-
Ганна Іванэ, дырэктар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы, ушанавана медалём Францыска Скарыны.
У адпаведнасці з указам Прэзідэнта Беларусі, Ганна Іванэ ўзнагароджана за асабісты ўклад у развіццё адукацыі на беларускай мове, захаванне культурнай спадчыны беларускага народа ў Латвіі. Яна стаяла ля вытокаў школы, якая цяпер – адзіная навучальная ўстанова ў Латвіі з выкладаннем беларускай мовы і літаратуры.
У школе створаны дзіцячы ансамбль “Вавёрачка”, музей, працуюць гурткі. Вучні штогод ездзяць на экскурсіі ў рэгіёны Беларусі.

Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” шчыра віншуюць нашу вельмі шаноўную Ганну Ўладзіславаўну, шматгадовага сябра Рады таварыства з заслужанай высокай узнагародай і жадаюць надалей здароўя ды поспехаў у яе высакароднай працы! 

22 кастрычніка 2015, 10:06

У прыканцы верасня ў Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта ў Рызе адкрылася выстава ” Балтыя вачамі беларусаў” латвійскай суполкі Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.

Гэта выстава не была запланавана загадзей, як гэта звычайна робіцца, бо ўсе галерэі, музеі і выставачныя залі складаюць планы за год і нават за два да адкрыцця выставы. Аднак дзякуючы цудоўнаму і спагадліваму дырэктару Акадэмічнай бібліятэкі спадарыні Вэнты Коцэрэ, якая змагла знайсці для беларускіх мастакоў вакенца ў сваім плане, 25 верасня выстава нашага аб’яднання пачала сваю працу ў выставачнай галярэі бібліятэкі. Дарэчы, гэтае ўтульнае месца для сустрэч, прэзентацый і розных выстаў ужо не раз выкарыстоўвалі рыжскія беларусы і беларусы з самой Беларусі. У гэтым заслуга таксама і Беларускага інфармацыйнага цэнтра, які месціцца ў будынку бібліятэкі ды яго кіраўніка Уладзіслава Рэдзькіна.

Свае творы ў тэхніках жывапісу, акварэлі, станкавай графікі, малюнка, баціка, рэльефнай рэзьбы па дрэву паказалі дзесяць мастакоў суполкі . Гэта пейзажы Аліны Літвіненкі, Ганны Пейпіні, Алены Лаўрыновіч, Надзеі Ізенёвай, Галіны Жэлабоўскай, Алены Раманенкі, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай і нацюрморты Анатоля Ермаковіча, Вячкі Целеша і Васіля Малышчыца.

Восень заўсёды багата кветкамі і нашыя мастакі атрымлівалі іх, разам з віншаваннямі, ад дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганны Іванэ, старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч і яе маленькай дачушкі Сафійкі.

На адкрыццё выставы сабраліся не толькі мясцовыя беларусы, але і латышы, прадстаўнікі іншых нацыянальных меньшасцяў. Віншаванне мастакам ад пасла Беларусі ў Латвійскай Рэспубліцы спадарыні Марыны Даўгаполавай зачытаў Першы сакратар амбасады Яраслаў Міцкевіч.

Віншавалі беларускіх мастакоў Старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, прадстаўнік армянскай дыяспары прафесар Раффі Хараджаннян, старшыня Латвійскага грузінскага таварыства Нугзар Мдзінарышвілі і інш.

Адкрыццё выставы прыпала на пару бабінага лета, на першыя подыхі залатой восені, якая сваімі колерамі ўжо пачала ўпрыгожваць вуліцы, паркі і душы рыжан, ну а беларускі мастакі да гэтых колераў дадалі і фарбы сваіх прац.

Пакуль з гэта выставай будуць знаеміцца жыхары і госці нашай сталіцы, другая экспазіцыя беларускіх мастакоў “Маю гонар”адчыніцца ў кастрычніку ў горадзе Краславе, што знаходзіцца ў Латгальскім рэгіоне непадалёку ад мяжы з Беларуссю.

У наступным годзе аб’яднанне будзе адзначаць свой 25- гадовы юбілей і плануюцца выставы не толькі ў Рызе, але і ў іншых рэгіонах Латвіі. Cелятнія выставы – гэта восеньскія крокі да будучага юбілею, які мы будзем адзначаць у студзені 2016 года.

Старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вячка Целеш

На здымках:

-

Удзельнікаў імпрэзы вітае дырэктар Латвійскай акадэмічнай універсітэтскай бібліятэкі Вэнта Коцэрэ

-
-

Кветкі  мастакам ад старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч 

-

Прывітальнае слова старшыні АНКТЛ імя Іты Казакевіч, прафесара Латвійскай музычнай акадэміі Раффі Хараджаняна

09 лютага 2015, 16:05

17 студзеня 2015 г. Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы ўрачыста адзначыла свой 20-гадовы юбілей.

20 гадоў – гэта многа ці мала для школы? Для чалавека – гэта такі кавалак часу, за які немаўля вырастае ў дарослую асобу. Беларуская школа таксама за гэты час вырасла з маленькага першага беларускага класа ў далёкім 1994-м годзе ў сапраўдную сучасную школу, якая з гонарам носіць імя нашага славутага Янкі Купалы. Час станаўлення школы не быў лёгкім. Гэта падчас юбілейнай імпрэзы некалькі разоў падкрэслівалі і вядоўца вечарыны дырэктар Ганна Ўладзіславаўна Іванэ, і заснавальнікі школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, і нават госці. Школа за гэтыя 20 гадоў мусіла змяніць 4 адрасы, з кожным пераездам губляла дзяцей, але, негледзячы на ўсе цяжкасці, дзякуючы апантанасці кіраўнікоў, калектыву настаўнікаў і бацькоў, а таксама дапамозе беларускіх мецэнатаў, зараз наша беларуская школа плённай працай заслужыла павагу і высокі рэйтынг сярод іншых асноўных школ Рыгі. Адбылося ўжо 12 выпускаў школы, зараз у 9 класах навучаецца больш за 150 дзяцей, і іх колькасць увесь час павялічваецца.

Усе, хто прыйшоў на свята, змаглі пабачыць слайд-шоў з фотаздымкаў школьнага жыцця на працягу ўсіх 20-ці гадоў з каментарамі дырэктара школы Ганны Іванэ. Паколькі выпадковых людзей на свяце не было, у кожнага прысутнага прагляд гэтых здымкаў выклікаў свае асабістыя асацыяцыі ды эмоцыі. Ганна Ўладзіславаўна Іванэ прыйшла ў школу працаваць маладой настаўніцай, калі адчыніўся другі клас, 19 гадоў таму, 14 гадоў яна ўжо ўзначальвае школу. Таму ўвесь нялёгкі шлях станаўлення і сталення школы – гэта яе шлях, пройдзены зразам са сваёй школай. Падчас святочнай імпрэзы некалькі разоў бацькі вучняў беларускай школы пачулі падзяку ад яе, дырэктара, за тое, што прывялі дзяцей менавіта ў беларускую школу. Асаблівую падзяку Ганна Ўладзіславаўна выказвала менавіта бацькам тых першых вучняў, якія калісьці паверылі ў школу і аддалі туды сваіх дзяцей. Гэта зараз, калі ёсць прыгожы будынак, вялікія светлыя класы, матэрыяльная база, нават музей Янкі Купалы ў школе, аддаць дзіця ў беларускую школу проста. А тады, 20 гадоў таму, усё было інакш. Я таксама вельмі добра памятаю, як нам, бацькам разам з настаўнікамі, трэба было самім клеіць шпалеры ды рабіць іншыя рамонтныя працы ў маленькіх памяшканнях у дзіцячым садку, дзе мы атрымалі для 1-га і 2-га класаў пакойчыкі. І таму гэтыя словы падзякі ад шчырай беларускі Ганны Іванэ сапраўды кранулі сэрца.

Школьны вакальны гурт “Вавёрачка” ў сваім ужо пятым за 20 гадоў складзе пад нязменным кіраўніцтвам прыгажуні Натальлі Дзірвук прывітаў гасцей цудоўнымі беларускімі песнямі. А гасцей на святкаванне юбілею нашай беларускай школы ў Рызе сабралася вельмі шмат. З Беларусі з віншаваннямі і падарункамі прыехалі прадстаўнікі Міністэства адукацыі Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам міністра сп. Сяргеем Рудым. Радзіму таксама прадстаўлялі Пасол РБ у Латвіі сп. Марына Далгаполава, Саветнік-пасланнік Яраслаў Міцкевіч і Першы сакратар Аляксандр Сушкевіч, а былы Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка даслаў сваё асабістае віншаванне. Таксама павіншавалі школу Грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” з Мінска, Беларускае таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса, а Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, акрамя цёплых слоў, даслала па пошце школе ў падарунак з Беларусі прыгожы гадзіннік.

Прагучалі на юбілейнай імпрэзе таксама віншаванні і пажаданні ад Міністра адукацыі Латвіі і кіраўніцтва Дэпартаменту культуры, адукацыі і спорту Рыжскай думы. Апрача падарункаў школе і слоў падзякі за плённую працу, дырэктар школы Ганна Іванэ і настаўнікі атрымалі ад Дэпартамента і Міністэрства адукацыі ўзнагароды.

Заснавальнікі Рыжскай Беларускай асноўнай школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” сярод іншых сваіх падарункаў зрабілі адзін вельмі сімвалічны – партрэт латвійскага беларускага асветніка-педагога і фалькларыста Сяргея Сахарава. Гэтым яны падкрэслілі пераемнасць паміж C. Сахаравым – тым, хто амаль стагоддзе таму кіраваў спачатку беларускай гімназіяй, а пазней аддзелам беларускіх школ (а іх тады было каля 50-ці) у Дэпартаменце адукацыі Латвіі і сённяшнімі рупліўцамі захавання беларускасці ў нашай краіне. У сваім віншавальным слове адзін з ініцыятараў стварэння школы і першы яе дырэктар сп. Вячка Целеш падкрэсліў, што тады, у далёкім цяпер ужо 1994-м годзе, “сьвітанкаўцы” не першымі адчынялі беларускую школу ў Латвіі, а аднаўлялі слаўныя традыцыі беларускай адукацыі ў Латвіі 20-х – 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І таму партрэт вялікага беларускага асветніка Латвіі павінен абавязкова знаходзіцца ў Рыжскай Беларускай школе побач з партрэтамі Купалы і Коласа. Сімвалічнымі былі таксама віншаванні і пажаданні сябраў таварыства “Сьвітанак” – унучкі Сяргея Сахарава Нонны Ахметуллаевай, адной з першых настаўніц першага беларускага класа – настаўніцы музыкі Натальлі Камілеўскай і аднаго з наймалодшых “сьвітанкаўцаў” дашкольніка Міколкі Казака, які ў якасці музычнага падарунка выканаў песню “Магутны Божа”.

Музычныя падарункі прысутныя на юбілеі атрымалі таксама ад Саюза беларусаў Латвіі і таварыства “Прамень” – беларускія песні ў выкананні ансамбля “Надзея”. А беларускі вакальны гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава, які месяц таму таксама адзначыў свой першы юбілей, не толькі парадаваў падарункам – шчырым, вельмі эмацыянальным выкананнем песень на роднай мове, але і гэтак жа вельмі шчыра дзякаваў дырэктара школы Ганну Іванэ за дапамогу ў стварэнні яшчэ адной беларускай “адзінкі” ў Латвіі. Бо менавіта ў памяшканнях школы Ганна Ўладзіславаўна „прытуліла” спевакоў-аматараў і дазволіла збірацца на рэпетыцыі адразу пасля стварэння “Вытокаў” 5 гадоў таму.

Госці і гаспадары святочнай імпрэзы вельмі сардэчна віталі тых беларусаў, што знаходзілі магчымасць матэрыяльна падтрымліваць школу. На юбілей прыйшлі беларускія прадпрымальнікі Васіль Зайцаў і Дзмітрый Кабановіч, сын вядомага беларускага мецэната Янкі Кабановіча, які, на жаль, заўчасна пайшоў у лепшы свет тры гады таму. Светлай памяці спадар Янка дапамагаў беларускай школе ў Рызе з моманту яе стварэння. У тыя нялёгкія часы ў 90-х, акрамя фінансавай дапамогі на святы, экскурсіі, калядныя падарункі ды гаспадарчыя патрэбы, аплочваў настаўнікам выкладанне ў падрыхтоўчай групе, а дзецям – кошт школьных абедаў. А калі пачаліся выпускныя ў дзевяцікласнікаў, заўсёды асабіста прыходзіў на святы апошняга званка ці выпускныя балі з падарункамі для выпускнікоў, абавязкова патрыятычнымі, накшталт кніг Уладзімера Арлова „10 вякоў гісторыі Беларусі”, “Адкуль наш род”. Зараз Дзмітрый Кабановіч працягвае высакародную справу свайго бацькі.

На святкаванні 20-х угодкаў заснавання беларускай школы ў Рызе неаднойчы гучала пажаданне, што ўжо надыйшоў час, каб нарэшце паўстала наша Беларуская гімназія. Школа за 20 гадоў свайго паспяховага існавання даказала, што яна патрэбная беларусам у Рызе. І таму будзем спадзявацца, што калектыў школы і бацькі сённяшніх вучняў, заснавальнікі школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, дыпламаты Амбасады Беларусі ў Латвіі, супрацоўнікі Міністэрстваў адукацыі і Латвіі, і Беларусі, Дэпартаменту адукацыі Рыжскай думы, а таксама прадстаўнікі беларускай супольнасці ў Латвіі прыкладуць усе намаганні, каб пажаданне гэтае ў хуткім часе нарэшце спраўдзілася.

Таццяна Казак,

сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, маці выпускнікоў школы першага і чацвёртага выпускаў

На здымках Людмілы Яновіч:

-

Дырэктар школы Ганна Іванэ

-

Госць з Мінска намеснік Міністра адукацыі РБ Сяргей Руды
-

Віншуе Пасол Беларусі ў ЛР Марына Далгаполава


-

Ганаровыя граматы настаўнікам

-

Спявае школьны вакальны гурт “Вавёрачка”

-

-

-

Першы дырэктар  школы Вячка Целеш з партрэтам Сяргея Сахарава

-

 Віншаванне заснавальнікаў школы – сябраў  ЛТБК   “Сьвітанак”
 

-

Віншуюць беларускія фундатары школы – Васіль Зайцаў і Дзмітрый Кабановіч

-


-

Беларускі гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава