Да 65 гадавiны смерцi Уладзiмiра Пiгулеўскага 16 чэрвеня SUPOLKA беларусаў Латвii зладзiла наведванне беларусамі месца пахавання ў Рызе на могілках Райніса беларускага лiтаратара i асветнiка, грамадска-палiтычнага i культурнага дзеяча БНР.

Як узнiкла iдэя?

Калiсьці, яшчэ ў Беларусi, прачытала на адным з вядомых беларускiх iнтэрнэт-парталаў артыкул пра спадара У.Пiгулеўскага. Для сябе адзначыла, што дзейнасць яго звязана з Латвiяй i пахаваны ён у Рызе, таму, калi буду ў гэтым горадзе, трэба ўшанаваць памяць цiкавага чалавека i наведаць яго магiлу.

Зараз такая магчымасць з’явiлася. Вызначыўшы для сябе па мапе могiлак на ўваходзе месца для пошуку, я з першай спробы знайшла помнiк Уладзiмiра Пiгулеўскага i яго жонкi Вольгi Барoўскай-Пiгулеўскай. Пахаваны ён справа ад цэнтральнай кампазiцыi, мемарыяла Янісу Райнiсу, самаму знакамiтаму пiсьменнiку i грамадска-культурнаму дзеячу Латвii. Такi адбыўся цуд, як быццам хтосьцi мяне вёў да месца, бо могiлкi вялiкiя, варыянтаў знаходжання магiлы было шмат, я ведала, што ёсць i зруйнаваныя магiлы, i калi не знайду такiм чынам, то трэба будзе звяртацца ў дзяржаўную ўстанову за дапамогай. Такая лёгкасць у пошуках дала iдэю наведвання магілы больш шырокім колам беларусаў, прымеркаванай да ўгодкаў смерцi.

Сабраўшы дадзеныя пра жыццёвы шлях У.Пiгулеўскага, якi быў таксама i ваенным, i авiятарам, i мог бы зрабiць сабе кар’еру ў гэтай галiне, аднак, каб падтрымаць дэмакратычны беларускi нацыянальны рух, пайшoў працаваць на нiве асветы i пiсьменнiцкай дзейнасці, у маёй галаве намалявалася выява самалёта ў нябеснай прасторы, які вырабляе фiгуры вышэйшага пiлатажу. Гэта метафара i пра жыццё Пiгулеўскага: заўсёды ў палёце, у няспынным руху.

Пра перыяд нацыянальнага беларускага адраджэння сярод беларусаў у Латвii ў мiжваенны час (20-30-ыя гг. ХХ ст.), мне здаецца, мала хто згадвае. На мой погляд, больш надаюць увагі таму, як з беларушчынай змагалiся ў гэты час на тэрыторыi Польшчы. У Латвіі ж у гэты перыяд беларускi рух быў найбольш скаардынаваны i меў падтрымку з боку дзяржавы. I паважаны спадар Пiгулеўскi быў адным з рухавiкoў гэтага дзеяння, меў мэту захoўваць i распаўсюджваць беларускасць, уключаць беларусаў у сусветны культурны кантэкст.

Беларуская дзейнасць на такім ўзроўні ў Латвiі стала магчымай ў тым ліку дзякуючы падтрымцы паэта Яніса Райнiса, маці якога была беларускай, і якi абараняў правы беларусаў у Саэйме. Ён стаў «хросным» для беларусаў (словы Сяргея Панiзнiка), бо з дзяцiнства меў сувязь з беларушчынай. Удзячнасць Янісу Райнiсу ад беларусаў мiнуўшчыны i сучаснасцi.

Таму, магчыма, невыпадкова, што i Райнiс, i Пiгулеўскi пахаваныя побач.

Калі супаставіць iнфармацыю пра лёс гэтых двух асоб, можна адзначыць, што Пiгулеўскi ў некаторых момантах iшоў крок у крок са сваiм настаўнiкам i абаронцам беларусаў, нават яшчэ i да знаёмства з iм.

Прапаную вашай увазе факты, якiя сведчаць аб гэтым.

«Пiгулеўскi: крок у крок з Райнiсам»

Абодва былі навучэнцамі гiмназiй:

Райніс. Рыжскай гарадской;

Пігулеўскі. Мiнскай класiчнай мужчынскай.

  • З’яўляліся ўдзельнiкамі рэвалюцыйнага руху 1905 г.:

Р. Адзiн з арганiзатараў у Латвii;

П. Сябра рэвалюцыйных гурткоў у Мiнску.

  • Атрымалі адукацыю ў Пецярбургскiм Унiверсiтэце:

Р. Юрыдычны факультэт;

П. Гiсторыка-фiлалагiчны факультэт.

  • Дзейнасць у нацыянальных рухах:

Р. У латышскiм

П. У беларускiм (падтрымаў БНР, браў удзел у яе дзейнасцi на тэрыторыi Украiны, Лiтвы, Латвii i Эстонii)

  • Дзейнасць у настаўнiцкiм руху, мэтай якога было пашырэнне адукацыi i адкрыццё школ:

Р.  У Латвii;

П. Ва Ўкраiне, Лiтве, Латвiі.

  • Мелі пасады ў галiне асветы:

Р. Мiнiстр адукацыi Латвійскай Рэспублікі ў 1926 -1928 гг.;

П. Настаўнiк рускай мовы i гiсторыi, iнспектар школ, складальнiк метадычных матэрыялаў i падручнiкаў для навучання ў беларускiх школах.

1924 – 1925 гг. Дырэктар Люцынскай беларускай прыватнай гiмназii

1927- 1934 гг. Кiраўнiк Беларускага аддзела пры Мiнiстэрстве адукацыi Латвii.

  • Былі сябрамі Латышскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыi:

Р. 1920-1929 гг.;

П. 1924-1934 (першы беларус у ЛСДРП).

  • З’яўляліся дэпутатамі Саэйму Латвiйскай Рэспублікі:

Р. 1922-1929 (Першы, Другi i Трэцi Саэймы;

П. 1928-1931 гг (Трэцi Саэйм) першы дэпутат-беларус Саэйму ЛР.

  • Абодва былі ўдзельнiкамі Першай навуковай Акадэмiчнай канферэнцыi па рэформе беларускага правапiсу i азбукi ў Мiнску (14-18 лiстапада 1926 г.)

Вымушаная эмiграцыя:

Р. З Латвii ў Швейцарыю, каб пазбегнуць пераследу за рэвалюцыйную дзейнасць 1905 г.;

П. З Беларусi ў Лiтву i Латвiю, бо урад БНР пакiнуў тэрыторыю Беларусi i вёў нацыянальную дзейнасць у выгнаннi.

Абодва былі палiтвязнямі:

Р. 1897 г. – арышт і турма ў Панявежысе, Рызе, Лiепае

1897-1899 гг. – высылка ў Пскoў

1899-1903 гг. – высылка ў г. Слабадскi, каля Вяткi;

П. Польская турма (прыкладна 1918 г.)

1924-1925 гг. – арышт ў Латвіі (пад следствам па сфабрыкаванай справе супраць беларускiх настаўнiкаў па абвiнавачванню ў зносiнах з Савецкай Беларуссю з мэтай далучэння да яе часткi краіны – Латгалii, месца кампактнага пражывання беларусаў). Быў апраўданы.

1934-1935 гг. – арышт i высылка ў Лiепайскi лагер.

У лiтаратурнай справе абодва выступалі ў якасці паэтаў, празаiкаў, драматургаў, публiцыстаў, тэатральных крытыкаў, перакладчыкаў, дзiцячых лiтаратараў

Мелі лiтаратурныя псеўданiмы:

Р. Райнiс (Сапраўднае iмя Янiс Плiекшанс);

П. Гуль.

Валодалі некалькiмi мовамi, агульнымі для iх былі:

беларуская, руская, украiнская, польская, французская.

Некаторы час жылi ў Латгалii:

Р. У дзяцiнстве;

П.   У 1922-1925 гг. падчас працы выкладчыкам.

Былі ў шлюбе з прадстаўнiцамi творчага асяроддзя:

Р.  З Аспазiяй – актрысай i таленавiтай паэткай;

П.  З Вольгай Барoўскай – вiртуознай пiянiсткай–выканаўцай i выкладчыцай.

Абедзве жанчыны жылi даўжэй за iх спадарожнiкаў па жыццю.

Абодва памерлі ад iнфарктаў:

Р. 12.09.1929;

П. 17.06.1958.

Пахаваныя на Могiлках Райнiса ў Рызе.

Вялiкая падзяка ўсiм удзельнiкам ўшанавання памяці за цiкавасць да жыцця Уладзiмiра Пiгулеўскага i да дзейнасцi беларусаў у Латвii ва ўсе часы.

Марыя Новiкава

0 replies

Leave a Reply

Want to join the discussion?
Feel free to contribute!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *