Запісы

Здымак Андрэя Шаўрэя

Самы вядомы латвійскі беларус, кавалер Ордэна  Трох Зорак, грамадскі дзеяч, мастак і педагог Вячка Целеш 25 верасня адзначыў свой чарговы юбілей. І хаця раней спадар Вячка таксама заўсёды да юбілейных дат ладзіў свае персанальныя выставы, сёлета да 85-годдзя яму хапіла моцы і натхнення зладзіць ажно тры прыгожых, вельмі самабытных і непадобных адна на адну выстаў.

У верасні і кастрычніку ў будынку Акадэміі навук Латвіі на  2 паверсе эскспанаваліся 16 жывапісных і 15 графічных прац мастака на выставе з назвай “З Тэрвэтскага альбома”. Карцін, прысвечаных улюбёнаму куточку мастака на латвійскай зямлі – Тэрвэтэ, створана творцам вельмі шмат. Ён пачаў маляваць пейзажы Тэрвэтэ з 1976 года, амаль адразу пасля заканчэння Латвійскай Акадэміі мастацтваў ў 1975 годзе. Карціны, прысвечаныя прыгажосці гэтага месца традыцыйна прысутнічаюць на выставах мастака. Наогул Вячка Целеш з’яўляецца ўдзельнікам больш за 100 выстаў,  ў тым ліку амаль 30 персанальных. А працы мастака ў розных тэхніках прысутнічаюць у зборах музеяў і прыватных калекцыях Беларусі, Латвіі, ЗША, Канады, Францыі, Ізраіля, Швейцарыі, Румыніі, Партугаліі, Расіі, Кітая і іншых краін.

На другой па ліку выставе “Разважанні года”, арганізаванай ў Вялікай зале будынка АНКТЛ ў кастрычніку наведвальнікі маглі пабачыць самыя разнастайныя працы: графіку, жывапісныя нацюрморты, пейзажы, партрэты сваякоў і сяброў, а таксама некалькі аўтапартрэтаў розных гадоў. На адкрыццё выставы павіншаваць шаноўнага спадара Вячку сабралася вельмі шмат родных і сяброў, аднакурснікаў, калег-мастакоў розных нацыянальнасцяў, асабліва, канешне, беларусаў з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” і Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыіі “Маю гонар”, заснавальнікам якіх ён з’яўляецца.

Павіншаваць юбіляра прыйшлі таксама ягоныя былыя вучні, выпускнікі Рыжскай Беларускай асноўнай школы. Вячка Целеш – адзін з ініцыятараў стварэння школы, заснаванай нашым таварыствам “Сьвітанак” ў 1994 годзе, ён быў першым дырэктарам школы.

Адкрыццё апошняй юбілейнай выставы экслібрысаў адбылося 23 лістапада ў будынку Латвійскай Нацыянальнай бібліятэкі. На выставе экспануюцца ажно 71 экслібрысаў аўтарства Вячкі Целеша. Сярод іх экслібрысы, прысвечаныя такім вядомым асобам, як Уладзімеру Караткевічу, Рыгору Барадуліну, Зосьцы Верас, Лявону Луцкевічу, Адаму Мальдзісу, Улдысу Бэрзыньшу, Андрысу Вілксу ды іншым. Наведаць выставу можна да 31 снежня.

Мы жадаем шаноўнаму Вячку Целешу здароўя, настрою і натхнення на стварэнне шматлікіх новых карцін для новых выстаў, прысвечаных наступным юбілеям!

Здымкі Міколы Гардзеева, Дзяніса Давыдава і Алега Целеша

Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасня 1938 года ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці). Мастак, педагог, гісторык, пісьменнік, беларускі грамадскі дзеяч, сябра Саюзаў мастакоў Беларусі і Латвіі.

У 20-гадовым узросце выправіўся ў Латвію, працаваў слесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазней атрымаў ступень магістра мастацтва.

Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе.

Працуе ў розных жанрах станкавага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і экслібрысаў выдатных беларускіх і латышскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.

Вячка Целеш – адзін з самых вядомых еўрапейскіх філакартыстаў: ягоны альбом “Гарады Беларусі на старых паштоўках” на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.

Аўтар біяграфічнай кнігі “Адсюль наш род, тут мой прычал”, прысвечанай радаводу краснасельскіх Целешаў. Аўтар кнігі “Беларускія мастакі Латвіі” і інш.

02 студзеня 2016, 14:27

-

Напрыканцы 2015 года, 16 снежня, у памяшканні Рыжскай Думы (Рыжскай ратушы) адбылося адкрыццё выставы, жывапісу і графікі “Гадоў датыкненні” прысвечанай 40-годдзю творчай дзейнасці Вячкі Целеша, вядомага латвійскага мастака-беларуса.

Яго запаветная мара стаць мастаком здзейснілася ў 1975 годзе, калі ён скончыў Латвійскую Дзяржаўную Акадэмію мастацтваў. Сёння Вячка Целеш з гонарам зазначае, што мастацкі густ яго і прафесіяналізм выпрацоўваліся пад уплывам выдатных педагогаў прафесароў Конрада Убанса, Эдуарда Калныньша, Пэтэрыса Упітыса і Уладзіміра Козіна.

Вячка Целеш сапраўдны творца і вялікі працаўнік.  На яго рахунку – вялікая колькасьць персанальных і каллектыўных выстаў. Толькі ў бягучым годзе ён зладзіў некалькі каллектыўных і тры персанальных выставы.

А вось пра Целеша – жывапісца хочацца згадаць асобна. Агнём любові, незвычайнай вытанчанасці і прыгажосці гараць яго палотны. Калькі ў іх колераў, паўтонаў, незвычайных фарбаў, тонкага адчування свету. Крані той яблык і пырсне ён спелым сокам, апячэ водарам дзяцінства. А вяргіні, нібы сполахі апошняга бабінага лета, ці тая сцяжынка, што ад бацькоўскай хаты, ці не яна стане жыццёвым шляхам пасля.
У кожнага, хто прыйшоў павіншаваць свойго сябра і мастака сваё, вельмі асабістае адчуванне яго творчасці.

З цёплымі пажаданнямі прыйшлі на выставу прадстаўнікі беларускай амбасады – першы сакратар Аляксандр Сушкевіч і саветнік-пасланнік Яраслаў Міцкевіч, вядомы латышскі мастацвазнаўца Марыса Бранцыс, прафесар ISMA Віктар Гапеенка. Вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш прачытаў верш Пётры Целеша ў сваём перакладзе з польскай на латышскую мову. Пра Пётру Целеша партэбна сказаць асобна. Гэта адзін з прадстаўнікоў радаводнага дрэва Вячкі Целеша, імя якога згадвае спадар Целеш у сваёй кнізе „Адсюль наш род, тут мой прычал”. Не забыліся пра свайга настаўніка і першага дырэктара і сённяшнія вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы. Яны парадавалі ўдзельнікаў імпрэзы музычным віншаваннем, ад якога па-юначы хороша пасвятлеў у мастака твар. Не, не здарма столькі здароўя, столькі высілкаў было некалі аддадзена любай школе!

Гадзіннік жыцця хутка адлічвае час. З кожным годам, на вялікі жаль, адыходзяць ад нас надзейныя і любімыя нашы сябры. І як прыемна сярод гасцей было ўбачыць, што В.Целеша прыйшоў павіншаваць яго педагог, былы загадчык кафедры жывапісу Латвійскай Акадэміі мастацтваў прафесар Уладзімір Іванавіч Козін. Бог якому наканаваў такое доўгае і прыгожае жыццё. Спадар Козін мае сёння 93 гады. Беражы яго Божа!

Дарагі, родны наш Вячка! З юбілейнай выставай Вас! Жадаем здароўя, моцы, спагады, адданых вучняў і мноства сонечных, жыццясцвярджальных колероў на вашых палотнах!

Ганна Іванэ,

дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

На здымках:

-

Вячка Целеш і яго працы

-
-

Добрыя словы мастаку адрасаваў вядомы латышскі мастацтвазнаўца Марыс Бранцыс

-

Мастака вітае Рыжская беларуская школа імя Янкі Купалы

-

Вячка Целеш са сваім педагогам – прафесарам Уладзімірам Козіным

-

Віншаванне  Вячку Целеша ад  дырэктара РСШ №71 Андрэя Рыжыкава

-

Юбіляра віншуе прафесар ISMA Віктар Гапеенка

-

Вячка Целеш з унукамі – Славікам і Алінай