абмываюць любімыя ландшафты, і ўся зямля барвовымі, залатымі, зялёнымі, бялюткімі дыванамі гасцінна расцілаецца перад ёй.

Жывапіс – гэта ўсе сілы, час, душа, усе гукі і пахі свету, трапятлівасць, пяшчота, хваляванне і неспакой, чаканне і здзіўленне. І вялікае шчасце, калі жывапісец можа падзяліць сваё светаадчуванне з сябрамі, з блізкімі духоўна людзьмі.  Надзеі пашанцавала і на гэта. Сёння побач з ёю любімы музычны гурт “Вытокі”, у складзе якога яна спявае. Хораша, што выстава беларускай мастачкі аздоблена і беларускай песняй, і беларускім словам. І сапраўды, здаецца, што да Радзімы вельмі блізка.

Без мастацтва жыццё было б цмяным і сумным, і таму мы схіляемся перад мастаком і кажам “Дзякуй” – за падораную прыгажосць, за сонца, за лясную сцежку, блакіт неба, спякоту летняга дня, пырскі марскіх хваляў, за ўсе тыя чароўныя фарбы, якімі свецяцца яе зіхатлівыя палотны.

Ганна Іванэ

25 верасьня 80-гадовы юбілей адзначае адзін з найбольш актыўных і пасьлядоўных рупліўцаў беларушчыны за мяжой Вячка Целеш.

Ён аб’яднаў самыя розныя сфэры дзейнасьці на карысьць беларускай справы: мастак, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» і аб’яднаньня беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», арганізатар і дырэктар першай беларускай школы ў Рызе; ён быў у Кансультацыйнай радзе пры ўсіх прэзыдэнтах, абараняў інтарэсы беларусаў. Ягоныя высілкі годна адзначаныя ўладамі Латвійскай Рэспублікі, ён кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Трох Зорак.

Круглую дату Вячка Целеш адзначыў пэрсанальнай выставай, якая ахапіла ўвесь пэрыяд ягонай мастацкай творчасьці – ад студэнцтва да сталасьці.

  • Спадар Вячаслаў, шчырыя віншаваньні з 80-годзьдзем! Як зьбіраецеся адзначыць сьвята?
  • Сёньня проста прымаю віншаваньні – усё ж будны дзень, ва ўсіх свае справы. Сходзім у выходныя з жонкай і блізкімі мне людзьмі ў рэстаран, крыху пасядзім, адзначым… Галоўным для мяне было адкрыцьцё выставы – дзякуй Богу, усё атрымалася. Прыйшло шмат людзей: аднакурсьнікі, нашы актывісты, вядомыя людзі Латвіі. Вельмі прыемна.

Пэрсанальная выстава Вячкі Целеша

Найлепшае адзначэньне – гэта прызнаньне тваіх высілкаў. Усьцешыла, што адгукнуліся і на ўрачыстае адкрыцьцё ў галерэю прыйшлі беларусы, латышы, прынесьлі мне цэлы воз кветак, арганізавалі канцэрт. Агулам выставіў больш за 60 прац – ад графікі да жывапісу. Таксама я напісаў кнігу пра беларускіх мастакоў Латвіі. Цяпер вось маю клопат пастарацца яе выдаць сёлета. Здаў адзін праект, цяпер трэба пасьпець з другім, каб атрымаць фінансаваньне зь дзяржаўных фондаў.

  • Латвійскія ўлады таксама адрэагавалі, не засталіся ўбаку?
  • Міністэрства культуры Латвіі ўзнагародзіла ганаровай граматай, былі адтуль прадстаўнікі, таксама віншавалі. Ну і беларуская амбасада ўспомніла, падаравалі копію мапы Вялікага Княства Літоўскага, арыгінал якой у адзіным экзэмпляры захоўваецца ў Швэцыі. Таму, паўтаруся, мой юбілей адзначаны перадусім адкрыцьцём пэрсанальнай выставы. Я яе назвай «Гадоў датыкненьне», бо хацеў паказаць свой шлях ад самага пачатку: пачынаючы з падрыхтоўчых курсаў у Латыскай акадэміі мастацтваў і да сёньняшняга дня.

Праўда, значную колькасьць прац выставіць не ўдалося. Калі ў мяне забіралі ў 1993 годзе майстэрню, шмат карцін я перадаў у Беларусь. Цяпер яны ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, у Горадні, на маёй радзіме ў Ваўкавыску, у прыватных зборах.

Вячка Целеш

  • Ці не абмяркоўвалася магчымасьць юбілейнай выставы ў Беларусі?
  • Вы ж ведаеце, што я стаю пад нашым гістарычным сьцягам, гэта галоўнае. Я не крычу пра гэта, не размахваю рукамі; мая мэта – зьяднаць беларусаў на нацыянальным грунце. Так было заўжды. Ніхто не аспрэчыць, што я шмат рабіў і працягваю рабіць на карысьць Бацькаўшчыны.

Але праз тое, што ў некаторых момантах нашы пазыцыі з уладамі Беларусі разыходзяцца, мне дарога туды закрытая. І гэта тычыцца ня толькі вышэйшага кіраўніцтва. У тым жа Facebook вялікая колькасьць водгукаў на маю выставу, а беларускія калегі маўчаць. Хоць былі сябрамі: і я да іх наведваўся, і яны ў майстэрні маёй начавалі… Зрэшты, важна, што я адчуваю сябе ў Латвіі камфортна, мне прыемна, як да мяне тут ставяцца. Трэба проста рабіць сваю справу, не падкрэсьліваць, які ты вялікі герой і патрыёт.

  • Ваш юбілей стаў своеасаблівым працягам іншай даты – 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сакавіку ў рамках сьвяточных імпрэзаў выстаўлялася ваша праца «Пад сьцягам „Пагоні”. Кастусь Езавітаў» – у гонар палітычнага дзеяча, які стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі камітэт.
  • Гэта сапраўды наш вялікі юбілей, знакавая дата для ўсіх беларусаў. Я вельмі хваляваўся, каб імпрэза прайшла на годным узроўні. Спадзяюся, менавіта так яе і ацанілі. Прынамсі для тых, хто працуе на нашай ніве беларушчыны, гэтая падзея, безь перабольшаньня, эпахальная…

Дарэчы, і яшчэ ёсьць адзін юбілей – сёлета 30-годзьдзе сваёй грамадзкай і культурнай дзейнасьці адзначае наш «Сьвітанак». Таварыства паўстала ў 1988 годзе – гэта адна зь першых беларускіх суполак, да якой я непасрэдна прыклаў руку, знайшоў паплечнікаў. Толькі пазьней такія арганізацыі пачалі ўзьнікаць у Рызе і ў рэгіёнах. У нас пазыцыя была і застаецца адназначная: за незалежныя Беларусь і Латвію. Зь першага дня і да сёньня мы стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам…

Хто такі Вячка Целеш

Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёну) Горадзенскага ваяводзтва. Мастак, гісторык, пісьменьнік, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і Латвіі.

