22 мая 2022 года беларусы з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” ў Рызе зладзілі вечарыну памяці выдатнага латышскага паэта і перакладчыка Улдыса Бэрзыньша, які з моманту заснавання таварыства быў яго шчырым сябрам але, на жаль, заўчасна пайшоў у лепшы свет год таму 24 сакавіка.
Улдыс Бэрзыньш нарадзіўся 17 мая 1944 года ў Рызе. Паэта называюць рэфарматарам латышскай паэзіі, яго вершы па стылістыцы нагадваюць гутарку аўтара, эмацыйную і своеасаблівую філасофскую мову з чытачом.
Паліглот Улдыс Бэрзыньш пераклаў вершы на латышскую мову з турэцкай, азербайджанскай, персідскай, туркменскай, кітайскай і іншых моў. Ведаў ідыш, перакладаў кнігі са старажытнаяўрэйскай мовы «Псалтыр» (2005) і Біблію (2012). Пасля шматгадовай працы ў 2011 годзе выйшаў Каран у перакладзе У. Бэрзыньша. са старажытнаарабскай мовы на латышскую мову У. Бэрзыньша. Яго вельмі цікавілі скандынаўскія мовы, ён перакладаў ісландскія эпасы на латышскую. З багатым веданнем розных нацыянальных моў і перакладаў ён заўсёды імкнуўся расказаць свайму народу пра каштоўнасці сусветных літаратурных помнікаў. Гэта была тытанічная праца як у Рызе, так і праца з арыгінальнымі творамі ў краінах, дзе знаходзіліся гэтыя помнікі.
Улдыс Бэрзыньш свабодна валодаў рускай, украінскай, польскай і літоўскай мовамі. Ён таксама цікавіўся беларускай мовай і добра яе разумеў, перакладаў беларускіх паэтаў. У 2018 годзе Улдыс Бэрзыньш пераклаў на латышскую мову тры вершы Зянона Пазняка «Вечны рыцар», «Вечны вобраз» і «Полацак». У тым жа годзе ён пераклаў верш Алеся Салаўя «Мастак», прысвечаны беларускаму мастаку Пятру Мірановічу, для кнігі В. Целеша «Беларускія мастакі ў Латвіі 1920-1990». Яго даўнім, добрым сябрам быў вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў, які, як і сп. Улдыс, быў наватарам у беларускай паэзіі філасофскага зместу. Алесь Разанаў таксама перакладаў паэзію з моў розных народаў, у тым ліку з латышскай, ён пераклаў вельмі шмат вершаў Улдыса Бэрзыньша. Пад уплывам іх сяброўства У. Бэрзыньш напісаў у 1977 годзе верш “Poētisms baltkrievs” («Паэтызм беларус»), а ў 1984 годзе гэты верш даў назву другога па ліку зборніка паэзіі спадара Бэрзыньша.
Дзякуючы В. Целешу ўдзельнікам вечарыны памяці было цікава даведацца, што стварэнне нашага таварыства “Сьвітанак” адбылося пры ўдзеле сп. Бэрзыньша. Вячка Целеш распавёў, што яго знаёмства з спадаром Улдысам пачалося падчас «Атмоды», калі ўзнікла ідэя стварэння Беларускага культурнага таварыства і яму патрэбна была падтрымка прадстаўнікоў латышскай нацыянальнай культуры ў арганізацыі таварыства. 17 кастрычніка 1988 г. В. Целеш запрасіў латвійскую журналістку Айю Лацэ і паэта У. Бэрзыньша наведаць сваю мастацкую студыю. Падчас сустрэчы за кубкам кавы ішла дыскусія пра сытуацыю ў краіне, пра тое, як і дзе зьбіраць беларусаў у грамадзкія арганізацыі. Сустрэча была плённай, у лістападзе таго ж года было створана Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак». Падчас гэтай сустрэчы Улдыс Бэрзыньш падараваў В. Целешу сваю кнігу “Poētisms baltkrievs”. З таго часу і да апошніх дзён свайго жыцця выдатны латвійскі паэт Улдыс Бэрзыньш быў добрым сябрам беларусаў. Ён вельмі часта наведваў мерапрыемствы ЛТБК “Сьвітанак”. 17 мая 2014 года Улдыс Бэрзыньш адзначыў сваё 70-годдзе. У юбілей беларусы ў Беларусі і ў Рызе не забыліся пра свайго сябра. 24 мая 2014 г. адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Улдыса Бэрзыньша на беларускай мове «Caлаўі крычаць, я па-латышску…» («Lakstīgalas kliedz, es latviski …»). Паэзія У. Бэрзыньша была перакладзеная на беларускую мову паэтамі Алесем Разанавым і Андрэем Гуцавым. Дзякуючы падтрымцы Латвійскага Културкапіталфонда ЛТБК “Сьвітанак” мела магчымасць запрасіць на прэзентацыю сборніка вершаў на беларускай мове ў Рыгу перакладчыкаў. У дзень юбілею на прэзентацыі беларускамoўнага зборніка спадар Улдыс чытаў свае вершы па-латышску, а госці з Мінску – па-беларуску. Улдыс Бэрзыньш быў адным з латвійскіх паэтаў, хто з радасцю напісаў свой верш пра Свабоду, калі Радыё Свабода выдавала кнігу “Верш на Свабоду”.
Госць вечарыны памяці Раффі Хараджанян, старшыня праўлення АНКТЛ, прафесар музыкі падчас імпрэзы не толькі падзяліўся ўспамінамі пра Улдыса Бэрзыньша, але і прадставіў удзельнікам выдатны музычны падарунак – кампазіцыю Арама Хачатурана. У сваіх успамінах Р. Хараджанян таксама распавёў аб сумеснай працы з паэтам у Кансультатыўных Радах нацыянальных меншасцей пры некалькіх Прэзідэнтах Латвійскай Рэспублікі.
Падчас вечарыны памяці беларускія дзеці дэкламавалі паэзію У. Берзіньша на беларускай і латышскай мовах.
У сваёй прамове прадстаўніца Латвійскага Саюза палякаў латышская пісьменніца і перакладчыца Дагнія Дрэйка падзялілася ўспамінамі пра свайго калегу Улдыса Бэрзыньша і сумесную з ім працу, а таксама прачытала свае пераклады з беларускай мовы. Сп. Дагнія перакладала паэзію розных беларускіх аўтараў на латышскую мову. На вечарыне гучалі вершы Эдуарда Акуліна на мове арыгіналу ў выкананні сяброў ЛБКБ «Світанак», і пераклады спадарыні Дагніі Дрэйкі. Сябры ЛБКБ “Світанак” і госці вечарыны былі радыя знаёмству і сустрэчы з яшчэ адной прыхільніцай нашай паэзіі і перакладчыцай на латышскую мову.
У вечарыне памяці У. Бэрзыньша ўдзельнічаў і сын паэта Ансіс Атаолс Бэрзыньш, які не толькі распавёў пра свайго знакамітага бацьку на добрай беларускай мове, але і выканаў свае цудоўныя аўтарскія песні на латгальскай мове. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пераканацца, што ў вельмі таленавітага бацькі ёсць вельмі таленавіты сын. На вечарыне памяці Вячка Целеш падараваў Ансісу Бэрзыньшу арыгінальны малюнак экслібрыса яго бацькі.
Госць вечара памяці, прадстаўнік Армянскага культурнага таварыства, армянскі жывапісец Бабкен Стэпанян, вельмі шчыра расказаў пра сваё сяброўства з У. Бэрзыньшам і яго пераклады з армянскай мовы.
Наталля Камілеўская разам з актрысай Рыжскага ўкраінскага народнага тэатра Антрай Цэлітанэ выканала літаратурна-музычную кампазіцыю «Разважанні пра У. Бэрзыньша і Ўкраіну», у якой была прысвечана паэту і Украіне. У кампазіцыі гучалі паэзія У. Бэрзыньша, а таксама ўкраінскія і латышскія песні і музыка. Удзельнікі вечарыны згадалі хвілінай маўчання аб загінулых ва Украіне.
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!