11 студзеня 2025 г. ў Kанферэнц-зале будынка АНКТЛ беларусы з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” традыцыйна сабраліся разам, каб адсвяткаваць Каляды. Свята гэтым разам атрымалася сапраўды сямейным, напоўненым цеплынёй, радасцю і духам традыцый. Зала была поўнай, а атмасфера — святочнай і гасціннай.
Імпрэза распачалася з афіцыйнай часткі, дзе былі падведзеныя вынікі мінулага года і абмеркаваныя планы на бягучы год.
Акрамя традыцыйных сустрэч, імпрэз, прэзентацый беларускіх кніг, у планах – добраўпарадкаванне знакавага для латвійскіх беларусаў месца – сквера Францыска Скарыны. Імя нашага славутага першадрукара з’явілася на мапе Рыгі дзякуючы шматгадовым (пачынаючы з 2017 г.) высілкам актывістаў з таварыства “Сьвітанак” ды іншых беларускіх аб’яднанняў з усёй Латвіі. Таксама плануем надалей падтрымліваць працу Рыжскага музея Янкі Купалы і не спыняць намаганні па захаванні імя Купалы ў назве аб’яднанай школы, якая з’явілася пасля ліквідацыі Рыжскай Беларускай асноўнай школы ў 2024 годзе.
Але галоўнай на каляднай імпрэзе была культурная калядная праграма.
У канферэнцзале быў накрыты святочны стол, госці дзяліліся гісторыямі і традыцыямі Калядаў з бацькоўскіх хат з усіх куткоў Беларусі ад Берасцейшчыны да Віцебшчыны, чыталі ўрыўкі з твораў пра Каляды Якуба Коласа і іншых класікаў, спявалі беларускія, латышскія і украінскія калядныя песні.
Асаблівую цікавасць выклікала віктарына, прысвечаная калядным традыцыям латышоў і іншых народаў свету. На імпрэзе цікава было параўнаць латышскія і беларускія калядныя абрады, традыцыі і павер’і. Напрыклад, даведацца пра тое, што ў адрозненне ад традыцыйных 12 беларускіх калядных страў, у латышоў на святочным стале іх павінна быць 9. Ці пра тое, што, як і ў Беларусі ў паўночным регіёне рэспублікі, хату напярэдадні Калядаў ў Латвіі таксама традыцыйна ўпрыгожвалі карункавымі вырабамі з саломы, назва якіх у беларусаў – “павукі”, а ў латышоў – “puzuri”.
Таксама удзельнікі каляднай вечарыны ў “Сьвітанку” дакладна цяпер будуць ведаць, што не варта рана ўставаць на Каляды, бо тады, згодна латышскаму народнаму павер’ю, ўвесь год будзеш хадзіць не выспаўшыся. А вось лямпачкі ў калядны вечар абавязкова трэба запаліць ўсе, якія ёсць у хаце, каб Лайма бачыла, куды ісці, інакш можна застацца на ўвесь год без шчасця.
Калядная латарэя стала сапраўднай разынкай вечарыны.
Адметнай рысай святочнай латарэі было тое, што кожны, хто атрымаў латарэйны выйгрыш-падарунак, павінен быў ў адказ падараваць прысутным песню, верш ці хаця б святочны тост па-беларуску.
Беларускія песні і вершы гучалі як ад сольных выканаўцаў, так і калектыўна, і гэта стварала ўнікальную святочную атмасферу.
У планах на 2025 год – арганізацыя новых сустрэч ды імпрэз. Сярод бліжэйшых планаў – святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў лютым і 107-ай гадавіны абвяшчэння БНР ў сакавіку. Таварыства “Сьвітанак” працягне аб’ядноўваць беларусаў і захоўваць беларускую мову, культуру і традыцыі на латвійскай зямлі. Прапануем і беларусам, і ўсім зацікаўленым беларускай культурай і гісторыяй браць удзел у наступных мерапрыемствах ЛТБК “Сьвітанак” і сачыць за ўсімі аб’явамі ды падзеямі на нашай старонцы.
Дзякуй усім, хто спрычыніўся да цудоўнай Каляднай сустрэчы! Яшчэ раз віншуем з Новым годам і Калядамі! Няхай вашыя хаты будуць напоўненыя святлом, любоўю і шчасцем! 🎄
Да сустрэч у Новым годзе!
Андрэй Татур
Здымкі Мікалая Гардзеева, Таццяны Казак і Андрэя Татура
https://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2024/12/pastouka-e1734988940189.jpg742518Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2024-12-22 21:38:122024-12-23 23:58:37Віншаванне сябрам ЛТБК “Сьвітанак” ад прэзідэнта Латвіі Эдгара Рынкевіча
Год, які мінае, быў насычаны падзеямі для Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Сьвітанкаўскія імпрэзы на працягу года аб’ядноўвалі беларусаў Латвіі і ўсіх, хто цікавіцца нашай культурай.
У лютым мы разам адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. 106-ыя угодкі Акту 25 Сакавіка сёлета мы адсвяткавалі разам з славутым пісьменнікам Уладзімерам Арловым, Беларускай бібліятэкай “Камунікат” і спеваком Раманам Арловым. 100-гадоваму юбілею Васіля Быкава была прысвечаная не толькі традыцыйная дыктоўка на Дзень роднай мовы, але і асобная літаратурная імпрэза з нагоды векавога юбілея нашага сусветна вядомага геніяльнага пісьменніка. Не абмінулі увагай мы і 140-ыя ўгодкі з дня нараджэння Вольгі Сахаравай, беларускай літратаркі міжваеннай Латвіі, жонкі вядомага беларускага дзеяча Сяргея Сахарава. Юбілейная вечарына адбылася з удзелам ўнучкі Нонны Ахметуллаевай, якая з’яўляецца шматгадовым сябрам “Сьвітанка”. З удзелам аўтара Васіля Еўдакімава, госця з Лондана, прайшла прэзентацыя кнігі “Круглая Square”. А ў кастрычніку адбылася мемарыяльная імпрэза “Галасы расстраляных паэтаў”, прысвечаная памяці беларускіх творцаў, загінулых у 1937 годзе. Гэтая вечарына, як і папярэднія, стала напамінам пра важнасць захавання нашай гістарычнай памяці і культурнай спадчыны.
Наперадзе нас чакаюць Каляды – час цудаў і яднання. Мы рады паведаміць, што 11 студзеня 2025 года адбудзецца чарговая Калядная сустрэча. Запрашаем усіх далучыцца да нас, каб разам адзначыць гэтае светлае свята, напоўненае традыцыямі і цеплынёй.
Віншуем Вас са светлымі і радаснымі святамі – Калядамі і Новым годам!
Няхай гэты год прынясе мір, радасць і згоду ў Вашыя дамы. Жадаем Вам і Вашым блізкім здароўя, любові і дабрабыту, а таксама мужнасці, моцы і натхнення, нязгаснага імпэту для поспехаў у нашай агульнай працы на карысць роднай Бацькаўшчыны!
26 мая 2024 года ў Рызе адбылася чарговая літаратурна-музычная вечарына, арганізаваная Латвійскім таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак”. Імпрэза, прысвечаная 100-гадоваму юбілею Васіля Быкава і 140-м угодкам з дня нараджэння Вольгі Сахаравай, прайшла ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.
Вечарына распачалася з традыцыйнага выканання латвійскага дзяржаўнага гімна “Dievs, svēti Latviju” ( “Божа, блаславі Латвію”) і беларускага неафіцыйнга гімна “Магутны Божа”, што надало імпрэзе асаблівую ўрачыстасць і падкрэсліла значнасць падзеі.
Важнай часткай сустрэчы стала выступленне дырэктаркі музея Янкі Купалы Рыжскай беларускай асноўнай школы і настаўніцы беларускай мовы Ганны Іванэ, якая вельмі душэўна распавяла пра Васіля Быкава. Яна нагадала прысутным пра гісторыю жыцця і творчасць гэтага знакавага для беларусаў і сусветна вядомага геніяльнага пісьменніка, падкрэсліўшы яго значнасць для беларускай літаратуры і культуры. Быкаў вядомы сваімі рэалістычнымі творамі, якія адлюстроўваюць цяжкія падзеі Другой сусветнай вайны і пасляваеннага часу, а таксама маральныя дылемы і чалавечую годнасць. Яго творы застаюцца актуальнымі і сёння, натхняючы новыя пакаленні чытачоў. Пасля гэтага Ганна Іванэ раздала гасцям урыўкі з аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык”, дзе апісаныя пісьменнікам моманты смерці пяці герояў – абаронцаў вайсковага рубяжа. Яна зрабіла гэта, каб падкрэсліць, наколькі гэта страшная з’ява – вайна, якая на жаль, зноў ідзе побач з намі, і зноў гінуць дзясяткі тысяч і церпяць ад яе мільёны людзей. Прысутныя зачытывалі ўрыўкі і потым абмяркоўвалі, што стварыла інтэрактыўную атмасферу на імпрэзе. Гэта дазволіла глыбей зразумець творчасць пісьменніка і асэнсаваць яго ўклад у сусветную літаратуру.
Дзякуючы Вячку Целешу Вялікую залу ўпрыгожыў напісаны ім партрэт Васіля Быкава. Таксама В. Целеш вельмі цікава расказаў пра сваю сустрэчу з Васілём Быкавым, паказаў гасцям вечарыны кнігу В. Быкава на латышскай мове (аповесці) “Сотнікаў. Абеліск. Дажыць да світання” з аўтографам перакладчыка Талрыда Рулліса і распавёў пра сваё сяброўства са спадаром Талрыдам. Кніга была выдадзена ў 1976 годзе ў Рызе.
…
Асаблівы гонар імпрэзе надаў удзел унучкі Вольгі Сахаравай – Ноны Ахметуллаевай, сябры Рады нашага таварыства. Хоць яна ніколі не бачыла сваю бабулю, аднак шчодра падзялілася з прысутнымі ўспамінамі, фотаздымкамі з асабістага архіва і гісторыямі, якія ёй распавядала маці. Маці ўнучкі Вольгі Сахаравай Ірына Вількель сама не займалася творчасцю, але ведала шмат пра жыццё і дзейнасць сваёй маці, а таксама на працягу ўсяго свайго жыцця была сябрам Латвійскага таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак”. Расповед Ноны Ахметуллаевай быў вельмі цікавым і працяглым, былі прачытаныя фрагменты з асабістага дзённіка Вольгі Сахаравай, і гэта стварыла вельмі шчырую атмасферу падчас імпрэзы. У спадарыні Ноны было шмат што расказаць пра бабулю, якая зрабіла значны ўклад у развіццё беларускай культуры ў Латвіі ў міжваенны перыяд. Вольга Сахарава, жонка вядомага беларускага этнографа і збіральніка беларуcкага фальклора на тэрыторыі сучаснай Латвіі Сяргея Сахарава пісала вершы па-беларуску і напісада пяць п’ес на беларускай мове. Гэтыя патрыятычныя пастаноўкі ставіліся ў беларускіх асяродках не толькі ў Дзвінску, Рызе, але і ў Вільні і іншых самадзейных тэатрах, бо былі вельмі папулярнымі ў міжваенны перыяд. Адна з п’ес “На Полацкім замчышчы” да юбілею аўтаркі была перавыдадзена сёлета ў факсімільным фармаце ў Даўгаўпілсе. На жаль, дзённік Вольгі Сахаравай пакуль не апублікаваны.
Адным з цэнтральных момантаў вечарыны стала прэзентацыя кнігі Васіля Еўдакімава “Круглая Square”.
Аўтар Васіль Еўдакімаў (псеўданім Вал Клемэнт) які з 1990 года жыве ў Лондане, падзяліўся з прысутнымі гісторыяй стварэння кнігі. Раман, выдадзены напрыканцы мінулага года ў Кракаве, апісвае шляхі і перажыванні сучаснага беларуса ў чужым горадзе, паказвае, як культура і мова могуць быць мастом паміж народамі. Васіль Еўдакімаў, які з’яўляецца адным з кіраўнікоў беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі, распавёў пра сваё натхненне і працэс напісання рамана. Ён падкрэсліў важнасць захавання беларускай ідэнтычнасці і культуры ў замежжы, а таксама падзяліўся асабістымі гісторыямі з жыцця ў Лондане і Мінску. Спадар Васіль распавёў таксама аб тым, што зараз рыхтуецца выхад гэтай кнігі ў аўтарскім перакладзе на англійскую мову. Аўдыторыя з вялікім захапленнем слухала яго аповед, што зрабіў літаратурную вечарыну яшчэ больш цікавай і змястоўнай. Кнігу можа замовіць кожны ахвотны на старонцы выдавецтвa “Gutenberg Publisher” з дастаўкай ў любую еўрапейскую краіну. У прадмове да кнігі “Круглая Square” вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў напісаў:“Гэты раман – нязменна дасціпны, вельмі асацыятыўны,з элемэнтамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часамцынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсьць найлепшым сродкам самаабароны, – не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!”
Цудоўны музычны падарунак прысутным на вечарыне зрабіла Наталля Камілеўская, шматгадовая актывістка і сябра Рады нашага таварыства. Яна выканала свае творы, напісаныя ў розныя перыяды, прысвечаныя Васілю Быкаву і беларускім дзеячам міжваеннага перыяду.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі імпрэзы прысутныя працягнулі абмеркаванні за сяброўскім сталом у Каміннай зале. Гасцей чакалі прысмакі, якія яны прынеслі на дабрачыннай аснове, што стварыла атмасферу еднасці і сяброўства.
Літаратурна-музычная вечарына прайшла з вялікім поспехам. Усе ўдзельнікі адзначылі высокі ўзровень арганізацыі і змястоўную праграму. Імпрэза стала не толькі ўшанаваннем памяці вялікіх дзеячаў беларускай культуры, але і пляцоўкай для абмену думкамі і ўражаннямі, узбагачэння ведаў і ўсталявання новых знаёмстваў.
Такім чынам, літаратурна-музычная вечарына стала сапраўдным святам беларускай культуры і гісторыі ў Латвіі, якое доўга будзе памятацца ўсім удзельнікам і гасцям мерапрыемства.
Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак” шчыра віншуюць з шасцідзесяцігадовым юбілеем Ганну Ўладзіславаўну Іванэ.
Прозвішча Ганны Іванэ (у дзявоцтве Нябескай) непадзельна звязанае з таварыствам„Сьвітанак” і з Рыжскай Беларускай асноўнай школай. Яна прыйшла на працу ў школу маладзенькай настаўніцай праз год пасля заснавання школы нашым таварыствам, калі адчынiўся другi па лiку клас. І з таго часу ўжо амаль тры дзесяцігоддзі ўсе свае сілы і веды, усю сваю любоў, цеплыню і пяшчоту Ганна Ўладзіславаўна аддае дзецям. Гэтыя тры дзесяцігоддзі свайго жыцця яна, без перабольшвання, аддала беларускай школе, а з 2000 г. на працягу двух дзесяцігоддзяў узначальвала школу. Шчырая і самаадданая беларуска, філолаг беларускай мовы па адукацыі, яна – цудоўны кіраўнік.
Мы ганарымся, што Ганна Ўладзіславаўна Іванэ – добры сябра і дарадчык нашага таварыства, сябра Рады „Сьвітанка” на працягу ўсіх трох дзесяцігоддзяў. Двойчы – у 2003 г. і ў 2014 г. Ганна Іванэ была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвіі за вялікі ўнёсак ў захаванне і развіццё беларускай культуры тут, у Латвіі. Ў 2015 годзе Ганна Іванэ атрымала найвышэйшую ўзнагароду Беларусі – Ордэн Францыска Скарыны.
Мы жадаем Ганне Ўладзіславаўне здароўя, моцы і натхнення, яшчэ шмат дзесяцігоддзяў гэткай жа самаадданай і творчай працы на карысць захавання беларускай мовы і культуры ў Латвіі.
26 студзеня 2024 года пасля цяжкай хваробы адыйшоў ад нас у лепшы свет шчыры беларус, адзін з старэйшых сябраў і заснавальнікаў ЛТБК “Сьвітанак”, беларускі вучоны-хімік, доктар хімічных навук (1991), прафесар (1998) Мікола Ярчак. Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” з вялікім смуткам выказваюць свае глыбокія спачуванні сям’і нябожчыка.
Мікалай Пятровіч Ярчак нарадзіўся 25 мая 1950 года ў сям’і настаўніка ў вёсцы Гошчава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1966 годзе са срэбным медалём скончыў Гошчаўскую сярэднюю школу, а ў 1971 годзе – Беларускi Дзяржаўны Універсітэт. Па размеркаванню разам з жонкай Ліліяй прыехаў ў Рыгу і з 1971 г. працаваў у Інстытуце арганічнага сінтэзу Акадэміі навук Латвіі. Абараніў спачатку кандыдацкую, а потым доктарскую дысертацыі. З моманту заснавання ў 1988 годзе і да ад’езду ў Беларусь актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. На працягу пяці гадоў узначальваў таварыства і быў адным з ініцыятараў заснавання Рыжскай беларускай школы (1994) і Латвійскага Фонда беларускай культуры (1996). У 1996 годзе Мікола Ярчак вярнуўся на радзіму і ўзначаліў кафедру хіміі ў Брэсцкім Універсітэце. Выкладаў сваім студэнтам прадметы ў універсітэце выключна па-беларуску. З 2000 года арганізаваў і быў першым дырэктарам Аддзела праблем Палесся Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2004 года і да выхаду на пенсію адначасова выкладаў ва ўніверсітэце горада Седльцэ (Польшча). Ніколі не прыпыняў сваю навуковую дзейнасць. Мікола Ярчак пакінуў пасля сябе шматлікія навуковыя працы па тэарэтычнай, арганічнай і медыцынскай хіміі, аграхіміі, экалогіі і воднай гаспадарцы, тэорыі кампенсацыі электрычнага поля малекул. Прапанаваў метад вызначэння структурных параметраў малекул у вадкім стане і растворы. Сінтэзаваў сямікаардынаваныя злучэнні крэмнія, што эксперыментальна пацвердзілі існаванне новага тыпу вадароднай сувязі. Распрацаваў неінсектыцыдны метад абароны бабовых ад каларадскага жука, экалагічную сістэму ачысткі бытавых сцёкавых вод. Аўтар больш за 40 патэнтаў і шматлікай колькасці публікацый. Назву роднай вёскі Гошчава беларускі патрыёт Мікола Ярчак увекавечыў у сваіх адкрыццях ў навуцы ў вобласці крэмнійарганічнай хіміі. Новыя хімічныя злучэнні атрымалі назву «гошчава-сіланаты». Копіі патэнтаў на гэтыя хімічныя злучэнні ўрачыста перададзены на захоўванне ў Гошчаўскую сярэднюю школу ў дзень яе 150-годдзя (2011). Пасля выхаду на пенсію спадар Мікола працягнуў актыўную дзейнасць ў Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак” у 2023 годзе. Мікола Ярчак з жонкай Ліліяй выхавалі двух беларускамоўных сыноў Юрыя і Паўла. Пахаваны ў Рызе на Балдэрайскіх могілках побач з жонкай.
https://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2024/02/IMG-20240203-WA0002.jpg690493Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2024-01-29 01:05:412024-02-15 20:00:55Адыйшоў у лепшы свет Мікола Ярчак
Самы вядомы латвійскі беларус, кавалер Ордэна Трох Зорак, грамадскі дзеяч, мастак і педагог Вячка Целеш 25 верасня адзначыў свой чарговы юбілей. І хаця раней спадар Вячка таксама заўсёды да юбілейных дат ладзіў свае персанальныя выставы, сёлета да 85-годдзя яму хапіла моцы і натхнення зладзіць ажно тры прыгожых, вельмі самабытных і непадобных адна на адну выстаў.
У верасні і кастрычніку ў будынку Акадэміі навук Латвіі на 2 паверсе эскспанаваліся 16 жывапісных і 15 графічных прац мастака на выставе з назвай “З Тэрвэтскага альбома”. Карцін, прысвечаных улюбёнаму куточку мастака на латвійскай зямлі – Тэрвэтэ, створана творцам вельмі шмат. Ён пачаў маляваць пейзажы Тэрвэтэ з 1976 года, амаль адразу пасля заканчэння Латвійскай Акадэміі мастацтваў ў 1975 годзе. Карціны, прысвечаныя прыгажосці гэтага месца традыцыйна прысутнічаюць на выставах мастака. Наогул Вячка Целеш з’яўляецца ўдзельнікам больш за 100 выстаў, ў тым ліку амаль 30 персанальных. А працы мастака ў розных тэхніках прысутнічаюць у зборах музеяў і прыватных калекцыях Беларусі, Латвіі, ЗША, Канады, Францыі, Ізраіля, Швейцарыі, Румыніі, Партугаліі, Расіі, Кітая і іншых краін.
На другой па ліку выставе “Разважанні года”, арганізаванай ў Вялікай зале будынка АНКТЛ ў кастрычніку наведвальнікі маглі пабачыць самыя разнастайныя працы: графіку, жывапісныя нацюрморты, пейзажы, партрэты сваякоў і сяброў, а таксама некалькі аўтапартрэтаў розных гадоў. На адкрыццё выставы павіншаваць шаноўнага спадара Вячку сабралася вельмі шмат родных і сяброў, аднакурснікаў, калег-мастакоў розных нацыянальнасцяў, асабліва, канешне, беларусаў з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” і Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыіі “Маю гонар”, заснавальнікам якіх ён з’яўляецца.
…
Павіншаваць юбіляра прыйшлі таксама ягоныя былыя вучні, выпускнікі Рыжскай Беларускай асноўнай школы. Вячка Целеш – адзін з ініцыятараў стварэння школы, заснаванай нашым таварыствам “Сьвітанак” ў 1994 годзе, ён быў першым дырэктарам школы.
…
Адкрыццё апошняй юбілейнай выставы экслібрысаў адбылося 23 лістапада ў будынку Латвійскай Нацыянальнай бібліятэкі. На выставе экспануюцца ажно 71 экслібрысаў аўтарства Вячкі Целеша. Сярод іх экслібрысы, прысвечаныя такім вядомым асобам, як Уладзімеру Караткевічу, Рыгору Барадуліну, Зосьцы Верас, Лявону Луцкевічу, Адаму Мальдзісу, Улдысу Бэрзыньшу, Андрысу Вілксу ды іншым. Наведаць выставу можна да 31 снежня.
Мы жадаем шаноўнаму Вячку Целешу здароўя, настрою і натхнення на стварэнне шматлікіх новых карцін для новых выстаў, прысвечаных наступным юбілеям!
Здымкі Міколы Гардзеева, Дзяніса Давыдава і Алега Целеша
Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасня 1938 года ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці). Мастак, педагог, гісторык, пісьменнік, беларускі грамадскі дзеяч, сябра Саюзаў мастакоў Беларусі і Латвіі.
У 20-гадовым узросце выправіўся ў Латвію, працаваў слесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазней атрымаў ступень магістра мастацтва.
Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе.
Працуе ў розных жанрах станкавага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і экслібрысаў выдатных беларускіх і латышскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.
