19 лістапада 2021 года адзначае свой 60-гадовы юбілей Сяржук Кузняцоў, адзін з заснавальнікаў Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак“.

Сяржук Кузняцоў быў не толькі першым кіраўніком ЛТБК „Сьвітанак“ – старшынёй Рады таварыства з 1988 года. Калі на Латвійскім радыё – 4 ўпершыню была створаная беларускамоўная праграма „Сьвітанак“, ён стаў першым рэдактарам і вядучым радыёперадачы. З ініцыятывы спадара Сяржука ў Рызе пачаў таксама выдавацца беларускамоўны часопіс „Сьвітанак“, ён стаў яго галоўным рэдактарам.

Па адукацыі доктар, выпускнік Ленінградскага медыцынскага інстытута (цяпер Піцербуржская дзяржаўная медыцынская акадэмія імя І.І. Млечнікава), у часы Атмоды ў Латвіі ён вельмі шмат часу і высілкаў аддаваў на карысць адраджэння беларушчыны у Латвіі. Народжаны ў Рызе, па бацьку беларус, нашу родную мову вывучыў самастойна!

Сваё жыццё спадар Сяржук прысвяціў медыцыне і дасягнуў шматлікіх поспехаў у гэтай высакароднай і складанай справе – дапамагаць хворым людзям. Ён – аўтар шматлікіх навуковых прац у галіне анкалогіі і імуналогіі, стваральнік і кіраўнік лабараторыі „DrKuznecovLab“ і Цэнтра падтрымкі анкалагічных хворых (Cancer Patient Advocacy Bureau), які працуе ў Рызе з 1997 года. У 2006 годзе цэнтр далучыўся да Кааліцыі анкалагічных хворых Еўропы (ECPC) і стаў адным з вядучых даследчых інстытутаў Еўрапейскага Саюза ў вывучэнні псіхасацыяльных фактараў рызыкі ў анкалогіі. З 2003 года Dr.KuznecovsLab стаў адным з цэнтраў даследаванняў для Міжнароднай Асацыяцыі Дапаможнай Тэрапіі Рака (MASCC).

Доктар Сяржук Кузняцоў за свае даследаванні быў узнагароджаны прэстыжнымі міжнароднымі навуковымі прэміямі ў розных галінах медыцыны: прэміяй Аўстрыйскага таварыства геранталогіі і герыятрыі за цыкл работ па карэкцыі ўзроставых і таксічных парушэнняў сперматагенезу, прэстыжнай у алергалогіі і імуналогіі прэміяй “Pharmacia Allergy Foundation” у Швецыі за даследаванні даліхолфасфата і выкарыстання поліпрэнола для дыягностыкі і лячэння праяў многіх відаў алергічных захворванняў. У 1993 г і ў1995 г. С. Кузняцоў названы ў ліку найлепшых даследчыкаў раку ў Еўропе. Дзякуючы даследаванням “Dr.KuznecovsLab” шырокае ўжыванне атрымала выкарыстанне ў анкалогіі прэпаратаў з Phallus impudicus (Вясёлка звычайная), ядомага грыба з сямейства гасцераміцетаў. Сяргей Кузняцоў з’яўляецца аўтарам даследаванняў Phallus impudicus з 1990 года. Вынікі даследаванняў былі прадстаўлены на кангрэсах па анкалогіі і апублікаваны ў вядучых часопісах па праблемах раку. Аўтарства рыжскіх навукоўцаў пацверджана ў энцыклапедыі “Medicinal Mushrooms” у 1995 годзе. Распрацаваны ў лабараторыі метад ферментацыі грыбоў дазваляе рыхтаваць біялагічна актыўныя прэпараты для ўнутранага прымянення і вонкава. У 2004 годзе MASCC уганаравала доктара Кузняцова прэмііяй за выкарыстанне Phallus impudicus для прафілактыкі і дапаможнай тэрапіі тромбаэмбаліі ў анкалагічных хворых.

Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак“ сардэчна віншуюць спадара Сяржука з юбілеем і жадаюць здароўя і новых дасягненняў у навуковых даследаваннях на карысць здароўя людзей!

4 верасня 2020 г. адбылося адкрыццё юбілейнай выставы шматгадовага сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, былога старшыні нашага таварыства Васіля Малышчыца

Восень – шчодрая пара не толькі на ўраджай, але і на незвычайную прыгажосць прыроды: залатое лісце, прыцішаныя кветкі. Ідзеш вуліцамі любімага горада, захапляешся, не адводзіш вачэй і сам сабе адзначаеш: добра, што ёсць мастакі, якія могуць перанесці гэткую прыгажосць на свае палотны і падоўжыць яе жыццё.

Адным з такіх мастакоў-чараўнікоў з’яўляецца Васіль Малышчыц, аўтар персанальнай юбілейнай выставы “Мой родны кут”. Кажуць, што паказчык прызнання мастака, яго таленту і ўнёску ў культуру вымяраецца выставамі. Васіль выстаўляецца даволі часта, у тым ліку і са сваімі сябрамі з аб’яднання “Маю гонар”, але юбілейная выстава – гэта падзея асаблівая, бо яна нейкім чынам дае магчымасць асэнсаваць працу і жыццё і мастака, і чалавека за грунтоўны перыяд жыцця.

“Мой родны кут” – так назваў сваю выставу творца. У гэтай назве ўсё: і згадка пра сваю малую Радзіму (беларускае Палессе, вёска Спорава), і цішыня, і загадкавасць мясцовай прыроды, і таямнічасць балотных мясцін, і цеплыня бацькоўскай хаты. Менавіта замілаванасць роднай зямлёй, нейкае асаблівае адчуванне навакольнага свету падштурхнулі 15-гадовага хлопчыка ехаць вучыцца ў мастацкае вучылішча ў Бабруйск. Там ён набыў прафесію столяра. Гэта дае яму магчымасць і сёння плённа працаваць з дрэвам і займацца рэстаўрацыяй рэдкіх драўляных рэчаў, ствараць скульптуры. Але ўсё ж такі асаблівым клопатам і любоўю Васіля з’яўляецца жывапіс. У ім памяць аб продках, у ім прызнанне ў любові, у ім спадзяванне і надзея. Карціны творцы, можа немудрагелістыя, але сваёй чысціней, адкрытасцю, шчырай інтанацыяй даходзяць да глыбіні душы гледача, кранаюць сэрца. А вучыўся свайму мастэрству Малышчыц у Беларускім Дзяржаўным тэатральна – мастацкім інстытуце на факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яму пашанцавала, што талент дадзены яму Богам, быў падмацаваны вышэйшай адукацыяй. І пэўна, ёcць права сцвярджаць, што творы яго, выкананыя ў лепшых мастацкіх традыцыях, вылучаюцца дасканаласцю і актуальнасцю.

З 1996г. В.Малышчыц жыве і працуе ў Латвіі, якую лічыць сваёй другой Радзімай. І гэтай зямлі таксама належыць і сэрца, і талент мастака. Вось яна – Рыга, таямнічая, велічная, блізкая і далёкая пазірае на нас са сцяны.

Сярод святочнага тлуму выставы можа крыху складана падрабязней разгледзець і паланіцца творамі філасофскага накірунку, бо каб адчуць асаблівую асалоду раскрыцця аўтарскай таямніцы патрэбна застацца сам на сам з творам. Упэўнена, што і пазаўтра ў залю АНКTЛ, дзе святкуе сваё 60-цігоддзе спадар Малышчыц, абавязкова прыйдуць прыхільнікі яго таленту.

Дарагі Васіль, сардэчна віншуем цябе з юбілеем! Зычым моцнага здароўя і шчасця табе і ўсім тваім родным, а самае галоўнае – чысціні і выразнасці ліній, адухоўленасці і прыгажосці светасузірання ў мастацтве, несупыннага пошуку “Боскай і чалавечай стунасці”.

Ганна Іванэ

На здымках Лявона Маствілішскага:

Васіля Малышчыца віншуюць “Сьвітанкаўцы” і старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі Рафі Нараджанян

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

Ул. Караткевіч

 “Быў. Ёсць. Буду.” – назва літаратурнай выставы, прысвечанай творчасці Уладзіміра Караткевіча, якая была ўрачыста адкрыта ў жніўні гэтага года ў ЛТБК “Сьвітанак”. Патрэбна адзначыць, што 2020 год у Беларусі аб’яўлены годам Уладзіміра Караткевіча – пісьменніка, паэта, драматурга, кінасцэнарыста, асобы, якая не толькі заслугоўвае памяці народнай, але і глыбокага навуковага даследавання. Вялікую цікавасць да гэтага творцы маюць, у тым ліку, і сябры таварыства “Сьвітанак”. Напэўна таму, нягледзячы на летняе надвор’е, ды на паўсядзённыя клопаты cьвітанкаўцы  сабраліся ў будынку АНКTЛ, на святочную імпрэзу, каб адзначыць юбілей слыннага сына Беларусі і пагартаць старонкі жыцця і творчасці любімага пісьменніка.

Ул. Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Літаратуразнаўцы лічаць яго адным з самых яркіх і самабытных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя. Ім напісана мноства вершаў, аповесцей, раманаў, казак. Цяжка пераацаніць значэнне творчасці гэтага геніальнага пісьменніка  – гэта і сакавітасць мовы, і даследванне беларускага нацыянальнага характара, і гістарычны лёс народа, і захаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры. Пра ўсё гэта і разважалі cьвітанкаўцы і госьці ў час свята. На працягу ўсёй сустрэчы гучалі вершы, узгадваліся героі знакамітых твораў, а ўспаміны Вячкі Целеша пра асабістае знаёмства з паэтам асабліва ўсцешылі ўсіх прысутных на свяце.  Хораша ўпрыгожылі вечарыну і родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”, якім з задавальненнем кіруе Таісія Бачкарова, шчырая наша беларуска. Родная мова, песня, сцішаныя кветкі, а над усім гэтым шчаслівая ўсмешка Караткевіча, як сведак таго, што яго ідэі, яго вялікія праца па стварэнню праўдзівай гісторыі Беларусі – дало плён.

Cьвітанкаўцы шчыра ўдзячны старшыні таварыства спадарыні Таццяне Казак за ідэю ўшанаваць памяць вялікага пісьменніка і Дзяржаўнаму музею беларускай літаратуры за прадстаўленыя матэрыялы, дзякуючы якім можна паглыбіць свае веды пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Ганна Іванэ

На здымках Алены Ціхаміравай:

Вядучая літаратурнай імпрэзы Ганна Іванэ

Спявае Эльвіра Гамершмідтэ, за раялем – Наталля Камілеўская

Шаноўны госць імпрэзы – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі спадар Васіль Марковіч

Вячка Целеш чытае адрасаваны яму ліст ад Уладзіміра Караткевіча

Гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава

Удзельнікі юбілейнай вечарыны

Лета – пара найбагацейшая на разнастайнасць колераў і пахаў, гукаў і ўражанняў, сустрэч і мараў. І вельмі радасна, што ў “вянок” рыжскага лета беларускай кветкай уплялася незабыўная імпрэза ў гонар 70-гадовага юбілею мастачкі Надзеі Ізянёвай, якая адбылася 1 жніўня ў доме-музеі Мэнцэрдорфа.

Надзея нарадзілася ў Беларусі, у мястэчку Шаркаўшчына, на Віцебшчыне. Скончыўшы с залатым медалём сярэднюю школу, стала студэнткай педагагічнага інстытута мастацка-графічнага факультэта. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1967 года. Лёс мастачкі склаўся так, што яна шмат год жыла спачатку ў Польшчы, затым у Прымор’і. І, як сцвярджае сама Надзея, што “дзе б ні прыходзілася жыць і працаваць, побач было самае галоўнае – мастацтва. Яно – натхненне, яно – жыццё, яно мора, боль і спадзяванне”.

З 1971 года Надзея жыве і працуе ў Латвіі, якую вельмі любіць, лічыць сваёй другой Радзімай. У сувязі з гэтым хочацца адзначыць, што менавіта незвычайнай цеплынёй і любасцю да латвійскай зямлі свецяцца яе палотны. Магчыма жаданне падзяліцца сваім талентам, сваімі ўражаннямі, сваімі марамі і прывяло мастачку да адзінадумцаў, якія з’яўляюцца сябрамі таварыства мастакоў “Маю гонар”, якія ў бальшыні сваёй таксама жывуць і працуюць у Латвіі. І сёння ў гэты святочны момант яны побач з ёю. Каму як ні Вячку Целешу ды Васілю Малашчыцу не разумець, якой працай, якім намаганнем, талентам, болем, а часам і расчараваннем выпісаны кожны твор.

Радзіма… У гэтым слове увасабляецца так многа для кожнага чалавека, а тым больш для таго, хто адарваны ад яе. Дзякуй, Надзея, за тое, што латвійскія беларусы на хвіліначку адчулі сябе сярод тваіх незабыўных пейзажаў на сваёй роднай зямлі. Вунь недзе хаваецца ў лясным гушчары сцяжынка, а там бруіцца чыстая крыніца, ды здаецца вось-вось “пырсне” мак. І кожны шукае сваё, роднае, незабыўнае…

У сваёй творчасці Надзея не баіцца быць ні занадта даверлівай, ні безагляднай, ні адкрытай. Яна не баіцца паўтараць нейкую адну тэму – паўтараць сябе. І ўсё дзеля адной – адзінай мэты: паказаць у фарбах праўду, у якую паверылі б гледачы. А паверыўшы, сталі б крыху дабрэйшымі, прыгажэйшымі, больш чалавечнымі.

Нейкія вельмі добрыя зоркі свецяць мастачцы, цёплыя дажджы абмываюць любімыя ландшафты, і ўся зямля барвовымі, залатымі, зялёнымі, бялюткімі дыванамі гасцінна расцілаецца перад ёй.

Жывапіс – гэта ўсе сілы, час, душа, усе гукі і пахі свету, трапятлівасць, пяшчота, хваляванне і неспакой, чаканне і здзіўленне. І вялікае шчасце, калі жывапісец можа падзяліць сваё светаадчуванне з сябрамі, з блізкімі духоўна людзьмі.  Надзеі пашанцавала і на гэта. Сёння побач з ёю любімы музычны гурт “Вытокі”, у складзе якога яна спявае. Хораша, што выстава беларускай мастачкі аздоблена і беларускай песняй, і беларускім словам. І сапраўды, здаецца, што да Радзімы вельмі блізка.

Без мастацтва жыццё было б цмяным і сумным, і таму мы схіляемся перад мастаком і кажам “Дзякуй” – за падораную прыгажосць, за сонца, за лясную сцежку, блакіт неба, спякоту летняга дня, пырскі марскіх хваляў, за ўсе тыя чароўныя фарбы, якімі свецяцца яе зіхатлівыя палотны.

Ганна Іванэ

25 верасьня 80-гадовы юбілей адзначае адзін з найбольш актыўных і пасьлядоўных рупліўцаў беларушчыны за мяжой Вячка Целеш.

Ён аб’яднаў самыя розныя сфэры дзейнасьці на карысьць беларускай справы: мастак, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» і аб’яднаньня беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», арганізатар і дырэктар першай беларускай школы ў Рызе; ён быў у Кансультацыйнай радзе пры ўсіх прэзыдэнтах, абараняў інтарэсы беларусаў. Ягоныя высілкі годна адзначаныя ўладамі Латвійскай Рэспублікі, ён кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Трох Зорак.

Круглую дату Вячка Целеш адзначыў пэрсанальнай выставай, якая ахапіла ўвесь пэрыяд ягонай мастацкай творчасьці – ад студэнцтва да сталасьці.

  • Спадар Вячаслаў, шчырыя віншаваньні з 80-годзьдзем! Як зьбіраецеся адзначыць сьвята?
  • Сёньня проста прымаю віншаваньні – усё ж будны дзень, ва ўсіх свае справы. Сходзім у выходныя з жонкай і блізкімі мне людзьмі ў рэстаран, крыху пасядзім, адзначым… Галоўным для мяне было адкрыцьцё выставы – дзякуй Богу, усё атрымалася. Прыйшло шмат людзей: аднакурсьнікі, нашы актывісты, вядомыя людзі Латвіі. Вельмі прыемна.

Пэрсанальная выстава Вячкі Целеша

Найлепшае адзначэньне – гэта прызнаньне тваіх высілкаў. Усьцешыла, што адгукнуліся і на ўрачыстае адкрыцьцё ў галерэю прыйшлі беларусы, латышы, прынесьлі мне цэлы воз кветак, арганізавалі канцэрт. Агулам выставіў больш за 60 прац – ад графікі да жывапісу. Таксама я напісаў кнігу пра беларускіх мастакоў Латвіі. Цяпер вось маю клопат пастарацца яе выдаць сёлета. Здаў адзін праект, цяпер трэба пасьпець з другім, каб атрымаць фінансаваньне зь дзяржаўных фондаў.

  • Латвійскія ўлады таксама адрэагавалі, не засталіся ўбаку?
  • Міністэрства культуры Латвіі ўзнагародзіла ганаровай граматай, былі адтуль прадстаўнікі, таксама віншавалі. Ну і беларуская амбасада ўспомніла, падаравалі копію мапы Вялікага Княства Літоўскага, арыгінал якой у адзіным экзэмпляры захоўваецца ў Швэцыі. Таму, паўтаруся, мой юбілей адзначаны перадусім адкрыцьцём пэрсанальнай выставы. Я яе назвай «Гадоў датыкненьне», бо хацеў паказаць свой шлях ад самага пачатку: пачынаючы з падрыхтоўчых курсаў у Латыскай акадэміі мастацтваў і да сёньняшняга дня.

Праўда, значную колькасьць прац выставіць не ўдалося. Калі ў мяне забіралі ў 1993 годзе майстэрню, шмат карцін я перадаў у Беларусь. Цяпер яны ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, у Горадні, на маёй радзіме ў Ваўкавыску, у прыватных зборах.

Вячка Целеш

  • Ці не абмяркоўвалася магчымасьць юбілейнай выставы ў Беларусі?
  • Вы ж ведаеце, што я стаю пад нашым гістарычным сьцягам, гэта галоўнае. Я не крычу пра гэта, не размахваю рукамі; мая мэта – зьяднаць беларусаў на нацыянальным грунце. Так было заўжды. Ніхто не аспрэчыць, што я шмат рабіў і працягваю рабіць на карысьць Бацькаўшчыны.

Але праз тое, што ў некаторых момантах нашы пазыцыі з уладамі Беларусі разыходзяцца, мне дарога туды закрытая. І гэта тычыцца ня толькі вышэйшага кіраўніцтва. У тым жа Facebook вялікая колькасьць водгукаў на маю выставу, а беларускія калегі маўчаць. Хоць былі сябрамі: і я да іх наведваўся, і яны ў майстэрні маёй начавалі… Зрэшты, важна, што я адчуваю сябе ў Латвіі камфортна, мне прыемна, як да мяне тут ставяцца. Трэба проста рабіць сваю справу, не падкрэсьліваць, які ты вялікі герой і патрыёт.

  • Ваш юбілей стаў своеасаблівым працягам іншай даты – 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сакавіку ў рамках сьвяточных імпрэзаў выстаўлялася ваша праца «Пад сьцягам „Пагоні”. Кастусь Езавітаў» – у гонар палітычнага дзеяча, які стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі камітэт.
  • Гэта сапраўды наш вялікі юбілей, знакавая дата для ўсіх беларусаў. Я вельмі хваляваўся, каб імпрэза прайшла на годным узроўні. Спадзяюся, менавіта так яе і ацанілі. Прынамсі для тых, хто працуе на нашай ніве беларушчыны, гэтая падзея, безь перабольшаньня, эпахальная…

Дарэчы, і яшчэ ёсьць адзін юбілей – сёлета 30-годзьдзе сваёй грамадзкай і культурнай дзейнасьці адзначае наш «Сьвітанак». Таварыства паўстала ў 1988 годзе – гэта адна зь першых беларускіх суполак, да якой я непасрэдна прыклаў руку, знайшоў паплечнікаў. Толькі пазьней такія арганізацыі пачалі ўзьнікаць у Рызе і ў рэгіёнах. У нас пазыцыя была і застаецца адназначная: за незалежныя Беларусь і Латвію. Зь першага дня і да сёньня мы стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам…

Хто такі Вячка Целеш

Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёну) Горадзенскага ваяводзтва. Мастак, гісторык, пісьменьнік, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і Латвіі.

У 20-гадовым узросьце выправіўся ў Латвію, працаваў сьлесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленьне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазьней атрымаў ступень магістра мастацтва.

Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе. Адзін з арганізатараў таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», дзе ён намесьнік старшыні. Заснавальнік і кіраўнік суполкі беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», ініцыятар стварэньня беларускай школы, дзе працяглы час быў дырэктарам. Быў дацэнтам катэдры культуры і мастацтва Інстытуту мэнэджмэнту інфармацыйных сыстэмаў у Рызе.

Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і эксьлібрысаў выдатных беларускіх і латыскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.

Вячка Целеш – адзін з самых вядомых эўрапейскіх філякартыстаў: ягоны альбом «Гарады Беларусі на старых паштоўках» на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданьняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.

Аўтар біяграфічнай кнігі «Адсюль наш род, тут мой прычал», прысьвечанай радаводу краснасельскіх Целешаў.

www.svaboda.org

31 ліпеня 2018, 21:00


«Нашто каласкі, калі няма васількоў»
Максім Багдановіч

Адзін з самых вытанчаных, самых лірычных, самых узнёслых беларускіх паэтаў-класікаў Максім Багдановіч надаў сціплай палявой кветцы васільку-валошцы незвычайную моц, асаблівую прыгажосьць, «генетычную памяць народа». Праз гэтую маленькую сінявокую кроплю душа чалавека часам знясіленага цяжкай працай, апантанага адвечнай прагай здабычы матэрыяльных каштоўнасцяў, усёж такі імкнецца ў неба, якога стае ўсім.

Менавіта такім васільком, што прагне вышыні і прымушае адчуваць незвычайнае хараство навакольнага свету і быў Мацей Чырыч, просты і сціплы ў жыцці, таленавіты ў мастацтве, у сваім бясконцым імкненні да вышыні.

-

Напрыканцы лета на Яўнцыенмскіх могілках на ахвяраванні беларусаў Рыгі і Даўгаўпілса быў адкрыты помнік беларускаму мастаку Мацею Чырычу.

-


Мацей Рыгоравіч нарадзіўся 10 траўня1936 г. у в. Глініца Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.
З 1941г. застаўся без бацькоў, маці памерла, а бацька загінуў на вайне. З 1944 г. па
1950 г. выхоўваўся ў Спец. дзіцячым доме ў г. Жыткавічы. У 1950 г. напраўлены ў Рыгу
ў Тэхнічнае вучылішча № 17. Пасля яго заканчэня атрымаў спецыяльнасць токара. Працаваў на заводзе РЭЗ, вучыўся ў вячэрняй школе. Першапачатковыя навыкі па маляваню атрымаў на вячэрніх курсах Латвійскай акадэміі мастацтваў. У 1961- 1980-х гадах наведваў Народную студыю жывапісу пры Доме культуры прафсаюзаў, дзе кіраўнікамі студыі былі вядомыя латышскія жывапісцы Курт Фрыдрыхсон,Аляксандр Звіедрыс, Андрэй Германіс і Аўсма Данэманэ. Яго жывапісныя працы разам з працамі студыі неаднаразова экспанаваліся на выставах як ў Рызе так і на Усесаюзных выставах народнага мастацтва ў Маскве і іншых гарадах. Першая персанальная выстава жывапісу адбылася ў 1978 годзе ў Рызе.
Мацей Чырыч адзін з удзельнікаў устаноўчага з’езда Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” 12 студзеня 1991 г. З таго часу мастак быў актыўным сябрам АМ-ББ “Маю гонар”, удзельнічаў у мастацкіх выставах аб’яднання ў Латвіі, Эстоніі і Беларусі.У 1993 г. быў дэлегатам Першага з’езда беларусаў Свету і ўдзельнікам мастацкай выставы “Жыве Беларусь”, прысвечанай гэтаму з’езду.
М. Чырыч быў таксама актыўным сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.У 90-я гады быў сярод тых, хто актыўна змагаўся за незалежнасьць Латвіі.

-
Мастак пакінуў пасля сябе незвычайнай прыгажосці пейзажы і нацюрморты. Яго таленавітымі працамі папоўніліся многія праватныя зборы рыжан. На палотнах Мацея Чырыча ўсімі колерамі вясёлкі зіхацяць, чаруюць, заварожваюць кветкі. Гледзячы на гэтыя творы, так хочацца запытацца ў мастака : «Адкуль, адкуль, з якіх таемных калодзежаў узятыя гэтыя фарбы?» Столькі незвычайнага, часам някідкага, але такога роднага хараства на яго карцінах!

-

Праз 15 год пасля смерці мастака над яго магілай у чорным граніце ўзняўся помнік, на якім выява крыжа Еўфрасінні Полацкай (яе выгравіравалі па эскізу Вячкі Целеша) і па-беларуску гараць словы

Мастак Мацей Чырыч
Ад беларусаў Латвіі

-
І помнік гэты, і такі родны надпіс па-беларуску “напамінае мне што шлях наш неканечны і Бога не міне” (А.Галубовіч). А на магіле сінімі зоркамі васількоў-валошак ды белагаловымі сонцамі рамонак рассыпаліся кветкі. Адкуль яны? Іх прынес мастак і сябра Мацея Вячка Целеш, а можа гэта і кветкі тых, пакінутых нам на ўспамін вечных палотнаў…

Шчыра дзякуем усім, хто cпрычыніўся да гэтай высакароднай справы, а найперш мецэнату з Даўгаўпілса Васілю Лукашчыку, гэта яго фірма бясплатна вырабіла помнік, сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», сябрам аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», сябрам культурна-асветніцкага таварыства “Уздым», Міхасю Казлоўскаму з Маладзечна, Дзмітрыю Кабановічу і Таццяне Касуха з Рыгі. І асаблівая ўдзячнасьць Вячку Целешу і кіраўніку беларускага культурнага цэнтра ў Даўгаўпісе Жанне Раманоўскай, якія змаглі аб’яднаць усіх неабыякавых і здзейсніць вельмі добрую, а можа і лепшую справу за апошні час.

Памер мастак, але ён жыве ў карцінах, дзе няма месца змрочнаму дажджу, халоднаму ветру. Жыве мастак у зорачках васількоў-валошак, якія гайдае вецер, жыве мастак у памяці сяброў, у клапатлівых руках майстра, што ўзняў над магілай помнік нашай шчымлівай памяці.

Ганна Іванэ

23 лютага 2018, 13:49


З удзячнасцю і высокай павагай узгадваем пра 95-годдзе з дня нараджэння Абала Мірдзы, дачкі Эдуарда — 23.02.1923 года.

Доктар філалагічных навук, перакладчыца твораў Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча (“Чазенія”,1976); даследніца латышска-беларускіх повязяў мела грунтоўны наробак. Вось некаторыя тэмы навуковых пошукаў Мірдзы Абалы: “Беларускі жаўранак у Латвіі”,1972 (пра Янку Купалу); “Райніс і беларусы”, 1975; “Ян Судрабкалн і беларусы”, 1977…

У 1977 г. М. Абала разам з Дзідрай Віксна выдала на латышскай мове даследванне “Дружба, умацаваная ў вяках”, у 1984 г. – анталогію латышскай паэзіі ў 2-х т. (сумесна з С. Панізьнікам), у 1986 г. апублікаваны яе артыкулы ў энцыклапедычным даведніку “Янка Купала”. І ў 1986 г. М. Абала — навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры Латвійскай АН — узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй.

З 1991 г. яна – Прэзідэнт Латвійскай асацыяцыі беларусістаў; у 2001 г. узнагароджана медалём Францішка Скарыны.

Зіма з летам сустракалася і развітвалася з Мірдзай, дачкой Эдуарда,  24 лютага 2007 г. У 2010 г. з’явіўся на свет галоўны набытак творчага жыцця М. Абалы – “Слоўнік беларуска-латышскі і латышска-беларускі”. Выдадзены “Саюзам беларусаў Латвіі”. Там – каля 40 тыс. загалоўных слоў, 543 старонкі. Рэдагаваў і дапаўняў яго І.І. Лучыц-Федарэц. Прэзентацыя кнігі прайшла ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Вечная памяць латвійскай кнігаўцы ў Беларусі.

-

 Мірдза Абала паспрыяла ўзнагароджанню ордэнам Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Рыгора Барадуліна, Васіля Сёмухі – і вось яна прысутнічае на ўручэнні высокай дзяржаўнай адзнакі Сяргею Панізьніку. Побач – Айя Лацэ, Мара Залітэ, Улдыс Бэрзыньш, Андрэй Гуцаў, Кнутс Скуеніекс, Валдыс Румніекс… 9.ХІІ. 1998 г.

Капітан 4-й ст. ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Сяргей Панізьнік

                    НЯЗГАСНАЕ СВЯТЛО ВЫСАКАРОДНАЙ ДУШЫ

-

3 мая 2001 года за вялікі ўклад у развіццё беларуска-латышскіх культурных сувязяў кіраўнік латвійскай асацыяцыі беларусістаў Мірдза Абала была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Але галоўнай для яе ўзнагародай заўсёды была людская любоў і павага. Спадарыня Мірдза стаяла ля вытокаў заснавання Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, была шматгадовым сябрам Рады таварыства і да апошніх дзён падтрымлівала стасункі з нашай суполкай.
Пасля смерці спадарыні Мірдзы застануцца жыць яе кнігі.
Застанецца жыць яе навукавая спадчына.
Cветлая памяць аб светлым чалавеку будзе жыць у сэрцах яе сяброў і ў Латвіі, і ў Беларусі.

          Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”

27 снежня 2017, 17:29


У сталіцы Латвіі Рызе святкавалі і 500-годдзе ад нараджэння Францішка Скарыны, і 500-годдзе ад пачатку яго пражскага кнігадрукавання. “Выдатны ўрач і дзеяч беларускай культуры…” –такімі словамі пачынаўся подпіс пад партрэтам полацкага генія, які стварыў латышскі мастак Талывалдзіс Страўтманіс для Музея гісторыі медыцыны імя Паўла Страдыня. Увосень 1976 г. мне дапамаглі сфатаграфаваць гэты партрэт: перанеслі з залы № 19 на прыступкі будынка.

-


А ў снежні 1990 г. у гэтым “скарынаўскім” Музеі сустракаў беларускую дэлегацыю сын прафесара Паўла Страдыня – акадэмік Яніс Страдыньш. На тым ушанаванні з В. Чамярыцкім, А. Лецкам быў рыжанін Вячка Целеш, чый партрэт Скарыны сябраваў над сцэнай з бел-чырвона-белым сцягам ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Подпіс пад гэтым дасканалым партрэтам таксама адпавядаў узнёсласці свята: “У лекарскіх навуках доктар Ф. Скарына”.

З удзячнасцю згадваецца і яшчэ адна цудоўная праца Вячкі Целеша, дзе ён паказаў “першыя крокі ў свет” яшчэ юнага Францішка. Згодны я з творчымі спадзевамі мастака Вячкі , што будучы лекар і друкар наведваў Рыгу разам з бацькам Лукой, які меў там сваю “кантору”, у якой служыў пляменнік Раман Скарына. Ганзейскі гандлёвы і палітычны саюз, да якога быў далучаны і Полацак, спрыяў іх стасункам. Нездарма ў канцэртнай зале рыжскай філармоніі, былым Мюнстэрскім зале Вялікай гільдыі, сярод гербаў гарадоў свету, з якімі гандлявала Рыга, і сёння можна ўбачыць такі знак — над трызубавай каронай надпіс: “Контора в Полоцке”.

1000 гадоў таму Рыга дабраславіла вялікі гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”, які злучыў рыжскі Крэўскі двор з Крэўсгорадам (Крэйцбургам-Крустпілсам), Дрысенскім замкам, полацкія харомы з віцебскімі, смаленскімі… У 1453 г. у Рызе была ўзведзена царква св. Мікалая, апекуна падарожнікаў, купцоў. Згадваецца Крэўскі канец ад царквы Якуба-брукаванка крывічоў, якіх пазней пачалі называць балткрэвамі.

Ох, вернемся да 85-гадовай даўнасці. А дапаможа даўні фотаздымак, на якім прачытваюцца такія словы:”Рыская д-ра Францішкі Скарыны Беларуская гімназія Т-ва беларускіх вучыцялёў. І вып. 1932-33 нав. гады. Партрэты настаўнікаў на вуліцы Віцебскай, 24 пазначаны подпісамі. Учытваюся: А. Радзько, К. Езавітаў, С. Сіцько, Ф. Клагіш, Я. Клагіш, П. Мірановіч, П. Масальскі, А. Кастылюк, К. Мяжэцкі…
Сёлета Скарына “пасяліўся” у Рызе ў выглядзе шыкоўных юбілейных падарункавых выданняў. Мінск быў шчодры. Будзем спадзявацца, што “прысутнасць” Скарыны і яго Бібліі ў Латвіі будзе рознымі спосабамі напаўняцца.

На здымку: партрэт Ф. Скарыны ў Музеі гісторыі медыцыны, створаны Талывалдзісам Страўтманісам (6.ХІ.1922-17.ІХ.1995). Фота С. Панізьніка пры дапамозе супрацоўніцы музея Ліліі Ксенафонтавай.. 13.Х.1976 г.

З паклонам – кавалер ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі
Сяргей Панізьнік

2017 год у Беларусі і па за яе межамі шырока адзначаўся як 500-ыя ўгодкі з моманту выдання ў Празе Францыскам Скарынам друкаванай Бібліі на беларускай мове. „500-ГОДНАСЦЬ” –  пад такім дэвізам ладзіліся па ўсяму свету і ў гарадах, пасёлках і вёсках нашай Радзімы шматлікія імпрэзы. Не засталіся ў баку і ад такой даты і сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак”. Хоць і са спазненнем, напрыканцы года, 2  снежня адзначылі ў Рызе пяцівекавы юбілей беларускага кнігадруку. Але затое, што нячаста апошнім часам у нас бывае, з удзелам запрошанага госця з Беларусі – краязнаўцы, публіцыста, літаратурнага крытыка і выдаўца Міхася Казлоўскага.

Спадар Міхась, бібліяфіл, як ён сябе называе, зусім не выпадкова ўжо другі раз на працягу некалькіх гадоў наведвае па запрашэнні „сьвітанкаўцаў” Рыгу. Апошнім часам ён вельмі значную частку сваіх сіл і часу аддае на адраджэнне амаль забытых, малавядомых шырокаму колу беларусаў імёнаў беларускіх літаратараў Латвіі міжваеннага перыяду 20-га стагоддзя. Як ён распавядаў сябрам таварыства і гасцям імпрэзы, заахвоціў гэтай тэматыкай яго адзін cа стваральнікаў таварыства „Сьвітанак” паэт Сяргей Панізнік, з якім разам яны падрыхтавалі да выдання  першую кнігу геніяльнага, на погляд спадара Міхася, беларускага  пісьменніка з Латвіі Віктара Вальтара “Выбраныя творы”.  Пасля ў 2015 г. ім была выдадзена кніга „Вольга Сахарава. Сяргей Сахараў “Выбраныя творы” і шэраг іншых. Спадар Міхась вельмі цікава распавядаў пра Францыска Скарыну, а таксама прэзентаваў на свяце дзве новыя выдадзеныя ім кнігі: „Пятро Сакол.  Валянціна Казлоўская. “Выбраныя творы”. (2016 г.) і “Крывіцкія руны” Выпуск ІІ. 2017 г.  укладанне, прадмова і каментары  Міхася Казлоўскага і  Сяргея Панізніка. 

Да свята сябры таварыства падрыхтавалі невялікую выставу кніг, прысвечаных нашаму славутаму кнігадрукару. 9-ці гадовы Мікола Казак распавёў прысутным, што Францыск Скарына  ўшанаваны нават у далёкай Італіі, дзе ў Падуі, на сцяне побач з партрэтамі Галілея ды іншых вядомых вучоных вісіць і партрэт нашага славутага земляка. Імя Скарыны гучала з вуснаў шматлікіх выступоўцаў, у тым ліку дзяцей, што чыталі па-беларуску вершы, прысвечаныя першаму беларускаму кнігадрукару. Прыемна, што не абмінуў увагай нашу імпрэзу Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі спадар Аляксей Васількоў. А беларусы з’ехаліся на свята з усёй Латвіі, не толькі з Рыгі, але з Тукумса і нават з Цэсіса.

Імя Скарыны прагучала на свяце яшчэ з адной вельмі прыемнай для усіх прысутных нагоды. З вялікай радасцю мы даведаліся, што напярэдадні святкавання Указам прэзідэнта Беларусі медалём Францыска Скарыны была ўзнагароджана шматгадовая дырэктарка Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы  Ганна Іванэ. І хоць медаль на той момант яшчэ не даехаў да Латвіі, „сьвітанкаўцы” былі першымі, хто публічна павіншаваў свайго шматгадовага сябра Рады „Сьвітанка” з такой высокай і заслужанай узнагародай. Таксама сябры таварыства павіншавалі з 91-мі ўгодкамі найстарэйшага свайго сябра – доктарку фізічных навук Натальлю Пятроўну Цімаховіч. Астатнім беларусам трэба браць прыклад з Натaльлі Пятроўны, якая, не гледзячы на такі шаноўны ўзрост, цікавіцца беларускімі справамі і наведвае імпрэзы. Тры гадзіны праляцелі незаўважна, настолькі цікавай і прыемнай была сустрэча. Зала была захопленая расповедам госця з Беларусі, а таксама беларускімі песнямі ў выкананні гурта „Вытокі”.

Пасля імпрэзы некаторым латвійскім беларусам пашчасціла стаць уладальнікамі рэдкіх, дыхтоўна выдадзеных невялікімі тыражамі намаганнямі спадара Міхася Чарняўскага  кніг. Ганне Уладзіславаўне Іванэ з нагоды узнагароды медалём Ф. Скарыны спадар Міхась падараваў некалькі кніг, у тым ліку сборнік твораў агульных іх землякоў – аўтараў з Маладзечна. Аўтарка гэтых радкоў „праглынула” раман вышэйзгаданага Віктара Вальтара „Народжаныя пад сатурнам” у тую ж ноч 2 снежня, пасля сканчэння імпрэзы. Падзеі рамана, фактычна аўтабіяграфічнага, адбываюцца ў міжваеннай Празе, дзе галоўны герой, студэнт-беларус атрымаў стыпендыю на навучанне ў Пражскім універсітэце ад чэшскага ўраду.

Пасля урачыстай часткі, за традыцыйным святочным сталом вырашылі, што варта збірацца часцей ды азначыць Каляды і Новы год 13 студзеня 2018 года. Шаноўныя латвійскія беларусы, сачыце, калі ласка, за абвесткамі на сайце таварыства „Сьвітанак”.

Латвійскае таварыства беларускай культуры „Сьвітанак” выказвае шчырую падзяку Міністэству культуры Латвіі за фінансавую падтрымку імпрэзы з удзелам ў святкаванні госця з Беларусі.

 Прыклад чыстай любові,

якой не скарылі, даў Скарына…

Праз пяць мімалётных вякоў

у праслаўленым Полацку,

мовай Скарыны

уваскрошаны з праху,

спаткаемся зноў…

 Таццяна Казак,

сябра Рады  ЛТБК „Сьвітанак”

На здымках:

-

Выстава кніг, прысвечаных Францыску Скарыне

-
Традыцыйна гучыць “Магутны Божа”

-
Госць з Беларусі Міхась Казлоўскі


-
Пра першага беларускага кнігадрукара распавядае Вячка Целеш

-

Беларускія песні спявае гурт “Вытокі”

-
Верш чытае  5-ці гадовая Сафія Улманэ

-
Мікола Казак чытае верш Д. Бічэль-Загнетавай “Словам Скарыны”


-
Доктар фізічных навук Натальля Пятроўна Цімаховіч


-
 Прамаўляе дырэтар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ

-

29 снежня медаль Францыска Скарыны быў уручаны Ганне Іванэ ў МЗС Беларусі ў Мінску.

05 красавіка 2017, 16:56

Упершыню Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначала знамянальную дату ў айчыннай гісторыі – Дзень 25 сакавіка – ў 1989-м годзе. З таго часу святкаванне ўгодкаў абвяшчэння БНР стала непарушнай традыцыяй ў таварыстве. І сёлета ў гонар Акту 25 сакавіка сябры таварыства і госці сабраліся ў будынку Латвійскай асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў імя Іты Казакевіч, каб адзначыць гэтую векапомную для беларусаў дату.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся сябра Рады “Сьвітанка” Вячка Целеш, які зачытаў віншавальныя лісты, якія паступілі ў адрас таварыства. Яўген Манжос зрабіў невялікі экскурс у гісторыю і нагадаў прысутным пра тыя падзеі,  калі была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка.
З невялікім канцэртам перад прысутнымі выступіў гурт беларускай народнай песні «Вытокі». Гледачы цёпла сустрэлі выступленне самадзейных артыстаў.
Для латвійскіх беларусаў гэтая дата адметнае яшчэ і тым, што менавіта 25 сакавіка святкуецца дзень нараджэння першай беларускай супольнасці ў Латвіі – таварыства “Бацькашўчына”. Менавіта “Бацькаўшчына” заклала падмурак дзейнасці беларускіх адраджэнцаў у Латвіі. Сябры «Сьвітанка» ў гэты дзень падвялі вынікі дзейнасьці свайго таварыства за справаздачны год. Аб праведзеных у 2016 годзе мерапрыемствах  распавялі сябры Рады Таццяна Казак і дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ.  Абралi 9 чалавек у Раду, склад яе абнавіўся, Рада папоўнілася новымі сябрамі. Старшынёй таварыства зноў пераабралі Ірыну Кузьміч.


 Таццяна Казак

Здымкі аўтара

-

Выступае старшыня “Сьвітанка” Ірына Кузьміч
 

 

-

Прамова Яўгена Манжоса

-

Прывітальнае слова ад Вячкі Целеша