26 студзеня 2024 года пасля цяжкай хваробы адыйшоў ад нас у лепшы свет шчыры беларус, адзін з старэйшых сябраў і заснавальнікаў ЛТБК “Сьвітанак”, беларускі вучоны-хімік, доктар хімічных навук (1991), прафесар (1998) Мікола Ярчак. Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” з вялікім смуткам выказваюць свае глыбокія спачуванні сям’і нябожчыка.
Мікалай Пятровіч Ярчак нарадзіўся 25 мая 1950 года ў сям’і настаўніка ў вёсцы Гошчава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
У 1966 годзе са срэбным медалём скончыў Гошчаўскую сярэднюю школу, а ў 1971 годзе – Беларускi Дзяржаўны Універсітэт.
Па размеркаванню разам з жонкай Ліліяй прыехаў ў Рыгу і з 1971 г. працаваў у Інстытуце арганічнага сінтэзу Акадэміі навук Латвіі. Абараніў спачатку кандыдацкую, а потым доктарскую дысертацыі. З моманту заснавання ў 1988 годзе і да ад’езду ў Беларусь актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. На працягу пяці гадоў узначальваў таварыства і быў адным з ініцыятараў заснавання Рыжскай беларускай школы (1994) і Латвійскага Фонда беларускай культуры (1996).
У 1996 годзе Мікола Ярчак вярнуўся на радзіму і ўзначаліў кафедру хіміі ў Брэсцкім Універсітэце. Выкладаў сваім студэнтам прадметы ў універсітэце выключна па-беларуску. З 2000 года арганізаваў і быў першым дырэктарам Аддзела праблем Палесся Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2004 года і да выхаду на пенсію адначасова выкладаў ва ўніверсітэце горада Седльцэ (Польшча). Ніколі не прыпыняў сваю навуковую дзейнасць.
Мікола Ярчак пакінуў пасля сябе шматлікія навуковыя працы па тэарэтычнай, арганічнай і медыцынскай хіміі, аграхіміі, экалогіі і воднай гаспадарцы, тэорыі кампенсацыі электрычнага поля малекул. Прапанаваў метад вызначэння структурных параметраў малекул у вадкім стане і растворы. Сінтэзаваў сямікаардынаваныя злучэнні крэмнія, што эксперыментальна пацвердзілі існаванне новага тыпу вадароднай сувязі. Распрацаваў неінсектыцыдны метад абароны бабовых ад каларадскага жука, экалагічную сістэму ачысткі бытавых сцёкавых вод. Аўтар больш за 40 патэнтаў і шматлікай колькасці публікацый.
Назву роднай вёскі Гошчава беларускі патрыёт Мікола Ярчак увекавечыў у сваіх адкрыццях ў навуцы ў вобласці крэмнійарганічнай хіміі. Новыя хімічныя злучэнні атрымалі назву «гошчава-сіланаты». Копіі патэнтаў на гэтыя хімічныя злучэнні ўрачыста перададзены на захоўванне ў Гошчаўскую сярэднюю школу ў дзень яе 150-годдзя (2011). Пасля выхаду на пенсію спадар Мікола працягнуў актыўную дзейнасць ў Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак” у 2023 годзе.
Мікола Ярчак з жонкай Ліліяй выхавалі двух беларускамоўных сыноў Юрыя і Паўла.
Пахаваны ў Рызе на Балдэрайскіх могілках побач з жонкай.
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!