16 снежня 2016, 19:58

6 снежня 2016 г. споўнілася 90 гадоў Наталлі Пятроўне Цімаховіч.

Н.Цімаховіч нарадзілася ў сям’і латгальскага беларуса, кандытара Пятра Адольфавіча Цімаховіча з мястэчка Піедруя і Кацярыны Канстанцінаўны з Касцюшкевічаў з ваколіц цяпер літоўскай Ігналіны.

У 1941 годзе скончыла Рыжскую асноўную школу імя Юрыса Нэйкена. У тым жа годзе, калі пачалася вайна, выехала з бацькам у Латгалію, у мястэчка Індра, дзе 2 гады вучылася ў Індраўскай беларускай гімназіі, якую ўзначальваў тады вядомы педагог і вучоны Сяргей Сахараў. У гімназіі яна добра авалодала беларускай літаратурнай мовай, на якой нават спрабавала пісаць вершы, спявала песні. Пасля вайны, у 1946 годзе, са срэбным медалём скончыла ў Рызе латышскую сярэднюю школу. Тады ж паступіла на фізіка-матэматычны факультэт Латвійскага ўніверсытэта, які паспяхова скончыла ў 1952 годзе.

Пасля ўніверсытэта ўвесь час, да выхаду на пенсію, Н.Цімаховіч працавала ў Астранамічнай абсерваторыіі Латвійскай акадэміі навук. У 1970 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю “Вялікія радыёўспышкі Сонца”. На тую ж тэму ёю зроблена звыш 20 навуковых публікацый. А ўсяго яна напісала больш за 300 навуковых работ пра Сонца, Галактыку і космас. Паралельна з навуковай працай у галіне радыёастраноміі Н.Цімаховіч прыклала шмат намаганняў для развіцця геліябіялогіі. З 1958 года яна з’яўляецца пастаянным аўтарам часопіса “Zvaigznota debess” Латвійскай акадэміі навук и Інстытута астраноміі Латвійскага ўніверсытэта.

Удзельніца шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцый. У 1992 годзе кандыдацкая дысертацыя Н.Цімаховіч была настрыфіцыравана Латвійскім ўніверсытэтам як доктарская.

Н.Цімаховіч і да сенняшняга часу актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.

Яна пераклала  на беларускую мову творы Яніса Порука, Яніса Яунсудрабіня і Яніса Райніса, даследуе латвійскія дайны. Наталья Пятроўна шмат пісала ў латвійскія цэнтральныя газеты пра жыццё беларусаў Латвіі, з’яўляецца сталым аўтарам урадавай газеты “Latvjas vēstnesis”.

Павіншаваць слынную беларуску, знакамітага вучонага і  цудоўнага чалавека Наталлю Пятроўну Цімаховіч з 90-гадовым юбілеям можна будзе 17 снежня бягучага года падчас імпрэзы, якую ЛТБК “Сьвітанак” будзе ладзіць у  будынку АНКТЛ імя Іты Казакевіч.

Прапануем Вашай увазе артыкул, прысвечаны Н.П.Цімаховіч, змешчаны на старонках газеты “Звязда” ў кастрычніку 2014 года

А на энергію Сонца спадзявацца не варта, пераканана беларуска, якая ўсё жыццё прысвяці­ла вывучэнню гэтай зоркі


Каб заўчасна не старэць, займайцеся любімай справай”

-

Заснавальніца латвійскай школы астраноміі сонца з гонарам называе сябе беларусачкай. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што ні разу не была ў Беларусі, размаўляла са мной на чыс­цюткай беларускай мове. Наталля Цімаховіч перажыла 2 франты, 6 улад, 2 акупацыі, але сён­ня, у свае 88, выглядае значна маладзей, чым многія аднагодкі… Калі выказваю здагадку, што сакрэт маладосці ў сонечнай энергіі, толькі загадкава ўсміхаецца…

«Вочы акругліліся, калі пачуў ад мяне родную мову»

Сустрэчу доктар фізіка-матэматычных навук прызначыла ў сценах Латвійскага ўніверсітэта не выпадко­ва. Кажа, што менавіта там пачаўся яе ўласны шлях да Сонца.

Жанчына-легенда аказалася на дзіва сціплай, нешматслоўнай, стрыманай. Працягнула мне візітку, з вы­явай Сонца, ды копію артыкула з латвійскага часопіса «Зорнае неба» на латышскай мове. Маўляў, пе­ракладайце, я вам тут нічога новага не скажу.

На мае пытанні Наталля Пятроўна адказвала вельмі лаканічна. Ці з-за таго, што вельмі стамілася, па­куль дабіралася па анамальнай спёцы ў цэнтр горада, ці я ў яе не выклікала даверу… Пасля развітан­ня засталося адчуванне недагаворанасці. І, як высветлілася, не толькі ў мяне адной…

Увечары на маім тэлефоне высвеціўся нумар Наталлі Цімаховіч. Голас у беларускі быў расчулены. «Я так рада, што вы прыехалі. Наша сустрэча – як глыток беларускага паветра, дзе я так, пэўна, ужо не пабываю…» І як на духу падрабязна распавяла, адкуль яна ведае мову, як у вайну сонца блыталі з во­рагам і што яе звязвае з намеснікам Латвійскага таварыства беларускай культуры «Світанак» Вячкам Целешам.

– Пра існаванне «Світанка» я даведалася выпадкова. У рукі трапіла газета з артыкулам пра аднаго з заснавальнікаў суполкі – мастака з трывалымі беларускімі каранямі Вячаслава Целеша. Калі ён пад­час сустрэчы пачуў ад мяне беларускую мову (я ж усё жыццё пражыла ў Латвіі), у яго акругліліся во­чы. Менавіта Целеш і прыцягнуў мяне да «світанкаўскай» працы. Я – арганізатар па натуры, дапамага­ла ладзіць вечарыны, прысвечаныя беларускаму і латышскаму фальклору, паміж якімі вельмі цесная сувязь. Перакладала творы Яніса Порука і Яніса Райніса. І сёння, калі просяць нешта перакласці з бе­ларускай на латышскую мову, ці наадварот, не адмаўляю.

«Мне пашчасціла вучыцца ў беларускай гімназіі»

– Наталля Пятроўна, адкуль так добра ведаеце беларускую мову? Самі ж сказалі, што ні разу не былі ў Беларусі?

– Чула яе ў сям’і з дзяцінства. Але то была не літаратурная, а дыялектная, ці, як кажуць, трасянка – сумесь латышскай, рускай і беларускай. Нарадзілася я ў сям’і латгальскага беларуса Пятра Цімахові­ча з мястэчка Піедруя (Прыдруйск), што знаходзіцца на правым беразе Даўгавы (Заходняй Дзвіны). Та­та, нягледзячы на тое, што яго продкі на жыццё зараблялі рыбай, вывучыўся ў Віцебску на кандытара і працаваў ім усё жыццё.

Бацькі пераехалі ў Рыгу за год да таго, як я нарадзілася. Але на мяжы з Беларуссю засталася жыць мая бабуля. Я часам ездзіла туды ў госці. У бабулі быў добры голас. Вельмі любіла слухаць, як яна спявала беларускія песні. Асабліва пра зязюльку… А скончыла я звычайную рыжскую школу, дзе, вя­дома, выкладанне вялося на латышскай мове. Цяжкія перажыванні прынёс нам 1941 год…

Вайна, паляванне на людзей, дэпартацыя… У Рызе кандытары больш нікому не былі патрэбны. Таму Пётр Цімаховіч са сваёй сям’ёй пераехаў у Латгалію, у мястэчка Індра. Там яму ўдалося знайсці працу ў хлебапякарні.

– Калі пачалася вайна, у газетах пісалі: «Не прапусціце ніводнага дня, нават гадзіны, вучыцеся, каб вайна не была апраўданнем перапынку ў вучобе». Дзяржаве былі патрэбны адукаваныя людзі, таму нас заахвочвалі вучыцца. Тых, хто не хацеў, адсылалі на працу ў Германію. Мяне ж, колькі сябе памя­таю, ад кніг за вушы было не адцягнуць. Чытаць навучылася рана, пяці гадоў яшчэ не было, па падруч­ніках царскіх часоў (бацькі жылі сціпла, на новыя кнігі грошай не было). Тата набываў іх на рынку, дзе прадаваліся розныя дробязі. Там у вялікіх мяхах можна было знайсці за некалькі сантымаў падручнікі па гісторыі, літаратуры, біялогіі, батаніцы, заалогіі. Больш за ўсё мне падабалася чытаць пра прыроду. Я ўжо тады ведала, што буду даследаваць яе.

