Запісы

У Осла 10 снежня 2022 г., у Міжнародны дзень правоў чалавека, адбылася вельмі важная для беларусаў падзея – урачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе яе атрымалі тры намінанты: заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” беларус Алесь Бяляцкі і дзве праваабарончыя арганізацыіі: украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі не змог асабіста атрымаць узнагароду, бо ён ужо на працягу 18 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы за сваю правабарончую дзейнасць. Таму Нобелеўскую прэмію міру замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.

15 студзеня беларусы з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” у Рызе зладзілі імпрэзу, прысвечаную лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год Алесю Бяляцкаму. Прамову Наталлі Пінчук, складзеную з выказванняў і цытат з кніг Нобелеўскага лаўрэата, беларусы з Латвіі мелі магчымасць паглядзець разам у Вялікай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі.

На імпрэзе гучала шмат добрых слоў аб Алесе Бяляцкім, бо шмат хто з прысутных у зале быў знаёмы з ім асабіста. Нобелеўскі лаўрэат неаднаразова быў у Рызе. Мастак Вячка Целеш распавёў аб супрацы з Алесем на пачатку 90-х, калі той яшчэ ў зусім маладым узросце пасля заканчэння аспірантуры быў абраны на пасаду дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. З дапамогай спадара Вячкі ў музеі тады была арганізаваная выстава старых паштовак. Прысутныя таксама змаглі пабачыць фотаздымкі 2004 г. з сяброўскай сустрэчы са “сьвітанкаўцамі” ў знакамітай майстэрні спадара Вячкі на  вул. Стабу, вядомай у асяродку беларусаў як “Беларуская хатка”, гасцямі якой у свой час былі такія знакавыя для беларусаў асобы: Уладзімер Караткевіч, Рыгор Барадулін ды інш. А вядомы цяпер усяму свету Алесь Бяляцкі разам з іншымі палітыкамі, праваабаронцамі і грамадскімі дзеячамі ў 2004 г. быў удзельнікам адной з міжнародных канферэнцый ў Рызе.

Шмат хто з прысутных на імпрэзе ведаў Алеся Бяляцкага яшчэ да ад’езду з Беларусі. Некаторыя нават змаглі  ў свой час павіншаваць Алеся з атрыманнем прэмій. За сваю праваабарончую і літаратурную дзейнасць Алесю Бяляцкаму былі прысвоены дзве літаратурныя прэміi ў Беларусі і 8 міжнародных прэмій у галіне абароны правоў чалавека. Ён мае шэраг ганаровых міжнародных званняў, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Парыжа, Генуі і Сіракузаў, 5 разоў быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру. Усе выступоўцы адзначалі Алеся, як вельмі сціплага, адказнага, звышарганізаванага і надзвычай аптымістычнага, жыццярадаснага чалавека, які мае абвостранае пачуццё справядлівасці. Таму падчас імпрэзы ўсе гаварылі пра яго ў цяперашнім часе, каб мацней адчуць прысутнасць і нязломнасць Нобелеўскага лаўрэата.

Алесь Бяляцкі – вельмі таленавіты чалавек. Праваабаронца не менш вядомы як пісьменнік. Каб разам ушанаваць разнастайнасць яго дасягненняў, на імпрэзе была прэзентаваная кніга “Алесь”,  якую  выдаў Беларускі ПЭН-цэнтр адмыслова да 10 снежня – дня ўручэння Нобелеўскай прэміі міру.  

Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яркіх яго прадстаўнікоў. Адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць”, –  гаворыцца ў прадмове. Сябры таварыства мелі магчымасць набыць гэтую кнігу, якая складаецца з твораў самога Нобелеўскага лаўрэата і выказванняў аб ім іншых людзей: беларускіх пісьменнікаў, паплечнікаў-праваабаронцаў з усяго свету, вядомых палітыкаў і дзеячаў культуры.

Адзін з тых, чыё выказванне аб Алесе Бяляцкім змешчанае ў кнізе – Стэфан Эрыксан, дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі, быў госцем вечарыны. Ён падзяліўся ўспамінамі аб сваім супрацоўніцтве з Нобелеўскім лаўрэатам у той час, калі выконваў абавязкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, выказаў словы свайго захаплення Алесем Бяляцкім як асобай.

Яшчэ адна госця вечарыны, беларуская паэтка Віка Трэнас таксама вельмі ўзрушана распавяла аб шматгадовай сумеснай працы з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў.

Прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары Таццяна Шчэрбанос і Ганна Букрэева падрыхтавалі для прысутных музычны падарунак – патрыятычную літаратурна-музычную кампазіцыю. У канцы імпрэзы была праведзеная віктарына, падрыхтаваная Марынай Канапелька ў супрацоўніцтве з праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Удзельнікі адказвалі на цікавыя пытанні аб правах чалавека і гісторыі праваабарончых арганізацый. Беларусы ва ўсім свеце вельмі ганарацца Алесем Бяляцкім, ганарацца ужо другой па ліку Нобелеўскай прэміяй, атрыманай беларусамі на працягу апошніх 8 гадоў. Варта дадаць, што ў ЛТБК “Сьвітанак” у 2015 г. таксама была адзначаная Нобелеўская прэмія па літаратуры – узнагарода пісьменніцы Святланы Алексіевіч.

У другой частцы сустрэчы адбыўся справаздачна-выбарчы сход таварыства. Пасля справаздачы кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак” у таварыства былі прынятыя новыя члены, быў абраны абноўлены склад Рады, адбылося абмеркаванне плана працы таварыства на 2023 год.

Нагадаем наведвальнікам нашага сайта, што кожны мае магчымасць прыяднацца да нашай суполкі, незалежна ад нацыянальнасці, грамадзянства ці іншых адрозненняў. Мы вітаем усіх зацікаўленых беларускай культурай і гісторыяй і падтрымліваем самыя разнастайныя творчыя ідэі кожнага сябра.

Дзякуем усім удзельнікам, і да новых сустрэч у новым годзе!

Андрэй Татур

Здымкі Лявона Маствілішскага і Таццяны Казак