07 чэрвеня 2014, 00:39
24 траўня сёлета ў Доме Асацыацыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч адбылася прэзентацыя кнігі Улдыса Бэрзыньша «Салаўі крычаць, я па-латышску…», перакладзенай на беларускую мову вядомымі паэтамі і перакладчыкамі Алесем Разанавым і Андрэем Гуцавым.
Зборнік выбранай паэзіі вядомага латышскага паэта і перакладчыка быў выдадзены ў 2013 г. у выдавецтве “Кнігазбор” у Мінску. Тады ж у латвійскай амбасадзе ў Беларусі адбылася і першая прэзентацыя зборніка, на якой прысутнічаў аўтар.
Гэтую, другую па лiку прэзентацыю зборніка, ужо ў Рызе, арганізавала Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” пры падтрымцы Дзяржаўнага Фонда культурнага капітала Латвіі. Дзяуючы Фонду, удзел у прэзентацыi, акрамя аўтара, змаглi ўзяць i перакладчыкi з Мiнска. Апрача Алеся Разанава, Андрэя Гуцава, прыемнай госцяй з Беларусi на імпрэзе “Сьвітанка” была ўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра спадарыня Марыя Міхаўлаўна Міцкевіч, а таксама саветнік-пасланнік беларускай амбасады ў Латвіі Яраслаў Міцкевіч, першы сакратар пасольства Аляксандр Сушкевіч, кiраўнiк Беларускага інфармацыйнага цэнтра Ўладзіслаў Рэдзькін, старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч прафесар Рафі Хараджанян, эксперт нацыянальных меньшасцяў Рыжскай Думы, старшыня Латвійскага таварыства нямецкай культуры спадарыня Айна Балашка.
Выхад асобнай кнігі латышскага паэта ў перакладзе на беларускую мову – значная падзея для беларуска-латышскіх і латышска-беларускіх літаратурных стасункаў, якія на працягу апошніх дзесяцігоддзяў былі спыненыя. І гэтую падзею можна лічыць першай ластаўкай магчымага аднаўлення далейшых літаратурных сувязяў паміж нашымі суседнімі дзяржавамі.
Нягледзячы на незвычайна спякотны для Рыгі вясновы дзень, на сустрэчу з літаратарамі, дзе гучала як беларуская, так і латышская мова, прыйшлі людзі розных узростаў і інтарэсаў. У цэнтры ўвагі быў, безумоўна, Улдыс Бэрзыньш. І гэта не толькі таму, што ён аўтар зборніка і вядомы паэт філасофскай авангарднай латышскай паэзіі, перакладчык з розных моў, у асноўным азіяцкіх, перакладчык са старажытнай габрэйскай мовы Бібліі, з арабскай на латышскую мову – Карана, кавалер найвышэйшай узнагароды Латвійскай дзяржавы – Ордэна Трох Зорак, даўні сябра “Сьвітанка”, а і таму, што ён толькі што адсвяткаваў свой 70-ці гадовы юбілей. Прысутныя віншавалі кветкамі спадара Бэрзыньша, а ён вельмі эмацыянальна чытаў свае вершы і апавядаў пра сябе, пра паэзію, пра мовы. Яго думкі і словы ў гэты момант былі звернутыя ў далёкае мінулае, менавіта ў той час, як ён казаў, калі не было ні Украіны , ні Расіі, ні Беларусі, калі існавала толькі стараславянская мова – аб’яднальная. Тады ж быў напісаны вядомы твор «Слова аб палку Ігаравым». Ён распавёў, як пасля трох гадоў карпатлівай працы разам са Кнутам Скуеніексам яны сумесна пераклалі помнік старажытнай славянскай літаратуры «Слова аб палку Ігаравым» са старажытнаславянскай на латышскую мову. Кнiга павiнна быць выдадзена сёлета. Гэта нагадала слухачам аб тым, як важна і патрэбна перакладчыку шмат працаваць, добра ведаць мову арыгінала твора, які ён перакладае.
З дадзенай паэтам здольнасцю словам пераносіць людзей з часа ў час, ад пачуцця да пачуцця, Улдыс Бэрзыньш чытаў свае вершы, перакладдзеныя на беларускую мову Алесем Разанавым яшчэ ў 80-я гады мiнулага стагоддзя на мове арыгiнала, вершы спадара Разанава ў сваiм перакладзе на латышскую мову, дзякaваў беларускіх паэтаў-перакладчыкаў за іх працу і візіт у Латвію.
