10 чэрвеня, на гадзінніку 8:33. З цэнтральнай станцыі Рыгі адпраўляецца спецыяльны дадатковы цягнік у Цэсіс. У гэтым старажытным латвійскім горадзе ўжо не першы год праходзіць традыцыйны фестываль дыскусій – Sarunas festivals LAMPA. Вагон напоўнены творчай моладдзю, ведамі і ідэямі, але я вырашаю для сабе пачытаць “Дзікае паляванне караля Стаха” Ўладзіміра Караткевіча.
– На якой мове Bы чытаеце кнігу? Вы з Украіны? – пытаецца ў мяне зацікаўленая спадарожніца.
– Не, я – беларус, – адказваю я і распавядаю пра ўдзел беларускай суполкі ў фестывалі.
Асабіста для мяне гэта першы раз, калі я бяру ўдзел у фестывалі Lampa. Але ўжо другі год суполка “FreeBelarus” праводзіць дыскусіі, прысвечаныя беларусам і іх новай ролі ў жыцці Латвіі. Беларус-2023 – хто гэта? Тэма дыскусіі на латышскай мове гучыць як “Starp дранікіem un kartupeļu pankūkām: baltkrievu kopienas identitātes recepte” (“Паміж дранікамі і бульбянымі аладкамі: рэцэпт ідэнтычнасці беларускай супольнасці”)
Каб разабрацца самому і растлумачыць іншым, мне трэба знайсці пляцоўку нумар 15. Гэта надта проста, бо пасля невялікага шпацыра паміж тэнтамі ля Цэсіскага возера і пад’ёму па лесвіцы ля руін замка, я нарэшце чую родную мову і бачу беларускія нацыянальныя сцягі. Сярод гледачоў я сустракаю не толькі даўніх знаёмых з Рыгі і звычайных наведвальнікаў дыскусіі, але таксама нашых новых сяброў з беларускай дыяспары Эстоніі, латвійскіх палітыкаў, і нават дыпламатаў з Канады. Мы былі рады ўсім!
Я адказваю за сустрэчу і падтрымку Вольгі Гардзеевай – сябра нашага Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” з амаль 35-гадовым стажам, латвійскай настаўніцы, якая нарадзілася ў Міёрах. Пасля заканчэння школы яна паехала вучыцца ў Даўгаўпілс і засталася жыць ў Латвіі. Для спадарыні Вольгі гэта першы досвед публічных дыскусій, калі вакол столькі камер і цікаўных вачэй! Яна вельмі хвалюецца. Мы сустракаемся на паркоўцы ў 5 хвілінах хады ад пляцоўкі нумар 15: “Шаноўная пані Вольга, проста ўявіце, што Вы гаворыце са мной і з іншымі ў зале, як са сваімі даўнімі сябрамі. Viss būs labi! (Ўсё будзе добра!)
Усе сабраліся пад тэнтам. Сапраўднае летняе надвор’е і лёгкі ветрык з боку Цесіскага замка надыхае на шчырую размову. Усім гледачам, хто не разумее латышскай мовы, выдаюць навушнікі – падчас размовы наведвальнікі маюць магчымасць чуць пераклад дзякуючы кіраўніцы суполкі “FreeBelarus” Ілве Эвэртэ.
Дыскусія сапраўды атрымалася вельмі дабразычлівай і пазнавальнай. Акрамя Вольгі Гардзеевай у дыскусіі ўдзельнічалі Андрыс Гобіньш – прэзідэнт “Eiropas Kustības Latvijā” (Еўрапейскі рух у Латвіі) і вядомы латышскі гісторык Гатыс Круміньш. З беларускага боку таксама бралі ўдзел Алеся Лосева – беларуска, якая нарадзілася ў Латвіі, і школьнік Алесь Юрэвіч. Алесь не толькі выдатна валодае беларускай мовай, але таксама навучаецца другі год у латышскай школе і гаворыць па-латышску.
Коратка распавяду пра галоўныя тэзісы, якія прагучалі на фестывалі. Алеся Лосева выказала меркаванне, што быць беларусам сёння – гэта браць удзел у змаганні за вяртанне нашай гістарычнай спадчыны.
Для Андрыса Гобіньша галоўнае – гэта не тое, каб нацыі адчувалі прыналежнасць да нейкага строю ці арнаменту, а адчуванне сувязі са сваімі продкамі. Вольга Гардзеева шмат разважала пра тое, што для яе з’яўляецца Бацькаўшчынай, альбо “Tēvzeme” па-латышску. У абедзвюх мовах гэтыя словы словы азначаюць тое ж самае і гучаць аднолькава. Так і ў Вольгі: дзве краіны – дзве Радзімы. Напрыканцы Алесь Юрэвіч адзначыў, што беларусы ніколі ў поўным сэнсе не адчуюць Беларусь у Рызе ці ў Латвіі агулам. Але парадокс у тым, што гэтае пачуццё можа з’явіцца, калі мы збярэмся разам.
Дыскусія паміж 5 размоўцамі і вядучай трывала гадзіну, а пасля ўсе мелі магчымасць асабіста пазнаёміцца з удзельнікамі і выказаць сваю пашану падчас нефармальнай часткі сустрэчы. Надышоў час абеду, і ўсе на некалькі гадзін адышлі на дыскусіі, якія цікавілі ўжо асабіста кожнага. Наш сябра з Эстоніі Віталь Малчанаў выпадкова сустрэўся і пагутарыў з Крыш’янісам Карыньшам – Прэм’ер-міністрам Латвіі. Спадар Карыньш быў вельмі задаволены, што беларусы таксама актыўна ўдзельнічаюць у фестывалі і пажадаў усім нам поспеху!
Бліжэй да вечара беларусы згуртаваліся каля украінскага тэнту на пікнік, каб абмеркаваць праблемы і задачы дыяспары. І сустрэлі новаабранага прэзідэнта Латвіі – Эдгара Рынкевіча. Ён спяшаўся ўзяць удзел у арт-перфомансе, пра які праз некалькі гадзін напісалі ўсе СМІ Латвіі.
Да электрычкі ў Рыгу застаецца амаль дзве гадзіны. Можна паслухаць яшчэ некалькі дыскусій і адпачыць. Дадому я еду ў кампаніі разам з вядомай беларускай мастачкай Вольгай Якубоўскай і іншымі сябрамі, мы дзелімся ўражаннямі ад фестываля LAMPA і абмяркоўваем планы на лета.
Я вельмі раю ўсім паглядзець беларускую панельную дыскусію “Starp дранікіem un kartupeļu pankūkām: baltkrievu kopienas identitātes recepte”, калі яна з’явіцца на LTV, гэта адбудзецца падчас Калядных святаў. Зараз у мяне атрымліваецца невялікі перапынак ў сэнсе беларускіх імпрэз, і пачынаецца сапраўднае латышскае лета – хутка надыдзе свята Ліго і Свята спеваў і танцаў, новыя фесты і канцэрты, ў якіх я планую браць удзел. Ці стану я меньш беларусам, калі буду бліжэй знаёміцца з Латвіяй? Хіба так. Бо мы ўсе ўжо адчулі сабе часткай гэтай краіны. У Латвіі жыло шмат пакаленняў беларусаў яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага, і кожнае прынесла на гэтую зямлю нешта новае. Кім станем мы ў 21-ым стагоддзі ў Латвіі, па ўсім свеце? Пакажа час. А сёння я зычу ўсім чытачам нашай старонкі міру, яскравага лета, цудоўнага настрою.
Да сустрэчы ў наступным годзе ў Цэсісе!
Андрэй Татур, сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”
Здымкі Лаўры Цэлміні
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!