4 верасня 2020 г. адбылося адкрыццё юбілейнай выставы шматгадовага сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, былога старшыні нашага таварыства Васіля Малышчыца

Восень – шчодрая пара не толькі на ўраджай, але і на незвычайную прыгажосць прыроды: залатое лісце, прыцішаныя кветкі. Ідзеш вуліцамі любімага горада, захапляешся, не адводзіш вачэй і сам сабе адзначаеш: добра, што ёсць мастакі, якія могуць перанесці гэткую прыгажосць на свае палотны і падоўжыць яе жыццё.

Адным з такіх мастакоў-чараўнікоў з’яўляецца Васіль Малышчыц, аўтар персанальнай юбілейнай выставы “Мой родны кут”. Кажуць, што паказчык прызнання мастака, яго таленту і ўнёску ў культуру вымяраецца выставамі. Васіль выстаўляецца даволі часта, у тым ліку і са сваімі сябрамі з аб’яднання “Маю гонар”, але юбілейная выстава – гэта падзея асаблівая, бо яна нейкім чынам дае магчымасць асэнсаваць працу і жыццё і мастака, і чалавека за грунтоўны перыяд жыцця.

“Мой родны кут” – так назваў сваю выставу творца. У гэтай назве ўсё: і згадка пра сваю малую Радзіму (беларускае Палессе, вёска Спорава), і цішыня, і загадкавасць мясцовай прыроды, і таямнічасць балотных мясцін, і цеплыня бацькоўскай хаты. Менавіта замілаванасць роднай зямлёй, нейкае асаблівае адчуванне навакольнага свету падштурхнулі 15-гадовага хлопчыка ехаць вучыцца ў мастацкае вучылішча ў Бабруйск. Там ён набыў прафесію столяра. Гэта дае яму магчымасць і сёння плённа працаваць з дрэвам і займацца рэстаўрацыяй рэдкіх драўляных рэчаў, ствараць скульптуры. Але ўсё ж такі асаблівым клопатам і любоўю Васіля з’яўляецца жывапіс. У ім памяць аб продках, у ім прызнанне ў любові, у ім спадзяванне і надзея. Карціны творцы, можа немудрагелістыя, але сваёй чысціней, адкрытасцю, шчырай інтанацыяй даходзяць да глыбіні душы гледача, кранаюць сэрца. А вучыўся свайму мастэрству Малышчыц у Беларускім Дзяржаўным тэатральна – мастацкім інстытуце на факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яму пашанцавала, што талент дадзены яму Богам, быў падмацаваны вышэйшай адукацыяй. І пэўна, ёcць права сцвярджаць, што творы яго, выкананыя ў лепшых мастацкіх традыцыях, вылучаюцца дасканаласцю і актуальнасцю.

З 1996г. В.Малышчыц жыве і працуе ў Латвіі, якую лічыць сваёй другой Радзімай. І гэтай зямлі таксама належыць і сэрца, і талент мастака. Вось яна – Рыга, таямнічая, велічная, блізкая і далёкая пазірае на нас са сцяны.

Сярод святочнага тлуму выставы можа крыху складана падрабязней разгледзець і паланіцца творамі філасофскага накірунку, бо каб адчуць асаблівую асалоду раскрыцця аўтарскай таямніцы патрэбна застацца сам на сам з творам. Упэўнена, што і пазаўтра ў залю АНКTЛ, дзе святкуе сваё 60-цігоддзе спадар Малышчыц, абавязкова прыйдуць прыхільнікі яго таленту.

Дарагі Васіль, сардэчна віншуем цябе з юбілеем! Зычым моцнага здароўя і шчасця табе і ўсім тваім родным, а самае галоўнае – чысціні і выразнасці ліній, адухоўленасці і прыгажосці светасузірання ў мастацтве, несупыннага пошуку “Боскай і чалавечай стунасці”.

Ганна Іванэ

На здымках Лявона Маствілішскага:

Васіля Малышчыца віншуюць “Сьвітанкаўцы” і старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі Рафі Нараджанян

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

Ул. Караткевіч

 “Быў. Ёсць. Буду.” – назва літаратурнай выставы, прысвечанай творчасці Уладзіміра Караткевіча, якая была ўрачыста адкрыта ў жніўні гэтага года ў ЛТБК “Сьвітанак”. Патрэбна адзначыць, што 2020 год у Беларусі аб’яўлены годам Уладзіміра Караткевіча – пісьменніка, паэта, драматурга, кінасцэнарыста, асобы, якая не толькі заслугоўвае памяці народнай, але і глыбокага навуковага даследавання. Вялікую цікавасць да гэтага творцы маюць, у тым ліку, і сябры таварыства “Сьвітанак”. Напэўна таму, нягледзячы на летняе надвор’е, ды на паўсядзённыя клопаты cьвітанкаўцы  сабраліся ў будынку АНКTЛ, на святочную імпрэзу, каб адзначыць юбілей слыннага сына Беларусі і пагартаць старонкі жыцця і творчасці любімага пісьменніка.

Ул. Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Літаратуразнаўцы лічаць яго адным з самых яркіх і самабытных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя. Ім напісана мноства вершаў, аповесцей, раманаў, казак. Цяжка пераацаніць значэнне творчасці гэтага геніальнага пісьменніка  – гэта і сакавітасць мовы, і даследванне беларускага нацыянальнага характара, і гістарычны лёс народа, і захаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры. Пра ўсё гэта і разважалі cьвітанкаўцы і госьці ў час свята. На працягу ўсёй сустрэчы гучалі вершы, узгадваліся героі знакамітых твораў, а ўспаміны Вячкі Целеша пра асабістае знаёмства з паэтам асабліва ўсцешылі ўсіх прысутных на свяце.  Хораша ўпрыгожылі вечарыну і родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”, якім з задавальненнем кіруе Таісія Бачкарова, шчырая наша беларуска. Родная мова, песня, сцішаныя кветкі, а над усім гэтым шчаслівая ўсмешка Караткевіча, як сведак таго, што яго ідэі, яго вялікія праца па стварэнню праўдзівай гісторыі Беларусі – дало плён.

Cьвітанкаўцы шчыра ўдзячны старшыні таварыства спадарыні Таццяне Казак за ідэю ўшанаваць памяць вялікага пісьменніка і Дзяржаўнаму музею беларускай літаратуры за прадстаўленыя матэрыялы, дзякуючы якім можна паглыбіць свае веды пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Ганна Іванэ

На здымках Алены Ціхаміравай:

Вядучая літаратурнай імпрэзы Ганна Іванэ

Спявае Эльвіра Гамершмідтэ, за раялем – Наталля Камілеўская

Шаноўны госць імпрэзы – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі спадар Васіль Марковіч

Вячка Целеш чытае адрасаваны яму ліст ад Уладзіміра Караткевіча

Гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава

Удзельнікі юбілейнай вечарыны

Лета – пара найбагацейшая на разнастайнасць колераў і пахаў, гукаў і ўражанняў, сустрэч і мараў. І вельмі радасна, што ў “вянок” рыжскага лета беларускай кветкай уплялася незабыўная імпрэза ў гонар 70-гадовага юбілею мастачкі Надзеі Ізянёвай, якая адбылася 1 жніўня ў доме-музеі Мэнцэрдорфа.

Надзея нарадзілася ў Беларусі, у мястэчку Шаркаўшчына, на Віцебшчыне. Скончыўшы с залатым медалём сярэднюю школу, стала студэнткай педагагічнага інстытута мастацка-графічнага факультэта. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1967 года. Лёс мастачкі склаўся так, што яна шмат год жыла спачатку ў Польшчы, затым у Прымор’і. І, як сцвярджае сама Надзея, што “дзе б ні прыходзілася жыць і працаваць, побач было самае галоўнае – мастацтва. Яно – натхненне, яно – жыццё, яно мора, боль і спадзяванне”.

З 1971 года Надзея жыве і працуе ў Латвіі, якую вельмі любіць, лічыць сваёй другой Радзімай. У сувязі з гэтым хочацца адзначыць, што менавіта незвычайнай цеплынёй і любасцю да латвійскай зямлі свецяцца яе палотны. Магчыма жаданне падзяліцца сваім талентам, сваімі ўражаннямі, сваімі марамі і прывяло мастачку да адзінадумцаў, якія з’яўляюцца сябрамі таварыства мастакоў “Маю гонар”, якія ў бальшыні сваёй таксама жывуць і працуюць у Латвіі. І сёння ў гэты святочны момант яны побач з ёю. Каму як ні Вячку Целешу ды Васілю Малашчыцу не разумець, якой працай, якім намаганнем, талентам, болем, а часам і расчараваннем выпісаны кожны твор.

Радзіма… У гэтым слове увасабляецца так многа для кожнага чалавека, а тым больш для таго, хто адарваны ад яе. Дзякуй, Надзея, за тое, што латвійскія беларусы на хвіліначку адчулі сябе сярод тваіх незабыўных пейзажаў на сваёй роднай зямлі. Вунь недзе хаваецца ў лясным гушчары сцяжынка, а там бруіцца чыстая крыніца, ды здаецца вось-вось “пырсне” мак. І кожны шукае сваё, роднае, незабыўнае…

У сваёй творчасці Надзея не баіцца быць ні занадта даверлівай, ні безагляднай, ні адкрытай. Яна не баіцца паўтараць нейкую адну тэму – паўтараць сябе. І ўсё дзеля адной – адзінай мэты: паказаць у фарбах праўду, у якую паверылі б гледачы. А паверыўшы, сталі б крыху дабрэйшымі, прыгажэйшымі, больш чалавечнымі.

Нейкія вельмі добрыя зоркі свецяць мастачцы, цёплыя дажджы абмываюць любімыя ландшафты, і ўся зямля барвовымі, залатымі, зялёнымі, бялюткімі дыванамі гасцінна расцілаецца перад ёй.

Жывапіс – гэта ўсе сілы, час, душа, усе гукі і пахі свету, трапятлівасць, пяшчота, хваляванне і неспакой, чаканне і здзіўленне. І вялікае шчасце, калі жывапісец можа падзяліць сваё светаадчуванне з сябрамі, з блізкімі духоўна людзьмі.  Надзеі пашанцавала і на гэта. Сёння побач з ёю любімы музычны гурт “Вытокі”, у складзе якога яна спявае. Хораша, што выстава беларускай мастачкі аздоблена і беларускай песняй, і беларускім словам. І сапраўды, здаецца, што да Радзімы вельмі блізка.

Без мастацтва жыццё было б цмяным і сумным, і таму мы схіляемся перад мастаком і кажам “Дзякуй” – за падораную прыгажосць, за сонца, за лясную сцежку, блакіт неба, спякоту летняга дня, пырскі марскіх хваляў, за ўсе тыя чароўныя фарбы, якімі свецяцца яе зіхатлівыя палотны.

Ганна Іванэ

19 сакавіка 2020 года пасля цяжкай і працяглай хваробы на 61-м годзе жыцця адышла ў лепшы свет наша шматгадовая сябра Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак” Таццяна Касуха – шчырая беларуска, журналістка, педагог, перакладчыца, мастацтвазнаўца, шматгадовая аўтар і вядучая беларускай перадачы на ​​Латвійскім радыё 4.

Таццяна Касуха нарадзілася ў вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і вясковай інтэлегенцыі, на беразе славутага Князь-возера прайшлі яе дзіцячыя і школьныя гады, тут яна скончыла Чырвоненскую сярэднюю школу, пазней атрымала вышэйшую адукацыю на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала па прафесіі ў Беларусі, з 1990-га года – у Рызе па месцы жыхарства мужа.

Адразу пасля прыезду ў Латвію Таццяна прыйшла ў наша таварыства. З 1992 года яна брада ўдзел у адраджэнні беларускай адукацыі ў Латвіі. Спачатку вяла заняткі роднай мовы у мастацкай студыі “Вясёлка”, потым выкладала беларускую мову і літаратуру ў створанай таварыствам “Сьвiтанак” Беларускай нядзельнай школе. Вялікі ўнёсак яна зрабіла таксама ў заснаванне “Сьвiтанкам” Рыжскай Беларускай асноўнай школы ў 1994 годзе, была адной з першых яе настаўніц.

З 1993 года, амаль 30 гадоў Таццяна Касуха нязменна вяла перадачу “Сьвiтанак” для беларусаў Латвіі на LR4 – Домская плошча. Яе словы “Дабра, цяпла і згоды”, якія яна заўсёды зычыла беларусам напрыканцы кожнай перадачы дагэтуль памятаюць усе яе слухачы-беларусы, гэтыя словы сталі практычна беларускім устойлівым выразам сярод латвійскіх беларусаў.

Таццяна шмат ідэй, энергіі і сіл аддавала любімай справе, таварыству беларускай культуры “Сьвітанак”. Сапраўдная патрыётка сваёй Радзімы, для якой беларускасць – стан душы, свядомасці, яна была адной з ініцыятарак стварэння нашага сайту у 2002 годзе, была аўтарам шматлікіх матэрыялаў і шматгадовым рэдактарам сайту, заўсёды пісала пра працу таварыства і падзеі ў жыцці беларускай дыяспары Латвіі ў розныя беларускія СМІ. Таццяна была дэлегатам Першага з’езду беларусаў свету ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак”, брала ўдзел у працы яшчэ трох з’ездаў.

Сышоў чалавек светлай душы, добрага сэрца і высокай эрудыцыі…

“Сьвітанкаўцы” вельмі смуткуюць і выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім Таццяны.

Дабра, цяпла і згоды таксама зараз табе, наша любая Таццяначка, у лепшым свеце. Узносім за цябе, шчырую верніцу, свае малітвы, і верым, што Магутны Божа возьме тваю шчырую светлую беларускую душу да сябе на нябёсы...

25 верасьня 80-гадовы юбілей адзначае адзін з найбольш актыўных і пасьлядоўных рупліўцаў беларушчыны за мяжой Вячка Целеш.

Ён аб’яднаў самыя розныя сфэры дзейнасьці на карысьць беларускай справы: мастак, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» і аб’яднаньня беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», арганізатар і дырэктар першай беларускай школы ў Рызе; ён быў у Кансультацыйнай радзе пры ўсіх прэзыдэнтах, абараняў інтарэсы беларусаў. Ягоныя высілкі годна адзначаныя ўладамі Латвійскай Рэспублікі, ён кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Трох Зорак.

Круглую дату Вячка Целеш адзначыў пэрсанальнай выставай, якая ахапіла ўвесь пэрыяд ягонай мастацкай творчасьці – ад студэнцтва да сталасьці.

  • Спадар Вячаслаў, шчырыя віншаваньні з 80-годзьдзем! Як зьбіраецеся адзначыць сьвята?
  • Сёньня проста прымаю віншаваньні – усё ж будны дзень, ва ўсіх свае справы. Сходзім у выходныя з жонкай і блізкімі мне людзьмі ў рэстаран, крыху пасядзім, адзначым… Галоўным для мяне было адкрыцьцё выставы – дзякуй Богу, усё атрымалася. Прыйшло шмат людзей: аднакурсьнікі, нашы актывісты, вядомыя людзі Латвіі. Вельмі прыемна.

Пэрсанальная выстава Вячкі Целеша

Найлепшае адзначэньне – гэта прызнаньне тваіх высілкаў. Усьцешыла, што адгукнуліся і на ўрачыстае адкрыцьцё ў галерэю прыйшлі беларусы, латышы, прынесьлі мне цэлы воз кветак, арганізавалі канцэрт. Агулам выставіў больш за 60 прац – ад графікі да жывапісу. Таксама я напісаў кнігу пра беларускіх мастакоў Латвіі. Цяпер вось маю клопат пастарацца яе выдаць сёлета. Здаў адзін праект, цяпер трэба пасьпець з другім, каб атрымаць фінансаваньне зь дзяржаўных фондаў.

  • Латвійскія ўлады таксама адрэагавалі, не засталіся ўбаку?
  • Міністэрства культуры Латвіі ўзнагародзіла ганаровай граматай, былі адтуль прадстаўнікі, таксама віншавалі. Ну і беларуская амбасада ўспомніла, падаравалі копію мапы Вялікага Княства Літоўскага, арыгінал якой у адзіным экзэмпляры захоўваецца ў Швэцыі. Таму, паўтаруся, мой юбілей адзначаны перадусім адкрыцьцём пэрсанальнай выставы. Я яе назвай «Гадоў датыкненьне», бо хацеў паказаць свой шлях ад самага пачатку: пачынаючы з падрыхтоўчых курсаў у Латыскай акадэміі мастацтваў і да сёньняшняга дня.

Праўда, значную колькасьць прац выставіць не ўдалося. Калі ў мяне забіралі ў 1993 годзе майстэрню, шмат карцін я перадаў у Беларусь. Цяпер яны ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, у Горадні, на маёй радзіме ў Ваўкавыску, у прыватных зборах.

Вячка Целеш

  • Ці не абмяркоўвалася магчымасьць юбілейнай выставы ў Беларусі?
  • Вы ж ведаеце, што я стаю пад нашым гістарычным сьцягам, гэта галоўнае. Я не крычу пра гэта, не размахваю рукамі; мая мэта – зьяднаць беларусаў на нацыянальным грунце. Так было заўжды. Ніхто не аспрэчыць, што я шмат рабіў і працягваю рабіць на карысьць Бацькаўшчыны.

Але праз тое, што ў некаторых момантах нашы пазыцыі з уладамі Беларусі разыходзяцца, мне дарога туды закрытая. І гэта тычыцца ня толькі вышэйшага кіраўніцтва. У тым жа Facebook вялікая колькасьць водгукаў на маю выставу, а беларускія калегі маўчаць. Хоць былі сябрамі: і я да іх наведваўся, і яны ў майстэрні маёй начавалі… Зрэшты, важна, што я адчуваю сябе ў Латвіі камфортна, мне прыемна, як да мяне тут ставяцца. Трэба проста рабіць сваю справу, не падкрэсьліваць, які ты вялікі герой і патрыёт.

  • Ваш юбілей стаў своеасаблівым працягам іншай даты – 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сакавіку ў рамках сьвяточных імпрэзаў выстаўлялася ваша праца «Пад сьцягам „Пагоні”. Кастусь Езавітаў» – у гонар палітычнага дзеяча, які стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі камітэт.
  • Гэта сапраўды наш вялікі юбілей, знакавая дата для ўсіх беларусаў. Я вельмі хваляваўся, каб імпрэза прайшла на годным узроўні. Спадзяюся, менавіта так яе і ацанілі. Прынамсі для тых, хто працуе на нашай ніве беларушчыны, гэтая падзея, безь перабольшаньня, эпахальная…

Дарэчы, і яшчэ ёсьць адзін юбілей – сёлета 30-годзьдзе сваёй грамадзкай і культурнай дзейнасьці адзначае наш «Сьвітанак». Таварыства паўстала ў 1988 годзе – гэта адна зь першых беларускіх суполак, да якой я непасрэдна прыклаў руку, знайшоў паплечнікаў. Толькі пазьней такія арганізацыі пачалі ўзьнікаць у Рызе і ў рэгіёнах. У нас пазыцыя была і застаецца адназначная: за незалежныя Беларусь і Латвію. Зь першага дня і да сёньня мы стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам…

Хто такі Вячка Целеш

Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёну) Горадзенскага ваяводзтва. Мастак, гісторык, пісьменьнік, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і Латвіі.

У 20-гадовым узросьце выправіўся ў Латвію, працаваў сьлесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленьне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазьней атрымаў ступень магістра мастацтва.

Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе. Адзін з арганізатараў таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», дзе ён намесьнік старшыні. Заснавальнік і кіраўнік суполкі беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», ініцыятар стварэньня беларускай школы, дзе працяглы час быў дырэктарам. Быў дацэнтам катэдры культуры і мастацтва Інстытуту мэнэджмэнту інфармацыйных сыстэмаў у Рызе.

Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і эксьлібрысаў выдатных беларускіх і латыскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.

Вячка Целеш – адзін з самых вядомых эўрапейскіх філякартыстаў: ягоны альбом «Гарады Беларусі на старых паштоўках» на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданьняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.

Аўтар біяграфічнай кнігі «Адсюль наш род, тут мой прычал», прысьвечанай радаводу краснасельскіх Целешаў.

www.svaboda.org

31 ліпеня 2018, 21:00


«Нашто каласкі, калі няма васількоў»
Максім Багдановіч

Адзін з самых вытанчаных, самых лірычных, самых узнёслых беларускіх паэтаў-класікаў Максім Багдановіч надаў сціплай палявой кветцы васільку-валошцы незвычайную моц, асаблівую прыгажосьць, «генетычную памяць народа». Праз гэтую маленькую сінявокую кроплю душа чалавека часам знясіленага цяжкай працай, апантанага адвечнай прагай здабычы матэрыяльных каштоўнасцяў, усёж такі імкнецца ў неба, якога стае ўсім.

Менавіта такім васільком, што прагне вышыні і прымушае адчуваць незвычайнае хараство навакольнага свету і быў Мацей Чырыч, просты і сціплы ў жыцці, таленавіты ў мастацтве, у сваім бясконцым імкненні да вышыні.

-

Напрыканцы лета на Яўнцыенмскіх могілках на ахвяраванні беларусаў Рыгі і Даўгаўпілса быў адкрыты помнік беларускаму мастаку Мацею Чырычу.

-


Мацей Рыгоравіч нарадзіўся 10 траўня1936 г. у в. Глініца Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.
З 1941г. застаўся без бацькоў, маці памерла, а бацька загінуў на вайне. З 1944 г. па
1950 г. выхоўваўся ў Спец. дзіцячым доме ў г. Жыткавічы. У 1950 г. напраўлены ў Рыгу
ў Тэхнічнае вучылішча № 17. Пасля яго заканчэня атрымаў спецыяльнасць токара. Працаваў на заводзе РЭЗ, вучыўся ў вячэрняй школе. Першапачатковыя навыкі па маляваню атрымаў на вячэрніх курсах Латвійскай акадэміі мастацтваў. У 1961- 1980-х гадах наведваў Народную студыю жывапісу пры Доме культуры прафсаюзаў, дзе кіраўнікамі студыі былі вядомыя латышскія жывапісцы Курт Фрыдрыхсон,Аляксандр Звіедрыс, Андрэй Германіс і Аўсма Данэманэ. Яго жывапісныя працы разам з працамі студыі неаднаразова экспанаваліся на выставах як ў Рызе так і на Усесаюзных выставах народнага мастацтва ў Маскве і іншых гарадах. Першая персанальная выстава жывапісу адбылася ў 1978 годзе ў Рызе.
Мацей Чырыч адзін з удзельнікаў устаноўчага з’езда Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” 12 студзеня 1991 г. З таго часу мастак быў актыўным сябрам АМ-ББ “Маю гонар”, удзельнічаў у мастацкіх выставах аб’яднання ў Латвіі, Эстоніі і Беларусі.У 1993 г. быў дэлегатам Першага з’езда беларусаў Свету і ўдзельнікам мастацкай выставы “Жыве Беларусь”, прысвечанай гэтаму з’езду.
М. Чырыч быў таксама актыўным сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.У 90-я гады быў сярод тых, хто актыўна змагаўся за незалежнасьць Латвіі.

-
Мастак пакінуў пасля сябе незвычайнай прыгажосці пейзажы і нацюрморты. Яго таленавітымі працамі папоўніліся многія праватныя зборы рыжан. На палотнах Мацея Чырыча ўсімі колерамі вясёлкі зіхацяць, чаруюць, заварожваюць кветкі. Гледзячы на гэтыя творы, так хочацца запытацца ў мастака : «Адкуль, адкуль, з якіх таемных калодзежаў узятыя гэтыя фарбы?» Столькі незвычайнага, часам някідкага, але такога роднага хараства на яго карцінах!

-

Праз 15 год пасля смерці мастака над яго магілай у чорным граніце ўзняўся помнік, на якім выява крыжа Еўфрасінні Полацкай (яе выгравіравалі па эскізу Вячкі Целеша) і па-беларуску гараць словы

Мастак Мацей Чырыч
Ад беларусаў Латвіі

-
І помнік гэты, і такі родны надпіс па-беларуску “напамінае мне што шлях наш неканечны і Бога не міне” (А.Галубовіч). А на магіле сінімі зоркамі васількоў-валошак ды белагаловымі сонцамі рамонак рассыпаліся кветкі. Адкуль яны? Іх прынес мастак і сябра Мацея Вячка Целеш, а можа гэта і кветкі тых, пакінутых нам на ўспамін вечных палотнаў…

Шчыра дзякуем усім, хто cпрычыніўся да гэтай высакароднай справы, а найперш мецэнату з Даўгаўпілса Васілю Лукашчыку, гэта яго фірма бясплатна вырабіла помнік, сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», сябрам аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», сябрам культурна-асветніцкага таварыства “Уздым», Міхасю Казлоўскаму з Маладзечна, Дзмітрыю Кабановічу і Таццяне Касуха з Рыгі. І асаблівая ўдзячнасьць Вячку Целешу і кіраўніку беларускага культурнага цэнтра ў Даўгаўпісе Жанне Раманоўскай, якія змаглі аб’яднаць усіх неабыякавых і здзейсніць вельмі добрую, а можа і лепшую справу за апошні час.

Памер мастак, але ён жыве ў карцінах, дзе няма месца змрочнаму дажджу, халоднаму ветру. Жыве мастак у зорачках васількоў-валошак, якія гайдае вецер, жыве мастак у памяці сяброў, у клапатлівых руках майстра, што ўзняў над магілай помнік нашай шчымлівай памяці.

Ганна Іванэ

23 лютага 2018, 13:49


З удзячнасцю і высокай павагай узгадваем пра 95-годдзе з дня нараджэння Абала Мірдзы, дачкі Эдуарда — 23.02.1923 года.

Доктар філалагічных навук, перакладчыца твораў Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча (“Чазенія”,1976); даследніца латышска-беларускіх повязяў мела грунтоўны наробак. Вось некаторыя тэмы навуковых пошукаў Мірдзы Абалы: “Беларускі жаўранак у Латвіі”,1972 (пра Янку Купалу); “Райніс і беларусы”, 1975; “Ян Судрабкалн і беларусы”, 1977…

У 1977 г. М. Абала разам з Дзідрай Віксна выдала на латышскай мове даследванне “Дружба, умацаваная ў вяках”, у 1984 г. – анталогію латышскай паэзіі ў 2-х т. (сумесна з С. Панізьнікам), у 1986 г. апублікаваны яе артыкулы ў энцыклапедычным даведніку “Янка Купала”. І ў 1986 г. М. Абала — навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры Латвійскай АН — узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй.

З 1991 г. яна – Прэзідэнт Латвійскай асацыяцыі беларусістаў; у 2001 г. узнагароджана медалём Францішка Скарыны.

Зіма з летам сустракалася і развітвалася з Мірдзай, дачкой Эдуарда,  24 лютага 2007 г. У 2010 г. з’явіўся на свет галоўны набытак творчага жыцця М. Абалы – “Слоўнік беларуска-латышскі і латышска-беларускі”. Выдадзены “Саюзам беларусаў Латвіі”. Там – каля 40 тыс. загалоўных слоў, 543 старонкі. Рэдагаваў і дапаўняў яго І.І. Лучыц-Федарэц. Прэзентацыя кнігі прайшла ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Вечная памяць латвійскай кнігаўцы ў Беларусі.

-

 Мірдза Абала паспрыяла ўзнагароджанню ордэнам Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Рыгора Барадуліна, Васіля Сёмухі – і вось яна прысутнічае на ўручэнні высокай дзяржаўнай адзнакі Сяргею Панізьніку. Побач – Айя Лацэ, Мара Залітэ, Улдыс Бэрзыньш, Андрэй Гуцаў, Кнутс Скуеніекс, Валдыс Румніекс… 9.ХІІ. 1998 г.

Капітан 4-й ст. ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Сяргей Панізьнік

                    НЯЗГАСНАЕ СВЯТЛО ВЫСАКАРОДНАЙ ДУШЫ

-

3 мая 2001 года за вялікі ўклад у развіццё беларуска-латышскіх культурных сувязяў кіраўнік латвійскай асацыяцыі беларусістаў Мірдза Абала была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Але галоўнай для яе ўзнагародай заўсёды была людская любоў і павага. Спадарыня Мірдза стаяла ля вытокаў заснавання Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, была шматгадовым сябрам Рады таварыства і да апошніх дзён падтрымлівала стасункі з нашай суполкай.
Пасля смерці спадарыні Мірдзы застануцца жыць яе кнігі.
Застанецца жыць яе навукавая спадчына.
Cветлая памяць аб светлым чалавеку будзе жыць у сэрцах яе сяброў і ў Латвіі, і ў Беларусі.

          Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”

27 снежня 2017, 17:29


У сталіцы Латвіі Рызе святкавалі і 500-годдзе ад нараджэння Францішка Скарыны, і 500-годдзе ад пачатку яго пражскага кнігадрукавання. “Выдатны ўрач і дзеяч беларускай культуры…” –такімі словамі пачынаўся подпіс пад партрэтам полацкага генія, які стварыў латышскі мастак Талывалдзіс Страўтманіс для Музея гісторыі медыцыны імя Паўла Страдыня. Увосень 1976 г. мне дапамаглі сфатаграфаваць гэты партрэт: перанеслі з залы № 19 на прыступкі будынка.

-


А ў снежні 1990 г. у гэтым “скарынаўскім” Музеі сустракаў беларускую дэлегацыю сын прафесара Паўла Страдыня – акадэмік Яніс Страдыньш. На тым ушанаванні з В. Чамярыцкім, А. Лецкам быў рыжанін Вячка Целеш, чый партрэт Скарыны сябраваў над сцэнай з бел-чырвона-белым сцягам ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Подпіс пад гэтым дасканалым партрэтам таксама адпавядаў узнёсласці свята: “У лекарскіх навуках доктар Ф. Скарына”.

З удзячнасцю згадваецца і яшчэ адна цудоўная праца Вячкі Целеша, дзе ён паказаў “першыя крокі ў свет” яшчэ юнага Францішка. Згодны я з творчымі спадзевамі мастака Вячкі , што будучы лекар і друкар наведваў Рыгу разам з бацькам Лукой, які меў там сваю “кантору”, у якой служыў пляменнік Раман Скарына. Ганзейскі гандлёвы і палітычны саюз, да якога быў далучаны і Полацак, спрыяў іх стасункам. Нездарма ў канцэртнай зале рыжскай філармоніі, былым Мюнстэрскім зале Вялікай гільдыі, сярод гербаў гарадоў свету, з якімі гандлявала Рыга, і сёння можна ўбачыць такі знак — над трызубавай каронай надпіс: “Контора в Полоцке”.

1000 гадоў таму Рыга дабраславіла вялікі гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”, які злучыў рыжскі Крэўскі двор з Крэўсгорадам (Крэйцбургам-Крустпілсам), Дрысенскім замкам, полацкія харомы з віцебскімі, смаленскімі… У 1453 г. у Рызе была ўзведзена царква св. Мікалая, апекуна падарожнікаў, купцоў. Згадваецца Крэўскі канец ад царквы Якуба-брукаванка крывічоў, якіх пазней пачалі называць балткрэвамі.

Ох, вернемся да 85-гадовай даўнасці. А дапаможа даўні фотаздымак, на якім прачытваюцца такія словы:”Рыская д-ра Францішкі Скарыны Беларуская гімназія Т-ва беларускіх вучыцялёў. І вып. 1932-33 нав. гады. Партрэты настаўнікаў на вуліцы Віцебскай, 24 пазначаны подпісамі. Учытваюся: А. Радзько, К. Езавітаў, С. Сіцько, Ф. Клагіш, Я. Клагіш, П. Мірановіч, П. Масальскі, А. Кастылюк, К. Мяжэцкі…
Сёлета Скарына “пасяліўся” у Рызе ў выглядзе шыкоўных юбілейных падарункавых выданняў. Мінск быў шчодры. Будзем спадзявацца, што “прысутнасць” Скарыны і яго Бібліі ў Латвіі будзе рознымі спосабамі напаўняцца.

На здымку: партрэт Ф. Скарыны ў Музеі гісторыі медыцыны, створаны Талывалдзісам Страўтманісам (6.ХІ.1922-17.ІХ.1995). Фота С. Панізьніка пры дапамозе супрацоўніцы музея Ліліі Ксенафонтавай.. 13.Х.1976 г.

З паклонам – кавалер ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі
Сяргей Панізьнік

2017 год у Беларусі і па за яе межамі шырока адзначаўся як 500-ыя ўгодкі з моманту выдання ў Празе Францыскам Скарынам друкаванай Бібліі на беларускай мове. „500-ГОДНАСЦЬ” –  пад такім дэвізам ладзіліся па ўсяму свету і ў гарадах, пасёлках і вёсках нашай Радзімы шматлікія імпрэзы. Не засталіся ў баку і ад такой даты і сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак”. Хоць і са спазненнем, напрыканцы года, 2  снежня адзначылі ў Рызе пяцівекавы юбілей беларускага кнігадруку. Але затое, што нячаста апошнім часам у нас бывае, з удзелам запрошанага госця з Беларусі – краязнаўцы, публіцыста, літаратурнага крытыка і выдаўца Міхася Казлоўскага.

Спадар Міхась, бібліяфіл, як ён сябе называе, зусім не выпадкова ўжо другі раз на працягу некалькіх гадоў наведвае па запрашэнні „сьвітанкаўцаў” Рыгу. Апошнім часам ён вельмі значную частку сваіх сіл і часу аддае на адраджэнне амаль забытых, малавядомых шырокаму колу беларусаў імёнаў беларускіх літаратараў Латвіі міжваеннага перыяду 20-га стагоддзя. Як ён распавядаў сябрам таварыства і гасцям імпрэзы, заахвоціў гэтай тэматыкай яго адзін cа стваральнікаў таварыства „Сьвітанак” паэт Сяргей Панізнік, з якім разам яны падрыхтавалі да выдання  першую кнігу геніяльнага, на погляд спадара Міхася, беларускага  пісьменніка з Латвіі Віктара Вальтара “Выбраныя творы”.  Пасля ў 2015 г. ім была выдадзена кніга „Вольга Сахарава. Сяргей Сахараў “Выбраныя творы” і шэраг іншых. Спадар Міхась вельмі цікава распавядаў пра Францыска Скарыну, а таксама прэзентаваў на свяце дзве новыя выдадзеныя ім кнігі: „Пятро Сакол.  Валянціна Казлоўская. “Выбраныя творы”. (2016 г.) і “Крывіцкія руны” Выпуск ІІ. 2017 г.  укладанне, прадмова і каментары  Міхася Казлоўскага і  Сяргея Панізніка. 

Да свята сябры таварыства падрыхтавалі невялікую выставу кніг, прысвечаных нашаму славутаму кнігадрукару. 9-ці гадовы Мікола Казак распавёў прысутным, што Францыск Скарына  ўшанаваны нават у далёкай Італіі, дзе ў Падуі, на сцяне побач з партрэтамі Галілея ды іншых вядомых вучоных вісіць і партрэт нашага славутага земляка. Імя Скарыны гучала з вуснаў шматлікіх выступоўцаў, у тым ліку дзяцей, што чыталі па-беларуску вершы, прысвечаныя першаму беларускаму кнігадрукару. Прыемна, што не абмінуў увагай нашу імпрэзу Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі спадар Аляксей Васількоў. А беларусы з’ехаліся на свята з усёй Латвіі, не толькі з Рыгі, але з Тукумса і нават з Цэсіса.

Імя Скарыны прагучала на свяце яшчэ з адной вельмі прыемнай для усіх прысутных нагоды. З вялікай радасцю мы даведаліся, што напярэдадні святкавання Указам прэзідэнта Беларусі медалём Францыска Скарыны была ўзнагароджана шматгадовая дырэктарка Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы  Ганна Іванэ. І хоць медаль на той момант яшчэ не даехаў да Латвіі, „сьвітанкаўцы” былі першымі, хто публічна павіншаваў свайго шматгадовага сябра Рады „Сьвітанка” з такой высокай і заслужанай узнагародай. Таксама сябры таварыства павіншавалі з 91-мі ўгодкамі найстарэйшага свайго сябра – доктарку фізічных навук Натальлю Пятроўну Цімаховіч. Астатнім беларусам трэба браць прыклад з Натaльлі Пятроўны, якая, не гледзячы на такі шаноўны ўзрост, цікавіцца беларускімі справамі і наведвае імпрэзы. Тры гадзіны праляцелі незаўважна, настолькі цікавай і прыемнай была сустрэча. Зала была захопленая расповедам госця з Беларусі, а таксама беларускімі песнямі ў выкананні гурта „Вытокі”.

Пасля імпрэзы некаторым латвійскім беларусам пашчасціла стаць уладальнікамі рэдкіх, дыхтоўна выдадзеных невялікімі тыражамі намаганнямі спадара Міхася Чарняўскага  кніг. Ганне Уладзіславаўне Іванэ з нагоды узнагароды медалём Ф. Скарыны спадар Міхась падараваў некалькі кніг, у тым ліку сборнік твораў агульных іх землякоў – аўтараў з Маладзечна. Аўтарка гэтых радкоў „праглынула” раман вышэйзгаданага Віктара Вальтара „Народжаныя пад сатурнам” у тую ж ноч 2 снежня, пасля сканчэння імпрэзы. Падзеі рамана, фактычна аўтабіяграфічнага, адбываюцца ў міжваеннай Празе, дзе галоўны герой, студэнт-беларус атрымаў стыпендыю на навучанне ў Пражскім універсітэце ад чэшскага ўраду.

Пасля урачыстай часткі, за традыцыйным святочным сталом вырашылі, што варта збірацца часцей ды азначыць Каляды і Новы год 13 студзеня 2018 года. Шаноўныя латвійскія беларусы, сачыце, калі ласка, за абвесткамі на сайце таварыства „Сьвітанак”.

Латвійскае таварыства беларускай культуры „Сьвітанак” выказвае шчырую падзяку Міністэству культуры Латвіі за фінансавую падтрымку імпрэзы з удзелам ў святкаванні госця з Беларусі.

 Прыклад чыстай любові,

якой не скарылі, даў Скарына…

Праз пяць мімалётных вякоў

у праслаўленым Полацку,

мовай Скарыны

уваскрошаны з праху,

спаткаемся зноў…

 Таццяна Казак,

сябра Рады  ЛТБК „Сьвітанак”

На здымках:

-

Выстава кніг, прысвечаных Францыску Скарыне

-
Традыцыйна гучыць “Магутны Божа”

-
Госць з Беларусі Міхась Казлоўскі


-
Пра першага беларускага кнігадрукара распавядае Вячка Целеш

-

Беларускія песні спявае гурт “Вытокі”

-
Верш чытае  5-ці гадовая Сафія Улманэ

-
Мікола Казак чытае верш Д. Бічэль-Загнетавай “Словам Скарыны”


-
Доктар фізічных навук Натальля Пятроўна Цімаховіч


-
 Прамаўляе дырэтар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ

-

29 снежня медаль Францыска Скарыны быў уручаны Ганне Іванэ ў МЗС Беларусі ў Мінску.

24 лістапада 2017, 18:55

Дынабург, Дзвінск, Даўгаўпілс – усё гэта назвы другога па люднасці горада Латвіі на ўсходзе краіны ў гістарычнай вобласці Латгалія. Да мяжы з Беларуссю – 33 кіламетры. Сучасны Даўгаўпілс мае багатую гісторыю

– паводле летапісных дадзеных, ён упершыню згадваецца ў 1275 годзе як крыжацкі замак. Цяпер у горадзе пражывае 86 тыс. чалавек розных нацыянальнасцяў. З іх – каля 12 тыс. беларусаў.

Гісторыя Даўгаўпілса цесна звязаная з гісторыяй Беларусі. Горад размяшчаецца на рацэ Даўгава (латышская назва Заходняй Дзвіны) і ў розныя перыяды ўваходзіў у склад Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, СССР. Стагодзямі тут жылі, вучыліся, працавалі беларусы. На дадзены момант у Даўгаўпілсе вялікая беларуская дыяспара, якая мае дастаткова прывілеяваны стан: па вул. Aлеяс, 68-1А размяшчаецца  Цэнтр беларускай культуры, які быў заснаваны ў 1999 годзе і фінансуецца датацыйнымі сродкамі бюджэту Даўгаўпілскай гарадской думы. Па тым жа адрасе месціцца беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”, зарэгістраванае ў 1993 годзе як грамадская арганізацыя беларусаў Даўгаўпілса. Менавіта з ініцыятывы сяброў “Уздыму”, якія неаднаразова звярталіся да Пятра Краўчанкі, у 1994 годзе ў Даўгаўпілсе адкрылася Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь.

01-1.JPG

Гісторык, краязнаўца, калекцыянер Мікалай Паўловіч

Адзін з заснавальнікаў  і першы старшыня таварыства “Уздым”, вядомы ў горадзе краязнаўца і калекцыянер Мікалай Паўловіч, пагадзіўся прайсціся са мной па Даўгаўпілсе і распавесці пра беларускія мясціны горада. Сам спадар Мікалай паходзіць з мястэчка Карэлічы Гродзескай вобласці, акрамя гістарычнай мае адукацыю будаўніка, таму не толькі добра ведае горад, але і спрычыніўся да ўзвядзення і рамонту шмат якіх гарадскіх будынкаў.

Збольшага  расповед пойдзе пра 20-30 гг. XX ст. 1920 год быў багаты на падзеі для тагачаснага Дзвінска: горад паспеў пабыць у складзе Расійскай імперыі, Польскай Рэспублікі, нарэшце стаў часткай незалежнай Латвіі і займецў назву Даўгаўпілс.

Найважнейшая кропка на мапе беларускага Даўгаўпілса – вуліца Варшаўская: менавіта на ёй размяшчалася Дзвінская дзяржаўная беларуская гімназія, якая працавала ў 1922 – 1939 гг.

02-1-2.JPG

Фотаздымак з гімназіі

Адкрылася гімназія дзякуючы намаганням сяброў беларускага грамадскага культурна-асветніцкага таварыства “Бацькаўшчына”. Яе дырэктарамі ў розныя часы былі І. Краскоўскі, С. Сахараў, Я. Чаман, ксёнз Я. Плоніс. Выкладалі такія настаўніцы і настаўнікі, як П. Мядзёлка-Грыб, А. Якубецкі, У. Пігулеўскі, У. Раткін, І. Фёдараў, святары С. Трубіцын, Я. Гайлевіч і інш.

03-1-3.JPG

(на фотаздымку ў цэнтры сярод настаўнікаў З. Саўкант, С. Трубіцын, П. Мядзёлка, І. Жалткоўскі)

У гімназіі вывучаліся беларуская, латышская, руская, лацінская, нямецкая мовы, гісторыя, матэматыка, псіхалогія, хімія і інш. Дзейнічалі літаратурна-гістарычны, мастацкі, радыётэхнічны гурткі, хор, балалаечны аркестр, выдаваўся вучнёўскі часопіс “Школьная праца”. Быў невялікі гістарычны музей, дзе нават захаваўся фрагмент слуцкага пояса, падараваны Вацлавам Ластоўскім. Вучні збіралі фальклор, ставілі спектаклі па п’есах беларускіх і латышскіх аўтараў. Пры гімназіі існаваў 45-ы скаўцкі атрад. Цесную сувязь з гімназіяй падтрымлівалі Я. Райніс, К. Езавітаў, В. Сэйле і інш.

Але пра гімназію паразмаўляем крыху пазней – спачатку да яе трэба дайсці.

Мы сустракаемся са спадаром Мікалаем на галоўнай вуліцы горада – 18 лістапада, і краязнаўца адразу пачынае аповед.

04-1-4.JPG

Былое Упраўленне дарожных спраў горада

“Вось у гэтым будынку размяшчалася даваеннае (маецца на ўвазе Другая сусветная вайна) Упраўленне дарожных спраў горада, у якім працаваў інжынер Ян Комісар, арганізатар і  кіраўнік майстэрняў пры Беларускай дзяржаўнай гімназіі . Трэба адзначыць, там было найлепшае абсталяванне ў горадзе: слясарнае, сталярнае для хлопчыкаў, ткацкае – для дзяўчат. Нават іншыя ўстановы здымалі гэтыя майстэрні для сваіх вучняў.”

Дарэчы, асабістая гісторыя Комісара звязаная з Беларускай гімназіяй не толькі праз працу – адна з выпускніц, В. Нікалаева, пабралася з ім шлюбам. Маючы добры голас, яна стала салісткай Лепайскай оперы. Дзяцей яны не мелі. Комісар памёр у Рызе ва ўзросце 105 гадоў.

Увогуле, Ян Комісар – знакавая асоба для Даўгаўпілса. Вядомы інжынер, ён кіраваў шматлікімі дарожнымі і маставымі работамі ў горадзе і на дарогах Латгаліі. Менавіта Комісар ініцыяваў устаноўку помнікаў салдатам рускай арміі, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны. Да нашага часу па дарозе Даўгаўпілс-Зарасай дастаткова добра захаваліся бетонныя піраміды з выбітымі датамі вайны і надпісамі на латышскай мове.

А яшчэ вышэйназваны будынак звязаны з сучаснай гісторыяй беларусаў Латгаліі – менавіта ён у 1994 годзе разглядаўся як будучае Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе, але пасля першы генеральны консул РБ Анатоль Жаўтоскі спыніўся на іншым. Цяпер у будынку размяшчаюцца офісы камерцыйнай фірмы.

05-2.JPG

Касцёл беззаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі

Зусім побач, па адрасе А. Пумпура 11а, размяшчаецца касцёл беззаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі, у якім працавалі святары-беларусы.

Сам касцёл пачатку XX ст., я яго трохі рамантаваў, – адзначае спадар Мікалай.

Тут служыў ксёндз Антон Шылініс – першы выкладчык рэлігіі для католікаў у Беларускай гімназіі. Але найбольш вядомы са святароў – ксёндз Язэп Гайлевіч.

Язэп Гайлевіч паходзіў з вёскі Дразды Дзісненскага павета, пасля вучобы ў духоўных семінарыіях і місій у розных памежных раёнах Беларусі і Латвіі з 1934 па 1935 гг. служыў вікарыем у касцёле Панны Марыі ў Дзвінску. Адначасова выкладаў Закон Божы ў Беларускай гімназіі. Браў удзел у культурным і грамадскім жыцці беларусаў Латвіі, выступаў з казанямі на беларускай мове, за што пераследаваўся латышскімі ўладамі, імі ж абвінавачваўся ў планах далучыць Латгалію да Польшчы. Падчас Другой сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, служыў у адноўленым вернікамі касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы. З 1943 – у вёсцы Бальбінава (Латвія). У 1949 г. арыштаваны органамі МДБ па абвінавачанні ў “правядзенні антысавецкай агітацыі” і высланы ў Мардовію на 10 гадоў, дзе знаходзіўся да 1956 года. Па вяртанні з лагероў да канца жыцця служыў адміністратарам касцёла ў вёсцы Бальбінава.

“Яго ўсе ўлады тукалі: латышскія выслалі ў мясцовасць, дзе не было беларусаў, савецкія – на дзесяць гадоў у лагеры, і нямецкія ўлады не любілі. Вось такі ён быў ксёндз”, – каментуе асобу Гайлевіча спадар Мікалай.

Таксама ў касцёле ёсць асаблівае месца, якое належала сям’і беларускіх дзеячоў Латвіі Камяржыцкіх – яно адзначанае таблічкай, праўда, на польскай мове.

Далей мы рушым да наступнага пункта нашай вандроўкі – будынка па адрасе вул. Каўнас, 9, дзе, паводле гіпотэзы спадара Мікалая, падчас Другой сусветнай вайны размяшчалася яшчэ адна беларуская школа. Па дарозе мінаем габрэйскія дамкі канца XIX – пачатку XX ст. Вялікая частка будынкаў тагачаснага Дзвінска належала габрэям, у самім горадзе да Другой сусветнай вайны налічвалася 47 сінагогаў.

06-4.JPG

Магчымы будынак, у якім падчас Другой сусветнай вайны размяшчалася беларуская школа

“Падчас Другой сусветнай вайны ў Даўгаўпілсе былі дзве беларускія школы, гімназія не працавала, але працавалі школа на вул. Каўнас і на Грыве (адзін з раёнаў Даўгаўпілса), – распавядае сп. Мікалай. – Дзе будынак, я дакладна не ведаю, але маю фотаздымак, пазначаны як Каўнас, 8, там вучні і настаўнікі знятыя каля драўлянай сцяны. Але, думаю, яны каля сарая здымаліся, а беларуская школа цалкам імаверна магла размяшчацца ў гэтым будынку.

З вуліцы Каўнас пераходзім да вул. Страдніеку і спыняемся каля будынка, у якім цяпер праходзяць заняткі Латгальскага транспартнага каледжа. У 1922 годзе тут праходзілі Беларускія настаўніцкія курсы.

07-5.JPG

 Будынак, у якім у 1922 годзе праходзілі Беларускія настаўніцкія курсы

“Я яго ледзь знайшоў, – дзеліцца спадар Мікалай. – Тут два было паверхі, а савецкая ўлада надбудавала трэці, але ў мінулым годзе была яго рэнавацыя, і я зразумеў, што гэта за будынак”. 

Па дарозе да вуліцы Варшаўскай спадар Мікалай на прыкладзе архіваў беларуска-латгальскага пісьменніка Эдварда Вайвадзіша, якога, дарэчы, у сто гадоў прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, распавядае пра асаблівасці жыцця краязнаўцы: “Дачка Вайвадзіша прадала хату каля Індры і папаліла бацькавы архівы. Казала, нават не думала, што яны могуць камусьці спатрэбіцца. А Вайвадзіш такі быў  нічога ў яго не прападала. Што засталося – трапіла да мяне, вельмі цікавыя матэрыялы”.

Вось і даходзім да нашага галоўнага пункта – вуліцы Варшаўскай. Добры арыентыр – так званая “царкоўная горка”, на якой размяшчаюцца цэрквы чатырох канфесій – праваслаўная, каталіцкая, лютэранская і стараверская

“Раней вуліца Варшаўская была цэнтральнай, тут быў пераезд, і ўвесь транспарт праз яе хадзіў. Але пасля Другой сусветнай праезд закрыты, і вуліца перастала быць ключавой”, – кажа краязнаўца.

09-6.JPG

Барысаглебаўскі сабор

Праходзім ля Барысаглебскага гарнізоннага сабора, узведзенага ў 1904 з ініцыятывы Полацкай епархіі (у тыя часы да яе адносілася тэрыторыя Латгаліі), на месцы невялікай Канстанціна-Еленскай царквы.

Будаваўся сабор па тым жа праекце, што і Пакроўскі сабор у Горадні, як і яшчэ некалькі ў Расійскай імперыі. У Барысаглебскім саборы да вайны служылі Сава Трубіцын, шматгадовы выкладчык рэлігіі ў Беларускай гімназіі, і два яго сыны. Пасля і бацьку, і сыноў рэпрэсавалі за ўдзел у Пскоўскай місіі.

10-6-1.JPG

Адзін з абразоў Ефрасінні Полацкай у Барысаглебскім саборы

Адна з адметнасцяў сабора – чатыры абразы Ефрасінні Полацкай, усе розныя. Побач з саборам – стадыён, на дадзены момант уласнасць епархіі. У 1930-я на гэтым стадыёне займаліся вучні Польскай гімназіі.

11-6-2.JPG

Стадыён, на які ў 1930-я хадзілі займацца вучні Польскай гімназіі

“Першы, вуглавы, будынак на Варшаўскай вуліцы – будынак Польскай гімназіі, – распавядае  сп. Мікалай Але ў 1934 годзе прыйшоў Ульманіс да ўлады і зачыніў Беларускую гімназію, аб’яднаўшы яе з Польскай гімназіяй.  І вось гэтая аб’яднаная гімназія тут і працавала. Тут і адбыўся апошні выпуск Беларускай гімназіі ў 1939 годзе. Яе скончылі чатыры чалавекі.  Беларусы на той час былі небагатыя, настаўнікі спецыяльна ладзілі спектаклі, каб зарабіць грошы і дапамагчы вучням, аддавалі на іх навучанне пэўную долю сваёй зарплаты, – распавядае спадар Мікалай.

IMG_0120-800x533.jpg

Былы будынак Польскай гімназіі

Увогуле, амаль усе будынкі па вул. Варшаўскай былі выпаленыя ў 1941 годзе, калі адступалі савецкія войскі. Фашысцкія салдаты батальёна “Брандэнбург” пераапрануліся ў чырвонаармейскую форму, пераправіліся вышэй на лодках і ішлі як ваенная частка, расстрэльваючы савецкіх салдат у акопах.

13-8.JPG

Сучасны выгляд вуліцы Варшаўскай

А пасля прыйшоў прыказ выбіць Дзвінск, масты гэтыя, і тут эскадрылля бамбіла, але так і ні разу не трапіла ў мост, – працягвае краязнаўца паглыбляцца ў гісторыю Другой сусветнай, – і вось яны прарываліся па дарозе ля возера Губішча, там самыя баі былі. Цяжкая артылерыя абстраляла ўвесь цэнтр, згарэў сабор, жылыя дамы, уся вуліца. Як якія работы на дамбах  салдат  выкопваюць: як забілі іх у 1941 годзе, так яны і ляжаць са зброяй”.

Так, размаўляючы, мы і даходзім да будынка былой Беларускай гімназіі, вул. Варшаўская, 16. Працавала гімназія, як згадвалася раней, у 1922 – 1939 гг.

14-9.JPG

Былы будынак Беларускай гімназіі

Першапачаткова будынак быў двухпавярховы, гэта пасля савецкая ўлада дадала трэці паверх, – распавядае спадар Мікалай. – Калі беларусам аддалі будынак пад гімназію, ён быў у вельмі дрэнным стане. Праз Беларускі аддзел у Рызе знайшлі фінансаванне, адрамантавалі. На першым паверсе размяшчаліся майстэрні, на другім – памяшканні, дзе праходзілі заняткі. Тут 200 чалавек за дзень займалася – такая плынь, уявіць сабе цяжка.

15-9-1.JPG

На фотаздымку – В. Мікалаева, вучаніца гімназіі, вучні гімназіі, дырэктар гімназіі Я. Плоніс

16-9-3.jpg

Хор гімназіі, настаўнік музыкі Г. Фрэйман

17-9-5.jpg

Настаўнікі гімназіі, у цэнтры – С. Трубіцын, дырэктар П. Сахараў, Я. Гайлевіч

18-9-6.jpg

 Вучні пачатковай школы

19-9-8.JPG

 Спартовае мерапрыемства ў гімназіі

20-9-9.jpg

Настаўнікі пачатковай школы, у цэнтры – З. Саўканд, С. Трубіцын

Выпускнікі самыя розныя, працавалі ў гімназіях, рэдакцыях газет, дактарамі, вучыўся тут адзін з заснавальнікаў вядомай фірмы чыпсаў Ādažu.

Таварыста “Уздым” адкрыла памятную дошку на гэтым будынку ў 1996 годзе. 

Увогуле, па тых часах настаўнікі атрымлівалі добры заробак. Калі рабочы працаваў за некалькі дзясяткаў латаў у месяц, то настаўнікі атрымлівалі 2-3 сотні. Хто стала працаваў – будавалі сабе добрыя дамы, у якіх і цяпер жывуць іх спадчыннікі. Ёсць факты, што ў вольны час настаўнікі разводзілі пародзістых курэй, рабілі выставы, а пасля хваліліся, у каго птушкі лепшыя.

“Часам прыходжу да каго з нашчадкаў, і кажу: ваша маці працавала настаўніцай у беларускай школе на Грыве, мо якія цікавыя фотаздымкі засталіся, а мне кажуць  мы ўсё выкінулі ўжо”, – з жалем дадае краязнаўца.

22-10.JPG

“Вилла Ксения”

Амаль праз дарогу ад былога будынка гімназіі размяшчаецца гасцініца “Вилла Ксения” – у міжваенны час тут жылі настаўнікі і настаўніцы, кватэры ім здымала кіраўніцтва гімназіі. Жыла тут і першая выканальніца ролі “Паўлінкі” Паўліна Мядзёлка-Грыб.

23-11.JPG

Бальніца

Наступны пункт, каля якога спыняемся, – будынак былой бальніцы Чырвонага крыжа (пасля – радзільнага дома), дзе ў 1931 годзе памёр даўгаўпілскі беларускі пісьменнік, выпускнік Беларускіх настаўніцкіх курсаў 1922 года Віктар Вальтар, аўтар аўтабіяграфічнага рамана “Народжаныя пад Сатурнам”.

Вуліца Варшаўская заканчваецца, і мы кіруемся назад, на вул. 18 лістапада – да знакамітай даўгаўпілскай турмы “Белая лебедзь”.

Дарэчы, зусім недалёка – вуліца Друйская, ёсць у Даўгаўпілсе вуліца Браслаўская і вуліца Мінская.

Пабудаваная “Белая лебедзь” у XIX ст. Чыноўнік, які пабудаваў турму, далажыў губернатару ў Віцебск: “Для вашай светласці турма гатовая”, – і за гэтыя словы правёў у турме пару дзён. У 1925 годзе ў “Белай лебедзі” сядзелі беларусы, якія праходзілі па справе “Беларускага працэсу”: К. Езавітаў, П. Мядзёлка, М. Талерка, І. Краскоўскі і інш. Праз дарогу размяшчаецца будынак Латгальскага суда, дзе, імаверна, разглядалася іх справа.

“У пачатку 90-х былы начальнік турмы, ураджэнец Беларусі, палкоўнік-лейтэнант Фёдараў, выхадзец з Браслаўшчыны, пару разоў да нас прыходзіў на таварыства і казаў: “Будзе дрэнна беларусам – звяртайцеся ў турму, дапаможам”, – распавядае спадар Мікалай.

Яшчэ адзін будынак, варты ўвагі, размяшчаецца ў Гайку – таксама адным з раёнаў горада. Гэта двухпавярховы будынак былога інтэрната Беларускай гімназіі па вул. Чыгуначнай, 24. Тут жылі дзеці з Краславы, ваколіцаў Даўгаўпілса, а таксма бухгалтар і кіраўнік інтэрната І. Фёдараў, які назіраў за парадкам. Дзяўчат і хлопцаў сялілі на розных паверхах. Цяпер у будынку размяшчаецца гатэль нямецкага таварыства.

27-13-2.JPG

 Жыхаркі інтэрната, беларускія настаўніцы і настаўнікі

28-14.JPG

Будынак Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь

Адзін з апошніх пунктаў экскурсіі – яшчэ адна беларуская пачатковая школа, якая размяшчалася на беразе Даўгавы. Гэтым разам мы рушым у напрамку Грывы. Грыва доўгі час была асобным горадам, і толькі ў савецкі час злілася з Даўгаўпілсам. Падчас польска-савецкай вайны Грыва перайшла ў склад Другой Рэчы Паспалітай і паўгода была часткай Навагрудскага ваяводства.

Будынак беларускай пачатковай школы, да якога мы накіроўваемся, – былы будынак рачнога флота. Краязнаўца шукаў гэтую школу не адзін год, і цяпер адзін з былых вучняў пацвердзіў, што наведваў школу пасля Другой сусветнай вайны менавіта ў гэтым будынку.

Пасля Грывы зноў вяртаемся ў цэнтр горада, а менавіта да скрыжавання вуліц Венібас і Імантас: у будынку, што тут размяшчаецца, падчас нямецкай акупацыі знаходзілася Упраўленне беларускіх школ, кіраўніком якога працаваў Аляксандр Махноўскі. Сюды нямецкія салдаты прывозілі дзяцей-сірот з партызанскай зоны.

30-16.JPG

Былое упраўленне беларускіх школ

Вядома, на гэтым спіс будынкаў, звязаных з беларусамі, не заканчваецца – мы наведалі галоўныя з іх, але скончылася нашая экскурсія, і мы са спадаром Мікалаем выправіліся на “Уздым” на смачную гарбату.

Будзеце ў Даўгаўпілсе – абавязкова наведайце Дынабургскую крэпасць – апошнюю па часе стварэння крэпасць бастыённага тыпу ў свеце.

Яе будаўніцтва пачалося ў 1810 годзе – для абароны заходніх межаў Расійскай імперыі ад войскаў Напалеона. Дарэчы, па тым жа плане, што і Бабруйская, якая, на жаль, не захавалася да нашых часоў.

Адметная Дынабургская крэпасць тым, што ў баявых дзеяннях яе гарнізон удзельнічаў толькі адзін раз – у тым жа 1812 годзе: цягам трох чэрвеньскіх дзён маршал Ундзіна праводзіў штурм умацавання, але вымушаны быў адступіць. Да Першай сусветнай вайны тут размяшчаліся гарнізоны расійскай імператарскай арміі, у 1920 – воінскія часткі Латвійскай арміі, у 1940 – часткі Чырвонай Арміі, падчас Другой сусветнай вайны – лагер для савецкіх ваеннапалонных і габрэйскае гета.

У мірныя савецкія часы, з 1948 па 1994 гг., на тэрыторыі крэпасці дзейнічала Даўгаўпілская вышэйшая ваенная авіяцыйная інжынерная вучэльня, у якой навучалася шмат беларусаў.

На дадзены момант крэпасць з’яўляецца мікрараёнам горада, дзе пражывае больш 1000 чалавек. На яе тэрыторыі знаходзяцца арт-цэнтр імя Марка Роткі, музей Першай сусветнай вайны і яшчэ шмат цікавых аб’ектаў.

Таксама на тэрыторыі крэпасці захаваліся руіны будынка езуіцкага калегіума XVIIІ ст. Тут жа размяшчаўся самы высокі касцёл у Латгаліі, які, на жаль, быў канчаткова разбураны пасля Другой сусветнай вайны.

34-18.JPG

 Руіны езуіцкага калегіума

Менавіта ў гарнізоне крэпасці ў 1893 г. у сям’і кадравага афіцэра нарадзіўся Кастусь Езавітаў – беларускі палітычны, грамадзскі і ваены дзяяч, публіцыст, перакладчык, настаўнік, былы камендант Мінска, адзін з удзельнікаў абвяшчэння БНР, намеснік старшыні таварыства “Бацькаўшчына” ў Латгаліі.

35-19.jpg

Я. Гайлевіч, І. Барадуля пасля савецкіх лагераў

36-19-1.JPG

А. Махноўскі, педагог, дзеяч эміграцыі ў ЗШАрэжысёр і актор І. Камяржынскі

37-19-3.JPG

 Беларускія настаўніцы

Фотаздымкі і дакументы для матэрыялу ўзятыя з прыватнага архіву М. Паўловіча, падчас напісання матэрыялу былі выкарыстаныя артыкулы з газеты “Уздым”, №8, студзень-май 2017, а таксама артыкул “Беларускія мясціны ў Даўгаўпілсе” з кнігі “Уздым на пачатку XXст.” таварыства “Уздым”.

Аляксандра Дварэцкая, “Будзьма беларусамі!”