У 20-гадовым узросьце выправіўся ў Латвію, працаваў сьлесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленьне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазьней атрымаў ступень магістра мастацтва.

Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе. Адзін з арганізатараў таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», дзе ён намесьнік старшыні. Заснавальнік і кіраўнік суполкі беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», ініцыятар стварэньня беларускай школы, дзе працяглы час быў дырэктарам. Быў дацэнтам катэдры культуры і мастацтва Інстытуту мэнэджмэнту інфармацыйных сыстэмаў у Рызе.

Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і эксьлібрысаў выдатных беларускіх і латыскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.

Вячка Целеш – адзін з самых вядомых эўрапейскіх філякартыстаў: ягоны альбом «Гарады Беларусі на старых паштоўках» на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданьняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.

Аўтар біяграфічнай кнігі «Адсюль наш род, тут мой прычал», прысьвечанай радаводу краснасельскіх Целешаў.

www.svaboda.org

31 ліпеня 2018, 21:00


«Нашто каласкі, калі няма васількоў»
Максім Багдановіч

Адзін з самых вытанчаных, самых лірычных, самых узнёслых беларускіх паэтаў-класікаў Максім Багдановіч надаў сціплай палявой кветцы васільку-валошцы незвычайную моц, асаблівую прыгажосьць, «генетычную памяць народа». Праз гэтую маленькую сінявокую кроплю душа чалавека часам знясіленага цяжкай працай, апантанага адвечнай прагай здабычы матэрыяльных каштоўнасцяў, усёж такі імкнецца ў неба, якога стае ўсім.

Менавіта такім васільком, што прагне вышыні і прымушае адчуваць незвычайнае хараство навакольнага свету і быў Мацей Чырыч, просты і сціплы ў жыцці, таленавіты ў мастацтве, у сваім бясконцым імкненні да вышыні.

-

Напрыканцы лета на Яўнцыенмскіх могілках на ахвяраванні беларусаў Рыгі і Даўгаўпілса быў адкрыты помнік беларускаму мастаку Мацею Чырычу.

-


Мацей Рыгоравіч нарадзіўся 10 траўня1936 г. у в. Глініца Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.
З 1941г. застаўся без бацькоў, маці памерла, а бацька загінуў на вайне. З 1944 г. па
1950 г. выхоўваўся ў Спец. дзіцячым доме ў г. Жыткавічы. У 1950 г. напраўлены ў Рыгу
ў Тэхнічнае вучылішча № 17. Пасля яго заканчэня атрымаў спецыяльнасць токара. Працаваў на заводзе РЭЗ, вучыўся ў вячэрняй школе. Першапачатковыя навыкі па маляваню атрымаў на вячэрніх курсах Латвійскай акадэміі мастацтваў. У 1961- 1980-х гадах наведваў Народную студыю жывапісу пры Доме культуры прафсаюзаў, дзе кіраўнікамі студыі былі вядомыя латышскія жывапісцы Курт Фрыдрыхсон,Аляксандр Звіедрыс, Андрэй Германіс і Аўсма Данэманэ. Яго жывапісныя працы разам з працамі студыі неаднаразова экспанаваліся на выставах як ў Рызе так і на Усесаюзных выставах народнага мастацтва ў Маскве і іншых гарадах. Першая персанальная выстава жывапісу адбылася ў 1978 годзе ў Рызе.
Мацей Чырыч адзін з удзельнікаў устаноўчага з’езда Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” 12 студзеня 1991 г. З таго часу мастак быў актыўным сябрам АМ-ББ “Маю гонар”, удзельнічаў у мастацкіх выставах аб’яднання ў Латвіі, Эстоніі і Беларусі.У 1993 г. быў дэлегатам Першага з’езда беларусаў Свету і ўдзельнікам мастацкай выставы “Жыве Беларусь”, прысвечанай гэтаму з’езду.
М. Чырыч быў таксама актыўным сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.У 90-я гады быў сярод тых, хто актыўна змагаўся за незалежнасьць Латвіі.

-
Мастак пакінуў пасля сябе незвычайнай прыгажосці пейзажы і нацюрморты. Яго таленавітымі працамі папоўніліся многія праватныя зборы рыжан. На палотнах Мацея Чырыча ўсімі колерамі вясёлкі зіхацяць, чаруюць, заварожваюць кветкі. Гледзячы на гэтыя творы, так хочацца запытацца ў мастака : «Адкуль, адкуль, з якіх таемных калодзежаў узятыя гэтыя фарбы?» Столькі незвычайнага, часам някідкага, але такога роднага хараства на яго карцінах!

-

Праз 15 год пасля смерці мастака над яго магілай у чорным граніце ўзняўся помнік, на якім выява крыжа Еўфрасінні Полацкай (яе выгравіравалі па эскізу Вячкі Целеша) і па-беларуску гараць словы

Мастак Мацей Чырыч
Ад беларусаў Латвіі

-
І помнік гэты, і такі родны надпіс па-беларуску “напамінае мне што шлях наш неканечны і Бога не міне” (А.Галубовіч). А на магіле сінімі зоркамі васількоў-валошак ды белагаловымі сонцамі рамонак рассыпаліся кветкі. Адкуль яны? Іх прынес мастак і сябра Мацея Вячка Целеш, а можа гэта і кветкі тых, пакінутых нам на ўспамін вечных палотнаў…

Шчыра дзякуем усім, хто cпрычыніўся да гэтай высакароднай справы, а найперш мецэнату з Даўгаўпілса Васілю Лукашчыку, гэта яго фірма бясплатна вырабіла помнік, сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», сябрам аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», сябрам культурна-асветніцкага таварыства “Уздым», Міхасю Казлоўскаму з Маладзечна, Дзмітрыю Кабановічу і Таццяне Касуха з Рыгі. І асаблівая ўдзячнасьць Вячку Целешу і кіраўніку беларускага культурнага цэнтра ў Даўгаўпісе Жанне Раманоўскай, якія змаглі аб’яднаць усіх неабыякавых і здзейсніць вельмі добрую, а можа і лепшую справу за апошні час.