Прыемнай і цікавай для беларусаў Рыгі была сустрэча з выдатным беларускім паэтам і перакладчыкам, класікам беларускага верліба, даўнім сябрам Улдыса Бэрзыньша, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Алесем Разанавым. Алесь Разанаў у сваёй прамове дакрануўся да вечных вымярэнняў з незвычайнай трыганаметрыяй сваіх думак. Ён гаварыў пра гарызанталь і вертыкаль чалавечага шляха па Зямлi. Штодзённае жыццё, гарызанталь, – ёсць стасункі чалавека з мірам матэрыяльным і пераменным. Сапраўднае жыццё – па вертыкалі. Гэта жыццё душы. Мастацтва, творчасць дапамагае душы ўзнесціся ад глебы да Бога. Паэт чытаў вершы Улдыса Бэрзыньша ў сваім перакладзе, а таксама па просьбе прысутных – і свае філасофскія вершы.
Андрэй Гуцаў, асноўны перакладчык паэзіі Бэрзыньша на беларускую мову ў гэтым зборніку, расказаў, як зарадзілася ідэя зрабіць пераклад “Салаўі крычаць, я па-латышску…” Спадар Андрэй быў знаёмы са спадаром Бэрзыньшам яшчэ з пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, з часу вучобы ў групе перакладчыкаў на філалагічным факультэце Латвійскага Ўніверсітэта, калі Улдыс Бэрзыньш чытаў там лекцыі. Было прыемна слухаць, як Андрэй чытаў вершы Улдыса Бэрзыньша не толькі на беларускай мове, але і на латышскай мове, якую ён выдатна асвоіў, калі вучыўся ў Рызе. Пасля заканчэння Латвійскага Ўніверсітэта ў яго была магчымасць папрацаваць у Рызе. У 1994 г. як раз быў адчынены 1 клас Рыжскай Беларускай пачатковай школы, тагачасны дырэктар школы Вячка Целеш запрасіў Андрэя Гуцава, які добра валодаў беларускай і латышскай мовай, працаваць настаўнікам. Рэспубліка Беларусь тады таксама падтрымала гэту прапанову, нават выдзеліла яму пакой у памяшканні Амбасады Беларусi ў Латвіі, якая знаходзілася ў той час у Юрмале. Андрэй згадзіўся і першы год вучыў беларускіх дзетак роднай мове. Але праца не была доўгай, бо ён не адчуваў сябе педагогам, а больш адчуваў сябе літаратарам, ды і Бацькаўшчына, бацькоўская хата цягнулі дадому, таму ён вярнуўся ў Беларусь, каб займацца сваёй любімай справай – літаратурай і перакладамі.
Цікавую літаратурную імпрэзу ўпрыгожылi музычныя падарункi. Цудоўнай класічнай музыкай парадавалі прысутных госця Армянскага культурнага цэнтра, выпускніца Санкт-Пецярбуржскай кансерваторыі піаністка Манэ Даўцян, скрыпач, выпускнік Латвійскай акадэміі музыкі Рыгор Салнітыс i сябра Рады “Сьвітанка”, піяністка і кампазітар Наталля Камілеўская. Беларускія і латышскія песні пад гукі гармоніка і акардэона выканаў ансамбль “Вытокі” пад кіраўніцтвам Рышарда Райніса.
Як адзначыў старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, што аб’ядноўвае 22 нацыянальных таварыстваў і саюзаў, прафесар Рафі Хараджанян, мэта i праграма дзейнасці асацыяцыi – не толькі дапамога таварыствам ў захаванні этнiчнай ідэнтычнасці, але і спрыянне выхаванню лаяльнасцi да Латвii, інтэграцыi нацыянальных меньшасцяў у агульную латвiйскую супольнасць, i імпрэза “Сьвітанка” – адзін з добрых прыкладаў працы ў гэтым накірунку.
На прэзентацыі прасутныя маглі набыць кнігу «Салаўі крычаць, я па-латышску…» і атрымаць аўтографы Улдыса Бэрзыньша і перакладчыкаў. Тыя, хто не змог трапіць на імпрэзу, могуць набыць яе ў таварыстве “Сьвітанак”.
Удзельнікаў імпрэзы вітае старшыня “Сьвітанка” Ірына Кузьміч
Выступае Алесь Разанаў
Улдыс Берзыньш
Экслібрыс Улдыса Берзыньша, аўтар – мастак Вячка Целеш
Прамова Андрэя Гуцава
Гасцей вітаюць Алясь Карповіч і ансамбль “Вытокі“
Музычны падарунак удзельнікам імпрэзы ад выпускніка Латвійскай музычнай акадэміі Рыгора Салнітыса