http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/02/sviata-rodnai-movi-rotated.jpg400400Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-02-21 11:33:182023-02-21 11:57:12Віншуем з Днём роднай мовы!
У Осла 10 снежня 2022 г., у Міжнародны дзень правоў чалавека, адбылася вельмі важная для беларусаў падзея – урачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе яе атрымалі тры намінанты: заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” беларус Алесь Бяляцкі і дзве праваабарончыя арганізацыіі: украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі не змог асабіста атрымаць узнагароду, бо ён ужо на працягу 18 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы за сваю правабарончую дзейнасць. Таму Нобелеўскую прэмію міру замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.
15 студзеня беларусы з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” у Рызе зладзілі імпрэзу, прысвечаную лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год Алесю Бяляцкаму. Прамову Наталлі Пінчук, складзеную з выказванняў і цытат з кніг Нобелеўскага лаўрэата, беларусы з Латвіі мелі магчымасць паглядзець разам у Вялікай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі.
На імпрэзе гучала шмат добрых слоў аб Алесе Бяляцкім, бо шмат хто з прысутных у зале быў знаёмы з ім асабіста. Нобелеўскі лаўрэат неаднаразова быў у Рызе. Мастак Вячка Целеш распавёў аб супрацы з Алесем на пачатку 90-х, калі той яшчэ ў зусім маладым узросце пасля заканчэння аспірантуры быў абраны на пасаду дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. З дапамогай спадара Вячкі ў музеі тады была арганізаваная выстава старых паштовак. Прысутныя таксама змаглі пабачыць фотаздымкі 2004 г. з сяброўскай сустрэчы са “сьвітанкаўцамі” ў знакамітай майстэрні спадара Вячкі на вул. Стабу, вядомай у асяродку беларусаў як “Беларуская хатка”, гасцямі якой у свой час былі такія знакавыя для беларусаў асобы: Уладзімер Караткевіч, Рыгор Барадулін ды інш. А вядомы цяпер усяму свету Алесь Бяляцкі разам з іншымі палітыкамі, праваабаронцамі і грамадскімі дзеячамі ў 2004 г. быў удзельнікам адной з міжнародных канферэнцый ў Рызе.
Шмат хто з прысутных на імпрэзе ведаў Алеся Бяляцкага яшчэ да ад’езду з Беларусі. Некаторыя нават змаглі ў свой час павіншаваць Алеся з атрыманнем прэмій. За сваю праваабарончую і літаратурную дзейнасць Алесю Бяляцкаму былі прысвоены дзве літаратурныя прэміi ў Беларусі і 8 міжнародных прэмій у галіне абароны правоў чалавека. Ён мае шэраг ганаровых міжнародных званняў, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Парыжа, Генуі і Сіракузаў, 5 разоў быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру. Усе выступоўцы адзначалі Алеся, як вельмі сціплага, адказнага, звышарганізаванага і надзвычай аптымістычнага, жыццярадаснага чалавека, які мае абвостранае пачуццё справядлівасці. Таму падчас імпрэзы ўсе гаварылі пра яго ў цяперашнім часе, каб мацней адчуць прысутнасць і нязломнасць Нобелеўскага лаўрэата.
Алесь Бяляцкі – вельмі таленавіты чалавек. Праваабаронца не менш вядомы як пісьменнік. Каб разам ушанаваць разнастайнасць яго дасягненняў, на імпрэзе была прэзентаваная кніга “Алесь”, якую выдаў Беларускі ПЭН-цэнтр адмыслова да 10 снежня – дня ўручэння Нобелеўскай прэміі міру.
“Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі – і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яркіх яго прадстаўнікоў. Адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць”, – гаворыцца ў прадмове. Сябры таварыства мелі магчымасць набыць гэтую кнігу, якая складаецца з твораў самога Нобелеўскага лаўрэата і выказванняў аб ім іншых людзей: беларускіх пісьменнікаў, паплечнікаў-праваабаронцаў з усяго свету, вядомых палітыкаў і дзеячаў культуры.
Адзін з тых, чыё выказванне аб Алесе Бяляцкім змешчанае ў кнізе – Стэфан Эрыксан, дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі, быў госцем вечарыны. Ён падзяліўся ўспамінамі аб сваім супрацоўніцтве з Нобелеўскім лаўрэатам у той час, калі выконваў абавязкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, выказаў словы свайго захаплення Алесем Бяляцкім як асобай.
Яшчэ адна госця вечарыны, беларуская паэтка Віка Трэнас таксама вельмі ўзрушана распавяла аб шматгадовай сумеснай працы з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў.
Прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары Таццяна Шчэрбанос і Ганна Букрэева падрыхтавалі для прысутных музычны падарунак – патрыятычную літаратурна-музычную кампазіцыю. У канцы імпрэзы была праведзеная віктарына, падрыхтаваная Марынай Канапелька ў супрацоўніцтве з праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Удзельнікі адказвалі на цікавыя пытанні аб правах чалавека і гісторыі праваабарончых арганізацый. Беларусы ва ўсім свеце вельмі ганарацца Алесем Бяляцкім, ганарацца ужо другой па ліку Нобелеўскай прэміяй, атрыманай беларусамі на працягу апошніх 8 гадоў. Варта дадаць, што ў ЛТБК “Сьвітанак” у 2015 г. таксама была адзначаная Нобелеўская прэмія па літаратуры – узнагарода пісьменніцы Святланы Алексіевіч.
У другой частцы сустрэчы адбыўся справаздачна-выбарчы сход таварыства. Пасля справаздачы кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак” у таварыства былі прынятыя новыя члены, быў абраны абноўлены склад Рады, адбылося абмеркаванне плана працы таварыства на 2023 год.
Нагадаем наведвальнікам нашага сайта, што кожны мае магчымасць прыяднацца да нашай суполкі, незалежна ад нацыянальнасці, грамадзянства ці іншых адрозненняў. Мы вітаем усіх зацікаўленых беларускай культурай і гісторыяй і падтрымліваем самыя разнастайныя творчыя ідэі кожнага сябра.
Дзякуем усім удзельнікам, і да новых сустрэч у новым годзе!
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/01/127002374_bialiatski.jpg.webp549976Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-01-16 15:12:042023-06-05 11:58:54Імпрэза, прысвечаная лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму
4 снежня 2022 года ў Вялікай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч латвійскія беларусы традыцыйна сабраліся разам, каб адзначыць 102-я ўгодкі Слуцкага паўстання.
Імпрэза распачалася з сумеснага выканання прысутнымі Дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, блаславі Латвію”) і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа” пад акампанемент Наталлі Камілеўскай.
Вечарыну адкрыла старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак” Таццяна Казак. Яна адзначыла, што беларусы і латышы ў ХХ ст. першапачаткова знаходзіліся ў падобнай, нават практычна аднолькавай гістарычнай сітуацыі пасля распаду Расійскай імперыі. Аднак Латвійская Рэспубліка, абвешчаная 18 лістапада 1918 г., праіснавала да 1940 г., а Беларуская Народная Рэспубліка, што была абвешчана 25 сакавіка 1918 г. – толькі да 1919 г. Слуцкае паўстанне – гэта ўзброеная барацьба жыхароў Случчыны супраць бальшавікоў, якая адбывалася ў лістападзе-снежні 1920 года. Традыцыйна 27 лістапада, калі пачаліся першыя баі з бальшавікаі, лічыцца пачаткам паўстання, і беларусы ў Беларусі і за мяжой адзначаюць яго як Дзень Герояў. Беларусы, як і латышы, правялі вялікую і трагічную барацьбу за сваю свабоду на пачатку ХХ стагоддзя. Чаму такі акцэнт робіцца менавіта на Слуцкім паўстанні 1920 году? Гэта быў не адзіны факт антыбальшавіцкага супраціву на тэрыторыі Беларусі ў тыя бурныя часы. Але найбольш моцны палітычны падмурак мела менавіта Слуцкае паўстанне, бо гэта было не стыхійнае паўстанне супраць новых парадкаў, а планамерная спроба адстаяць незалежнасць беларускай нацыянальнай дзяржавы.
Паўстанне пачалося пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы, якая “разрэзала” тэрыторыю Беларусі напалову: Польшча і савецкая дзяржава падзялілі Беларусь. Згодна з дамовай, польскія войскі адыходзілі, вызваляючы нейтральную зону, у якой знаходзіўся Слуцкі павет.
Моцныя пазіцыі на гэтай тэрыторыі тады займала партыя эсэраў, аснову якой складалі беларускія сяляне. Эсэры выступалі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. З адыходам палякаў сяляне абралі беларускія нацыянальныя камітэты як органы народнай улады ў павеце. На чале гэтых камітэтаў стаялі эсэры, яны ініцыявалі Першы з’езд Случчыны.
З’езд адбыўся 14-15 ліпеня 1920 г. у Слуцку, 107 дэлегатаў прынялі пастанову аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і абралі Раду. Яго задачамі былі арганізацыя цывільнага кіравання, а таксама арганізацыя абароны павета.
“З’езд катэгарычна пратэстуе супраць акупацыі родных зямель чужацкімі наездамі і супраць самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнаваная чужынцамі, якія нішчаць яе і дагэтуль, і мы, аддаючы справе адбудавання нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцці, звяртаемся да ўсяго свету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэнні нашай вайсковай сілы…
Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных граніцах!” – пісалася ў рэзалюцыі З’езду.
