А таксама паказалі рыжанам выставу, прысвечаную Крыжу Ефрасінні Полацкай.
Беларусы Латвіі адсвяткавалі ў Рызе 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча яшчэ па старым стылі: узгадалі лепшыя вершы вялікага паэта і праспявалі іх.
Вячаслаў Целеш, старшыня аб’яднання мастакоў Балтыі “Маю гонар”, узгадвае, як 20 год таму святкавалі стагоддзе са дня нараджэння паэта. З таго часу штогод латвійскія беларусы ладзяць невялікія вечарыны.
Вячаслаў Целеш: “Яго патрыятызм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у тым ліку і на беларусаў Латвіі. Беларусу варта пачуць яго “Пагоню” ці “Зорку Венеру”, каб пераканацца ў патрыятызме Максіма Багдановіча”.
Адначасова з багдановіцкімі чытаннямі латвійскія беларусы адкрылі фотавыставу, прысвечаную лёсу іншай беларускай легендзе – Ефрасінні Полацкай і яе крыжу.
Зладзіла выставу старшыня таварыства “Сьвітанак” Ірына Кузьміч. Яна ж – дачка беларускага майстра Міколы Кузьміча, які і стварыў копію знакамітага крыжа
Ірына Кузьміч: “У чэрвені мы з мужам выправіліся ў старажытны Полацак і некалькі дзён пражылі ў Ефрасіннеўскім манастыры. Вынікам натхнення і стала гэтая выстава. Яе мэта – пазнаёміць латышоў з культурай Беларусі”.
У 1997 г. брэсцкі ювелір-эмаліроўшчык, сябра Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Кузьміч стварыў рэпрадукцыю крыжа Ефрасінні Полацкай. Новы крыж быў асвечаны і перададзены ў Ефрасіннеўскі манастыр.
Сапраўднаму крыжу, які знік у вайну з магілёўскага музея, сёлета споўнілася б 850 гадоў.
Дзякуй Уладзіміру Караткевічу і яго кнігам за тое, што абудзілі ў мне беларуса”, – гэтыя словы гучаць сёлетняй восенню ў розных канцах свету. – Не было б Караткевіча і яго “Дзікага палявання караля Стаха” і іншых твораў, не было б і мяне, беларуса…»
Такія прызнанні гучалі ў гэтыя лістападаўскія дні і ў нашым горадзе. Сталіца Латвіі, краіны, якой ён прысвяціў свае «Казкі бурштынавага краю», памятае і любіць Караткевіча. Тут і да гэтага часу жывуць яго чытачы і яго сябры. Адзін з іх – мастак Вячка Целеш. Менавіта па яго ініцыятыве Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» зладзіла літаратурную вечарыну, каб ушанаваць юбілеі слынных беларусаў – Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і Сяргея Сахарава.
Пачалося свята з прэзентацыі біяграфічнага альманаху “Асоба і час», выдадзенага да 100-годдзя Ларысы Геніюш.
«Гісторыя аднага партрэту» – такая назва ўспамінаў пра Ларысу Геніюш нашага зямляка Вячкі Целеша, змешчаная ў альманаху. Многім з прысутным добра вядомы гэта партрэт Ларысы Геніюш, створаны В.Целешам, ён неаднаразова экспанаваўся падчас яго выстаў. А вось гісторыю знаёмства паэткі і мастака многія пачулі ўпершыню. Як, дарэчы, і голас самой Ларысы Геніюш. І голас Уладзіміра Караткевіча. І стаў магчымым гэты цуд, дзякуючы запісам, зробленым калісьці на звычайны магнітафон яшчэ адным сябрам Ларысы Геніюш, госцем беларускай імпрэзы ў Рызе спадаром Сяргеем Панізнікам. Гэтыя запісы былі пакладзены ў аснову аўдыёдыска, які прывёз на свята спадар Сяргей.
Дарэчы, многія ўдзельнікі свята прыйшлі на сустрэчу са сваімі любімымі творамі Ларысы Геніюш і Ўладзіміра Караткевіча. Так, Наталля Камілеўская прынесла з сабой невялікі зборнічак спадарыні Ларысы. Гэта было польскае выданне, адзінае, якое некалькі дзесяцігоддзяў таму яна змагла набыць калісьці ў Рызе. І які захоўвае і да гэтага часу сярод сваіх любімых кніг. Свае любімыя творы Лырысы Геніюш і Уладзіміра Караткевіча на свяце чыталі і ўдзельнікі імпрэзы. Чыталі па ўласнаму жаданню, а не таму, што гэтак было запланавана. А асабліва натхнёным было выступленне дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Іванэ, якая падрыхтавала сапраўдны экскурс у творчасць Уладзіміра Караткевіча.
Надзвычай узнёслым і шчырым было гэта свята. І па-асабліваму сяброўскім. І кранаючым. Нельга было без хвалявання слухаць успаміны Сяргея Панізніка і Вячкі Целеша пра сяброўства з асобамі, якія сталі гонарам Беларусі, сяброўства, якое яны пранеслі праз гады. І слухаючы расповеды ўжо немаладых людзей, скроні якіх даўно пабяліла сівізна, адступаў час. І здавалася, што мы ўвачавідкі бачым, як па Юрмале спяшаюцца жвавыя, гаманкія Сяргей Панізнік і Вячка Целеш, як перапоўнены яны радасцю, што ідуць у госці да самога Караткевіча. Як стромкія балтыйскія сосны чуюць гамонку навукоўцы спадарыні Мірдзы Абалы і Уладзіміра Караткевіча. Як пасля сяброўскай сустрэчы ў майстэрні Вячкі Целеша Уладзімір Караткевіч напіша з гумарам дасціпныя радкі і нават паспрабуе сябе ў ролі мастака.
Старонка з аўтографам і малюнкамі Уладзіміра Караткевіча ў Гасцёўнай кнізе майстэрні “Беларуская хатка” Вячкі Целеша
Першая – Мірдза Абала, далей – Алег Лойка, яго жонка Лілея, за ёй – Уладзімір Караткевіч, Сяргей Панізнік, а правей – Вячка Целеш у Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981 г.
Злева – Алег Лойка, яго жонка, Уладзімір Караткевіч, Вячка Целеш і Мірдза Абала ў Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981г.
Вядома, шкада, што юбілей Уладзіміра Караткевіча ў Латвіі не святкаваўся так, як гэтага хацелася б, як варта было б. Шкада, што не маем магчымасці паехаць у Оршу на ўрачыстасці, запланаваныя 26 лістапада да дня нараджэння пісьменніка, каб у гэтым шматгалоссі прагучаў і голас беларусаў з Рыгі. Удзельнікі імпрэзы папрасілі спадара Сяргея Панізніка перадаць паклон ад беларусаў Латвіі радзіме вялікага пісьменніка. А музею ў Оршы – падарунак, які падрыхтаваў Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Калі дакладна, рыхтаваць яго Вячку Целешу не спатрэбілася, бо аб гэтым шмат гадоў назад паклапаціўся сам Караткевіч.
Падчас першай сустрэчы і знаёмства з Караткевічам у Дубултах у Доме творчасці пісьменнікаў 5 снежня 1976 г. Вячка папрасіў у пісьменніка на памятку памяняцца ручкамі. Уладзімір Сямёнавіч з задавальненнем згадзіўся. І вось тая ручка, якой пісьменнік пісаў свае раманы, засталася як памятка аб той сустрэчы, як рэліквія нашага нацыянальнага генія. Гэтая ручка да гэтага часу захоўвалася ў Вячкі, а на вечарыне рыжскі мастак папрасіў перадаць яе ў дар музею Караткевіча.
У 1960 – 70-ыя годы Уладзімір Караткевіч неаднаразова наведваў Латвію, тут у яго былі сябры – паэт Еранім Стулпан, дарэчы, ён нават быў яго кумам, хросным бацькам яго дачкі. Бываў Караткевіч у Іманта Зіедоніса, які вазіў яго да сваіх бацькоў у г. Салдус, былі сустрэчы яго і з іншымі латышскімі паэтамі і пісьменнікамі.
І яшчэ адзін юбілей ушанавалі ў гэты дзень у таварыстве «Сьвітанак».
Cёлетняй восенню споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Сяргея Сахарава – чалавека, які адным з першых узняў паходню беларускасці ў Латвіі. Педагагічнай і культурна-асветніцкай працы С.П.Сахараў прысвяціў больш за пяцьдзесят гадоў, каля дваццаці пяці з іх – барацьбе за беларускую школу ў Латвіі. У літаратурнай вечарыне прыняла ўдзел унучка Сяргея Пятровіча Сахарава – спадарыня Нонна Ахметулаева. Спадарыня Нонна падзялілася сваімі ўзгадкамі пра Сяргея Сахарава, распавядала пра тое, як сёлета адзначалі яго юбілей у Лудзе, і прыпасла гасцям імпрэзы свой падарунак. Яна прачытала адно з неапублікаваных апавяданняў Сяргея Сахарава.
За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі ў 1939 г. атрымаў прэмію, якую скарыстаў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця – зборніка “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. А яшчэ ў спадчыну Сяргей Сахараў пакінуў нам, беларусам, якія жывуць у Латвіі, вось гэтыя словы:”…Але старанна вывучаючы дзяржаўную мову, вучачыся іншым мовам, не будзем забываць і сваю беларускую мову. Калі б мы нашу родную… беларускую мову закінулі, забыліся, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі” Запавет гэты надзённы для нас і праз дзесяцігоддзі. І не толькі для беларусаў Латвіі.
З радасцю мы даведаліся, што ў Талліне ствараецца нядзельная школа беларускай культуры імя Караткевіча. Творы вялікага рамантыка і казачніка вывучаюць выхаванцы Рыжскай Беларускай асноўнай школы. І, дзякуючы аўтару «Зямлі пад белымі крыламі», для юных рыжан-беларусаў гэты край, радзіма іх бацькоў і дзядоў, становіцца бліжэй…
«Святло высакароднай душы» – так назвала калісьці свой артыкул, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу латышская вучоная Мірдза Абала, якую з беларускім пісьменнікам звязвала шматгадовае сяброўства і якая пераклала яго аповесці “Чазэнія” на латышскую мову. Высакароднасць душы – тая рыса, якая яднае ўсіх нашых юбіляраў. І гэтаму святлу не згаснуць ніколі…
Таццяна Касуха
На здымках Георгія Астапковіча:
удзельнікаў імпрэзы вітае Вячка Целеш
выступае Сяргей Панізнік
вядучыя імпрэзы – мастак Вячка Целеш і паэт Сяргей Панізнік з унучкай Сяргея Сахарава Ноннай Ахметулаевай
спявае студэнтка Латвійскай музычнай акадэміі Людміла Ігнатава
вершы Уладзіміра Караткевіча чытае Таццяна Казак
выступае беларускі гурт “Вытокі”, кіраўнік Станіслаў Клімаў
два паэты, два пакаленні – мінчанін Сяргей Панізнік і рыжанка Людміла Ігнатава са сваімі паэтычнымі зборнікамі
Сімвалічная повязь сяброўства латвійскай і беларускай культуры
13 красавiка 2003 года Латвiйскае таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак” у самым цэнтры Старой Рыгi – Доме Менцэндорфа ладзiла дзень беларускай культуры. Дом Менцэндорфа – гэта дом-музей багатага рыжанiна, якi знаходзiцца ў прыгожым трохпавярховым будынку 18-га стагоддзя, назву мае ад прозвiшча апошняга ўладальнiка на пачатку мiнулага стагоддзя. Iнiцыятарамi правядзення свята выступiлi сённяшнiя гаспадары Дома Менцэндорфа – супрацоўнiкi музею. Кiраўнiцтва ЛТБК “Сьвiтанак” заўсёды з радасцю адгукаецца на падобныя прапановы, бо яны даюць цудоўную магчымасць чарговы раз нагадаць аб нашай беларускай прысутнасцi ў Рызе, магчымасць прапагандаваць нашую непаўторную, мiлагучную мову, песнi, традыцыi, багатую культурную спадчыну. На гэты раз “сьвiтанкаўцы” падрыхтавалi дзве выставы: экспазiцыю беларускiх кнiг i выставу вырабаў беларускiх майстроў. Беларуская народная творчасць была прадстаўленая вырабамi з лазы, саломкi, дрэва, керамiкi, вышыванкамi i карункамi. Асаблiвую цiкавасць наведвальнiкаў выклiкалi нашыя цудоўныя рушнiкi, паясы, коўдры, посцiлкi, вытканыя ў мiнулым стагоддзi матулямi i бабулямi рыжскiх беларусаў, захаваныя для нашчадкаў. Сярод беларускiх кнiг можна было ўбачыць даволi рэдкiя i каштоўныя, напрыклад, факсiмiльнае ўзнаўленне Бiблii, выдадзенай Францыскам Скарынаю ў 1517-1519 гадах у трох тамах, прыгожыя альбомныя выданнi, розныя кнiгi з аўтографамi беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў з прыватных калекцый арганiзатараў выставы. Частку сувенiраў i кнiг для выстаў арганiзатарам свята далi для паказу ў музеi дыпламаты Амбасады Беларусі ў Латвіі.
Пачалося свята знаёмствам публiкi з гicторыяй iснавання беларусаў на тэррыторыi сучаснай Латвii, з гicторыяй беларуска-латышскiх сувязяў. Аб гэтым, а таксама аб сучасным жыццi нашае дыяспары, дзейнасцi беларускiх суполак у Латвii, працы беларускай школы ў Рызе распавядалi аўтарка гэтых радкоў, старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыi “Маю гонар” Вячка Целеш, аўтарка кнiгi “Беларусы ў Латвii” прафесар Латвiйскага Унiверсiтэту Iлга Апiнэ, рэдактар газеты “Прамень” Алесь Карповiч. Аб важнасцi латышска-беларускiх культурных сувязяў i неабходнасцi iх пашырэння выказалiся Саветнiк па нацыянальных пытаннях Прэзыдэнта Латвiйскай Рэспублiкi Ольгерт Тыпанс i Першы сакратар Амбасады РБ у Латвii Дзмiтрый Шкурдзь, а старшыня Асацыяцыi нацыянальных культурных таварыстваў Латвii Рафi Хараджанян адзначыў, што ЛТБК “Сьвiтанак” з’яўляецца зараз адным з найактыўнейшых таварыстваў, якiя ўваходзяць у асацыяцыю.Адна з частак свята была прысвечаная беларускай кухнi. Акрамя “тэарэтычнага” знаёмства з своеасаблiвасцямi i традыцыямi нашай кухнi, гасцей чакала дэманстрацыя прыгатавання беларускiх дранiкаў на старажытнай печы ў музеi, усiх прысутных таксама частавалi загадзя прыгатаванымi Таiсiяй Бачкаровай дранiкамi з смятанаю, цыбулькаю, шкварачкамi, рознымi полiўкамi. А потым больш як дзве гадзiны працягваўся канцэрт. Сучасныя i народныя беларускiя песнi спявалi дзяўчаты з гурта “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы, спявачкi Ганна Крупская, Iлона Варатнiкова, вакальны гурт таварыства “Сьвiтанак” разам з салiсткамi Аляксандрай Ларыёнавай i Галiнай Уласенка. Вельмi цiкаваю была спецыяльная экскурсiя па шматлiкiх пакоях музею, арганiзаваная гаспадарамi для удзельнiкаў канцэрту i арганiзатараў свята.
Таццяна Казак
На здымках:
спявае гурт “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы;
падчас экскурсіі па музею
дэманстрацыя прыгатавання страў беларускай кухні;
арганізатары дня беларускай культуры: cупрацоўнікі музею і гурт “Сьвітанак”.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/01/Dom_Mencendorfa2.jpg240330Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2009-02-04 17:21:152023-02-13 23:43:22Беларускi дзень у рыжскiм музеi
Рыга ведае гэтае найвялікшае свята беларусаў – Дзень 25 сакавіка. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначае яго з самага пачатку свайго існавання. І за дваццаць гадоў дзейнасці таварыства ніколі не парушыла традыцыю. Вось і сёлета зноў у чарговы раз “Сьвітанак” запрасіў рыжан на галоўнае беларускае свята.
25 сакавіка гаспадарамі будынка Асацыяцыі нацыяльна-культурных таварыстваў Латвіі сталі беларусы. Асацыяцыя гасцінна расчыніла свае дзверы перад удзельнікамі беларускай імпрэзы, і іх сабралася поўная Вялікая зала, негледзячы на працоўны дзень.
Твары слынных дзяцей зямлі беларускай Кастуся Езавітава і Ларысы Геніюш, якія паглядалі з палотнаў беларускіх мастакоў – вось хто першымі вітаў гасцей беларускага свята. Гэта свой падарунак да юбілею падрыхтавалі беларускія мастакі, сябры творчай суполкі “Маю гонар”. Яны зладзілі выставу, прысвечаную 90-м угодкам абвяшчэння БНР.
У выставе прынялі ўдзел даўнія сябры латвійскай суполкі “Маю гонар” Вячка Целеш, Васіль Малышчыц, Ганна Пейпіня ды Алена Лаурыновіч, а таксама новае папаўненне суполкі – гэта мастачка і мастацтвазнаўца Аліна Літвіненка ды Ірына Трумпель. Дарэчы, Ірыну ды Вячку ў снежні 2007 года прынялі ў Саюз Мастакоў Латвіі. Акрамя прац мастакоў латвійскай суполкі на выставе экспануюцца карціны сябраў эстонскай суполкі “Маю гонар” – пастэльны нацюрморт з васількамі “Прысвячэнне Васілю Быкаву” намесніка старшыні аб”яднання “Маю гонар” Маргарыты Астраумавай ды каларытныя жывапісныя працы Генадзя Курленкова
Першыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, чые прозвішчы навекі застануцца ў нашай памяці. У гэтай кагорце і прозвішча Кастуся Езавітава, змагара беларускага нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння, слыннага асветніка, лёс якога назаўсёды звязаны і з Беларуссю і з Латвіяй. . Адзін з удзельнікаў абвяшчэння БНР, народны сакратар ваенных спраў у складзе першага нацыянальнага ўрада Беларусі Кастусь Езавітаў у 1919-1920 гг. служыў шэфам беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. Тое, што прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі БНР – яго нясумненная заслуга, уганараваная пазней званнем генерала-маёра. Пасля змушанага адыходу ад палітыкі Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і распачаў вялікую 23-гадовую культурна- асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў Латвіі. Ён абудзіў дзесяткі талентаў, паклікаўшы на “светлы след” нацыянальнага самавыяўлення тысячы людзей.
І сёння, праз гады, Кастусь Езавітаў і яго паплечнікі разам з намі, тут, на латвійскай зямлі, святкавалі найвялікшае беларускае свята. І вельмі важна было ўсведамляць, што гэту векапомную дату беларусы святкуюць ва ўсім свеце. Прывітальныя віншаванні ўдзельнікам свята зачытаў старшыня Аб ‘яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна трох Зорак Латвіі, адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак” Вячка Целеш. Ён агучыў і пасланне Івонкі Сурвіллы, нагадаў аб гістарычных паралелях паміж Днём незалежнасці, які Латвія адзначае 18 лістапада, і Днём Акту 25 сакавіка.
А яшчэ гэты сакавіцкі вечар стаў падставай павіншаваць з юбілеямі Натальлю Камілеўскую – чалавека, без якога цяжка ўявіць кожную нашую імпрэзу. Гэта магчымасць сказаць цёплыя словы падзякі ў адрас 80-гадовай юбіляркі, доктара гістарычных навук, старшыні латвійскага адзялення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесара Ілгі Апінэ. Гэта магчымасць паслухаць маладую таленавітую спявачку Людмілу Ігнатаву, беларуску, якая нарадзілася і вырасла на латвійскай зямлі, і сваімі выступленнямі далучае суродзічаў і да спрадвечных каштоўнасцяў нашага народа, і да музычных шэдэўраў еўрапейскай культуры.
Гэта і нагода пагаварыць аб тым, якімі справамі будзе адзначаць свой юбілей таварыства “Сьвітанак”, 27 лістапада бягучага года яму споўніцца дваццаць гадоў. Дарэчы, шмат хто з гасцей свята вяртаўся дамоў не з пустымі рукамі, а са свежымі нумарамі газеты “Ніва”. Тыднёвік беларусаў Польшчы дасылаецца ў наша таварыства не першы год. І гэта таксама традыцыя – “Ніва” разам з намі на ўсіх нашых святах.
Негледзячы на сумныя гістарычныя рэаліі, светлай і жыццясцвярджальнай атрымалася гэта імпрэза. Гэта светлая ўзнёсласць – ад фарбаў нашых мастакоў, ад кранаючых сэрца гукаў беларускіх спеваў, ад нашай еднасці. Яна – ў нашых сэрцах і пачуццях, у подыху вясны, у твары святой Ефрасінні Полацкай, заступніцы зямлі беларускай – гэтая праца, створаная мастаком Васілём Малышчыцам асяняла і нашую вечарыну, і выставу аб’яднання “Маю гонар”, якая будзе доўжыцца яшчэ і ўвесь красавік.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2009-01-29 22:23:002023-02-13 23:41:59У “Сьвітанку”адзначылі 90-я ўгодкі абвяшчэння БНР
Дваццаць гадоў таму, 27 лістапада 1988 года, на світанку адраджэння латвійскай дзяржаўнасці, у Рызе было заснаванае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.
