Дваццаць гадоў таму, 27 лістапада 1988 года, на світанку адраджэння латвійскай дзяржаўнасці, у Рызе было заснаванае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.

Такую сімвалічную назву далі сваёй арганізацыі прадстаўнікі дэмакратычна настроенай беларускай інтэлігенцыі ў надзеі ажывіць паходню беларушчыны, узнятую беларускімі асветнікамі Латвіі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. І хоць больш паўстагоддзя аддзяляе “Сьвітанак” (1988 г.) ад “Бацькаўшчыны” (1921 г.) – беларускага таварыства ў Латвіі, паслядоўнікам якога лічыць сябе “Сьвітанак”, менавіта “Бацькаўшчына” стала тым падмуркам, на якім будуе сваю працу нашае таварыства.

За дваццаць гадоў культурна-асветніцкай дзейнасці пад эгідай “Сьвітанка”:

1989 г. – адчынена беларуская мастацкая студыя “Вясёлка”;
1991 г. – пачала сваю працу Рыжская беларуская нядзельная школа;
1990 г. – на хвалях Латвійскага радыё ўпершыню пачала гучаць беларуская мова ў грамадскай культурна-асветніцкай праграме “Сьвітанак”;
1991 г. – беларускімі мастакамі Латвіі, Эстоніі, Летувы i Санкт-Петэрбурга заснаванае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”;
1994 г. – адчынены першы клас дзяржаўнай Рыжскай беларускай школы, пасля паспяховай акрэдытацыі ў 1998 г. школе нададзены статус Рыжскай Беларускай асноўнай школы;
2002 г. – створаны аднаіменны вакальны гурт пры таварыстве;
2003 г. – выдадзена кніжка аб дзейнасці таварыства на працягу 15 гадоў;
2005 г. – пачаў працу сайт таварыства www.svitanak.lv

У сакавіку 2006 г. найвышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі – ордэнам Трох Зорак быў узнагароджаны мастак, грамадскі і культурны дзеяч, чалавек, які стаяў ля вытокаў нашага таварыства – Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Мы ганарымся тым, што ў кагорце ардэнаносцаў, асоб, якія з’яўляюцца гонарам Латвіі, і “світанкавец” Вячка Целеш!

Таварыства “Сьвітанак” – не толькі першая беларуская суполка, заснаваная ў Латвіі. “Світанкаўцы” ганарацца і тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, што стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.

І сёння “сьвітанкаўцы” з нагоды свайго юбілею звяртаюцца да ўсіх сваіх сяброў у самых розных кутках свету са словамі, ад якіх ні разу не адцураліся за дваццаць гадоў існавання таварыства:
Будзьма беларусамі!
Будзьма разам!
Жыве Беларусь!


Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”

0 replies

Leave a Reply

Want to join the discussion?
Feel free to contribute!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *