https://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2024/12/pastouka-e1734988940189.jpg742518Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2024-12-22 21:38:122024-12-23 23:58:37Віншаванне сябрам ЛТБК “Сьвітанак” ад прэзідэнта Латвіі Эдгара Рынкевіча
Год, які мінае, быў насычаны падзеямі для Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Сьвітанкаўскія імпрэзы на працягу года аб’ядноўвалі беларусаў Латвіі і ўсіх, хто цікавіцца нашай культурай.
У лютым мы разам адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. 106-ыя угодкі Акту 25 Сакавіка сёлета мы адсвяткавалі разам з славутым пісьменнікам Уладзімерам Арловым, Беларускай бібліятэкай “Камунікат” і спеваком Раманам Арловым. 100-гадоваму юбілею Васіля Быкава была прысвечаная не толькі традыцыйная дыктоўка на Дзень роднай мовы, але і асобная літаратурная імпрэза з нагоды векавога юбілея нашага сусветна вядомага геніяльнага пісьменніка. Не абмінулі увагай мы і 140-ыя ўгодкі з дня нараджэння Вольгі Сахаравай, беларускай літратаркі міжваеннай Латвіі, жонкі вядомага беларускага дзеяча Сяргея Сахарава. Юбілейная вечарына адбылася з удзелам ўнучкі Нонны Ахметуллаевай, якая з’яўляецца шматгадовым сябрам “Сьвітанка”. З удзелам аўтара Васіля Еўдакімава, госця з Лондана, прайшла прэзентацыя кнігі “Круглая Square”. А ў кастрычніку адбылася мемарыяльная імпрэза “Галасы расстраляных паэтаў”, прысвечаная памяці беларускіх творцаў, загінулых у 1937 годзе. Гэтая вечарына, як і папярэднія, стала напамінам пра важнасць захавання нашай гістарычнай памяці і культурнай спадчыны.
Наперадзе нас чакаюць Каляды – час цудаў і яднання. Мы рады паведаміць, што 11 студзеня 2025 года адбудзецца чарговая Калядная сустрэча. Запрашаем усіх далучыцца да нас, каб разам адзначыць гэтае светлае свята, напоўненае традыцыямі і цеплынёй.
Віншуем Вас са светлымі і радаснымі святамі – Калядамі і Новым годам!
Няхай гэты год прынясе мір, радасць і згоду ў Вашыя дамы. Жадаем Вам і Вашым блізкім здароўя, любові і дабрабыту, а таксама мужнасці, моцы і натхнення, нязгаснага імпэту для поспехаў у нашай агульнай працы на карысць роднай Бацькаўшчыны!
26 кастрычніка 2024 года ў Вялікай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі адбылася вечарына памяці “Галасы расстраляных паэтаў”, арганізаваная ЛТБК “Світанак” і прысвечаная расстраляным 29 кастрычніка 1937 года.
Падчас адкрыцця мемарыяльный імпрэзы традыцыйна ўсе прысутныя ў зале выканалі гімн Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, блаславі Латвію”) і неафіцыйны гімн Беларусі “Магутны Божа”.
Старшыня таварыства Таццяна Казак у сваім выступе падзякавала тым, хто прыйшоў, за прысутнасць на імпрэзах ЛТБК “Сьвітанак”, што рэгулярна адбываюцца у доме Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, а гэтым разам – на мемарыяльнай вечарыне “Галасы расстраляных паэтаў”.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. у Мінску былі расстраляныя 132 прадстаўнікі беларускай нацыянальнай эліты. Дзяржаўныя дзеячы, кіраўнікі заводаў і фабрык, навукоўцы, журналісты, а таксама 22 пісьменнікі: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Найстарэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, было 47 гадоў, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), паэт Сяргей Мурзо (25 гадоў), літаратуразнаўца Пётр Гатулёў (25 гадоў), настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў). Трагедыя нанесла мацнейшы ўдар па беларускай нацыянальнай культуры. Пачынаючы з кастрычніка 2017-га штогод беларусы адзначаюць “Ноч расстраляных паэтаў”. Да падзей 2020-га памятная вечарына з чытаннем вершаў забітых творцаў праходзіла непасрэдна сярод крыжоў у Курапатах. У апошнія гады беларусы ва ўсім свеце ладзяць ў самых разнастайных формах імпрэзы, прысвечаныя ўшанаванню памяці палітычных ахвяр.
Прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду 29 кастрычніка 1937 г. стала самай трагічнай кропкай на хвалі шырокіх рэпрэсій супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэтая хваля цягнулася з 1929 па 1938 год, мэтай якой было знішчэнне нацыянальна арыентаваных творцаў, настаўнікаў, чыноўнікаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выдатных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі сотняў чалавек былі высланыя з Беларусі, некалькі сотняў расстраляныя, некалькі дзесяткаў трапілі ў лагеры і загінулі ў ГУЛАГу. У жніўні 1937 года ў двары турмы НКВД былі спаленыя тысячы старонак рукапісаў. Вершы і проза, лісты, дзённікі, успаміны, фотаздымкі. Дзясяткі тысяч кніг рэпрэсаваных аўтараў былі выключаныя з бібліятэчных фондаў, знішчаныя ці адпраўленыя ў спецсховішчы. Імёны забітых і дэпартаваных былі выкрэсленыя з даведнікаў, энцыклапэдый і падручнікаў. На іх згадку была накладзена забарона.
Дырэктарка музея Янкі Купалы ў Рызе Ганна Іванэ ў сваёй прамове шмат увагі надала самаму маладому і найменш вядомаму з 12 расстраляных у тую страшную ноч паэтаў Сяргею Мурзо.
Госця мемарыяльнай вечарыны, украінская спявачка Таццяна Шчэрбанос выканала верш Юлія Таўбіна ў перакладзе на ўкраінскую мову і вельмі цікава распавядала пра гэтага геніяльнага паэта па-украінску, а таксама выканала песні на абедзвух мовах – украінскай і беларускай.
Андрэй Татур вельмі натхнёна і эмацыянальна распавядаў пра аднаго з самых вядомых з расстраляных паэтаў А. Дудара і прачытаў яго патрыятычныя вершы.
Наталля Камілеўская прысвяціла свой выступ М. Чароту. Яна адкрыла для сябе вельмі цікавыя факты з біяграфіі паэта і яго спадчыны і распавяла пра гэта прысутным. Напрыклад, такі факт, што словы вядомай беларускай песні “Купалінка”, якая сёння лічыцца народнай, належаць Міхасю Чароту.
Вялікую цікавасць у прысутных выклікаў выступ латышскай паэткі Дагніі Дрэйкі, прадстаўніцы Саюза палякаў Латвіі. У яе выкананні прагучала не толькі паэзія Юлія Таўбіна на польскай мове, але і аўтарскія пераклады польскай паэзіі на латышскую мову.
У падарунак таварыства “Сьвітанак” атрымала ад госці вечарыны кнігу перакладаў.
Дзякуючы Вользе Гардзеевай прысутныя атрымалі шмат новай інфармацыі. Вольга вельмі цікава распавядала пра паэта І. Харыка і выканала яго вершы.
У выкананні Дзяніса Давыдава прагучалі вершы Юркі Лявоннага. У сваім выступе ён адзначыў неабходнасць нацыянальнага пакаяння беларусамі за рэпрэсіі.
Андрэй Костка распавёў прысутным пра жыццё і творчасць паэта-лірыка Валерыя Маракова, а таксама ягонага пляменніка, вядомага даследчыка ахвяр сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова, з якім ён быў асабіста знаёмы, і прачытаў верш Валерыя Маракова “Трывога”. Як адзначыў у сваім выступе Андрэй, на жаль, і сёння гэты верш вельмі актуальны, і пачуццё трывогі вельмі добра вядомае, на вялікі жаль, і сучасным беларусам.
Марыя Давыдава-Новікава ў сваёй прамове яскрава і цікава распавяла не толькі пра паэта Анатоля Вольнага і прачытала ягоныя творы. Шмат увагі яна надала расповеду пра стасункі ў літаратурных колах таго часу, пра сяброўства і адносіны паміж некаторымі з расстраляных паэтаў.
