4 верасня 2020 г. адбылося адкрыццё юбілейнай выставы шматгадовага сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, былога старшыні нашага таварыства Васіля Малышчыца

Восень – шчодрая пара не толькі на ўраджай, але і на незвычайную прыгажосць прыроды: залатое лісце, прыцішаныя кветкі. Ідзеш вуліцамі любімага горада, захапляешся, не адводзіш вачэй і сам сабе адзначаеш: добра, што ёсць мастакі, якія могуць перанесці гэткую прыгажосць на свае палотны і падоўжыць яе жыццё.

Адным з такіх мастакоў-чараўнікоў з’яўляецца Васіль Малышчыц, аўтар персанальнай юбілейнай выставы “Мой родны кут”. Кажуць, што паказчык прызнання мастака, яго таленту і ўнёску ў культуру вымяраецца выставамі. Васіль выстаўляецца даволі часта, у тым ліку і са сваімі сябрамі з аб’яднання “Маю гонар”, але юбілейная выстава – гэта падзея асаблівая, бо яна нейкім чынам дае магчымасць асэнсаваць працу і жыццё і мастака, і чалавека за грунтоўны перыяд жыцця.

“Мой родны кут” – так назваў сваю выставу творца. У гэтай назве ўсё: і згадка пра сваю малую Радзіму (беларускае Палессе, вёска Спорава), і цішыня, і загадкавасць мясцовай прыроды, і таямнічасць балотных мясцін, і цеплыня бацькоўскай хаты. Менавіта замілаванасць роднай зямлёй, нейкае асаблівае адчуванне навакольнага свету падштурхнулі 15-гадовага хлопчыка ехаць вучыцца ў мастацкае вучылішча ў Бабруйск. Там ён набыў прафесію столяра. Гэта дае яму магчымасць і сёння плённа працаваць з дрэвам і займацца рэстаўрацыяй рэдкіх драўляных рэчаў, ствараць скульптуры. Але ўсё ж такі асаблівым клопатам і любоўю Васіля з’яўляецца жывапіс. У ім памяць аб продках, у ім прызнанне ў любові, у ім спадзяванне і надзея. Карціны творцы, можа немудрагелістыя, але сваёй чысціней, адкрытасцю, шчырай інтанацыяй даходзяць да глыбіні душы гледача, кранаюць сэрца. А вучыўся свайму мастэрству Малышчыц у Беларускім Дзяржаўным тэатральна – мастацкім інстытуце на факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яму пашанцавала, што талент дадзены яму Богам, быў падмацаваны вышэйшай адукацыяй. І пэўна, ёcць права сцвярджаць, што творы яго, выкананыя ў лепшых мастацкіх традыцыях, вылучаюцца дасканаласцю і актуальнасцю.

З 1996г. В.Малышчыц жыве і працуе ў Латвіі, якую лічыць сваёй другой Радзімай. І гэтай зямлі таксама належыць і сэрца, і талент мастака. Вось яна – Рыга, таямнічая, велічная, блізкая і далёкая пазірае на нас са сцяны.

Сярод святочнага тлуму выставы можа крыху складана падрабязней разгледзець і паланіцца творамі філасофскага накірунку, бо каб адчуць асаблівую асалоду раскрыцця аўтарскай таямніцы патрэбна застацца сам на сам з творам. Упэўнена, што і пазаўтра ў залю АНКTЛ, дзе святкуе сваё 60-цігоддзе спадар Малышчыц, абавязкова прыйдуць прыхільнікі яго таленту.

Дарагі Васіль, сардэчна віншуем цябе з юбілеем! Зычым моцнага здароўя і шчасця табе і ўсім тваім родным, а самае галоўнае – чысціні і выразнасці ліній, адухоўленасці і прыгажосці светасузірання ў мастацтве, несупыннага пошуку “Боскай і чалавечай стунасці”.

Ганна Іванэ

На здымках Лявона Маствілішскага:

Васіля Малышчыца віншуюць “Сьвітанкаўцы” і старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі Рафі Нараджанян

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

Ул. Караткевіч

 “Быў. Ёсць. Буду.” – назва літаратурнай выставы, прысвечанай творчасці Уладзіміра Караткевіча, якая была ўрачыста адкрыта ў жніўні гэтага года ў ЛТБК “Сьвітанак”. Патрэбна адзначыць, што 2020 год у Беларусі аб’яўлены годам Уладзіміра Караткевіча – пісьменніка, паэта, драматурга, кінасцэнарыста, асобы, якая не толькі заслугоўвае памяці народнай, але і глыбокага навуковага даследавання. Вялікую цікавасць да гэтага творцы маюць, у тым ліку, і сябры таварыства “Сьвітанак”. Напэўна таму, нягледзячы на летняе надвор’е, ды на паўсядзённыя клопаты cьвітанкаўцы  сабраліся ў будынку АНКTЛ, на святочную імпрэзу, каб адзначыць юбілей слыннага сына Беларусі і пагартаць старонкі жыцця і творчасці любімага пісьменніка.

