27 красавіка 2023 г. у Каміннай зале будынка АНКТЛ імя Іты Казакевіч адбылося адкрыццё выставы беларускай мастачкі Ганны Пэйпіні з паэтычнай назвай “Iмпульсы”.
З адкрыццём выставы мастачку віншавалі старшыня Аб’яднання мастакоў беларусаў Балтыі “Маю гонар” Васіль Малышчыц і старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Таццяна Казак. Ганна Пэйпіня з’яўляецца сябрам Саюза мастакоў Латвіі і аб’яднання “Маю гонар”, а таксама даўнім сябрам таварыства “Сьвітанак”.
Павіншаваць спадарыню Ганну прыйшлі таксама сябры і калегі, сямейнікі. Сюрпрызам для мастачкі стала віншаванне і кветкі ад яе былых вучняў майстар-класаў, якія даведаліся пра адкрыццё выставы сваёй настаўніцы з афішы фестывалю “Pavasara avots – 2023”. Прагучала шмат шчырых і добрых слоў на адрас мастачкі. Незвычайныя, самабытныя і часам эксперыментальныя творы Ганны Пэйпіні не пакінулі нікога абыякавым. Ганна Пэйпіня распавядала пра свае працы, пра творчыя задумкі і адказвала на пытанні гасцей.
На працягу ўсяго вечара ствараў утульнасць у зале спявак і музыкант Юрый Ціхаміраў. У ягоным рэпертуары ёсць і шэраг беларускіх песень.
Пад акампанемент Юрыя на радасць прысутным нават і сама Ганна праспявала сваю самую ўлюбёную беларускую народную песню “Зялёная вішня”.
Запрашаем ўсіх ахвотных наведаць выставу Ганны Пэйпіні, яе шыкоўныя ”Iмпульсы” можна пабачыць да 26 мая па адрасе вул. Слокас, 37 у Рызе. Уваход вольны.
Здымкі Васіля Малышчыца і Таццяны Казак
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!