Шаноўныя сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”!

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе вас з 35-годдзем!

27 лістапада 1988 года з волі беларусаў у Рызе паўстаў “Сьвітанак” – першая арганізацыя нацыянальнай меншасці ў Латвіі. Паставіўшы на мэце не толькі захаванне і абарону беларускай культуры, але таксама развіццё беларускай асветы і выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, за немалы тэрмін свайго існавання сябры таварыства дасягнулі каласальных, узорных вынікаў. Нястомная і ахвярная праца сябраў “Сьвітанку” – гэта безліч праведзеных імпрэзаў, арганізаваных выставаў і святаў, канцэртаў і фестываляў, добра пастаўленая літаратурная і навуковая праца, сувязі з іншымі беларускімі суполкамі ва ўсім свеце, у тым ліку і праз удзел у З’ездах беларусаў свету. Гэта ўнікальнае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар!” і арганізацыя дзіцячых мастацкіх студыяў, гэта плённае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўрадавымі арганізацыямі Латвіі і трывалая цікаўнасць да справаў таварыства з боку латвійскіх медыя. Урэшце, гэта Рыжская беларуская асноўная школа.

Сёння, калі беларуская культура перажывае ці не самыя чорныя дні ў гісторыі і зазнае сапраўдныя ганенні і знявагу ў самой Беларусі, досвед таварыства “Сьвітанак” неацэнны для раскіданых па свеце прадстаўнікоў бягучай хвалі эміграцыі, і як мала які іншы дапамагае ім належным і годным чынам размеркаваць свой патэнцыял.

Сябры! Мы зычым вам і надалей заставацца прыкладам салідарнасці і вернасці ідэалам дэмакратыі, спрыяць здабыццю сапраўднай незалежнасці Беларусі і мець добры плён у кожнай распачатай справе!

Жыве Беларусь!

Запрашаем аматараў жывапісу наведаць персанальную выставу мастачкі Алены Лаўрыновіч, адкрыццё якой адбылося 24 лістапада. Алена з студэнцкіх часоў навучання ў Латвійскай мастацкай акадэміі на працягу амаль 20 гадоў з’яўляецца сябрам Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Яна – прафесійная мастачка, графік класічнай школы, працуе ў розных тэхніках, у тым ліку літаграфіі, акварэлі і алеі.

На адкрыцці выставы Алену Лаўрыновіч віншавалі калегі-мастакі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” і старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры Таццяна Казак, мастакі з іншых нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, калегі па працы, сябры і блізкія.

Музычныя падарункі мастачцы і ўсім прысутным на адкрыцці выставы падрыхтавалі беларускі гурт “Вытокі” і выхаванцы Рыжскай музычнай школы імя П.Юр’яна. Дзіцячы ансамбль акардэаністаў пад кіраўніцтвам педагога Надзеі Пісаравай і салісты-выканаўцы вельмі прыгожа выканалі шэраг музычных кампазіцый, а беларускі з такім натхненнем спявалі беларускія народныя песні, што бацька Алены вельмі ўдала дадаў свой прыгожы голас да галасоў-жынчын спявачак з “Вытокаў”.

На выставе можна пазнаёміцца ​​з графічнымі работамі Алены ў тэхніцы літаграфіі і жывапісам, выкананым алеем і акварэллю ў стылі рэалізму і псіхалагічнага сімвалізму. Яе творы адрозніваюцца рэалізмам, выразнасцю малюнка, асаблівым пачуццём колеру, вытанчанасцю выканання і глыбокай эмацыянальнай напоўненасцю. Мастачка часта звяртаецца да тэм прыроды, чалавека, псіхалагічнай сімволікі. На выставе можна ўбачыць як раннія, так і больш познія работы Алены, якія ўпершыню дэманструюцца публічна.


Выстава будзе працаваць у Каміннай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя І. Казакевіча (АНКТЛ) да 21 снежня 2023 г. па адрасе г. Рыга, вул. Слокас, 37.

Выстава арганізаваная ў рамках фестываля “Адзіныя – ў разнастайнасці – 2023”, прысвечанага 35-гадоваму юбілею АНКТЛ імя Іты Казакевіч, адным з заснавальнікам якой з’яўляецца Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.

Уваход вольны. Але час агляду выставы лепш узгадніць па тэл. 67613638, 27024786

13 лістапада латвійскія беларусы ўпершыню мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю вельмі таленавітай сям’і вядомага беларускага барда і пісьменніка Змітра Бартосіка. Ён разам з жонкай Таццянай Карпіловіч – віртуознай акампаніятаркай, і дзецьмі-спевакамі Юстынай і Геральдам падараваў вельмі шмат незабыўных станоўчых эмоцый падчас музычна-літаратурнай вечарыны “Сьмяяцца, плакаць і сьпяваць”. Смешныя, анекдатычныя гісторыі ды аўтарскія песні, што гучалі ў выкананні спадара Змітра, змяняліся песнямі ў выкананні ўсяго сямейнага квартэта і пранізліва-шчымлівымі лірычнымі баладамі 15-гадовай Юстыны Карпіловіч.

І калі з творамі галавы сям’і гледачы ў зале былі даўно знаёмыя, то для большасці прысутных творчасць юнай Юстыны стала сапраўдным адкрыццём. У песнях, якія яна піша з 12 гадоў, дзяўчына па-даросламу пераасэнсоўвае ўсё тое, што адбываецца з намі на працягу апошніх гадоў. Не гледзячы на свой узрост, спявачка ўжо запісала альбом, які можна слухаць на Spotify. На творчай сустрэчы гучалі таксама прыгожыя народныя песні ў аўтэнтычным выкананні Юстыны і творы Аляксандра Вярцінскага ў перакладах Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна з альбома спадара Змітра. Гледачы ў зале вельмі цёпла прымалі артыстаў, што прыехалі аж з Варшавы. Арганізатары сустрэчы – Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” і SUPOLKA беларусаў у Латвіі шчыра ўдзячныя ўсёй творчай сям’і за тое, што завіталі ў Рыгу, а латвійскія беларусы спадзяюцца на наступныя канцэрты.

Здымкі Сяргея Якубоўскага і Дзяніса Давыдава

17 верасня ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч (вул. Слокас, 37, Рыга) адбылося адкрыццё чарговай выставы мастакоў з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Гэтым разам выстава атрымалася не зусім звычайнай. Сябра аб’яднання Ганна Пэйпіня прапанавала кожнаму з мастакоў намаляваць свой аўтапартрэт і зрабіць з гэтых прац асобную выставу. Ідэя ўсім спадабалася, і ў выніку ў Канферэнцзале выставілі свае працы Ірына Кароль, Кацярына Осберг, Алена Лаўрыновіч, Вольга Якубоўская, Ганна Пэйпіня, Алена Гейданэ, Ірына Трумпель, Анастасія Арая, Вячка Целеш, Васіль Малышчыц і Лявон Жукоўскі. Разнастайнасці выставе дадалі аўтапартрэты аўтараў у розным узросце і выкананыя ў розных стылях, мастакі прадставілі таксама свае іншыя працы.

На адкрыцці выставы прысутныя атрымалі музычны падарунак ад старшыні АНКТЛ імя Іты Казакевіч Рафі Хараджаняна. Разам з Інэсэ Бушманэ яны ў чатыры рукі выканалі Вальс Арама Хачатурана з музыкі да п’есы “Маскарад” М. Лермантава.

А украінскі гурт “Дівчата” парадаваў ўсіх цудоўнымі беларускімі ды ўкраінскімі песнямі. Выставу можна наведаць да 17 кастрычніка, уваход вольны.

This image has an empty alt attribute; its file name is lrp9-1030x684.jpg

Сёлета 19 жніўня беларуская дыяспара Латвіі ўпершыню ладзіла свой асобны беларускі стэнд на Ратушнай плошчы падчас святкавання 822-х угодкаў з дня заснавання Рыгі.

Для папулярызацыі традыцыйнай беларускай народнай творчасці былі арганізаваныя майстар-класы па вырабу выразаных з паперы з дапамогай нажніц беларускіх выцінанак i лялек-абярэгаў “Жаданніца”. Вялiкiм попытам наведвальнікаў карысталася майстэрня па жывапісе акрылам на шоперах пад кіраўніцтвам вядомай беларускай мастачкі і ілюстратаркі Вольгі Якубоўскай.

Цiкавасць гасцей выклікалі настольная гульня на падабенства беларускіх і латышскіх слоў ды аквагрым з узорамі беларускага нацыянальнага арнаменту. Падчас працы стэнду можна было набыць кнігі беларускіх аўтараў.

Са сцэны на Ратушнай плошчы ад беларускай дыяспары горад павiншавалi беларускі рок-музыкант Лявон Вольскi і латышскі хор «Frachori». Прыемнай нечаканасцю для ўсіх прысутных стала сумеснае выкананне беларускім госцем і хорам самай вядомай песні Лявона Вольскага “Тры чарапахі” і версіі «харавога гімна» Латвіі “Saule, Pērkons, Daugava” на беларускай мове як сімвалу падтрымкі латышамі барацьбы беларусаў. Пераклад словаў песні зрабіла беларуская паэтка Віка Трэнас, якая зараз жыве ў Рызе. На выступ Лявона Вольскага прыехала шмат фанатаў не толькі з усёй Латвіі, але і з суседніх Літвы і Эстоніі.

Здымак Яны Вольскай
Здымак Яны Вольскай

Беларускі стэнд, які атрымаўся вельмі цікавым не толькі для латвійскіх беларусаў, але і ўсіх жыхароў і гасцей сталіцы, стаўся магчымым дзякуючы намаганням і энтузіязму актывістаў Асацыяцыі латвійскіх беларусаў “SUPOLKA” і Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Арганізатары ад імя ўсіх беларусаў Латвіі выказваюць шчырую падзяку Лявону Вольскаму і хору «Frachori», якія пагадзіліся на дабрачыннай аснове сваімі прафесійнымі спевамі ўпрыгожыць беларускую частку святкавання Дня нараджэння Рыгі. Дзякуем таксама ўсім беларусам, якія ахвяравалі грошы на закупку матэрыялаў і фарбаў для майстэрняў і майстар-класаў. Сёлета ў Дня Рыгі ўпершыню з’явіўся беларускі акцэнт і арганізатары спадзяюцца, што ў наступным годзе ён загучыць мацней і з яшчэ прыгажэйшымі адценнямі.

Здымкі Сяргея Якубоўскага і Юліі Каляды

Да 65 гадавiны смерцi Уладзiмiра Пiгулеўскага 16 чэрвеня SUPOLKA беларусаў Латвii зладзiла наведванне беларусамі месца пахавання ў Рызе на могілках Райніса беларускага лiтаратара i асветнiка, грамадска-палiтычнага i культурнага дзеяча БНР.

Як узнiкла iдэя?

Калiсьці, яшчэ ў Беларусi, прачытала на адным з вядомых беларускiх iнтэрнэт-парталаў артыкул пра спадара У.Пiгулеўскага. Для сябе адзначыла, што дзейнасць яго звязана з Латвiяй i пахаваны ён у Рызе, таму, калi буду ў гэтым горадзе, трэба ўшанаваць памяць цiкавага чалавека i наведаць яго магiлу.

Зараз такая магчымасць з’явiлася. Вызначыўшы для сябе па мапе могiлак на ўваходзе месца для пошуку, я з першай спробы знайшла помнiк Уладзiмiра Пiгулеўскага i яго жонкi Вольгi Барoўскай-Пiгулеўскай. Пахаваны ён справа ад цэнтральнай кампазiцыi, мемарыяла Янісу Райнiсу, самаму знакамiтаму пiсьменнiку i грамадска-культурнаму дзеячу Латвii. Такi адбыўся цуд, як быццам хтосьцi мяне вёў да месца, бо могiлкi вялiкiя, варыянтаў знаходжання магiлы было шмат, я ведала, што ёсць i зруйнаваныя магiлы, i калi не знайду такiм чынам, то трэба будзе звяртацца ў дзяржаўную ўстанову за дапамогай. Такая лёгкасць у пошуках дала iдэю наведвання магілы больш шырокім колам беларусаў, прымеркаванай да ўгодкаў смерцi.

Сабраўшы дадзеныя пра жыццёвы шлях У.Пiгулеўскага, якi быў таксама i ваенным, i авiятарам, i мог бы зрабiць сабе кар’еру ў гэтай галiне, аднак, каб падтрымаць дэмакратычны беларускi нацыянальны рух, пайшoў працаваць на нiве асветы i пiсьменнiцкай дзейнасці, у маёй галаве намалявалася выява самалёта ў нябеснай прасторы, які вырабляе фiгуры вышэйшага пiлатажу. Гэта метафара i пра жыццё Пiгулеўскага: заўсёды ў палёце, у няспынным руху.

Пра перыяд нацыянальнага беларускага адраджэння сярод беларусаў у Латвii ў мiжваенны час (20-30-ыя гг. ХХ ст.), мне здаецца, мала хто згадвае. На мой погляд, больш надаюць увагі таму, як з беларушчынай змагалiся ў гэты час на тэрыторыi Польшчы. У Латвіі ж у гэты перыяд беларускi рух быў найбольш скаардынаваны i меў падтрымку з боку дзяржавы. I паважаны спадар Пiгулеўскi быў адным з рухавiкoў гэтага дзеяння, меў мэту захoўваць i распаўсюджваць беларускасць, уключаць беларусаў у сусветны культурны кантэкст.

Беларуская дзейнасць на такім ўзроўні ў Латвiі стала магчымай ў тым ліку дзякуючы падтрымцы паэта Яніса Райнiса, маці якога была беларускай, і якi абараняў правы беларусаў у Саэйме. Ён стаў «хросным» для беларусаў (словы Сяргея Панiзнiка), бо з дзяцiнства меў сувязь з беларушчынай. Удзячнасць Янісу Райнiсу ад беларусаў мiнуўшчыны i сучаснасцi.

Таму, магчыма, невыпадкова, што i Райнiс, i Пiгулеўскi пахаваныя побач.

Калі супаставіць iнфармацыю пра лёс гэтых двух асоб, можна адзначыць, што Пiгулеўскi ў некаторых момантах iшоў крок у крок са сваiм настаўнiкам i абаронцам беларусаў, нават яшчэ i да знаёмства з iм.

Прапаную вашай увазе факты, якiя сведчаць аб гэтым.

«Пiгулеўскi: крок у крок з Райнiсам»

Абодва былі навучэнцамі гiмназiй:

Райніс. Рыжскай гарадской;

Пігулеўскі. Мiнскай класiчнай мужчынскай.

  • З’яўляліся ўдзельнiкамі рэвалюцыйнага руху 1905 г.:

Р. Адзiн з арганiзатараў у Латвii;

П. Сябра рэвалюцыйных гурткоў у Мiнску.

  • Атрымалі адукацыю ў Пецярбургскiм Унiверсiтэце:

Р. Юрыдычны факультэт;

П. Гiсторыка-фiлалагiчны факультэт.

  • Дзейнасць у нацыянальных рухах:

Р. У латышскiм

П. У беларускiм (падтрымаў БНР, браў удзел у яе дзейнасцi на тэрыторыi Украiны, Лiтвы, Латвii i Эстонii)

  • Дзейнасць у настаўнiцкiм руху, мэтай якога было пашырэнне адукацыi i адкрыццё школ:

Р.  У Латвii;

П. Ва Ўкраiне, Лiтве, Латвiі.

  • Мелі пасады ў галiне асветы:

Р. Мiнiстр адукацыi Латвійскай Рэспублікі ў 1926 -1928 гг.;

П. Настаўнiк рускай мовы i гiсторыi, iнспектар школ, складальнiк метадычных матэрыялаў i падручнiкаў для навучання ў беларускiх школах.

1924 – 1925 гг. Дырэктар Люцынскай беларускай прыватнай гiмназii

1927- 1934 гг. Кiраўнiк Беларускага аддзела пры Мiнiстэрстве адукацыi Латвii.

  • Былі сябрамі Латышскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыi:

Р. 1920-1929 гг.;

П. 1924-1934 (першы беларус у ЛСДРП).

  • З’яўляліся дэпутатамі Саэйму Латвiйскай Рэспублікі:

Р. 1922-1929 (Першы, Другi i Трэцi Саэймы;

П. 1928-1931 гг (Трэцi Саэйм) першы дэпутат-беларус Саэйму ЛР.

  • Абодва былі ўдзельнiкамі Першай навуковай Акадэмiчнай канферэнцыi па рэформе беларускага правапiсу i азбукi ў Мiнску (14-18 лiстапада 1926 г.)

Вымушаная эмiграцыя:

Р. З Латвii ў Швейцарыю, каб пазбегнуць пераследу за рэвалюцыйную дзейнасць 1905 г.;

П. З Беларусi ў Лiтву i Латвiю, бо урад БНР пакiнуў тэрыторыю Беларусi i вёў нацыянальную дзейнасць у выгнаннi.

Абодва былі палiтвязнямі:

Р. 1897 г. – арышт і турма ў Панявежысе, Рызе, Лiепае

1897-1899 гг. – высылка ў Пскoў

1899-1903 гг. – высылка ў г. Слабадскi, каля Вяткi;

П. Польская турма (прыкладна 1918 г.)

1924-1925 гг. – арышт ў Латвіі (пад следствам па сфабрыкаванай справе супраць беларускiх настаўнiкаў па абвiнавачванню ў зносiнах з Савецкай Беларуссю з мэтай далучэння да яе часткi краіны – Латгалii, месца кампактнага пражывання беларусаў). Быў апраўданы.

1934-1935 гг. – арышт i высылка ў Лiепайскi лагер.

У лiтаратурнай справе абодва выступалі ў якасці паэтаў, празаiкаў, драматургаў, публiцыстаў, тэатральных крытыкаў, перакладчыкаў, дзiцячых лiтаратараў

Мелі лiтаратурныя псеўданiмы:

Р. Райнiс (Сапраўднае iмя Янiс Плiекшанс);

П. Гуль.

Валодалі некалькiмi мовамi, агульнымі для iх былі:

беларуская, руская, украiнская, польская, французская.

Некаторы час жылi ў Латгалii:

Р. У дзяцiнстве;

П.   У 1922-1925 гг. падчас працы выкладчыкам.

Былі ў шлюбе з прадстаўнiцамi творчага асяроддзя:

Р.  З Аспазiяй – актрысай i таленавiтай паэткай;

П.  З Вольгай Барoўскай – вiртуознай пiянiсткай–выканаўцай i выкладчыцай.

Абедзве жанчыны жылi даўжэй за iх спадарожнiкаў па жыццю.

Абодва памерлі ад iнфарктаў:

Р. 12.09.1929;

П. 17.06.1958.

Пахаваныя на Могiлках Райнiса ў Рызе.

Вялiкая падзяка ўсiм удзельнiкам ўшанавання памяці за цiкавасць да жыцця Уладзiмiра Пiгулеўскага i да дзейнасцi беларусаў у Латвii ва ўсе часы.

Марыя Новiкава

10 чэрвеня, на гадзінніку 8:33. З цэнтральнай станцыі Рыгі адпраўляецца спецыяльны дадатковы цягнік у Цэсіс. У гэтым старажытным латвійскім горадзе ўжо не першы год праходзіць традыцыйны фестываль дыскусій – Sarunas festivals LAMPA. Вагон напоўнены творчай моладдзю, ведамі і ідэямі, але я вырашаю для сабе пачытаць “Дзікае паляванне караля Стаха” Ўладзіміра Караткевіча.

– На якой мове Bы чытаеце кнігу? Вы з Украіны? – пытаецца ў мяне зацікаўленая спадарожніца.

– Не, я – беларус, – адказваю я і распавядаю пра ўдзел беларускай суполкі ў фестывалі.

Асабіста для мяне гэта першы раз, калі я бяру ўдзел у фестывалі Lampa. Але ўжо другі год суполка “FreeBelarus” праводзіць дыскусіі, прысвечаныя беларусам і іх новай ролі ў жыцці Латвіі. Беларус-2023 – хто гэта? Тэма дыскусіі на латышскай мове гучыць як “Starp дранікіem un kartupeļu pankūkām: baltkrievu kopienas identitātes recepte” (“Паміж дранікамі і бульбянымі аладкамі: рэцэпт ідэнтычнасці беларускай супольнасці”)

Каб разабрацца самому і растлумачыць іншым, мне трэба знайсці пляцоўку нумар 15. Гэта надта проста, бо пасля невялікага шпацыра паміж тэнтамі ля Цэсіскага возера і пад’ёму па лесвіцы ля руін замка, я нарэшце чую родную мову і бачу беларускія нацыянальныя сцягі. Сярод гледачоў я сустракаю не толькі даўніх знаёмых з Рыгі і звычайных наведвальнікаў дыскусіі, але таксама нашых новых сяброў з беларускай дыяспары Эстоніі, латвійскіх палітыкаў, і нават дыпламатаў з Канады. Мы былі рады ўсім!

Я адказваю за сустрэчу і падтрымку Вольгі Гардзеевай – сябра нашага Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” з амаль 35-гадовым стажам, латвійскай настаўніцы, якая нарадзілася ў Міёрах. Пасля заканчэння школы яна паехала вучыцца ў Даўгаўпілс і засталася жыць ў Латвіі. Для спадарыні Вольгі гэта першы досвед публічных дыскусій, калі вакол столькі камер і цікаўных вачэй!  Яна вельмі хвалюецца. Мы сустракаемся на паркоўцы ў 5 хвілінах хады ад пляцоўкі нумар 15: “Шаноўная пані Вольга, проста ўявіце, што Вы гаворыце са мной і з іншымі ў зале, як са сваімі даўнімі сябрамі. Viss būs labi! (Ўсё будзе добра!)

Усе сабраліся пад тэнтам. Сапраўднае летняе надвор’е і лёгкі ветрык з боку Цесіскага замка надыхае на шчырую размову. Усім гледачам, хто не разумее латышскай мовы, выдаюць навушнікі – падчас размовы наведвальнікі маюць магчымасць чуць пераклад дзякуючы кіраўніцы суполкі “FreeBelarus” Ілве Эвэртэ.

Дыскусія сапраўды атрымалася вельмі дабразычлівай і пазнавальнай. Акрамя Вольгі Гардзеевай у дыскусіі  ўдзельнічалі Андрыс Гобіньш – прэзідэнт “Eiropas Kustības Latvijā” (Еўрапейскі рух у Латвіі) і вядомы латышскі гісторык Гатыс Круміньш. З беларускага боку таксама бралі ўдзел Алеся Лосева – беларуска, якая нарадзілася ў Латвіі, і школьнік Алесь Юрэвіч. Алесь не толькі выдатна валодае беларускай мовай, але таксама навучаецца другі год у латышскай школе і гаворыць па-латышску.

Коратка распавяду пра галоўныя тэзісы, якія прагучалі на фестывалі. Алеся Лосева выказала меркаванне, што быць беларусам сёння – гэта браць удзел у змаганні за вяртанне нашай гістарычнай спадчыны.

Для Андрыса Гобіньша галоўнае­ –  гэта не тое, каб нацыі адчувалі прыналежнасць да нейкага строю ці арнаменту, а адчуванне сувязі са сваімі продкамі. Вольга Гардзеева шмат разважала пра тое, што для яе з’яўляецца Бацькаўшчынай, альбо “Tēvzeme” па-латышску. У абедзвюх мовах гэтыя словы словы азначаюць тое ж самае і гучаць аднолькава. Так і ў Вольгі: дзве краіны – дзве Радзімы. Напрыканцы Алесь Юрэвіч адзначыў, што беларусы ніколі ў поўным сэнсе не адчуюць Беларусь у Рызе ці ў Латвіі агулам. Але парадокс у тым, што гэтае пачуццё можа з’явіцца, калі мы збярэмся разам.

Дыскусія паміж 5 размоўцамі і вядучай трывала гадзіну, а пасля ўсе мелі магчымасць асабіста пазнаёміцца з удзельнікамі і выказаць сваю пашану падчас нефармальнай часткі сустрэчы. Надышоў час абеду, і ўсе на некалькі гадзін адышлі на дыскусіі, якія цікавілі ўжо асабіста кожнага. Наш сябра з Эстоніі Віталь Малчанаў выпадкова сустрэўся і пагутарыў з Крыш’янісам Карыньшам – Прэм’ер-міністрам Латвіі. Спадар Карыньш быў вельмі задаволены, што беларусы таксама  актыўна ўдзельнічаюць у фестывалі і пажадаў усім нам поспеху!

Бліжэй да вечара беларусы згуртаваліся каля украінскага тэнту на пікнік, каб абмеркаваць праблемы і задачы дыяспары. І сустрэлі новаабранага прэзідэнта Латвіі – Эдгара Рынкевіча. Ён спяшаўся ўзяць удзел у арт-перфомансе, пра які праз некалькі гадзін напісалі ўсе СМІ Латвіі.

Да электрычкі ў Рыгу застаецца амаль дзве гадзіны. Можна паслухаць яшчэ некалькі дыскусій і адпачыць. Дадому я еду ў кампаніі разам з вядомай беларускай мастачкай Вольгай Якубоўскай і іншымі сябрамі, мы дзелімся ўражаннямі ад фестываля LAMPA і абмяркоўваем планы на лета.

Я вельмі раю ўсім паглядзець беларускую панельную дыскусію “Starp дранікіem un kartupeļu pankūkām: baltkrievu kopienas identitātes recepte”, калі яна з’явіцца на LTV, гэта адбудзецца падчас Калядных святаў. Зараз у мяне атрымліваецца невялікі перапынак ў сэнсе беларускіх імпрэз, і пачынаецца сапраўднае латышскае лета – хутка надыдзе свята Ліго і Свята спеваў і танцаў, новыя фесты і канцэрты, ў якіх я планую браць удзел. Ці стану я меньш беларусам, калі буду бліжэй знаёміцца з Латвіяй? Хіба так. Бо мы ўсе ўжо адчулі сабе часткай гэтай краіны. У Латвіі жыло шмат пакаленняў беларусаў яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага, і кожнае прынесла на гэтую зямлю нешта новае. Кім станем мы ў 21-ым стагоддзі ў Латвіі, па ўсім свеце? Пакажа час. А сёння я зычу ўсім чытачам нашай старонкі міру, яскравага лета, цудоўнага настрою.

Да сустрэчы ў наступным годзе ў Цэсісе!

Андрэй Татур, сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”

Здымкі Лаўры Цэлміні

27 красавіка 2023 г. у Каміннай зале будынка АНКТЛ імя Іты Казакевіч адбылося адкрыццё выставы беларускай мастачкі Ганны Пэйпіні з паэтычнай назвай “Iмпульсы”.

З адкрыццём выставы мастачку віншавалі старшыня  Аб’яднання мастакоў беларусаў Балтыі “Маю гонар” Васіль Малышчыц і старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Таццяна Казак. Ганна Пэйпіня з’яўляецца сябрам Саюза мастакоў Латвіі і аб’яднання “Маю гонар”, а таксама даўнім сябрам таварыства “Сьвітанак”.

Павіншаваць спадарыню Ганну прыйшлі таксама сябры і калегі, сямейнікі. Сюрпрызам для мастачкі стала віншаванне і кветкі ад яе былых вучняў майстар-класаў, якія даведаліся пра адкрыццё выставы сваёй настаўніцы з афішы фестывалю “Pavasara avots – 2023”. Прагучала шмат шчырых і добрых слоў на адрас мастачкі. Незвычайныя, самабытныя і часам эксперыментальныя творы Ганны Пэйпіні не пакінулі нікога абыякавым. Ганна Пэйпіня распавядала пра свае працы, пра творчыя задумкі і адказвала на пытанні гасцей.

На працягу ўсяго вечара ствараў утульнасць у зале спявак і музыкант Юрый Ціхаміраў. У ягоным рэпертуары  ёсць і шэраг беларускіх песень.

Пад акампанемент Юрыя на радасць прысутным нават і сама Ганна праспявала сваю самую ўлюбёную беларускую народную песню “Зялёная вішня”.

Запрашаем ўсіх ахвотных наведаць выставу Ганны Пэйпіні, яе шыкоўныя ”Iмпульсы” можна пабачыць да 26 мая па адрасе вул. Слокас, 37 у Рызе. Уваход вольны.

Здымкі Васіля Малышчыца і Таццяны Казак

23 красавіка ў будынку Асацяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі адбылася літаратурная вечарына “Як жыць, дык жыць для Беларусі”, прысвечаная памяці сапраўдных беларусаў-літаратараў: Ларысы Геніюш, Леаніда Маракова і Янкі Маўра. Як і заўсёды, гэта была сустрэча аднадумцаў, цікавых людзей, патрыётаў, не абыякавых да Айчыны. Традыцыйна імпрэза распачалася з выканання прысутнымі дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, барані Латвію”) і неафіцыйнага беларускага гімна “Магутны Божа”.

7 красавіка 2023 года споўнілася 40 гадоў з дня смерці Ларысы Геніюш, калі тысячы беларусаў прыехалі ў Зэльву, каб правесці яе ў апошні шлях. Мастак Вячка Целеш захапляльна і цікава распавядаў пра жыццёвы шлях вялікай паэткі, чые словы далі назву вечарыны, і сваё сяброўства з Ларысай Геніюш. Падчас свайго выступу ён дэманстраваў партрэты Ларысы Геніюш, якія маляваў з натуры ў яе старой хаце ў Зэльве, падараваныя яму паэткай кнігі з аўтографамі, чытаў лісты і віншаванні яму ад Ларысы Геніюш. Дзякуючы яго расповеду можна было ўбачыць нязломную патрыётку Беларусі. Вернасць сваім ідэалам не дазволілі ёй змяніць грамадзянства БНР на СССР. Негледзячы на гэта, яе кнігі друкаваліся ў Беларусі. Гісторыя яе жыцця дадала мне веры ў нас.

Творчасць Ларысы Геніюш сёння зноў вельмі актуальная. Яе неўміручыя вершы з натхненнем чыталі падчас імпрэзы і гаспадары, і госці вечарыны.

Вялікае ўражанне было ад выступу маладой беларускай паэткі Вікі Трэнас. Яна распавяла пра Леаніда Маракова, якому споўнілася б сёлета 15 красавіка толькі 65 гадоў. Вікторыя асабіста ведала сп. Леаніда, бо шмат кантактавала з ім падчас працы ў Беларускім саюзе пісьменнікаў.

Па адукацыі радыёэлектронік, у 1990-я гады ён меў паспяховы бізнэс у гэтай галіне і пачаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі, паэта Валерыя Маракова, расстралянага 29 кастрычніка 1937 года. Вынікам працы стала маштабнае даследаванне сталінскіх рэпрэсій у Беларусі – падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-томны энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі адукацыі, грамадскія і культурныя дзеячы. 1794-1991». У ім сабраныя звесткі пра 20 тысяч ахвяр, фактычна Леанід Маракоў за свой кошт зрабіў працу цэлага навукова-даследчага інстытута.

Ён таксама апублікаваў дакументальнае даследаванне «Ахвяры і карнікі», у якім сабраны біяграфіі ахвяр і тых, хто мае дачыненне да рэпрэсій у Беларусі. Асобна выйшла кніга, у якой сабраны звесткі пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных святароў. Леанід Маракоў вядомы таксама сваёй літаратурнай творчасцю, аўтар некалькіх кніг, у 2014 годзе выйшла яго манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940-я гады». Віка Трэнас таксама чытала прысутным на вечарыне свае творы.

Яе вершы сапраўдныя і пякучыя, адчыняюць тое, што ў сэрцы беларусаў. Будзем чакаць ад яе вершаў пра радасць і перамогу.

Дзякуючы намесніцы дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы і дырэктарцы школьнага музея Янкі Купалы Ганне Іванэ удзельнікам імпрэзы было цікава даведацца пра вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка Янку Маўра і прысвечаную яму экспазіцыю ў школьным музеі. Сёлета 28 красавіка споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, які нарадзіўся ў Ліепаі (Лібаве). Ганна Ўладзіславаўна вельмі цікава распавядала пра дзіцячыя і юнацкія гады пісьменніка, што прайшлі на латвійскай зямлі, пра яго творчасць. і запрасіла ўсіх прысутных наведаць школьны музей, дзе ёсць шмат цікавых экспанатаў не толькі пра Янку Маўра.

З кароткімі выступамі ў вечарыне бралі ўдзел госці. Латышская паэтка і перакладчыца Дагнія Дрэйка чытала свае творы на латышскай і польскай мовах.

Вялікую асалоду атрымалі прысутныя ад спеваў украінскага вакальнага гурта “Дзівчата”. Асабісты вам дзякуй за беларускія, латышскія ды ўкраінскія песні!

Напрыканцы сустрэчы мастачка Вольга Якубоўская зладзіла экскурсію па экспазіцыі сваёй выставы, адкрыццё якой адбылося падчас святкавання 25 Сакавіка. Яна распавяла пра сваіх “Коцікаў Свабоды”, пра гісторыю напісання твораў. Зараз я бачу, што коцікі не такія простыя. Поспехаў Вам, Вольга! 

Таццяна Казак, старшыня “Сьвітанка”, шчыра падзякавала мастачцы не толькі за яе выставу, творчасць ды грамадзянскую пазіцыю, а выказала ёй і беларусу з Грузіі Івану Бахціну вялікую падзяку ад імя таварыства за фінансавую дапамогу.

Таццяна распавяла прысутным пра тое, што Вольга Якубоўская, каб дапамагчы ЛТБК “Сьвітанак” аплаціць сяброўскія ўнёскі ў Асацыяцыю НКТЛ за 2023 год, каб ў латвійскіх беларусаў надалей была магчымасць сустракацца ў будынку на Слокас 37, выставіла ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку на дабрачынны аўкцыён вельмі прыгожую карціну “Падарунак”. Карціну прыдбаў Іван Бахцін, які шмат дапамагае беларусам, за ўсю суму гадавых ўнёскаў – 360 еўра і пакінуў яе ў падарунак таварыству.

Завяршылася сустрэча сяброўскай гарбатай з кавай у Каміннай зале, упрыгожанай таксама карцінамі Вольгі. Вось дзе можна было паразмаўляць па сваімі аднадумцамі, падзяліцца марамі, пачуць меркаванні. Дзякуй ўсім, хто прыйшоў, нягледзячы на цудоўнае надвор’е, калі так цягне на вясновае сонейка ля мора. Паступіла прапанова наступную імпрэзу Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” зладзіць на свежым паветры, так што сачыце за навінамі на нашым сайце і далучайцеся, калі ласка!

Андрэй К.

Здымкі Сяргея Якубоўскага і Васіля Малышчыца.

Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” выказваюць шчырую падзяку за дапамогу мастачцы Вользе Якубоўскай і беларускаму мецэнату Івану Бахціну.

Як вядома, наша таварыства ўжо амаль 35 гадоў працуе ў Латвіі, і існаванне таварыства заўсёды, яшчэ з савецкіх часоў, грунтавалася выключна на шматгадовай грамадскай працы ягоных сябраў. У адрозненні ад усіх іншых нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, калі не лічыць некалькіх гадоў сапраўднай незалежнасці Беларусі на пачатку 90-х, “Сьвітанак” не меў ніколі ніякай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы, нашай Радзімы. Ні інфарматыўнай, ні метадычнай, ні тым больш фінансавай. Бо “Сьвітанак” назалежна ад палітычнай сітуацыі ў Беларусі заўсёды заставаўся абаронцам ў Латвіі і нашай мовы і культуры, і гістарычных сымбаляў, і незалежнасці Беларусі. З моманту свайго заснавання ў 1988 годзе ЛТБК “Сьвітанак” з’яўляецца таксама заснавальнікам Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Амаль штомесяц сябры таварыства ладзяць розныя культурныя мерапрыемствы. І каб утрымліваць будынак Асацыяцыі на вул. Слокас, 37, дзе мы маем невялічкі офіс, і мець магчымасць карыстацца заламі для імпрэз, таварыству разам з больш як 25 суполкамі іншых нацыянальнасцяў трэба плаціць ўнёскі ў Асацыяцыю памерам 360 еўра на год. На працягу 35 гадоў гэтыя, здаецца, і не надта вялікія для цэлай арганізацыі грошы збіралі сярод адных і тых жа шматгадовых яе сябраў і мастакоў з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. А з улікам таго, што абсалютную большасць сябраў “Свьвітанка” да 2023 года складалі пенсіянеры, гэта не было проста, асабліва ў папярэднія цяжкія гады. І таму, калі на апошнюю імпрэзу “Свьвітанка”, прымеркаванае да 25 Сакавіка адкрыццё выставы беларускай мастачкі  Вольгі Якубоўскай, прыйшла вялікая колькасць беларусаў, каля 100 чалавек, кіраўніцтва  таварыства вырашыла звярнуцца да латвійскай супольнасці беларусаў за дапамогай. У звароце, які быў змешчаны ў мясцовых беларускіх чатах, была прапанова агульнымі намаганнямі сабраць грошы на ўнёсак у Асацыяцыю за гэты год. І хоць водгук на гэты зварот апынуўся пакуль што амаль безвыніковым, дапамога таварыству прыйшла адтуль, адкуль мы яе зусім не чакалі!

Вольга Якубоўская змясціла зварот і абвясціла дабрачынны аўкцыён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Мастачка напісала, што вельмі хоча дапамагчы сваім новым сябрам ў Рызе і выставіла на аўкцыён сваю шыкоўную карціну “Падарунак”. І практычна адразу ж яе прыдбаў Іван Бахцін, які жыве не ў Латвіі, за ўсю суму гадавых ўнёскаў таварыства ў Асацыяцыю. Больш таго, Іван нават адразу запрапанаваў, каб і сама карціна засталася ў таварыстве як падарунак ад яго. Вольга, вядома, спачатку не пагадзілася, але рашэнне гаспадара карціны было прынцыповым. Іван вельмі сціплы чалавек і ніяк нідзе не афішуе сваю дабрачыннасць і мецэнацтва. Ад Вольгі мы даведаліся, што ён удзельнік практычна ўсіх яе дабрачынных аўкцыёнаў і вельмі шмат каму дапамагае. У адказ на нашу падзяку малады чалавек напісаў,  што не зрабіў нічога надзвычайнага, заўсёды рады дапамагчы, назваўшы нас адметнымі людзьмі. А яшчэ Іван вельмі задаволены, што мецэнацтва паступова сярод беларусаў апошнім часам пашыраецца. Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” лічаць адметнымі людзьмі менавіта Вольгу Якубоўскую і Івана Бахціна! Мы вельмі радыя, што можам тут, на нашай старонцы, працу якой мы не так даўно аднавілі пасля доўгага перапынку, публічна выказаць ім словы сваёй удзячнасці. Запрашаем Івана таксама пры магчымасці абавязкова наведаць Рыгу. Будзем заўсёды рады паказаць і сталіцу Латвіі, і наш прытулак на Слокас 37. А таксама будзем вельмі чакаць Івана ў лістападзе на нашым юбілеі і атрымаць ад іх з Вольгай агульны падарунак – “Падарунак”!

А ўсім, хто зараз ўжо знаходзіцца ў Латвіі, мы нагадваем, што першая ў Латвіі персанальная выстава беларускай мастачкі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай даступная для агляду ў Рызе на вул. Слокас 37 да 25 красавіка. Акрамя ўсім вядомых прац, намаляваных акрылам,  у двух залах будынка выстаўленыя ўнікальныя скураныя карціны. Падрабязней пра выставу можна даведацца з нашых папярэдніх матэрыялаў на старонцы.

Таксама заклікаем беларусаў больш актыўна далучацца да шэрагу тых, хто падтрымлівае беларускую культурніцкую дзейнасць у Латвіі, накіраваную на захаванне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці на гэтай зямлі. 

Кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак”