2017 год у Беларусі і па за яе межамі шырока адзначаўся як 500-ыя ўгодкі з моманту выдання ў Празе Францыскам Скарынам друкаванай Бібліі на беларускай мове. „500-ГОДНАСЦЬ” – пад такім дэвізам ладзіліся па ўсяму свету і ў гарадах, пасёлках і вёсках нашай Радзімы шматлікія імпрэзы. Не засталіся ў баку і ад такой даты і сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак”. Хоць і са спазненнем, напрыканцы года, 2 снежня адзначылі ў Рызе пяцівекавы юбілей беларускага кнігадруку. Але затое, што нячаста апошнім часам у нас бывае, з удзелам запрошанага госця з Беларусі – краязнаўцы, публіцыста, літаратурнага крытыка і выдаўца Міхася Казлоўскага.
Спадар Міхась, бібліяфіл, як ён сябе называе, зусім не выпадкова ўжо другі раз на працягу некалькіх гадоў наведвае па запрашэнні „сьвітанкаўцаў” Рыгу. Апошнім часам ён вельмі значную частку сваіх сіл і часу аддае на адраджэнне амаль забытых, малавядомых шырокаму колу беларусаў імёнаў беларускіх літаратараў Латвіі міжваеннага перыяду 20-га стагоддзя. Як ён распавядаў сябрам таварыства і гасцям імпрэзы, заахвоціў гэтай тэматыкай яго адзін cа стваральнікаў таварыства „Сьвітанак” паэт Сяргей Панізнік, з якім разам яны падрыхтавалі да выдання першую кнігу геніяльнага, на погляд спадара Міхася, беларускага пісьменніка з Латвіі Віктара Вальтара “Выбраныя творы”. Пасля ў 2015 г. ім была выдадзена кніга „Вольга Сахарава. Сяргей Сахараў “Выбраныя творы” і шэраг іншых. Спадар Міхась вельмі цікава распавядаў пра Францыска Скарыну, а таксама прэзентаваў на свяце дзве новыя выдадзеныя ім кнігі: „Пятро Сакол. Валянціна Казлоўская. “Выбраныя творы”. (2016 г.) і “Крывіцкія руны” Выпуск ІІ. 2017 г. укладанне, прадмова і каментары Міхася Казлоўскага і Сяргея Панізніка.
Да свята сябры таварыства падрыхтавалі невялікую выставу кніг, прысвечаных нашаму славутаму кнігадрукару. 9-ці гадовы Мікола Казак распавёў прысутным, што Францыск Скарына ўшанаваны нават у далёкай Італіі, дзе ў Падуі, на сцяне побач з партрэтамі Галілея ды іншых вядомых вучоных вісіць і партрэт нашага славутага земляка. Імя Скарыны гучала з вуснаў шматлікіх выступоўцаў, у тым ліку дзяцей, што чыталі па-беларуску вершы, прысвечаныя першаму беларускаму кнігадрукару. Прыемна, што не абмінуў увагай нашу імпрэзу Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі спадар Аляксей Васількоў. А беларусы з’ехаліся на свята з усёй Латвіі, не толькі з Рыгі, але з Тукумса і нават з Цэсіса.
Імя Скарыны прагучала на свяце яшчэ з адной вельмі прыемнай для усіх прысутных нагоды. З вялікай радасцю мы даведаліся, што напярэдадні святкавання Указам прэзідэнта Беларусі медалём Францыска Скарыны была ўзнагароджана шматгадовая дырэктарка Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ. І хоць медаль на той момант яшчэ не даехаў да Латвіі, „сьвітанкаўцы” былі першымі, хто публічна павіншаваў свайго шматгадовага сябра Рады „Сьвітанка” з такой высокай і заслужанай узнагародай. Таксама сябры таварыства павіншавалі з 91-мі ўгодкамі найстарэйшага свайго сябра – доктарку фізічных навук Натальлю Пятроўну Цімаховіч. Астатнім беларусам трэба браць прыклад з Натaльлі Пятроўны, якая, не гледзячы на такі шаноўны ўзрост, цікавіцца беларускімі справамі і наведвае імпрэзы. Тры гадзіны праляцелі незаўважна, настолькі цікавай і прыемнай была сустрэча. Зала была захопленая расповедам госця з Беларусі, а таксама беларускімі песнямі ў выкананні гурта „Вытокі”.
Пасля імпрэзы некаторым латвійскім беларусам пашчасціла стаць уладальнікамі рэдкіх, дыхтоўна выдадзеных невялікімі тыражамі намаганнямі спадара Міхася Чарняўскага кніг. Ганне Уладзіславаўне Іванэ з нагоды узнагароды медалём Ф. Скарыны спадар Міхась падараваў некалькі кніг, у тым ліку сборнік твораў агульных іх землякоў – аўтараў з Маладзечна. Аўтарка гэтых радкоў „праглынула” раман вышэйзгаданага Віктара Вальтара „Народжаныя пад сатурнам” у тую ж ноч 2 снежня, пасля сканчэння імпрэзы. Падзеі рамана, фактычна аўтабіяграфічнага, адбываюцца ў міжваеннай Празе, дзе галоўны герой, студэнт-беларус атрымаў стыпендыю на навучанне ў Пражскім універсітэце ад чэшскага ўраду.
Пасля урачыстай часткі, за традыцыйным святочным сталом вырашылі, што варта збірацца часцей ды азначыць Каляды і Новы год 13 студзеня 2018 года. Шаноўныя латвійскія беларусы, сачыце, калі ласка, за абвесткамі на сайце таварыства „Сьвітанак”.
Латвійскае таварыства беларускай культуры „Сьвітанак” выказвае шчырую падзяку Міністэству культуры Латвіі за фінансавую падтрымку імпрэзы з удзелам ў святкаванні госця з Беларусі.
Прыклад чыстай любові,
якой не скарылі, даў Скарына…
Праз пяць мімалётных вякоў
у праслаўленым Полацку,
мовай Скарыны
уваскрошаны з праху,
спаткаемся зноў…
Таццяна Казак,
сябра Рады ЛТБК „Сьвітанак”
На здымках:
Выстава кніг, прысвечаных Францыску Скарыне
Традыцыйна гучыць “Магутны Божа”
Госць з Беларусі Міхась Казлоўскі
Пра першага беларускага кнігадрукара распавядае Вячка Целеш
Беларускія песні спявае гурт “Вытокі”
Верш чытае 5-ці гадовая Сафія Улманэ
Мікола Казак чытае верш Д. Бічэль-Загнетавай “Словам Скарыны”
Доктар фізічных навук Натальля Пятроўна Цімаховіч
Прамаўляе дырэтар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ
29 снежня медаль Францыска Скарыны быў уручаны Ганне Іванэ ў МЗС Беларусі ў Мінску.
Leave a Reply
Want to join the discussion?Feel free to contribute!