Рада стварыла два палкі: першы Слуцкі і другі Грозаўскі. Гэтыя два палкі складалі Слуцкую брыгаду. У той час уся Беларусь была салідарная са Слуцкім паўстаннем. Беларускія жаночыя арганізацыі накіравалі 1-му Слуцкаму палку бел-чырвона-белы сьцяг, на якім была вышытая Пагоня са словамі прысвячэньня: “Тым, што першымі паўсталі і пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.
Вораг быў ў колькаснай перавазе і лепш падрыхтаваны да вайны, але тысячы паўстанцаў са зброяй у руках гучна гаварылі: “Ганіце польскіх паноў і маскоўскіх камісараў! Жыве вольная Беларусь!” Супраць беларускіх войскаў змагалася бальшавіцкая Омская дывізія. У баях паўстанцы наносілі Чырвонай Арміі вялікія страты, бралі ў палон і адваёўвалі вёскі. Частка чырвонаармейцаў, пераважна з сялян, што былі прымусова мабілізаваныя ў Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся або пераходзілі са зброяй на бок паўстанцаў. Бальшавікам давялося адступіць па ўсім 100-кіламетровым фронце. Беларускія войскі мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, але ім катастрафічна не хапала зброі, амуніцыі і боепрыпасаў.
4 снежня пачаўся новы наступ Чырвонай Арміі. Нястача зброі скончылася няўдачай у баі пад вёскай Ядчыцы 6 снежня. 7 снежня беларускія часткі пакінулі Семежава. Не хапала амуніцыі, харчавання, сярод паўстанцаў пачалася эпідэмія тыфу.
Эдвард Вайніловіч, фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску, у сваіх успамінах згадваў, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную Рыжскай дамовай, ажно пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за сваю дэмаркацыйную лінію, каб даць магчымасць савецкім войскам разграміць паўстанцаў.
Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. Штаб Слуцкай брыгады перадыслакаваўся ў вёску Заастравечча Клецкага р. каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся разбітыя аддзелы паўстанцаў. Рада Случчыны прыняла рашэнне перайсці раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 29 снежня Слуцкая брыгада перайшла за Лань і была абяззброеная і інтэрніраваная польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне, і змагаліся яшчэ доўгі час.
Афіцэраў і стральцоў, якія перайшлі Лань, інтэрніравалі ў Беласток, а потым перавезлі ў Дарагуск пад Бугам, дзе ўтрымлівалі да канца мая 1921 года.
Тых, хто вярнуўся на радзіму, ГПУ-НКВД спачатку не чапала, бо чакала, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстання. Аднак літаральна праз 7-8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў ГУЛАГ.
Паўстанне не перамагло, але факт Слуцкага паўстання ставіць беларусаў у адзін шэраг з іншымі народамі былога СССР (грузінамі, украінцамі), якія пасля распаду Расійскай імперыі, хоць і не здолелі захаваць палітычную незалежнасць, але ўсё ж настойліва за яе змагаліся са зброяй у руках.
Каб больш даведацца пра розныя цікавыя гістарычныя факты, падчас імпрэзы беларусы і госці вечарыны паўдзельнічалі ў віктарыне, прысвечанай Слуцкаму паўстанню, і атрымалі прызы – кнігі на гістарычную тэматыку.
Вядомая беларуская паэтка і перакладчыца Вікторыя Трэнас, якая цяпер жыве ў Латвіі, пераклала на беларускую мову вядомую латышскую песню “Saule, Pērkons, Daugava”, што стала сімвалам барацьбы латышоў за аднаўленне свей незалежнасці пасля распаду СССР. Латвійскі мужчынскі хор “FRACHORI” выканаў гэтую песню 27 лістапада на Гала-канцэрце фестывалю АНКТЛ “Адзіныя – у разнастайнасці 2022”. А ў рамках імпрэзы былі прадэманстраваныя 2 відэакліпы хору “FRACHORI”, бо хор, на жаль, не меў магчымасці ўзяць удзел у вечарыне з-за паездкі ў Кракаў на XI Фестываль адвэнтавых і калядных песень акурат 2-4 снежня. І менавіта латвійскі хор “FRACHORI” атрымаў галоўны прыз фестывалю – Залатога анёла.
Ганаровая госця вечарыны Вікторыя Трэнас распавяла, як запісвалася беларускамоўная версія песні “Сонца, Пярун, Даўгава” ў Елгаўскай студыі, дзе гэтую песню разам выконвалі некалькі хароў, у тым ліку дзіцячы. Ініцыятарам стварэння беларускай версіі песні стаў неабыякавы да падзей ў Беларусі ўдзельнік хору Арніс Лібертс, які такім чынам вырашыў падтрымаць беларусаў. На імпрэзе прагучала таксама аўтарская патрыятычная і лірычная паэзія сп. Вікторыі, якая была вельмі цёпла прынятая ўсімі прысутнымі на імпрэзе. Некаторыя з вершаў былі напісаныя паэткай ужо ў Латвіі.
Дзякуючы мастаку Вячку Целешу, які стварыў прыгожы бела-чырвона-белы плакат да 102-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну, а таксама ягонаму удзелу ў афармленні залы, у Вялікай зале панавала ўрачыстая і патрыятычная атмасфера.
Падчас імпрэзы дэманстраваліся розныя відэаматэрыялы, прысвечаныя Слуцкаму паўстанню, напрыклад, відэакліп з песняй Зміцера Бартосіка на словы Ўсевалада Сцебуракі “Рэквіем змагарам Случчыны”. Сябра таварыства “Сьвітанак” Вольга Гардзеева чытала свае патрыятычныя вершы на роднай мове.
На вечарыне таксама прысутнічаў яшчэ адзін ганаровы госць – дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі спадар Стэфан Эрыксан – напэўна, самы паважаны швед, вядомы беларускай дыяспары ва ўсім свеце. Спадар Эрыксан за тыя гады, з 2008 па 2012, калі ён быў Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, не толькі цалкам вывучыў беларускую мову, але і спрычыніўся да шматлікіх добрых спраў на карысць беларускай грамадзянскай супольнасці і быў высланы з Беларусі менавіта за падтрымку беларускіх недзяржаўных арганізацый.
Прадстаўніца Саюза палякаў Латвіі, латышская паэтка Дагнія Дрэйка, перакладчыца беларускай паэзіі на латышскую мову, выступіла са сваімі вершамі і адзначыла ў сваёй прамове, што латышскі і беларускі народы напачатку ХХ ст. мелі падобны лёс ды выказала надзею, што і надалей беларусы і латышы будуць разам свабоднымі ў XXI стагоддзі.
Яшчэ адна госця вечарыны, украінская рэжысёрка і спявачка Таццяна Шчэрбанос, якая цяпер з-за вайны жыве ў Латвіі, выканала песні пад уласны акампанемент і верш беларускага паэта Юлія Таўбіна, забітага НКУС у Мінску ў 1937 годзе ва ўзросце 27 гадоў “Я яшчэ не маю права паміраць” у перакладзе на ўкраінскую мову.
Музычная кіраўніца ЛТБК “Сьвітанак” Наталля Камілеўская разам з актрысай Рыжскага ўкраінскага народнага тэатра Антрай Цэлітане выканалі літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную 102-й гадавіне Слуцкага збройнага чыну і змаганню беларускага і ўкраінскага народаў за сваю свабоду. У кампазіцыі гучала паэзія ўкраінскага класіка Тараса Шаўчэнкі ў перакладзе на латышскую мову Кнута Скуеніека і ўкраінскія песні.
Скончылася імпрэза сумесным выкананнем ўсімі прысутнымі гімна Беларускай Народнай Рэспублікі і Слуцкага збройнага чыну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ў суправаджэнні Наталлі Камілеўскай (фартэпіяна). Трэба прызнаць, што песня, якую ўпершыню беларусы, што сабраліся, спявалі разам, прагучала гучна, зладжана і ўзнёсла!
На здымках Алены Гэйданэ:
Вікторыя Трэнас Таццяна ШчэрбаносДырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі Стэфан Эрыксан Дагнія Дрэйка Вольга ГардзееваАнтра Цэлітанэ і Наталля Камілеўская
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/01/Erikson-sait-1-rotated.jpg400600Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2022-12-04 15:49:002023-06-05 12:11:53102-я ўгодкі Слуцкага паўстання ў Рызе
У кастрычніку 1920 — сакавіку 1921-га, падчас падрыхтоўкі Рыскага міру, у Беларусі быў шанец на тое, каб стаць цалкам незалежнай дзяржавай. Але была ня меншая небясьпека — канчаткова зьнікнуць з палітычнай мапы сьвету
Рыга, 18 сакавіка 1921 году. Палац Чарнагаловых. Вечар, палова на дзявятую мясцовага часу. Вялікая заля палаца запоўнена сьвяточна апранутымі людзьмі.
Запрашаюць дэлегацыі, якія вызначалі абрысы новых дзяржаўных межаў ад Дзьвіны да Карпатаў. Польскую, расейскую, украінскую — але не беларускую.
Зачытваюць дамову: па-польску, па-расейску, па-ўкраінску, але не па-беларуску.
Падпісваюць тры арыгінальныя асобнікі дамовы, зноў жа на трох мовах, але не на беларускай. Беларускую дэлегацыю на гэтых перамовах не пусьцілі далей за прыёмную. Лёс Беларусі і беларусаў вырашалі людзі, для якіх беларуская справа, беларуская гісторыя, будучыня беларусаў як нацыі былі чужымі, другараднымі і ў значнай ступені абыякавымі.
Палац Чарнагаловых у Рызе, дзе праходзілі перамовы і быў падпісаны Рыскі мір
Пасьля 18 сакавіка 1921 году беларусам давялося пачынаць змаганьне за сваю дзяржаўнасьць амаль з нуля. Гэтая дата ў пэўнай ступені можа лічыцца чорным днём беларускай гісторыі. Але яна магла быць яшчэ чарнейшай…
18 сакавіка 1921-га — заключны акт беларускай трагедыі, канчатковая кропка. А пачыналася гісторыя з падрыхтоўкай Рыскага міру значна раней. Позна ўвечары 1 кастрычніка 1920 году чацьвёра сярэдняга веку мужчын у цёмных сурдутах і гальштуках, сабраліся ў невялікай залі палаца Чарнагаловых у Рызе на таемную сустрэчу, каб хутка, без дыпляматычных цырымоній і шматдзённых дыскусій, дамовіцца пра тое, якім будзе савецка-польскі мір і дзяржаўныя межы ў выніку гэтага міру.
Таемныя вечары ў Рызе
Імёны гэтых людзей цяпер ужо мала што гавораць шараговаму чытачу, хоць менавіта яны тады, стагодзьдзе таму, за некалькі кастрычніцкіх вечароў вырашылі лёс міжваеннай Беларусі і правялі дзяржаўную мяжу, якая на наступныя 19 гадоў разрэзала Беларусь надвое.
Кіраўнікі польскай і расейскай дэлегацый на перамовах у Рызе Адольф Ёфэ (зьлева) і Ян Домбскі
З аднаго боку стала сядзелі кіраўнік расейскай дэлегацыі, адзін з найбольш улюбёных дыпляматаў Леніна — Адольф Ёфэ з сакратаром Іванам Лорэнцам; з другога — кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі з сакратаром Аляксандрам Ладасем. Над іхнымі фігурамі нябачна луналі постаці тых, з кім яны амаль штодня раіліся і атрымлівалі інструкцыі праз тэлеграф: Уладзімера Леніна ды Юзафа Пілсудскага. (Пра ролю апошняга, зрэшты, можна казаць толькі ўмоўна: Польшча на той час яшчэ ня стала аўтарытарнай дзяржавай, і Домбскаму даводзілася ўлічваць меркаваньні шмат якіх кіраўнікоў).
Гадзіньнік на момант пачатку першай сустрэчы паказваў 22.10. Размова вялася на нямецкай мове, якой выдатна валодалі ўсе чацьвёра, бо атрымалі нямецкую (ці аўстрыйскую) адукацыю.
Масква наадрэз адмовілася ад плебісцыту пра незалежнасьць Беларусі
На той час яшчэ ня зьнікла прывідная надзея на тое, што Беларусь можа застацца непадзеленай: і тыя, і другія прызнавалі (прынамсі на словах) права нацый на самавызначэньне і выказваліся за незалежную Беларусь, якая выконвала б ролю буфэра паміж дзьвюма буйнымі варагуючымі дзяржавамі.
Але разумелі яны гэтыя «буфэры» па-рознаму. Для расейскіх бальшавікоў гэта былі марыянэткавыя савецкія рэспублікі пад поўным кантролем Масквы. Для Польшчы «буфэры» мелі сэнс толькі ў такім выпадку, калі б там не было расейскіх войскаў.
Кніга ўспамінаў Яна Домбскага «Рыскі мір»
«Рашэньне польскім бокам беларускага пытаньня было б успрынята ў сьвеце як найлепей». З успамінаў Домбскага
Успаміны Яна Домбскага пры гістарычныя перамовы выйшлі ў 1931 годзе ў Варшаве кнігай «Рыскі мір».Ёфэ: Падобна, Польшча хоча стварэньня буфэрных дзяржаў. Расея такія дзяржавы ўжо стварыла, і толькі такая форма іхнага існаваньня зьяўляецца для Расеі прымальнай…Ладась (у адказ на пытаньне Ёфэ «Навошта Польшча імкнецца да значнага пашырэньня сваіх межаў на ўсходзе?»): «Аднаго позірку на мапу дастаткова, каб зразумець, навошта Польшча вымушана дамагацца пасоўваньня сваіх межаў. Дзяржава з насельніцтвам 30 мільёнаў чалавек ня можа пагадзіцца на тое, каб армія 130-мільённай дзяржавы знаходзілася ў такой блізкасьці ад яе сталіцы. Лінія Бугу — апошняя абаронная лінія перад Варшавай.
Для Польшчы магчымая толькі такая альтэрнатыва: альбо межы значна далей на ўсходзе, альбо — сапраўдная незалежнасьць Беларусі. У такім выпадку Польшча магла б патрабаваць вываду расейскай арміі на 25 вёрст не ад усходняй мяжы Польшчы, а ад усходняй мяжы Беларусі».
Адольф Ёфэ
Ёфэ: З такога пункту гледжаньня мы гэтае пагадненьне не разглядалі. Беларусь павінна застацца ў расейскай сфэры ўплыву, паколькі мы маем абавязкі адносна яе грамадзтва і павінны бараніць яе ад вяртаньня польскіх паноў. Гэта сацыяльнае пытаньне, бо селянін там — рускі, а ўласьнік зямлі — паляк. Больш шырокія межы Польшчы не выглядалі б справядлівымі ў вачах міжнароднай супольнасьці.Ладась: Рашэньне польскім бокам беларускага пытаньня было б успрынята ў сьвеце як найлепей. Расея сама прызнала несапраўдным акт падзелу Рэчы Паспалітай. Такім чынам, гэтая тэрыторыя належыць уласна да Польшчы, і формула вырашэньня гэтай справы зь лёгкасьцю знайшлася б. Ёфэ ў адказ рашуча заяўляе, што ягоныя паўнамоцтвы не дазваляюць яму далей рабіць саступкі ў гэтай справе.
Што расказваў прадстаўнік БССР, якога не пусьцілі на перамовы
Аляксандар Чарвякоў
А вось як пераказвае гэты ж фрагмэнт сакрэтных перамоваў, спасылаючыся на сваю гутарку зь Ёфэ, Аляксандар Чарвякоў.
Чарвякоў як прадстаўнік ураду толькі што адноўленай бальшавікамі БССР быў у тыя дні ў Рызе, назіраў за перамовамі, інфармаваў пра іх хаду сваё менскае кіраўніцтва. Але на самі перамовы яго не дапусьцілі.Зь ліста Чарвякова ад 3 кастрычніка 1920 году: «…Дзеля самавызначэньня Беларусі неабходна, паводле меркаваньня польскага боку, вывесьці польскія войскі на 25 вёрст на захад ад заходняй мяжы Беларусі, а чырвоныя войскі на 25 вёрст на ўсход ад усходняй этнаграфічнай мяжы Беларусі (г.зн. уключна зь Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай губ.) — і правесьці плебісцыт. На гэта польскі бок гатовы, калі ягонае патрабаваньне аб межах ня будзе прынятае. Гэтае пытаньне пастаўлена ўльтыматыўна — ці плебісцыт ва ўсёй Беларусі, ці — ніякіх размоваў аб самавызначэньні народаў — і разьдзел Беларусі. (Пра гэта паседжаньне мне казаў Ёфэ).
На маё пытаньне, а якая ж пры гэтым роля самой Беларусі, ён адказаў, што для яго цяпер самае важнае пытаньне — становішча на фронце, і калі становішча на фронце настолькі дрэннае, што трэба заключыць мір чаго б тое ні каштавала, то толькі тады ён на гэта пойдзе».
Такім чынам, перад Масквой была альтэрнатыва: або пагадзіцца на поўную незалежнасьць усёй Беларусі, у тым ліку Ўсходняй, ужо ўключанай у склад РСФСР, вывеўшы зь яе свае войскі, або — падзяліць Беларусь з Польшчай. Масква выбрала другі варыянт.
Нават максымальна аслабеўшы, за Беларусь яна трымалася да апошняга. Нагадаем, на гэты момант бальшавіцкі ўрад ужо прызнаў незалежнасьць Фінляндыі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі — практычна ўсіх былых заняволеных Расейскай імпэрыяй народаў Усходняй Эўропы. Масква гатовая была аддаць Польшчы беларускія землі аж да Бярэзіны — але ні ў якім разе не дапусьціць рэальнай незалежнасьці беларускай дзяржавы.
Расейцы гатовыя былі аддаць палякам Менск і Меншчыну. Польшча адмовілася
Варыянтаў, як падзяліць Беларусь, было некалькі. Ленін настойваў, каб перамір’е з палякамі было заключана як мага хутчэй, не зважаючы на страту тэрыторый — каб вызваліць войскі для барацьбы з Урангелем і выратаваць бальшавіцкі рэжым. Відавочна, ён разьлічваў, што лёс Рыскага міру будзе прыблізна такі самы, як і лёс Берасьцейскага міру зь Нямеччынай годам раней.
Барон Урангель (у цэнтры). Дзеля перамогі над ім Ленін сьпяшаўся заключыць мір з Польшчай як найхутчэй
Ленін на пленуме ЦК РКП(б) 20 верасьня 1920 году пра перамовы з Польшчай: «Цяпер нам застаецца толькі іх ашукаць, паколькі нашы ваенныя справы кепскія. Пастараемся купіць у іх перамір’е, хоць мала шанцаў, што яны на гэта пойдуць. За бліжэйшыя месяцы мы павінны, што б там ні было, скончыць з Урангелем. А калі мы зь ім скончым, на зьезьдзе Саветаў скасуем гэты мір і рушым усе сілы на Польшчу, калі будзе выгадна».
