“Быў. Ёсць. Буду.” – назва літаратурнай выставы, прысвечанай творчасці Уладзіміра Караткевіча, якая была ўрачыста адкрыта ў жніўні гэтага года ў ЛТБК “Сьвітанак”. Патрэбна адзначыць, што 2020 год у Беларусі аб’яўлены годам Уладзіміра Караткевіча – пісьменніка, паэта, драматурга, кінасцэнарыста, асобы, якая не толькі заслугоўвае памяці народнай, але і глыбокага навуковага даследавання. Вялікую цікавасць да гэтага творцы маюць, у тым ліку, і сябры таварыства “Сьвітанак”. Напэўна таму, нягледзячы на летняе надвор’е, ды на паўсядзённыя клопаты cьвітанкаўцы сабраліся ў будынку АНКTЛ, на святочную імпрэзу, каб адзначыць юбілей слыннага сына Беларусі і пагартаць старонкі жыцця і творчасці любімага пісьменніка.
Ул. Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Літаратуразнаўцы лічаць яго адным з самых яркіх і самабытных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя. Ім напісана мноства вершаў, аповесцей, раманаў, казак. Цяжка пераацаніць значэнне творчасці гэтага геніальнага пісьменніка – гэта і сакавітасць мовы, і даследванне беларускага нацыянальнага характара, і гістарычны лёс народа, і захаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры. Пра ўсё гэта і разважалі cьвітанкаўцы і госьці ў час свята. На працягу ўсёй сустрэчы гучалі вершы, узгадваліся героі знакамітых твораў, а ўспаміны Вячкі Целеша пра асабістае знаёмства з паэтам асабліва ўсцешылі ўсіх прысутных на свяце. Хораша ўпрыгожылі вечарыну і родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”, якім з задавальненнем кіруе Таісія Бачкарова, шчырая наша беларуска. Родная мова, песня, сцішаныя кветкі, а над усім гэтым шчаслівая ўсмешка Караткевіча, як сведак таго, што яго ідэі, яго вялікія праца па стварэнню праўдзівай гісторыі Беларусі – дало плён.
Cьвітанкаўцы шчыра ўдзячны старшыні таварыства спадарыні Таццяне Казак за ідэю ўшанаваць памяць вялікага пісьменніка і Дзяржаўнаму музею беларускай літаратуры за прадстаўленыя матэрыялы, дзякуючы якім можна паглыбіць свае веды пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
Ганна Іванэ
На здымках Алены Ціхаміравай:
Вядучая літаратурнай імпрэзы Ганна Іванэ
Спявае Эльвіра Гамершмідтэ, за раялем – Наталля Камілеўская
Шаноўны госць імпрэзы – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі спадар Васіль Марковіч
Вячка Целеш чытае адрасаваны яму ліст ад Уладзіміра Караткевіча
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/08/inx960x640-1280x720-.jpg7081086Tatjana Kazakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngTatjana Kazak2020-08-16 21:53:002021-03-17 08:14:5590-ыя ўгодкі з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
З удзячнасцю і высокай павагай узгадваем пра 95-годдзе з дня нараджэння Абала Мірдзы, дачкі Эдуарда — 23.02.1923 года.
Доктар філалагічных навук, перакладчыца твораў Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча (“Чазенія”,1976); даследніца латышска-беларускіх повязяў мела грунтоўны наробак. Вось некаторыя тэмы навуковых пошукаў Мірдзы Абалы: “Беларускі жаўранак у Латвіі”,1972 (пра Янку Купалу); “Райніс і беларусы”, 1975; “Ян Судрабкалн і беларусы”, 1977…
У 1977 г. М. Абала разам з Дзідрай Віксна выдала на латышскай мове даследванне “Дружба, умацаваная ў вяках”, у 1984 г. – анталогію латышскай паэзіі ў 2-х т. (сумесна з С. Панізьнікам), у 1986 г. апублікаваны яе артыкулы ў энцыклапедычным даведніку “Янка Купала”. І ў 1986 г. М. Абала — навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры Латвійскай АН — узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй.
З 1991 г. яна – Прэзідэнт Латвійскай асацыяцыі беларусістаў; у 2001 г. узнагароджана медалём Францішка Скарыны.
Зіма з летам сустракалася і развітвалася з Мірдзай, дачкой Эдуарда, 24лютага 2007 г. У 2010 г. з’явіўся на свет галоўны набытак творчага жыцця М. Абалы – “Слоўнік беларуска-латышскі і латышска-беларускі”. Выдадзены “Саюзам беларусаў Латвіі”. Там – каля 40 тыс. загалоўных слоў, 543 старонкі. Рэдагаваў і дапаўняў яго І.І. Лучыц-Федарэц. Прэзентацыя кнігі прайшла ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Вечная памяць латвійскай кнігаўцы ў Беларусі.
