25 лютага 2013, 22:08

Янка Кабановiч – з тых людзей, у адыход якiх у лепшы свет вельмi цяжка паверыць, з адыходам якiх вельмi цяжка змiрыцца.

Вось ужо мiнуў амаль год, як спадара Янкi няма з намi, а я дагэтуль вельмi часта лаўлю сябе на думцы, асаблiва падчас нашых iмпрэзаў, што вось ён павінен прыйсці, цi патэлефанаваць. І толькi потым прыходзіць думка, што не, гэта немагчыма ўжо. Калi мы збiралiся ў беларускай школе на вечарыну, прысвечаную 130-м угодкам з дня нараджэння Якуба Коласа, мне здавалася, што вось зараз ён прыйдзе i пачуе, як мой ужо амаль пяцiгадовы Мiколка чытае верш “Не сядзiцца ў хаце хлопчыку малому”. І неяк зусiм нязвыкла было бачыць спадара Васiля Зайцава замест Янкі Кабановiча (Няхай прабачыць мяне спадар Зайцаў, які пераняў пасля спадара Янкi эстафету дапамогі школе). Але нiчога мы, на жаль, не можам змянiць, толькi малiцца за ягоную беcсмяротную шчырую беларускую душу. Таму кожны раз, калi ў нядзелю я замаўляю ў царкве паніхiду па памерлым, згадваю побач з імёнамі сваiх родных i ягонае iмя.

Маё знаёмства з Янкам Кабановiчам адбылося практычна адразу пасля таго, як я прыйшла ў “Сьвітанак”. Тады спадар Янка даведаўся, што я як раз нiдзе не працую, і прапанаваў мне стаць адмiнiстратарам у офiсе таварыства на Слокас, 37. Ён даўно хацеў тады, каб у “Cьвiтанку” ўвесь час знаходзіўся супрацоўнік, як у iншых таварыствах, каб працавала бiблiятэка і г.д. Так некалькi месяцаў я прабыла адмiнiстратарам у “Cьвiтанку”, i спадар Кабановiч выдаткоўваў на гэта 100 даляраў асабiстых грошай, для пачатку 90-х гэта была немалая сумма за такi занятак. Ужо адтуль мяне запрасiлi на працу ў консульскi аддзел Амбасады Беларусi, i менавiта бiзнэсовец Янка Кабановiч параiў у той час першаму Паслу Беларусi ў Латвii спадару Валянціну Вялічку ўзяць мяне на працу. 

Калi намаганнямi таварыства “Cьвiтанaк” адчынiлася Рыжская беларуская школа, Янка Кабановiч узяўся з першых дзён дапамагаць школе, фактычна ён быў адным з ініцыятараў яе стварэння. Мае дзецi, спачатку адзiн сын, потым i другi, пачалi вучыцца ў беларускай школе. Часы тады былi вельмi няпростыя, дзецi ў сем’ях нарадзiлiся яшчэ пры савецкай уладзе, шмат хто з бацькоў пасля распаду Саюзу наогул ня меў працы. Сацыяльнай дапамогі тады амаль зусiм не было, шмат каму вазiць дзяцей у нашу школу трэба было здалёк, i таму бацькi дзяцей былi вельмi ўдзячныя спадару Янку за тое, што ён аплочваў для ўсіх вучняў кошт школьных абедаў. Тады для школы была вельмi важная колькасць вучняў, і спадар Янка меркаваў, што ў тых абставінах, можа як раз бясплатны школьны абед стане для кагосьцi пераважаючым аргументам на карысць менавiта беларускай школы. Ён вельмi хварэў сваёй шчырай беларускай душой за школу. Памятаю, як на выпускныя заўсёды прывозіў з Беларусi кнiгi, каб уручыць з надпiсамi выпускнiкам-дзевяцiкласнікам. I не проста нейкiя беларускiя кнiгi, а, напрыклад, кнiгi Уладзiмера Арлова “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” і “Адкуль наш род”. Аднойчы ён распавядаў, што меў праблемы з-за тых кнiжак на беларускай мяжы. 