Дык вось менавіта там, у Індры, – вяртаецца да тэмы Наталля Пятроўна, – мне пашчасціла два гады вучыцца ў беларускай гімназіі. Яе дырэктарам быў вядомы беларускі педагог і вучоны Сяргей Саха­раў, ён родам з Полацка. Як бачыце, знаходзіліся людзі, якія нават у часы нямецкай акупацыі думалі пра тое, як беларускіх дзяцей у Латвіі вучыць. Менавіта ў гімназіі я і авалодала беларускай літаратур­най мовай, на якой нават спрабавала пісаць вершы, спявала песні. Мовы мне заўсёды даваліся лёгка. І не толькі беларуская. Я магу на шасці розных мовах гаварыць, калі трэба.

Неўзабаве тату забралі на фронт. Пасля ранення яму ўдалося трапіць у нейкае ваеннае падраздзялен­не пекарам. А мы вымушаны былі выехаць і з Індры, бо там стала вельмі неспакойна жыць. Небасхіл пастаянна палыхаў, бо вельмі блізка былі пасяленні беларускіх партызан, якія немцы палілі. Недалёка, у беларускім горадзе Друя, ворагі расстрэльвалі яўрэяў у гета…

Сонца вельмі рознае – будзьце асцярожнымі

Наталля Цімаховіч даследавала Сонца практычна ўсё жыццё. Пасля ўніверсітэта прыйшла ў астрана­мічную абсерваторыю Латвійскай акадэміі навук, дзе і працавала ажно да самай пенсіі.

– 55 гадоў таму мы ўпершыню ў Латвіі прынялі і зарэгістравалі сонечныя радыехвалі. З таго дня пача­лі рэгулярна назіраць за Сонцам, расшыфроўваць код выпраменьвання гэтай загадкавай зоркі. Каб улоўліваць сонечныя ўспышкі, спачатку выкарыстоўвалі радыелакацыйную станцыю, якая засталася пасля вайны. Нам давялося прыстасоўваць яе для навуковых патрэб. Сучасным вучоным немагчыма нават уявіць, як у той час кожную металічную і радыётэхнічную дэталь даводзілася літаральна адваёў­ваць у ваенных міністэрствах. Неўзабаве мы пачалі будаваць у лесе абсерваторыю. Я была ў той гру­пе, якая канструявала радыётэлескоп…

-

На фота: Наталля Цімаховіч з Вячкам Целешам.

Калі гаворка зайшла пра вайну, Наталля Пятроўна распавяла пра тое, як у той час Сонца ўводзіла лю­дзей у зман.

– Прыборы, якія ўлоўлівалі сігналы небяспекі, перыядычна сігналізавалі: паблізу выбух. Нашы людзі думалі, што наступае вораг і, вядома, пачыналі рыхтавацца да абароны. Але часта гэтыя сігналы трыво­гі былі памылковымі: ворага паблізу не было. Як гэта так? А адкуль жа выбух?… Людзі былі ў разгубле­насці… Спачатку ўсё спісвалі на збоі прыбораў. Толькі пасля вайны зразумелі, што выбухі, аказваецца, сапраўды былі, але не тыя, пра якія яны думалі, а сонечныя. Гэта былі першыя знакі таго, што Сонца пасылае на зямлю радыехвалі, якія можа пераблытаць з радыёлакацыйнымі сігналамі ворагаў.

– Наталля Пятроўна, вы напісалі больш за 300 навуковых і папулярных работ пра Сонца, Галакты­ку і космас, абаранілі кандыдацкую дысертацыю «Вялікія радыеўспышкі Сонца». Якім дасягненнем га­нарыцеся больш за ўсё?

– Мы з калегамі даследавалі прамую сувязь паміж актыўным выпраменьваннем Сонца і арганізмам чалавека. Такім чынам я рэалізавала свой даўні інтарэс да медыцыны. Сёння нашай методыкай актыў­на карыстаюцца ў Латвіі. Разам з прагнозам надвор’я на наступны дзень, у навінах перадаюць і меды­цынскі прагноз. Усяго чатыры тыпы небяспекі: першы – можна гуляць спакойна, другі і трэці – трэба быць асцярожнымі, чацвёрты – высокая радыеактыўнасць, таму з дому лепш не выходзіць. А пачало­ся ўсё з таго, што аднойчы да нас звярнуліся дактары з курортаў. Яны былі заклапочаны тым, што вялі­кая колькасць турыстаў, у якіх былі праблемы з сэрцам, звярталася да іх па дапамогу. Справа ў тым, што на мора ў Юрмалу прыязджае шмат расіян, якія зусім не падрыхтаваны да нашага клімату. Таму медыкі і папрасілі нас даваць ім прагноз сонечнай актыўнасці на наступны дзень.

– Асабіста я – не аматар загараць. Але ў сезон на пляжах процьма людзей, якія дзеля прыгожага загару гатовы правесці на сонцы цэлы дзень.

– Сонца вельмі рознае, таму трэба быць асцярожнымі. Я не адкрыю Амерыку, калі скажу, што зашмат ультрафіялету не на карысць здароўю. Ён можа выклікаць рак скуры. «Сонечныя ванны» лепш пры­маць да абеду альбо пасля абеду. У абед жа, калі сонца самае суровае, рэкамендуецца бавіць час у цені.

На развітанне Наталля Пятроўна пажадала чытачам «Звязды» не ленавацца вучыцца. Адкрываць для сябе новы гарызонты трэба штодзень, незалежна ад узросту, лічыць яна. У развіцці рух. А так застой, стагнацыя, якія ні да чаго добрага не прывядуць. «Я, напрыклад, не ведаю, што такое дэпрэсія, бо заў­сёды нечым цікаўлюся. Не толькі Сонцам, шмат чаго ў жыцці, у навуцы цікавага. Мары таксама працяг­ваюць жыццё, нават завоблачныя. З дзяцінства вельмі люблю мора (Наталля Пятроўна – былая яхт­сменка клуба «Даўгава», займалася парусным спортам). Таму адна з маіх завоблачных мар – набыць дамок у Юрмале, каб правесці там сваю старасць. Мару, хоць і разумею, што жыць каля мора сёння могуць сабе дазволіць толькі заможныя людзі… Што тычыцца колькасці маршчын, то больш за ўсё жан­чыну старыць напружанне і стомленасць. Таму, каб заўчасна не старэць, займайцеся любімай спра­вай».

Надзея ДРЫЛА.

Мінск – Рыга – Мінск.

Фота аўтара.

газета “Звязда”

15 снежня 2016, 10:14

 Выставай “Уражанні беларускіх мастакоў у Балтыі” адзначыла свой 25-гадовы юбілей у Рызе вядомая творчая суполка “Маю гонар”

-

На святочным вернісажы выступае кіраўнік суполкі Вячка Целеш (злева)

Творчыя почыркі ў супляменнікаў, што стварылі ў 1991 годзе ў Рызе Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, самыя розныя. Аднак усе яны маюць гонар належаць да беларускага свету. І не хаваюць таго, жывучы ў Эстоніі, Латвіі, Літве ці Швецыі. З нагоды юбілею суполкі яны і зладзілі выставу ў галерэі Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Вернісаж быў 17 лістапада.

Старшынюе ў аб’яднанні па-ранейшаму Вячка Целеш: мастак, даследчык беларускай гісторыі, культуры і мастацтва, грамадскі дзеяч. Гэта чалавек вялікай душы і вялікай адказнасці за справу, якой даўно займаецца. Дзякуючы яму ды ягоным паплечнікам і зладзілася прыгожая, цёплая імпрэза. Свята сабрала як мастакаў, так і аматараў мастацтва, якім блізкая да таго ж беларуская мова, нашы песні. Сімвалічна, што вернісаж прайшоў напярэдадні 98-й гадавіны абвяшчэння Латвійскай дзяржавы: дзень 18 лістапада – светлы і святы для кожнага грамадзяніна Латвіі. Карціны беларускіх мастакоў – гэта як святочны феерверк, прыгожы падарунак Латвіі.

На выставе сабраны творы 23-х мастакоў суполкі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, выкананыя ў розных тэхніках: жывапіс, графіка, фотамастацтва. Латвію прадстаўляюць Ганна Пейпіня, Надзея Ізянёва, Аліна Літвіненка, Ірына Трумпель-Сабалеўская, Алена Раманенка, Вольга Кажамяка, Ірына Кароль, Тамара Насенка, Людміла Жэлабоўская, Алена Ціхамірава, Васіль Малышчыц, Анатоль Ермаковіч, Пётр Худабчонак, Лявон Маствілішскі ды Вячка Целеш. З Літвы – працы Алега Аблажэя, які, на жаль, сёлета адышоў у іншы свет. Яго творы, а таксама свае на выставу прывезла Крысціна Балаховіч. З Эстоніі прынялі ўдзел у выставе Маргарыта Астравумава, Генадзь Курлянкоў і Людміла Прыбыльска, са Швецыі – Кацярына Осберг і Ян Кузміцкі.

Звычайна святы ўпрыгожваюцца жывымі кветкамі, на якія Рыга вельмі шчодрая. І падалося мне пад час вернісажу: на нейкі момант хораша паядналіся кветкі віншаванняў у руках мастакоў і кветкі на палотнах, жыццё якім далі працавітыя пэндзлі. У кожным позірку ўдзельнікаў імпрэзы ззяла ўдзячнасць за падараванае свята, за сустрэчу з высокім мастацтвам, а яшчэ й гонар за нашу агульную Радзіму-Беларусь.

Як і належыць, госці прыйшлі з падарункамі. Музычнае віншаванне прысвяціў мастакам маэстра Рафі Хараджанян, гаспадар у галереі. Упрыгожыў свята і Алесь Камоцкі з Мінска – паэт, спявак, сябар Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ён спяваў вядомы раманс “Зорка Венера” на верш Максіма Багдановіча, іншыя цудоўныя творы. Алесь зачытаў віншаванне, якое даслала юбілярам “Бацькаўшчына”. Выставу не пакінула без увагі Амбасада Беларусі ў Латвіі: з віншаваннем і пажаданнем творчых поспехаў звярнуўся да мастакоў Аляксандр Сушкевіч, Першы сакратар Амбасады. Віншавалі мастакоў сябры, знаёмыя: ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” – старшыня суполкі Ірына Кузміч, ад супляменнікаў Даўгаўпілса – кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская. Пры падтрымцы Мінкультуры Латвіі, рыжскай Думы, беларускіх прадпрымальнікаў да юбілею выйшаў цудоўны буклет, яркая афіша, былі разасланыя прыгожыя запрашэнні.

Увесь вечар у святочнай зале панаваў прыўзняты настрой, гучала музыка. Час праляцеў хутка, ды сябры не хацелі разыходзіцца. Былі да месца размовы, песні, мары, святочныя напоі ды найсмачнейшыя ў свеце дранікі. А заключным акордам вечарыны прагучалі родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”.

Дарагія мастакі, з юбілеем вас! Здароўя вам, гармоніі ў душах, і мноства светлых колераў у палітры вашых жыццяў, і мноства прыемных паўтонаў у палотны вашых лёсаў!

Ганна Іванэ, дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

01 снежня 2016, 10:16

17 лістапада 2016 года, напярэдадні Дня Незалежнасці Латвійскай Рэспублікі, у будынку «Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч» у Рызе адбылося адкрыццё юбілейнай выставы «Уражанні беларускіх мастакоў у Балтыі» Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар». На ўрачыстасць прыбылі мастакі і госці з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Швецыі і Беларусі.

-


Аб’яднанне беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» заснавана 12 студзеня 1991 года мастакамі з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Санкт-Пецярбурга. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да беларускай культуры і мастацтву. Мастакі працуюць у розных тэхніках жывапісу, графікі, скульптуры і фотамастацтва. Выставы суполкі праходзілі ў многіх гарадах Латвіі, у Беларусі, Літве, Эстоніі. Нязменным кіраўніком Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» з’яўляецца Вячаслаў Міхайлавіч Целеш (Вячка Целеш) – член Саюза мастакоў Беларусі, член Саюза мастакоў Латвіі, кавалер Ордэна Трох зорак ЛР.
2016 год для аб’яднання праходзіць пад знакам 25-гадовага юбілею. І калі красавіцкая выстава ў Даўгаўпілскім музеі адкрыла праграму юбілейных мерапрыемстваў, то выстава ў «Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі» (АНКТЛ), дзе жыве і Латвійскае беларускае культурнае таварыства “Світанак”, завяршае гэтае кола гонару.
У Аб’яднанне беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» ў розныя гады уваходзілі Алег Аблажэй (Літва), Крысціна Балаховіч (Літва), Вячка Целеш (Латвія), Анатоль Ермаковіч (Латвія), Пётр Худобчонак (Латвія, Даўгаўпілс), Надзея Ізенёва (Латвія), Ірына Кароль (Латвія), Вольга Кажамяка (Латвія), Генадзь Курленкоў (Эстонія), Вячаслаў Лаўрыновіч (Латвія), Аліна Літвіненка (Латвія), Васіль Малышчыц (Латвія), Леанід Маствілішскі (Латвія), Тамара Насенка (Латвія), Кацярына Осберг (Швецыя ), Маргарыта Астраўмава (Эстонія), Людміла Прыбыльская (Эстонія), Ганна Пейпіня (Латвія), Алены Раманенка (Латвія), Зіта Суднік (Латвія), Алена Ціхамірава (Латвія), Ірына Трумпель-Сабалеўская (Латвія), Галіна Жэлабоўская (Латвія , Даўгаўпілс). Іх карціны ўпрыгожылі выставачную залу АНКТЛ. А ў зале яблыку няма дзе было ўпасці, столькі сяброў прыйшлі падзяліць з мастакамі радасць юбілейнай выставы.
Урачыстасць адкрыў старшыня Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» і намеснік старшыні Латвійскага беларускага культурнага таварыства “Світанак” Вячка Целеш, павіншаваўшы ўсіх са святам Латвіі, за свабоду якой на барыкадах стаялі і беларусы. Прагучаў гімн Латвійскай Рэспублікі. Майстар прадставіў кожнага мастака, якіх віталі апладысментамі і кветкамі гледачы. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Алега Аблажея, які сышоў у гэтым годзе ў лепшы свет.
Мерапрыемства пранікнённа вяла журналістка Латвійскага радыё, член «Світанка» Таццяна Касуха, знаходзячы дзіўна цёплыя словы, прадстаўляючы кожнага госця.
Першы сакратар амбасады Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Аляксандр Сушкевіч, кіраўнік АНКТЛ Рафі Хараджанян, дырэктар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы Ганна Іване, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, старшыня таварыства «Світанак» Ірына Кузьміч, кіраўнік Беларускага інфармацыйнага цэнтра Уладзіслаў Рэдзькін, мецэнат Дзмітрый Кабановіч павіншавалі мастакоў з юбілеем аб’яднання «Маю гонар» і выставай, адзначыўшы іх значны ўклад у культуру Латвіі і Беларусі.
Прывітанне з Радзімы, ад аб’яднання «Бацькаўшчына», мастакам прывёз вядомы беларускі бард і паэт, лаўрэат шматлікіх фестываляў аўтарскай песні Алесь Камоцкі. Ён пад гітару выканаў некалькі песень, якія гледачы слухалі, затаіўшы дыханне. Цудоўна выканалі песні на беларускай мове выхаванцы Рыжскай беларускай школы. І хацелася ў скокі ісці пад завадныя народныя песні ў выкананні ансамбля «Вытокі».
Вечар атрымаўся дзіўна светлым, душэўным. І доўга яшчэ ў сценах старадаўняга асабняка гасціннага АНКТЛ гучалі песні і гутаркі людзей, аб’яднаных агульнай зямлёй, культурай, ідэяй – аднадумцаў.
Па дамоўленасці, у 2017 годзе ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры пройдзе выстава Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар». Іх юбілейная брашура, а таксама дыск з песнямі А.Камоцкага папоўнілі фонды бібліятэкі ЦБК.

http://www.bkc.daugavpils.lv/be

www.zbsb.org

У яе творчасці знайшлі адлюстраванне краявіды чатырох краін, у тым ліку і роднай Беларусі

Маляваць прыроду, далей ад мітусні горада, дзе чуваць толькі натуральныя гукі-мелодыі, дзе разгортваюцца краявіды сада, дрымучага ельніка ці хваёвага бору… Любавацца рачулкаю ў берагах, парослых кустоўем-хмызняком, з нахіленымі дрэвамі… Маляваць хвалістае мара з прыбоем ля скалістага берага… І ўсё гэта – любыя мясціны творчай працы Надзеі Ізянёвай, асабліва ў апошнія гады. Пра тое расказалі мне самі жывапісныя творы мастачкі на нядаўняй юбілейнай выставе яе ў галерэі АНКТЛ (Асацыяцыя нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч) у Рызе.

Надзея Ізянёва на вернісажы

Надзея, супляменніца нашая таленавітая, нарадзілася далёка ад Бацькаўшчыны: у вёсцы Баранаўка ля Казані. Прыйшла ў сям’ю Лаўрыновічаў – Уладзіміра Уладзіміравіча і Ніны Рыгораўны (Дарашчонак). Яны самі з Шаркаўшчыны (Віцебшчына), а на пачатку Другой сусветнай вайны былі эвакуяваны ў Татарстан. У 1954-м сям’я вярнулася дадому, жыла ў Шаркаўшчыне, там Надзея скончыла сярэднюю школу. Там на ўроках малявання ў настаўніка Канстанціна Клундука атрымала добрыя веды і навыкі ў маляванні, там абудзілася ў яе цікавасць, любоў да мастацтва. Таму пасля школы і паступіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Да таго ж там ужо вучыўся яе старэйшы брат, Вячаслаў Лаўрыновіч. Надзея пасля заканчэння інстытута, у 1969-м, жыла ў Полацку, працавала галоўным мастаком Полацкай фабрыкі мастацкіх вырабаў. З 1970 года творчыя і жыццёвыя дарогі павялі мастачку ў свет. Спачатку паехала да бацькоў у Латвію, у горад Тукумс: туды яны перабраліся на сталае жыццё. У Тукумсе працавала настаўніцай малявання ў школе, а ў вольныя часы, асабліва пад час канікулаў, малявала наваколлі горада. Выйшла замуж за вайскоўца Анатоля Ізянёва, яго накіравалі служыць у Польшчу, і сям’я жыла у горадзе Бжэг, дзе Надзея таксама шмат малявала. Там была і яе першая персанальная выстава жывапісу. Пасля мужа перавялі ў Прыморскі край, сям’я пераехала ў Арсеньеўск – і еўрапейскія пейзажныя матывы ў творчасці супляменніцы змяніліся тады на пейзажы Далёкага Усходу.

Мастачка на эцюдах на Віцебшчыне

Цяпер Надзея жыве ў Латвіі. Пасля смерці мужа і з выхадам на пенсію яшчэ больш прыхілілася да мастацтва, да прыроды. Малюе латвійскія пейзажы летам і восенню на прыродзе, а калі надвор’е не вельмі спрыяе, то піша карціны дома па эцюдах. Часам наведвае сына ў Арсеньеўску і піша там пабярэжжа і Японскае мора. Кожнае лета ездзіць у Беларусь, у родную Шаркаўшчыну. І гэта для яе не толькі сустрэчы з сябрамі, блізкімі, але і праца з эцюднікам на пленэры. На сёлетняй выставе было 50 жывапісных пейзажаў, намаляваных у 1985-2015 гадах у Латвіі, Польшчы, у Прыморскім краі Расіі ды ў Беларусі – на Шаркаўшчыне. Адкрыццё юбілейнай выставы сталася добрым святам для яе самой і тых, хто паглядзець прыйшоў яе творы, павіншаваць з падзеяй. Віншавалі Надзею добрымі словамі, кветкамі калегі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” – яна сябар творчай суполкі, удзельнічае ў яе розных выставах. Цёплыя словы гаварылі юбілярцы сябры, знаёмыя, родныя брат Алег і сястра Людміла: яны таксама жывуць у Латвіі.

Беларуская рэчка Янка. Палатно, алей. 2013

Віншаваў мастачку-беларуску старшыня АНКТЛ прафесар Рафі Хараджанян, потым быў святочны канцэрт. Выступала вакальная група “Раманс” пад кіраўніцтвам вядомага ў Латвіі музыканта Валерыя Буля. Артысты Казімір Сарокін, Дагмара Сусэклэ, Вольга Баброва, Уладзімір Кісялёў, Лявон Байкоў, Вера Лебедзева і Валянціна Гнацюк (усе яны прафесійныя спевакі!) выконвалі беларускія, латышскія, рускія, цыганскія ды іншыя песні. І часам было адчуванне: мелодыі музыкі зліваюцца з мелодыяй фарбаў на палотнах карцін Надзеі Ізянёвай.Непаўторны момант паяднання музаў!

Сімвалічна, што юбілейная выстава Надзеі Ізянёвай праходзіць у такі знакавы год для нашай суполкі “Маю гонар”: 12 студзеня ёй споўнілася 25 год. У 2016-м плануем ладзіць не толькі выставы аб’яднання, але і персанальныя выставы яго сябраў. І была ўжо, дарэчы, 19 лютага персанальная выстава “Акалічнасці” нашай мастачкі Ганны Пейпіні ў Мінску: у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва Беларусі. А выстава Надзеі Ізянёвай – гэта добры працяг свята-юбілею беларускага аб’яднання.

Вячка Целеш
газета “Голас Радзімы”

02 студзеня 2016, 14:27

-

Напрыканцы 2015 года, 16 снежня, у памяшканні Рыжскай Думы (Рыжскай ратушы) адбылося адкрыццё выставы, жывапісу і графікі “Гадоў датыкненні” прысвечанай 40-годдзю творчай дзейнасці Вячкі Целеша, вядомага латвійскага мастака-беларуса.

Яго запаветная мара стаць мастаком здзейснілася ў 1975 годзе, калі ён скончыў Латвійскую Дзяржаўную Акадэмію мастацтваў. Сёння Вячка Целеш з гонарам зазначае, што мастацкі густ яго і прафесіяналізм выпрацоўваліся пад уплывам выдатных педагогаў прафесароў Конрада Убанса, Эдуарда Калныньша, Пэтэрыса Упітыса і Уладзіміра Козіна.

Вячка Целеш сапраўдны творца і вялікі працаўнік.  На яго рахунку – вялікая колькасьць персанальных і каллектыўных выстаў. Толькі ў бягучым годзе ён зладзіў некалькі каллектыўных і тры персанальных выставы.

А вось пра Целеша – жывапісца хочацца згадаць асобна. Агнём любові, незвычайнай вытанчанасці і прыгажосці гараць яго палотны. Калькі ў іх колераў, паўтонаў, незвычайных фарбаў, тонкага адчування свету. Крані той яблык і пырсне ён спелым сокам, апячэ водарам дзяцінства. А вяргіні, нібы сполахі апошняга бабінага лета, ці тая сцяжынка, што ад бацькоўскай хаты, ці не яна стане жыццёвым шляхам пасля.
У кожнага, хто прыйшоў павіншаваць свойго сябра і мастака сваё, вельмі асабістае адчуванне яго творчасці.

З цёплымі пажаданнямі прыйшлі на выставу прадстаўнікі беларускай амбасады – першы сакратар Аляксандр Сушкевіч і саветнік-пасланнік Яраслаў Міцкевіч, вядомы латышскі мастацвазнаўца Марыса Бранцыс, прафесар ISMA Віктар Гапеенка. Вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш прачытаў верш Пётры Целеша ў сваём перакладзе з польскай на латышскую мову. Пра Пётру Целеша партэбна сказаць асобна. Гэта адзін з прадстаўнікоў радаводнага дрэва Вячкі Целеша, імя якога згадвае спадар Целеш у сваёй кнізе „Адсюль наш род, тут мой прычал”. Не забыліся пра свайга настаўніка і першага дырэктара і сённяшнія вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы. Яны парадавалі ўдзельнікаў імпрэзы музычным віншаваннем, ад якога па-юначы хороша пасвятлеў у мастака твар. Не, не здарма столькі здароўя, столькі высілкаў было некалі аддадзена любай школе!

Гадзіннік жыцця хутка адлічвае час. З кожным годам, на вялікі жаль, адыходзяць ад нас надзейныя і любімыя нашы сябры. І як прыемна сярод гасцей было ўбачыць, што В.Целеша прыйшоў павіншаваць яго педагог, былы загадчык кафедры жывапісу Латвійскай Акадэміі мастацтваў прафесар Уладзімір Іванавіч Козін. Бог якому наканаваў такое доўгае і прыгожае жыццё. Спадар Козін мае сёння 93 гады. Беражы яго Божа!

Дарагі, родны наш Вячка! З юбілейнай выставай Вас! Жадаем здароўя, моцы, спагады, адданых вучняў і мноства сонечных, жыццясцвярджальных колероў на вашых палотнах!

Ганна Іванэ,

дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

На здымках:

-

Вячка Целеш і яго працы

-
-

Добрыя словы мастаку адрасаваў вядомы латышскі мастацтвазнаўца Марыс Бранцыс

-

Мастака вітае Рыжская беларуская школа імя Янкі Купалы

-

Вячка Целеш са сваім педагогам – прафесарам Уладзімірам Козіным

-

Віншаванне  Вячку Целеша ад  дырэктара РСШ №71 Андрэя Рыжыкава

-

Юбіляра віншуе прафесар ISMA Віктар Гапеенка

-

Вячка Целеш з унукамі – Славікам і Алінай


-
Ганна Іванэ, дырэктар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы, ушанавана медалём Францыска Скарыны.
У адпаведнасці з указам Прэзідэнта Беларусі, Ганна Іванэ ўзнагароджана за асабісты ўклад у развіццё адукацыі на беларускай мове, захаванне культурнай спадчыны беларускага народа ў Латвіі. Яна стаяла ля вытокаў школы, якая цяпер – адзіная навучальная ўстанова ў Латвіі з выкладаннем беларускай мовы і літаратуры.
У школе створаны дзіцячы ансамбль “Вавёрачка”, музей, працуюць гурткі. Вучні штогод ездзяць на экскурсіі ў рэгіёны Беларусі.

Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” шчыра віншуюць нашу вельмі шаноўную Ганну Ўладзіславаўну, шматгадовага сябра Рады таварыства з заслужанай высокай узнагародай і жадаюць надалей здароўя ды поспехаў у яе высакароднай працы! 

22 кастрычніка 2015, 10:06

У прыканцы верасня ў Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта ў Рызе адкрылася выстава ” Балтыя вачамі беларусаў” латвійскай суполкі Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.

Гэта выстава не была запланавана загадзей, як гэта звычайна робіцца, бо ўсе галерэі, музеі і выставачныя залі складаюць планы за год і нават за два да адкрыцця выставы. Аднак дзякуючы цудоўнаму і спагадліваму дырэктару Акадэмічнай бібліятэкі спадарыні Вэнты Коцэрэ, якая змагла знайсці для беларускіх мастакоў вакенца ў сваім плане, 25 верасня выстава нашага аб’яднання пачала сваю працу ў выставачнай галярэі бібліятэкі. Дарэчы, гэтае ўтульнае месца для сустрэч, прэзентацый і розных выстаў ужо не раз выкарыстоўвалі рыжскія беларусы і беларусы з самой Беларусі. У гэтым заслуга таксама і Беларускага інфармацыйнага цэнтра, які месціцца ў будынку бібліятэкі ды яго кіраўніка Уладзіслава Рэдзькіна.

Свае творы ў тэхніках жывапісу, акварэлі, станкавай графікі, малюнка, баціка, рэльефнай рэзьбы па дрэву паказалі дзесяць мастакоў суполкі . Гэта пейзажы Аліны Літвіненкі, Ганны Пейпіні, Алены Лаўрыновіч, Надзеі Ізенёвай, Галіны Жэлабоўскай, Алены Раманенкі, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай і нацюрморты Анатоля Ермаковіча, Вячкі Целеша і Васіля Малышчыца.

Восень заўсёды багата кветкамі і нашыя мастакі атрымлівалі іх, разам з віншаваннямі, ад дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганны Іванэ, старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч і яе маленькай дачушкі Сафійкі.

На адкрыццё выставы сабраліся не толькі мясцовыя беларусы, але і латышы, прадстаўнікі іншых нацыянальных меньшасцяў. Віншаванне мастакам ад пасла Беларусі ў Латвійскай Рэспубліцы спадарыні Марыны Даўгаполавай зачытаў Першы сакратар амбасады Яраслаў Міцкевіч.

Віншавалі беларускіх мастакоў Старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, прадстаўнік армянскай дыяспары прафесар Раффі Хараджаннян, старшыня Латвійскага грузінскага таварыства Нугзар Мдзінарышвілі і інш.

Адкрыццё выставы прыпала на пару бабінага лета, на першыя подыхі залатой восені, якая сваімі колерамі ўжо пачала ўпрыгожваць вуліцы, паркі і душы рыжан, ну а беларускі мастакі да гэтых колераў дадалі і фарбы сваіх прац.

Пакуль з гэта выставай будуць знаеміцца жыхары і госці нашай сталіцы, другая экспазіцыя беларускіх мастакоў “Маю гонар”адчыніцца ў кастрычніку ў горадзе Краславе, што знаходзіцца ў Латгальскім рэгіоне непадалёку ад мяжы з Беларуссю.

У наступным годзе аб’яднанне будзе адзначаць свой 25- гадовы юбілей і плануюцца выставы не толькі ў Рызе, але і ў іншых рэгіонах Латвіі. Cелятнія выставы – гэта восеньскія крокі да будучага юбілею, які мы будзем адзначаць у студзені 2016 года.

Старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вячка Целеш

На здымках:

-

Удзельнікаў імпрэзы вітае дырэктар Латвійскай акадэмічнай універсітэтскай бібліятэкі Вэнта Коцэрэ

-
-

Кветкі  мастакам ад старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч 

-

Прывітальнае слова старшыні АНКТЛ імя Іты Казакевіч, прафесара Латвійскай музычнай акадэміі Раффі Хараджаняна

09 лютага 2015, 16:05

17 студзеня 2015 г. Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы ўрачыста адзначыла свой 20-гадовы юбілей.

20 гадоў – гэта многа ці мала для школы? Для чалавека – гэта такі кавалак часу, за які немаўля вырастае ў дарослую асобу. Беларуская школа таксама за гэты час вырасла з маленькага першага беларускага класа ў далёкім 1994-м годзе ў сапраўдную сучасную школу, якая з гонарам носіць імя нашага славутага Янкі Купалы. Час станаўлення школы не быў лёгкім. Гэта падчас юбілейнай імпрэзы некалькі разоў падкрэслівалі і вядоўца вечарыны дырэктар Ганна Ўладзіславаўна Іванэ, і заснавальнікі школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, і нават госці. Школа за гэтыя 20 гадоў мусіла змяніць 4 адрасы, з кожным пераездам губляла дзяцей, але, негледзячы на ўсе цяжкасці, дзякуючы апантанасці кіраўнікоў, калектыву настаўнікаў і бацькоў, а таксама дапамозе беларускіх мецэнатаў, зараз наша беларуская школа плённай працай заслужыла павагу і высокі рэйтынг сярод іншых асноўных школ Рыгі. Адбылося ўжо 12 выпускаў школы, зараз у 9 класах навучаецца больш за 150 дзяцей, і іх колькасць увесь час павялічваецца.

Усе, хто прыйшоў на свята, змаглі пабачыць слайд-шоў з фотаздымкаў школьнага жыцця на працягу ўсіх 20-ці гадоў з каментарамі дырэктара школы Ганны Іванэ. Паколькі выпадковых людзей на свяце не было, у кожнага прысутнага прагляд гэтых здымкаў выклікаў свае асабістыя асацыяцыі ды эмоцыі. Ганна Ўладзіславаўна Іванэ прыйшла ў школу працаваць маладой настаўніцай, калі адчыніўся другі клас, 19 гадоў таму, 14 гадоў яна ўжо ўзначальвае школу. Таму ўвесь нялёгкі шлях станаўлення і сталення школы – гэта яе шлях, пройдзены зразам са сваёй школай. Падчас святочнай імпрэзы некалькі разоў бацькі вучняў беларускай школы пачулі падзяку ад яе, дырэктара, за тое, што прывялі дзяцей менавіта ў беларускую школу. Асаблівую падзяку Ганна Ўладзіславаўна выказвала менавіта бацькам тых першых вучняў, якія калісьці паверылі ў школу і аддалі туды сваіх дзяцей. Гэта зараз, калі ёсць прыгожы будынак, вялікія светлыя класы, матэрыяльная база, нават музей Янкі Купалы ў школе, аддаць дзіця ў беларускую школу проста. А тады, 20 гадоў таму, усё было інакш. Я таксама вельмі добра памятаю, як нам, бацькам разам з настаўнікамі, трэба было самім клеіць шпалеры ды рабіць іншыя рамонтныя працы ў маленькіх памяшканнях у дзіцячым садку, дзе мы атрымалі для 1-га і 2-га класаў пакойчыкі. І таму гэтыя словы падзякі ад шчырай беларускі Ганны Іванэ сапраўды кранулі сэрца.

Школьны вакальны гурт “Вавёрачка” ў сваім ужо пятым за 20 гадоў складзе пад нязменным кіраўніцтвам прыгажуні Натальлі Дзірвук прывітаў гасцей цудоўнымі беларускімі песнямі. А гасцей на святкаванне юбілею нашай беларускай школы ў Рызе сабралася вельмі шмат. З Беларусі з віншаваннямі і падарункамі прыехалі прадстаўнікі Міністэства адукацыі Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам міністра сп. Сяргеем Рудым. Радзіму таксама прадстаўлялі Пасол РБ у Латвіі сп. Марына Далгаполава, Саветнік-пасланнік Яраслаў Міцкевіч і Першы сакратар Аляксандр Сушкевіч, а былы Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка даслаў сваё асабістае віншаванне. Таксама павіншавалі школу Грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” з Мінска, Беларускае таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса, а Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, акрамя цёплых слоў, даслала па пошце школе ў падарунак з Беларусі прыгожы гадзіннік.

Прагучалі на юбілейнай імпрэзе таксама віншаванні і пажаданні ад Міністра адукацыі Латвіі і кіраўніцтва Дэпартаменту культуры, адукацыі і спорту Рыжскай думы. Апрача падарункаў школе і слоў падзякі за плённую працу, дырэктар школы Ганна Іванэ і настаўнікі атрымалі ад Дэпартамента і Міністэрства адукацыі ўзнагароды.

Заснавальнікі Рыжскай Беларускай асноўнай школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” сярод іншых сваіх падарункаў зрабілі адзін вельмі сімвалічны – партрэт латвійскага беларускага асветніка-педагога і фалькларыста Сяргея Сахарава. Гэтым яны падкрэслілі пераемнасць паміж C. Сахаравым – тым, хто амаль стагоддзе таму кіраваў спачатку беларускай гімназіяй, а пазней аддзелам беларускіх школ (а іх тады было каля 50-ці) у Дэпартаменце адукацыі Латвіі і сённяшнімі рупліўцамі захавання беларускасці ў нашай краіне. У сваім віншавальным слове адзін з ініцыятараў стварэння школы і першы яе дырэктар сп. Вячка Целеш падкрэсліў, што тады, у далёкім цяпер ужо 1994-м годзе, “сьвітанкаўцы” не першымі адчынялі беларускую школу ў Латвіі, а аднаўлялі слаўныя традыцыі беларускай адукацыі ў Латвіі 20-х – 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І таму партрэт вялікага беларускага асветніка Латвіі павінен абавязкова знаходзіцца ў Рыжскай Беларускай школе побач з партрэтамі Купалы і Коласа. Сімвалічнымі былі таксама віншаванні і пажаданні сябраў таварыства “Сьвітанак” – унучкі Сяргея Сахарава Нонны Ахметуллаевай, адной з першых настаўніц першага беларускага класа – настаўніцы музыкі Натальлі Камілеўскай і аднаго з наймалодшых “сьвітанкаўцаў” дашкольніка Міколкі Казака, які ў якасці музычнага падарунка выканаў песню “Магутны Божа”.

Музычныя падарункі прысутныя на юбілеі атрымалі таксама ад Саюза беларусаў Латвіі і таварыства “Прамень” – беларускія песні ў выкананні ансамбля “Надзея”. А беларускі вакальны гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава, які месяц таму таксама адзначыў свой першы юбілей, не толькі парадаваў падарункам – шчырым, вельмі эмацыянальным выкананнем песень на роднай мове, але і гэтак жа вельмі шчыра дзякаваў дырэктара школы Ганну Іванэ за дапамогу ў стварэнні яшчэ адной беларускай “адзінкі” ў Латвіі. Бо менавіта ў памяшканнях школы Ганна Ўладзіславаўна „прытуліла” спевакоў-аматараў і дазволіла збірацца на рэпетыцыі адразу пасля стварэння “Вытокаў” 5 гадоў таму.

Госці і гаспадары святочнай імпрэзы вельмі сардэчна віталі тых беларусаў, што знаходзілі магчымасць матэрыяльна падтрымліваць школу. На юбілей прыйшлі беларускія прадпрымальнікі Васіль Зайцаў і Дзмітрый Кабановіч, сын вядомага беларускага мецэната Янкі Кабановіча, які, на жаль, заўчасна пайшоў у лепшы свет тры гады таму. Светлай памяці спадар Янка дапамагаў беларускай школе ў Рызе з моманту яе стварэння. У тыя нялёгкія часы ў 90-х, акрамя фінансавай дапамогі на святы, экскурсіі, калядныя падарункі ды гаспадарчыя патрэбы, аплочваў настаўнікам выкладанне ў падрыхтоўчай групе, а дзецям – кошт школьных абедаў. А калі пачаліся выпускныя ў дзевяцікласнікаў, заўсёды асабіста прыходзіў на святы апошняга званка ці выпускныя балі з падарункамі для выпускнікоў, абавязкова патрыятычнымі, накшталт кніг Уладзімера Арлова „10 вякоў гісторыі Беларусі”, “Адкуль наш род”. Зараз Дзмітрый Кабановіч працягвае высакародную справу свайго бацькі.

На святкаванні 20-х угодкаў заснавання беларускай школы ў Рызе неаднойчы гучала пажаданне, што ўжо надыйшоў час, каб нарэшце паўстала наша Беларуская гімназія. Школа за 20 гадоў свайго паспяховага існавання даказала, што яна патрэбная беларусам у Рызе. І таму будзем спадзявацца, што калектыў школы і бацькі сённяшніх вучняў, заснавальнікі школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, дыпламаты Амбасады Беларусі ў Латвіі, супрацоўнікі Міністэрстваў адукацыі і Латвіі, і Беларусі, Дэпартаменту адукацыі Рыжскай думы, а таксама прадстаўнікі беларускай супольнасці ў Латвіі прыкладуць усе намаганні, каб пажаданне гэтае ў хуткім часе нарэшце спраўдзілася.

Таццяна Казак,

сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, маці выпускнікоў школы першага і чацвёртага выпускаў

На здымках Людмілы Яновіч:

-

Дырэктар школы Ганна Іванэ

-

Госць з Мінска намеснік Міністра адукацыі РБ Сяргей Руды
-

Віншуе Пасол Беларусі ў ЛР Марына Далгаполава


-

Ганаровыя граматы настаўнікам

-

Спявае школьны вакальны гурт “Вавёрачка”

-

-

-

Першы дырэктар  школы Вячка Целеш з партрэтам Сяргея Сахарава

-

 Віншаванне заснавальнікаў школы – сябраў  ЛТБК   “Сьвітанак”
 

-

Віншуюць беларускія фундатары школы – Васіль Зайцаў і Дзмітрый Кабановіч

-


-

Беларускі гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава

                                    -
Сябры Латвійскага таварыства беларускай  культуры „Сьвітанак” шчыра віншуюць з пяцідзесяцігадовым юбілеем дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганну Ўладзіславаўну Іванэ.

Прозвішча  Ганны Іванэ (у дзявоцтве  Нябескай) непадзельна звязанае з Рыжскай беларускай школай. Яна прыйшла на працу ў школу маладзенькай настаўніцай праз год пасля заснавання школы нашым таварыствам, калі адчынiўся другi па лiку клас. І з таго часу ўжо амаль два дзесяцігоддзі ўсе свае сілы і веды, усю сваю любоў, цеплыню і пяшчоту Ганна Ўладзіславаўна аддае дзецям. Гэтыя два дзесяцігоддзі свайго жыцця яна, без перабольшвання, аддала беларускай школе, а з 2000 г. – узначальвае школу. Шчырая і самаадданая беларуска, філолаг беларускай мовы па адукацыі, яна – цудоўны кіраўнік. Яе любяць усе – дзеці, бацькі і калегі-настаўнікі.

Мы ганарымся, што Ганна Ўладзіславаўна Іванэ – добры сябра і дарадчык  нашага таварыства, сябра Рады „Сьвітанка” на працягу двух дзесяцігоддзяў. Двойчы – у 2003 г. і сёлета Ганна Іванэ  была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвіі за вялікі ўнёсак ў захаванне і  развіццё беларускай культуры тут, у Латвіі.

Мы жадаем Ганне Ўладзіславаўне здароўя, моцы і натхнення, каб надалей наша беларуская школа ў Рызе развівалася і расла, бо дзеці – наша будучыня. Хутка першыя вучні нашай шаноўнай юбіляркі прывядуць сваіх дзетак у Рыжскую беларускую школу. Зычым Ганне Ўладзіславаўне яшчэ шмат дзесяцігоддзяў гэтакай жа самаадданайі і творчай працы на карысць школе, а значыць і на карысць захавання беларускай мовы і культуры ў Латвіі.

Латвійскаму таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” – 25

20 студзеня 2014, 22:26

У Яніса Райніса ёсць такія радкі: першы крок за парог – гэта палова шляху. Зрабіць свой першы крок да ўсяго, што мы называем ёмкім словам беларушчына, беларусам Латвіі і тым, хто не абыякавы да беларускай культуры, дваццаць пяць гадоў дапамагае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” – найстарэйшая беларуская суполка Латвіі і адна з першых створаных 25 гадоў таму этнічных суполак ў краіне. І вось ужо чвэрць стагоддзя “Сьвітанак” захоўвае дух беларускасці на балтыйскім мацерыку.

-


25 год для грамадскай суполкі – ўзрост сталасці. Але адначасова гэта і той час, каб асэнсаваць, што здзейснена і з чым ісці далей. І магчымасць і азірнуцца на пройдзены шлях, і падумаць пра будучыню.

Дзеля гэтага і запрасіла таварыства “Сьвітанак” сваіх сяброў на сваё самае галоўнае свята.
Юбілей “сьвітанкаўцы” адзначалі 11 студзеня бягучага года ў самым сэрцы Рыгі, у будынку цэнтра народнай творчасці Рыжскай думы “Рытумс”, што месціцца на адной з самых маляўнічых вулачак старой Рыгі. На жаль,  святочную імпрэзу, якую збіраліся  правесці ў лістападзе 2013 года, давялося перанесці з-за трагічных падзей у  Рызе, але, неглядзячы на ўсе абставіны, свята атрымалася.

У зале вядучыя імпрэзы старшыня таварыства Ірына Кузьміч і Наста Кірнічанска на латышскай і беларускай мове абвясцілі аб адкрыцці ўрачыстага мерапрыемства. Гэты дыялог двух культур, двух моў, калі пераклікаліся словы віншавання на беларускай мове са словамі павагі на латышскай, і стварылі святочную атмасферу юбілея.

Аб тым, што таварыства з годнасцю сустракае свой юбілей, сведчаць шматлікія віншаванні, якія атрымала суполка.

ЛТБК “Сьвітанак” ўнесла свой адметны ўнёсак у дыялог двух нашых культур, ва ўсведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў, зазначыў у сваім віншавальным лісце з нагоды юбілею таварыства Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі Андрыс Бэрзіньш. Як зазначылі ўсе сябры таварыства, было вельмі кранаюча атрымаць віншаванне ад першай асобы краіны.

Прыйшло ў адрас ЛТБК “Сьвітанак” і віншаванне з юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова. Яго зачытала загадчыца эпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.

Не засталася ў баку ад юбілею і беларуская дзяржава. Віншаванне ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Латвіі сп. Марыны Далгаполавай агучыў  Консул амбасады сп. Андрэй Кажан.

Сонца усходзіць і служыць аддана
Сьветлым лікам, зычлівым цяплом.
Беларусь у латвійскі «Сьвітанак»
Узышла, як у родны свой дом.

Мы ня прыхадні тут. Ускалосьсе
Крывічанскіх дачок і сыноў
У «Сьвітанку» натхненна зьлілося,
З латышамі рунее наноў.

Быў бы Райніс удзячны сябрыне:
Плытагоны ўтрымалі стырно!
У «Сьвітанку» хлапцу і дзяўчыне –
Дзе Айчына? – чутно і відно.

Прытуліцца змаглі, укараніцца,
Вольнай Латвіі цешаць агні.
Узышла над «Сьвітанкам» дзяньніца –
Абярэга спрадвечнай радні.

Гэты верш аднаго з першых сябраў таварыства, ганаровага сябра “Сьвітанка” кавалера ордэна Трох зорак Латвіі паэта Сяргея Панізніка, прысвечаны таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” прачытала сябра cуполкі Таісія Бачкарова. А адзін з ветэранаў беларускага руху ў Латвіі спадар Алесь Карповіч, таксама адзін з першых сябраў “Сьвітанка” , прыгадаў яскравыя моманты з гісторыі таварыства.

 
Спадарыня Айна Балашка, старшыня таварыства нямецкай культуры – заўсёды была добрым сябрам нашага таварыства, пачынаючы з 90-х гадоў, калі яна працавала ў Дэпартаменце нацыянальнасцяў Латві, удзельнічала ў многіх мерапрыемствах, якія ладзіла суполка. І падчас гэтай юбілейнай імпрэзы яна нагадала прысутным пра той шлях, які прайшло таварыства “Сьвітанак” з першых дзён яго станаўлення. Добрыя словы ў адрас таварыства знайшоў і прадстаўнік Саюза палякаў Латвіі, кіраўнік  польскага хору “Паланэз” Эдвард Фісковіч.

“Світанкаўцы” ганарацца не толькі тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, але і тым, што таварыства стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. А старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесар Латвійскай акадэміі музыкі Раффі Хараджанян зрабіў невялікі экскурс у гісторыю Асацыяцыі,  пажадаў таварыству плёну яшчэ на доўгія гады.

У беларускай мове ёсць такое вельмі ёмкае слова  – паплечнікі. Аб тым, што на юбілеі таварыства сабраліся паплечнікі, нагадаў прысутным першы старшыня і адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак”, вядомы не толькі ў Латвіі, але і далёка за яе межамі доктар медыцыны Сяргей Кузняцоў. Маладым хлапцом прыйшоў ён калісьці ў “Сьвітанак” і менавіта паплечнікі, аднадумцы, на яго погляд, стваралі першую беларускую суполку і працавалі ў ёй.

Эстафету старшыняў ад Сяржука Кузняцова пераняў Мікола Ярчак, хабілітаваны доктар хімічных навук, цяперашні прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля  ад’езду спадара Міколы на працу ў Брэст кіраўніком “Сьвітанка” стаў мастак Васіль Малышчыц, які  на свяце прыгадаў той час, калі ён кіраваў суполкай.

Дзесяцігоддзе старшынёй  “Сьвітанка” была спадарыня Таццяна Казак. Пад яе кіраўніцтвам ладзіліся шматлікія і разнастайныя імпрэзы, быў створаны вакальны гурт “Сьвітанак”, які годна прадстаўляў беларусаў на фестывалях і канцэртах.  На свята Таццяна Мікалаеўна прыйшла са сваім беларускамоўным пяцігадовым сынам Міколкам, як яна пажартавала, самым юным сьвітанкаўцам. Мікола падрыхтаваў свой падарунак таварыству – песні на  беларускай і латышскай мовах, якія ўдзельнікі свята сустрэлі гучнымі апладысментамі.

А завершыў гэтую эстафету выступаў лідэраў адзін з заснавальнікаў Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, першы дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы, старшыня аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна Трох зорак Латвіі Вячаслаў Міхайлавіч Целеш.

Аб тым, што ЛТБК “Сьвітанак” не ізаляваны ад свету, сведчаць ягоныя цесныя стасункі з Беларуссю і беларускімі суполкамі з Літвы, Эстоніі, Расеі, Канады ды іншых краінаў, з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў свету, з беларускімі аб’яднанямі ў Польшчы і Чэхіі, а перш-найперш з МГА “Бацькаўшчына”. Надзвычай узнёслымі і асабліва сардэчнымі былі тыя словы віншавання, якія адрасавала таварысту Згуртаванне беларусаў свету. Віншавальны ліст і шматлікія прывітанні з Радзімы прывёз у Рыгу сябра Вялікай Рады Згуртавання сп. Барыс Стук. Паклапацілася “Бацькаўшчына» і пра падарункі непасрэдна самому таварыству.
Барыс Стук уручыў сьвітанкаўцам памятны падарунак з нагоды юбілею – гадзіннік з выявай Мірскага замка, а таксама перадаў для біблятэкі кнігі, што былі нядаўна выдадзены Згуртаваннем “Бацькаўшчына”.

Не толькі віншаванні і падарункі, але і адметныя ўзнагароды прыехалі да “сьвітанкаўцаў” з Менску. Рашэннем Шостага з’езда Міжнароднага Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына» 13 сябраў Вялікай Рады атрымалі статус ганаровага сябра. Інстытут ганаровага сяброўства замацаваны ў статуце “Бацькаўшчыны” спецыяльна для ўшанавання тых асоб, якія на працягу многіх гадоў працуюць на карысць Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У гэтай слыннай кагорце і два сябры ЛТБК “Сьвітанак” – Вячка Целеш і Таццяна Казак. Калі спадар Вячка Целеш атрымаў свой памятны медаль, заснаваны да 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету, падчас з’езду, то Таццяна Казак атрымала сваю ўзнагароду як раз на свяце. Пасведчанні і медаль Таццяне Мікалаеўне ўручыў сябра Вялікай рады “Бацькаўшчыны”, намеснік старшыні Згуртавання спадар Барыс Стук.

Сябры таварыства дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, магістр педагогікі Ганна Іванэ і адна са старэйшых мясцовых беларусаў, выпускніца Індранскай беларускай гімназіі ў 1944 годзе, доктар фізічных навук Наталля Цімаховіч за ўнёсак у захаванне беларускіх культурна-асветніцкіх традыцый і спрыянне культурнаму дыялогу паміж народамі Латвіі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвійскай Рэспублікі. Іх уручыла старэйшы рэферэнт Дэпартамента інтэграціі Міністэрства культуры Латвіі Лінда Наудыша.

Cваё музычнае віншаванне падрыхтавалі і юныя артысты – гурт “Вавёрачка” заснаванай “Сьвітанкам” у 1994 г. Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы пад кіраўніцтвам таленавітай піяністкі Наталлі Дзірвук.  Цёплымі апладысментамі сустрэла зала цудоўнае  выкананне юнымі спевакамі песень на беларускай мове.

А самым адметным музычным падарункам для ўсіх гасцей і ўдзельнікаў свята стаў канцэрт вядомага беларускага музыкі Зміцера Вайцюшкевіча. Гэта быў першы выступ Зміцера ў Латвіі. Ці трэба казаць, што яго песні суправаджаліся працяглымі апладысментамі і часам разам са Зміцерам спявала  зала, і не хавала сваіх усмешак, і не саромелася слёз. 

Вельмі прыемна было пачуць прысутным, як ацаніў госць з Мінску спевы беларускіх дзяцей з “Вавёрачкі”. Па ягоных словах, ён шмат чуў спеваў дзіцячых гуртоў, але ніколі не даводзілася чуць такога чыстага выканання.

У рэпертуары Зміцера Вайцюшкевіча ёсьць японскія песні, перакладзеныя на беларускую мову, ёсць шведскія песні па-беларуску. А ўдзельнікі імпрэзы пажадалі, каб у рэпертуары спевака з’явілася хоць некалькі латышскіх песень, перакладзеных на беларускую мову. Тым больш, што паспрыяць гэтаму ёсьць каму. На імпрэзе прысутнічаў класік сучаснай латышскай паэзіі спадар Улдыс Бэрзыньш. У мінулым годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” у Беларусі асобным выданнем выйшла кніга выбраных перакладаў Улдыса Бэрзыньша “Салаўі крычаць, я па-латышску…”  Перакладчыкі – Алесь Разанаў і Андрэй Гуцаў, які калісьці працаваў у Рыжскай беларускай асноўнай школе. 


Так ужо наканаваў лёс, што свой юбілей, а было заснаванае таварыства 27 лістапада 1988 года, “Сьвітанак” святкаваў ужо ў бягучым годзе падчас аднаго з самых любімых святаў – Калядаў. Традыцыя святкаваць Каляды жыве ў таварыстве з самых першых дзён існавання. Запрасілі да каляднага святочнага стала сваіх гасцей і арганізатары свята. І гэта было вельмі і кранаюча, і сімвалічна – ведаць, што і ў Беларусі, і ў Літве, у Польшчы, Чэхіі, Канадзе i iншых краiнах, дзе б ні жылі беларусы, у гэтыя зімовыя дні накрываюцца калядныя сталы, запальваюцца калядныя свечкі, прыгадваюцца звычаі, якія яднаюць усіх нас. У якасьці калядоўшчыкаў выступіў гурт аматараў беларускай песні “Вытокі”. Не застаўся ў баку і Зміцер Вайцюшкевіч. Асаблівую ўдзячнасць таварыства выказвае дырэктару цэнтра “Рытумс” спадарыні Віі Ліетэ за яе гасціннасць, за тое, што на працягу многіх гадоў памяшканне цэнтра адчынена для рыжскіх беларусаў.

Шмат добрых слоў прагучала на свяце ў адрас маладой старшыні таварыства “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч. Ірына яшчэ толькі робіць свае першыя крокі на грамадскай ніве. Яна – самая маладая старшыня сярод  кіраўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый Латвіі. Ірына з годнасцю правяла юбілейнае таварыства мерапрыемства. І хочацца спадзявацца, што беларуская культурная ніва будзе папаўняцца вось такімі маладымі творчымі асобамі, якія не дадуць змоўкнуць нашым песням, не адцураюцца роднай мовы, народзяць новыя вершы і працягнуць традыцыі ўжо не нараджэння, а станаўлення нацыянальнай культуры сярод беларускае дыяспары ўсёй Латвіі.

Таццяна Касуха

На здымках Георгія Астапковіча:

-

Cтаршыня ЛТБК “Сьвітанак” Ірына Кузьміч
 

-

Верш Сяргея Панізніка “Аусекліс над Рыгай” чытае Таісія Бачкарова
 

-

Віншаванне таварыства  з 25-гадовым  юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова зачытвае загадчыца дэпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.
 

-

Прывітальнае слова Консула беларускай амбасады сп. Андрэя Кажана
 

-

“Сьвітанкаўцаў” і гасцей свята вітае першы старшыня таварыства Сяржук Кузняцоў

 

-

Выступае былы старшыня таварыства Васіль Малышчыц

-

Старшыня таварыства “Сьвітанак” (1999-2008) Таццяна Казак прыйшла  на свята са сваім сынам Міколам

 

-

Выступленне аднаго з заснавальнікаў таварыства Вячкі Целеша

-

Старэйшая сябра “Сьвітанка” Наталля Пятроўна Цімаховіч атрымлівае Ганаровую грамату Міністэрства культуры Латвіі

-

Віншавальны ліст Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”  з нагоды юбілею “Сьвітанка” уручае сябра Вялікай Рады Згуртавання Барыс Стук

-

 Памятны медаль “Бацькаўшчыны” уручаецца сп. Таццяне Казак
 

-

Добрыя словы ад беларусаў Латгаліі  “Сьвітанку” прывёз з Даўгаўпілса вядомы беларускі калекцыянер, гісторык Мікола Паўловіч
 

-

Віншаванне старшыні Латвійскага таварыства нямецкай культуры Айны Балашка
 

-

Віншаванне старшыні АНКТЛ імя  Іты Казакевіч Раффі Хараджаняна
 

-

Выступае дзіцячы ансамбль “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

-

Кіраўнік “Вавёрачкі” Наталля Дзірвук

-

Віншаванне ад калектыву Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

-

На сцэне – Зміцер Вайцюшкевіч
 

-

Юныя беларусачкі Рыгі

-
-

Зміцер Вайцюшкевіч прывёз з роднай старонкі не толькі  песні, але і натхненне
 

-

Рыжскія кветкі – беларускаму музыку
 

-

Адзін з ганаровых гасцей, жывы класік, паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш

Песня – душа народа