Cамае галоўнае свята латвійскіх беларусаў – Дзень Волі традыцыйна адзначылі беларусы ў Рызе 25 сакавіка. Вялікая зала ў будынку Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі не змагла на гэты раз змясціць ўсіх, хто лічыць гэтую дату вельмі важнай для ўсіх беларусаў і таму прыйшоў ў Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. З моманту заснавання таварыства ў далёкім 1988 годзе гэтая дата абавязкова святкавалася штогод. Але ніколі раней не было ў зале і такой колькасці беларусаў і гасцей, і столькі выяў бел-чырвона-белых сцягоў. Бо сцены залы на гэты раз былі ўпрыгожаныя карцінамі Вольгі Якубоўскай, расквечанымі нашымі прыгожымі і ўрачыстымі бел-чырвона-белымі штандарамі. Менавіта да 25 сакавіка Вольга Якубоўская прымеркавала адкрыццё сваёй першай персанальнай выставы ў Рызе пад назвай “Малюю наша жыццё.”
Традыцыйна імпрэза распачалася сумесным выкананнем Дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, дабраславі Латвію”) і неафіцыйнага беларускага гімна “Магутны Божа”.
Прысутныя таксама ўшанавалі хвiлiнай маўчання дэпартаваных ахвяр савецкай акупацыі ў Латвii, бо 25 сакавiка ў Латвіі – афiцыйны жалобны дзень, а таксама загінулых змагароў за свабоду Беларусi i Украiны. На ўрачыстай частцы імпрэзы госцi i сябры “Сьвiтанка” сумесна змаглі ўбачыць відэазварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы з нагоды 105-х угодкаў абвяшчэння незалежнай БНР. У сваей прывітальнай прамове старшыня таварыства Таццяна Казак з радасцю адзначыла, што 25 сакавіка 2023 года атрымаўся сапраўдным ўрачыстым падвойным Днём Волі, маючы на ўвазе і саму назву свята і такое прыгожае імя гаспадыні выставы.
Са святам Дня Волi прысутных і з адкрыццём выставы Вольгу Якубоўскую віншавалі таксама вядучая імпрэзы Ганна Iванэ, шматгадовая дырэктарка беларускай школы ў Рызе, і Вячка Целеш, кавалер Ордэна Трох Зорак, кiраўнiк Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.
Ганаровымі гасцямі iмпрэзы былі вядомая беларуская паэтка Віка Трэнас і дэпутаткі Саэйма Латвіі Яна Сіманоўска і Лэйла Расіма. Кіраўнік Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесар музыкі Рафі Хараджанян ў сваёй віншавальнай прамове прывітаў шматлікіх новых наведвальнікаў і выказаў асабістае захапленне працамі Вольгі Якубоўскай. Ён адзначыў своеасаблівы і вельмі адметны творчы погляд мастачкі.
Імпрэзу сваімі спевамі вельмі ўпрыгожыў гурт “Дівчата”. Убраныя ў бел-чырвона-белыя строі, прыгажуні выканалі патрыятычныя ўкраінскія песні “Вольная воля” і “Ой у лузе чэрвона каліна”. А беларускую народную песню “Купалінка”, якую гурт выконваў упершыню, разам з імі спявала ўся зала.
Вольга Якубоўская павіншавала прысутных і шчыра падзякавала ўсіх, хто прыйшоў адзначыць свята і наведаць яе выставу. А яшчэ запрасіла ўсіх знаёміцца не толькі з карцінамі, але і таксама пазнаёміцца наведвальнікам імпрэзы паміж сабой. Трэба адзначыць, што многія беларусы Латвіі не толькі прыйшлі да нас упершыню, але прыехалі з розных куткоў Латвіі, а некаторыя – нават з Літвы.
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” выказвае шчырую падзяку Вользе Якубоўскай за прыгожыя і эмацыянальныя карціны, зробленую велізарную працу і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Спадзяемся, што гэтая першая яе выстава не будзе апошняй на Слокас 37. Творчасць Вольгi i яе адметны стыль выканання вельмі кранальныя і выклiкаюць шмат станоўчых эмоцых ў тых, хто іх бачыць, а таксама выклікаюць гонар за беларусаў i спадзеў на свабоду, штурхаюць да iмкнення да волi. Жадаем Вользе Якубоўскай плёну ў працы і творчага натхнення, а ўсім беларусам – сапраўднай Волі. Мы ўдзячныя кожнаму, хто ўзяў удзел у суботнім мерапрыемстве, і таксама запрашаем кожнага завітаць па адрасу Slokas 37 у Рызе, каб асабіста пазнаёміцца з усімі творамі Вольгі Якубоўскай. На выставе ў Вялiкай зале экспануюцца 25 карцiн серыi “Коцiкi Свабоды” з асабiстымi каментарамi мастачкі па гiсторыi iх напiсання. Казачнымi вобразамi адлюстраваны як трагiчныя, так i святочныя моманты сучаснасцi i гiсторыi Беларусi, якiя звяртаюць увагу i выклiкаюць iнтарэс i дарослых, i дзяцей. Некаторыя з прац выстаўленыя ўпершыню. У Камiннай зале размешчаныя iншыя працы мастачкi рознай тэматыкi i перыяду напiсання, у тым ліку шыкоўныя мастацкія карціны са скуры, якiя можна набыць па дамоўленасцi.
Каб браць удзел у новых імпрэзах, арганізаваных ЛТБК “Сьвітанак” і беларускай дыяспарай ў Латвіі, сачыце за навінамі на нашым сайце. Да новых сустрэч!
Андрэй Татур
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!