Вячка Целеш – адзін з самых вядомых еўрапейскіх філакартыстаў: ягоны альбом “Гарады Беларусі на старых паштоўках” на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.
Аўтар біяграфічнай кнігі “Адсюль наш род, тут мой прычал”, прысвечанай радаводу краснасельскіх Целешаў. Аўтар кнігі “Беларускія мастакі Латвіі” і інш.
Сапраўдная марозная зіма прыйшла ў Латвію ўжо ў канцы восені. Але гэта не стала перашкодай таму, каб 26 лістапада ў Рызе адбылося ўрачыстае і вясёлае адначасова беларускае свята, якое прынесла гаспадарам і гасцям шмат цяпла і добрага настрою. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” запрасіла сваіх сяброў на юбілейную сустрэчу, прысвечаную 35-м угодкам таварыства “Сьвітанак”. У далёкім ўжо 1988-м годзе, яшчэ ў савецкі час, 27 лістапада беларусы заснавалі першае ў Латвіі таварыства беларускай культуры. На юбілей сабраліся сталыя госці “Сьвітанка”, а таксама беларусы ды іх сябры, пачынаючы ад Таллінна і да Латгаліі. Вечарына праходзіла традыцыйна “ў сваёй хаце” – у будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.
Імпрэза гэтак жа традыцыйна распачалася з выканання ўсімі прысутнымі гімнаў Латвіі “Dievs, svēti Latviju” і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа”.
Пасля хвіліны маўчання ў гонар тых сябраў таварыства, што адышлі у лепшы свет за гэтыя 35 гадоў, а таксама палеглых змагароў за незалежнасць Беларусі і Ўкраіны, ўспамінамі падзяліліся тыя, для каго “Сьвітанак” сапраўды стаў часткай іх жыцця. Госці імпрэзы змаглі пачуць невядомую дагэтуль інфармацыю пра гісторыю стварэння таварыства і намаганні і працу на беларуcкай ніве на працягу 35 гадоў ад першага старшыні “Cьвітанка” др. медыцыны Сяржука Кузняцова, вядомага мастака, кавалера Ордэна Трох Зорак Вячкі Целеша, шматгадовай старшыні таварыства Таццяны Казак і намесніцы дырэктара Рыжскай беларускай школы і дырэктаркі школьнага музея Янкі Купалы Ганны Іванэ.
Ганна Іванэ
Таццяна Казак
Вячка Целеш
Разам з беларусамі на свяце былі нашы сябры-латышы – доктар мастацтваў Ансіс Атаолс Бэрзыньш, сын вядомага паэта і шматгадовага сябра нашай суполкі Андрыса Бэрзыньша, фотамастак Оскар Пэйпіньш і іншыя. А старшыня таварыства “Fre Belarus” Илва Эвертэ не толькі звярнулася з віншаваннем да прысутных па-беларуску, а і яшчэ парыхтавала шмат плакатаў са словамі падзякі беларусам, што было вельмі кранальна.
“Сьвітанак” прыехалі павіншаваць таксама госці-беларусы з Таллінна з Беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра ў Эстоніі Артур Цурбакоў і Дзяніс Прыстромскі з сваімі сем’ямі. А сын Артура саксафаніст Якуб Цурбакоў нават падрыхтаваў музычны падарунак удзельнікам святочнай імпрэзы і выступіў разам з госцем з Беларусі – спеваком Віктарам Шалкевічам.
Госць вечарыны Стэфан Эрыксан, дырэктар Бюро Рады міністраў Паўночных краін у Латвіі, у сваёй віншавальнай прамове падзякаваў Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” за тое, што падчас сваёй працы ў Латвіі ён мае магчымасць з вялікім задавальненнем правесці час у беларускім асяродку. У свой час у 2000-х спадар Стэфан выконваў абавязкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь. Ён не толькі дасканала вывучыў беларускую мову, але вельмі шмат зрабіў для развіцця беларуска-шведскіх стасункаў ў галіне культуры. Таму такія словы ацэнкі працы таварыства спадара Эрыксана, які рэгулярна наведвае імпрэзы “Сьвітанка”, былі вельмі прыемнымі для арганізатараў юбілейнай вечарыны.
Лізавета Дубінка-Гушча была прызначаная дырэктаркай Дацкага інстытута культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве і таму сёлета прыехала ў Латвію. У сваёй віншавальнай прамове яна адзначыла, што заўсёды адчувае на “cьвітанкаўскіх” вечарынах сябе вельмі ўтульна, як дома ў Беларусі, і выказала спадзеў на далейшае плённае супрацоўніцтва.
Напэўна, падарункамі не трэба выхваляцца, але некаторыя з іх сапраўды вартыя ўвагі. Госця юбілейнай імпрэзы ўкраінка Таццяна Шчэрбанос, якая знайшла часовы прытулак у Латвіі з-за вайны і наведвае практычна ўсе нашы імпрэзы ў таварыстве, адмыслова ў якасці музычнага падарунка сваім беларускім сябрам на юбілей вывучыла і выканала песню Ігара Лучанка на словы Уладзімера Някляева “Світанак”. Гэтая песня была таксама ў рэпертуары гурта “Сьвітанак” пры нашым таварыстве ў 2000-х гадах, таму шмат у каго з прысутных выклікала настальгічныя ўспаміны.
А яшчэ таварыству “Сьвітанак” падаравалі кавалачак гісторыі нашай культуры ў Латвіі. Афішу з тэатральнай пастаноўкі “Паўлінка” беларускага тэатра ў Рызе ў 1937 годзе музею Рыжскай Беларускай асноўнай школы, заснаванай нашым таварыствам ў 1994 годзе, прэзентаваў першы старшыня “Сьвітанка” Сяржук Кузняцоў.
Таксама варта адзначыць карціну “Падарунак”, падараваную Вольгай Якубоўскай і беларускім мецэнатам з Грузіі Іванам Бахціным. Мы ўжо пісалі ў іншым артыкуле на нашай старонцы, як латвійскія беларусы ўдзячныя Вользе і Івану за іх дапамогу і ўдзел Вольгі ў жыцці таварыства. Нажаль, знакамітая беларуская мастачка не змагла асабіста на юбілеі ўручыць падарунак, бо была ў гэты час на адкрыцці сваёй персанальнай выставы ў Італіі. Замест яе гэта зрабілі сябры аб’яднання беларусаў “Суполка”, з якім у “Сьвітанка” існуе цеснае супрацоўніцтва. Марыя Давыдава-Новікава ў сваім віншавальным выступе пажадала плёну ў працы таварыства і поспехаў у супрацоўніцтве паміж латвійскімі беларускімі грамадскімі арганізацыямі і надалей.
Галоўнай падзеяй юбілейнай вечарыны стаў канцэрт вядомага барда з Беларусі, паэта і шоўмэна Віктара Шалкевіча. Ён адмыслова прыехаў выступіць у Рызе на юбілеі і не пагадзіўся на сумныя ўспаміны аб тым, “як жа раней было добра”. Спявак упэўніў усіх, што 35-годдзе – гэта толькі пачатак, а “Сьвітанак”, як і нашу родную Беларусь, чакае светлая і радасная будучыня. Віктару падпявала ўся зала, а гук яго гітары прымушаў падтанцоўваць кожнага. Асаблівасцю барда з’яўляюцца яго анекдатычныя гісторыі паміж песнямі, якія таксама стваралі цудоўны настрой гэтай вечарыны. Ад канцэрта засталіся ў захапленні як тыя, хто даўно ведаў Віктара Шалкевіча, ягоныя адданыя фанаты, што спявалі ўсе песні напамяць, так і моладзь – тыя, хто слухалі яго песні ўпершыню.
Пасля канцэрта і апошніх віншаванняў, адбыўся традыцыйны сяброўскі стол у Каміннай зале. Сябры “Сьвітанка” і госці знаёміліся паміж сабой, спявалі песні, успаміналі былое і рабілі планы на будучыню. Таксама прысутныя маглі пазнаёміцца з творамі беларускай мастачкі з аб’яднання “Маю гонар” Алены Лаўрыновіч, выстаўленымі ў Каміннай зале на яе персанальнай выставе з 24 лістапада. А Віктар Шалкевіч нястомна працягваў свой фейерычны выступ і за святочным сталом.
У верасні 2023 года выйшаў мастацкі фільм “Mana brīvība” (Мая свабода), прысвечаны нацыянальнаму адраджэнню Латвіі і ролі нацменьшасцяў у гэты час. Гэтая гісторыя таксама з’яўляецца гісторыяй “Сьвітанка”, бо таварыства – адно з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, якая таксама святкуе ў гэтыя дні сваё 35-годдзе. Недарма падчас выступу першага старшыні таварыства Сяргея Кузняцова былі ўзгаданы яго адносіны з Ітай Казакевіч.
Мы выказваем шчырую падзяку Міністэрству культуры Латвіі, АНКТЛ імя Іты Казакевіч, асабіста спеваку Віктару Шалкевічу і сем’ям беларусаў Цурбаковых і Прыстромскіх з Эстоніі, без падтрымкі якіх юбілейнае свята не атрымалася б такім яскравам і запамінальным!
Дзякуем усім, хто завітаў на юбілейную імпрэзу. Спадзяемся на новыя, такія ж шматлюдныя сустрэчы і плённую працу таварыства ў наступныя 35 гадоў і жадаем ўсім у Латвіі і нашай роднай Беларусі ўсяго самага найлепшага!
https://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/12/35-годдзе-ЛТБК-Сьвітанак.-Выступ-барда-Віктара-Шалкевіча-—-копия_1-rotated.jpg427600Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-11-27 22:55:382024-02-16 14:55:17“Сьвітанку” – 35! У Рызе адзначылі юбілей таварыства
Шаноўныя сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”!
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе вас з 35-годдзем!
27 лістапада 1988 года з волі беларусаў у Рызе паўстаў “Сьвітанак” – першая арганізацыя нацыянальнай меншасці ў Латвіі. Паставіўшы на мэце не толькі захаванне і абарону беларускай культуры, але таксама развіццё беларускай асветы і выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, за немалы тэрмін свайго існавання сябры таварыства дасягнулі каласальных, узорных вынікаў. Нястомная і ахвярная праца сябраў “Сьвітанку” – гэта безліч праведзеных імпрэзаў, арганізаваных выставаў і святаў, канцэртаў і фестываляў, добра пастаўленая літаратурная і навуковая праца, сувязі з іншымі беларускімі суполкамі ва ўсім свеце, у тым ліку і праз удзел у З’ездах беларусаў свету. Гэта ўнікальнае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар!” і арганізацыя дзіцячых мастацкіх студыяў, гэта плённае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўрадавымі арганізацыямі Латвіі і трывалая цікаўнасць да справаў таварыства з боку латвійскіх медыя. Урэшце, гэта Рыжская беларуская асноўная школа.
Сёння, калі беларуская культура перажывае ці не самыя чорныя дні ў гісторыі і зазнае сапраўдныя ганенні і знявагу ў самой Беларусі, досвед таварыства “Сьвітанак” неацэнны для раскіданых па свеце прадстаўнікоў бягучай хвалі эміграцыі, і як мала які іншы дапамагае ім належным і годным чынам размеркаваць свой патэнцыял.
Сябры! Мы зычым вам і надалей заставацца прыкладам салідарнасці і вернасці ідэалам дэмакратыі, спрыяць здабыццю сапраўднай незалежнасці Беларусі і мець добры плён у кожнай распачатай справе!
https://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/11/gerb.png118104Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-11-26 16:20:002024-02-18 13:48:34Віншаванне ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Запрашаем аматараў жывапісу наведаць персанальную выставу мастачкі Алены Лаўрыновіч, адкрыццё якой адбылося 24 лістапада. Алена з студэнцкіх часоў навучання ў Латвійскай мастацкай акадэміі на працягу амаль 20 гадоў з’яўляецца сябрам Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Яна – прафесійная мастачка, графік класічнай школы, працуе ў розных тэхніках, у тым ліку літаграфіі, акварэлі і алеі.
На адкрыцці выставы Алену Лаўрыновіч віншавалі калегі-мастакі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” і старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры Таццяна Казак, мастакі з іншых нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, калегі па працы, сябры і блізкія.
Музычныя падарункі мастачцы і ўсім прысутным на адкрыцці выставы падрыхтавалі беларускі гурт “Вытокі” і выхаванцы Рыжскай музычнай школы імя П.Юр’яна. Дзіцячы ансамбль акардэаністаў пад кіраўніцтвам педагога Надзеі Пісаравай і салісты-выканаўцы вельмі прыгожа выканалі шэраг музычных кампазіцый, а беларускі з такім натхненнем спявалі беларускія народныя песні, што бацька Алены вельмі ўдала дадаў свой прыгожы голас да галасоў-жынчын спявачак з “Вытокаў”.
…
На выставе можна пазнаёміцца з графічнымі работамі Алены ў тэхніцы літаграфіі і жывапісам, выкананым алеем і акварэллю ў стылі рэалізму і псіхалагічнага сімвалізму. Яе творы адрозніваюцца рэалізмам, выразнасцю малюнка, асаблівым пачуццём колеру, вытанчанасцю выканання і глыбокай эмацыянальнай напоўненасцю. Мастачка часта звяртаецца да тэм прыроды, чалавека, псіхалагічнай сімволікі. На выставе можна ўбачыць як раннія, так і больш познія работы Алены, якія ўпершыню дэманструюцца публічна.
…
Выстава будзе працаваць у Каміннай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя І. Казакевіча (АНКТЛ) да 21 снежня 2023 г. па адрасе г. Рыга, вул. Слокас, 37.
Выстава арганізаваная ў рамках фестываля “Адзіныя – ў разнастайнасці – 2023”, прысвечанага 35-гадоваму юбілею АНКТЛ імя Іты Казакевіч, адным з заснавальнікам якой з’яўляецца Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.
Уваход вольны. Але час агляду выставы лепш узгадніць па тэл. 67613638, 27024786