25 верасьня 80-гадовы юбілей адзначае адзін з найбольш актыўных і пасьлядоўных рупліўцаў беларушчыны за мяжой Вячка Целеш.
Ён аб’яднаў самыя розныя сфэры дзейнасьці на карысьць беларускай справы: мастак, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» і аб’яднаньня беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», арганізатар і дырэктар першай беларускай школы ў Рызе; ён быў у Кансультацыйнай радзе пры ўсіх прэзыдэнтах, абараняў інтарэсы беларусаў. Ягоныя высілкі годна адзначаныя ўладамі Латвійскай Рэспублікі, ён кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Трох Зорак.
Круглую дату Вячка Целеш адзначыў пэрсанальнай выставай, якая ахапіла ўвесь пэрыяд ягонай мастацкай творчасьці – ад студэнцтва да сталасьці.
- Спадар Вячаслаў, шчырыя віншаваньні з 80-годзьдзем! Як зьбіраецеся адзначыць сьвята?
- Сёньня проста прымаю віншаваньні – усё ж будны дзень, ва ўсіх свае справы. Сходзім у выходныя з жонкай і блізкімі мне людзьмі ў рэстаран, крыху пасядзім, адзначым… Галоўным для мяне было адкрыцьцё выставы – дзякуй Богу, усё атрымалася. Прыйшло шмат людзей: аднакурсьнікі, нашы актывісты, вядомыя людзі Латвіі. Вельмі прыемна.
Пэрсанальная выстава Вячкі Целеша
Найлепшае адзначэньне – гэта прызнаньне тваіх высілкаў. Усьцешыла, што адгукнуліся і на ўрачыстае адкрыцьцё ў галерэю прыйшлі беларусы, латышы, прынесьлі мне цэлы воз кветак, арганізавалі канцэрт. Агулам выставіў больш за 60 прац – ад графікі да жывапісу. Таксама я напісаў кнігу пра беларускіх мастакоў Латвіі. Цяпер вось маю клопат пастарацца яе выдаць сёлета. Здаў адзін праект, цяпер трэба пасьпець з другім, каб атрымаць фінансаваньне зь дзяржаўных фондаў.
- Латвійскія ўлады таксама адрэагавалі, не засталіся ўбаку?
- Міністэрства культуры Латвіі ўзнагародзіла ганаровай граматай, былі адтуль прадстаўнікі, таксама віншавалі. Ну і беларуская амбасада ўспомніла, падаравалі копію мапы Вялікага Княства Літоўскага, арыгінал якой у адзіным экзэмпляры захоўваецца ў Швэцыі. Таму, паўтаруся, мой юбілей адзначаны перадусім адкрыцьцём пэрсанальнай выставы. Я яе назвай «Гадоў датыкненьне», бо хацеў паказаць свой шлях ад самага пачатку: пачынаючы з падрыхтоўчых курсаў у Латыскай акадэміі мастацтваў і да сёньняшняга дня.
Праўда, значную колькасьць прац выставіць не ўдалося. Калі ў мяне забіралі ў 1993 годзе майстэрню, шмат карцін я перадаў у Беларусь. Цяпер яны ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, у Горадні, на маёй радзіме ў Ваўкавыску, у прыватных зборах.
Вячка Целеш
- Ці не абмяркоўвалася магчымасьць юбілейнай выставы ў Беларусі?
- Вы ж ведаеце, што я стаю пад нашым гістарычным сьцягам, гэта галоўнае. Я не крычу пра гэта, не размахваю рукамі; мая мэта – зьяднаць беларусаў на нацыянальным грунце. Так было заўжды. Ніхто не аспрэчыць, што я шмат рабіў і працягваю рабіць на карысьць Бацькаўшчыны.
Але праз тое, што ў некаторых момантах нашы пазыцыі з уладамі Беларусі разыходзяцца, мне дарога туды закрытая. І гэта тычыцца ня толькі вышэйшага кіраўніцтва. У тым жа Facebook вялікая колькасьць водгукаў на маю выставу, а беларускія калегі маўчаць. Хоць былі сябрамі: і я да іх наведваўся, і яны ў майстэрні маёй начавалі… Зрэшты, важна, што я адчуваю сябе ў Латвіі камфортна, мне прыемна, як да мяне тут ставяцца. Трэба проста рабіць сваю справу, не падкрэсьліваць, які ты вялікі герой і патрыёт.
- Ваш юбілей стаў своеасаблівым працягам іншай даты – 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сакавіку ў рамках сьвяточных імпрэзаў выстаўлялася ваша праца «Пад сьцягам „Пагоні”. Кастусь Езавітаў» – у гонар палітычнага дзеяча, які стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі камітэт.
- Гэта сапраўды наш вялікі юбілей, знакавая дата для ўсіх беларусаў. Я вельмі хваляваўся, каб імпрэза прайшла на годным узроўні. Спадзяюся, менавіта так яе і ацанілі. Прынамсі для тых, хто працуе на нашай ніве беларушчыны, гэтая падзея, безь перабольшаньня, эпахальная…
Дарэчы, і яшчэ ёсьць адзін юбілей – сёлета 30-годзьдзе сваёй грамадзкай і культурнай дзейнасьці адзначае наш «Сьвітанак». Таварыства паўстала ў 1988 годзе – гэта адна зь першых беларускіх суполак, да якой я непасрэдна прыклаў руку, знайшоў паплечнікаў. Толькі пазьней такія арганізацыі пачалі ўзьнікаць у Рызе і ў рэгіёнах. У нас пазыцыя была і застаецца адназначная: за незалежныя Беларусь і Латвію. Зь першага дня і да сёньня мы стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам…
Хто такі Вячка Целеш
Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёну) Горадзенскага ваяводзтва. Мастак, гісторык, пісьменьнік, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і Латвіі.
У 20-гадовым узросьце выправіўся ў Латвію, працаваў сьлесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленьне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазьней атрымаў ступень магістра мастацтва.
Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе. Адзін з арганізатараў таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», дзе ён намесьнік старшыні. Заснавальнік і кіраўнік суполкі беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», ініцыятар стварэньня беларускай школы, дзе працяглы час быў дырэктарам. Быў дацэнтам катэдры культуры і мастацтва Інстытуту мэнэджмэнту інфармацыйных сыстэмаў у Рызе.
Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і эксьлібрысаў выдатных беларускіх і латыскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.
Вячка Целеш – адзін з самых вядомых эўрапейскіх філякартыстаў: ягоны альбом «Гарады Беларусі на старых паштоўках» на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданьняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.
Аўтар біяграфічнай кнігі «Адсюль наш род, тут мой прычал», прысьвечанай радаводу краснасельскіх Целешаў.