15 снежня 2016, 10:14

 Выставай “Уражанні беларускіх мастакоў у Балтыі” адзначыла свой 25-гадовы юбілей у Рызе вядомая творчая суполка “Маю гонар”

-

На святочным вернісажы выступае кіраўнік суполкі Вячка Целеш (злева)

Творчыя почыркі ў супляменнікаў, што стварылі ў 1991 годзе ў Рызе Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, самыя розныя. Аднак усе яны маюць гонар належаць да беларускага свету. І не хаваюць таго, жывучы ў Эстоніі, Латвіі, Літве ці Швецыі. З нагоды юбілею суполкі яны і зладзілі выставу ў галерэі Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Вернісаж быў 17 лістапада.

Старшынюе ў аб’яднанні па-ранейшаму Вячка Целеш: мастак, даследчык беларускай гісторыі, культуры і мастацтва, грамадскі дзеяч. Гэта чалавек вялікай душы і вялікай адказнасці за справу, якой даўно займаецца. Дзякуючы яму ды ягоным паплечнікам і зладзілася прыгожая, цёплая імпрэза. Свята сабрала як мастакаў, так і аматараў мастацтва, якім блізкая да таго ж беларуская мова, нашы песні. Сімвалічна, што вернісаж прайшоў напярэдадні 98-й гадавіны абвяшчэння Латвійскай дзяржавы: дзень 18 лістапада – светлы і святы для кожнага грамадзяніна Латвіі. Карціны беларускіх мастакоў – гэта як святочны феерверк, прыгожы падарунак Латвіі.

На выставе сабраны творы 23-х мастакоў суполкі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, выкананыя ў розных тэхніках: жывапіс, графіка, фотамастацтва. Латвію прадстаўляюць Ганна Пейпіня, Надзея Ізянёва, Аліна Літвіненка, Ірына Трумпель-Сабалеўская, Алена Раманенка, Вольга Кажамяка, Ірына Кароль, Тамара Насенка, Людміла Жэлабоўская, Алена Ціхамірава, Васіль Малышчыц, Анатоль Ермаковіч, Пётр Худабчонак, Лявон Маствілішскі ды Вячка Целеш. З Літвы – працы Алега Аблажэя, які, на жаль, сёлета адышоў у іншы свет. Яго творы, а таксама свае на выставу прывезла Крысціна Балаховіч. З Эстоніі прынялі ўдзел у выставе Маргарыта Астравумава, Генадзь Курлянкоў і Людміла Прыбыльска, са Швецыі – Кацярына Осберг і Ян Кузміцкі.

Звычайна святы ўпрыгожваюцца жывымі кветкамі, на якія Рыга вельмі шчодрая. І падалося мне пад час вернісажу: на нейкі момант хораша паядналіся кветкі віншаванняў у руках мастакоў і кветкі на палотнах, жыццё якім далі працавітыя пэндзлі. У кожным позірку ўдзельнікаў імпрэзы ззяла ўдзячнасць за падараванае свята, за сустрэчу з высокім мастацтвам, а яшчэ й гонар за нашу агульную Радзіму-Беларусь.

Як і належыць, госці прыйшлі з падарункамі. Музычнае віншаванне прысвяціў мастакам маэстра Рафі Хараджанян, гаспадар у галереі. Упрыгожыў свята і Алесь Камоцкі з Мінска – паэт, спявак, сябар Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ён спяваў вядомы раманс “Зорка Венера” на верш Максіма Багдановіча, іншыя цудоўныя творы. Алесь зачытаў віншаванне, якое даслала юбілярам “Бацькаўшчына”. Выставу не пакінула без увагі Амбасада Беларусі ў Латвіі: з віншаваннем і пажаданнем творчых поспехаў звярнуўся да мастакоў Аляксандр Сушкевіч, Першы сакратар Амбасады. Віншавалі мастакоў сябры, знаёмыя: ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” – старшыня суполкі Ірына Кузміч, ад супляменнікаў Даўгаўпілса – кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская. Пры падтрымцы Мінкультуры Латвіі, рыжскай Думы, беларускіх прадпрымальнікаў да юбілею выйшаў цудоўны буклет, яркая афіша, былі разасланыя прыгожыя запрашэнні.

Увесь вечар у святочнай зале панаваў прыўзняты настрой, гучала музыка. Час праляцеў хутка, ды сябры не хацелі разыходзіцца. Былі да месца размовы, песні, мары, святочныя напоі ды найсмачнейшыя ў свеце дранікі. А заключным акордам вечарыны прагучалі родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”.

Дарагія мастакі, з юбілеем вас! Здароўя вам, гармоніі ў душах, і мноства светлых колераў у палітры вашых жыццяў, і мноства прыемных паўтонаў у палотны вашых лёсаў!

Ганна Іванэ, дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

01 снежня 2016, 10:16

17 лістапада 2016 года, напярэдадні Дня Незалежнасці Латвійскай Рэспублікі, у будынку «Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч» у Рызе адбылося адкрыццё юбілейнай выставы «Уражанні беларускіх мастакоў у Балтыі» Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар». На ўрачыстасць прыбылі мастакі і госці з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Швецыі і Беларусі.

-


Аб’яднанне беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» заснавана 12 студзеня 1991 года мастакамі з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Санкт-Пецярбурга. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да беларускай культуры і мастацтву. Мастакі працуюць у розных тэхніках жывапісу, графікі, скульптуры і фотамастацтва. Выставы суполкі праходзілі ў многіх гарадах Латвіі, у Беларусі, Літве, Эстоніі. Нязменным кіраўніком Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» з’яўляецца Вячаслаў Міхайлавіч Целеш (Вячка Целеш) – член Саюза мастакоў Беларусі, член Саюза мастакоў Латвіі, кавалер Ордэна Трох зорак ЛР.
2016 год для аб’яднання праходзіць пад знакам 25-гадовага юбілею. І калі красавіцкая выстава ў Даўгаўпілскім музеі адкрыла праграму юбілейных мерапрыемстваў, то выстава ў «Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі» (АНКТЛ), дзе жыве і Латвійскае беларускае культурнае таварыства “Світанак”, завяршае гэтае кола гонару.
У Аб’яднанне беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» ў розныя гады уваходзілі Алег Аблажэй (Літва), Крысціна Балаховіч (Літва), Вячка Целеш (Латвія), Анатоль Ермаковіч (Латвія), Пётр Худобчонак (Латвія, Даўгаўпілс), Надзея Ізенёва (Латвія), Ірына Кароль (Латвія), Вольга Кажамяка (Латвія), Генадзь Курленкоў (Эстонія), Вячаслаў Лаўрыновіч (Латвія), Аліна Літвіненка (Латвія), Васіль Малышчыц (Латвія), Леанід Маствілішскі (Латвія), Тамара Насенка (Латвія), Кацярына Осберг (Швецыя ), Маргарыта Астраўмава (Эстонія), Людміла Прыбыльская (Эстонія), Ганна Пейпіня (Латвія), Алены Раманенка (Латвія), Зіта Суднік (Латвія), Алена Ціхамірава (Латвія), Ірына Трумпель-Сабалеўская (Латвія), Галіна Жэлабоўская (Латвія , Даўгаўпілс). Іх карціны ўпрыгожылі выставачную залу АНКТЛ. А ў зале яблыку няма дзе было ўпасці, столькі сяброў прыйшлі падзяліць з мастакамі радасць юбілейнай выставы.
Урачыстасць адкрыў старшыня Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» і намеснік старшыні Латвійскага беларускага культурнага таварыства “Світанак” Вячка Целеш, павіншаваўшы ўсіх са святам Латвіі, за свабоду якой на барыкадах стаялі і беларусы. Прагучаў гімн Латвійскай Рэспублікі. Майстар прадставіў кожнага мастака, якіх віталі апладысментамі і кветкамі гледачы. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Алега Аблажея, які сышоў у гэтым годзе ў лепшы свет.
Мерапрыемства пранікнённа вяла журналістка Латвійскага радыё, член «Світанка» Таццяна Касуха, знаходзячы дзіўна цёплыя словы, прадстаўляючы кожнага госця.
Першы сакратар амбасады Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Аляксандр Сушкевіч, кіраўнік АНКТЛ Рафі Хараджанян, дырэктар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы Ганна Іване, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, старшыня таварыства «Світанак» Ірына Кузьміч, кіраўнік Беларускага інфармацыйнага цэнтра Уладзіслаў Рэдзькін, мецэнат Дзмітрый Кабановіч павіншавалі мастакоў з юбілеем аб’яднання «Маю гонар» і выставай, адзначыўшы іх значны ўклад у культуру Латвіі і Беларусі.
Прывітанне з Радзімы, ад аб’яднання «Бацькаўшчына», мастакам прывёз вядомы беларускі бард і паэт, лаўрэат шматлікіх фестываляў аўтарскай песні Алесь Камоцкі. Ён пад гітару выканаў некалькі песень, якія гледачы слухалі, затаіўшы дыханне. Цудоўна выканалі песні на беларускай мове выхаванцы Рыжскай беларускай школы. І хацелася ў скокі ісці пад завадныя народныя песні ў выкананні ансамбля «Вытокі».
Вечар атрымаўся дзіўна светлым, душэўным. І доўга яшчэ ў сценах старадаўняга асабняка гасціннага АНКТЛ гучалі песні і гутаркі людзей, аб’яднаных агульнай зямлёй, культурай, ідэяй – аднадумцаў.
Па дамоўленасці, у 2017 годзе ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры пройдзе выстава Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар». Іх юбілейная брашура, а таксама дыск з песнямі А.Камоцкага папоўнілі фонды бібліятэкі ЦБК.

http://www.bkc.daugavpils.lv/be

www.zbsb.org

22 сакавіка 2016, 21:55

Наша гісторыя пераканаўча сведчыць, што Беларусь – еўрапейская краіна з багатай і слаўнай мінуўшчынай. Больш за тысячу гадоў налічвае традыцыя беларускай дзяржаўнасці.

Беларусь заўсёды была арганічнай часткай агульнаеўрапейскай цывілізацыі. На пачатку ХХ стагоддзя рух нацыянальнага Адраджэння паставіў на парадак дня аднаўленне дзяржаўнасці. 25 сакавіка 1918 года адбылося абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

 З таго дня прайшло 98 гадоў, але падзею гэтую і сёння шануюць беларусы ва ўсім свеце. Не выключэнне сярод іх і ЛТБК „Сьвітанак”, якое 19 сакавіка зладзіла цёплую сустрэчу сяброў і аднадумцаў. Адчуванне еднасці, гонару за сваю краіну, яе гісторыю, родную мову, аб’яднала ўсіх, хто прыйшоў на свята.

Сапраўды, калі мы збіраемся разам, асабліва востра прыходзіць жаданне згадаць тых асоб у нашай гісторыі i літаратуры, якія ў сваёй творчасці найбольш поўна ўвасобілі характар і адметнасць кожнага з нас. І як тут не ўзгадаць Уладзіміра Караткевіча, які запэўніў:„без мінулага – няма будучыні”. Цяжка з гэтым не пагадзіцца.

Упрыгожылі святочную імпрэзу сваiмi чароўнымі песнямi выканаўцы з гурта „Вытокі”. Самадзейныя артысты спявалі творы на словы нашага латвійскага паэта-беларуса Станіслава Валодзькі, пакладзеныя на музыку “cьвiтанкаўцам” Станіславам Клімавым. Шкада, што сёння Станіслава ўжо няма сярод нас, але кранальныя гукі яго мелодый жывуць i нікога не пакідаюць без уражанняў.

Гучыць   ціхая   мелодыя,   павольна  ліецца   родная  сэрцу   мова   і   плыве   перад   вачыма бацькоўская хата з буслянкай, суніцы, кубак сырадою ў матуліных руках, а яшчэ – язмін. Як жа ён пахне, як пахне!

Наведаў нашу імпрэзу і вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш. Ён павіншаваў прысутных са святам і зазначыў, што латышы і беларусы маюць шмат агульнага не толькі ў гістарычным плане, але і ў сугуччы нашых моў. Пагадзілася з ім і спадарыня Натальля Пятроўна Цiмаховiч, ганаровы сябра таварыства „Сьвітанак”, якой хутка споўніцца 90 год. Няхай шануе яе Бог!

Мінулае, сучаснасць i  будучыня заўсёды вельмі блізкія. І нельга разарваць гэтую сувязь. Пэўна сімвалічна, што сярод сяброў-сьвітанкаўцаў і самы маленькі – першакласнiк Мікола Казак, у асобе якога і ёсць наша надзея, будучыня, неабходнасць да дробязей захаваць нашу слынную спадчыну. Расці, Міколка, дужэй, набірайся ведаў!

Каб свята адбылося, нямала намаганняў прыклаў і наш шаноўны Вячка Целеш. Мінавіта яму належыць сцэнар добра зладжанага мерапрыемства.

Падзея 25 сакавіка, якую таварыства „Сьвітанак”адзначае штогод на працягу ўжо амаль 30-ці гадоў, з моманту свайго заснавання – гэта не толькі жаданне сабрацца разам адзінадумцам, не толькі магчымасць палунаць ва ўспамінах, але перш за ўсё ўсведамленне сваёй нацыянальнай свядомасці, пошырэнне ведаў і вялікае спадзяванне, што Беларусь зойме годнае месца ў дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці.

 Ганна Iванэ

 На здымках Таццяны Казак:

-

Гучыць “Магутны Божа” ў выкананні Міколы Казака


-

Віншаванне са святам ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы агучвае Вячка Целеш

-

Спявае гурт “Вытокі”

-

Госць імпрэзы вядомы латышскі паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш.

-

Прамаўляе  сябра таварыства  доктар фізічных навук  Натальля Цімаховіч

-


-
Ганна Іванэ, дырэктар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы, ушанавана медалём Францыска Скарыны.
У адпаведнасці з указам Прэзідэнта Беларусі, Ганна Іванэ ўзнагароджана за асабісты ўклад у развіццё адукацыі на беларускай мове, захаванне культурнай спадчыны беларускага народа ў Латвіі. Яна стаяла ля вытокаў школы, якая цяпер – адзіная навучальная ўстанова ў Латвіі з выкладаннем беларускай мовы і літаратуры.
У школе створаны дзіцячы ансамбль “Вавёрачка”, музей, працуюць гурткі. Вучні штогод ездзяць на экскурсіі ў рэгіёны Беларусі.

Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” шчыра віншуюць нашу вельмі шаноўную Ганну Ўладзіславаўну, шматгадовага сябра Рады таварыства з заслужанай высокай узнагародай і жадаюць надалей здароўя ды поспехаў у яе высакароднай працы! 

09 лютага 2015, 16:05

17 студзеня 2015 г. Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы ўрачыста адзначыла свой 20-гадовы юбілей.

20 гадоў – гэта многа ці мала для школы? Для чалавека – гэта такі кавалак часу, за які немаўля вырастае ў дарослую асобу. Беларуская школа таксама за гэты час вырасла з маленькага першага беларускага класа ў далёкім 1994-м годзе ў сапраўдную сучасную школу, якая з гонарам носіць імя нашага славутага Янкі Купалы. Час станаўлення школы не быў лёгкім. Гэта падчас юбілейнай імпрэзы некалькі разоў падкрэслівалі і вядоўца вечарыны дырэктар Ганна Ўладзіславаўна Іванэ, і заснавальнікі школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, і нават госці. Школа за гэтыя 20 гадоў мусіла змяніць 4 адрасы, з кожным пераездам губляла дзяцей, але, негледзячы на ўсе цяжкасці, дзякуючы апантанасці кіраўнікоў, калектыву настаўнікаў і бацькоў, а таксама дапамозе беларускіх мецэнатаў, зараз наша беларуская школа плённай працай заслужыла павагу і высокі рэйтынг сярод іншых асноўных школ Рыгі. Адбылося ўжо 12 выпускаў школы, зараз у 9 класах навучаецца больш за 150 дзяцей, і іх колькасць увесь час павялічваецца.

Усе, хто прыйшоў на свята, змаглі пабачыць слайд-шоў з фотаздымкаў школьнага жыцця на працягу ўсіх 20-ці гадоў з каментарамі дырэктара школы Ганны Іванэ. Паколькі выпадковых людзей на свяце не было, у кожнага прысутнага прагляд гэтых здымкаў выклікаў свае асабістыя асацыяцыі ды эмоцыі. Ганна Ўладзіславаўна Іванэ прыйшла ў школу працаваць маладой настаўніцай, калі адчыніўся другі клас, 19 гадоў таму, 14 гадоў яна ўжо ўзначальвае школу. Таму ўвесь нялёгкі шлях станаўлення і сталення школы – гэта яе шлях, пройдзены зразам са сваёй школай. Падчас святочнай імпрэзы некалькі разоў бацькі вучняў беларускай школы пачулі падзяку ад яе, дырэктара, за тое, што прывялі дзяцей менавіта ў беларускую школу. Асаблівую падзяку Ганна Ўладзіславаўна выказвала менавіта бацькам тых першых вучняў, якія калісьці паверылі ў школу і аддалі туды сваіх дзяцей. Гэта зараз, калі ёсць прыгожы будынак, вялікія светлыя класы, матэрыяльная база, нават музей Янкі Купалы ў школе, аддаць дзіця ў беларускую школу проста. А тады, 20 гадоў таму, усё было інакш. Я таксама вельмі добра памятаю, як нам, бацькам разам з настаўнікамі, трэба было самім клеіць шпалеры ды рабіць іншыя рамонтныя працы ў маленькіх памяшканнях у дзіцячым садку, дзе мы атрымалі для 1-га і 2-га класаў пакойчыкі. І таму гэтыя словы падзякі ад шчырай беларускі Ганны Іванэ сапраўды кранулі сэрца.

Школьны вакальны гурт “Вавёрачка” ў сваім ужо пятым за 20 гадоў складзе пад нязменным кіраўніцтвам прыгажуні Натальлі Дзірвук прывітаў гасцей цудоўнымі беларускімі песнямі. А гасцей на святкаванне юбілею нашай беларускай школы ў Рызе сабралася вельмі шмат. З Беларусі з віншаваннямі і падарункамі прыехалі прадстаўнікі Міністэства адукацыі Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам міністра сп. Сяргеем Рудым. Радзіму таксама прадстаўлялі Пасол РБ у Латвіі сп. Марына Далгаполава, Саветнік-пасланнік Яраслаў Міцкевіч і Першы сакратар Аляксандр Сушкевіч, а былы Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка даслаў сваё асабістае віншаванне. Таксама павіншавалі школу Грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” з Мінска, Беларускае таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса, а Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, акрамя цёплых слоў, даслала па пошце школе ў падарунак з Беларусі прыгожы гадзіннік.

Прагучалі на юбілейнай імпрэзе таксама віншаванні і пажаданні ад Міністра адукацыі Латвіі і кіраўніцтва Дэпартаменту культуры, адукацыі і спорту Рыжскай думы. Апрача падарункаў школе і слоў падзякі за плённую працу, дырэктар школы Ганна Іванэ і настаўнікі атрымалі ад Дэпартамента і Міністэрства адукацыі ўзнагароды.

Заснавальнікі Рыжскай Беларускай асноўнай школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” сярод іншых сваіх падарункаў зрабілі адзін вельмі сімвалічны – партрэт латвійскага беларускага асветніка-педагога і фалькларыста Сяргея Сахарава. Гэтым яны падкрэслілі пераемнасць паміж C. Сахаравым – тым, хто амаль стагоддзе таму кіраваў спачатку беларускай гімназіяй, а пазней аддзелам беларускіх школ (а іх тады было каля 50-ці) у Дэпартаменце адукацыі Латвіі і сённяшнімі рупліўцамі захавання беларускасці ў нашай краіне. У сваім віншавальным слове адзін з ініцыятараў стварэння школы і першы яе дырэктар сп. Вячка Целеш падкрэсліў, што тады, у далёкім цяпер ужо 1994-м годзе, “сьвітанкаўцы” не першымі адчынялі беларускую школу ў Латвіі, а аднаўлялі слаўныя традыцыі беларускай адукацыі ў Латвіі 20-х – 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І таму партрэт вялікага беларускага асветніка Латвіі павінен абавязкова знаходзіцца ў Рыжскай Беларускай школе побач з партрэтамі Купалы і Коласа. Сімвалічнымі былі таксама віншаванні і пажаданні сябраў таварыства “Сьвітанак” – унучкі Сяргея Сахарава Нонны Ахметуллаевай, адной з першых настаўніц першага беларускага класа – настаўніцы музыкі Натальлі Камілеўскай і аднаго з наймалодшых “сьвітанкаўцаў” дашкольніка Міколкі Казака, які ў якасці музычнага падарунка выканаў песню “Магутны Божа”.

Музычныя падарункі прысутныя на юбілеі атрымалі таксама ад Саюза беларусаў Латвіі і таварыства “Прамень” – беларускія песні ў выкананні ансамбля “Надзея”. А беларускі вакальны гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава, які месяц таму таксама адзначыў свой першы юбілей, не толькі парадаваў падарункам – шчырым, вельмі эмацыянальным выкананнем песень на роднай мове, але і гэтак жа вельмі шчыра дзякаваў дырэктара школы Ганну Іванэ за дапамогу ў стварэнні яшчэ адной беларускай “адзінкі” ў Латвіі. Бо менавіта ў памяшканнях школы Ганна Ўладзіславаўна „прытуліла” спевакоў-аматараў і дазволіла збірацца на рэпетыцыі адразу пасля стварэння “Вытокаў” 5 гадоў таму.

Госці і гаспадары святочнай імпрэзы вельмі сардэчна віталі тых беларусаў, што знаходзілі магчымасць матэрыяльна падтрымліваць школу. На юбілей прыйшлі беларускія прадпрымальнікі Васіль Зайцаў і Дзмітрый Кабановіч, сын вядомага беларускага мецэната Янкі Кабановіча, які, на жаль, заўчасна пайшоў у лепшы свет тры гады таму. Светлай памяці спадар Янка дапамагаў беларускай школе ў Рызе з моманту яе стварэння. У тыя нялёгкія часы ў 90-х, акрамя фінансавай дапамогі на святы, экскурсіі, калядныя падарункі ды гаспадарчыя патрэбы, аплочваў настаўнікам выкладанне ў падрыхтоўчай групе, а дзецям – кошт школьных абедаў. А калі пачаліся выпускныя ў дзевяцікласнікаў, заўсёды асабіста прыходзіў на святы апошняга званка ці выпускныя балі з падарункамі для выпускнікоў, абавязкова патрыятычнымі, накшталт кніг Уладзімера Арлова „10 вякоў гісторыі Беларусі”, “Адкуль наш род”. Зараз Дзмітрый Кабановіч працягвае высакародную справу свайго бацькі.

На святкаванні 20-х угодкаў заснавання беларускай школы ў Рызе неаднойчы гучала пажаданне, што ўжо надыйшоў час, каб нарэшце паўстала наша Беларуская гімназія. Школа за 20 гадоў свайго паспяховага існавання даказала, што яна патрэбная беларусам у Рызе. І таму будзем спадзявацца, што калектыў школы і бацькі сённяшніх вучняў, заснавальнікі школы – сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, дыпламаты Амбасады Беларусі ў Латвіі, супрацоўнікі Міністэрстваў адукацыі і Латвіі, і Беларусі, Дэпартаменту адукацыі Рыжскай думы, а таксама прадстаўнікі беларускай супольнасці ў Латвіі прыкладуць усе намаганні, каб пажаданне гэтае ў хуткім часе нарэшце спраўдзілася.

Таццяна Казак,

сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, маці выпускнікоў школы першага і чацвёртага выпускаў

На здымках Людмілы Яновіч:

-

Дырэктар школы Ганна Іванэ

-

Госць з Мінска намеснік Міністра адукацыі РБ Сяргей Руды
-

Віншуе Пасол Беларусі ў ЛР Марына Далгаполава


-

Ганаровыя граматы настаўнікам

-

Спявае школьны вакальны гурт “Вавёрачка”

-

-

-

Першы дырэктар  школы Вячка Целеш з партрэтам Сяргея Сахарава

-

 Віншаванне заснавальнікаў школы – сябраў  ЛТБК   “Сьвітанак”
 

-

Віншуюць беларускія фундатары школы – Васіль Зайцаў і Дзмітрый Кабановіч

-


-

Беларускі гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава

07 чэрвеня 2014, 00:39

-


24 траўня сёлета ў Доме Асацыацыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч адбылася прэзентацыя кнігі Улдыса Бэрзыньша «Салаўі крычаць, я па-латышску…», перакладзенай на беларускую мову вядомымі паэтамі і перакладчыкамі Алесем Разанавым і Андрэем Гуцавым.

Зборнік выбранай паэзіі вядомага латышскага паэта і перакладчыка быў выдадзены ў 2013 г. у выдавецтве “Кнігазбор” у Мінску. Тады ж у латвійскай амбасадзе ў Беларусі адбылася і першая прэзентацыя зборніка, на якой прысутнічаў аўтар.

Гэтую, другую па лiку прэзентацыю зборніка, ужо ў Рызе, арганізавала Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” пры падтрымцы Дзяржаўнага Фонда культурнага капітала Латвіі. Дзяуючы Фонду, удзел у прэзентацыi, акрамя аўтара, змаглi ўзяць i перакладчыкi з Мiнска. Апрача Алеся Разанава, Андрэя Гуцава, прыемнай госцяй з Беларусi на імпрэзе “Сьвітанка” была ўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра спадарыня Марыя Міхаўлаўна Міцкевіч, а таксама саветнік-пасланнік беларускай амбасады ў Латвіі Яраслаў Міцкевіч, першы сакратар пасольства Аляксандр Сушкевіч, кiраўнiк Беларускага інфармацыйнага цэнтра Ўладзіслаў Рэдзькін, старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч прафесар Рафі Хараджанян, эксперт нацыянальных меньшасцяў Рыжскай Думы, старшыня Латвійскага таварыства нямецкай культуры спадарыня Айна Балашка.

Выхад асобнай кнігі латышскага паэта ў перакладзе на беларускую мову – значная падзея для беларуска-латышскіх і латышска-беларускіх літаратурных стасункаў, якія на працягу апошніх дзесяцігоддзяў былі спыненыя. І гэтую падзею можна лічыць першай ластаўкай магчымага аднаўлення далейшых літаратурных сувязяў паміж нашымі суседнімі дзяржавамі.

Нягледзячы на незвычайна спякотны для Рыгі вясновы дзень, на сустрэчу з літаратарамі, дзе гучала як беларуская, так і латышская мова, прыйшлі людзі розных узростаў і інтарэсаў.  У цэнтры ўвагі быў, безумоўна, Улдыс Бэрзыньш. І гэта не толькі таму, што ён аўтар зборніка і вядомы паэт філасофскай авангарднай латышскай паэзіі, перакладчык з розных моў, у асноўным азіяцкіх, перакладчык са старажытнай габрэйскай мовы Бібліі, з арабскай на латышскую мову –  Карана, кавалер найвышэйшай узнагароды Латвійскай дзяржавы – Ордэна Трох Зорак, даўні сябра “Сьвітанка”, а і таму, што ён толькі што адсвяткаваў свой 70-ці гадовы юбілей. Прысутныя віншавалі кветкамі спадара Бэрзыньша, а ён вельмі эмацыянальна чытаў свае вершы і апавядаў пра сябе, пра паэзію, пра мовы. Яго думкі і словы ў гэты момант былі звернутыя ў далёкае мінулае, менавіта ў той час, як ён казаў, калі не было ні Украіны , ні Расіі, ні Беларусі, калі існавала толькі стараславянская мова – аб’яднальная. Тады ж быў напісаны вядомы твор «Слова аб палку Ігаравым». Ён распавёў, як пасля трох гадоў карпатлівай працы разам са Кнутам Скуеніексам яны сумесна пераклалі помнік старажытнай славянскай літаратуры «Слова аб палку Ігаравым» са старажытнаславянскай на латышскую мову. Кнiга павiнна быць выдадзена сёлета. Гэта нагадала слухачам аб тым, як важна і патрэбна перакладчыку шмат працаваць, добра ведаць мову арыгінала твора, які ён перакладае.

З дадзенай паэтам здольнасцю словам пераносіць людзей з часа ў час, ад пачуцця да пачуцця, Улдыс Бэрзыньш чытаў свае вершы, перакладдзеныя на беларускую мову Алесем Разанавым яшчэ ў 80-я гады мiнулага стагоддзя на мове арыгiнала, вершы спадара Разанава ў сваiм перакладзе на латышскую мову, дзякaваў беларускіх паэтаў-перакладчыкаў за іх працу і візіт у Латвію.

Прыемнай і цікавай для беларусаў Рыгі была сустрэча з выдатным беларускім паэтам і перакладчыкам, класікам беларускага верліба, даўнім сябрам Улдыса Бэрзыньша, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Алесем Разанавым. Алесь Разанаў у сваёй прамове дакрануўся да вечных вымярэнняў з незвычайнай трыганаметрыяй сваіх думак. Ён гаварыў пра гарызанталь і вертыкаль чалавечага шляха па Зямлi. Штодзённае жыццё, гарызанталь, – ёсць стасункі чалавека з мірам матэрыяльным і пераменным. Сапраўднае жыццё – па вертыкалі. Гэта жыццё душы. Мастацтва, творчасць дапамагае душы ўзнесціся ад глебы да Бога. Паэт чытаў вершы Улдыса Бэрзыньша ў сваім перакладзе, а таксама па просьбе прысутных  –  і свае філасофскія вершы.

Андрэй Гуцаў, асноўны перакладчык паэзіі Бэрзыньша на беларускую мову ў гэтым зборніку, расказаў, як зарадзілася ідэя зрабіць пераклад “Салаўі крычаць, я па-латышску…” Спадар Андрэй быў знаёмы са спадаром Бэрзыньшам яшчэ з пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, з часу вучобы ў групе перакладчыкаў на філалагічным факультэце Латвійскага Ўніверсітэта, калі Улдыс Бэрзыньш чытаў там лекцыі. Было прыемна слухаць, як Андрэй чытаў вершы Улдыса Бэрзыньша не толькі на беларускай мове, але і на латышскай мове, якую ён выдатна асвоіў, калі вучыўся ў Рызе. Пасля заканчэння Латвійскага Ўніверсітэта ў яго была магчымасць папрацаваць у Рызе. У 1994 г. як раз быў адчынены 1 клас Рыжскай Беларускай пачатковай школы, тагачасны дырэктар школы Вячка Целеш запрасіў Андрэя Гуцава, які добра валодаў беларускай і латышскай мовай, працаваць настаўнікам. Рэспубліка Беларусь тады таксама падтрымала гэту прапанову, нават выдзеліла яму пакой у памяшканні Амбасады Беларусi ў Латвіі, якая знаходзілася ў той час у Юрмале. Андрэй згадзіўся і першы год вучыў беларускіх дзетак роднай мове. Але праца не была доўгай, бо ён не адчуваў сябе педагогам, а больш адчуваў сябе літаратарам, ды і Бацькаўшчына, бацькоўская хата цягнулі дадому, таму ён вярнуўся ў Беларусь, каб займацца сваёй любімай справай – літаратурай і перакладамі.

Цікавую літаратурную імпрэзу ўпрыгожылi музычныя падарункi. Цудоўнай класічнай музыкай парадавалі прысутных госця Армянскага культурнага цэнтра, выпускніца Санкт-Пецярбуржскай кансерваторыі піаністка Манэ Даўцян, скрыпач, выпускнік Латвійскай акадэміі музыкі Рыгор Салнітыс i сябра Рады “Сьвітанка”, піяністка і кампазітар Наталля Камілеўская. Беларускія і латышскія песні пад гукі гармоніка і акардэона выканаў ансамбль “Вытокі” пад кіраўніцтвам Рышарда Райніса.


Як адзначыў старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, што аб’ядноўвае 22 нацыянальных таварыстваў і саюзаў, прафесар Рафі Хараджанян, мэта i праграма дзейнасці асацыяцыi – не толькі дапамога таварыствам ў захаванні этнiчнай ідэнтычнасці, але і спрыянне выхаванню лаяльнасцi да Латвii, інтэграцыi нацыянальных меньшасцяў у агульную латвiйскую супольнасць, i імпрэза “Сьвітанка” – адзін з добрых прыкладаў працы ў гэтым накірунку.

На прэзентацыі прасутныя маглі набыць кнігу «Салаўі крычаць, я па-латышску…» і атрымаць аўтографы Улдыса Бэрзыньша і перакладчыкаў. Тыя, хто не змог трапіць на імпрэзу, могуць набыць яе ў таварыстве “Сьвітанак”.

-

Удзельнікаў імпрэзы вітае старшыня “Сьвітанка” Ірына Кузьміч

-

Выступае Алесь Разанаў

-

Улдыс Берзыньш

-

Экслібрыс Улдыса Берзыньша, аўтар – мастак Вячка Целеш

-
-

Прамова Андрэя Гуцава

-

Гасцей вітаюць Алясь Карповіч і ансамбль “Вытокі

-

Музычны падарунак удзельнікам імпрэзы ад выпускніка Латвійскай музычнай акадэміі Рыгора Салнітыса

-

                                    -
Сябры Латвійскага таварыства беларускай  культуры „Сьвітанак” шчыра віншуюць з пяцідзесяцігадовым юбілеем дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганну Ўладзіславаўну Іванэ.

Прозвішча  Ганны Іванэ (у дзявоцтве  Нябескай) непадзельна звязанае з Рыжскай беларускай школай. Яна прыйшла на працу ў школу маладзенькай настаўніцай праз год пасля заснавання школы нашым таварыствам, калі адчынiўся другi па лiку клас. І з таго часу ўжо амаль два дзесяцігоддзі ўсе свае сілы і веды, усю сваю любоў, цеплыню і пяшчоту Ганна Ўладзіславаўна аддае дзецям. Гэтыя два дзесяцігоддзі свайго жыцця яна, без перабольшвання, аддала беларускай школе, а з 2000 г. – узначальвае школу. Шчырая і самаадданая беларуска, філолаг беларускай мовы па адукацыі, яна – цудоўны кіраўнік. Яе любяць усе – дзеці, бацькі і калегі-настаўнікі.

Мы ганарымся, што Ганна Ўладзіславаўна Іванэ – добры сябра і дарадчык  нашага таварыства, сябра Рады „Сьвітанка” на працягу двух дзесяцігоддзяў. Двойчы – у 2003 г. і сёлета Ганна Іванэ  была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвіі за вялікі ўнёсак ў захаванне і  развіццё беларускай культуры тут, у Латвіі.

Мы жадаем Ганне Ўладзіславаўне здароўя, моцы і натхнення, каб надалей наша беларуская школа ў Рызе развівалася і расла, бо дзеці – наша будучыня. Хутка першыя вучні нашай шаноўнай юбіляркі прывядуць сваіх дзетак у Рыжскую беларускую школу. Зычым Ганне Ўладзіславаўне яшчэ шмат дзесяцігоддзяў гэтакай жа самаадданайі і творчай працы на карысць школе, а значыць і на карысць захавання беларускай мовы і культуры ў Латвіі.

Латвійскаму таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” – 25

20 студзеня 2014, 22:26

У Яніса Райніса ёсць такія радкі: першы крок за парог – гэта палова шляху. Зрабіць свой першы крок да ўсяго, што мы называем ёмкім словам беларушчына, беларусам Латвіі і тым, хто не абыякавы да беларускай культуры, дваццаць пяць гадоў дапамагае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” – найстарэйшая беларуская суполка Латвіі і адна з першых створаных 25 гадоў таму этнічных суполак ў краіне. І вось ужо чвэрць стагоддзя “Сьвітанак” захоўвае дух беларускасці на балтыйскім мацерыку.

-


25 год для грамадскай суполкі – ўзрост сталасці. Але адначасова гэта і той час, каб асэнсаваць, што здзейснена і з чым ісці далей. І магчымасць і азірнуцца на пройдзены шлях, і падумаць пра будучыню.

Дзеля гэтага і запрасіла таварыства “Сьвітанак” сваіх сяброў на сваё самае галоўнае свята.
Юбілей “сьвітанкаўцы” адзначалі 11 студзеня бягучага года ў самым сэрцы Рыгі, у будынку цэнтра народнай творчасці Рыжскай думы “Рытумс”, што месціцца на адной з самых маляўнічых вулачак старой Рыгі. На жаль,  святочную імпрэзу, якую збіраліся  правесці ў лістападзе 2013 года, давялося перанесці з-за трагічных падзей у  Рызе, але, неглядзячы на ўсе абставіны, свята атрымалася.

У зале вядучыя імпрэзы старшыня таварыства Ірына Кузьміч і Наста Кірнічанска на латышскай і беларускай мове абвясцілі аб адкрыцці ўрачыстага мерапрыемства. Гэты дыялог двух культур, двух моў, калі пераклікаліся словы віншавання на беларускай мове са словамі павагі на латышскай, і стварылі святочную атмасферу юбілея.

Аб тым, што таварыства з годнасцю сустракае свой юбілей, сведчаць шматлікія віншаванні, якія атрымала суполка.

ЛТБК “Сьвітанак” ўнесла свой адметны ўнёсак у дыялог двух нашых культур, ва ўсведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў, зазначыў у сваім віншавальным лісце з нагоды юбілею таварыства Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі Андрыс Бэрзіньш. Як зазначылі ўсе сябры таварыства, было вельмі кранаюча атрымаць віншаванне ад першай асобы краіны.

Прыйшло ў адрас ЛТБК “Сьвітанак” і віншаванне з юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова. Яго зачытала загадчыца эпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.

Не засталася ў баку ад юбілею і беларуская дзяржава. Віншаванне ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Латвіі сп. Марыны Далгаполавай агучыў  Консул амбасады сп. Андрэй Кажан.

Сонца усходзіць і служыць аддана
Сьветлым лікам, зычлівым цяплом.
Беларусь у латвійскі «Сьвітанак»
Узышла, як у родны свой дом.

Мы ня прыхадні тут. Ускалосьсе
Крывічанскіх дачок і сыноў
У «Сьвітанку» натхненна зьлілося,
З латышамі рунее наноў.

Быў бы Райніс удзячны сябрыне:
Плытагоны ўтрымалі стырно!
У «Сьвітанку» хлапцу і дзяўчыне –
Дзе Айчына? – чутно і відно.

Прытуліцца змаглі, укараніцца,
Вольнай Латвіі цешаць агні.
Узышла над «Сьвітанкам» дзяньніца –
Абярэга спрадвечнай радні.

Гэты верш аднаго з першых сябраў таварыства, ганаровага сябра “Сьвітанка” кавалера ордэна Трох зорак Латвіі паэта Сяргея Панізніка, прысвечаны таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” прачытала сябра cуполкі Таісія Бачкарова. А адзін з ветэранаў беларускага руху ў Латвіі спадар Алесь Карповіч, таксама адзін з першых сябраў “Сьвітанка” , прыгадаў яскравыя моманты з гісторыі таварыства.

 
Спадарыня Айна Балашка, старшыня таварыства нямецкай культуры – заўсёды была добрым сябрам нашага таварыства, пачынаючы з 90-х гадоў, калі яна працавала ў Дэпартаменце нацыянальнасцяў Латві, удзельнічала ў многіх мерапрыемствах, якія ладзіла суполка. І падчас гэтай юбілейнай імпрэзы яна нагадала прысутным пра той шлях, які прайшло таварыства “Сьвітанак” з першых дзён яго станаўлення. Добрыя словы ў адрас таварыства знайшоў і прадстаўнік Саюза палякаў Латвіі, кіраўнік  польскага хору “Паланэз” Эдвард Фісковіч.

“Світанкаўцы” ганарацца не толькі тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, але і тым, што таварыства стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. А старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесар Латвійскай акадэміі музыкі Раффі Хараджанян зрабіў невялікі экскурс у гісторыю Асацыяцыі,  пажадаў таварыству плёну яшчэ на доўгія гады.

У беларускай мове ёсць такое вельмі ёмкае слова  – паплечнікі. Аб тым, што на юбілеі таварыства сабраліся паплечнікі, нагадаў прысутным першы старшыня і адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак”, вядомы не толькі ў Латвіі, але і далёка за яе межамі доктар медыцыны Сяргей Кузняцоў. Маладым хлапцом прыйшоў ён калісьці ў “Сьвітанак” і менавіта паплечнікі, аднадумцы, на яго погляд, стваралі першую беларускую суполку і працавалі ў ёй.

Эстафету старшыняў ад Сяржука Кузняцова пераняў Мікола Ярчак, хабілітаваны доктар хімічных навук, цяперашні прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля  ад’езду спадара Міколы на працу ў Брэст кіраўніком “Сьвітанка” стаў мастак Васіль Малышчыц, які  на свяце прыгадаў той час, калі ён кіраваў суполкай.

Дзесяцігоддзе старшынёй  “Сьвітанка” была спадарыня Таццяна Казак. Пад яе кіраўніцтвам ладзіліся шматлікія і разнастайныя імпрэзы, быў створаны вакальны гурт “Сьвітанак”, які годна прадстаўляў беларусаў на фестывалях і канцэртах.  На свята Таццяна Мікалаеўна прыйшла са сваім беларускамоўным пяцігадовым сынам Міколкам, як яна пажартавала, самым юным сьвітанкаўцам. Мікола падрыхтаваў свой падарунак таварыству – песні на  беларускай і латышскай мовах, якія ўдзельнікі свята сустрэлі гучнымі апладысментамі.

А завершыў гэтую эстафету выступаў лідэраў адзін з заснавальнікаў Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, першы дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы, старшыня аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна Трох зорак Латвіі Вячаслаў Міхайлавіч Целеш.

Аб тым, што ЛТБК “Сьвітанак” не ізаляваны ад свету, сведчаць ягоныя цесныя стасункі з Беларуссю і беларускімі суполкамі з Літвы, Эстоніі, Расеі, Канады ды іншых краінаў, з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў свету, з беларускімі аб’яднанямі ў Польшчы і Чэхіі, а перш-найперш з МГА “Бацькаўшчына”. Надзвычай узнёслымі і асабліва сардэчнымі былі тыя словы віншавання, якія адрасавала таварысту Згуртаванне беларусаў свету. Віншавальны ліст і шматлікія прывітанні з Радзімы прывёз у Рыгу сябра Вялікай Рады Згуртавання сп. Барыс Стук. Паклапацілася “Бацькаўшчына» і пра падарункі непасрэдна самому таварыству.
Барыс Стук уручыў сьвітанкаўцам памятны падарунак з нагоды юбілею – гадзіннік з выявай Мірскага замка, а таксама перадаў для біблятэкі кнігі, што былі нядаўна выдадзены Згуртаваннем “Бацькаўшчына”.

Не толькі віншаванні і падарункі, але і адметныя ўзнагароды прыехалі да “сьвітанкаўцаў” з Менску. Рашэннем Шостага з’езда Міжнароднага Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына» 13 сябраў Вялікай Рады атрымалі статус ганаровага сябра. Інстытут ганаровага сяброўства замацаваны ў статуце “Бацькаўшчыны” спецыяльна для ўшанавання тых асоб, якія на працягу многіх гадоў працуюць на карысць Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У гэтай слыннай кагорце і два сябры ЛТБК “Сьвітанак” – Вячка Целеш і Таццяна Казак. Калі спадар Вячка Целеш атрымаў свой памятны медаль, заснаваны да 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету, падчас з’езду, то Таццяна Казак атрымала сваю ўзнагароду як раз на свяце. Пасведчанні і медаль Таццяне Мікалаеўне ўручыў сябра Вялікай рады “Бацькаўшчыны”, намеснік старшыні Згуртавання спадар Барыс Стук.

Сябры таварыства дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, магістр педагогікі Ганна Іванэ і адна са старэйшых мясцовых беларусаў, выпускніца Індранскай беларускай гімназіі ў 1944 годзе, доктар фізічных навук Наталля Цімаховіч за ўнёсак у захаванне беларускіх культурна-асветніцкіх традыцый і спрыянне культурнаму дыялогу паміж народамі Латвіі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвійскай Рэспублікі. Іх уручыла старэйшы рэферэнт Дэпартамента інтэграціі Міністэрства культуры Латвіі Лінда Наудыша.

Cваё музычнае віншаванне падрыхтавалі і юныя артысты – гурт “Вавёрачка” заснаванай “Сьвітанкам” у 1994 г. Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы пад кіраўніцтвам таленавітай піяністкі Наталлі Дзірвук.  Цёплымі апладысментамі сустрэла зала цудоўнае  выкананне юнымі спевакамі песень на беларускай мове.

А самым адметным музычным падарункам для ўсіх гасцей і ўдзельнікаў свята стаў канцэрт вядомага беларускага музыкі Зміцера Вайцюшкевіча. Гэта быў першы выступ Зміцера ў Латвіі. Ці трэба казаць, што яго песні суправаджаліся працяглымі апладысментамі і часам разам са Зміцерам спявала  зала, і не хавала сваіх усмешак, і не саромелася слёз. 

Вельмі прыемна было пачуць прысутным, як ацаніў госць з Мінску спевы беларускіх дзяцей з “Вавёрачкі”. Па ягоных словах, ён шмат чуў спеваў дзіцячых гуртоў, але ніколі не даводзілася чуць такога чыстага выканання.

У рэпертуары Зміцера Вайцюшкевіча ёсьць японскія песні, перакладзеныя на беларускую мову, ёсць шведскія песні па-беларуску. А ўдзельнікі імпрэзы пажадалі, каб у рэпертуары спевака з’явілася хоць некалькі латышскіх песень, перакладзеных на беларускую мову. Тым больш, што паспрыяць гэтаму ёсьць каму. На імпрэзе прысутнічаў класік сучаснай латышскай паэзіі спадар Улдыс Бэрзыньш. У мінулым годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” у Беларусі асобным выданнем выйшла кніга выбраных перакладаў Улдыса Бэрзыньша “Салаўі крычаць, я па-латышску…”  Перакладчыкі – Алесь Разанаў і Андрэй Гуцаў, які калісьці працаваў у Рыжскай беларускай асноўнай школе. 


Так ужо наканаваў лёс, што свой юбілей, а было заснаванае таварыства 27 лістапада 1988 года, “Сьвітанак” святкаваў ужо ў бягучым годзе падчас аднаго з самых любімых святаў – Калядаў. Традыцыя святкаваць Каляды жыве ў таварыстве з самых першых дзён існавання. Запрасілі да каляднага святочнага стала сваіх гасцей і арганізатары свята. І гэта было вельмі і кранаюча, і сімвалічна – ведаць, што і ў Беларусі, і ў Літве, у Польшчы, Чэхіі, Канадзе i iншых краiнах, дзе б ні жылі беларусы, у гэтыя зімовыя дні накрываюцца калядныя сталы, запальваюцца калядныя свечкі, прыгадваюцца звычаі, якія яднаюць усіх нас. У якасьці калядоўшчыкаў выступіў гурт аматараў беларускай песні “Вытокі”. Не застаўся ў баку і Зміцер Вайцюшкевіч. Асаблівую ўдзячнасць таварыства выказвае дырэктару цэнтра “Рытумс” спадарыні Віі Ліетэ за яе гасціннасць, за тое, што на працягу многіх гадоў памяшканне цэнтра адчынена для рыжскіх беларусаў.

Шмат добрых слоў прагучала на свяце ў адрас маладой старшыні таварыства “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч. Ірына яшчэ толькі робіць свае першыя крокі на грамадскай ніве. Яна – самая маладая старшыня сярод  кіраўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый Латвіі. Ірына з годнасцю правяла юбілейнае таварыства мерапрыемства. І хочацца спадзявацца, што беларуская культурная ніва будзе папаўняцца вось такімі маладымі творчымі асобамі, якія не дадуць змоўкнуць нашым песням, не адцураюцца роднай мовы, народзяць новыя вершы і працягнуць традыцыі ўжо не нараджэння, а станаўлення нацыянальнай культуры сярод беларускае дыяспары ўсёй Латвіі.

Таццяна Касуха

На здымках Георгія Астапковіча:

-

Cтаршыня ЛТБК “Сьвітанак” Ірына Кузьміч
 

-

Верш Сяргея Панізніка “Аусекліс над Рыгай” чытае Таісія Бачкарова
 

-

Віншаванне таварыства  з 25-гадовым  юбілеем ад мэра Рыгі Ніла Ушакова зачытвае загадчыца дэпартамента культуры, адукацыі і спорта Рыжскай думы сп. Эйжэнія Алдэрманэ.
 

-

Прывітальнае слова Консула беларускай амбасады сп. Андрэя Кажана
 

-

“Сьвітанкаўцаў” і гасцей свята вітае першы старшыня таварыства Сяржук Кузняцоў

 

-

Выступае былы старшыня таварыства Васіль Малышчыц

-

Старшыня таварыства “Сьвітанак” (1999-2008) Таццяна Казак прыйшла  на свята са сваім сынам Міколам

 

-

Выступленне аднаго з заснавальнікаў таварыства Вячкі Целеша

-

Старэйшая сябра “Сьвітанка” Наталля Пятроўна Цімаховіч атрымлівае Ганаровую грамату Міністэрства культуры Латвіі

-

Віншавальны ліст Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”  з нагоды юбілею “Сьвітанка” уручае сябра Вялікай Рады Згуртавання Барыс Стук

-

 Памятны медаль “Бацькаўшчыны” уручаецца сп. Таццяне Казак
 

-

Добрыя словы ад беларусаў Латгаліі  “Сьвітанку” прывёз з Даўгаўпілса вядомы беларускі калекцыянер, гісторык Мікола Паўловіч
 

-

Віншаванне старшыні Латвійскага таварыства нямецкай культуры Айны Балашка
 

-

Віншаванне старшыні АНКТЛ імя  Іты Казакевіч Раффі Хараджаняна
 

-

Выступае дзіцячы ансамбль “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

-

Кіраўнік “Вавёрачкі” Наталля Дзірвук

-

Віншаванне ад калектыву Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы

-

На сцэне – Зміцер Вайцюшкевіч
 

-

Юныя беларусачкі Рыгі

-
-

Зміцер Вайцюшкевіч прывёз з роднай старонкі не толькі  песні, але і натхненне
 

-

Рыжскія кветкі – беларускаму музыку
 

-

Адзін з ганаровых гасцей, жывы класік, паэт і перакладчык Улдыс Бэрзыньш

Песня – душа народа

А таксама паказалі рыжанам выставу, прысвечаную Крыжу Ефрасінні Полацкай.

Беларусы Латвіі адсвяткавалі ў Рызе 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча яшчэ па старым стылі: узгадалі лепшыя вершы вялікага паэта і праспявалі іх.

Вячаслаў Целеш, старшыня аб’яднання мастакоў Балтыі “Маю гонар”, узгадвае, як 20 год таму святкавалі стагоддзе са дня нараджэння паэта. З таго часу штогод латвійскія беларусы ладзяць невялікія вечарыны.

Вячаслаў Целеш: “Яго патрыятызм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у тым ліку і на беларусаў Латвіі. Беларусу варта пачуць яго “Пагоню” ці “Зорку Венеру”, каб пераканацца ў патрыятызме Максіма Багдановіча”.

Адначасова з багдановіцкімі чытаннямі латвійскія беларусы адкрылі фотавыставу, прысвечаную лёсу іншай беларускай легендзе – Ефрасінні Полацкай і яе крыжу.

Зладзіла выставу старшыня таварыства “Сьвітанак” Ірына Кузьміч. Яна ж – дачка беларускага майстра Міколы Кузьміча, які і стварыў копію знакамітага крыжа

Ірына Кузьміч: “У чэрвені мы з мужам выправіліся ў старажытны Полацак і некалькі дзён пражылі ў Ефрасіннеўскім манастыры. Вынікам натхнення і стала гэтая выстава. Яе мэта – пазнаёміць латышоў з культурай Беларусі”.

У 1997 г. брэсцкі ювелір-эмаліроўшчык, сябра Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Кузьміч стварыў рэпрадукцыю крыжа Ефрасінні Полацкай. Новы крыж быў асвечаны і перададзены ў Ефрасіннеўскі манастыр.

Сапраўднаму крыжу, які знік у вайну з магілёўскага музея, сёлета споўнілася б 850 гадоў.

Андрэй Елісееў

www.euroradio.fm

Відэарэпартаж глядзіце: http://euroradio.fm/report/120-goddze-bagdanovicha-adsvyatkavali-w-latvii-videa-81025

12 снежня 2010, 16:04

Дзякуй Уладзіміру Караткевічу і яго кнігам за тое, што абудзілі ў мне беларуса”, – гэтыя словы гучаць сёлетняй восенню ў розных канцах свету. – Не было б Караткевіча і яго “Дзікага палявання караля Стаха” і іншых твораў, не было б і мяне, беларуса…»

Такія прызнанні гучалі ў гэтыя лістападаўскія дні і ў нашым горадзе. Сталіца Латвіі, краіны, якой ён прысвяціў свае «Казкі бурштынавага краю», памятае і любіць Караткевіча. Тут і да гэтага часу жывуць яго чытачы і яго сябры. Адзін з іх – мастак Вячка Целеш. Менавіта па яго ініцыятыве Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» зладзіла літаратурную вечарыну, каб ушанаваць юбілеі слынных беларусаў – Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і Сяргея Сахарава.

Пачалося свята з прэзентацыі біяграфічнага альманаху “Асоба і час», выдадзенага да 100-годдзя Ларысы Геніюш.

-
-

«Гісторыя аднага партрэту» – такая назва ўспамінаў пра Ларысу Геніюш нашага зямляка Вячкі Целеша, змешчаная ў альманаху. Многім з прысутным добра вядомы гэта партрэт Ларысы Геніюш, створаны В.Целешам, ён неаднаразова экспанаваўся падчас яго выстаў. А вось гісторыю знаёмства паэткі і мастака многія пачулі ўпершыню. Як, дарэчы, і голас самой Ларысы Геніюш. І голас Уладзіміра Караткевіча. І стаў магчымым гэты цуд, дзякуючы запісам, зробленым калісьці на звычайны магнітафон яшчэ адным сябрам Ларысы Геніюш, госцем беларускай імпрэзы ў Рызе спадаром Сяргеем Панізнікам. Гэтыя запісы былі пакладзены ў аснову аўдыёдыска, які прывёз на свята спадар Сяргей.


Дарэчы, многія ўдзельнікі свята прыйшлі на сустрэчу са сваімі любімымі творамі Ларысы Геніюш і Ўладзіміра Караткевіча. Так, Наталля Камілеўская прынесла з сабой невялікі зборнічак спадарыні Ларысы. Гэта было польскае выданне, адзінае, якое некалькі дзесяцігоддзяў таму яна змагла набыць калісьці ў Рызе. І які захоўвае і да гэтага часу сярод сваіх любімых кніг. Свае любімыя творы Лырысы Геніюш і Уладзіміра Караткевіча на свяце чыталі і ўдзельнікі імпрэзы. Чыталі па ўласнаму жаданню, а не таму, што гэтак было запланавана. А асабліва натхнёным было выступленне дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Іванэ, якая падрыхтавала сапраўдны экскурс у творчасць Уладзіміра Караткевіча.

Надзвычай узнёслым і шчырым было гэта свята. І па-асабліваму сяброўскім. І кранаючым. Нельга было без хвалявання слухаць успаміны Сяргея Панізніка і Вячкі Целеша пра сяброўства з асобамі, якія сталі гонарам Беларусі, сяброўства, якое яны пранеслі праз гады. І слухаючы расповеды ўжо немаладых людзей, скроні якіх даўно пабяліла сівізна, адступаў час. І здавалася, што мы ўвачавідкі бачым, як па Юрмале спяшаюцца жвавыя, гаманкія Сяргей Панізнік і Вячка Целеш, як перапоўнены яны радасцю, што ідуць у госці да самога Караткевіча. Як стромкія балтыйскія сосны чуюць гамонку навукоўцы спадарыні Мірдзы Абалы і Уладзіміра Караткевіча. Як пасля сяброўскай сустрэчы ў майстэрні Вячкі Целеша Уладзімір Караткевіч напіша з гумарам дасціпныя радкі і нават паспрабуе сябе ў ролі мастака.

-

Старонка з аўтографам і малюнкамі Уладзіміра Караткевіча ў Гасцёўнай кнізе майстэрні “Беларуская хатка” Вячкі Целеша

-

Першая – Мірдза Абала, далей – Алег Лойка, яго жонка Лілея, за ёй –  Уладзімір Караткевіч, Сяргей Панізнік, а правей – Вячка Целеш у Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981 г.

-
Злева –  Алег Лойка, яго жонка, Уладзімір Караткевіч, Вячка Целеш і Мірдза Абала ў Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981г.

Вядома, шкада, што юбілей Уладзіміра Караткевіча ў Латвіі не святкаваўся так, як гэтага хацелася б, як варта было б. Шкада, што не маем магчымасці паехаць у Оршу на ўрачыстасці, запланаваныя 26 лістапада да дня нараджэння пісьменніка, каб у гэтым шматгалоссі прагучаў і голас беларусаў з Рыгі. Удзельнікі імпрэзы папрасілі спадара Сяргея Панізніка перадаць паклон ад беларусаў Латвіі радзіме вялікага пісьменніка. А музею ў Оршы – падарунак, які падрыхтаваў Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Калі дакладна, рыхтаваць яго Вячку Целешу не спатрэбілася, бо аб гэтым шмат гадоў назад паклапаціўся сам Караткевіч.

-


Падчас першай сустрэчы і знаёмства з Караткевічам у Дубултах у Доме творчасці пісьменнікаў 5 снежня 1976 г. Вячка папрасіў у пісьменніка на памятку памяняцца ручкамі. Уладзімір Сямёнавіч з задавальненнем згадзіўся. І вось тая ручка, якой пісьменнік пісаў свае раманы, засталася як памятка аб той сустрэчы, як рэліквія нашага нацыянальнага генія. Гэтая ручка да гэтага часу захоўвалася ў Вячкі, а на вечарыне рыжскі мастак папрасіў перадаць яе ў дар музею Караткевіча.

У 1960 – 70-ыя годы Уладзімір Караткевіч неаднаразова наведваў Латвію, тут у яго былі сябры –  паэт Еранім Стулпан, дарэчы, ён нават быў яго кумам, хросным бацькам яго дачкі. Бываў Караткевіч у Іманта Зіедоніса, які вазіў яго да сваіх бацькоў у г. Салдус, былі сустрэчы яго і з іншымі латышскімі паэтамі і пісьменнікамі.

І яшчэ адзін юбілей ушанавалі ў гэты дзень у таварыстве «Сьвітанак».

-

Cёлетняй восенню споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Сяргея Сахарава – чалавека, які адным з першых узняў паходню беларускасці ў Латвіі. Педагагічнай і культурна-асветніцкай працы С.П.Сахараў прысвяціў больш за пяцьдзесят гадоў, каля дваццаці пяці з іх – барацьбе за беларускую школу ў Латвіі.
У літаратурнай вечарыне прыняла ўдзел унучка Сяргея Пятровіча Сахарава – спадарыня Нонна Ахметулаева. Спадарыня Нонна падзялілася сваімі ўзгадкамі пра Сяргея Сахарава, распавядала пра тое, як сёлета адзначалі яго юбілей у Лудзе, і прыпасла гасцям імпрэзы свой падарунак. Яна прачытала адно з неапублікаваных апавяданняў Сяргея Сахарава.

За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі ў 1939 г. атрымаў  прэмію, якую скарыстаў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця – зборніка “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. А яшчэ ў спадчыну Сяргей Сахараў пакінуў нам, беларусам, якія жывуць у Латвіі, вось гэтыя словы:”…Але старанна вывучаючы дзяржаўную мову, вучачыся іншым мовам, не будзем забываць і сваю беларускую мову. Калі б мы нашу родную… беларускую мову закінулі, забыліся, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі”
Запавет гэты надзённы для нас і праз дзесяцігоддзі. І не толькі для беларусаў Латвіі.

З радасцю мы даведаліся, што ў Талліне ствараецца нядзельная школа беларускай культуры імя Караткевіча. Творы вялікага рамантыка і казачніка вывучаюць выхаванцы Рыжскай Беларускай асноўнай школы. І, дзякуючы аўтару «Зямлі пад белымі крыламі», для юных рыжан-беларусаў гэты край, радзіма іх бацькоў і дзядоў, становіцца бліжэй…

«Святло высакароднай душы» – так назвала калісьці свой артыкул, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу латышская вучоная Мірдза Абала, якую з беларускім пісьменнікам звязвала шматгадовае сяброўства і якая пераклала яго аповесці “Чазэнія” на латышскую мову. Высакароднасць душы – тая рыса, якая яднае ўсіх нашых юбіляраў. І гэтаму святлу не згаснуць ніколі…

Таццяна Касуха

На здымках Георгія Астапковіча:

-

удзельнікаў імпрэзы вітае Вячка Целеш

-

выступае Сяргей Панізнік

-

вядучыя імпрэзы – мастак Вячка Целеш і паэт Сяргей Панізнік з  унучкай Сяргея Сахарава Ноннай Ахметулаевай

-

спявае студэнтка Латвійскай музычнай акадэміі Людміла Ігнатава

-

вершы Уладзіміра Караткевіча чытае Таццяна Казак

-

выступае беларускі гурт “Вытокі”, кіраўнік Станіслаў Клімаў

-

два паэты, два пакаленні – мінчанін Сяргей Панізнік і рыжанка Людміла Ігнатава са сваімі паэтычнымі зборнікамі

-

Сімвалічная повязь сяброўства латвійскай і беларускай культуры

-