27 красавіка 2023 г. у Каміннай зале будынка АНКТЛ імя Іты Казакевіч адбылося адкрыццё выставы беларускай мастачкі Ганны Пейпіні з паэтычнай назвай “Iмпульсы”.
З адкрыццём выставы мастачку віншавалі старшыня Аб’яднання мастакоў беларусаў Балтыі “Маю гонар” Васіль Малышчыц і старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Таццяна Казак. Ганна Пейпіня з’яўляецца сябрам Саюза мастакоў Латвіі і аб’яднання “Маю гонар”, а таксама даўнім сябрам таварыства “Сьвітанак”.
Павіншаваць спадарыню Ганну прыйшлі таксама сябры і калегі, сямейнікі. Сюрпрызам для мастачкі стала віншаванне і кветкі ад яе былых вучняў майстар класаў, якія даведаліся пра адкрыццё выставы сваёй настаўніцы з афішы фестывалю “Pavasara avots – 2023”. Прагучала шмат шчырых і добрых слоў на адрас мастачкі. Незвычайныя, самабытныя і часам эксперыментальныя творы Ганны Пейпіні не пакінулі нікога абыякавым. Ганна Пейпіня распавядала пра свае працы, пра творчыя задумкі і адказвала на пытанні гасцей.
На працягу ўсяго вечара ствараў утульнасць у зале спявак і музыкант Юрый Ціхаміраў. У ягоным рэпертуары ёсць і шэраг беларускіх песень.
Пад акампанемент Юрыя на радасць прысутным нават і сама Ганна Пейпіня праспявала сваю самую ўлюбёную беларускую народную песню “Зялёная вішня”.
Запрашаем ўсіх ахвотных наведаць выставу Ганны Пейпіні, яе шыкоўныя ”Iмпульсы” можна пабачыць да 26 мая па адрасе вул. Слокас, 37 у Рызе. Уваход вольны.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/05/Maliscic-un-Peipina-1.jpg439525Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-05-02 18:46:482023-05-02 19:29:42“Імпульсы” беларускай мастачкі Ганны Пейпіні
23 красавіка ў будынку Асацяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі адбылася літаратурная вечарына “Як жыць, дык жыць для Беларусі”, прысвечаная памяці сапраўдных беларусаў-літаратараў: Ларысы Геніюш, Леаніда Маракова і Янкі Маўра. Як і заўсёды, гэта была сустрэча аднадумцаў, цікавых людзей, патрыётаў, не абыякавых да Айчыны. Традыцыйна імпрэза распачалася з выканання прысутнымі дзяраўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, барані Латвію” ) і неафіцыйнага беларускага гімна “Магутны Божа”.
7 красавіка споўнілася 40 гадоў з дня смерці Ларысы Геніюш, калі тысячы беларусаў прыехалі ў Зэльву, каб правесці яе ў апошні шлях. Мастак Вячка Целеш захапляльна і цікава распавядаў пра жыццёвы шлях вялікай паэткі, чые словы далі назву вечарыны, і сваё сяброўства з Ларысай Геніюш. Падчас свайго выступу ён дэманстраваў партрэты Ларысы Геніюш, якія маляваў з натуры ў яе старой хаце ў Зэльве, падараваныя яму паэткай кнігі з аўтографамі, чытаў лісты і віншаванні яму ад Ларысы Геніюш. Дзякуючы яго расповеду можна было ўбачыць нязломную патрыётку Беларусі. Вернасць сваім ідэалам не дазволілі ёй змяніць грамадзянства БНР на СССР. Негледзячы на гэта, яе кнігі друкаваліся ў Беларусі. Гісторыя яе жыцця дадала мне веры ў нас.
Творчасць Ларысы Геніюш сёння зноў вельмі актуальная. Яе неўміручыя вершы з натхненнем чыталі падчас імпрэзы і гаспадары, і госці вечарыны.
Вялікае ўражанне было ад выступу маладой беларускай паэткі Вікі Трэнас. Яна распавяла пра Леаніда Маракова, якому споўнілася б сёлета 15 красавіка толькі 65 гадоў. Вікторыя асабіста ведала сп. Леаніда, бо шмат кантактавала з ім падчас працы ў Беларускім саюзе пісьменнікаў.
Па адукацыі радыёэлектронік, у 1990-я гады ён меў паспяховы бізнэс у гэтай галіне і пачаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі, паэта Валерыя Маракова, расстралянага 29 кастрычніка 1937 года. Вынікам працы стала маштабнае даследаванне сталінскіх рэпрэсій у Беларусі – падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-томны энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі адукацыі, грамадскія і культурныя дзеячы. 1794-1991». У ім сабраныя звесткі пра 20 тысяч ахвяр, фактычна Леанід Маракоў за свой кошт зрабіў працу цэлага навукова-даследчага інстытута.
Ён таксама апублікаваў дакументальнае даследаванне «Ахвяры і карнікі», у якім сабраны біяграфіі ахвяр і тых, хто мае дачыненне да рэпрэсій у Беларусі. Асобна выйшла кніга, у якой сабраны звесткі пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных святароў. Леанід Маракоў вядомы таксама сваёй літаратурнай творчасцю, аўтар некалькіх кніг, у 2014 годзе выйшла яго манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940-я гады». Віка Трэнас таксама чытала прысутным на вечарыне свае творы.
Яе вершы сапраўдныя і пякучыя, адчыняюць тое, што ў сэрцы беларусаў. Будзем чакаць ад яе вершаў пра радасць і перамогу.
Дзякуючы намесніцы дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы і дырэктарцы школьнага музея Янкі Купалы Ганне Іванэ удзельнікам імпрэзы было цікава даведацца пра вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка Янку Маўра і прысвечаную яму экспазіцыю ў школьным музеі. Сёлета 28 красавіка споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, які нарадзіўся ў Ліепаі (Лібаве). Ганна Ўладзіславаўна вельмі цікава распавядала пра дзіцячыя і юнацкія гады пісьменніка, што прайшлі на латвійскай зямлі, пра яго творчасць. і запрасіла ўсіх прысутных наведаць школьны музей, дзе ёсць шмат цікавых экспанатаў не толькі пра Янку Маўра.
З кароткімі выступамі ў вечарыне бралі ўдзел госці. Латышская паэтка і перакладчыца Дагнія Дрэйка чытала свае творы на латышскай і польскай мовах.
Вялікую асалоду атрымалі прысутныя ад спеваў украінскага вакальнага гурта “Дзівчата”. Асабісты вам дзякуй за беларускія, латышскія ды ўкраінскія песні!
Напрыканцы сустрэчы мастачка Вольга Якубоўская зладзіла экскурсію па экспазіцыі сваёй выставы, адкрыццё якой адбылося падчас святкавання 25 Сакавіка. Яна распавяла пра сваіх “Коцікаў Свабоды”, пра гісторыю напісання твораў. Зараз я бачу, што коцікі не такія простыя. Поспехаў Вам, Вольга!
Таццяна Казак, старшыня “Сьвітанка”, шчыра падзякавала мастачцы не толькі за яе выставу, творчасць ды грамадзянскую пазіцыю, а выказала ёй і беларусу з Грузіі Івану Бахціну вялікую падзяку ад імя таварыства за фінансавую дапамогу.
Таццяна распавяла прысутным пра тое, што Вольга Якубоўская, каб дапамагчы ЛТБК “Сьвітанак” аплаціць сяброўскія ўнёскі ў Асацыяцыю НКТЛ за 2023 год, каб ў латвійскіх беларусаў надалей была магчымасць сустракацца ў будынку на Слокас 37, выставіла ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку на дабрачынны аўкцыён вельмі прыгожую карціну “Падарунак”. Карціну прыдбаў Іван Бахцін, які шмат дапамагае беларусам, за ўсю суму гадавых ўнёскаў – 360 еўра і пакінуў яе ў падарунак таварыству.
Завяршылася сустрэча сяброўскай гарбатай з кавай у Каміннай зале, упрыгожанай таксама карцінамі Вольгі. Вось дзе можна было паразмаўляць па сваімі аднадумцамі, падзяліцца марамі, пачуць меркаванні. Дзякуй ўсім, хто прыйшоў, нягледзячы на цудоўнае надвор’е, калі так цягне на вясновае сонейка ля мора. Паступіла прапанова наступную імпрэзу Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” зладзіць на свежым паветры, так што сачыце за навінамі на нашым сайце і далучайцеся, калі ласка!
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/04/IMG_4135-rotated.jpg338450Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-04-24 08:02:072023-04-27 11:46:53Літаратурная вечарына “Як жыць, дык жыць для Беларусі”
Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” выказваюць шчырую падзяку за дапамогу мастачцы Вользе Якубоўскай і беларускаму мецэнату Івану Бахціну.
Як вядома, наша таварыства ўжо амаль 35 гадоў працуе ў Латвіі, і існаванне таварыства заўсёды, яшчэ з савецкіх часоў, грунтавалася выключна на шматгадовай грамадскай працы ягоных сябраў. У адрозненні ад усіх іншых нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, калі не лічыць некалькіх гадоў сапраўднай незалежнасці Беларусі на пачатку 90-х, “Сьвітанак” не меў ніколі ніякай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы, нашай Радзімы. Ні інфарматыўнай, ні метадычнай, ні тым больш фінансавай. Бо “Сьвітанак” назалежна ад палітычнай сітуацыі ў Беларусі заўсёды заставаўся абаронцам ў Латвіі і нашай мовы і культуры, і гістарычных сымбаляў, і незалежнасці Беларусі. З моманту свайго заснавання ў 1988 годзе ЛТБК “Сьвітанак” з’яўляецца таксама заснавальнікам Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Амаль штомесяц сябры таварыства ладзяць розныя культурныя мерапрыемствы. І каб утрымліваць будынак Асацыяцыі на вул. Слокас, 37, дзе мы маем невялічкі офіс, і мець магчымасць карыстацца заламі для імпрэз, таварыству разам з больш як 25 суполкамі іншых нацыянальнасцяў трэба плаціць ўнёскі ў Асацыяцыю памерам 360 еўра на год. На працягу 35 гадоў гэтыя, здаецца, і не надта вялікія для цэлай арганізацыі грошы збіралі сярод адных і тых жа шматгадовых яе сябраў і мастакоў з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. А з улікам таго, што абсалютную большасць сябраў “Свьвітанка” да 2023 года складалі пенсіянеры, гэта не было проста, асабліва ў папярэднія цяжкія гады. І таму, калі на апошнюю імпрэзу “Свьвітанка”, прымеркаванае да 25 Сакавіка адкрыццё выставы беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай, прыйшла вялікая колькасць беларусаў, каля 100 чалавек, кіраўніцтва таварыства вырашыла звярнуцца да латвійскай супольнасці беларусаў за дапамогай. У звароце, які быў змешчаны ў мясцовых беларускіх чатах, была прапанова агульнымі намаганнямі сабраць грошы на ўнёсак у Асацыяцыю за гэты год. І хоць водгук на гэты зварот апынуўся пакуль што амаль безвыніковым, дапамога таварыству прыйшла адтуль, адкуль мы яе зусім не чакалі!
