27 снежня 2017, 17:29
У сталіцы Латвіі Рызе святкавалі і 500-годдзе ад нараджэння Францішка Скарыны, і 500-годдзе ад пачатку яго пражскага кнігадрукавання. “Выдатны ўрач і дзеяч беларускай культуры…” –такімі словамі пачынаўся подпіс пад партрэтам полацкага генія, які стварыў латышскі мастак Талывалдзіс Страўтманіс для Музея гісторыі медыцыны імя Паўла Страдыня. Увосень 1976 г. мне дапамаглі сфатаграфаваць гэты партрэт: перанеслі з залы № 19 на прыступкі будынка.
А ў снежні 1990 г. у гэтым “скарынаўскім” Музеі сустракаў беларускую дэлегацыю сын прафесара Паўла Страдыня – акадэмік Яніс Страдыньш. На тым ушанаванні з В. Чамярыцкім, А. Лецкам быў рыжанін Вячка Целеш, чый партрэт Скарыны сябраваў над сцэнай з бел-чырвона-белым сцягам ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Подпіс пад гэтым дасканалым партрэтам таксама адпавядаў узнёсласці свята: “У лекарскіх навуках доктар Ф. Скарына”.
З удзячнасцю згадваецца і яшчэ адна цудоўная праца Вячкі Целеша, дзе ён паказаў “першыя крокі ў свет” яшчэ юнага Францішка. Згодны я з творчымі спадзевамі мастака Вячкі , што будучы лекар і друкар наведваў Рыгу разам з бацькам Лукой, які меў там сваю “кантору”, у якой служыў пляменнік Раман Скарына. Ганзейскі гандлёвы і палітычны саюз, да якога быў далучаны і Полацак, спрыяў іх стасункам. Нездарма ў канцэртнай зале рыжскай філармоніі, былым Мюнстэрскім зале Вялікай гільдыі, сярод гербаў гарадоў свету, з якімі гандлявала Рыга, і сёння можна ўбачыць такі знак — над трызубавай каронай надпіс: “Контора в Полоцке”.
1000 гадоў таму Рыга дабраславіла вялікі гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”, які злучыў рыжскі Крэўскі двор з Крэўсгорадам (Крэйцбургам-Крустпілсам), Дрысенскім замкам, полацкія харомы з віцебскімі, смаленскімі… У 1453 г. у Рызе была ўзведзена царква св. Мікалая, апекуна падарожнікаў, купцоў. Згадваецца Крэўскі канец ад царквы Якуба-брукаванка крывічоў, якіх пазней пачалі называць балткрэвамі.
Ох, вернемся да 85-гадовай даўнасці. А дапаможа даўні фотаздымак, на якім прачытваюцца такія словы:”Рыская д-ра Францішкі Скарыны Беларуская гімназія Т-ва беларускіх вучыцялёў. І вып. 1932-33 нав. гады. Партрэты настаўнікаў на вуліцы Віцебскай, 24 пазначаны подпісамі. Учытваюся: А. Радзько, К. Езавітаў, С. Сіцько, Ф. Клагіш, Я. Клагіш, П. Мірановіч, П. Масальскі, А. Кастылюк, К. Мяжэцкі…
Сёлета Скарына “пасяліўся” у Рызе ў выглядзе шыкоўных юбілейных падарункавых выданняў. Мінск быў шчодры. Будзем спадзявацца, што “прысутнасць” Скарыны і яго Бібліі ў Латвіі будзе рознымі спосабамі напаўняцца.
На здымку: партрэт Ф. Скарыны ў Музеі гісторыі медыцыны, створаны Талывалдзісам Страўтманісам (6.ХІ.1922-17.ІХ.1995). Фота С. Панізьніка пры дапамозе супрацоўніцы музея Ліліі Ксенафонтавай.. 13.Х.1976 г.
З паклонам – кавалер ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі
Сяргей Панізьнік
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!