09 лютага 2015, 16:05

17 студзеня 2015 г. Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы ўрачыста адзначыла свой 20-гадовы юбілей.

20 гадоў – гэта многа ці мала для школы? Для чалавека – гэта такі кавалак часу, за які немаўля вырастае ў дарослую асобу. Беларуская школа таксама за гэты час вырасла з маленькага першага беларускага класа ў далёкім 1994-м годзе ў сапраўдную сучасную школу, якая з гонарам носіць імя нашага славутага Янкі Купалы. Час станаўлення школы не быў лёгкім. Гэта падчас юбілейнай імпрэзы некалькі разоў падкрэслівалі і вядоўца вечарыны дырэктар Ганна Ўладзіславаўна Іванэ, і заснавальнікі школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, і нават госці. Школа за гэтыя 20 гадоў мусіла змяніць 4 адрасы, з кожным пераездам губляла дзяцей, але, негледзячы на ўсе цяжкасці, дзякуючы апантанасці кіраўнікоў, калектыву настаўнікаў і бацькоў, а таксама дапамозе беларускіх мецэнатаў, зараз наша беларуская школа плённай працай заслужыла павагу і высокі рэйтынг сярод іншых асноўных школ Рыгі. Адбылося ўжо 12 выпускаў школы, зараз у 9 класах навучаецца больш за 150 дзяцей, і іх колькасць увесь час павялічваецца.

Усе, хто прыйшоў на свята, змаглі пабачыць слайд-шоў з фотаздымкаў школьнага жыцця на працягу ўсіх 20-ці гадоў з каментарамі дырэктара школы Ганны Іванэ. Паколькі выпадковых людзей на свяце не было, у кожнага прысутнага прагляд гэтых здымкаў выклікаў свае асабістыя асацыяцыі ды эмоцыі. Ганна Ўладзіславаўна Іванэ прыйшла ў школу працаваць маладой настаўніцай, калі адчыніўся другі клас, 19 гадоў таму, 14 гадоў яна ўжо ўзначальвае школу. Таму ўвесь нялёгкі шлях станаўлення і сталення школы – гэта яе шлях, пройдзены зразам са сваёй школай. Падчас святочнай імпрэзы некалькі разоў бацькі вучняў беларускай школы пачулі падзяку ад яе, дырэктара, за тое, што прывялі дзяцей менавіта ў беларускую школу. Асаблівую падзяку Ганна Ўладзіславаўна выказвала менавіта бацькам тых першых вучняў, якія калісьці паверылі ў школу і аддалі туды сваіх дзяцей. Гэта зараз, калі ёсць прыгожы будынак, вялікія светлыя класы, матэрыяльная база, нават музей Янкі Купалы ў школе, аддаць дзіця ў беларускую школу проста. А тады, 20 гадоў таму, усё было інакш. Я таксама вельмі добра памятаю, як нам, бацькам разам з настаўнікамі, трэба было самім клеіць шпалеры ды рабіць іншыя рамонтныя працы ў маленькіх памяшканнях у дзіцячым садку, дзе мы атрымалі для 1-га і 2-га класаў пакойчыкі. І таму гэтыя словы падзякі ад шчырай беларускі Ганны Іванэ сапраўды кранулі сэрца.

Школьны вакальны гурт “Вавёрачка” ў сваім ужо пятым за 20 гадоў складзе пад нязменным кіраўніцтвам прыгажуні Натальлі Дзірвук прывітаў гасцей цудоўнымі беларускімі песнямі. А гасцей на святкаванне юбілею нашай беларускай школы ў Рызе сабралася вельмі шмат. З Беларусі з віншаваннямі і падарункамі прыехалі прадстаўнікі Міністэства адукацыі Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам міністра сп. Сяргеем Рудым. Радзіму таксама прадстаўлялі Пасол РБ у Латвіі сп. Марына Далгаполава, Саветнік-пасланнік Яраслаў Міцкевіч і Першы сакратар Аляксандр Сушкевіч, а былы Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка даслаў сваё асабістае віншаванне. Таксама павіншавалі школу Грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” з Мінска, Беларускае таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса, а Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, акрамя цёплых слоў, даслала па пошце школе ў падарунак з Беларусі прыгожы гадзіннік.

Прагучалі на юбілейнай імпрэзе таксама віншаванні і пажаданні ад Міністра адукацыі Латвіі і кіраўніцтва Дэпартаменту культуры, адукацыі і спорту Рыжскай думы. Апрача падарункаў школе і слоў падзякі за плённую працу, дырэктар школы Ганна Іванэ і настаўнікі атрымалі ад Дэпартамента і Міністэрства адукацыі ўзнагароды.

Заснавальнікі Рыжскай Беларускай асноўнай школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” сярод іншых сваіх падарункаў зрабілі адзін вельмі сімвалічны – партрэт латвійскага беларускага асветніка-педагога і фалькларыста Сяргея Сахарава. Гэтым яны падкрэслілі пераемнасць паміж C. Сахаравым – тым, хто амаль стагоддзе таму кіраваў спачатку беларускай гімназіяй, а пазней аддзелам беларускіх школ (а іх тады было каля 50-ці) у Дэпартаменце адукацыі Латвіі і сённяшнімі рупліўцамі захавання беларускасці ў нашай краіне. У сваім віншавальным слове адзін з ініцыятараў стварэння школы і першы яе дырэктар сп. Вячка Целеш падкрэсліў, што тады, у далёкім цяпер ужо 1994-м годзе, “сьвітанкаўцы” не першымі адчынялі беларускую школу ў Латвіі, а аднаўлялі слаўныя традыцыі беларускай адукацыі ў Латвіі 20-х – 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І таму партрэт вялікага беларускага асветніка Латвіі павінен абавязкова знаходзіцца ў Рыжскай Беларускай школе побач з партрэтамі Купалы і Коласа. Сімвалічнымі былі таксама віншаванні і пажаданні сябраў таварыства “Сьвітанак” – унучкі Сяргея Сахарава Нонны Ахметуллаевай, адной з першых настаўніц першага беларускага класа – настаўніцы музыкі Натальлі Камілеўскай і аднаго з наймалодшых “сьвітанкаўцаў” дашкольніка Міколкі Казака, які ў якасці музычнага падарунка выканаў песню “Магутны Божа”.

Музычныя падарункі прысутныя на юбілеі атрымалі таксама ад Саюза беларусаў Латвіі і таварыства “Прамень” – беларускія песні ў выкананні ансамбля “Надзея”. А беларускі вакальны гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава, які месяц таму таксама адзначыў свой першы юбілей, не толькі парадаваў падарункам – шчырым, вельмі эмацыянальным выкананнем песень на роднай мове, але і гэтак жа вельмі шчыра дзякаваў дырэктара школы Ганну Іванэ за дапамогу ў стварэнні яшчэ адной беларускай “адзінкі” ў Латвіі. Бо менавіта ў памяшканнях школы Ганна Ўладзіславаўна „прытуліла” спевакоў-аматараў і дазволіла збірацца на рэпетыцыі адразу пасля стварэння “Вытокаў” 5 гадоў таму.

Госці і гаспадары святочнай імпрэзы вельмі сардэчна віталі тых беларусаў, што знаходзілі магчымасць матэрыяльна падтрымліваць школу. На юбілей прыйшлі беларускія прадпрымальнікі Васіль Зайцаў і Дзмітрый Кабановіч, сын вядомага беларускага мецэната Янкі Кабановіча, які, на жаль, заўчасна пайшоў у лепшы свет тры гады таму. Светлай памяці спадар Янка дапамагаў беларускай школе ў Рызе з моманту яе стварэння. У тыя нялёгкія часы ў 90-х, акрамя фінансавай дапамогі на святы, экскурсіі, калядныя падарункі ды гаспадарчыя патрэбы, аплочваў настаўнікам выкладанне ў падрыхтоўчай групе, а дзецям – кошт школьных абедаў. А калі пачаліся выпускныя ў дзевяцікласнікаў, заўсёды асабіста прыходзіў на святы апошняга званка ці выпускныя балі з падарункамі для выпускнікоў, абавязкова патрыятычнымі, накшталт кніг Уладзімера Арлова „10 вякоў гісторыі Беларусі”, “Адкуль наш род”. Зараз Дзмітрый Кабановіч працягвае высакародную справу свайго бацькі.

На святкаванні 20-х угодкаў заснавання беларускай школы ў Рызе неаднойчы гучала пажаданне, што ўжо надыйшоў час, каб нарэшце паўстала наша Беларуская гімназія. Школа за 20 гадоў свайго паспяховага існавання даказала, што яна патрэбная беларусам у Рызе. І таму будзем спадзявацца, што калектыў школы і бацькі сённяшніх вучняў, заснавальнікі школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, дыпламаты Амбасады Беларусі ў Латвіі, супрацоўнікі Міністэрстваў адукацыі і Латвіі, і Беларусі, Дэпартаменту адукацыі Рыжскай думы, а таксама прадстаўнікі беларускай супольнасці ў Латвіі прыкладуць усе намаганні, каб пажаданне гэтае ў хуткім часе нарэшце спраўдзілася.

Таццяна Казак,

сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, маці выпускнікоў школы першага і чацвёртага выпускаў

На здымках Людмілы Яновіч:

-

Дырэктар школы Ганна Іванэ

-

Госць з Мінска намеснік Міністра адукацыі РБ Сяргей Руды
-

Віншуе Пасол Беларусі ў ЛР Марына Далгаполава


-

Ганаровыя граматы настаўнікам

-

Спявае школьны вакальны гурт “Вавёрачка”

-

-

-

Першы дырэктар  школы Вячка Целеш з партрэтам Сяргея Сахарава

-

 Віншаванне заснавальнікаў школы – сябраў  ЛТБК   “Сьвітанак”
 

-

Віншуюць беларускія фундатары школы – Васіль Зайцаў і Дзмітрый Кабановіч

-


-

Беларускі гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава

0 replies

Leave a Reply

Want to join the discussion?
Feel free to contribute!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *