
Выставу “Малюю наша жыццё” сябра Аб’яднання мастакоў-беларусаў Латвіі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай можна наведаць з 25 сакавіка да 25 красавіка ў будынку Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч па адрасе вул. Слокас 37 ў Рызе. Экспазіцыя размешчаная ў дзвух залах: Вялікай і Каміннай. Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 25 сакавіка падчас святкавання 105-х угодкаў абвяшчэння БНР.
На выставе ў Вялiкай зале экспануюцца 25 карцiн серыi “Коцiкi Свабоды” з асабiстымi каментарамi мастачкі па гiсторыi iх напiсання. Казачнымi вобразамi адлюстраваны як трагiчныя, так i святочныя моманты сучаснасцi i гiсторыi Беларусi, якiя звяртаюць увагу i выклiкаюць iнтарэс i дарослых, i дзяцей. Некаторыя з прац выстаўленыя ўпершыню. У Камiннай зале размешчаныя iншыя працы мастачкi рознай тэматыкi i перыяду напiсання, у тым ліку шыкоўныя мастацкія карціны са скуры, якiя можна набыць па дамоўленасцi.
Адкрыццё выставы прайшло ў цёплай, сяброўскай i святочнай атмасферы. Кранальная творчасць Вольгi i асабiсты стыль выканання выклiкаюць слёзы радасцi i смутку, гонар за беларусаў i надзею на свабоду, штурхаюць да iмкнення да волi.







Сардэчна запрашаем па адрасе: Rīga, Slokas iela, 37
Час працы:
Пн-Пт з 10-00 да 18-00.
Наведванне лепш папярэдне ўзгадніць па тэлефонах, асабліва ў выходныя дні, бо ў залах могуць адбывацца імпрэзы. +37167613638; +37127024786.
Уваход вольны.

Вольга Якубоўская
Нарадзілася ў г. Сартавала, Карэлія.
У 1989 г. скончыла Кунгурскае мастацкае вучылішча (зараз – Кунгурскі мастацкі каледж – філіял Маскоўскай ГХПА імя Строганава), Пермскі край, у 2007 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (кафедра народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), г. Мінск, Беларусь.
Сябра Творчага Саюза мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
З 1989 г. жыла і працавала ў г. Наваполацку, Беларусь, займалася малюнкам, жывапісам, ілюстрацыяй, а таксама мастацкай апрацоўкай скуры.
У актыве Вольгі – дзясяткі сумесных і персанальных выстаў і сотні карцін у розных кутках свету – Латвіі, Германіі, Францыі, Нідэрландах, Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Японіі, Аўстраліі і іншых краінах. Вольга Якубоўская – аўтарка вядомай серыі карцін «Коцікі Свабоды», прысвечанай барацьбе народа Беларусі за свабоду і свае правы.
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!