Такую сімвалічную назву далі сваёй арганізацыі прадстаўнікі дэмакратычна настроенай беларускай інтэлігенцыі ў надзеі ажывіць паходню беларушчыны, узнятую беларускімі асветнікамі Латвіі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. І хоць больш паўстагоддзя аддзяляе “Сьвітанак” (1988 г.) ад “Бацькаўшчыны” (1921 г.) – беларускага таварыства ў Латвіі, паслядоўнікам якога лічыць сябе “Сьвітанак”, менавіта “Бацькаўшчына” стала тым падмуркам, на якім будуе сваю працу нашае таварыства.
За дваццаць гадоў культурна-асветніцкай дзейнасці пад эгідай “Сьвітанка”:
1989 г. – адчынена беларуская мастацкая студыя “Вясёлка”; 1991 г. – пачала сваю працу Рыжская беларуская нядзельная школа; 1990 г. – на хвалях Латвійскага радыё ўпершыню пачала гучаць беларуская мова ў грамадскай культурна-асветніцкай праграме “Сьвітанак”; 1991 г. – беларускімі мастакамі Латвіі, Эстоніі, Летувы i Санкт-Петэрбурга заснаванае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”; 1994 г. – адчынены першы клас дзяржаўнай Рыжскай беларускай школы, пасля паспяховай акрэдытацыі ў 1998 г. школе нададзены статус Рыжскай Беларускай асноўнай школы; 2002 г. – створаны аднаіменны вакальны гурт пры таварыстве; 2003 г. – выдадзена кніжка аб дзейнасці таварыства на працягу 15 гадоў; 2005 г. – пачаў працу сайт таварыства www.svitanak.lv
У сакавіку 2006 г. найвышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі – ордэнам Трох Зорак быў узнагароджаны мастак, грамадскі і культурны дзеяч, чалавек, які стаяў ля вытокаў нашага таварыства – Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Мы ганарымся тым, што ў кагорце ардэнаносцаў, асоб, якія з’яўляюцца гонарам Латвіі, і “світанкавец” Вячка Целеш!
Таварыства “Сьвітанак” – не толькі першая беларуская суполка, заснаваная ў Латвіі. “Світанкаўцы” ганарацца і тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, што стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.
І сёння “сьвітанкаўцы” з нагоды свайго юбілею звяртаюцца да ўсіх сваіх сяброў у самых розных кутках свету са словамі, ад якіх ні разу не адцураліся за дваццаць гадоў існавання таварыства: Будзьма беларусамі! Будзьма разам! Жыве Беларусь!
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2008-11-27 20:29:002023-05-02 18:54:58Нашаму таварыству – дваццаць гадоў
Па традыцыі, напярэдадні Ліга, у школах Латвіі праводзяцца самыя прыгожыя, самыя сардэчныя, самыя ўзнёслыя – выпускныя вечары.
Сабрала сяброў, каб ушанаваць сваіх выпускнікоў, і Рыжская беларуская асноўная школа. Менавіта яны – вучні выпускнога дзевятага класа шчырым прывітаннем і сустракалі гасцей ля ўваходу ў актавую залю. У апошні раз яны і гаспадары школы, і гаспадары свята. Заўтра для гэтых юнакоў і дзяўчат будзе ўжо іншы дзень.
А сёння апошні развітальны школьны баль.
А сёння школа ўпрыгожана кветкамі, гірляндамі, беларускімі традыцыйнымі вырабамі – да таго, каб яна надбала па-сапраўднаму святочны выгляд прыклалі сваю фантазію самі школьнікі, а галоўным дызайнерам стала выпускніца Эліна Шарадзіна.
А сёння юнакі ў гарнітурах і гальштуках – бывайце на гэты вечар джынсы…
А сёння аднакласніцы, усе як адна, як быццам сышлі з вокладкі глянцавага часопіса і нават не зразумела , як сябе з імі паводзіць. Хоць ведаеш, што сёння расчуленыя настаўнікі больш не зробяць табе заўвагі…
А сёння матулі не хаваюць сваіх слёз, і сам ты чамусьці адводзіш позірк, хаваючы хваляванне. І ты яшчэ не ведаеш, што гэты дзень запомніцца табе да драбніц і праз гады ты будзеш прыгадваць і гэты вечар, і сяброў, і напоенае водарам кветак паветра. Але гэта потым. А сёння школа развітваецца са сваімі выхаванцамі, аддае ім сваю і любоў, і клопат, і пяшчоту…
І вось дырэктар школы Ганна Уладзіславаўна Іванэ распачынае свята. Гучаць пранікнёныя словы, звернутыя да выпускнікоў і наступае самы ўрачысты момант – выпускнікам уручаецца першы зароблены імі дакумент аб адукацы – пасведчанне аб заканчэнні асноўнай школы. Разам з атэстатамі школьнікам уручаецца і сэртыфікат адпаведнай катэгорыі аб валоданні дзяржаўнай латышскай мовай. Яго выпускнікам уручае намеснік дырэктара па навучальнай частцы Вера Эдуардаўна Ухнастэ.
Пад дружныя апладысменты прысутных шэраг вучняў узнагароджваецца граматамі за поспехі ў вучобе. А лепшы выпускнік 2006 г. Міхась Казак атрымлівае грамату за выдатную вучобу.
Не хаваюць свайго хвалявання настаўнікі, а асабліва ўзрушаная Людміла Аляксандраўна Брыго, ёй даводзіцца развітвацца не проста з выпускнікамі, а са сваім першым выпускам у гэтай школе, класам, якому яна аддала вельмі шмат сваіх сіл, пяшчоты, душэўнай цеплыні.
Шчаслівай дарогі зычыць яна сваім выхаванцам і не хавае смутак ад развітання. Са святам, дарагія выпускнікі!
Першы выпуск Рыжскай Беларускай асноўнай школы адбыўся ў 2003 годзе. З гэтага часу з’явілася добрае правіла – на выпускны вечар у школу да беларускіх дзяцей і іх настаўнікаў прыходзяць не толькі іх бацькі і сябры, але і прадстаўнікі беларускай грамадскасці латвійскай сталіцы, аддае даніну ўвагі нацыянальнай школе і Амбасада РБ у Латвіі. Не стаў выключэннем і гэты школьны баль. Першы сакратар Амбасады Дзмітрый Аляксандравіч Краюшкін звярнуўся да выхаванцаў беларускай школы з цёплымі словамі віншавання і пажаданняў.
На свята да беларускіх школьнікаў прыйшлі таксама прадстаўнікі Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, Саюза беларусаў Латвіі, Латвійскага фонда беларускай культуры “Бацькаўшчына” імя Кастуся Езавітава. Па традыцыі “Бацькаўшчына” кожны год кожнаму выпускніку беларускай школы разам з кветкамі ўручае ў якасці падарунка беларускія кнігі. Не парушылі традыцыю і ў гэтым годзе, прадстаўнікі фонда Алесь Аляксандравіч Карповіч і Дзмітрый Кабановіч падаравалі кожнаму выпускніку кнігу Уладзімiра Арлова “Адкуль наш род”.
Адметнай асаблівасцю гэтага выпускнога вечара стала ўшанаванне былога дырэктара школы Вячаслава Міхайлавіча Целеша з уручэннем яму найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Латвіі – ордэна Трох Зорак. Гэтая падзея адбылася напрыканцы мая, а сёння на самым урачыстым мерапрыемстве школы яе калектыў разам з гасцямі аддалі знак павагі і пашаны чалавеку, у многім дзякуючы ініцыятыве якога і з’явілася ў Рызе беларуская школа.
Сам Вячаслаў Міхайлавіч, звяртаючыся да выпускнікоў, якіх ведае па гадам працы ў школе, пажадаў ім поспехаў у далейшай вучобе і выказаў надзею, што той дух беларушчызны, які школьнікі засвойваюць у школе, яны не згубяць, пераступіўшы школьны ганак.
А на памяць падараваў сваім былым выхаванцам сваю кнігу “Рыга на старых паштоўках”. Гэтую кнігу з аўтографам аўтара і пажаданнямі атрымаў кожны беларускі выпускнік.
Шануйце сваю Айчыну Латвію, зямлю на якой вы нарадзіліся і жывеце, і будзьце патрыётамі Беларусі, сваёй этнічнай Бацькаўшчыны, такім быў асноўны лейтматыў усіх тых выступленняў, якія прагучалі на свяце.
А затым быў святочны канцэрт, падрыхтаваны выпускнікамі. Вядучыя вечара Таццяна Макарэвіч і Міхась Казак разам з аднакласнікамі перагарнулі старонкі “Кнігі добрых слоў”. Пад шчырыя апладысменты гучалі пранікнёныя вершы і ліліся песні на роднай мове. Школьны гурт “Вавёрачка” падрыхтаваў вельмі цікавую музычную праграму. І слухала школа натхнённыя галасы дзяўчатак, і ўзносілася музыка і разляталіся спевы па школьным калідорам насустрач заўтрашняму дню… Шкада толькі, што для беларускіх дзевяцікласнікаў гэтае мерапрыемства стала і сапраўды апошнім школьным вечарам, ім прыйдзецца развітацца з роднай школай – далей яны будуць вымушаныя працягваць вучобу ўжо ў іншых школах горада, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. А між тым першыя выпускнікі-дзевяцікласнікі 2003 года як раз зноў маглі б кружыцца ў апошнім вальсе ў беларускай школе…
2004 год у Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”, як заўсёды, пачаўся з каляднай вечарыны, якую 11 студзеня ўжо 16-ты раз з моманту свайго заснавання ладзілі сьвiтанкаўцы ў Вялiкай залi Асацыяцыi нацыянальна-культурных меньшасцяў Латвii. На гэты раз зала не змагла змясціць усіх жадаючых, а тэатралiзаваныя “Каляды” з “гаспадаром” ды “гаспадыняю” ў “вясковай хаце” атрымалicя надзвычай яскравымi i каларытнымi. У якасцi “калядоўшчыкаў” выступiў вакальны гурт таварыства “Cьвiтанак” і вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы. Акрамя шматлікіх калядных песень ў выкананні гурта, латышскіх калядных дайнаў ў перакладах Пётры Масальскага (зробленых яшчэ ў 30-я гады 20-га стагоддзя), госці вечарыны ўпершыню ў Рызе змаглі ўбачыць абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэты абрад-гульню калісці ў беларускіх вёсках ладзіла моладзь ў “крывыя вечары.”Сімвалічна, што сярод гасцей было шмат моладзi і дзяцей, прыкладна палова ад усіх прысутных. Беларусам, якія нарадзіліся ў Рызе ў другім, а то й у трэцім пакаленні, такія вечарыны даюць магчымасць пазнаёміцца з нашай багатай нацыянальнай культурнай спадчынай, а для тых, хто калісці прыехаў з мілай сэрцу Беларусі, гэта цудоўная магчымасць правесці свята сярод землякоў-суродзічаў, пагаварыць на матчынай мове, паспяваць нашы самыя мілагучныя ў свеце родныя песні, патанцаваць беларускія танцы.На вечарыне прысутным былi прачытаныя вiншаваннi з Нараджэннем Хрыстовым, Новым годам і Калядамі і пажаданні, дасланыя на адрас “Cьвiтанка” ад беларусаў з розных куткоў свету: з Вялiкабрытанii, Канады, Летувы, Расii i iнш. краін, і канешне, з Радзімы-Беларусі. Вельмі цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў “світанкаўцы” атрымалі ад старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай і начальніка аддзела Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Уральскага, Уладзімера Арлова і Сяргея Панізніка з Мінска, доктара Раiсы Жук-Грышкевіч з Канады, гісторыка і публіцыста Юрыя Весялкоўскага і Павала Шаўцова з Лондана, старшыні ТБК Хведара Нюнькі з Вільні і многіх іншых. Да свайго 15-гадовага юбілею ў лістападзе 2003 г. таварыствам была выдадзена кніжка “Сьвітанак” аб дзейнасці таварыства на працягу ўсіх 15-ці гадоў. Кніжка выклікала вялікую цікавасць сярод прысутных. I не дзіўна, што да самай ночы не хацелі разыходзіцца беларусы са свайго свята, бо на гэты раз не давалі сумаваць ім на Каляды аж 5 музыкаў: 2 гарманісты, 2 баяністы і яшчэ акардэаніст!Узнагародаю i святочным падарункам арганiзатарам вечарыны былi шчырыя словы падзякi за сапраўднае беларускае свята ў Рызе i ад пастаянных удзельнiкаў “cьвiтанкаўскiх” вечарын, i ад тых, хто прыйшоў упершыню.