Шаноўныя сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”!
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе вас з 35-годдзем!
27 лістапада 1988 года з волі беларусаў у Рызе паўстаў “Сьвітанак” – першая арганізацыя нацыянальнай меншасці ў Латвіі. Паставіўшы на мэце не толькі захаванне і абарону беларускай культуры, але таксама развіццё беларускай асветы і выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, за немалы тэрмін свайго існавання сябры таварыства дасягнулі каласальных, узорных вынікаў. Нястомная і ахвярная праца сябраў “Сьвітанку” – гэта безліч праведзеных імпрэзаў, арганізаваных выставаў і святаў, канцэртаў і фестываляў, добра пастаўленая літаратурная і навуковая праца, сувязі з іншымі беларускімі суполкамі ва ўсім свеце, у тым ліку і праз удзел у З’ездах беларусаў свету. Гэта ўнікальнае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар!” і арганізацыя дзіцячых мастацкіх студыяў, гэта плённае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўрадавымі арганізацыямі Латвіі і трывалая цікаўнасць да справаў таварыства з боку латвійскіх медыя. Урэшце, гэта Рыжская беларуская асноўная школа.
Сёння, калі беларуская культура перажывае ці не самыя чорныя дні ў гісторыі і зазнае сапраўдныя ганенні і знявагу ў самой Беларусі, досвед таварыства “Сьвітанак” неацэнны для раскіданых па свеце прадстаўнікоў бягучай хвалі эміграцыі, і як мала які іншы дапамагае ім належным і годным чынам размеркаваць свой патэнцыял.
Сябры! Мы зычым вам і надалей заставацца прыкладам салідарнасці і вернасці ідэалам дэмакратыі, спрыяць здабыццю сапраўднай незалежнасці Беларусі і мець добры плён у кожнай распачатай справе!
Жыве Беларусь!
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!