Ул. Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Літаратуразнаўцы лічаць яго адным з самых яркіх і самабытных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя. Ім напісана мноства вершаў, аповесцей, раманаў, казак. Цяжка пераацаніць значэнне творчасці гэтага геніальнага пісьменніка  – гэта і сакавітасць мовы, і даследванне беларускага нацыянальнага характара, і гістарычны лёс народа, і захаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры. Пра ўсё гэта і разважалі cьвітанкаўцы і госьці ў час свята. На працягу ўсёй сустрэчы гучалі вершы, узгадваліся героі знакамітых твораў, а ўспаміны Вячкі Целеша пра асабістае знаёмства з паэтам асабліва ўсцешылі ўсіх прысутных на свяце.  Хораша ўпрыгожылі вечарыну і родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”, якім з задавальненнем кіруе Таісія Бачкарова, шчырая наша беларуска. Родная мова, песня, сцішаныя кветкі, а над усім гэтым шчаслівая ўсмешка Караткевіча, як сведак таго, што яго ідэі, яго вялікія праца па стварэнню праўдзівай гісторыі Беларусі – дало плён.

Cьвітанкаўцы шчыра ўдзячны старшыні таварыства спадарыні Таццяне Казак за ідэю ўшанаваць памяць вялікага пісьменніка і Дзяржаўнаму музею беларускай літаратуры за прадстаўленыя матэрыялы, дзякуючы якім можна паглыбіць свае веды пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Ганна Іванэ

На здымках Алены Ціхаміравай:

Вядучая літаратурнай імпрэзы Ганна Іванэ

Спявае Эльвіра Гамершмідтэ, за раялем – Наталля Камілеўская

Шаноўны госць імпрэзы – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі спадар Васіль Марковіч

Вячка Целеш чытае адрасаваны яму ліст ад Уладзіміра Караткевіча

Гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава

Удзельнікі юбілейнай вечарыны

Лета – пара найбагацейшая на разнастайнасць колераў і пахаў, гукаў і ўражанняў, сустрэч і мараў. І вельмі радасна, што ў “вянок” рыжскага лета беларускай кветкай уплялася незабыўная імпрэза ў гонар 70-гадовага юбілею мастачкі Надзеі Ізянёвай, якая адбылася 1 жніўня ў доме-музеі Мэнцэрдорфа.

Надзея нарадзілася ў Беларусі, у мястэчку Шаркаўшчына, на Віцебшчыне. Скончыўшы с залатым медалём сярэднюю школу, стала студэнткай педагагічнага інстытута мастацка-графічнага факультэта. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1967 года. Лёс мастачкі склаўся так, што яна шмат год жыла спачатку ў Польшчы, затым у Прымор’і. І, як сцвярджае сама Надзея, што “дзе б ні прыходзілася жыць і працаваць, побач было самае галоўнае – мастацтва. Яно – натхненне, яно – жыццё, яно мора, боль і спадзяванне”.

З 1971 года Надзея жыве і працуе ў Латвіі, якую вельмі любіць, лічыць сваёй другой Радзімай. У сувязі з гэтым хочацца адзначыць, што менавіта незвычайнай цеплынёй і любасцю да латвійскай зямлі свецяцца яе палотны. Магчыма жаданне падзяліцца сваім талентам, сваімі ўражаннямі, сваімі марамі і прывяло мастачку да адзінадумцаў, якія з’яўляюцца сябрамі таварыства мастакоў “Маю гонар”, якія ў бальшыні сваёй таксама жывуць і працуюць у Латвіі. І сёння ў гэты святочны момант яны побач з ёю. Каму як ні Вячку Целешу ды Васілю Малашчыцу не разумець, якой працай, якім намаганнем, талентам, болем, а часам і расчараваннем выпісаны кожны твор.

Радзіма… У гэтым слове увасабляецца так многа для кожнага чалавека, а тым больш для таго, хто адарваны ад яе. Дзякуй, Надзея, за тое, што латвійскія беларусы на хвіліначку адчулі сябе сярод тваіх незабыўных пейзажаў на сваёй роднай зямлі. Вунь недзе хаваецца ў лясным гушчары сцяжынка, а там бруіцца чыстая крыніца, ды здаецца вось-вось “пырсне” мак. І кожны шукае сваё, роднае, незабыўнае…

У сваёй творчасці Надзея не баіцца быць ні занадта даверлівай, ні безагляднай, ні адкрытай. Яна не баіцца паўтараць нейкую адну тэму – паўтараць сябе. І ўсё дзеля адной – адзінай мэты: паказаць у фарбах праўду, у якую паверылі б гледачы. А паверыўшы, сталі б крыху дабрэйшымі, прыгажэйшымі, больш чалавечнымі.

Нейкія вельмі добрыя зоркі свецяць мастачцы, цёплыя дажджы абмываюць любімыя ландшафты, і ўся зямля барвовымі, залатымі, зялёнымі, бялюткімі дыванамі гасцінна расцілаецца перад ёй.

Жывапіс – гэта ўсе сілы, час, душа, усе гукі і пахі свету, трапятлівасць, пяшчота, хваляванне і неспакой, чаканне і здзіўленне. І вялікае шчасце, калі жывапісец можа падзяліць сваё светаадчуванне з сябрамі, з блізкімі духоўна людзьмі.  Надзеі пашанцавала і на гэта. Сёння побач з ёю любімы музычны гурт “Вытокі”, у складзе якога яна спявае. Хораша, што выстава беларускай мастачкі аздоблена і беларускай песняй, і беларускім словам. І сапраўды, здаецца, што да Радзімы вельмі блізка.

Без мастацтва жыццё было б цмяным і сумным, і таму мы схіляемся перад мастаком і кажам “Дзякуй” – за падораную прыгажосць, за сонца, за лясную сцежку, блакіт неба, спякоту летняга дня, пырскі марскіх хваляў, за ўсе тыя чароўныя фарбы, якімі свецяцца яе зіхатлівыя палотны.

Ганна Іванэ

19 сакавіка 2020 года пасля цяжкай і працяглай хваробы на 61-м годзе жыцця адышла ў лепшы свет наша шматгадовая сябра Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак” Таццяна Касуха – шчырая беларуска, журналістка, педагог, перакладчыца, мастацтвазнаўца, шматгадовая аўтар і вядучая беларускай перадачы на ​​Латвійскім радыё 4.

Таццяна Касуха нарадзілася ў вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і вясковай інтэлегенцыі, на беразе славутага Князь-возера прайшлі яе дзіцячыя і школьныя гады, тут яна скончыла Чырвоненскую сярэднюю школу, пазней атрымала вышэйшую адукацыю на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала па прафесіі ў Беларусі, з 1990-га года – у Рызе па месцы жыхарства мужа.

Адразу пасля прыезду ў Латвію Таццяна прыйшла ў наша таварыства. З 1992 года яна брада ўдзел у адраджэнні беларускай адукацыі ў Латвіі. Спачатку вяла заняткі роднай мовы у мастацкай студыі “Вясёлка”, потым выкладала беларускую мову і літаратуру ў створанай таварыствам “Сьвiтанак” Беларускай нядзельнай школе. Вялікі ўнёсак яна зрабіла таксама ў заснаванне “Сьвiтанкам” Рыжскай Беларускай асноўнай школы ў 1994 годзе, была адной з першых яе настаўніц.

З 1993 года, амаль 30 гадоў Таццяна Касуха нязменна вяла перадачу “Сьвiтанак” для беларусаў Латвіі на LR4 – Домская плошча. Яе словы “Дабра, цяпла і згоды”, якія яна заўсёды зычыла беларусам напрыканцы кожнай перадачы дагэтуль памятаюць усе яе слухачы-беларусы, гэтыя словы сталі практычна беларускім устойлівым выразам сярод латвійскіх беларусаў.

Таццяна шмат ідэй, энергіі і сіл аддавала любімай справе, таварыству беларускай культуры “Сьвітанак”. Сапраўдная патрыётка сваёй Радзімы, для якой беларускасць – стан душы, свядомасці, яна была адной з ініцыятарак стварэння нашага сайту у 2002 годзе, была аўтарам шматлікіх матэрыялаў і шматгадовым рэдактарам сайту, заўсёды пісала пра працу таварыства і падзеі ў жыцці беларускай дыяспары Латвіі ў розныя беларускія СМІ. Таццяна была дэлегатам Першага з’езду беларусаў свету ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак”, брала ўдзел у працы яшчэ трох з’ездаў.

Сышоў чалавек светлай душы, добрага сэрца і высокай эрудыцыі…

“Сьвітанкаўцы” вельмі смуткуюць і выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім Таццяны.

Дабра, цяпла і згоды таксама зараз табе, наша любая Таццяначка, у лепшым свеце. Узносім за цябе, шчырую верніцу, свае малітвы, і верым, што Магутны Божа возьме тваю шчырую светлую беларускую душу да сябе на нябёсы...