Запісы

23 красавіка ў будынку Асацяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі адбылася літаратурная вечарына “Як жыць, дык жыць для Беларусі”, прысвечаная памяці сапраўдных беларусаў-літаратараў: Ларысы Геніюш, Леаніда Маракова і Янкі Маўра. Як і заўсёды, гэта была сустрэча аднадумцаў, цікавых людзей, патрыётаў, не абыякавых да Айчыны. Традыцыйна імпрэза распачалася з выканання прысутнымі дзяраўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, барані Латвію” ) і неафіцыйнага беларускага гімна “Магутны Божа”.

7 красавіка споўнілася 40 гадоў з дня смерці Ларысы Геніюш, калі тысячы беларусаў прыехалі ў Зэльву, каб правесці яе ў апошні шлях. Мастак Вячка Целеш захапляльна і цікава распавядаў пра жыццёвы шлях вялікай паэткі, чые словы далі назву вечарыны, і сваё сяброўства з Ларысай Геніюш. Падчас свайго выступу ён дэманстраваў партрэты Ларысы Геніюш, якія маляваў з натуры ў яе старой хаце ў Зэльве, падараваныя яму паэткай кнігі з аўтографамі, чытаў лісты і віншаванні яму ад Ларысы Геніюш. Дзякуючы яго расповеду можна было ўбачыць нязломную патрыётку Беларусі. Вернасць сваім ідэалам не дазволілі ёй змяніць грамадзянства БНР на СССР. Негледзячы на гэта, яе кнігі друкаваліся ў Беларусі. Гісторыя яе жыцця дадала мне веры ў нас.

Творчасць Ларысы Геніюш сёння зноў вельмі актуальная. Яе неўміручыя вершы з натхненнем чыталі падчас імпрэзы і гаспадары, і госці вечарыны.

Вялікае ўражанне было ад выступу маладой беларускай паэткі Вікі Трэнас. Яна распавяла пра Леаніда Маракова, якому споўнілася б сёлета 15 красавіка толькі 65 гадоў. Вікторыя асабіста ведала сп. Леаніда, бо шмат кантактавала з ім падчас працы ў Беларускім саюзе пісьменнікаў.

Па адукацыі радыёэлектронік, у 1990-я гады ён меў паспяховы бізнэс у гэтай галіне і пачаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі, паэта Валерыя Маракова, расстралянага 29 кастрычніка 1937 года. Вынікам працы стала маштабнае даследаванне сталінскіх рэпрэсій у Беларусі – падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-томны энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі адукацыі, грамадскія і культурныя дзеячы. 1794-1991». У ім сабраныя звесткі пра 20 тысяч ахвяр, фактычна Леанід Маракоў за свой кошт зрабіў працу цэлага навукова-даследчага інстытута.

Ён таксама апублікаваў дакументальнае даследаванне «Ахвяры і карнікі», у якім сабраны біяграфіі ахвяр і тых, хто мае дачыненне да рэпрэсій у Беларусі. Асобна выйшла кніга, у якой сабраны звесткі пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных святароў. Леанід Маракоў вядомы таксама сваёй літаратурнай творчасцю, аўтар некалькіх кніг, у 2014 годзе выйшла яго манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940-я гады». Віка Трэнас таксама чытала прысутным на вечарыне свае творы.

Яе вершы сапраўдныя і пякучыя, адчыняюць тое, што ў сэрцы беларусаў. Будзем чакаць ад яе вершаў пра радасць і перамогу.

Дзякуючы намесніцы дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы і дырэктарцы школьнага музея Янкі Купалы Ганне Іванэ удзельнікам імпрэзы было цікава даведацца пра вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка Янку Маўра і прысвечаную яму экспазіцыю ў школьным музеі. Сёлета 28 красавіка споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, які нарадзіўся ў Ліепаі (Лібаве). Ганна Ўладзіславаўна вельмі цікава распавядала пра дзіцячыя і юнацкія гады пісьменніка, што прайшлі на латвійскай зямлі, пра яго творчасць. і запрасіла ўсіх прысутных наведаць школьны музей, дзе ёсць шмат цікавых экспанатаў не толькі пра Янку Маўра.

З кароткімі выступамі ў вечарыне бралі ўдзел госці. Латышская паэтка і перакладчыца Дагнія Дрэйка чытала свае творы на латышскай і польскай мовах.

Вялікую асалоду атрымалі прысутныя ад спеваў украінскага вакальнага гурта “Дзівчата”. Асабісты вам дзякуй за беларускія, латышскія ды ўкраінскія песні!

Напрыканцы сустрэчы мастачка Вольга Якубоўская зладзіла экскурсію па экспазіцыі сваёй выставы, адкрыццё якой адбылося падчас святкавання 25 Сакавіка. Яна распавяла пра сваіх “Коцікаў Свабоды”, пра гісторыю напісання твораў. Зараз я бачу, што коцікі не такія простыя. Поспехаў Вам, Вольга! 

Таццяна Казак, старшыня “Сьвітанка”, шчыра падзякавала мастачцы не толькі за яе выставу, творчасць ды грамадзянскую пазіцыю, а выказала ёй і беларусу з Грузіі Івану Бахціну вялікую падзяку ад імя таварыства за фінансавую дапамогу.

Таццяна распавяла прысутным пра тое, што Вольга Якубоўская, каб дапамагчы ЛТБК “Сьвітанак” аплаціць сяброўскія ўнёскі ў Асацыяцыю НКТЛ за 2023 год, каб ў латвійскіх беларусаў надалей была магчымасць сустракацца ў будынку на Слокас 37, выставіла ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку на дабрачынны аўкцыён вельмі прыгожую карціну “Падарунак”. Карціну прыдбаў Іван Бахцін, які шмат дапамагае беларусам, за ўсю суму гадавых ўнёскаў – 360 еўра і пакінуў яе ў падарунак таварыству.

Завяршылася сустрэча сяброўскай гарбатай з кавай у Каміннай зале, упрыгожанай таксама карцінамі Вольгі. Вось дзе можна было паразмаўляць па сваімі аднадумцамі, падзяліцца марамі, пачуць меркаванні. Дзякуй ўсім, хто прыйшоў, нягледзячы на цудоўнае надвор’е, калі так цягне на вясновае сонейка ля мора. Паступіла прапанова наступную імпрэзу Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” зладзіць на свежым паветры, так што сачыце за навінамі на нашым сайце і далучайцеся, калі ласка!

Андрэй К.

Здымкі Сяргея Якубоўскага і Васіля Малышчыца.

Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” выказваюць шчырую падзяку за дапамогу мастачцы Вользе Якубоўскай і беларускаму мецэнату Івану Бахціну.

Як вядома, наша таварыства ўжо амаль 35 гадоў працуе ў Латвіі, і існаванне таварыства заўсёды, яшчэ з савецкіх часоў, грунтавалася выключна на шматгадовай грамадскай працы ягоных сябраў. У адрозненні ад усіх іншых нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, калі не лічыць некалькіх гадоў сапраўднай незалежнасці Беларусі на пачатку 90-х, “Сьвітанак” не меў ніколі ніякай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы, нашай Радзімы. Ні інфарматыўнай, ні метадычнай, ні тым больш фінансавай. Бо “Сьвітанак” назалежна ад палітычнай сітуацыі ў Беларусі заўсёды заставаўся абаронцам ў Латвіі і нашай мовы і культуры, і гістарычных сымбаляў, і незалежнасці Беларусі. З моманту свайго заснавання ў 1988 годзе ЛТБК “Сьвітанак” з’яўляецца таксама заснавальнікам Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Амаль штомесяц сябры таварыства ладзяць розныя культурныя мерапрыемствы. І каб утрымліваць будынак Асацыяцыі на вул. Слокас, 37, дзе мы маем невялічкі офіс, і мець магчымасць карыстацца заламі для імпрэз, таварыству разам з больш як 25 суполкамі іншых нацыянальнасцяў трэба плаціць ўнёскі ў Асацыяцыю памерам 360 еўра на год. На працягу 35 гадоў гэтыя, здаецца, і не надта вялікія для цэлай арганізацыі грошы збіралі сярод адных і тых жа шматгадовых яе сябраў і мастакоў з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. А з улікам таго, што абсалютную большасць сябраў “Свьвітанка” да 2023 года складалі пенсіянеры, гэта не было проста, асабліва ў папярэднія цяжкія гады. І таму, калі на апошнюю імпрэзу “Свьвітанка”, прымеркаванае да 25 Сакавіка адкрыццё выставы беларускай мастачкі  Вольгі Якубоўскай, прыйшла вялікая колькасць беларусаў, каля 100 чалавек, кіраўніцтва  таварыства вырашыла звярнуцца да латвійскай супольнасці беларусаў за дапамогай. У звароце, які быў змешчаны ў мясцовых беларускіх чатах, была прапанова агульнымі намаганнямі сабраць грошы на ўнёсак у Асацыяцыю за гэты год. І хоць водгук на гэты зварот апынуўся пакуль што амаль безвыніковым, дапамога таварыству прыйшла адтуль, адкуль мы яе зусім не чакалі!

Вольга Якубоўская змясціла зварот і абвясціла дабрачынны аўкцыён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Мастачка напісала, што вельмі хоча дапамагчы сваім новым сябрам ў Рызе і выставіла на аўкцыён сваю шыкоўную карціну “Падарунак”. І практычна адразу ж яе прыдбаў Іван Бахцін, які жыве не ў Латвіі, за ўсю суму гадавых ўнёскаў таварыства ў Асацыяцыю. Больш таго, Іван нават адразу запрапанаваў, каб і сама карціна засталася ў таварыстве як падарунак ад яго. Вольга, вядома, спачатку не пагадзілася, але рашэнне гаспадара карціны было прынцыповым. Іван вельмі сціплы чалавек і ніяк нідзе не афішуе сваю дабрачыннасць і мецэнацтва. Ад Вольгі мы даведаліся, што ён удзельнік практычна ўсіх яе дабрачынных аўкцыёнаў і вельмі шмат каму дапамагае. У адказ на нашу падзяку малады чалавек напісаў,  што не зрабіў нічога надзвычайнага, заўсёды рады дапамагчы, назваўшы нас адметнымі людзьмі. А яшчэ Іван вельмі задаволены, што мецэнацтва паступова сярод беларусаў апошнім часам пашыраецца. Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” лічаць адметнымі людзьмі менавіта Вольгу Якубоўскую і Івана Бахціна! Мы вельмі радыя, што можам тут, на нашай старонцы, працу якой мы не так даўно аднавілі пасля доўгага перапынку, публічна выказаць ім словы сваёй удзячнасці. Запрашаем Івана таксама пры магчымасці абавязкова наведаць Рыгу. Будзем заўсёды рады паказаць і сталіцу Латвіі, і наш прытулак на Слокас 37. А таксама будзем вельмі чакаць Івана ў лістападзе на нашым юбілеі і атрымаць ад іх з Вольгай агульны падарунак – “Падарунак”!

А ўсім, хто зараз ўжо знаходзіцца ў Латвіі, мы нагадваем, што першая ў Латвіі персанальная выстава беларускай мастачкі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай даступная для агляду ў Рызе на вул. Слокас 37 да 25 красавіка. Акрамя ўсім вядомых прац, намаляваных акрылам,  у двух залах будынка выстаўленыя ўнікальныя скураныя карціны. Падрабязней пра выставу можна даведацца з нашых папярэдніх матэрыялаў на старонцы.

Таксама заклікаем беларусаў больш актыўна далучацца да шэрагу тых, хто падтрымлівае беларускую культурніцкую дзейнасць у Латвіі, накіраваную на захаванне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці на гэтай зямлі. 

Кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак”

Выставу “Малюю наша жыццё” сябра Аб’яднання мастакоў-беларусаў Латвіі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай можна наведаць з 25 сакавіка да 25 красавіка ў будынку Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч па адрасе вул. Слокас 37 ў Рызе. Экспазіцыя размешчаная ў дзвух залах: Вялікай і Каміннай. Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 25 сакавіка падчас святкавання 105-х угодкаў абвяшчэння БНР.

На выставе ў Вялiкай зале экспануюцца 25 карцiн серыi “Коцiкi Свабоды” з асабiстымi каментарамi мастачкі па гiсторыi iх напiсання. Казачнымi вобразамi адлюстраваны як трагiчныя, так i святочныя моманты сучаснасцi i гiсторыi Беларусi, якiя звяртаюць увагу i выклiкаюць iнтарэс  i дарослых,  i дзяцей. Некаторыя з прац выстаўленыя ўпершыню. У Камiннай зале  размешчаныя iншыя працы мастачкi рознай тэматыкi i перыяду напiсання, у тым ліку шыкоўныя мастацкія карціны са скуры, якiя можна набыць па дамоўленасцi. 

Адкрыццё выставы прайшло  ў цёплай, сяброўскай i святочнай атмасферы. Кранальная творчасць Вольгi i асабiсты стыль выканання  выклiкаюць слёзы радасцi i смутку, гонар за беларусаў  i надзею на свабоду, штурхаюць да iмкнення да волi.

Сардэчна запрашаем па адрасе: Rīga, Slokas iela, 37

Час працы:

Пн-Пт з 10-00 да 18-00. 

Наведванне лепш папярэдне ўзгадніць па тэлефонах, асабліва ў выходныя дні, бо ў залах могуць адбывацца імпрэзы. +37167613638; +37127024786.

Уваход вольны.

Вольга Якубоўская

 Нарадзілася ў г. Сартавала, Карэлія.

 У 1989 г. скончыла Кунгурскае мастацкае вучылішча (зараз – Кунгурскі мастацкі каледж – філіял Маскоўскай ГХПА імя Строганава), Пермскі край, у 2007 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (кафедра народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), г. Мінск, Беларусь.

Сябра Творчага Саюза мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

 З 1989 г. жыла і працавала ў г. Наваполацку, Беларусь, займалася малюнкам, жывапісам, ілюстрацыяй, а таксама мастацкай апрацоўкай скуры.

 У актыве Вольгі – дзясяткі сумесных і персанальных выстаў і сотні карцін у розных кутках свету – Латвіі, Германіі, Францыі, Нідэрландах, Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Японіі, Аўстраліі і іншых краінах.  Вольга Якубоўская – аўтарка вядомай серыі карцін «Коцікі Свабоды», прысвечанай барацьбе народа Беларусі за свабоду і свае правы.