На той час ужо была створаная з ініцыятывы спадара Кабановіча Асацыяцыя беларусаў-прадпрымальнікаў Латвіі “Беларускі шлях”. Не ведаю зусім дакладна, але здаецца больш за дзесятак беларускіх уладальнікаў фірм яна аб’ядноўвала. Янка Кабановіч яе ўзначальваў і быў прыкладам для іншых у тым, як дапамагаць беларускім грамадскім арганізацыям, музычным калектывам і беларускай школе.

У 1996-м годзе Янка Кабановіч стварыў Латвійскі фонд беларускай культуры з мэтаю актывізаваць беларускіх фундатараў і садзейнічаць развіццю і папулярызацыі беларускай грамадскай дзейнасці ў Латвіі. На жаль, праз некалькі гадоў фонд мусіў быць зачынены з-за неправавых паводзінаў тагачаснага старшыні і некаторых сяброў Рады фонду.

Яшчэ ўзгадваецца 2003-ці год, у той час я ўжо пяты год была кiраўніком таварыства “Cьвiтанак”. Тады мы вельмi хацелi годна адзначыць 85-я ўгодкі Акту 25 Сакавiка. А напярэдаднi, улетку 2002-га, падчас паездкi ў Польшчу да беларусаў Беласточчыны, я пазнаёмiлася з эстрадным беларускiм гуртам “Прымакi” i ўсiм у “Сьвітанку” расказвала, якi там у Польшчы ёсць цiкавы беларускi гурт, розныя беларускiя песнi спявае: i народныя, i патрыятычныя, i лiрычныя эстрадныя пра каханне. На той час ужо больш за 10 гадоў iснаваў вiзавы рэжым памiж Латвіяй i Беларуссю, i беларускіх калектываў мы нiякіх за ўвесь гэты час да сябе не запрашалі. А тут спадар Янка кажа: “А давайце грымнем на ўсю Рыгу i запросiм на 85-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі “Прымакоў”! 

Да гонару “Прымакоў”, яны пагадзiлiся да нас прыехаць выступiць без нiякага ганарару. Мы прапанавалi iм аплацiць дарогу, начлег, харчаванне ды невялiкую культурную праграму па Рызе. Але арганізатары выступу з нас аказалiся на першы раз нiякiя. Гэта ўжо праз паўгода, на 15-годдзе “Сьвітанка”, калі мы запрашалi гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” і атрымалi нейкае фiнансаванне ад Латвійскага фонду iнтэграцыi, ўсё было iнакш. А тады… У нашым разуменнi аплацiць дарогу было аплацiць кошт палiва, харчавання ў дарозе ды страхоўкі на машыну. А “Прымакi” прыехалi на наёмным мікрааўтобусе з нанятым на некалькi дзён шафёрам з улiкам “камандзiровачных”, што было i не надта дзіўна пры iх колькасцi апаратуры. Святочны канцэрт атрымаўся цудоўны, зала на 600 месцаў з вялікім бела-чырвона-белым сцягам на сцэне была практычна поўная. А Янка Кабановiч мусіў аплаціць узросшы раптам ў разы кошт “дарогi”.

На жаль, з моманту заснавання нашага таварыства “Сьвітанак” і да сённяшняга дня Янка Кабановіч застаецца (складана напісаць застаўся) адзіным бізнэсоўцам, хто на працягу ўсіх гадоў яго падтрымліваў, і не толькі матэрыяльна. Таму з яго адыходам “сьвітанкаўцы” сапраўды асірацелі. Але мы памятаем і будзем памятаць шчырага і светлага беларуса ў Латвіі Янку Кабановіча, які вельмі шмат зрабіў для таго, каб беларускасць у Латвіі існавала.

Таццяна Казак,
былая старшыня Латвійскага таварыства беларускай
культуры “Сьвітанак” (1999-2008 г.г.)

На здымках

-

Янка Кабановіч з падарункамі для выпускнікоў Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

-

 Янка Кабановіч віншуе мастакоў, удзельнікаў  аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі 
“Маю гонар” 
з адкрыццём юбілейнай выставы.  г. Рыга, 1996 г.
 

-

Янка Кабановіч з сям’ёй вітаюць мастака Васіля Малышчыца на адкрыцці 

яго персанальнай выставы. г. Рыга