А становішча на фронце для бальшавікоў пагаршалася з дня на дзень. Яшчэ 24 верасьня расейская дэлегацыя прапаноўвала мяжу, якая толькі нязначна адхілялася на ўсход ад лініі Керзана: упадзеньне Сьвіслачы ў Нёман (25 км на паўднёвы ўсход ад Горадні) — Белавежа — Камянец. Але якраз у тыя дні працягвалася пераможная для Польшчы Нёманская апэрацыя. Легіёны Пілсудскага занялі Слонім, Баранавічы, Пінск і рухаліся далей на ўсход.Зь ліста Чарвякова ад 3 кастрычніка 1920 году: «…Польскі бок нават і думкі не дапускаў, што мяжа можа праходзіць празь Сьвіслач, Граева, Высока-Літоўск і г.д., як гэта прапанавана з расейскага боку. Мінімум ейных патрабаваньняў — гэта мяжа некалькі заходней Менску так, каб лінія Баранавічы — Лунінец, Сарны адышлі да Польшчы (мяжа павінна прайсьці ўсходней былой нямецкай лініі акопаў)».
Празь дзень Ёфэ агучыў новыя расейскія саступкі: рака Шчара — канал Агінскага — Ясельда — Стыр. Але для польскага боку на гэты момант ужо было відавочна, што Масква ва ўмовах сваіх татальных няўдач на фронце пойдзе і на нашмат большыя саступкі. Паводле стану на 2 кастрычніка чыгунка Ліда — Баранавічы — Лунінец ужо цалкам кантралявалася польскімі войскамі. Армія Тухачэўскага панічна ўцякала. Колькасьць дэзэртэраў вымяралася сотнямі тысяч.
Ужо на наступны дзень, 2 кастрычніка, польская дэлегацыя ў сваім складзе абмяркоўвала, якія новыя тэрыторыі запатрабаваць ад Масквы. Для палякаў было відавочна, што Масква гатовая ісьці на саступкі, абы толькі хутчэй падпісаць мірнае пагадненьне і вызваліць войскі для вайны супраць Урангеля. Пасьля доўгіх дэбатаў пагадзіліся на лінію Збруч — Роўна — Сарны — Лунінец — Вілейка — Дзісна да Дзьвіны.
Юзэф Пілсудзкі (зьлева) падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе
Як піша Домбскі, бурную дыскусію выклікала пытаньне, ці ўключаць у склад Польшчы Менск. Думкі падзяліліся. Прадстаўнікі сацыялістаў Камянецкі і Васілеўскі былі за тое, каб забраць Менск разам з усімі шасьцю паветамі, што складалі тады БССР. Гэтую ідэю падтрымліваў і Домбскі. Адбылося галасаваньне. За ўключэньне Менску і Меншчыны прагаласавалі трое, супраць — шасьцёра. Адзін устрымаўся.
Як пазьней згадваў удзельнік перамоваў Станіслаў Грабскі, дэлегацыя вымушана была выбіраць, у якім напрамку пашыраць межы — на поўдні і ўсходзе, з далучэньнем Камянца-Падольскага і Менску, ці на поўначы, з далучэньнем Дзісны і Вялейкі. І ўрэшце аддалі перавагу пашырэньню межаў на поўначы, бо дзісенска-вілейскі калідор злучаў Польшчу з Латвіяй і адрэзваў Расею ад Літвы. Уключаць жа Менск і Меншчыну, на тэрыторыі якіх бальшавікі на той час паўторна абвясьцілі БССР, палякі не захацелі, каб не ствараць «іншанацыянальны кантон, сфэдэралізаваны з Польшчай».З успамінаў Домбскага пра сакрэтныя перамовы зь Ёфэ 2 кастрычніка 1920-га, 18.00
Домбскі: Не хачу паступаць так, як гэта звычайна робіцца падчас такіх перамоў: спачатку прапаноўваць мяжу, значна пасунутую на ўсход, а ўжо потым шляхам торгу адысьці да той лініі, якая ўяўляе максымум нашых саступак. Адразу назаву лінію, ад якой у любым выпадку адступіцца ўжо не змагу. Тая лінія (разгортвае мапу і паказвае на ёй) павінна пралягаць больш-менш наступным чынам: Збруч — Роўна — Сарны — Лунінец — на захад ад Менску — Дзісна і Вілейка да Дзьвіны. Натуральна, чыгунка павінна быць належным чынам забясьпечана.Ёфэ просіць удакладніць гэтую лінію, а таксама праясьніць, што маецца на ўвазе пад забесьпячэньнем чыгункі Роўна — Сарны — Лунінец. Уяўляе сабе, што забесьпячэньне лініі складае 3–4 кілямэтры. Ці колькі?Домбскі: Чыгунка Роўна — Сарны — Лунінец — Баранавічы павінна цалкам належаць Польшчы і быць забясьпечана паласой тэрыторыі прынамсі 30–40 кілямэтраў на ўсход… Далей на поўнач мяжа ішла б уздоўж мяжы паветаў Вілейка і Дзісна так, каб Польшча здабыла калідор і супольную мяжу з Латвіяй.Ёфэ просіць удакладніць, дзе больш-менш павінна пралягаць мяжа пад Менскам.Домбскі называе Койданава як прапанаваны памежны пункт.У адказ Ёфэ кажа, што для Расеі будзе вельмі цяжка прыняць гэтую прапанову Польшчы, што яму патрэбныя 2–3 дні, каб атрымаць адказ з Масквы…
Але гэта толькі дыпляматычная фігура. У сапраўднасьці Масква пасьпешліва прыняла ўсе польскія прапановы і паслухмяна аддала ўсе тэрыторыі, якіх запатрабаваў польскі бок — толькі дзеля таго, каб як найхутчэй спыніць баявыя дзеяньні.
Чырвоныя дыпляматы не трымаліся ні за гарады, ні за вёскі. Падчас перамоў адзін з польскіх дэлегатаў папрасіў пакінуць вёску, якая павінна была адысьці да саветаў, на польскім баку: маўляў, там жыве любімая цешча. Савецкія дэлегаты тут жа пагадзіліся перамаляваць лінію мяжы так, каб і цешча, і ўся вёска апынуліся ў Польшчы.
«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта»
Ужо 4 кастрычніка польскія прапановы разглядала Палітбюро ЦК РКП(б). Мікалай Бухарын і некаторыя іншыя выступалі супраць, але большасьць выказалася «за». Адольфу Ёфэ з Масквы было загадана падпісаць мірную дамову як мага хутчэй — на працягу 3–4 дзён.
Праўда, з падпісаньнем атрымалася невялікая затрымка — і не зь віны дыпляматаў. Польскі генштаб патрабаваў адкласьці падпісаньне, бо хацеў часова яшчэ раз захапіць Менск. Навошта яму гэта спатрэбілася? Выявілася, што вайсковая выведка, пасьпешліва адступаючы зь Менску ў ліпені, забыла ў тайніку архівы са сьпісамі сваёй агентурнай сеткі ў бальшавіцкай Расеі. Дыпляматы крыху зацягнулі падпісаньне — з 8 кастрычніка адклалі на 12-га, але вайскоўцы за гэты час падрыхтаваць апэрацыю не пасьпелі. Але Менск яны ўсё ж захапілі — на два дні, 15–17 кастрычніка. Падпісаны дагавор гэтаму не перашкодзіў.
Менск, 15 кастрычніка 1921 года. Польскія афіцэры падчас двухдзённай акупацыі Менску пасьля падпісаньня мірнай дамовы паміж Польшчай і Савецкай Расеяй
Канчатковы мір паміж Польшчай і савецкай Расеяй быў падпісаны толькі празь пяць месяцаў — 18 сакавіка 1921 году. Але ніякіх прынцыповых зьменаў ва ўмовах і праведзеных межах за гэты час не адбылося. Беларусь засталася падзеленай гэтак жа, як гэта вырашылі ў Рызе падчас сваіх таемных сустрэч на пачатку кастрычніка Ёфэ і Домбскі.
Мапа Беларусі ў 1919-1921 гадах
У выніку мапа савецкай Беларусі згодна з умовамі Рыскага міру ўяўляла сабой абрубак колішняй Менскай губэрні — 52,3 тыс. кв. км (гэта прыблізна чвэрць цяперашняй Рэспублікі Беларусь). Пад Ракавам пачыналася Польшча, за Барысавам — савецкая Расея. Усю тэрыторыю ССРБ ад польскай да расейскай мяжы можна было праехаць на ровары гадзіны за тры-чатыры.https://w.soundcloud.com/player/?url=http%3A%2F%2Fapi.soundcloud.com%2Ftracks%2F440515362&color=%23ff5500&auto_play=false&hide_related=false&show_comments=true&show_user=true&show_reposts=false&show_teaser=true&visual=true
«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта», — з горкай іроніяй напісаў тады Янка Купала. Тым ня менш тое, што гэта дробнае марыянэткавае ўтварэньне захавалася, што яно ня зьнікла з мапы падчас савецка-польскай вайны і далейшага торгу паміж Масквой і Варшавай за тэрыторыі (а зьнікнуць магло!) — пакідала наступным пакаленьням беларусаў шанец на тое, што для Беларусі яшчэ надыдуць іншыя часы і мапа яе будзе зусім іншая.
Беларуская карыкатура на Рыскі мір, 1921 год
Ян Домбскі ўспамінаў, што вяртаньне польскай дэлегацыі ў Варшаву ў сакавіку 1921 году было трыюмфальным. На ўсіх чыгуначных вакзалах ад самай латвійска-польскай мяжы (а Польшча паводле Рыскай дамовы пачыналася ўжо на Дзьвіне, ад Дзісны і Браслава) польскіх дыпляматаў віталі сьцягамі, урачыстымі маршамі духавых аркестраў, ганаровай вартай.
Беларусам сьвяткаваць не было чаго.
Апошняя старонка Рыскай дамовы зь пячаткамі і подпісамі
Менск у гісторыі з Рыскім мірам адыграў яшчэ адну ролю — 30 красавіка 1921 году менавіта тут адбыўся абмен ратыфікацыйнымі граматамі, і менавіта з гэтай даты дамова пачала дзейнічаць.
…Іронія лёсу: роўна праз сто гадоў Беларусь гэтак жа перажывае драматычны пэрыяд сваёй гісторыі. І гэтак жа стаіць на раздарожжы паміж двума полюсамі сілы і прыцягненьня, ня маючы дастаткова моцы, каб самастойна вырашыць свой лёс.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/01/36333F8B-392F-4515-825E-2C4F6C4CEF8C_w1023_r0_s.jpg7451023Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2021-03-18 12:59:002023-01-22 17:57:45«Павінна застацца ў расейскай сфэры ўплыву». Як 100 год таму ў Рызе падзялілі Беларусь
2017 год у Беларусі і па за яе межамі шырока адзначаўся як 500-ыя ўгодкі з моманту выдання ў Празе Францыскам Скарынам друкаванай Бібліі на беларускай мове. „500-ГОДНАСЦЬ” – пад такім дэвізам ладзіліся па ўсяму свету і ў гарадах, пасёлках і вёсках нашай Радзімы шматлікія імпрэзы. Не засталіся ў баку і ад такой даты і сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак”. Хоць і са спазненнем, напрыканцы года, 2 снежня адзначылі ў Рызе пяцівекавы юбілей беларускага кнігадруку. Але затое, што нячаста апошнім часам у нас бывае, з удзелам запрошанага госця з Беларусі – краязнаўцы, публіцыста, літаратурнага крытыка і выдаўца Міхася Казлоўскага.
Спадар Міхась, бібліяфіл, як ён сябе называе, зусім не выпадкова ўжо другі раз на працягу некалькіх гадоў наведвае па запрашэнні „сьвітанкаўцаў” Рыгу. Апошнім часам ён вельмі значную частку сваіх сіл і часу аддае на адраджэнне амаль забытых, малавядомых шырокаму колу беларусаў імёнаў беларускіх літаратараў Латвіі міжваеннага перыяду 20-га стагоддзя. Як ён распавядаў сябрам таварыства і гасцям імпрэзы, заахвоціў гэтай тэматыкай яго адзін cа стваральнікаў таварыства „Сьвітанак” паэт Сяргей Панізнік, з якім разам яны падрыхтавалі да выдання першую кнігу геніяльнага, на погляд спадара Міхася, беларускага пісьменніка з Латвіі Віктара Вальтара “Выбраныя творы”. Пасля ў 2015 г. ім была выдадзена кніга „Вольга Сахарава. Сяргей Сахараў “Выбраныя творы” і шэраг іншых. Спадар Міхась вельмі цікава распавядаў пра Францыска Скарыну, а таксама прэзентаваў на свяце дзве новыя выдадзеныя ім кнігі: „Пятро Сакол. Валянціна Казлоўская. “Выбраныя творы”. (2016 г.) і “Крывіцкія руны” Выпуск ІІ. 2017 г. укладанне, прадмова і каментары Міхася Казлоўскага і Сяргея Панізніка.
Да свята сябры таварыства падрыхтавалі невялікую выставу кніг, прысвечаных нашаму славутаму кнігадрукару. 9-ці гадовы Мікола Казак распавёў прысутным, што Францыск Скарына ўшанаваны нават у далёкай Італіі, дзе ў Падуі, на сцяне побач з партрэтамі Галілея ды іншых вядомых вучоных вісіць і партрэт нашага славутага земляка. Імя Скарыны гучала з вуснаў шматлікіх выступоўцаў, у тым ліку дзяцей, што чыталі па-беларуску вершы, прысвечаныя першаму беларускаму кнігадрукару. Прыемна, што не абмінуў увагай нашу імпрэзу Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі спадар Аляксей Васількоў. А беларусы з’ехаліся на свята з усёй Латвіі, не толькі з Рыгі, але з Тукумса і нават з Цэсіса.
Імя Скарыны прагучала на свяце яшчэ з адной вельмі прыемнай для усіх прысутных нагоды. З вялікай радасцю мы даведаліся, што напярэдадні святкавання Указам прэзідэнта Беларусі медалём Францыска Скарыны была ўзнагароджана шматгадовая дырэктарка Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ. І хоць медаль на той момант яшчэ не даехаў да Латвіі, „сьвітанкаўцы” былі першымі, хто публічна павіншаваў свайго шматгадовага сябра Рады „Сьвітанка” з такой высокай і заслужанай узнагародай. Таксама сябры таварыства павіншавалі з 91-мі ўгодкамі найстарэйшага свайго сябра – доктарку фізічных навук Натальлю Пятроўну Цімаховіч. Астатнім беларусам трэба браць прыклад з Натaльлі Пятроўны, якая, не гледзячы на такі шаноўны ўзрост, цікавіцца беларускімі справамі і наведвае імпрэзы. Тры гадзіны праляцелі незаўважна, настолькі цікавай і прыемнай была сустрэча. Зала была захопленая расповедам госця з Беларусі, а таксама беларускімі песнямі ў выкананні гурта „Вытокі”.
Пасля імпрэзы некаторым латвійскім беларусам пашчасціла стаць уладальнікамі рэдкіх, дыхтоўна выдадзеных невялікімі тыражамі намаганнямі спадара Міхася Чарняўскага кніг. Ганне Уладзіславаўне Іванэ з нагоды узнагароды медалём Ф. Скарыны спадар Міхась падараваў некалькі кніг, у тым ліку сборнік твораў агульных іх землякоў – аўтараў з Маладзечна. Аўтарка гэтых радкоў „праглынула” раман вышэйзгаданага Віктара Вальтара „Народжаныя пад сатурнам” у тую ж ноч 2 снежня, пасля сканчэння імпрэзы. Падзеі рамана, фактычна аўтабіяграфічнага, адбываюцца ў міжваеннай Празе, дзе галоўны герой, студэнт-беларус атрымаў стыпендыю на навучанне ў Пражскім універсітэце ад чэшскага ўраду.
Пасля урачыстай часткі, за традыцыйным святочным сталом вырашылі, што варта збірацца часцей ды азначыць Каляды і Новы год 13 студзеня 2018 года. Шаноўныя латвійскія беларусы, сачыце, калі ласка, за абвесткамі на сайце таварыства „Сьвітанак”.
Латвійскае таварыства беларускай культуры „Сьвітанак” выказвае шчырую падзяку Міністэству культуры Латвіі за фінансавую падтрымку імпрэзы з удзелам ў святкаванні госця з Беларусі.
Прыклад чыстай любові,
якой не скарылі, даў Скарына…
Праз пяць мімалётных вякоў
у праслаўленым Полацку,
мовай Скарыны
уваскрошаны з праху,
спаткаемся зноў…
Таццяна Казак,
сябра Рады ЛТБК „Сьвітанак”
На здымках:
Выстава кніг, прысвечаных Францыску Скарыне
Традыцыйна гучыць “Магутны Божа”
Госць з Беларусі Міхась Казлоўскі
Пра першага беларускага кнігадрукара распавядае Вячка Целеш
Беларускія песні спявае гурт “Вытокі”
Верш чытае 5-ці гадовая Сафія Улманэ
Мікола Казак чытае верш Д. Бічэль-Загнетавай “Словам Скарыны”
Доктар фізічных навук Натальля Пятроўна Цімаховіч
Прамаўляе дырэтар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ
29 снежня медаль Францыска Скарыны быў уручаны Ганне Іванэ ў МЗС Беларусі ў Мінску.
Упершыню Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначала знамянальную дату ў айчыннай гісторыі – Дзень 25 сакавіка – ў 1989-м годзе. З таго часу святкаванне ўгодкаў абвяшчэння БНР стала непарушнай традыцыяй ў таварыстве. І сёлета ў гонар Акту 25 сакавіка сябры таварыства і госці сабраліся ў будынку Латвійскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў імя Іты Казакевіч, каб адзначыць гэтую векапомную для беларусаў дату. З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся сябра Рады “Сьвітанка” Вячка Целеш, які зачытаў віншавальныя лісты, якія паступілі ў адрас таварыства. Яўген Манжос зрабіў невялікі экскурс у гісторыю і нагадаў прысутным пра тыя падзеі, калі была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. З невялікім канцэртам перад прысутнымі выступіў гурт беларускай народнай песні «Вытокі». Гледачы цёпла сустрэлі выступленне самадзейных артыстаў. Для латвійскіх беларусаў гэтая дата адметнае яшчэ і тым, што менавіта 25 сакавіка святкуецца дзень нараджэння першай беларускай супольнасці ў Латвіі – таварыства “Бацькашўчына”. Менавіта “Бацькаўшчына” заклала падмурак дзейнасці беларускіх адраджэнцаў у Латвіі. Сябры «Сьвітанка» ў гэты дзень падвялі вынікі дзейнасьці свайго таварыства за справаздачны год. Аб праведзеных у 2016 годзе мерапрыемствах распавялі сябры Рады Таццяна Казак і дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ. Абралi 9 чалавек у Раду, склад яе абнавіўся, Рада папоўнілася новымі сябрамі. Старшынёй таварыства зноў пераабралі Ірыну Кузьміч.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/01/6.sa_.jpg300410Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2017-04-05 22:06:312023-04-08 21:11:27Свята ў “Сьвітанку”
Наша гісторыя пераканаўча сведчыць, што Беларусь – еўрапейская краіна з багатай і слаўнай мінуўшчынай. Больш за тысячу гадоў налічвае традыцыя беларускай дзяржаўнасці.
Беларусь заўсёды была арганічнай часткай агульнаеўрапейскай цывілізацыі. На пачатку ХХ стагоддзя рух нацыянальнага Адраджэння паставіў на парадак дня аднаўленне дзяржаўнасці. 25 сакавіка 1918 года адбылося абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
З таго дня прайшло 98 гадоў, але падзею гэтую і сёння шануюць беларусы ва ўсім свеце. Не выключэнне сярод іх і ЛТБК „Сьвітанак”, якое 19 сакавіка зладзіла цёплую сустрэчу сяброў і аднадумцаў. Адчуванне еднасці, гонару за сваю краіну, яе гісторыю, родную мову, аб’яднала ўсіх, хто прыйшоў на свята.
Сапраўды, калі мы збіраемся разам, асабліва востра прыходзіць жаданне згадаць тых асоб у нашай гісторыі i літаратуры, якія ў сваёй творчасці найбольш поўна ўвасобілі характар і адметнасць кожнага з нас. І як тут не ўзгадаць Уладзіміра Караткевіча, які запэўніў:„без мінулага – няма будучыні”. Цяжка з гэтым не пагадзіцца.
Упрыгожылі святочную імпрэзу сваiмi чароўнымі песнямi выканаўцы з гурта „Вытокі”. Самадзейныя артысты спявалі творы на словы нашага латвійскага паэта-беларуса Станіслава Валодзькі, пакладзеныя на музыку “cьвiтанкаўцам” Станіславам Клімавым. Шкада, што сёння Станіслава ўжо няма сярод нас, але кранальныя гукі яго мелодый жывуць i нікога не пакідаюць без уражанняў.
Гучыць ціхая мелодыя, павольна ліецца родная сэрцу мова і плыве перад вачыма бацькоўская хата з буслянкай, суніцы, кубак сырадою ў матуліных руках, а яшчэ – язмін. Як жа ён пахне, як пахне!
Наведаў нашу імпрэзу і вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш. Ён павіншаваў прысутных са святам і зазначыў, што латышы і беларусы маюць шмат агульнага не толькі ў гістарычным плане, але і ў сугуччы нашых моў. Пагадзілася з ім і спадарыня Натальля Пятроўна Цiмаховiч, ганаровы сябра таварыства „Сьвітанак”, якой хутка споўніцца 90 год. Няхай шануе яе Бог!
Мінулае, сучаснасць i будучыня заўсёды вельмі блізкія. І нельга разарваць гэтую сувязь. Пэўна сімвалічна, што сярод сяброў-сьвітанкаўцаў і самы маленькі – першакласнiк Мікола Казак, у асобе якога і ёсць наша надзея, будучыня, неабходнасць да дробязей захаваць нашу слынную спадчыну. Расці, Міколка, дужэй, набірайся ведаў!
Каб свята адбылося, нямала намаганняў прыклаў і наш шаноўны Вячка Целеш. Мінавіта яму належыць сцэнар добра зладжанага мерапрыемства.
Падзея 25 сакавіка, якую таварыства „Сьвітанак”адзначае штогод на працягу ўжо амаль 30-ці гадоў, з моманту свайго заснавання – гэта не толькі жаданне сабрацца разам адзінадумцам, не толькі магчымасць палунаць ва ўспамінах, але перш за ўсё ўсведамленне сваёй нацыянальнай свядомасці, пошырэнне ведаў і вялікае спадзяванне, што Беларусь зойме годнае месца ў дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці.
Ганна Iванэ
На здымках Таццяны Казак:
Гучыць “Магутны Божа” ў выкананні Міколы Казака
Віншаванне са святам ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы агучвае Вячка Целеш
Спявае гурт “Вытокі”
Госць імпрэзы вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш.
Прамаўляе сябра таварыства доктар фізічных навук Натальля Цімаховіч
Латвійскаму таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” – 25
20 студзеня 2014, 22:26
У Яніса Райніса ёсць такія радкі: першы крок за парог – гэта палова шляху. Зрабіць свой першы крок да ўсяго, што мы называем ёмкім словам беларушчына, беларусам Латвіі і тым, хто не абыякавы да беларускай культуры, дваццаць пяць гадоў дапамагае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” – найстарэйшая беларуская суполка Латвіі і адна з першых створаных 25 гадоў таму этнічных суполак ў краіне. І вось ужо чвэрць стагоддзя “Сьвітанак” захоўвае дух беларускасці на балтыйскім мацерыку.
25 год для грамадскай суполкі – ўзрост сталасці. Але адначасова гэта і той час, каб асэнсаваць, што здзейснена і з чым ісці далей. І магчымасць і азірнуцца на пройдзены шлях, і падумаць пра будучыню.
Дзеля гэтага і запрасіла таварыства “Сьвітанак” сваіх сяброў на сваё самае галоўнае свята. Юбілей “сьвітанкаўцы” адзначалі 11 студзеня бягучага года ў самым сэрцы Рыгі, у будынку цэнтра народнай творчасці Рыжскай думы “Рытумс”, што месціцца на адной з самых маляўнічых вулачак старой Рыгі. На жаль, святочную імпрэзу, якую збіраліся правесці ў лістападзе 2013 года, давялося перанесці з-за трагічных падзей у Рызе, але, неглядзячы на ўсе абставіны, свята атрымалася.
У зале вядучыя імпрэзы старшыня таварыства Ірына Кузьміч і Наста Кірнічанска на латышскай і беларускай мове абвясцілі аб адкрыцці ўрачыстага мерапрыемства. Гэты дыялог двух культур, двух моў, калі пераклікаліся словы віншавання на беларускай мове са словамі павагі на латышскай, і стварылі святочную атмасферу юбілея.
Аб тым, што таварыства з годнасцю сустракае свой юбілей, сведчаць шматлікія віншаванні, якія атрымала суполка.
ЛТБК “Сьвітанак” ўнесла свой адметны ўнёсак у дыялог двух нашых культур, ва ўсведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў, зазначыў у сваім віншавальным лісце з нагоды юбілею таварыства Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі Андрыс Бэрзіньш. Як зазначылі ўсе сябры таварыства, было вельмі кранаюча атрымаць віншаванне ад першай асобы краіны.
Прыйшло ў адрас ЛТБК “Сьвітанак” і віншаванне з юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова. Яго зачытала загадчыца эпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.
Не засталася ў баку ад юбілею і беларуская дзяржава. Віншаванне ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Латвіі сп. Марыны Далгаполавай агучыў Консул амбасады сп. Андрэй Кажан.
Сонца усходзіць і служыць аддана Сьветлым лікам, зычлівым цяплом. Беларусь у латвійскі «Сьвітанак» Узышла, як у родны свой дом. Мы ня прыхадні тут. Ускалосьсе Крывічанскіх дачок і сыноў У «Сьвітанку» натхненна зьлілося, З латышамі рунее наноў. Быў бы Райніс удзячны сябрыне: Плытагоны ўтрымалі стырно! У «Сьвітанку» хлапцу і дзяўчыне – Дзе Айчына? – чутно і відно. Прытуліцца змаглі, укараніцца, Вольнай Латвіі цешаць агні. Узышла над «Сьвітанкам» дзяньніца – Абярэга спрадвечнай радні.
Гэты верш аднаго з першых сябраў таварыства, ганаровага сябра “Сьвітанка” кавалера ордэна Трох зорак Латвіі паэта Сяргея Панізніка, прысвечаны таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” прачытала сябра cуполкі Таісія Бачкарова. А адзін з ветэранаў беларускага руху ў Латвіі спадар Алесь Карповіч, таксама адзін з першых сябраў “Сьвітанка” , прыгадаў яскравыя моманты з гісторыі таварыства.
Спадарыня Айна Балашка, старшыня таварыства нямецкай культуры – заўсёды была добрым сябрам нашага таварыства, пачынаючы з 90-х гадоў, калі яна працавала ў Дэпартаменце нацыянальнасцяў Латві, удзельнічала ў многіх мерапрыемствах, якія ладзіла суполка. І падчас гэтай юбілейнай імпрэзы яна нагадала прысутным пра той шлях, які прайшло таварыства “Сьвітанак” з першых дзён яго станаўлення. Добрыя словы ў адрас таварыства знайшоў і прадстаўнік Саюза палякаў Латвіі, кіраўнік польскага хору “Паланэз” Эдвард Фісковіч.
“Світанкаўцы” ганарацца не толькі тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, але і тым, што таварыства стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. А старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесар Латвійскай акадэміі музыкі Раффі Хараджанян зрабіў невялікі экскурс у гісторыю Асацыяцыі, пажадаў таварыству плёну яшчэ на доўгія гады.
У беларускай мове ёсць такое вельмі ёмкае слова – паплечнікі. Аб тым, што на юбілеі таварыства сабраліся паплечнікі, нагадаў прысутным першы старшыня і адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак”, вядомы не толькі ў Латвіі, але і далёка за яе межамі доктар медыцыны Сяргей Кузняцоў. Маладым хлапцом прыйшоў ён калісьці ў “Сьвітанак” і менавіта паплечнікі, аднадумцы, на яго погляд, стваралі першую беларускую суполку і працавалі ў ёй.
Эстафету старшыняў ад Сяржука Кузняцова пераняў Мікола Ярчак, хабілітаваны доктар хімічных навук, цяперашні прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля ад’езду спадара Міколы на працу ў Брэст кіраўніком “Сьвітанка” стаў мастак Васіль Малышчыц, які на свяце прыгадаў той час, калі ён кіраваў суполкай.
Дзесяцігоддзе старшынёй “Сьвітанка” была спадарыня Таццяна Казак. Пад яе кіраўніцтвам ладзіліся шматлікія і разнастайныя імпрэзы, быў створаны вакальны гурт “Сьвітанак”, які годна прадстаўляў беларусаў на фестывалях і канцэртах. На свята Таццяна Мікалаеўна прыйшла са сваім беларускамоўным пяцігадовым сынам Міколкам, як яна пажартавала, самым юным сьвітанкаўцам. Мікола падрыхтаваў свой падарунак таварыству – песні на беларускай і латышскай мовах, якія ўдзельнікі свята сустрэлі гучнымі апладысментамі.
А завершыў гэтую эстафету выступаў лідэраў адзін з заснавальнікаў Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, першы дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы, старшыня аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна Трох зорак Латвіі Вячаслаў Міхайлавіч Целеш.
Аб тым, што ЛТБК “Сьвітанак” не ізаляваны ад свету, сведчаць ягоныя цесныя стасункі з Беларуссю і беларускімі суполкамі з Літвы, Эстоніі, Расеі, Канады ды іншых краінаў, з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў свету, з беларускімі аб’яднанямі ў Польшчы і Чэхіі, а перш-найперш з МГА “Бацькаўшчына”. Надзвычай узнёслымі і асабліва сардэчнымі былі тыя словы віншавання, якія адрасавала таварысту Згуртаванне беларусаў свету. Віншавальны ліст і шматлікія прывітанні з Радзімы прывёз у Рыгу сябра Вялікай Рады Згуртавання сп. Барыс Стук. Паклапацілася “Бацькаўшчына» і пра падарункі непасрэдна самому таварыству. Барыс Стук уручыў сьвітанкаўцам памятны падарунак з нагоды юбілею – гадзіннік з выявай Мірскага замка, а таксама перадаў для біблятэкі кнігі, што былі нядаўна выдадзены Згуртаваннем “Бацькаўшчына”.
Не толькі віншаванні і падарункі, але і адметныя ўзнагароды прыехалі да “сьвітанкаўцаў” з Менску. Рашэннем Шостага з’езда Міжнароднага Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына» 13 сябраў Вялікай Рады атрымалі статус ганаровага сябра. Інстытут ганаровага сяброўства замацаваны ў статуце “Бацькаўшчыны” спецыяльна для ўшанавання тых асоб, якія на працягу многіх гадоў працуюць на карысць Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У гэтай слыннай кагорце і два сябры ЛТБК “Сьвітанак” – Вячка Целеш і Таццяна Казак. Калі спадар Вячка Целеш атрымаў свой памятны медаль, заснаваны да 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету, падчас з’езду, то Таццяна Казак атрымала сваю ўзнагароду як раз на свяце. Пасведчанні і медаль Таццяне Мікалаеўне ўручыў сябра Вялікай рады “Бацькаўшчыны”, намеснік старшыні Згуртавання спадар Барыс Стук.
Сябры таварыства дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, магістр педагогікі Ганна Іванэ і адна са старэйшых мясцовых беларусаў, выпускніца Індранскай беларускай гімназіі ў 1944 годзе, доктар фізічных навук Наталля Цімаховіч за ўнёсак у захаванне беларускіх культурна-асветніцкіх традыцый і спрыянне культурнаму дыялогу паміж народамі Латвіі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвійскай Рэспублікі. Іх уручыла старэйшы рэферэнт Дэпартамента інтэграціі Міністэрства культуры Латвіі Лінда Наудыша.
Cваё музычнае віншаванне падрыхтавалі і юныя артысты – гурт “Вавёрачка” заснаванай “Сьвітанкам” у 1994 г. Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы пад кіраўніцтвам таленавітай піяністкі Наталлі Дзірвук. Цёплымі апладысментамі сустрэла зала цудоўнае выкананне юнымі спевакамі песень на беларускай мове.
А самым адметным музычным падарункам для ўсіх гасцей і ўдзельнікаў свята стаў канцэрт вядомага беларускага музыкі Зміцера Вайцюшкевіча. Гэта быў першы выступ Зміцера ў Латвіі. Ці трэба казаць, што яго песні суправаджаліся працяглымі апладысментамі і часам разам са Зміцерам спявала зала, і не хавала сваіх усмешак, і не саромелася слёз.
Вельмі прыемна было пачуць прысутным, як ацаніў госць з Мінску спевы беларускіх дзяцей з “Вавёрачкі”. Па ягоных словах, ён шмат чуў спеваў дзіцячых гуртоў, але ніколі не даводзілася чуць такога чыстага выканання.
У рэпертуары Зміцера Вайцюшкевіча ёсьць японскія песні, перакладзеныя на беларускую мову, ёсць шведскія песні па-беларуску. А ўдзельнікі імпрэзы пажадалі, каб у рэпертуары спевака з’явілася хоць некалькі латышскіх песень, перакладзеных на беларускую мову. Тым больш, што паспрыяць гэтаму ёсьць каму. На імпрэзе прысутнічаў класік сучаснай латышскай паэзіі спадар Улдыс Бэрзыньш. У мінулым годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” у Беларусі асобным выданнем выйшла кніга выбраных перакладаў Улдыса Бэрзыньша “Салаўі крычаць, я па-латышску…” Перакладчыкі – Алесь Разанаў і Андрэй Гуцаў, які калісьці працаваў у Рыжскай беларускай асноўнай школе.
Так ужо наканаваў лёс, што свой юбілей, а было заснаванае таварыства 27 лістапада 1988 года, “Сьвітанак” святкаваў ужо ў бягучым годзе падчас аднаго з самых любімых святаў – Калядаў. Традыцыя святкаваць Каляды жыве ў таварыстве з самых першых дзён існавання. Запрасілі да каляднага святочнага стала сваіх гасцей і арганізатары свята. І гэта было вельмі і кранаюча, і сімвалічна – ведаць, што і ў Беларусі, і ў Літве, у Польшчы, Чэхіі, Канадзе i iншых краiнах, дзе б ні жылі беларусы, у гэтыя зімовыя дні накрываюцца калядныя сталы, запальваюцца калядныя свечкі, прыгадваюцца звычаі, якія яднаюць усіх нас. У якасьці калядоўшчыкаў выступіў гурт аматараў беларускай песні “Вытокі”. Не застаўся ў баку і Зміцер Вайцюшкевіч. Асаблівую ўдзячнасць таварыства выказвае дырэктару цэнтра “Рытумс” спадарыні Віі Ліетэ за яе гасціннасць, за тое, што на працягу многіх гадоў памяшканне цэнтра адчынена для рыжскіх беларусаў.
Шмат добрых слоў прагучала на свяце ў адрас маладой старшыні таварыства “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч. Ірына яшчэ толькі робіць свае першыя крокі на грамадскай ніве. Яна – самая маладая старшыня сярод кіраўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый Латвіі. Ірына з годнасцю правяла юбілейнае таварыства мерапрыемства. І хочацца спадзявацца, што беларуская культурная ніва будзе папаўняцца вось такімі маладымі творчымі асобамі, якія не дадуць змоўкнуць нашым песням, не адцураюцца роднай мовы, народзяць новыя вершы і працягнуць традыцыі ўжо не нараджэння, а станаўлення нацыянальнай культуры сярод беларускае дыяспары ўсёй Латвіі.
Таццяна Касуха
На здымках Георгія Астапковіча:
Cтаршыня ЛТБК “Сьвітанак” Ірына Кузьміч
Верш Сяргея Панізніка “Аусекліс над Рыгай” чытае Таісія Бачкарова
Віншаванне таварыства з 25-гадовым юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова зачытвае загадчыца дэпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.
Прывітальнае слова Консула беларускай амбасады сп. Андрэя Кажана
“Сьвітанкаўцаў” і гасцей свята вітае першы старшыня таварыства Сяржук Кузняцоў
Выступае былы старшыня таварыства Васіль Малышчыц
Старшыня таварыства “Сьвітанак” (1999-2008) Таццяна Казак прыйшла на свята са сваім сынам Міколам
Выступленне аднаго з заснавальнікаў таварыства Вячкі Целеша
Старэйшая сябра “Сьвітанка” Наталля Пятроўна Цімаховіч атрымлівае Ганаровую грамату Міністэрства культуры Латвіі
Віншавальны ліст Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” з нагоды юбілею “Сьвітанка” уручае сябра Вялікай Рады Згуртавання Барыс Стук
Памятны медаль “Бацькаўшчыны” уручаецца сп. Таццяне Казак
Добрыя словы ад беларусаў Латгаліі “Сьвітанку” прывёз з Даўгаўпілса вядомы беларускі калекцыянер, гісторык Мікола Паўловіч
Віншаванне старшыні Латвійскага таварыства нямецкай культуры Айны Балашка
Віншаванне старшыні АНКТЛ імя Іты Казакевіч Раффі Хараджаняна
Выступае дзіцячы ансамбль “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы
Кіраўнік “Вавёрачкі” Наталля Дзірвук
Віншаванне ад калектыву Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы
На сцэне – Зміцер Вайцюшкевіч
Юныя беларусачкі Рыгі
Зміцер Вайцюшкевіч прывёз з роднай старонкі не толькі песні, але і натхненне
Рыжскія кветкі – беларускаму музыку
Адзін з ганаровых гасцей, жывы класік, паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2014-01-20 23:14:002023-02-13 23:38:30Беларускі юбілей у латвійскай сталіцы
Рыга ведае гэтае найвялікшае свята беларусаў – Дзень 25 сакавіка. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначае яго з самага пачатку свайго існавання. І за дваццаць гадоў дзейнасці таварыства ніколі не парушыла традыцыю. Вось і сёлета зноў у чарговы раз “Сьвітанак” запрасіў рыжан на галоўнае беларускае свята.
25 сакавіка гаспадарамі будынка Асацыяцыі нацыяльна-культурных таварыстваў Латвіі сталі беларусы. Асацыяцыя гасцінна расчыніла свае дзверы перад удзельнікамі беларускай імпрэзы, і іх сабралася поўная Вялікая зала, негледзячы на працоўны дзень.
Твары слынных дзяцей зямлі беларускай Кастуся Езавітава і Ларысы Геніюш, якія паглядалі з палотнаў беларускіх мастакоў – вось хто першымі вітаў гасцей беларускага свята. Гэта свой падарунак да юбілею падрыхтавалі беларускія мастакі, сябры творчай суполкі “Маю гонар”. Яны зладзілі выставу, прысвечаную 90-м угодкам абвяшчэння БНР.
У выставе прынялі ўдзел даўнія сябры латвійскай суполкі “Маю гонар” Вячка Целеш, Васіль Малышчыц, Ганна Пейпіня ды Алена Лаурыновіч, а таксама новае папаўненне суполкі – гэта мастачка і мастацтвазнаўца Аліна Літвіненка ды Ірына Трумпель. Дарэчы, Ірыну ды Вячку ў снежні 2007 года прынялі ў Саюз Мастакоў Латвіі. Акрамя прац мастакоў латвійскай суполкі на выставе экспануюцца карціны сябраў эстонскай суполкі “Маю гонар” – пастэльны нацюрморт з васількамі “Прысвячэнне Васілю Быкаву” намесніка старшыні аб”яднання “Маю гонар” Маргарыты Астраумавай ды каларытныя жывапісныя працы Генадзя Курленкова
Першыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, чые прозвішчы навекі застануцца ў нашай памяці. У гэтай кагорце і прозвішча Кастуся Езавітава, змагара беларускага нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння, слыннага асветніка, лёс якога назаўсёды звязаны і з Беларуссю і з Латвіяй. . Адзін з удзельнікаў абвяшчэння БНР, народны сакратар ваенных спраў у складзе першага нацыянальнага ўрада Беларусі Кастусь Езавітаў у 1919-1920 гг. служыў шэфам беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. Тое, што прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі БНР – яго нясумненная заслуга, уганараваная пазней званнем генерала-маёра. Пасля змушанага адыходу ад палітыкі Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і распачаў вялікую 23-гадовую культурна- асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў Латвіі. Ён абудзіў дзесяткі талентаў, паклікаўшы на “светлы след” нацыянальнага самавыяўлення тысячы людзей.
І сёння, праз гады, Кастусь Езавітаў і яго паплечнікі разам з намі, тут, на латвійскай зямлі, святкавалі найвялікшае беларускае свята. І вельмі важна было ўсведамляць, што гэту векапомную дату беларусы святкуюць ва ўсім свеце. Прывітальныя віншаванні ўдзельнікам свята зачытаў старшыня Аб ‘яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна трох Зорак Латвіі, адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак” Вячка Целеш. Ён агучыў і пасланне Івонкі Сурвіллы, нагадаў аб гістарычных паралелях паміж Днём незалежнасці, які Латвія адзначае 18 лістапада, і Днём Акту 25 сакавіка.
А яшчэ гэты сакавіцкі вечар стаў падставай павіншаваць з юбілеямі Натальлю Камілеўскую – чалавека, без якога цяжка ўявіць кожную нашую імпрэзу. Гэта магчымасць сказаць цёплыя словы падзякі ў адрас 80-гадовай юбіляркі, доктара гістарычных навук, старшыні латвійскага адзялення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесара Ілгі Апінэ. Гэта магчымасць паслухаць маладую таленавітую спявачку Людмілу Ігнатаву, беларуску, якая нарадзілася і вырасла на латвійскай зямлі, і сваімі выступленнямі далучае суродзічаў і да спрадвечных каштоўнасцяў нашага народа, і да музычных шэдэўраў еўрапейскай культуры.
Гэта і нагода пагаварыць аб тым, якімі справамі будзе адзначаць свой юбілей таварыства “Сьвітанак”, 27 лістапада бягучага года яму споўніцца дваццаць гадоў. Дарэчы, шмат хто з гасцей свята вяртаўся дамоў не з пустымі рукамі, а са свежымі нумарамі газеты “Ніва”. Тыднёвік беларусаў Польшчы дасылаецца ў наша таварыства не першы год. І гэта таксама традыцыя – “Ніва” разам з намі на ўсіх нашых святах.
Негледзячы на сумныя гістарычныя рэаліі, светлай і жыццясцвярджальнай атрымалася гэта імпрэза. Гэта светлая ўзнёсласць – ад фарбаў нашых мастакоў, ад кранаючых сэрца гукаў беларускіх спеваў, ад нашай еднасці. Яна – ў нашых сэрцах і пачуццях, у подыху вясны, у твары святой Ефрасінні Полацкай, заступніцы зямлі беларускай – гэтая праца, створаная мастаком Васілём Малышчыцам асяняла і нашую вечарыну, і выставу аб’яднання “Маю гонар”, якая будзе доўжыцца яшчэ і ўвесь красавік.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2009-01-29 22:23:002023-02-13 23:41:59У “Сьвітанку”адзначылі 90-я ўгодкі абвяшчэння БНР
Дваццаць гадоў таму, 27 лістапада 1988 года, на світанку адраджэння латвійскай дзяржаўнасці, у Рызе было заснаванае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.
Такую сімвалічную назву далі сваёй арганізацыі прадстаўнікі дэмакратычна настроенай беларускай інтэлігенцыі ў надзеі ажывіць паходню беларушчыны, узнятую беларускімі асветнікамі Латвіі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. І хоць больш паўстагоддзя аддзяляе “Сьвітанак” (1988 г.) ад “Бацькаўшчыны” (1921 г.) – беларускага таварыства ў Латвіі, паслядоўнікам якога лічыць сябе “Сьвітанак”, менавіта “Бацькаўшчына” стала тым падмуркам, на якім будуе сваю працу нашае таварыства.
За дваццаць гадоў культурна-асветніцкай дзейнасці пад эгідай “Сьвітанка”:
1989 г. – адчынена беларуская мастацкая студыя “Вясёлка”; 1991 г. – пачала сваю працу Рыжская беларуская нядзельная школа; 1990 г. – на хвалях Латвійскага радыё ўпершыню пачала гучаць беларуская мова ў грамадскай культурна-асветніцкай праграме “Сьвітанак”; 1991 г. – беларускімі мастакамі Латвіі, Эстоніі, Летувы i Санкт-Петэрбурга заснаванае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”; 1994 г. – адчынены першы клас дзяржаўнай Рыжскай беларускай школы, пасля паспяховай акрэдытацыі ў 1998 г. школе нададзены статус Рыжскай Беларускай асноўнай школы; 2002 г. – створаны аднаіменны вакальны гурт пры таварыстве; 2003 г. – выдадзена кніжка аб дзейнасці таварыства на працягу 15 гадоў; 2005 г. – пачаў працу сайт таварыства www.svitanak.lv
У сакавіку 2006 г. найвышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі – ордэнам Трох Зорак быў узнагароджаны мастак, грамадскі і культурны дзеяч, чалавек, які стаяў ля вытокаў нашага таварыства – Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Мы ганарымся тым, што ў кагорце ардэнаносцаў, асоб, якія з’яўляюцца гонарам Латвіі, і “світанкавец” Вячка Целеш!
Таварыства “Сьвітанак” – не толькі першая беларуская суполка, заснаваная ў Латвіі. “Світанкаўцы” ганарацца і тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, што стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.
І сёння “сьвітанкаўцы” з нагоды свайго юбілею звяртаюцца да ўсіх сваіх сяброў у самых розных кутках свету са словамі, ад якіх ні разу не адцураліся за дваццаць гадоў існавання таварыства: Будзьма беларусамі! Будзьма разам! Жыве Беларусь!
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2008-11-27 20:29:002023-05-02 18:54:58Нашаму таварыству – дваццаць гадоў