19 сакавіка 2020 года пасля цяжкай і працяглай хваробы на 61-м годзе жыцця адышла ў лепшы свет наша шматгадовая сябра Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак” Таццяна Касуха – шчырая беларуска, журналістка, педагог, перакладчыца, мастацтвазнаўца, шматгадовая аўтар і вядучая беларускай перадачы на Латвійскім радыё 4.
Таццяна Касуха нарадзілася ў вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і вясковай інтэлегенцыі, на беразе славутага Князь-возера прайшлі яе дзіцячыя і школьныя гады, тут яна скончыла Чырвоненскую сярэднюю школу, пазней атрымала вышэйшую адукацыю на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала па прафесіі ў Беларусі, з 1990-га года – у Рызе па месцы жыхарства мужа.
Адразу пасля прыезду ў Латвію Таццяна прыйшла ў наша таварыства. З 1992 года яна брада ўдзел у адраджэнні беларускай адукацыі ў Латвіі. Спачатку вяла заняткі роднай мовы у мастацкай студыі “Вясёлка”, потым выкладала беларускую мову і літаратуру ў створанай таварыствам “Сьвiтанак” Беларускай нядзельнай школе. Вялікі ўнёсак яна зрабіла таксама ў заснаванне “Сьвiтанкам” Рыжскай Беларускай асноўнай школы ў 1994 годзе, была адной з першых яе настаўніц.
З 1993 года, амаль 30 гадоў Таццяна Касуха нязменна вяла перадачу “Сьвiтанак” для беларусаў Латвіі на LR4 – Домская плошча. Яе словы “Дабра, цяпла і згоды”, якія яна заўсёды зычыла беларусам напрыканцы кожнай перадачы дагэтуль памятаюць усе яе слухачы-беларусы, гэтыя словы сталі практычна беларускім устойлівым выразам сярод латвійскіх беларусаў.
Таццяна шмат ідэй, энергіі і сіл аддавала любімай справе, таварыству беларускай культуры “Сьвітанак”. Сапраўдная патрыётка сваёй Радзімы, для якой беларускасць – стан душы, свядомасці, яна была адной з ініцыятарак стварэння нашага сайту у 2002 годзе, была аўтарам шматлікіх матэрыялаў і шматгадовым рэдактарам сайту, заўсёды пісала пра працу таварыства і падзеі ў жыцці беларускай дыяспары Латвіі ў розныя беларускія СМІ. Таццяна была дэлегатам Першага з’езду беларусаў свету ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак”, брала ўдзел у працы яшчэ трох з’ездаў.
Сышоў чалавек светлай душы, добрага сэрца і высокай эрудыцыі…
“Сьвітанкаўцы” вельмі смуткуюць і выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім Таццяны.
Дабра, цяпла і згоды таксама зараз табе, наша любая Таццяначка, у лепшым свеце. Узносім за цябе, шчырую верніцу, свае малітвы, і верым, што Магутны Божа возьме тваю шчырую светлую беларускую душу да сябе на нябёсы...
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!