Вольга Якубоўская змясціла зварот і абвясціла дабрачынны аўкцыён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Мастачка напісала, што вельмі хоча дапамагчы сваім новым сябрам ў Рызе і выставіла на аўкцыён сваю шыкоўную карціну “Падарунак”. І практычна адразу ж яе прыдбаў Іван Бахцін, які жыве не ў Латвіі, за ўсю суму гадавых ўнёскаў таварыства ў Асацыяцыю. Больш таго, Іван нават адразу запрапанаваў, каб і сама карціна засталася ў таварыстве як падарунак ад яго. Вольга, вядома, спачатку не пагадзілася, але рашэнне гаспадара карціны было прынцыповым. Іван вельмі сціплы чалавек і ніяк нідзе не афішуе сваю дабрачыннасць і мецэнацтва. Ад Вольгі мы даведаліся, што ён удзельнік практычна ўсіх яе дабрачынных аўкцыёнаў і вельмі шмат каму дапамагае. У адказ на нашу падзяку малады чалавек напісаў, што не зрабіў нічога надзвычайнага, заўсёды рады дапамагчы, назваўшы нас адметнымі людзьмі. А яшчэ Іван вельмі задаволены, што мецэнацтва паступова сярод беларусаў апошнім часам пашыраецца. Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” лічаць адметнымі людзьмі менавіта Вольгу Якубоўскую і Івана Бахціна! Мы вельмі радыя, што можам тут, на нашай старонцы, працу якой мы не так даўно аднавілі пасля доўгага перапынку, публічна выказаць ім словы сваёй удзячнасці. Запрашаем Івана таксама пры магчымасці абавязкова наведаць Рыгу. Будзем заўсёды рады паказаць і сталіцу Латвіі, і наш прытулак на Слокас 37. А таксама будзем вельмі чакаць Івана ў лістападзе на нашым юбілеі і атрымаць ад іх з Вольгай агульны падарунак – “Падарунак”!
А ўсім, хто зараз ўжо знаходзіцца ў Латвіі, мы нагадваем, што першая ў Латвіі персанальная выстава беларускай мастачкі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай даступная для агляду ў Рызе на вул. Слокас 37 да 25 красавіка. Акрамя ўсім вядомых прац, намаляваных акрылам, у двух залах будынка выстаўленыя ўнікальныя скураныя карціны. Падрабязней пра выставу можна даведацца з нашых папярэдніх матэрыялаў на старонцы.
Таксама заклікаем беларусаў больш актыўна далучацца да шэрагу тых, хто падтрымлівае беларускую культурніцкую дзейнасць у Латвіі, накіраваную на захаванне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці на гэтай зямлі.
У першы дзень красавіка ў Рызе ўпершыню адчынілі свае дзверы курсы “Мова Нанова”. Першыя заняткі адбыліся ў самым сэрцы Старой Рыгі ля Домскай плошчы.
“Мова Нанова” – гэта бескаштоўныя курсы беларускай мовы, дзе ёсць магчымасць ўзбагаціць свой слоўнікавы запас, палепшыць веданне граматыкі і наўпрост паразмаўляць па-беларуску. Упершыню такія заняткі адбыліся ў студзені 2014 года ў Менску. З часам курсы распачаліся ў шматлікіх гарадах і абласных цэнтрах краіны. На тэрыторыі Беларусі курсы мелі вялікі поспех, на заняткі запрашалі вядомых культурных і гістарычных дзеячоў, мастакоў і музычныя гурты. На жаль, у 2021 годзе Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры “Мова Нанова” была зліквідаваная, і арганізатары курсаў былі вымушаныя пакінуць Беларусь і цяпер працягваюць сваю працу зя мяжой. Заняткі на сённяшні дзень праводзяцца ў Беластоку, Быдгашчы, Варшаве, Вільні Тбілісі, Торуні, Гданьску, Сопаце, Гдыні, Уроцлаве, а цяперака і ў Рызе.
Паколькі “Мове Нанова” ўжо шмат гадоў, яе арганізатары распрацавалі ў свой час сістэму заняткаў, паводле якой ў кожных заняткаў ёсць свая тэма, лексічны і граматычны матэрыял. Адпаведна плану, тэмай першых красавіцкіх заняткаў у Рызе былі вітанні і звароты, таксама ўзгадалі народныя беларускія імёны. Кожны атрымаў невялічкі слоўнік са спісам сучасных імёнаў і іх народных адпаведнікаў. Далей запрапанаваная арганізатарамі гульня на знаёмства разварушыла прысутных, бо кожнаму было цікава даведацца, якія народныя адпаведнікі сваіх імёнаў абралі астатнія ўдзельнікі, а таксама ці змогуць удзельнікі гульні паўтарыць усе амаль 30 народных імёнаў (столькі было беларусаў на першых занятках). Таксама на сустрэчы прыгадалі клічны склон, які некалі існаваў у беларускай мове, але ж русіфікацыя, што адбывалася падчас савецкіх часоў, знішчыла яго амаль цалкам. Сёння клічны склон, які дагэтуль існуе ў латышскай мове і шэрагу славянскіх моваў, у беларускай мове захаваўся толькі ў літаратуры ды ў некаторых местачковых гаворках. Каб прыгадаць, як казалі раней, было запрапанавана адпаведнае практыкаванне. Каб было зручней і лягчэй выконваць заданні і ўспрымаць інфармацыю, арганізатары курсаў падрыхтавалі для кожнага буклеты з матэрыяламі.
Арганізатары заняткаў у Рызе вырашылі прытрымлівацца цудоўнай традыцыі запрашаць цікавых гасцей і запрасілі ў якасці першай госці вядомую мастачку Вольгу Якубоўскую, чые працы зараз з 25 Сакавіка выстаўленыя адначасова на дзвух выставах – у Рызе і ў Юрмале. А сярод слухачоў першых заняткаў, у асноўным моладзі, былі і дзеці самага рознага ўзросту: ад зусім маленькіх да падлеткаў з Рыжскай беларускай асноўнай школы. Палепшыць веды па беларускай мове прыйшла нават Нонна Ахметулаева, унучка знакамітага беларускага этнографа і фалькларыста Сяргея Сахарава, якой больш за 75 гадоў, і гэта сапраўдны прыклад беларускай прагі да ведаў!
Вольга Якубоўская распавяла усім прысутным, што яна нарадзілася ў г. Сартавала ў Карэліі, дзяцінства яе прайшло на Урале і ў Крыме, а ў Беларусь, у Наваполацк, яна прыехала пасля заканчэння мастацкай вучэльні на Урале. Яна выбрала для жыцця і мастацтва Беларусь таму, што калісьці ў 12-гадовым ўзросце патрапіла на экскурсію ў першую беларускую сталіцу – Полацк, які яе вельмі ўразіў сваёй старажытнасцю і красой, зрэшты, як і ўся Беларусь. Падчас гутаркі мастачка распавяла пра свае жыццё, працу на “Нафтане”, любоў да скуры і пра ўласнаруч распрацаваную тэхніку “малявання скурай”, а таксама пра тое, якое месца ў яе жыцці займае беларуская мова, любоў і пашана да якой пачалася дзякуючы беларускамоўным выкладчыкам кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва падчас яе навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Таксама ўсім цікава было даведацца пра гісторыю стварэння серыі яе карцін “Коцікі свабоды”, прысвечанай барацьбе беларусаў за Беларусь. Абмяркоўвалі рознае: чаму менавіта каты, а не іншыя жывёлы, пра прататыпаў карцін, пра тое, што натхняе Вольгу на творчасць.
Напрыканцы заняткаў ўсе прысутныя разам з Вольгай зладзілі творчую майстэрню. Намалявалі цудоўнага беларускага коціка, які з паветранай куляй у лапцы ляціць па-над Рыгай. А ў той кулі – смак беларускай мовы. Наведвальнікі першых курсаў з вялікім задавальненнем напісалі свае ўлюбёныя беларускія словы на агульным творы! Віншуем “Мову Нанова” з іх асабістым вольным беларускамоўным коцікам ад Вольгі Якубоўскай і беларускай супольнасці ў Латвіі!
Exif_JPEG_420
Арганізатары курсаў шчыра дзякуюць за дапамогу гаспадароў памяшкання – таварыства “Latvijas Platforma attīstības sadarbībai” (LAPAS) (“Латвійскую платформу для развіцця супольнасці”) і на наступныя заняткі запрашаюць 15 красавіка. Пачатак а 14 гадзіне, адрас: вул. Пілс 21. Вас зноў чакае сустрэча з роднай мовай і вельмі цікавымі людзьмі!
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/03/kursi-afisa-e1680120880553.jpg600600Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-04-01 21:11:002023-04-11 10:28:22Курсы “Мова Нанова” нарэшце распачаліся і ў Рызе!
Ў апошнія дні 2022 года ў Празе, ў Інстытуце славістыкі Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі пабачыла свет кніга “У ценю іншых. Беларуска-латвійскія сувязі ад мінуўшчыны да сучаснасці.” Гэта калектыўная манаграфія пра латвійска-беларускія сувязі, у якой змешчаныя артыкулы 26 даследчыкаў з Беларусі, Латвіі, Чэхіі і Польшчы пад рэдакцыяй Міраслава Янковяка і Кірыла Касцяна. Тэксты ў кнізе прадстаўлены храналагічна (ад сярэднявечча па сучаснасць) і тэматычна (1. Археалогія і гісторыя; 2. Этналогія, фальклор, вусная гісторыя; 3. Грамадская дзейнасць, гісторыя адукацыіі, філасофія; 4. Навука, культура и мастацтва, літаратура, турызм).
Гэта ўжо сёмая кніга па беларускай тэматыцы, якая была выдадзеная дзякуючы навукоўцу-беларусісту Міраславу Янковяку, паляку па нацыянальнасці, які апошнім часам працуе ў Празе ў Інстытуце славістыкі. Спадар Міраслаў – даўні сябар нашага таварыства, ён з асабістай ініцыятывы ўсталяваў кантакты з ЛТБК “Сьвітанак” яшчэ ў 2004 годзе, калі ўпершыню прыехаў ў Латвію ў экспедыцыю вывучаць беларускія гаворкі ў Латгаліі на латвійска-беларускім памежжы. За гэтыя гады дзейнасці на карысць беларушчыны выйшлі тры кнігі пад ягонай рэдакцыяй і чатыры кнігі за ягоным аўтарствам. Далёка не кожны беларус-навуковец можа пахваліцца такімі здабыткамі. Прэзентацыя кнігі “У ценю іншых. Беларуска-латвійскія сувязі ад мінуўшчыны да сучаснасці” запланаваная ў “Сьвітанку” на красавік, а да Дня роднай мовы беларусам з нашага таварыства выпала магчымасць зладзіць сяброўскую сустрэчу за гарбатай ды кавай з вядомым філолагам-беларусістам, бо спадар Міраслаў акурат у гэтыя дні прыехаў у Рыгу, каб выступіць на навуковай канферэнцыі па запрашэнню Латвійскай акадэміі навук. Сустрэча атрымалася вельмі цікавай і цёплай. Было шмат пытанняў ад прысутных не толькі аб кнігах і навуковых даследаваннях, дыскусіі і абмеркаванні тычыліся самых розных тэм, звязаных з беларусамі і Беларуссю ў гэты складаны час. На запланаванай ўвесну прэзентацыі з удзелам спадара Міраслава і шэрагу іншых аўтараў кнігі спадзяемся пабачыць шмат зацікаўленых. Спадар Міраслаў паабяцаў падчас сустрэчы, што прывязе наступным разам дастатковую колькацць асобнікаў, каб хапіла набыць ўсім ахвотным, нават калі дзеля гэтага давядзецца ехаць машынай, а не самалётам, бо кніга атрымалася вельмі грунтоўная і прыгожая, 592 старонкі. Прапануем ўсім сачыць на нашым сайце за аб’явамі, каб атрымаць больш дакладную інфармацыю аб прэзентацыі, а таксама шчыра запрашаем на іншыя нашы імпрэзы, бліжэйшая з каторых адбудзецца 25 Сакавіка.
На здымку Мікалая Гардзеева: удзельнікі сяброўскай сустрэчы ў офісе ЛТБК “Сьвітанак”. Міраслаў Янковяк трэці злева.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/02/IMG-20230220-WA0002-e1679913341530.jpg297200Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-02-21 21:25:312023-02-25 23:28:53Сяброўская сустрэча ў “Сьвітанку” з Міраславам Янковякам.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/02/sviata-rodnai-movi-rotated.jpg400400Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-02-21 11:33:182023-02-21 11:57:12Віншуем з Днём роднай мовы!
Сёлета латвійскія беларусы атрымалі напярэдадні святаў сапраўдны падарунак – да нас з Беларусі 19 снежня на Калядную сустрэчу завітаў ажно Зміцер Вайцюшкевіч! Ён падараваў прысутным сваімі спевамі вельмі шмат станоўчых эмоцый, і ўсе тыя, хто прыйшоў ў гэты зiмовы марозны вечар паслухаць славутага спевака, не скупіліся на працягу ўсяго канцэрта на шчырыя ўсмешкі і працяглыя апладысменты. Спадар Зміцер спяваў патрыятычныя песні беларускіх аўтараў, выканаў як шэраг сваіх самых вядомых хітоў, гэтак і некалькі невядомых дагэтуль песень з новага альбому. Адна з іх – цудоўная, вельмі пяшчотная, песня “Каляднае святло” на словы Ўладзімера Някляева. Слухачы ў Рызе пачулі яе значна раней, чым з’явіўся афіцыйны кліп песні з прыгожымі малюнкамі Андруся Такіданга. Калядных аўтарскіх песень прагучала на сустрэчы нямала, бо амаль штогод напярэдадні Калядаў Зміцер Вайцюшкевіч стараецца парадаваць беларусаў сваёй новай каляднай песняй. Атмасфера на канцэрце была вельмі цёплай і нязмушанай. Спадар Зміцер – вялікі майстра не толькі ў спевах, а і ў тым, каб трымаць добры кантакт з слухачамі падчас канцэрту. Беларусы ў зале з вялікім задавальненнем спявалі разам з беларускай зоркай. Некаторым шанавальнікам ягонага таленту пашчасціла нават атрымаць ад спевака ў падарунак дыск з песнямі. На канцэрт беларусы традыцыйна запрасілі гаспадара будынку, старшыню Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесара музыкі Рафі Хараджаняна. Ён застаўся ў захапленні ад выступу беларускага артыста, не хаваў сваіх станоўчых уражанняў, і адразу на сайце Асацыяцыі з’явіліся здымкі з сустрэчы ды вельмі добрыя водгукі аб выканаўцы.
Гэтая сустрэча з шаноўным беларускім спеваком была ўжо чацвертай па ліку ў Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”. А ўпершыню Зміцер Вайцюшкевіч парадаваў сваімі спевамі рыжскую публіку на святкаванні 25-гадовага юбілею нашага таварыства амаль дзесяць гадоў таму. І беларусы ў Рызе спадзяюцца, што неўзабаве зноў пачуюць і старыя ўлюбёныя хіты, і яго новыя песні. Словамі падзякі, пажаданнямі натхнення ў творчасці і спадзяваннямі на наступную сустрэчу ў Рызе праводзілі яны Зміцера Вайцюшкевіча ў дарогу на наступны канцэрт ў Ліепаю ў рамках ягонага каляднага тура па краінах Балтыі.
Упершыню Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначала знамянальную дату ў айчыннай гісторыі – Дзень 25 сакавіка – ў 1989-м годзе. З таго часу святкаванне ўгодкаў абвяшчэння БНР стала непарушнай традыцыяй ў таварыстве. І сёлета ў гонар Акту 25 сакавіка сябры таварыства і госці сабраліся ў будынку Латвійскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў імя Іты Казакевіч, каб адзначыць гэтую векапомную для беларусаў дату. З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся сябра Рады “Сьвітанка” Вячка Целеш, які зачытаў віншавальныя лісты, якія паступілі ў адрас таварыства. Яўген Манжос зрабіў невялікі экскурс у гісторыю і нагадаў прысутным пра тыя падзеі, калі была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. З невялікім канцэртам перад прысутнымі выступіў гурт беларускай народнай песні «Вытокі». Гледачы цёпла сустрэлі выступленне самадзейных артыстаў. Для латвійскіх беларусаў гэтая дата адметнае яшчэ і тым, што менавіта 25 сакавіка святкуецца дзень нараджэння першай беларускай супольнасці ў Латвіі – таварыства “Бацькашўчына”. Менавіта “Бацькаўшчына” заклала падмурак дзейнасці беларускіх адраджэнцаў у Латвіі. Сябры «Сьвітанка» ў гэты дзень падвялі вынікі дзейнасьці свайго таварыства за справаздачны год. Аб праведзеных у 2016 годзе мерапрыемствах распавялі сябры Рады Таццяна Казак і дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ. Абралi 9 чалавек у Раду, склад яе абнавіўся, Рада папоўнілася новымі сябрамі. Старшынёй таварыства зноў пераабралі Ірыну Кузьміч.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/01/6.sa_.jpg300410Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2017-04-05 22:06:312023-04-08 21:11:27Свята ў “Сьвітанку”
У прыканцы верасня ў Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта ў Рызе адкрылася выстава ” Балтыя вачамі беларусаў” латвійскай суполкі Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.
Гэта выстава не была запланавана загадзей, як гэта звычайна робіцца, бо ўсе галерэі, музеі і выставачныя залі складаюць планы за год і нават за два да адкрыцця выставы. Аднак дзякуючы цудоўнаму і спагадліваму дырэктару Акадэмічнай бібліятэкі спадарыні Вэнты Коцэрэ, якая змагла знайсці для беларускіх мастакоў вакенца ў сваім плане, 25 верасня выстава нашага аб’яднання пачала сваю працу ў выставачнай галярэі бібліятэкі. Дарэчы, гэтае ўтульнае месца для сустрэч, прэзентацый і розных выстаў ужо не раз выкарыстоўвалі рыжскія беларусы і беларусы з самой Беларусі. У гэтым заслуга таксама і Беларускага інфармацыйнага цэнтра, які месціцца ў будынку бібліятэкі ды яго кіраўніка Уладзіслава Рэдзькіна.
Свае творы ў тэхніках жывапісу, акварэлі, станкавай графікі, малюнка, баціка, рэльефнай рэзьбы па дрэву паказалі дзесяць мастакоў суполкі . Гэта пейзажы Аліны Літвіненкі, Ганны Пейпіні, Алены Лаўрыновіч, Надзеі Ізенёвай, Галіны Жэлабоўскай, Алены Раманенкі, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай і нацюрморты Анатоля Ермаковіча, Вячкі Целеша і Васіля Малышчыца.
Восень заўсёды багата кветкамі і нашыя мастакі атрымлівалі іх, разам з віншаваннямі, ад дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганны Іванэ, старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч і яе маленькай дачушкі Сафійкі.
На адкрыццё выставы сабраліся не толькі мясцовыя беларусы, але і латышы, прадстаўнікі іншых нацыянальных меньшасцяў. Віншаванне мастакам ад пасла Беларусі ў Латвійскай Рэспубліцы спадарыні Марыны Даўгаполавай зачытаў Першы сакратар амбасады Яраслаў Міцкевіч.
Віншавалі беларускіх мастакоў Старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, прадстаўнік армянскай дыяспары прафесар Раффі Хараджаннян, старшыня Латвійскага грузінскага таварыства Нугзар Мдзінарышвілі і інш.
Адкрыццё выставы прыпала на пару бабінага лета, на першыя подыхі залатой восені, якая сваімі колерамі ўжо пачала ўпрыгожваць вуліцы, паркі і душы рыжан, ну а беларускі мастакі да гэтых колераў дадалі і фарбы сваіх прац.
Пакуль з гэта выставай будуць знаеміцца жыхары і госці нашай сталіцы, другая экспазіцыя беларускіх мастакоў “Маю гонар”адчыніцца ў кастрычніку ў горадзе Краславе, што знаходзіцца ў Латгальскім рэгіоне непадалёку ад мяжы з Беларуссю.
У наступным годзе аб’яднанне будзе адзначаць свой 25- гадовы юбілей і плануюцца выставы не толькі ў Рызе, але і ў іншых рэгіонах Латвіі. Cелятнія выставы – гэта восеньскія крокі да будучага юбілею, які мы будзем адзначаць у студзені 2016 года.
Старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вячка Целеш
На здымках:
Удзельнікаў імпрэзы вітае дырэктар Латвійскай акадэмічнай універсітэтскай бібліятэкі Вэнта Коцэрэ
Кветкі мастакам ад старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч
Прывітальнае слова старшыні АНКТЛ імя Іты Казакевіч, прафесара Латвійскай музычнай акадэміі Раффі Хараджаняна
Дзякуй Уладзіміру Караткевічу і яго кнігам за тое, што абудзілі ў мне беларуса”, – гэтыя словы гучаць сёлетняй восенню ў розных канцах свету. – Не было б Караткевіча і яго “Дзікага палявання караля Стаха” і іншых твораў, не было б і мяне, беларуса…»
Такія прызнанні гучалі ў гэтыя лістападаўскія дні і ў нашым горадзе. Сталіца Латвіі, краіны, якой ён прысвяціў свае «Казкі бурштынавага краю», памятае і любіць Караткевіча. Тут і да гэтага часу жывуць яго чытачы і яго сябры. Адзін з іх – мастак Вячка Целеш. Менавіта па яго ініцыятыве Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» зладзіла літаратурную вечарыну, каб ушанаваць юбілеі слынных беларусаў – Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і Сяргея Сахарава.
Пачалося свята з прэзентацыі біяграфічнага альманаху “Асоба і час», выдадзенага да 100-годдзя Ларысы Геніюш.
«Гісторыя аднага партрэту» – такая назва ўспамінаў пра Ларысу Геніюш нашага зямляка Вячкі Целеша, змешчаная ў альманаху. Многім з прысутным добра вядомы гэта партрэт Ларысы Геніюш, створаны В.Целешам, ён неаднаразова экспанаваўся падчас яго выстаў. А вось гісторыю знаёмства паэткі і мастака многія пачулі ўпершыню. Як, дарэчы, і голас самой Ларысы Геніюш. І голас Уладзіміра Караткевіча. І стаў магчымым гэты цуд, дзякуючы запісам, зробленым калісьці на звычайны магнітафон яшчэ адным сябрам Ларысы Геніюш, госцем беларускай імпрэзы ў Рызе спадаром Сяргеем Панізнікам. Гэтыя запісы былі пакладзены ў аснову аўдыёдыска, які прывёз на свята спадар Сяргей.
Дарэчы, многія ўдзельнікі свята прыйшлі на сустрэчу са сваімі любімымі творамі Ларысы Геніюш і Ўладзіміра Караткевіча. Так, Наталля Камілеўская прынесла з сабой невялікі зборнічак спадарыні Ларысы. Гэта было польскае выданне, адзінае, якое некалькі дзесяцігоддзяў таму яна змагла набыць калісьці ў Рызе. І які захоўвае і да гэтага часу сярод сваіх любімых кніг. Свае любімыя творы Лырысы Геніюш і Уладзіміра Караткевіча на свяце чыталі і ўдзельнікі імпрэзы. Чыталі па ўласнаму жаданню, а не таму, што гэтак было запланавана. А асабліва натхнёным было выступленне дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Іванэ, якая падрыхтавала сапраўдны экскурс у творчасць Уладзіміра Караткевіча.
Надзвычай узнёслым і шчырым было гэта свята. І па-асабліваму сяброўскім. І кранаючым. Нельга было без хвалявання слухаць успаміны Сяргея Панізніка і Вячкі Целеша пра сяброўства з асобамі, якія сталі гонарам Беларусі, сяброўства, якое яны пранеслі праз гады. І слухаючы расповеды ўжо немаладых людзей, скроні якіх даўно пабяліла сівізна, адступаў час. І здавалася, што мы ўвачавідкі бачым, як па Юрмале спяшаюцца жвавыя, гаманкія Сяргей Панізнік і Вячка Целеш, як перапоўнены яны радасцю, што ідуць у госці да самога Караткевіча. Як стромкія балтыйскія сосны чуюць гамонку навукоўцы спадарыні Мірдзы Абалы і Уладзіміра Караткевіча. Як пасля сяброўскай сустрэчы ў майстэрні Вячкі Целеша Уладзімір Караткевіч напіша з гумарам дасціпныя радкі і нават паспрабуе сябе ў ролі мастака.
Старонка з аўтографам і малюнкамі Уладзіміра Караткевіча ў Гасцёўнай кнізе майстэрні “Беларуская хатка” Вячкі Целеша
Першая – Мірдза Абала, далей – Алег Лойка, яго жонка Лілея, за ёй – Уладзімір Караткевіч, Сяргей Панізнік, а правей – Вячка Целеш у Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981 г.
Злева – Алег Лойка, яго жонка, Уладзімір Караткевіч, Вячка Целеш і Мірдза Абала ў Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981г.
Вядома, шкада, што юбілей Уладзіміра Караткевіча ў Латвіі не святкаваўся так, як гэтага хацелася б, як варта было б. Шкада, што не маем магчымасці паехаць у Оршу на ўрачыстасці, запланаваныя 26 лістапада да дня нараджэння пісьменніка, каб у гэтым шматгалоссі прагучаў і голас беларусаў з Рыгі. Удзельнікі імпрэзы папрасілі спадара Сяргея Панізніка перадаць паклон ад беларусаў Латвіі радзіме вялікага пісьменніка. А музею ў Оршы – падарунак, які падрыхтаваў Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Калі дакладна, рыхтаваць яго Вячку Целешу не спатрэбілася, бо аб гэтым шмат гадоў назад паклапаціўся сам Караткевіч.
Падчас першай сустрэчы і знаёмства з Караткевічам у Дубултах у Доме творчасці пісьменнікаў 5 снежня 1976 г. Вячка папрасіў у пісьменніка на памятку памяняцца ручкамі. Уладзімір Сямёнавіч з задавальненнем згадзіўся. І вось тая ручка, якой пісьменнік пісаў свае раманы, засталася як памятка аб той сустрэчы, як рэліквія нашага нацыянальнага генія. Гэтая ручка да гэтага часу захоўвалася ў Вячкі, а на вечарыне рыжскі мастак папрасіў перадаць яе ў дар музею Караткевіча.
У 1960 – 70-ыя годы Уладзімір Караткевіч неаднаразова наведваў Латвію, тут у яго былі сябры – паэт Еранім Стулпан, дарэчы, ён нават быў яго кумам, хросным бацькам яго дачкі. Бываў Караткевіч у Іманта Зіедоніса, які вазіў яго да сваіх бацькоў у г. Салдус, былі сустрэчы яго і з іншымі латышскімі паэтамі і пісьменнікамі.
І яшчэ адзін юбілей ушанавалі ў гэты дзень у таварыстве «Сьвітанак».
Cёлетняй восенню споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Сяргея Сахарава – чалавека, які адным з першых узняў паходню беларускасці ў Латвіі. Педагагічнай і культурна-асветніцкай працы С.П.Сахараў прысвяціў больш за пяцьдзесят гадоў, каля дваццаці пяці з іх – барацьбе за беларускую школу ў Латвіі. У літаратурнай вечарыне прыняла ўдзел унучка Сяргея Пятровіча Сахарава – спадарыня Нонна Ахметулаева. Спадарыня Нонна падзялілася сваімі ўзгадкамі пра Сяргея Сахарава, распавядала пра тое, як сёлета адзначалі яго юбілей у Лудзе, і прыпасла гасцям імпрэзы свой падарунак. Яна прачытала адно з неапублікаваных апавяданняў Сяргея Сахарава.
За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі ў 1939 г. атрымаў прэмію, якую скарыстаў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця – зборніка “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. А яшчэ ў спадчыну Сяргей Сахараў пакінуў нам, беларусам, якія жывуць у Латвіі, вось гэтыя словы:”…Але старанна вывучаючы дзяржаўную мову, вучачыся іншым мовам, не будзем забываць і сваю беларускую мову. Калі б мы нашу родную… беларускую мову закінулі, забыліся, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі” Запавет гэты надзённы для нас і праз дзесяцігоддзі. І не толькі для беларусаў Латвіі.
З радасцю мы даведаліся, што ў Талліне ствараецца нядзельная школа беларускай культуры імя Караткевіча. Творы вялікага рамантыка і казачніка вывучаюць выхаванцы Рыжскай Беларускай асноўнай школы. І, дзякуючы аўтару «Зямлі пад белымі крыламі», для юных рыжан-беларусаў гэты край, радзіма іх бацькоў і дзядоў, становіцца бліжэй…
«Святло высакароднай душы» – так назвала калісьці свой артыкул, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу латышская вучоная Мірдза Абала, якую з беларускім пісьменнікам звязвала шматгадовае сяброўства і якая пераклала яго аповесці “Чазэнія” на латышскую мову. Высакароднасць душы – тая рыса, якая яднае ўсіх нашых юбіляраў. І гэтаму святлу не згаснуць ніколі…
Таццяна Касуха
На здымках Георгія Астапковіча:
удзельнікаў імпрэзы вітае Вячка Целеш
выступае Сяргей Панізнік
вядучыя імпрэзы – мастак Вячка Целеш і паэт Сяргей Панізнік з унучкай Сяргея Сахарава Ноннай Ахметулаевай
спявае студэнтка Латвійскай музычнай акадэміі Людміла Ігнатава
вершы Уладзіміра Караткевіча чытае Таццяна Казак
выступае беларускі гурт “Вытокі”, кіраўнік Станіслаў Клімаў
два паэты, два пакаленні – мінчанін Сяргей Панізнік і рыжанка Людміла Ігнатава са сваімі паэтычнымі зборнікамі
Сімвалічная повязь сяброўства латвійскай і беларускай культуры