Падчас мемарыяльнай імпрэзы ў выкананні сяброў ЛТБК “Світанак” і гасцей вечарыны прагучалі таксама творы Маісея Кульбака, Тодара Кляшторнага, Зямы Піваварава і Арона Юдэльсона.
Імпрэза, арганізаваная таварыствам “Сьвітанак”, каштоўная не толькі як вечарына памяці, але і як крыніца гістарычнай інфармацыі, спрыяе дыялогу і паразуменню паміж рознымі нацыянальнасцямі, папулярызацыі беларускай літаратуры і праўдзівай, а не сфальсіфікаванай ў савецкі час гісторыі Беларусі, спрыяе таксама павышэнню этнічнай самасвядомасці беларусаў і іх інтэграцыі у латвійскае грамадства.
Штогод у Беларусі і за мяжой 29 і 30 кастрычніка праходзяць вечарыны памяці рэпрэсаваных беларусаў: паэтаў, мастакоў, выдаўцоў, навукоўцаў, настаўнікаў, рабочых, сялянаў, гараджан і вяскоўцаў. Галасы гэтых падзей – гэта галасы ахвяр рэпрэсій у Беларусі. Але ня толькі. Сам факт правядзення падобных імпрэз сведчыць аб нашай павазе да нашых папярэднікаў, бязвінна знішчаных. Гэта надае веры ў тое, што на попеле зруйнаваных лёсаў можа паўстаць веліч няскоранага народа – праз слёзы, выпрабаванні і пакуты.
Здымкі Андрэя Татура, Таццяны Казак і Вольгі Гардзеевай.
26 мая 2024 года ў Рызе адбылася чарговая літаратурна-музычная вечарына, арганізаваная Латвійскім таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак”. Імпрэза, прысвечаная 100-гадоваму юбілею Васіля Быкава і 140-м угодкам з дня нараджэння Вольгі Сахаравай, прайшла ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.
Вечарына распачалася з традыцыйнага выканання латвійскага дзяржаўнага гімна “Dievs, svēti Latviju” ( “Божа, блаславі Латвію”) і беларускага неафіцыйнга гімна “Магутны Божа”, што надало імпрэзе асаблівую ўрачыстасць і падкрэсліла значнасць падзеі.
Важнай часткай сустрэчы стала выступленне дырэктаркі музея Янкі Купалы Рыжскай беларускай асноўнай школы і настаўніцы беларускай мовы Ганны Іванэ, якая вельмі душэўна распавяла пра Васіля Быкава. Яна нагадала прысутным пра гісторыю жыцця і творчасць гэтага знакавага для беларусаў і сусветна вядомага геніяльнага пісьменніка, падкрэсліўшы яго значнасць для беларускай літаратуры і культуры. Быкаў вядомы сваімі рэалістычнымі творамі, якія адлюстроўваюць цяжкія падзеі Другой сусветнай вайны і пасляваеннага часу, а таксама маральныя дылемы і чалавечую годнасць. Яго творы застаюцца актуальнымі і сёння, натхняючы новыя пакаленні чытачоў. Пасля гэтага Ганна Іванэ раздала гасцям урыўкі з аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык”, дзе апісаныя пісьменнікам моманты смерці пяці герояў – абаронцаў вайсковага рубяжа. Яна зрабіла гэта, каб падкрэсліць, наколькі гэта страшная з’ява – вайна, якая на жаль, зноў ідзе побач з намі, і зноў гінуць дзясяткі тысяч і церпяць ад яе мільёны людзей. Прысутныя зачытывалі ўрыўкі і потым абмяркоўвалі, што стварыла інтэрактыўную атмасферу на імпрэзе. Гэта дазволіла глыбей зразумець творчасць пісьменніка і асэнсаваць яго ўклад у сусветную літаратуру.
Дзякуючы Вячку Целешу Вялікую залу ўпрыгожыў напісаны ім партрэт Васіля Быкава. Таксама В. Целеш вельмі цікава расказаў пра сваю сустрэчу з Васілём Быкавым, паказаў гасцям вечарыны кнігу В. Быкава на латышскай мове (аповесці) “Сотнікаў. Абеліск. Дажыць да світання” з аўтографам перакладчыка Талрыда Рулліса і распавёў пра сваё сяброўства са спадаром Талрыдам. Кніга была выдадзена ў 1976 годзе ў Рызе.
…
Асаблівы гонар імпрэзе надаў удзел унучкі Вольгі Сахаравай – Ноны Ахметуллаевай, сябры Рады нашага таварыства. Хоць яна ніколі не бачыла сваю бабулю, аднак шчодра падзялілася з прысутнымі ўспамінамі, фотаздымкамі з асабістага архіва і гісторыямі, якія ёй распавядала маці. Маці ўнучкі Вольгі Сахаравай Ірына Вількель сама не займалася творчасцю, але ведала шмат пра жыццё і дзейнасць сваёй маці, а таксама на працягу ўсяго свайго жыцця была сябрам Латвійскага таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак”. Расповед Ноны Ахметуллаевай быў вельмі цікавым і працяглым, былі прачытаныя фрагменты з асабістага дзённіка Вольгі Сахаравай, і гэта стварыла вельмі шчырую атмасферу падчас імпрэзы. У спадарыні Ноны было шмат што расказаць пра бабулю, якая зрабіла значны ўклад у развіццё беларускай культуры ў Латвіі ў міжваенны перыяд. Вольга Сахарава, жонка вядомага беларускага этнографа і збіральніка беларуcкага фальклора на тэрыторыі сучаснай Латвіі Сяргея Сахарава пісала вершы па-беларуску і напісада пяць п’ес на беларускай мове. Гэтыя патрыятычныя пастаноўкі ставіліся ў беларускіх асяродках не толькі ў Дзвінску, Рызе, але і ў Вільні і іншых самадзейных тэатрах, бо былі вельмі папулярнымі ў міжваенны перыяд. Адна з п’ес “На Полацкім замчышчы” да юбілею аўтаркі была перавыдадзена сёлета ў факсімільным фармаце ў Даўгаўпілсе. На жаль, дзённік Вольгі Сахаравай пакуль не апублікаваны.
Адным з цэнтральных момантаў вечарыны стала прэзентацыя кнігі Васіля Еўдакімава “Круглая Square”.
Аўтар Васіль Еўдакімаў (псеўданім Вал Клемэнт) які з 1990 года жыве ў Лондане, падзяліўся з прысутнымі гісторыяй стварэння кнігі. Раман, выдадзены напрыканцы мінулага года ў Кракаве, апісвае шляхі і перажыванні сучаснага беларуса ў чужым горадзе, паказвае, як культура і мова могуць быць мастом паміж народамі. Васіль Еўдакімаў, які з’яўляецца адным з кіраўнікоў беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі, распавёў пра сваё натхненне і працэс напісання рамана. Ён падкрэсліў важнасць захавання беларускай ідэнтычнасці і культуры ў замежжы, а таксама падзяліўся асабістымі гісторыямі з жыцця ў Лондане і Мінску. Спадар Васіль распавёў таксама аб тым, што зараз рыхтуецца выхад гэтай кнігі ў аўтарскім перакладзе на англійскую мову. Аўдыторыя з вялікім захапленнем слухала яго аповед, што зрабіў літаратурную вечарыну яшчэ больш цікавай і змястоўнай. Кнігу можа замовіць кожны ахвотны на старонцы выдавецтвa “Gutenberg Publisher” з дастаўкай ў любую еўрапейскую краіну. У прадмове да кнігі “Круглая Square” вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў напісаў:“Гэты раман – нязменна дасціпны, вельмі асацыятыўны,з элемэнтамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часамцынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсьць найлепшым сродкам самаабароны, – не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!”
Цудоўны музычны падарунак прысутным на вечарыне зрабіла Наталля Камілеўская, шматгадовая актывістка і сябра Рады нашага таварыства. Яна выканала свае творы, напісаныя ў розныя перыяды, прысвечаныя Васілю Быкаву і беларускім дзеячам міжваеннага перыяду.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі імпрэзы прысутныя працягнулі абмеркаванні за сяброўскім сталом у Каміннай зале. Гасцей чакалі прысмакі, якія яны прынеслі на дабрачыннай аснове, што стварыла атмасферу еднасці і сяброўства.
Літаратурна-музычная вечарына прайшла з вялікім поспехам. Усе ўдзельнікі адзначылі высокі ўзровень арганізацыі і змястоўную праграму. Імпрэза стала не толькі ўшанаваннем памяці вялікіх дзеячаў беларускай культуры, але і пляцоўкай для абмену думкамі і ўражаннямі, узбагачэння ведаў і ўсталявання новых знаёмстваў.
Такім чынам, літаратурна-музычная вечарына стала сапраўдным святам беларускай культуры і гісторыі ў Латвіі, якое доўга будзе памятацца ўсім удзельнікам і гасцям мерапрыемства.
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” традыцыйна запрасіла беларусаў ў Рызе разам адзначыць 106-я ўгодкі Акту 25 Сакавіка. Гэтая дата абавязкова штогод адзначаецца ў Рызе на працягу ўсіх 35 гадоў з моманту заснавання нашага таварыства. Імпрэзу зладзілі 23 сакавіка ў Вялікай зале будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі з удзелам цэлай беларускай дэлегацыі з Беластоку! Гэтым разам шаноўнымі гасцямі ў Рызе былі знакаміты пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, музыка і кампазітар Раман Арлоў і кіраўнік Фонду Kamunikat.org, стваральнік найбуйнейшай у свеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк. З такой нагоды неабыякавых да беларускай гісторыі, літаратуры ды песень сабралася поўная зала.
Пасля традыцыйнага выканання ўсімі прысутнымі дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа” на пачатку імпрэзы гасцей прывітала старшыня таварыства “Сьвітанак” Таццяна Казак, а Вячка Целеш прачытаў ўсім прысутным дасланае віншаванне з Днём Волі ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
Упершыню павіншаваць беларусаў з найвялікшым святам на “сьвітанкаўскую” імпрэзу завітаў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Латвійскай рэспублікі ў Беларусі спадар Эйнарс Сэманіс. З улікам цяперашніх адносін паміж Латвіяй і нашай этнічнай Радзімай і зачыненых амбасад, спадар Амбасадар знаходзіцца ў Рызе, а не ў Мінску, і з’яўляецца сталым наведвальнікам беларускіх імпрэз у Латвіі. У сваім прывітальным слове ён выказаў упэўненасць у тым, што беларусы ў хуткім часе змогуць гэтак жа свабодна, шырока і ўрачыста святкаваць 25 Сакавіка, як усе латвійцы святкуюць 18 лістапада – Дзень абвяшчэння незалежнай Латвійскай рэспублікі ў 1918 годзе.
Шаноўным госцем на свяце таксама быў беларускі дзеяч з Лондана Васіль Еўдакімаў, які адмыслова прыляцеў у Рыгу, каб пазнаёміцца з нашым таварыствам ды сустрэцца з сваім даўнім сябрам Уладзімірам Арловым. Спадар Васіль з’яўляецца адным з кіраўнікоў беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі і аўтарам кніг пра Беларусь на беларускай і англійскай мовах.
Галоўны ж госць святкавання Уладзімір Арлоў вельмі цікава распавядаў пра тое, як Беларусь ішла да Акту 25 Сакавіка ў 1918-м: пра паўстанне Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, “Нашу долю” і “Нашу Ніву”, пачатак Першай сусветнай вайны і падрабязна пра абвяшчэнне БНР.
Падчас творчай сустрэчы з Уладзімірам Арловым прысутныя маглі пачуць не толькі аповед пра гісторыю БНР. Аўтар прэзентаваў перавыдадзеныя Фондам Kamunikat.org свае шматлікія вядомыя кнігі “Імёны Свабоды”, “Незалежнасць – гэта…”, “Ордэн Белай мышы”, “Айчына” і іншыя папулярныя выданні, чытаў урыўкі з сваіх твораў і шмат жартаваў.
Музыка і кампазітар Раман Арлоў, сын пісьменніка, выканаў патрыятычныя беларускія песні свайго аўтарства на гістарычную тэматыку. Спевы былі вельмі цёпла прынятыя латвійскай публікай. Спадар Раман выступаў у Рызе ўпершыню, але як выканаўца і аўтар песень даўно і добра вядомы беларусам як удзельнік знакамітага беларускага гурта “J:Mors”.
Кіраўнік Фонду Kamunikat.org, стваральнік найбуйнейшай у свеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк распавядаў пра гісторыю стварэння бібліятэкі kamunikat.org і пра тое, як у апошнія гады інтэрнэт-бібліятэка ператварылася ў сапраўднае беларускае выдавецтва. Дзякуючы спадару Яраславу з 2021 года перавыдадзена вельмі шмат кніг Уладзіміра Арлова, а таксама іншых вядомых беларускіх пісьменнікаў, напрыклад, Уладзіміра Някляева. Андрэя Хадановіча і іншых, выйшла ў свет шмат новых выданняў. Зараз у інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org сабрана ўжо больш за 55 000 розных беларускіх публікацый (кніг, аўдыёкніг, газет, часопісаў, відэа і інш.) Арганізатарам прыезду да беларусаў ў Рыгу, а потым далей у Таллінн і Хельсінкі таксама з’яўляецца нястомны спадар Яраслаў Іванюк, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў аддае шмат свайго часу і высілкаў беларускай справе ў Польшчы.
Акрамя падарункаў шаноўным гасцям, якія падрыхтавала кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак”, Уладзіміра Арлова яшчэ чакаў сюрпрыз, што зрабіла яму ягоная зямлячка, мастачка Вольга Якубоўская. Вядомая мастачка падаравала знакамітаму пісьменніку сваю цудоўную карціну.
…
З беларускімі песнямі на імпрэзе выступіў таксама Алег Целеш, сын Вячкі Целеша.
Па заканчэнні выступаў ды спеваў адбыўся кніжны кірмаш і аўтограф-сесія. Па аўтографы на набытых кнігах да спадара Ўладзіміра выстраілася доўгая чарга.
Традыцыйна пасля афіцыйнай праграмы гасцей і гаспадароў імпрэзы чакаў святочны сяброўскі стол у Каміннай зале, дзе абмяркоўвалі беларускія справы ды магчымае супрацоўніцтва ў будучыні.
Запрашаем усіх ахвотных на нашыя наступныя імпрэзы!
https://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2024/04/IMG-20240323-WA0045-1-e1712518098363.jpg482579Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2024-03-25 18:12:002024-04-07 22:43:5825 Сакавіка ў Рызе сёлета адсвяткавалі разам з Уладзімірам Арловым
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” запрасіла ўсіх неабыякавых да беларускай мовы далучыцца да імпрэзы, што адбылася ў нядзелю, 25 лютага 2024 г. ў Рызе, ў будынку АНКТЛ (вул. Слокас 37).
Дзейныя сябры таварыства збіраліся на чарговы справаздачна-выбарчы сход і традыцыйную дыктоўку, прымеркаваную да Міжнароднага Дня роднай мовы, што адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага.
Пачалася сустрэча з віншаванняў Ганны Іванэ, якая 4 лютага адзначыла свой чарговы юбілей. Сьвітанкаўцы віншавалі Ганну Ўладзіславаўну ў гэты дзень ў Рыжскай Беларускай асноўнай школе, дзе яна працуе, таксама на нашай старонцы, але не змаглі абмінуць яе ўвагай з нагоды юбілею яшчэ раз, у прысутнасці большай колькасці сябраў суполкі.
Сёлета беларусы ва ўсім свеце. ў тым ліку і ў нашым таварыстве, ў чэрвені плануюць адзначыць 100-гадовы юбілей славутага сына беларускага народа Васіля Быкава. Менавіта таму шматгадовая сябра Рады “Сьвітанка” Ганна Іванэ падрыхтавала для тэкста дыктоўкі ўрывак з твора знакамітага пісьменнніка “Жураўліны крык.”
Пераможцам у напісанні дыктоўкі, прысвечанай 100-м угодкам з дня нараджэння Васіля Быкава, былі падрыхтаваныя прызы. Ганна Іванэ адзначыла высокі ўзровень ўсіх напісаных сёлета прац. Без ніводнай памылкі ў дыктоўцы справіліся Таццяна Казак і Андрэй Костка. Менавіта спадар Андрэй атрымаў галоўны прыз – кнігу Уладзімера Арлова “Каханак яе вялікасці”.
Пасля справаздачы кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак” аб выніках працы таварыства ў 2023 г. і абмеркавання плана працы на 2024 г. адбыліся штогадовыя выбары Рады ЛТБК “Сьвітанак” ў складзе 9 чалавек.
На сходзе, акрамя справаздачы і плана мерапрыемстваў на 2024 год, адбылося абмеркаванне таксама актуальных пытанняў, у тым ліку пытанне добраўпарадкавання і адкрыцця сквера імя Францыска Скарыны ў Рызе і пытанне закрыцця Рыжскай Беларускай асноўнай школы. Акрамя вышэйзгаданага юбілея сусветна вядомага пісьменніка Васіля Быкава, ў бягучым годзе запланавалі таксама ўшанаваць памяць расстраляных у 1937 годзе больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлегенцыі – зладзіць Ноч расстраляных паэтаў у кастрычніку.
Што тычыцца традыцыйных “сьвітанкаўскіх” мерапрыемстваў, якія існуюць з моманту заснавання суполкі ў 1988-м годзе, то найбліжэйшай імпрэзай будзе святкаванне 106-х угодкаў Акту 25 Сакавіка. Імпрэза сёлета адбудзецца 23 сакавіка, у суботу, з удзелам гасцей, якія адмыслова прыедуць да нас на святкаванне з Польшчы: знакамітага пісьменніка і гісторыка Уладзімера Арлова, заснавальніка першай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат” і кнігавыдаўца Яраслава Іванюка і спевака Рамана Арлова. Запрашаем ўсіх ахвотных далучыцца да святкавання гэтай важнай для кожнага беларуса даты! Вас чакае вельмі цікавы аповед Уладзімера Арлова пра БНР і цудоўныя патрыятычныя беларускія песні ў выкананні Рамана Арлова. Будзе працаваць беларускі кніжны кірмаш”, дзе можна будзе набыць (за наяўныя грошы) не толькі кнігі Уладзімера Арлова, але і іншыя цікавыя беларускія кніжкі-навінкі.
Запрашаем ўсіх ахвотных на наступную імпрэзу, а таксама далучыцца да працы Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, сачыце за аб’явамі на нашай старонцы!
Аўтар карціны “Свята роднай мовы” – Вольга Якубоўская.
https://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2024/03/photo_2024-03-04-08.51.47-e1709731610406.jpeg832913Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2024-02-26 13:37:472024-03-06 16:08:23Ў “Сьвітанку” беларусы разам адзначылі Дзень роднай мовы
Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак” шчыра віншуюць з шасцідзесяцігадовым юбілеем Ганну Ўладзіславаўну Іванэ.
Прозвішча Ганны Іванэ (у дзявоцтве Нябескай) непадзельна звязанае з таварыствам„Сьвітанак” і з Рыжскай Беларускай асноўнай школай. Яна прыйшла на працу ў школу маладзенькай настаўніцай праз год пасля заснавання школы нашым таварыствам, калі адчынiўся другi па лiку клас. І з таго часу ўжо амаль тры дзесяцігоддзі ўсе свае сілы і веды, усю сваю любоў, цеплыню і пяшчоту Ганна Ўладзіславаўна аддае дзецям. Гэтыя тры дзесяцігоддзі свайго жыцця яна, без перабольшвання, аддала беларускай школе, а з 2000 г. на працягу двух дзесяцігоддзяў узначальвала школу. Шчырая і самаадданая беларуска, філолаг беларускай мовы па адукацыі, яна – цудоўны кіраўнік.
Мы ганарымся, што Ганна Ўладзіславаўна Іванэ – добры сябра і дарадчык нашага таварыства, сябра Рады „Сьвітанка” на працягу ўсіх трох дзесяцігоддзяў. Двойчы – у 2003 г. і ў 2014 г. Ганна Іванэ была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвіі за вялікі ўнёсак ў захаванне і развіццё беларускай культуры тут, у Латвіі. Ў 2015 годзе Ганна Іванэ атрымала найвышэйшую ўзнагароду Беларусі – Ордэн Францыска Скарыны.
Мы жадаем Ганне Ўладзіславаўне здароўя, моцы і натхнення, яшчэ шмат дзесяцігоддзяў гэткай жа самаадданай і творчай працы на карысць захавання беларускай мовы і культуры ў Латвіі.
26 студзеня 2024 года пасля цяжкай хваробы адыйшоў ад нас у лепшы свет шчыры беларус, адзін з старэйшых сябраў і заснавальнікаў ЛТБК “Сьвітанак”, беларускі вучоны-хімік, доктар хімічных навук (1991), прафесар (1998) Мікола Ярчак. Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” з вялікім смуткам выказваюць свае глыбокія спачуванні сям’і нябожчыка.
Мікалай Пятровіч Ярчак нарадзіўся 25 мая 1950 года ў сям’і настаўніка ў вёсцы Гошчава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1966 годзе са срэбным медалём скончыў Гошчаўскую сярэднюю школу, а ў 1971 годзе – Беларускi Дзяржаўны Універсітэт. Па размеркаванню разам з жонкай Ліліяй прыехаў ў Рыгу і з 1971 г. працаваў у Інстытуце арганічнага сінтэзу Акадэміі навук Латвіі. Абараніў спачатку кандыдацкую, а потым доктарскую дысертацыі. З моманту заснавання ў 1988 годзе і да ад’езду ў Беларусь актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. На працягу пяці гадоў узначальваў таварыства і быў адным з ініцыятараў заснавання Рыжскай беларускай школы (1994) і Латвійскага Фонда беларускай культуры (1996). У 1996 годзе Мікола Ярчак вярнуўся на радзіму і ўзначаліў кафедру хіміі ў Брэсцкім Універсітэце. Выкладаў сваім студэнтам прадметы ў універсітэце выключна па-беларуску. З 2000 года арганізаваў і быў першым дырэктарам Аддзела праблем Палесся Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2004 года і да выхаду на пенсію адначасова выкладаў ва ўніверсітэце горада Седльцэ (Польшча). Ніколі не прыпыняў сваю навуковую дзейнасць. Мікола Ярчак пакінуў пасля сябе шматлікія навуковыя працы па тэарэтычнай, арганічнай і медыцынскай хіміі, аграхіміі, экалогіі і воднай гаспадарцы, тэорыі кампенсацыі электрычнага поля малекул. Прапанаваў метад вызначэння структурных параметраў малекул у вадкім стане і растворы. Сінтэзаваў сямікаардынаваныя злучэнні крэмнія, што эксперыментальна пацвердзілі існаванне новага тыпу вадароднай сувязі. Распрацаваў неінсектыцыдны метад абароны бабовых ад каларадскага жука, экалагічную сістэму ачысткі бытавых сцёкавых вод. Аўтар больш за 40 патэнтаў і шматлікай колькасці публікацый. Назву роднай вёскі Гошчава беларускі патрыёт Мікола Ярчак увекавечыў у сваіх адкрыццях ў навуцы ў вобласці крэмнійарганічнай хіміі. Новыя хімічныя злучэнні атрымалі назву «гошчава-сіланаты». Копіі патэнтаў на гэтыя хімічныя злучэнні ўрачыста перададзены на захоўванне ў Гошчаўскую сярэднюю школу ў дзень яе 150-годдзя (2011). Пасля выхаду на пенсію спадар Мікола працягнуў актыўную дзейнасць ў Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак” у 2023 годзе. Мікола Ярчак з жонкай Ліліяй выхавалі двух беларускамоўных сыноў Юрыя і Паўла. Пахаваны ў Рызе на Балдэрайскіх могілках побач з жонкай.
https://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2024/02/IMG-20240203-WA0002.jpg690493Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2024-01-29 01:05:412024-02-15 20:00:55Адыйшоў у лепшы свет Мікола Ярчак