Памер мастак, але ён жыве ў карцінах, дзе няма месца змрочнаму дажджу, халоднаму ветру. Жыве мастак у зорачках васількоў-валошак, якія гайдае вецер, жыве мастак у памяці сяброў, у клапатлівых руках майстра, што ўзняў над магілай помнік нашай шчымлівай памяці.

Ганна Іванэ

23 лютага 2018, 13:49


З удзячнасцю і высокай павагай узгадваем пра 95-годдзе з дня нараджэння Абала Мірдзы, дачкі Эдуарда — 23.02.1923 года.

Доктар філалагічных навук, перакладчыца твораў Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча (“Чазенія”,1976); даследніца латышска-беларускіх повязяў мела грунтоўны наробак. Вось некаторыя тэмы навуковых пошукаў Мірдзы Абалы: “Беларускі жаўранак у Латвіі”,1972 (пра Янку Купалу); “Райніс і беларусы”, 1975; “Ян Судрабкалн і беларусы”, 1977…

У 1977 г. М. Абала разам з Дзідрай Віксна выдала на латышскай мове даследванне “Дружба, умацаваная ў вяках”, у 1984 г. – анталогію латышскай паэзіі ў 2-х т. (сумесна з С. Панізьнікам), у 1986 г. апублікаваны яе артыкулы ў энцыклапедычным даведніку “Янка Купала”. І ў 1986 г. М. Абала — навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры Латвійскай АН — узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй.

З 1991 г. яна – Прэзідэнт Латвійскай асацыяцыі беларусістаў; у 2001 г. узнагароджана медалём Францішка Скарыны.

Зіма з летам сустракалася і развітвалася з Мірдзай, дачкой Эдуарда,  24 лютага 2007 г. У 2010 г. з’явіўся на свет галоўны набытак творчага жыцця М. Абалы – “Слоўнік беларуска-латышскі і латышска-беларускі”. Выдадзены “Саюзам беларусаў Латвіі”. Там – каля 40 тыс. загалоўных слоў, 543 старонкі. Рэдагаваў і дапаўняў яго І.І. Лучыц-Федарэц. Прэзентацыя кнігі прайшла ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Вечная памяць латвійскай кнігаўцы ў Беларусі.

-

 Мірдза Абала паспрыяла ўзнагароджанню ордэнам Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Рыгора Барадуліна, Васіля Сёмухі – і вось яна прысутнічае на ўручэнні высокай дзяржаўнай адзнакі Сяргею Панізьніку. Побач – Айя Лацэ, Мара Залітэ, Улдыс Бэрзыньш, Андрэй Гуцаў, Кнутс Скуеніекс, Валдыс Румніекс… 9.ХІІ. 1998 г.

Капітан 4-й ст. ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Сяргей Панізьнік

                    НЯЗГАСНАЕ СВЯТЛО ВЫСАКАРОДНАЙ ДУШЫ

-

3 мая 2001 года за вялікі ўклад у развіццё беларуска-латышскіх культурных сувязяў кіраўнік латвійскай асацыяцыі беларусістаў Мірдза Абала была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Але галоўнай для яе ўзнагародай заўсёды была людская любоў і павага. Спадарыня Мірдза стаяла ля вытокаў заснавання Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, была шматгадовым сябрам Рады таварыства і да апошніх дзён падтрымлівала стасункі з нашай суполкай.
Пасля смерці спадарыні Мірдзы застануцца жыць яе кнігі.
Застанецца жыць яе навукавая спадчына.
Cветлая памяць аб светлым чалавеку будзе жыць у сэрцах яе сяброў і ў Латвіі, і ў Беларусі.

          Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”

27 снежня 2017, 17:29


У сталіцы Латвіі Рызе святкавалі і 500-годдзе ад нараджэння Францішка Скарыны, і 500-годдзе ад пачатку яго пражскага кнігадрукавання. “Выдатны ўрач і дзеяч беларускай культуры…” –такімі словамі пачынаўся подпіс пад партрэтам полацкага генія, які стварыў латышскі мастак Талывалдзіс Страўтманіс для Музея гісторыі медыцыны імя Паўла Страдыня. Увосень 1976 г. мне дапамаглі сфатаграфаваць гэты партрэт: перанеслі з залы № 19 на прыступкі будынка.

-


А ў снежні 1990 г. у гэтым “скарынаўскім” Музеі сустракаў беларускую дэлегацыю сын прафесара Паўла Страдыня – акадэмік Яніс Страдыньш. На тым ушанаванні з В. Чамярыцкім, А. Лецкам быў рыжанін Вячка Целеш, чый партрэт Скарыны сябраваў над сцэнай з бел-чырвона-белым сцягам ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Подпіс пад гэтым дасканалым партрэтам таксама адпавядаў узнёсласці свята: “У лекарскіх навуках доктар Ф. Скарына”.

З удзячнасцю згадваецца і яшчэ адна цудоўная праца Вячкі Целеша, дзе ён паказаў “першыя крокі ў свет” яшчэ юнага Францішка. Згодны я з творчымі спадзевамі мастака Вячкі , што будучы лекар і друкар наведваў Рыгу разам з бацькам Лукой, які меў там сваю “кантору”, у якой служыў пляменнік Раман Скарына. Ганзейскі гандлёвы і палітычны саюз, да якога быў далучаны і Полацак, спрыяў іх стасункам. Нездарма ў канцэртнай зале рыжскай філармоніі, былым Мюнстэрскім зале Вялікай гільдыі, сярод гербаў гарадоў свету, з якімі гандлявала Рыга, і сёння можна ўбачыць такі знак — над трызубавай каронай надпіс: “Контора в Полоцке”.

1000 гадоў таму Рыга дабраславіла вялікі гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”, які злучыў рыжскі Крэўскі двор з Крэўсгорадам (Крэйцбургам-Крустпілсам), Дрысенскім замкам, полацкія харомы з віцебскімі, смаленскімі… У 1453 г. у Рызе была ўзведзена царква св. Мікалая, апекуна падарожнікаў, купцоў. Згадваецца Крэўскі канец ад царквы Якуба-брукаванка крывічоў, якіх пазней пачалі называць балткрэвамі.

Ох, вернемся да 85-гадовай даўнасці. А дапаможа даўні фотаздымак, на якім прачытваюцца такія словы:”Рыская д-ра Францішкі Скарыны Беларуская гімназія Т-ва беларускіх вучыцялёў. І вып. 1932-33 нав. гады. Партрэты настаўнікаў на вуліцы Віцебскай, 24 пазначаны подпісамі. Учытваюся: А. Радзько, К. Езавітаў, С. Сіцько, Ф. Клагіш, Я. Клагіш, П. Мірановіч, П. Масальскі, А. Кастылюк, К. Мяжэцкі…
Сёлета Скарына “пасяліўся” у Рызе ў выглядзе шыкоўных юбілейных падарункавых выданняў. Мінск быў шчодры. Будзем спадзявацца, што “прысутнасць” Скарыны і яго Бібліі ў Латвіі будзе рознымі спосабамі напаўняцца.

На здымку: партрэт Ф. Скарыны ў Музеі гісторыі медыцыны, створаны Талывалдзісам Страўтманісам (6.ХІ.1922-17.ІХ.1995). Фота С. Панізьніка пры дапамозе супрацоўніцы музея Ліліі Ксенафонтавай.. 13.Х.1976 г.

З паклонам – кавалер ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі
Сяргей Панізьнік

2017 год у Беларусі і па за яе межамі шырока адзначаўся як 500-ыя ўгодкі з моманту выдання ў Празе Францыскам Скарынам друкаванай Бібліі на беларускай мове. „500-ГОДНАСЦЬ” –  пад такім дэвізам ладзіліся па ўсяму свету і ў гарадах, пасёлках і вёсках нашай Радзімы шматлікія імпрэзы. Не засталіся ў баку і ад такой даты і сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак”. Хоць і са спазненнем, напрыканцы года, 2  снежня адзначылі ў Рызе пяцівекавы юбілей беларускага кнігадруку. Але затое, што нячаста апошнім часам у нас бывае, з удзелам запрошанага госця з Беларусі – краязнаўцы, публіцыста, літаратурнага крытыка і выдаўца Міхася Казлоўскага.

Спадар Міхась, бібліяфіл, як ён сябе называе, зусім не выпадкова ўжо другі раз на працягу некалькіх гадоў наведвае па запрашэнні „сьвітанкаўцаў” Рыгу. Апошнім часам ён вельмі значную частку сваіх сіл і часу аддае на адраджэнне амаль забытых, малавядомых шырокаму колу беларусаў імёнаў беларускіх літаратараў Латвіі міжваеннага перыяду 20-га стагоддзя. Як ён распавядаў сябрам таварыства і гасцям імпрэзы, заахвоціў гэтай тэматыкай яго адзін cа стваральнікаў таварыства „Сьвітанак” паэт Сяргей Панізнік, з якім разам яны падрыхтавалі да выдання  першую кнігу геніяльнага, на погляд спадара Міхася, беларускага  пісьменніка з Латвіі Віктара Вальтара “Выбраныя творы”.  Пасля ў 2015 г. ім была выдадзена кніга „Вольга Сахарава. Сяргей Сахараў “Выбраныя творы” і шэраг іншых. Спадар Міхась вельмі цікава распавядаў пра Францыска Скарыну, а таксама прэзентаваў на свяце дзве новыя выдадзеныя ім кнігі: „Пятро Сакол.  Валянціна Казлоўская. “Выбраныя творы”. (2016 г.) і “Крывіцкія руны” Выпуск ІІ. 2017 г.  укладанне, прадмова і каментары  Міхася Казлоўскага і  Сяргея Панізніка. 

Да свята сябры таварыства падрыхтавалі невялікую выставу кніг, прысвечаных нашаму славутаму кнігадрукару. 9-ці гадовы Мікола Казак распавёў прысутным, што Францыск Скарына  ўшанаваны нават у далёкай Італіі, дзе ў Падуі, на сцяне побач з партрэтамі Галілея ды іншых вядомых вучоных вісіць і партрэт нашага славутага земляка. Імя Скарыны гучала з вуснаў шматлікіх выступоўцаў, у тым ліку дзяцей, што чыталі па-беларуску вершы, прысвечаныя першаму беларускаму кнігадрукару. Прыемна, што не абмінуў увагай нашу імпрэзу Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі спадар Аляксей Васількоў. А беларусы з’ехаліся на свята з усёй Латвіі, не толькі з Рыгі, але з Тукумса і нават з Цэсіса.

Імя Скарыны прагучала на свяце яшчэ з адной вельмі прыемнай для усіх прысутных нагоды. З вялікай радасцю мы даведаліся, што напярэдадні святкавання Указам прэзідэнта Беларусі медалём Францыска Скарыны была ўзнагароджана шматгадовая дырэктарка Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы  Ганна Іванэ. І хоць медаль на той момант яшчэ не даехаў да Латвіі, „сьвітанкаўцы” былі першымі, хто публічна павіншаваў свайго шматгадовага сябра Рады „Сьвітанка” з такой высокай і заслужанай узнагародай. Таксама сябры таварыства павіншавалі з 91-мі ўгодкамі найстарэйшага свайго сябра – доктарку фізічных навук Натальлю Пятроўну Цімаховіч. Астатнім беларусам трэба браць прыклад з Натaльлі Пятроўны, якая, не гледзячы на такі шаноўны ўзрост, цікавіцца беларускімі справамі і наведвае імпрэзы. Тры гадзіны праляцелі незаўважна, настолькі цікавай і прыемнай была сустрэча. Зала была захопленая расповедам госця з Беларусі, а таксама беларускімі песнямі ў выкананні гурта „Вытокі”.

Пасля імпрэзы некаторым латвійскім беларусам пашчасціла стаць уладальнікамі рэдкіх, дыхтоўна выдадзеных невялікімі тыражамі намаганнямі спадара Міхася Чарняўскага  кніг. Ганне Уладзіславаўне Іванэ з нагоды узнагароды медалём Ф. Скарыны спадар Міхась падараваў некалькі кніг, у тым ліку сборнік твораў агульных іх землякоў – аўтараў з Маладзечна. Аўтарка гэтых радкоў „праглынула” раман вышэйзгаданага Віктара Вальтара „Народжаныя пад сатурнам” у тую ж ноч 2 снежня, пасля сканчэння імпрэзы. Падзеі рамана, фактычна аўтабіяграфічнага, адбываюцца ў міжваеннай Празе, дзе галоўны герой, студэнт-беларус атрымаў стыпендыю на навучанне ў Пражскім універсітэце ад чэшскага ўраду.

Пасля урачыстай часткі, за традыцыйным святочным сталом вырашылі, што варта збірацца часцей ды азначыць Каляды і Новы год 13 студзеня 2018 года. Шаноўныя латвійскія беларусы, сачыце, калі ласка, за абвесткамі на сайце таварыства „Сьвітанак”.

Латвійскае таварыства беларускай культуры „Сьвітанак” выказвае шчырую падзяку Міністэству культуры Латвіі за фінансавую падтрымку імпрэзы з удзелам ў святкаванні госця з Беларусі.

 Прыклад чыстай любові,

якой не скарылі, даў Скарына…

Праз пяць мімалётных вякоў

у праслаўленым Полацку,

мовай Скарыны

уваскрошаны з праху,

спаткаемся зноў…

 Таццяна Казак,

сябра Рады  ЛТБК „Сьвітанак”

На здымках:

-

Выстава кніг, прысвечаных Францыску Скарыне

-
Традыцыйна гучыць “Магутны Божа”

-
Госць з Беларусі Міхась Казлоўскі


-
Пра першага беларускага кнігадрукара распавядае Вячка Целеш

-

Беларускія песні спявае гурт “Вытокі”

-
Верш чытае  5-ці гадовая Сафія Улманэ

-
Мікола Казак чытае верш Д. Бічэль-Загнетавай “Словам Скарыны”


-
Доктар фізічных навук Натальля Пятроўна Цімаховіч


-
 Прамаўляе дырэтар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ

-

29 снежня медаль Францыска Скарыны быў уручаны Ганне Іванэ ў МЗС Беларусі ў Мінску.

11 лістапада 2017, 10:45



У Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы адкрылася выстава «Два Яны. Сустрэча ў Менску», якая ладзіцца ў межах міжнароднага праекту, прысьвечанага народным паэтам Беларусі і Латвіі Янку Купалу і Яну Райнісу.

Першая выстава праекту — «Два Яны. Сустрэча ў Рызе, якая не адбылася» — прайшла ў верасьні ў рыскім музэі Райніса і Аспазіі. Менская частка праекту прысьвечаная сустрэчы двух Янаў, якая адбылася ў беларускай сталіцы з нагоды знакавай для Беларусі падзеі — Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, што праходзіла ў лістападзе 1926 году.

Але гэта не адзінае, што зьвязвае Райніса зь Беларусьсю. Маці выбітнага паэта Яна Райніса Дарта Пліекшанэ (з роду Грыкоўскіх) мела беларускія карані і пахаваная ў Віцебску.

Экскурсію па экспазыцыі выставы правялі дырэктарка Асацыяцыі мэмарыяльных музэяў Латвіі Рыта Мэйнэртэ і загадчыца аддзелу навукова-экспазыцыйнай і выставачнай работы музэю Янкі Купалы Марыя Барткова.

Марыя Барткова і Рыта Мэйнэртэ

Марыя Барткова і Рыта Мэйнэртэ

Янка Купала запрасіў Райніса ўдзельнічаць у міжнародным навуковым форуме — Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі — на знак павагі і ўдзячнасьці латыскаму паэту, які як дэпутат Сэйму Латвіі адстойваў правы беларускага насельніцтва, падтрымліваў беларускія школы і гімназіі, а таксама спрыяў пастаноўцы камэдыі «Паўлінка» ў 1924 годзе на сцэне Нацыянальнага тэатру Латвіі.

Разам з Райнісам з Латвіі ў Менск прыехалі ў 1926-м дацэнт Латвійскага ўнівэрсытэт Эрнэстс Блесэ, дырэктар Беларускай гімназіі ў Люцыне Ўладзімер Пігулеўскі, рэдактар газэты «Голас Беларуса» Кастусь Езавітаў.

Ва ўспамінах Вацлава Ластоўскага ёсьць згадка, як сустракалі Райніса на менскім вакзале, пасялілі ў гатэль «Эўропа». У экспазыцыі выставы — рэдкая фатаграфія Яна Райніса, якую ён зрабіў у атэлье мастацкай фатаграфіі «Трудколлектив» на вуліцы Савецкай, 73 у Менску. Аўтар здымку невядомы, а падараваў яго рыскаму музэю паэт і перакладнік Язэп Пушча.

Таксама ёсьць здымак, дзе поруч з Райнісам — Янка Купала і сябры літаратурна-мастацкага згуртаваньня «Ўзвышша» Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны, Зьмітрок Бядуля, Кандрат Крапіва.

Масква тады выказала незадаволенасьць гэтай менскай канфэрэнцыяй. Пазьней канфэрэнцыя была абвешчаная «зьездам беларускіх нацыяналістаў і контрарэвалюцыянэраў». Многія ўдзельнікі «нацдэмаўскага генэральнага зьлёту», як яго назвалі, былі рэпрэсаваныя. Не ўратаваліся і трое «ўзвышэнцаў» са згаданага фатаздымку — Дубоўка, Бабарэка, Пушча.

Ян Райніс у 1926 годзе прыходзіў у госьці да Купалы ў знакаміты менскі «дом над таполяй», які меў славу літаратурнага салёну. На выставе — сэрваваны стол, за якім паэты маглі піць каву ці гарбату, а таксама асабістыя рэчы паэтаў — кардыган, шаўковы шалік, капялюш, халат, купальны касьцюм.

Ва ўсе часы на працоўным стале Янкі Купалы знаходзіўся партрэт Яна Райніса.

Таксама выстаўленая карціна мастака Мікалая Гусева, напісаная ў 1959 годзе: Райніс і Купала ў доме беларускага паэта.

Цікава, што абодва паэты ў сваім убраньні спалучалі клясычныя гарнітуры з элемэнтамі народнага адзеньня — саматканымі пасамі, скуранымі аксэсуарамі. У экспазыцыі выстаўленая і кніга Купалы «Безназоўнае», якую аўтар уласнай рукой падпісаў Яну Райнісу.

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Латвіі ў Беларусі Мартыньш Вірсіс падкрэсьліў, што выставачны праект рэалізуецца напярэдадні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Латвіі, якое будзе адзначацца 18 лістапада 2018 году.

Мартыньш Вірсіс (Mārtiņš Virsis)

Мартыньш Вірсіс (Mārtiņš Virsis)

Амбасадар заўважыў, што першыя вершы Ян Райніс напісаў па-нямецку, бо вучыўся ў нямецкай гімназіі ў Рызе. Зь дзяцінства паэт быў знаёмы і зь беларускай мовай, бо нарадзіўся на паўднёвым усходзе Латвіі, у Латгаліі. А потым прыйшло асэнсаваньне каранёў, і перайшоў ён на латыскую мову. Купалу і Райніса абʼядноўвае, на думку амбасадара Вірсіса, іхны ідэалізм, вера ў гуманізм.

Загадчыца аддзелу навукова-экспазыцыйнай і выставачнай работы Марыя Барткова паведаміла, што ў пэрспэктыве — выданьне альбому, прысьвечанага Янку Купалу і Яну Райнісу.


Іна Студзінская

www.svaboda.org

05 красавіка 2017, 16:56

Упершыню Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначала знамянальную дату ў айчыннай гісторыі – Дзень 25 сакавіка – ў 1989-м годзе. З таго часу святкаванне ўгодкаў абвяшчэння БНР стала непарушнай традыцыяй ў таварыстве. І сёлета ў гонар Акту 25 сакавіка сябры таварыства і госці сабраліся ў будынку Латвійскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў імя Іты Казакевіч, каб адзначыць гэтую векапомную для беларусаў дату.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся сябра Рады “Сьвітанка” Вячка Целеш, які зачытаў віншавальныя лісты, якія паступілі ў адрас таварыства. Яўген Манжос зрабіў невялікі экскурс у гісторыю і нагадаў прысутным пра тыя падзеі,  калі была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка.
З невялікім канцэртам перад прысутнымі выступіў гурт беларускай народнай песні «Вытокі». Гледачы цёпла сустрэлі выступленне самадзейных артыстаў.
Для латвійскіх беларусаў гэтая дата адметнае яшчэ і тым, што менавіта 25 сакавіка святкуецца дзень нараджэння першай беларускай супольнасці ў Латвіі – таварыства “Бацькашўчына”. Менавіта “Бацькаўшчына” заклала падмурак дзейнасці беларускіх адраджэнцаў у Латвіі. Сябры «Сьвітанка» ў гэты дзень падвялі вынікі дзейнасьці свайго таварыства за справаздачны год. Аб праведзеных у 2016 годзе мерапрыемствах  распавялі сябры Рады Таццяна Казак і дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ.  Абралi 9 чалавек у Раду, склад яе абнавіўся, Рада папоўнілася новымі сябрамі. Старшынёй таварыства зноў пераабралі Ірыну Кузьміч.


 Таццяна Казак

Здымкі аўтара

-

Выступае старшыня “Сьвітанка” Ірына Кузьміч
 

 

-

Прамова Яўгена Манжоса

-

Прывітальнае слова ад Вячкі Целеша
 

18 снежня 2016, 11:38

17 снежня 2016 г. у Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак” адзначылі адразу два юбілеі.

Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, паэт, празаік, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, гісторык літаратуры.

Ён пакінуў свайму народу вельмі значную творчую спадчыну, хоць жыццё яго было надзвычай кароткім, а лёс нелітасьцівым. Пражыў ён усяго 25 гадоў.

А я пражыла на свеце ўжо ў 3 разы больш, чым ён. І калі паміраюць такія маладыя, прыгожыя, таленавітыя, я пытаюся: ,,Чаму такая несправядлівасць? Можа яны вельмі патрэбныя Богу і ён іх забірае да сябе?” Я вельмі спадзяюся на гэта… І тады становіцца трошкі лягчэй.

Нарадзіўся Максім Багдановіч 9 снежня 1891 года ў Мінску; таму ў бягучым, юбілейным 2016 годзе родная Беларусь і беларусы ва ўсім свеце вельмі масштабна адзначаюць яго 125-гадовы юбілей. Я таксама рыхтавалася да гэтага свята і брала ўдзел у святочнай імпрэзе, прысвечанай 125-гадоваму юбілею Максіма Багдановіча, якую ладзілі актывісты Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” у Рызе. Вялікую падзяку хачу выказаць нашай шчырай беларусцы, экс-старшыні “Сьвітанка” Таццяне Казак, якая вельмі шмат зрабіла для правядзення гэтага мерапрыемства. Я са школы была закаханая ў многія творы Багдановіча, але толькі цяпер я адкрыла для сябе Багдановіча так шырока.

Святочная імпрэза праводзілася 17 снежня 2016 г. у адной з залаў дома Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Сярод гасцей выпадковых людзей не было. Прыйшлі аматары творчасці Максіма Багдановіча. Старшыня “Сьвітанка” Ірына Кузьміч прывяла з сабой дачушку, якой толькі 4 гады, а Таццяна Казак — сына Міколку, які вучыцца ў другім класе. Мікола Казак – сапраўдны беларус. Ён добра размаўляе на беларускай мове, ведае шмат вершаў і песень па-беларуску, заўсёды вельмі актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах “Сьвітанка”.

Дзякуючы дырэктару Беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Рызе Ўладзіславу Рэдзькіну, усе прысутныя атрымалі магчымасць агледзець цудоўную выставу з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і філіяла “Літаратурнага музея Максіма Багдановіча” з Мінска “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць”. Вельмі цікава экскурсію па выставе правяла дырэктар асноўнай Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ. Багата ілюстраваная выявамі фотаздымкаў, паштовак, аўтографаў, арыгіналы якіх у асноўным захоўваюцца ў фондавай калекцыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, выстава дае магчымасць скласці ўяўленне пра дзіцячыя і юнацкія гады паэта, яго сяброў і родных, пра  вучобу Максіма ў гімназіях Ніжняга Ноўгарада, Яраслаўля і Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі, прасачыць асаблівасці станаўлення яго асобы і паэтычнага таленту. 

Усе прысутныя атрымалі на памяць падарунак – паштоўку з фатаздымкам Максіма Багдановіча. З яе глядзіць малады чалавек вялікай абаяльнасці. Сапраўды, Максім быў вельмі прыгожым юнаком высокага росту, з густымі, хвалістымі каштанавымі валасамі, з блакітнымі вачамі. Яго ласкава называюць “цвятком Радзімы”. Удзельнікі агляду ўбачылі на выставе фотаздымкі бацькоў паэта, двух братоў, сяброў, гарадоў і мясцін, дзе жыў, вучыўся і працаваў паэт, куды пераязджала сям’я Багдановічаў пасля смерці маці. Максім Багдановіч самастойна вывучыў беларускую мову па кніжкам, жывучы ў Расііі.

На свяце  Ганна Іванэ прадставіла пажаўцелы ад часу адзіны друкаваны пры жыцці паэта  зборнік твораў М. Багдановіча ,
“ВЯНОК”, у якім змешчана 100 верўшаў і 2 паэмы. Цікава, што фундатарам выдання зборніка была Магдалена Радзівіл. Калі ў 1917 годзе ў Ялце ад сухотаў Максім Багдановіч памёр, каля яго ложка знайшлі лісток, на якім паэтн напісаў свае апошнія ў жыцці чатыры радкі:

 У краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

 Алег Лукашэвіч, аўтар цудоўнага фільма пра Максіма Багдановіча, гаворыць: “Максім Багдановіч – гэта цэлая планета, на якой можна знайсці ўсё, што патрэбна для душы, для супакаення, насычэння, каб зразумець, хто мы на гэтай зямлі.” 
Творы Максіма Багдановіча – гэта скарб для чытача. Яны саграваюць сэрца. На яго вершы кампазіторы напісалі шмат вельмі прыгожых песень.

На нашай святочнай юбілейнай імпрэзе гучалі вершы і песні ў выкананні сяброў таварыства і гасцей вечарыны Наталлі Камілеўскай, Эльвіры Гамершміттэ, Таісіі Бачкаровай ды іншых. Я акапэльна праспявала песню “У Максіма на кашулі”, якая мне вельмі падабаецца. Гучалі таксама “Вераніка”, “Не кувай ты, шэрая зязюля” ды іншыя песні на словы славутага юбіляра. Напрыканцы першай часткі вечарыны ўсе разам мы праспявалі цудоўны раманс “Зорка Венера”.

Гэта быў не адзіны юбілей, які мы адзначылі 17 снежня. Другая частка шмпрэзы была прысвечана 90-гадоваму юбілею Наталлі Пятроўны Цімаховіч. Прысутнасць юбіляркі на імпрэзе, магчымасць падараваць ёй  кветкі і  віншаванні  была радасным і  каштоўным   перажываннем  для кожнага сябра таварыства.

 Нашай найстарэйшай у “Сьвітанку” юбілярцы я прысвяціла верш. У маім вершы выказваю свае пачуцці, пажаданні і адносіны да гэтай легендарнай жанчыны.

 БЕЛАРУСКАЕ СОНЕЙКА.

 Усё жыццё СОНЦА яна вывучала —

І сама нарэшце СОНЕЙКАМ стала!

Сёння сабрацца ёсць важкая прычына:

У нас ЮБІЛЯРКА – ЛЕГЕНДА-ЖАНЧЫНА!

Вядомы вучоны, доктар навук фізычных,

Перакладчыца дайнаў і твораў паэтычных!

Яна нарадзілася, расла ў Рызе.

Багацця ў бацькоў наогул не было,

Але вось дзякуючы кнізе,

Яна пазнала навукаў святло

І ў іх дасягнула сапраўдных высотаў.

ВЯЛІКУЮ ДА ВУЧОБЫ МЕЛА АХВОТУ!

Школа, гімназія, універсітэт.

І Наталля Пятроўна раскрывае сакрэт:

У розных рэдакцыях ёй вельмі рады.

Праз газэту “Звязда” яна дае парады:

1. “ВУЧЫЦЦА НЕ ЛЯНУЙЦЕСЯ Ў ЛЮБЫМ УЗРОСЦЕ,

БО ТОЛЬКІ Ў РАЗВІЦЦІ ЁСЦЬ ПЭЎНЫ РУХ!”

Так што ў чалавека ВЫБАР ПРОСТЫ:

“ЖЫЦЦЁ або ЗАСТОЙ”- адно  з двух!

2″ТРЭБА ЗАЎЖДЫ ЦІКАВІЦЦА І МАРЫЦЬ, МАРЫЦЬ, МАРЫЦЬ…

Тады дэпрэсія не прыдзе і пачакае старасць!”

3. “КАБ ВАМ ЗАЎЧАСНА НЕ СТАРЭЦЬ,

ЗАЙМАЙЦЕСЯ ЛЮБІМАЙ СПРАВАЙ!” –

Так лічыць юбіляр па праву,

Бо аккурат яна знайшла такую справу.

Навука заўжды і вабіла яе, і звала.

У Акадэміі навук яна ў Рызе працавала.

Вывучала ГАЛАКТЫКІ і СОНЦА законы.

НАТАЛЛЯ ПЯТРОЎНА – ВЯДОМЫ ВУЧОНЫ.

Яна гаворыць: “СОНЦА ВЕЛЬМІ РОЗНАЕ,

ТАМУ БУДЗЬЦЕ З ІМ АСЦЯРОЖНЫЯ!”

Працаздольнасць яе проста здзіўляе.

Упэўнена: САМ БОГ ЁЙ ДАПАМАГАЕ,

А яшчэ ХАРАКТЭРА НАДЗЕЙНЫ БЕЛАРУСКІ СКЛАД!

І праца ў яе заўжды йшла на лад.

На шасці замежных мовах размаўляе.

Каля трохсот навуковых работ яна мае.

З іх 20 публікацый можна прачытаць.

Яшчэ цікавы момант хочацца дадаць.

ГАВОРЫЦЬ НА ЧЫСЦЮТКАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ,

Хоць ў Беларусі ніколі не была.

Размоўную сама пазнала меней-болей,

А вось літаратурную ГІМНАЗІЯ Ў ІНДРЫ ЁЙ ДАЛА.

Слова ДЭПРЭСІЯ ЁЙ НЕ ЗНАЁМА!

І толькі як выйдзе яна з дому,

ЗАМЕСТ таго, каб ІСЦІ Ў АПТЭКУ–

ПОЙДЗЕ Ў БІБЛІЯТЭКУ!

Там пасядзіць гадзіну – другую,

І значна лепей сябе адчуе!

ЯЕ ГАЛАВА – ГЕНЕРАТАР ІДЭЙ!!!

І З ІМІ ІДЗЕ ЯНА ДА ЛЮДЗЕЙ.

НАТАЛЛЯ ПЯТРОЎНА! З ЮБІЛЕЕМ ВАС ВІНШУЕМ!

МЫ ВАС ВЕЛЬМІ ЛЮБІМ, ПАВАЖАЕМ І ШАНУЕМ!

УСЕ СЯБРЫ “СЬВІТАНКА” І Я АСАБІСТА

ЖАДАЕМ, КАБ НЕБА ЗАЎЖДЫ БЫЛО ЧЫСТЫМ

НАД ВАШЫМ ШЛЯХАМ, НАД ВАШЫМ ДОМАМ,
КАБ ВЫ НЕ ГУБЛЯЛІ ДОБРЫХ ЗНАЁМЫХ!

 
ВАШ ЮБІЛЕЙ ТАКІ ЗНАКАВЫ І ПРЫГОЖЫ!

І НЯХАЙ ВАМ ДАСЦЬ МАГУТНЫ БОЖА

З НАМІ СВЯТКАВАЦЬ і 100 СВАІХ ГАДОЎ!

ВАС БУДЗЕ САГРАВАЦЬ ЗАЎЖДЫ НАША ЛЮБОЎ!

ШЧАСЦЯ, ЗДАРОЎЯ ВАМ, НОВЫХ ІДЭЙ

І ПОБАЧ МЕЦЬ СУМЛЕННЫХ ЛЮДЗЕЙ!

А СЯБРЫ – БЕЛАРУСЫ НЕ ПАДВЯДУЦЬ:

РУКУ ДАПАМОГІ ЗАЎЖДЫ ПАДАДУЦЬ!!!

Людміла Яновіч. г Рыга 


 На здымках :

-

Дырэктар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ знаёміць з выставай,  прысвечанай Максіму Багдановічу

-

 Спявае Мікола Казак

-

Гучыць песня   “У Mаксіма на кашулі”(музыка Ул. Мулявіна) ў выкананні Людмілы Яновіч


Песня “Не кувай ты, шэрая зязюля” ў выкананні Эльвіры Гамершміттэ. Акампануе Наталля Камілеўская


Вершы Багдановіча чытае Таісія Бачкарова

-

Доктар фізічных навук  Наталля Цімаховіч
-

Віншаванні і найлепшыя пажаданні юбілярцы ад “світанкаўцаў”

15 снежня 2016, 10:14

 Выставай “Уражанні беларускіх мастакоў у Балтыі” адзначыла свой 25-гадовы юбілей у Рызе вядомая творчая суполка “Маю гонар”

-

На святочным вернісажы выступае кіраўнік суполкі Вячка Целеш (злева)

Творчыя почыркі ў супляменнікаў, што стварылі ў 1991 годзе ў Рызе Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, самыя розныя. Аднак усе яны маюць гонар належаць да беларускага свету. І не хаваюць таго, жывучы ў Эстоніі, Латвіі, Літве ці Швецыі. З нагоды юбілею суполкі яны і зладзілі выставу ў галерэі Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Вернісаж быў 17 лістапада.

Старшынюе ў аб’яднанні па-ранейшаму Вячка Целеш: мастак, даследчык беларускай гісторыі, культуры і мастацтва, грамадскі дзеяч. Гэта чалавек вялікай душы і вялікай адказнасці за справу, якой даўно займаецца. Дзякуючы яму ды ягоным паплечнікам і зладзілася прыгожая, цёплая імпрэза. Свята сабрала як мастакаў, так і аматараў мастацтва, якім блізкая да таго ж беларуская мова, нашы песні. Сімвалічна, што вернісаж прайшоў напярэдадні 98-й гадавіны абвяшчэння Латвійскай дзяржавы: дзень 18 лістапада – светлы і святы для кожнага грамадзяніна Латвіі. Карціны беларускіх мастакоў – гэта як святочны феерверк, прыгожы падарунак Латвіі.

На выставе сабраны творы 23-х мастакоў суполкі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, выкананыя ў розных тэхніках: жывапіс, графіка, фотамастацтва. Латвію прадстаўляюць Ганна Пейпіня, Надзея Ізянёва, Аліна Літвіненка, Ірына Трумпель-Сабалеўская, Алена Раманенка, Вольга Кажамяка, Ірына Кароль, Тамара Насенка, Людміла Жэлабоўская, Алена Ціхамірава, Васіль Малышчыц, Анатоль Ермаковіч, Пётр Худабчонак, Лявон Маствілішскі ды Вячка Целеш. З Літвы – працы Алега Аблажэя, які, на жаль, сёлета адышоў у іншы свет. Яго творы, а таксама свае на выставу прывезла Крысціна Балаховіч. З Эстоніі прынялі ўдзел у выставе Маргарыта Астравумава, Генадзь Курлянкоў і Людміла Прыбыльска, са Швецыі – Кацярына Осберг і Ян Кузміцкі.

Звычайна святы ўпрыгожваюцца жывымі кветкамі, на якія Рыга вельмі шчодрая. І падалося мне пад час вернісажу: на нейкі момант хораша паядналіся кветкі віншаванняў у руках мастакоў і кветкі на палотнах, жыццё якім далі працавітыя пэндзлі. У кожным позірку ўдзельнікаў імпрэзы ззяла ўдзячнасць за падараванае свята, за сустрэчу з высокім мастацтвам, а яшчэ й гонар за нашу агульную Радзіму-Беларусь.

Як і належыць, госці прыйшлі з падарункамі. Музычнае віншаванне прысвяціў мастакам маэстра Рафі Хараджанян, гаспадар у галереі. Упрыгожыў свята і Алесь Камоцкі з Мінска – паэт, спявак, сябар Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ён спяваў вядомы раманс “Зорка Венера” на верш Максіма Багдановіча, іншыя цудоўныя творы. Алесь зачытаў віншаванне, якое даслала юбілярам “Бацькаўшчына”. Выставу не пакінула без увагі Амбасада Беларусі ў Латвіі: з віншаваннем і пажаданнем творчых поспехаў звярнуўся да мастакоў Аляксандр Сушкевіч, Першы сакратар Амбасады. Віншавалі мастакоў сябры, знаёмыя: ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” – старшыня суполкі Ірына Кузміч, ад супляменнікаў Даўгаўпілса – кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская. Пры падтрымцы Мінкультуры Латвіі, рыжскай Думы, беларускіх прадпрымальнікаў да юбілею выйшаў цудоўны буклет, яркая афіша, былі разасланыя прыгожыя запрашэнні.

Увесь вечар у святочнай зале панаваў прыўзняты настрой, гучала музыка. Час праляцеў хутка, ды сябры не хацелі разыходзіцца. Былі да месца размовы, песні, мары, святочныя напоі ды найсмачнейшыя ў свеце дранікі. А заключным акордам вечарыны прагучалі родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”.

Дарагія мастакі, з юбілеем вас! Здароўя вам, гармоніі ў душах, і мноства светлых колераў у палітры вашых жыццяў, і мноства прыемных паўтонаў у палотны вашых лёсаў!

Ганна Іванэ, дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы