Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” запрасіла ўсіх неабыякавых да беларускай мовы далучыцца да імпрэзы, што адбылася ў нядзелю, 25 лютага 2024 г. ў Рызе, ў будынку АНКТЛ (вул. Слокас 37).
Дзейныя сябры таварыства збіраліся на чарговы справаздачна-выбарчы сход і традыцыйную дыктоўку, прымеркаваную да Міжнароднага Дня роднай мовы, што адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага.
Пачалася сустрэча з віншаванняў Ганны Іванэ, якая 4 лютага адзначыла свой чарговы юбілей. Сьвітанкаўцы віншавалі Ганну Ўладзіславаўну ў гэты дзень ў Рыжскай Беларускай асноўнай школе, дзе яна працуе, таксама на нашай старонцы, але не змаглі абмінуць яе ўвагай з нагоды юбілею яшчэ раз, у прысутнасці большай колькасці сябраў суполкі.
Сёлета беларусы ва ўсім свеце. ў тым ліку і ў нашым таварыстве, ў чэрвені плануюць адзначыць 100-гадовы юбілей славутага сына беларускага народа Васіля Быкава. Менавіта таму шматгадовая сябра Рады “Сьвітанка” Ганна Іванэ падрыхтавала для тэкста дыктоўкі ўрывак з твора знакамітага пісьменнніка “Жураўліны крык.”
Пераможцам у напісанні дыктоўкі, прысвечанай 100-м угодкам з дня нараджэння Васіля Быкава, былі падрыхтаваныя прызы. Ганна Іванэ адзначыла высокі ўзровень ўсіх напісаных сёлета прац. Без ніводнай памылкі ў дыктоўцы справіліся Таццяна Казак і Андрэй Костка. Менавіта спадар Андрэй атрымаў галоўны прыз – кнігу Уладзімера Арлова “Каханак яе вялікасці”.
Пасля справаздачы кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак” аб выніках працы таварыства ў 2023 г. і абмеркавання плана працы на 2024 г. адбыліся штогадовыя выбары Рады ЛТБК “Сьвітанак” ў складзе 9 чалавек.
На сходзе, акрамя справаздачы і плана мерапрыемстваў на 2024 год, адбылося абмеркаванне таксама актуальных пытанняў, у тым ліку пытанне добраўпарадкавання і адкрыцця сквера імя Францыска Скарыны ў Рызе і пытанне закрыцця Рыжскай Беларускай асноўнай школы. Акрамя вышэйзгаданага юбілея сусветна вядомага пісьменніка Васіля Быкава, ў бягучым годзе запланавалі таксама ўшанаваць памяць расстраляных у 1937 годзе больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлегенцыі – зладзіць Ноч расстраляных паэтаў у кастрычніку.
Што тычыцца традыцыйных “сьвітанкаўскіх” мерапрыемстваў, якія існуюць з моманту заснавання суполкі ў 1988-м годзе, то найбліжэйшай імпрэзай будзе святкаванне 106-х угодкаў Акту 25 Сакавіка. Імпрэза сёлета адбудзецца 23 сакавіка, у суботу, з удзелам гасцей, якія адмыслова прыедуць да нас на святкаванне з Польшчы: знакамітага пісьменніка і гісторыка Уладзімера Арлова, заснавальніка першай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат” і кнігавыдаўца Яраслава Іванюка і спевака Рамана Арлова. Запрашаем ўсіх ахвотных далучыцца да святкавання гэтай важнай для кожнага беларуса даты! Вас чакае вельмі цікавы аповед Уладзімера Арлова пра БНР і цудоўныя патрыятычныя беларускія песні ў выкананні Рамана Арлова. Будзе працаваць беларускі кніжны кірмаш”, дзе можна будзе набыць (за наяўныя грошы) не толькі кнігі Уладзімера Арлова, але і іншыя цікавыя беларускія кніжкі-навінкі.
Запрашаем ўсіх ахвотных на наступную імпрэзу, а таксама далучыцца да працы Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, сачыце за аб’явамі на нашай старонцы!
Аўтар карціны “Свята роднай мовы” – Вольга Якубоўская.
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!