Мірдза Абала паспрыяла ўзнагароджанню ордэнам Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Рыгора Барадуліна, Васіля Сёмухі – і вось яна прысутнічае на ўручэнні высокай дзяржаўнай адзнакі Сяргею Панізьніку. Побач – Айя Лацэ, Мара Залітэ, Улдыс Бэрзыньш, Андрэй Гуцаў, Кнутс Скуеніекс, Валдыс Румніекс… 9.ХІІ. 1998 г.
Капітан 4-й ст. ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Сяргей Панізьнік
НЯЗГАСНАЕ СВЯТЛО ВЫСАКАРОДНАЙ ДУШЫ
3 мая 2001 года за вялікі ўклад у развіццё беларуска-латышскіх культурных сувязяў кіраўнік латвійскай асацыяцыі беларусістаў Мірдза Абала была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Але галоўнай для яе ўзнагародай заўсёды была людская любоў і павага. Спадарыня Мірдза стаяла ля вытокаў заснавання Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, была шматгадовым сябрам Рады таварыства і да апошніх дзён падтрымлівала стасункі з нашай суполкай. Пасля смерці спадарыні Мірдзы застануцца жыць яе кнігі. Застанецца жыць яе навукавая спадчына. Cветлая памяць аб светлым чалавеку будзе жыць у сэрцах яе сяброў і ў Латвіі, і ў Беларусі.
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Tatjana Kazakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngTatjana Kazak2018-02-02 17:00:572020-10-18 17:02:30Латвійская кнігаўка ў Беларусі
Дзякуй Уладзіміру Караткевічу і яго кнігам за тое, што абудзілі ў мне беларуса”, – гэтыя словы гучаць сёлетняй восенню ў розных канцах свету. – Не было б Караткевіча і яго “Дзікага палявання караля Стаха” і іншых твораў, не было б і мяне, беларуса…»
Такія прызнанні гучалі ў гэтыя лістападаўскія дні і ў нашым горадзе. Сталіца Латвіі, краіны, якой ён прысвяціў свае «Казкі бурштынавага краю», памятае і любіць Караткевіча. Тут і да гэтага часу жывуць яго чытачы і яго сябры. Адзін з іх – мастак Вячка Целеш. Менавіта па яго ініцыятыве Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» зладзіла літаратурную вечарыну, каб ушанаваць юбілеі слынных беларусаў – Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і Сяргея Сахарава.
Пачалося свята з прэзентацыі біяграфічнага альманаху “Асоба і час», выдадзенага да 100-годдзя Ларысы Геніюш.
«Гісторыя аднага партрэту» – такая назва ўспамінаў пра Ларысу Геніюш нашага зямляка Вячкі Целеша, змешчаная ў альманаху. Многім з прысутным добра вядомы гэта партрэт Ларысы Геніюш, створаны В.Целешам, ён неаднаразова экспанаваўся падчас яго выстаў. А вось гісторыю знаёмства паэткі і мастака многія пачулі ўпершыню. Як, дарэчы, і голас самой Ларысы Геніюш. І голас Уладзіміра Караткевіча. І стаў магчымым гэты цуд, дзякуючы запісам, зробленым калісьці на звычайны магнітафон яшчэ адным сябрам Ларысы Геніюш, госцем беларускай імпрэзы ў Рызе спадаром Сяргеем Панізнікам. Гэтыя запісы былі пакладзены ў аснову аўдыёдыска, які прывёз на свята спадар Сяргей.
Дарэчы, многія ўдзельнікі свята прыйшлі на сустрэчу са сваімі любімымі творамі Ларысы Геніюш і Ўладзіміра Караткевіча. Так, Наталля Камілеўская прынесла з сабой невялікі зборнічак спадарыні Ларысы. Гэта было польскае выданне, адзінае, якое некалькі дзесяцігоддзяў таму яна змагла набыць калісьці ў Рызе. І які захоўвае і да гэтага часу сярод сваіх любімых кніг. Свае любімыя творы Лырысы Геніюш і Уладзіміра Караткевіча на свяце чыталі і ўдзельнікі імпрэзы. Чыталі па ўласнаму жаданню, а не таму, што гэтак было запланавана. А асабліва натхнёным было выступленне дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Іванэ, якая падрыхтавала сапраўдны экскурс у творчасць Уладзіміра Караткевіча.
Надзвычай узнёслым і шчырым было гэта свята. І па-асабліваму сяброўскім. І кранаючым. Нельга было без хвалявання слухаць успаміны Сяргея Панізніка і Вячкі Целеша пра сяброўства з асобамі, якія сталі гонарам Беларусі, сяброўства, якое яны пранеслі праз гады. І слухаючы расповеды ўжо немаладых людзей, скроні якіх даўно пабяліла сівізна, адступаў час. І здавалася, што мы ўвачавідкі бачым, як па Юрмале спяшаюцца жвавыя, гаманкія Сяргей Панізнік і Вячка Целеш, як перапоўнены яны радасцю, што ідуць у госці да самога Караткевіча. Як стромкія балтыйскія сосны чуюць гамонку навукоўцы спадарыні Мірдзы Абалы і Уладзіміра Караткевіча. Як пасля сяброўскай сустрэчы ў майстэрні Вячкі Целеша Уладзімір Караткевіч напіша з гумарам дасціпныя радкі і нават паспрабуе сябе ў ролі мастака.
Старонка з аўтографам і малюнкамі Уладзіміра Караткевіча ў Гасцёўнай кнізе майстэрні “Беларуская хатка” Вячкі Целеша
Першая – Мірдза Абала, далей – Алег Лойка, яго жонка Лілея, за ёй – Уладзімір Караткевіч, Сяргей Панізнік, а правей – Вячка Целеш у Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981 г.
Злева – Алег Лойка, яго жонка, Уладзімір Караткевіч, Вячка Целеш і Мірдза Абала ў Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981г.
Вядома, шкада, што юбілей Уладзіміра Караткевіча ў Латвіі не святкаваўся так, як гэтага хацелася б, як варта было б. Шкада, што не маем магчымасці паехаць у Оршу на ўрачыстасці, запланаваныя 26 лістапада да дня нараджэння пісьменніка, каб у гэтым шматгалоссі прагучаў і голас беларусаў з Рыгі. Удзельнікі імпрэзы папрасілі спадара Сяргея Панізніка перадаць паклон ад беларусаў Латвіі радзіме вялікага пісьменніка. А музею ў Оршы – падарунак, які падрыхтаваў Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Калі дакладна, рыхтаваць яго Вячку Целешу не спатрэбілася, бо аб гэтым шмат гадоў назад паклапаціўся сам Караткевіч.
Падчас першай сустрэчы і знаёмства з Караткевічам у Дубултах у Доме творчасці пісьменнікаў 5 снежня 1976 г. Вячка папрасіў у пісьменніка на памятку памяняцца ручкамі. Уладзімір Сямёнавіч з задавальненнем згадзіўся. І вось тая ручка, якой пісьменнік пісаў свае раманы, засталася як памятка аб той сустрэчы, як рэліквія нашага нацыянальнага генія. Гэтая ручка да гэтага часу захоўвалася ў Вячкі, а на вечарыне рыжскі мастак папрасіў перадаць яе ў дар музею Караткевіча.
У 1960 – 70-ыя годы Уладзімір Караткевіч неаднаразова наведваў Латвію, тут у яго былі сябры – паэт Еранім Стулпан, дарэчы, ён нават быў яго кумам, хросным бацькам яго дачкі. Бываў Караткевіч у Іманта Зіедоніса, які вазіў яго да сваіх бацькоў у г. Салдус, былі сустрэчы яго і з іншымі латышскімі паэтамі і пісьменнікамі.
І яшчэ адзін юбілей ушанавалі ў гэты дзень у таварыстве «Сьвітанак».
Cёлетняй восенню споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Сяргея Сахарава – чалавека, які адным з першых узняў паходню беларускасці ў Латвіі. Педагагічнай і культурна-асветніцкай працы С.П.Сахараў прысвяціў больш за пяцьдзесят гадоў, каля дваццаці пяці з іх – барацьбе за беларускую школу ў Латвіі. У літаратурнай вечарыне прыняла ўдзел унучка Сяргея Пятровіча Сахарава – спадарыня Нонна Ахметулаева. Спадарыня Нонна падзялілася сваімі ўзгадкамі пра Сяргея Сахарава, распавядала пра тое, як сёлета адзначалі яго юбілей у Лудзе, і прыпасла гасцям імпрэзы свой падарунак. Яна прачытала адно з неапублікаваных апавяданняў Сяргея Сахарава.
За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі ў 1939 г. атрымаў прэмію, якую скарыстаў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця – зборніка “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. А яшчэ ў спадчыну Сяргей Сахараў пакінуў нам, беларусам, якія жывуць у Латвіі, вось гэтыя словы:”…Але старанна вывучаючы дзяржаўную мову, вучачыся іншым мовам, не будзем забываць і сваю беларускую мову. Калі б мы нашу родную… беларускую мову закінулі, забыліся, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі” Запавет гэты надзённы для нас і праз дзесяцігоддзі. І не толькі для беларусаў Латвіі.
З радасцю мы даведаліся, што ў Талліне ствараецца нядзельная школа беларускай культуры імя Караткевіча. Творы вялікага рамантыка і казачніка вывучаюць выхаванцы Рыжскай Беларускай асноўнай школы. І, дзякуючы аўтару «Зямлі пад белымі крыламі», для юных рыжан-беларусаў гэты край, радзіма іх бацькоў і дзядоў, становіцца бліжэй…
«Святло высакароднай душы» – так назвала калісьці свой артыкул, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу латышская вучоная Мірдза Абала, якую з беларускім пісьменнікам звязвала шматгадовае сяброўства і якая пераклала яго аповесці “Чазэнія” на латышскую мову. Высакароднасць душы – тая рыса, якая яднае ўсіх нашых юбіляраў. І гэтаму святлу не згаснуць ніколі…
Таццяна Касуха
На здымках Георгія Астапковіча:
удзельнікаў імпрэзы вітае Вячка Целеш
выступае Сяргей Панізнік
вядучыя імпрэзы – мастак Вячка Целеш і паэт Сяргей Панізнік з унучкай Сяргея Сахарава Ноннай Ахметулаевай
спявае студэнтка Латвійскай музычнай акадэміі Людміла Ігнатава
вершы Уладзіміра Караткевіча чытае Таццяна Казак
выступае беларускі гурт “Вытокі”, кіраўнік Станіслаў Клімаў
два паэты, два пакаленні – мінчанін Сяргей Панізнік і рыжанка Людміла Ігнатава са сваімі паэтычнымі зборнікамі
Сімвалічная повязь сяброўства латвійскай і беларускай культуры
На жаль, невядомы грамадскасці таленавіты беларускі літаратар, паэт, перакладчык, аўтар успамінаў. Народжаны ў Беларусі, яе сталіцы Мінску, большую частку свайго жыцця Барыс Кастаненка пражыў у Латвіі.
Перад тым, як стала асесці ў Рызе, ён прайшоў нялёгкі шлях марскога афіцэра-падводніка, служыў на Паўночным флоце. Жывы, цікаўны, мэтаімклівы юнак Барыс рана захварэў рамантыкай мора і паэзіі. Да гэтага прычыніліся дапытлівы, цэльны характар рамантыка і некаторыя канкрэтныя абставіны жыцця сям’і Кастаненкаў. У сувязі з характарам работы бацькі, сям’я Кастаненкаў, у якой разам з малодшым Барысам было двое дзяцей, даводзілася жыць у розных мясцінах Беларусі. У сваіх успамінах (яны пакуль што знаходзяцца ў рукапісе, ды машынапісе і трэба думаць, будуць выдадзены кніжкай) Барыс згадвае пераезды сям’і: жыццё іх у Чашніках, Камарыне, Жыткавічах, Мінску. Але больш робіцца гэта па расказах родных і перш-наперш маці Ганны Якімаўны, даволі адукаванай і інтэлігентнай жанчынай на той час. У 1935 г. Кастаненкі пераехалі жыць у Віцебск. У раздзеле ўспамінаў “Добры горад над сіняй Дзвіной” Барыс пранікнавенна і маляўніча расказвае пра сваё даваеннае дзяцінства, шчасліва праведзенае ў гэтым старажытным беларускім горадзе, што месціцца на берагах Заходняй Дзвіны.
“Ганчарны завулак, – праз гады ўспамінаў капітан трэцяга рангу Барыс Пятровіч Кастаненка, – побач з левым берагам Дзвіны, паміж новым і чыгуначным мастамі… Ля новага маста заўсёды стаялі буксіры, параходы, баржы-лайбы, многа лодак. Тут жа на пяску адпачывалі ўжо непатрэбныя растрэсканыя баржы, высіліся горы цюкоў сена, скрынкі, бочкі – уся гэта гаспадарка належыла мясцоваму параходству. Колькі радасці прыносіла нам Дзвіна! Велічнай і шырокай здавалася яна мне. Тут праходзілі лепшыя часіны нашага дзяцінства. Рака жыла напружаным жыццём, ішлі параходы, плылі ганкі (мясцовая назва плытоў), буксіры цягнулі баржы з рознымі грузамі. Часам пад вясёлую музыку паважна праплываў пасажырскі прыгажун, і ў ім было шмат бесклапотнага, радаснага народу. Параход узнімаў хвалі. На іх весела гайдаліся на байдарках старэйшыя хлапчукі. Мы ж кідаліся з берагоў у прыемную ваду, каб пагойсацца на хвалях, падурэць у дзіцячай бесклапотнасці і радасці (Успаміны с. 35–36).
Ці не тут, на ўлонні вялікай ракі, зараджалася ў душы хлапчука цяга да воднай прасторы, якая прадвызначыла жыццёвы шлях паэта і марскога воўка Барыса Кастаненкі? І ці не лёс гэта, што свой жыццёвы шлях ён закончыў у вусце гэтай роднай ракі? (Памёр Барыс у раёне Рыгі, які называецца Вусць-Дзвінск). Ганчарны завулак, Віцебск, Дзвіна былі, можна сказаць, першым адпраўным пунктам ў нібы доўгім і разам з тым кароткім жыцці літаратара-марака. “Я і паэт, я і марак”, – пісаў Барыс пра сябе. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі згарэў дом і ўвесь небагаты пабытак, каб неяк выжыць і перачакаць ліхалецце, Кастаненкі выбраліся на малую радзіму бацькоў – у лясную вёсачку Корасць. Абразкі перажытага ў вайну яскрава паўстаюць са старонак Барысавых “Успамінаў”. Апошняй станцыяй свайго юнацтва Барыс Кастаненка называе Смаргонь, гарадок непадалёк ад Віліі, які часта ўспамінаецца ў вершах, аркушах, мемуарах. Па выгнанні гітлераўцаў сям’я Кастаненкаў з апусташонай, здрантаванай акупантамі Віцебшчыны рушыла ў Заходнюю Беларусь, на новае мейсца працы бацькі. У Смаргоні ён закончыў сярэднюю школу. Апошняя станцыя юнацтва была для Барыса вельмі важным этапам яго духоўнага фарміравання, маладога ўзмужнення.
Рана адчуты хлопцам смак мастацкага слова, захапленне літаратурай, перад усім паэзіяй (пад уплывам сваёй маці Анны Якімаўны, якая працавала настаўніцай у пачатковых класах), набылі ў Смаргонях рэальныя формы. Старшакласнікі Лёня Сосна, Міхась Царык, Антон Субач, Жора Янчуковіч, Арсень Ліс арганізаваліся ў літаратурны гурток. Паседжанні праводзілі ў цокальным памяшканні пры бібліятэцы, або на кватэры ў Ігара Фёдаравіча, на вуліцы Крэўскай. Барыс Кастаненка стаў неўзабаве лідэрам гэтай нефармальнай групы. Хлопцы выдавалі рукапісны часопіс “Родны край”, пазней, па ініцыятыве Барыса, перайменаваны ў “Росквіт”. Гэта была звычайная юначая спроба пяра, але шчырая, гарачая, з чытаннем уласных твораў і спрэчкамі, пераважна літаратурнага характару. Быў выезд у Маладзечна, дзе пры абласной газеце існавала сталае літаратурнае аб’яднанне, кіраванае выкладчыкам літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, пазней вядомым беларускім гісторыкам і мысляром Міколам Ермаловічам. Вершы і апавяданні смаргонскіх літаратараў аналізаваліся Мікалаем Іванавічам, спецыялістам-філолагам па законах літаратуразнаўства, ўважліва і зычліва. Падборка вершаў Барыса Кастаненкі была надрукавана ў абласной перыёдыцы і гэта, вядома, акрыляла маладога паэта, годам пазней ён стаў удзельнікам ІІІ з’езду маладых паэтаў Беларусі, аб якім ён вельмі цёпла напісаў у сваім штодзённіку. Яго кансультаваў сам П. Броўка. У Смаргонях Барыс спасцігаў і такія фундаментальныя праявы жыцця, як сяброўства, каханне, вернасць. Там ён выбраў і спадарожніцу ўсяго будучага свайго жыцця, жонку, маці яго дзяцей, спадарыню Карыну. Але напачатку быў выбар будучай прафесіі. Вырашаны дома на роднай зямлі, ён рэалізаваўся ў светлым вялікім горадзе над Нявой.
Летам 1951 г. дзевятнаццацігадовы Барыс становіцца курсантам Вышэйшага ваенна-марскога інжынернага вучылішча імя Дзяржынскага. “Пад залатым шпілем Адміралцейства” – так называецца адзін з раздзелаў яго штодзённіка. У вольную хвіліну, якіх было няшмат, клікала літаратурнае слова, малады марак адчуваў яго ва ўласнай душы. І чулася ў ім крыху пафасная яшчэ клятва ў любові да мора, яго нязведаннай прасторы: Ты прада мною ціхае, жывое, Ды толькі больш люблю шум грозны твой. Я сам даўно не ведаю спакою, І не патрэбны нейкі мне спакой! Я далячынню велічнай, прыгожай Увесь захоплены. Яна ў вачах стаіць. У моры я паэзію знаходжу, У паэзіі мне мора не забыць!
У вершах – лістах да сяброў паэта-марака гучыць паўтараючыйся матыў прызнання ў любові роднай зямлі, узгадваюцца росныя сцэнкі юнацтва над Віллею, устае абагульнёны вобраз Беларусі. Лёс марскі на шлях багаты… Колькі ўспенена хваль вінтамі. Ды пад спёчным далёкім небам Мроіў я тваімі барамі…
Пад вершамі – год напісання, назвы гарадоў, дзе ўзніклі, склаліся ў радкі ўзрушаныя словы… Вось адзін, з горада Ліепая, азначаны 1957 годам. Вылучаецца элегічным тонам. Спецыфіка жыцця афіцэра-падводніка ў тым, што яно праходзіць ў аснове сваёй далёка ад дому, ад сям’і. І вось Барысаў верш – зварот да любімай каханай: Зноў латышскія сосны гудуць нада мной Коціць пенныя хвалі вясёлы прыбой… І на поўдзень бялюткія хмаркі плывуць. Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной? Я б на рукі цябе, як пушынку, узняў, Над усім хараством гэтым цудным узняў, Тваё б сэрца напоўніў сваім пачуццём, І красу, і бязмежжа жыцця б паказаў. Над табою б латышскія сосны гулі, Белы ветразь убачыла б ты ўдалі, І марскія ласкавыя ветры табе Свае дзіўныя песні здалёк прыняслі б… Ты б пачула, чым Балтыкі сэрца жыве, Ты б пазнала, што Райніса дайна пяе. Пакахала б ты сосен край, хваль і вятроў, Зразумела б ты цёплыя словы мае. Толькі ты так далёка… Шугае прыбой. І латышскія сосны гудуць нада мной. На ўзбярэжжы стаю з сваёй думкай адзін. Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной?..
Жыццё сведчыць, што раздвайвацца паміж літаратурай і службай інжынера на сучаснай субмарыне не проста, калі ўвогуле такое можна. Прыехаўшы ў адпачынак і пабачыўшыся ў Белдзяржуніверсітэце з сябрам, які вучыўся на філфаку, адзначыў для сябе ў дзённіку: “…З глыбокім болем адчуў, што адлегласцю і ўмовамі жыцця мы вельмі адарваны адзін ад другога… Я, вядома, пазайздросціў Арсеню: кожны дзень ён жыве на роднай зямлі, чуе родную мову, вучыць тое, што неабходна для літаратурнай творчасці, жыве з хлопцамі, для якіх літаратура – самае галоўнае. Мне ж ўсё даводзілася здабываць урыўкамі, ва ўмовах жорсткай абмежаванасці…” І пазней у адным з вершаў пра гэта напіша: Я значнага яшчэ не напісаў… Заняткам іншым час свой аддаваў. Другія хлопцы ладней пішуць вершы, І мне не быць у іх кагорце першым.
Тым часам час, сілы ўладна забірала служба падводніка. З паходаў вяртаўся, выціснутым, як лімон. Барыс быў чалавекам годнасці і абавязку. Перадусім – абавязку баявога афіцэра-падводніка. Вышаўшы на пенсію, Барыс, нарэшце, плануе ажыццявіць яшчэ адну мару. Яна-такі, праз гады заставалася запаветнай. Аддаўшы больш 30 гадоў марской службе, капітан трэцяга рангу Барыс Кастаненка сходзіў на бераг, яшчэ поўны жыццёвых сіл і розных планаў, а перш-наперш творчых. Наперадзе яшчэ былі, здавалася, незлічоныя кіламетры дарог. Кінуўся ў блізкі родны свет – па Беларусі. Напісаў нарысы, у тым ліку “Браслаўскія азёры”, “Горад на Дзвіне”. Затым – ў Закарпацце. У наступнае лета разам з Карынай адкрывалі для сябе Сярэднюю Азію: Ташкент, Бухара, Самарканд. Барыс быў ашаломлены незвычайнасцю, каларытнасцю Усходу. Але больш за ўсё уразіла мудрая, філасафічная, жыццёвая, праўдзівая паэзія народаў сярэдняазіяцкіх рэспублік. Два гады запар Барыс ездзіў, ужо адзін, у Таджыкістан, Туркменію, Казахстан, Узбекістан, каб услухацца ў мудрую і высокую паэзію Усходу, спеўныя галасы самой зямлі яго. Вяртаўся з кніжкамі, слоўнікамі. Засеў за пераклады, і, о радасць: мудраспеўная паэзія Усходу арганічна загаварыла з ім па-беларуску: Я неба кветнікам назваў, Зор карнавал я ўслаўляў. Пачуў: напышлівасці многа. Спяваў сустрэчы, боль разлук. Каханне, слодыч яго мук. Пачуў: няма маралі строгай, Багата прысвяціў радкоў Вясне, рамантыцы шляхоў. Пачуў: у іх няма нічога. Сваю душу перагартаў, Аб сваім лёсе заспяваў. Пачуў: ён сэрцам чуе Бога.
У сучасных паэтаў Усходу, таджыцкіх, узбецкіх і уйгурскіх, знаходзіў шмат таго, што непакоіла, жыло ў самім перакладчыку, рацэ жыцця, якая ім перадольвалася. Як хоць бы гэта споведзь-медытацыя Амана Мухтарава:
Я на рацэ ўважлівы такі: Стаяць на правым беразе ракі Старыя – прадзед мой, бабуля, дзед, Даўно пакінуўшыя гэты свет. І не палохаюцца бур ліхіх. Як я жыву? – адно пытанне ў іх. На левым беразе ракі стаяць Мае нашчадкі. Уважліва глядзяць Сыны, ўнукі, што ідуць ў жыццё, Каб месца ў ім яшчэ знайсці сваё І ў ім пакінуць шмат слядоў сваіх. Як я жыву? – Адно пытанне ў іх. Яго я часта задаю сабе. Маё жыццё – рака ў барацьбе, Пакуль яно імкне ў берагах, Плыву па ёй, перамагаю жах. Як я жыву? Плыву ці ўперад я? І занясе куды рака мая? Вось бачу бераг правы я, круты. Яшчэ рывок – і траплю я туды. Мінуўшчына спакою не дае. Цячэ рака, цякуць гады мае. Вось бераг левы – да яго рух мой, Святло і цемру рэжу я рукой. Між будучым і днём ужо былым Так і жыву ў часе я сваім.
Як старое віно, дзіўным водарам, тонкай мудрай рамантыкай п’яніў Алішэр Наваі: “Ах, птушка майго сэрца ўзляцела, – здалася зернеткам радзімка ёй твая. Ляцела да цябе, ды трапіла ў пастку тваіх прыгожых кос, а з ёй загінуў я…” Алі Абу Ібн Сіна (Авіцэнна), Амар Хаям… – перакладзена было нямала. Можна было падумаць аб беларускамоўнай анталогіі ўсходняй паэзіі. Чакана-нечакана напісалася свая “Усходняя паэма” па-руску, каб можна было звярнуцца да ўсходніх сяброў і быць пачутым і зразумелым імі. Улысны верш Барыса Кастаненкі мацнеў творчым досведам пераствораных на беларускую мову ўсходніх паэтаў. Слов значимость учусь я ощущать, Чтоб радугу цветов в них различать, В единый сплав мысль с чувством совмещать, Сплетая в кружева простую нить. Моя судьба моих творенье рук И зависти к удачным в жизни нет. Я разорвал привычный серый круг, Во мне и увяданье и расцвет. Во мне единство – радость, боль моя. В душе противоречий до краев. Я – быстрый ветер, и изменчив я, Объять и ощутить я все готов. Вот тишина и вдруг – весенний гром, Снег падает, а вот звенит капель. Я – все созвучья, что звенят кругом. Я – глубина. Но вдруг я только мель…
Па-руску пісаў Барыс і раней, але лічыў, што поўнавартасна можна высказацца толькі на роднай мове. Але паддавалася і рускае слова. Барыс афармляе свае рускамоўныя вершы ў машынапісны зборнік “Брызги волн морских и времени”. Ён з болем пісаў: “Праехаў я мой край ва ўсе бакі, І на душы зрабілася так горка, Бо лічаць нават нашы землякі Купалы мову брыдкаю гаворкай”.
Архіў, яго рукапісы, што цяпер, пасля 6 мая 1999 г., калі ён адышоў ад нас навекі, называюцца літаратурнай спадчынай, накіды апошніх гадоў навочна сведчаць, што Барыса трывожыў лёс Беларусі: “Беларусь, не шануеш сваіх ты дзяцей. Іх бяздумна па беламу свету кідаеш. Плён іх працы, і думак, і светлых ідэй у скарбніцу народа свайго не збіраеш”. Далей назваў імёны Д. Шастаковіча, Яраслава Смелякова. Спрабаваў дапісаць раней пачатую паэму “Спадчына”, у якой абагульнена шырока хацеў глянуць на шляхі свайго народа, рупіўся над “Успамінамі”, якія абяцалі стаць сапраўднаю аповесцю жыцця. Міжволі думалася аб тым, што пакінеш па сабе. Часам чарнавата-іранічна: “Памёр чалавек… Што ад яго засталося? Жменя медалеў і зусім нецікавых папер”… Паглядзець на сябе іранічна – удзел моцных натур. Часам аўтаіронія была бліжэй да праўды, чым у ранейшых змрачнавата неаб’ектыўных радках: Каб ты не піў і не смаліў, Сто год пражыў бы на зямлі. У табе такі жыцця запас, Што падуладны табе час. Я грэшны: чарку паважаў І цыгарэты не кідаў.
Непадуладнасць бегу часу аказалася падманлівай. А так трэба было яшчэ некалькі год, каб завяршыць літаратурныя планы і, можа ў першую чаргу, аповесць жыцця, пазначаная ў адным з рукапісных артыкулаў як “Выток і плынь”. У прозе, як і ў жыцці навогул, Барыс Кастаненка заставаўся паэтам. З сумам думаецца: Барыс мог яшчэ, павінен быць з намі, сваім натхнёным мудрым словам сцвярджаць жыццё, яго хараство і неўміручасць.
Дачакаліся. Нарэшце і ў латвійскіх беларусаў зявіўся свой паэт-песеннік. А сведчаннем таго, што наш зямляк з Даўгаўпілса Станіслаў Валодзька называецца ім па-праву, стаў яго аўтарскі кампакт-дыск.
Зразумела, што прэзентацыя альбома адбывалася ў Даўгаўпілсе, горадзе, дзе жыве і працуе Станіслаў. Калі мяркаваць па водгуках, імпрэза атрымалася цудоўная. Віншавалі Станіслава і даўгаўпілскія музыкі і выканаўцы песень, і госці з Рыгі і Краславы. Прыхільнікі творчасці даўгаўпілскага паэта прыехалі нават з Літвы і Беларусі. Прэзентацыя вылілася ў грандыёзны трохгадзінны канцэрт, аб чым распавядалася і па радыё і ў друку.
Добра знаёмыя песні на словы Станіслава Валодзькі і слухачам нашай праграмы. Яны гучаць у нашай радыёперадачы ўжо не першы год. З задавальненнем уключаюць яго творы ў свой рэпертуар і нашы самадзейныя артысты. Спявае гэтыя песні і калектыў “Вавёрачка “ Рыжскай беларускай асноўнай школы, і ліепайская “Паўлінка” і спявак Павел Прозар з ансамбля “Купалінка”. Першую песню Станіслаў Валодзька напісаў дзесьці гадоў дзесяць таму, у супрацоўніцтве з каіпазітарам Генрыхам Галіцкім. Потым плённа супрацоўнічаў з Мікалаем Яцковым, Аляксандрам Рудзем, Дзмітрыем Паддубнавым. Так пакрысе, за годам год і збіраліся песні, каб потым сабрацца разам, у адзін дыск.І цяпер мы з задавальненнем знаёмім нашу радыёаудыторыю з песнямі беларускага кампазітара з яго новага дыска. Тым больш, што слухачам яны даспадобы. Сярод сталых – папулярная песня “Ветэраны”, якую Станіслаў напісаў да 60-годдзя вызвалення Даўгаўпілсу і Беларусі. Яе пранікнённа выконвае Сяргей Піменаў, выкладчык музычнага каледжу ў Даўгапілсе. Кранае сэрца трыо “Ластаўкі” беларускага таварыства “Уздым”, якое выконвае песню “Ластаўкі” – гэта дзве настаўніцы музыкі Таццяна Піменава і Наталля Зубкова, і выхавальніца дзіцячага садка Інга Ціршэ-Галлеррэ.
Моладзі вельмі падабаецца перакладзеная Станіславам “Песня пра шчасце” – яна гучыць на латышскай і беларускай мовах у выкананні вядомых латвійскіх спевакоў Томаса Кліма, Іво Фомінса і беларускай спявачкі Аляксандры. Асабіста мяне кранаюць “Зязюля” і “Калыханка для мамы” : Дарэчы, песенны дыяпазон гэтага дыска – вельмі шырокі. Ад бардаўскіх песень – да рамансаў і калыханак. Уключаны ў яго і некалькі твораў на рускай мове. Сам Станіслаў тлумачыць гэта так: “Песні падбіраліся такім чынам, каб рэпертуар быў разнастайным і тэматычна, і ў жанравых адносінах.” Наколькі ўдала такое рознапланавае спалучэнне мяркаваць, вядома, слухачам. Са свайго боку адзначу, што ва ўсялякім разе гэты кампакт-дыск дае магчымасць пазнаёміцца з усёй творчай палітрай паэта-песенніка Станіслава Валодзькі. Гэта па-першае. Па-другое, дае надзею на тое, што ў будучым з’явяцца і новыя песні і новыя дыскі нашага земляка, даўгаўпілскага паэта Станіслава Валодзькі . Нездарма ж назва першынца – “Верю в свою звезду” . Тым больш, што творчыя задумы ў Станіслава Валодзькі вялікія.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Tatjana Kazakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngTatjana Kazak2005-04-20 17:10:092020-10-18 17:18:20З верай у сваю зорку