Сёлета латвійскія беларусы атрымалі напярэдадні святаў сапраўдны падарунак – да нас з Беларусі 19 снежня на Калядную сустрэчу завітаў ажно Зміцер Вайцюшкевіч! Ён падараваў прысутным сваімі спевамі вельмі шмат станоўчых эмоцый, і ўсе тыя, хто прыйшоў ў гэты зiмовы  марозны вечар паслухаць славутага спевака, не скупіліся на працягу ўсяго канцэрта на шчырыя ўсмешкі і працяглыя апладысменты. Спадар Зміцер спяваў патрыятычныя песні беларускіх аўтараў, выканаў як шэраг сваіх самых вядомых хітоў, гэтак і некалькі невядомых дагэтуль песень з новага альбому. Адна з іх ­– цудоўная, вельмі пяшчотная, песня “Каляднае святло” на словы Ўладзімера  Някляева. Слухачы ў Рызе пачулі яе значна раней, чым з’явіўся афіцыйны кліп песні з прыгожымі малюнкамі Андруся Такіданга. Калядных аўтарскіх песень прагучала на сустрэчы нямала, бо амаль штогод напярэдадні Калядаў Зміцер Вайцюшкевіч стараецца парадаваць беларусаў сваёй новай каляднай песняй. Атмасфера на канцэрце была вельмі цёплай і нязмушанай. Спадар Зміцер – вялікі майстра не толькі ў спевах, а і ў тым, каб трымаць добры кантакт з слухачамі падчас канцэрту. Беларусы ў зале з вялікім задавальненнем спявалі разам з беларускай зоркай. Некаторым шанавальнікам ягонага таленту пашчасціла нават атрымаць ад спевака ў падарунак дыск з песнямі. На канцэрт беларусы традыцыйна запрасілі гаспадара будынку, старшыню Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесара музыкі Рафі Хараджаняна. Ён застаўся ў захапленні ад выступу беларускага артыста, не хаваў сваіх станоўчых уражанняў, і адразу на сайце Асацыяцыі з’явіліся здымкі з сустрэчы ды вельмі добрыя водгукі аб выканаўцы.

Гэтая сустрэча з шаноўным беларускім спеваком была ўжо чацвертай па ліку ў Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”. А ўпершыню Зміцер Вайцюшкевіч парадаваў сваімі спевамі рыжскую публіку на святкаванні 25-гадовага  юбілею нашага таварыства амаль дзесяць гадоў таму. І беларусы ў Рызе спадзяюцца, што неўзабаве зноў пачуюць і старыя ўлюбёныя хіты, і яго новыя песні. Словамі падзякі, пажаданнямі натхнення ў творчасці і спадзяваннямі на наступную сустрэчу ў Рызе праводзілі яны Зміцера Вайцюшкевіча ў дарогу на наступны канцэрт ў Ліепаю ў рамках ягонага каляднага тура па краінах Балтыі.

4 снежня 2022 года ў Вялікай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч латвійскія беларусы традыцыйна сабраліся разам, каб адзначыць 102-я ўгодкі Слуцкага паўстання.

Імпрэза распачалася з сумеснага выканання прысутнымі Дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, блаславі Латвію”) і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа” пад акампанемент Наталлі Камілеўскай.

Вечарыну адкрыла старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак” Таццяна Казак. Яна адзначыла, што беларусы і латышы ў ХХ ст. першапачаткова знаходзіліся ў падобнай, нават практычна аднолькавай гістарычнай сітуацыі пасля распаду Расійскай імперыі. Аднак Латвійская Рэспубліка, абвешчаная 18 лістапада 1918 г., праіснавала да 1940 г., а Беларуская Народная Рэспубліка, што была абвешчана  25 сакавіка 1918 г. –  толькі да 1919 г. Слуцкае паўстанне – гэта ўзброеная барацьба жыхароў Случчыны супраць бальшавікоў, якая адбывалася ў лістападзе-снежні 1920 года. Традыцыйна 27 лістапада, калі пачаліся першыя баі з бальшавікаі, лічыцца пачаткам паўстання, і беларусы ў Беларусі і за мяжой адзначаюць яго як Дзень Герояў. Беларусы, як і латышы, правялі вялікую і трагічную барацьбу за сваю свабоду на пачатку ХХ стагоддзя. Чаму такі акцэнт робіцца менавіта на Слуцкім паўстанні 1920 году? Гэта быў не адзіны факт антыбальшавіцкага супраціву на тэрыторыі Беларусі ў тыя бурныя часы. Але найбольш моцны палітычны падмурак мела менавіта Слуцкае паўстанне, бо гэта было не стыхійнае паўстанне супраць новых парадкаў, а планамерная спроба адстаяць незалежнасць беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Паўстанне пачалося пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы, якая “разрэзала” тэрыторыю Беларусі напалову: Польшча і савецкая дзяржава падзялілі Беларусь. Згодна з дамовай, польскія войскі адыходзілі, вызваляючы нейтральную зону, у якой знаходзіўся Слуцкі павет.

Моцныя пазіцыі на гэтай тэрыторыі тады займала партыя эсэраў, аснову якой складалі беларускія сяляне. Эсэры выступалі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. З адыходам палякаў сяляне абралі беларускія нацыянальныя камітэты як органы народнай улады ў павеце. На чале гэтых камітэтаў стаялі эсэры, яны ініцыявалі Першы з’езд Случчыны.

З’езд адбыўся 14-15 ліпеня 1920 г. у Слуцку, 107 дэлегатаў прынялі пастанову аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і абралі Раду. Яго задачамі былі арганізацыя цывільнага кіравання, а таксама арганізацыя абароны павета.

“З’езд катэгарычна пратэстуе супраць акупацыі родных зямель чужацкімі наездамі і супраць самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнаваная чужынцамі, якія нішчаць яе і дагэтуль, і мы, аддаючы справе адбудавання нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцці, звяртаемся да ўсяго свету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэнні нашай вайсковай сілы…

Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных граніцах!” – ­пісалася ў рэзалюцыі З’езду.

Рада стварыла два палкі: першы Слуцкі і другі Грозаўскі. Гэтыя два палкі складалі Слуцкую брыгаду. У той час уся Беларусь была салідарная са Слуцкім паўстаннем. Беларускія жаночыя арганізацыі накіравалі 1-му Слуцкаму палку бел-чырвона-белы сьцяг, на якім была вышытая Пагоня са словамі прысвячэньня: “Тым, што першымі паўсталі і пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.

Вораг быў ў колькаснай перавазе і лепш падрыхтаваны да вайны, але тысячы паўстанцаў са зброяй у руках гучна гаварылі: “Ганіце польскіх паноў і маскоўскіх камісараў! Жыве вольная Беларусь!” Супраць беларускіх войскаў змагалася бальшавіцкая Омская дывізія. У баях паўстанцы наносілі Чырвонай Арміі вялікія страты, бралі ў палон і адваёўвалі вёскі. Частка чырвонаармейцаў, пераважна з сялян, што былі прымусова мабілізаваныя ў Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся або пераходзілі са зброяй на бок паўстанцаў. Бальшавікам давялося адступіць па ўсім 100-кіламетровым фронце. Беларускія войскі мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, але ім катастрафічна не хапала зброі, амуніцыі і боепрыпасаў.

4 снежня пачаўся новы наступ Чырвонай Арміі. Нястача зброі скончылася няўдачай у баі пад вёскай Ядчыцы 6 снежня. 7 снежня беларускія часткі пакінулі Семежава. Не хапала амуніцыі, харчавання, сярод паўстанцаў пачалася эпідэмія тыфу.

Эдвард Вайніловіч, фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску, у сваіх успамінах згадваў, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную Рыжскай дамовай, ажно пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за сваю дэмаркацыйную лінію, каб даць магчымасць савецкім войскам разграміць паўстанцаў.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. Штаб Слуцкай брыгады перадыслакаваўся ў вёску Заастравечча Клецкага р. каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся разбітыя аддзелы паўстанцаў. Рада Случчыны прыняла рашэнне перайсці раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 29 снежня Слуцкая брыгада перайшла за Лань і была абяззброеная і інтэрніраваная польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне, і змагаліся яшчэ доўгі час.

Афіцэраў і стральцоў, якія перайшлі Лань, інтэрніравалі ў Беласток, а потым перавезлі ў Дарагуск пад Бугам, дзе ўтрымлівалі да канца мая 1921 года.

Тых, хто вярнуўся на радзіму, ГПУ-НКВД спачатку не чапала, бо чакала, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстання. Аднак літаральна праз 7-8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў ГУЛАГ.

Паўстанне не перамагло, але факт Слуцкага паўстання ставіць беларусаў у адзін шэраг з іншымі народамі былога СССР (грузінамі, украінцамі), якія пасля распаду Расійскай імперыі, хоць і не здолелі захаваць палітычную незалежнасць, але ўсё ж настойліва за яе змагаліся са зброяй у руках.

Каб больш даведацца пра розныя цікавыя гістарычныя факты, падчас імпрэзы беларусы і госці вечарыны паўдзельнічалі ў віктарыне, прысвечанай Слуцкаму паўстанню, і атрымалі прызы – кнігі на гістарычную тэматыку.

Вядомая беларуская паэтка і перакладчыца Вікторыя Трэнас, якая цяпер жыве ў Латвіі, пераклала на беларускую мову вядомую латышскую песню “Saule, Pērkons, Daugava”, што стала сімвалам барацьбы латышоў за аднаўленне свей незалежнасці пасля распаду СССР. Латвійскі мужчынскі хор “FRACHORI” выканаў гэтую песню 27 лістапада на  Гала-канцэрце фестывалю АНКТЛ “Адзіныя – у разнастайнасці 2022”. А ў рамках імпрэзы былі прадэманстраваныя 2 відэакліпы хору “FRACHORI”, бо хор, на жаль, не меў магчымасці ўзяць удзел у вечарыне з-за паездкі ў Кракаў на XI Фестываль адвэнтавых і калядных песень акурат 2-4 снежня. І менавіта латвійскі хор “FRACHORI” атрымаў галоўны прыз фестывалю – Залатога анёла.  

Ганаровая госця вечарыны Вікторыя Трэнас распавяла, як запісвалася беларускамоўная версія песні “Сонца, Пярун, Даўгава” ў Елгаўскай студыі, дзе гэтую песню разам выконвалі некалькі хароў, у тым ліку дзіцячы. Ініцыятарам стварэння беларускай версіі песні стаў неабыякавы да падзей ў Беларусі ўдзельнік хору Арніс Лібертс, які такім чынам вырашыў падтрымаць беларусаў. На імпрэзе прагучала таксама аўтарская патрыятычная і лірычная паэзія сп. Вікторыі, якая была вельмі цёпла прынятая ўсімі прысутнымі на імпрэзе. Некаторыя з вершаў былі напісаныя паэткай ужо ў Латвіі.

Дзякуючы мастаку Вячку Целешу, які стварыў прыгожы бела-чырвона-белы плакат да 102-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну, а таксама ягонаму  удзелу ў афармленні залы, у Вялікай зале панавала ўрачыстая і патрыятычная атмасфера.

 Падчас імпрэзы дэманстраваліся розныя відэаматэрыялы, прысвечаныя Слуцкаму паўстанню, напрыклад, відэакліп з песняй Зміцера Бартосіка на словы Ўсевалада Сцебуракі “Рэквіем змагарам Случчыны”. Сябра таварыства “Сьвітанак” Вольга Гардзеева чытала свае патрыятычныя вершы на роднай мове.

На вечарыне таксама прысутнічаў яшчэ адзін ганаровы госць –  дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі спадар Стэфан Эрыксан – напэўна, самы паважаны швед, вядомы беларускай дыяспары ва ўсім свеце.  Спадар Эрыксан за тыя гады, з 2008 па 2012, калі  ён быў Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам  Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, не толькі цалкам вывучыў беларускую мову, але і спрычыніўся да шматлікіх добрых спраў на карысць беларускай грамадзянскай супольнасці і быў высланы з Беларусі менавіта за падтрымку беларускіх недзяржаўных арганізацый.

Прадстаўніца Саюза палякаў Латвіі, латышская паэтка Дагнія Дрэйка, перакладчыца беларускай паэзіі на латышскую мову, выступіла са сваімі вершамі і адзначыла ў сваёй прамове, што латышскі і беларускі народы напачатку ХХ ст. мелі падобны лёс ды выказала надзею, што і надалей беларусы і латышы будуць разам свабоднымі ў XXI стагоддзі.

 Яшчэ адна госця вечарыны, украінская рэжысёрка і спявачка Таццяна Шчэрбанос, якая цяпер з-за вайны жыве ў Латвіі, выканала песні пад уласны акампанемент і верш беларускага паэта Юлія Таўбіна, забітага НКУС у Мінску ў 1937 годзе ва ўзросце 27 гадоў “Я яшчэ не маю права паміраць” у перакладзе на ўкраінскую мову.

Музычная кіраўніца ЛТБК “Сьвітанак” Наталля Камілеўская разам з  актрысай Рыжскага ўкраінскага народнага тэатра Антрай Цэлітане выканалі літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную 102-й гадавіне Слуцкага збройнага чыну і змаганню беларускага і ўкраінскага народаў за сваю свабоду. У кампазіцыі гучала паэзія ўкраінскага класіка Тараса Шаўчэнкі ў перакладзе на латышскую мову Кнута Скуеніека і ўкраінскія песні.

Скончылася імпрэза сумесным выкананнем ўсімі прысутнымі гімна Беларускай Народнай Рэспублікі і Слуцкага збройнага чыну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ў суправаджэнні Наталлі Камілеўскай (фартэпіяна). Трэба прызнаць, што песня, якую ўпершыню беларусы, што сабраліся, спявалі разам, прагучала гучна, зладжана і ўзнёсла!

На здымках Алены Гэйданэ:

Вікторыя Трэнас

Таццяна Шчэрбанос
Дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі Стэфан Эрыксан
Дагнія Дрэйка
Вольга Гардзеева
Антра Цэлітанэ і Наталля Камілеўская

У старажытнай Вільні, ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча з 12 лістапада 2022 г. і да 15 снежня працуе выстава Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. На выставе экспануюцца 19 прац жывапісу, графікі ды 3 каляровыя фотаграфічныя працы за аўтарствам дваццаці мастакоў аб’яднання. Гэта працы Васіля Малышчыца, Алены Лаўрыновіч, Вячкі Целеша, Ганны Пэйпіні, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Надзеі Ізянёвай, Ірыны Кароль, Ірыны Ятнавай, Галіны Жэлабоўскай, Настассі Арайс, Алены Гэйданэ, Леаніда Маствілішскага, Лявона Жукоўскага з Латвіі, Алега Аблажэя, Алеся Поклада, Юрыя Грыгаровіча з Літвы, Маргарыты Астраумавай, Людмілы Прыбыльскай з Эстоніі, Кацярыны Осберг, Яна Кузьміцкага са Швецыі. Выстава была адкрыта дзякуючы дапамозе кіраўніцы музея Людвікі Кардзіш і ўсяго калектыв музея, а таксама Амбасады Латвійскай Рэспублікі ў Літве, супрацоўнікі якой прывезлі працы мастакоў з Рыгі. На адкрыцці выставы віленчукі-беларусы шчыра віталі мастакоў з Рыгі – старшыню аб’яднання Васіля Малышчыца, і мастачак Ганну Пэйпіню і Ірыну Трумпель-Сабалеўскую. Падчас адкрыцця выставы Васіль Малышчыц перадаў музею ў знак падзякі ад Вячкі Целеша кнігу “Адсюль наш род, тут мой прычал” і старадаўнюю паштоўку Вільні з відам вуліцы Завальнай, дзе ў пачатку ХХ ст месціліся рэдакцыя газеты “Наша Ніва” і беларуская кнігарня. Пасля закрыцця выставы ад аб’яднання музею будзе перададзена праца Яна Кузьміцкага “Нападзенне на белую прастору”, напісаная мастаком у 1994 г. і планшэт з 12 экслібрысамі Вячкі Целеша. За 31 год дзейнасці Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” адкрыццё гэтай выставы стала адной з вельмі значных падзей для мастакоў аб’яднання “Маю гонар” ў Балтыйскім рэгіёне.

Кіраўніца музея Людвіка Кардзіш адкрывае выставу
Мастакі з Рыгі ІрынаТрумпель-Сабалеўская, Васіль Малышчыц і Ганна Пэйпіня

У Рызе неабыякавыя беларусы зладзiлi акцыю «Ноч расстраляных паэтаў».

Мерапрыемства адбылося ў цэнтры горада, каля Мемарыяла ахвярам савецкiх рэпрэсiй «Дотык да гiсторыi». Побач з партрэтамі дванаццацi расстраляных паэтаў былi ўскладзеныя кветкi і запаленыя знiчы. Прагучалi вершы М.Чарота, В.Маракова, А.Вольнага, I. Харыка, А.Дудара, Ю.Лявоннага, С.Мурзо, З.Пiваварава, А.Юдэльсона, Т.Кляшторнага, Ю.Таўбiна, М.Кульбака.

Да чытання спiса загiнулых ў ноч з 29 на 30 кастрычніка асоб  далучылася дырэктарка Музея акупацыi Латвii Солвiта Вiба. Яна выступiла з прывiтальнай прамовай, ушанавала памяць расстраляных у сутарэннях Мiнскай турмы 85 гадоў таму і выказала спадзяванне, што хутка ў новай незалежнай Беларусi стане магчымым стварэнне музэя падобнай тэматыкi, якi ўсебакова распавядае пра трагiчныя падзеi  савецкага часу (Музей акупацыi Латвii з’ўляецца недзяржаўнай установай і створаны на прыватныя сродкi).

Пробашч грэка-каталiцкай (УГКЦ) парафii Праабражэння Нашага Пана Езуса Хрыста ў горадзе Рызе Раман Сапужак адслужыў паніхіду па загінулых беларускіх дзеячах па-ўкраінску.

У выкананнi прадстаўнiцы ўкраiнскай дыяспары Таццяны Шчэрбанос эмацыйна i ўзнёсла гучала паэзiя Ю.Таўбiна ў перакладзе на ўкраiнскую мову.

Таксама да творчасцi Ю.Таўбiна звярнулася старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвiтанак» Таццяна Казак. Сябра «Сьвiтанка» Вольга Гардзеева прачытала свой верш, прысвечаны падзеям 2020-га года.  

***

Нiколi такога не бачыў,

Ніколі, ніколі:

З’яўляецца цуд над маёю зямлёю

Ўсё болей, усё болей!

Ўсё больш беларусаў у той грамадзе –

Не з крыўдай, не з крыўдай…

Гучаць галасы і сыноў, і бацькоў, і дзядоў:

“За праўду, за праўду!”

Па свеце наш сцяг распасцерлі яны

Сапраўдны, сапраўдны!

Адвечна: Жыве Беларусь!

То праўда, то праўда!

Паэтка i перакладчыца Алеся Лосева выканала песню на верш I.Харыка «У шэрым змроку…» i прачытала верш Ю.Цiмафеевай у сваiм перакладзе на латышскую мову.

Сябры «Supolki» беларусаў у Латвii прачыталi вершы паэта А.Юдэльсона, чый лёс пачаўся ў Рызе ў 1907-м годзе, а скончыўся ў Мiнску трагiчнай ноччу 1937-га года, i З.Пiваварава, паэта, перакладчыка, публiцыста з Беларусi, сын якога жыў у Рызе. Так (не)расстраляныя паэты працягнулi мост з мiнулага ў будучыню i звязалi дзве краiны, Латвiю i Беларусь.

Iнтарэс да акцыi выявiлi госцi латвійскай сталiцы з Лiтвы i Польшы.

Адной з незапланаваных i прыемных падзей падчас акцыі стала прэм’ера патрыятычнай песнi «Saule, Pērkons, Daugava» ў перакладзе на беларускую мову, якi зрабiла паэтка Вiка Трэнас. Гэтая песня на словы Яніса Райнiса з’яўляецца сімвалам Песеннай рэвалюцыі – серыі мірных акцый пратэсту ў Латвіі ў 1987–1991-х гадах, галоўнай мэтай якіх было аднаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Латвіі. Такiм чынам латышскi хор «FRACHORI» выказаў сваю падтрымку беларусам i ўшанаваў памяць рэпрэсаваных.

Акцыя памяцi ахвяр савецкiх рэпрэсiй «Ноч расстраляных паэтаў» адбылася ўпершыню ў Рызе i прыцягнула да сябе ўвагу як беларускай, так i латышскай грамадскасцi.

Падзяка ўсiм удзельнiкам i зацiкаўленым у захаваннi памяцi аб гэтай трагiчнай старонцы ў гiсторыi Беларусi.

Паэты жывыя, пакуль гучыць iх паэзiя.

 22 мая 2022 года беларусы з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” ў Рызе зладзілі вечарыну памяці выдатнага  латышскага  паэта і перакладчыка Улдыса Бэрзыньша, які з моманту заснавання таварыства быў яго шчырым сябрам але, на жаль, заўчасна пайшоў у лепшы свет год таму 24 сакавіка.

Улдыс Бэрзыньш нарадзіўся 17 мая 1944 года ў Рызе. Паэта называюць рэфарматарам латышскай паэзіі, яго вершы па стылістыцы нагадваюць гутарку аўтара, эмацыйную і своеасаблівую філасофскую мову з чытачом.

Паліглот Улдыс Бэрзыньш пераклаў вершы на латышскую мову з турэцкай, азербайджанскай, персідскай, туркменскай, кітайскай і іншых моў. Ведаў ідыш, перакладаў кнігі са старажытнаяўрэйскай мовы «Псалтыр» (2005) і Біблію (2012). Пасля шматгадовай працы ў 2011 годзе выйшаў Каран у перакладзе У. Бэрзыньша.  са старажытнаарабскай мовы на латышскую мову У. Бэрзыньша. Яго вельмі цікавілі скандынаўскія мовы, ён перакладаў ісландскія эпасы на латышскую. З багатым веданнем розных нацыянальных моў і перакладаў ён заўсёды імкнуўся расказаць свайму народу пра каштоўнасці сусветных літаратурных помнікаў. Гэта была тытанічная праца як у Рызе, так і праца з арыгінальнымі творамі ў краінах, дзе знаходзіліся гэтыя помнікі.

Улдыс Бэрзыньш свабодна валодаў рускай, украінскай, польскай і літоўскай мовамі. Ён таксама цікавіўся беларускай мовай і добра яе разумеў, перакладаў беларускіх паэтаў. У 2018 годзе Улдыс Бэрзыньш пераклаў на латышскую мову тры вершы Зянона Пазняка «Вечны рыцар», «Вечны вобраз» і «Полацак». У тым жа годзе ён пераклаў верш Алеся Салаўя «Мастак», прысвечаны беларускаму мастаку Пятру Мірановічу, для кнігі В. Целеша «Беларускія мастакі ў Латвіі 1920-1990». Яго даўнім, добрым сябрам быў вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў, які, як і сп. Улдыс, быў наватарам у беларускай паэзіі філасофскага зместу. Алесь Разанаў таксама перакладаў паэзію з моў розных народаў, у тым ліку з латышскай, ён пераклаў вельмі шмат вершаў Улдыса Бэрзыньша. Пад уплывам іх сяброўства У. Бэрзыньш напісаў у 1977 годзе верш “Poētisms baltkrievs” («Паэтызм беларус»), а ў 1984 годзе гэты верш даў назву другога па ліку зборніка паэзіі спадара Бэрзыньша.

Дзякуючы В. Целешу ўдзельнікам вечарыны памяці было цікава даведацца, што стварэнне нашага таварыства “Сьвітанак” адбылося пры ўдзеле сп. Бэрзыньша. Вячка Целеш распавёў, што яго знаёмства з спадаром Улдысам пачалося падчас «Атмоды», калі ўзнікла ідэя стварэння Беларускага культурнага таварыства і яму патрэбна была падтрымка прадстаўнікоў латышскай нацыянальнай культуры ў арганізацыі таварыства. 17 кастрычніка 1988 г. В. Целеш запрасіў латвійскую журналістку Айю Лацэ і паэта У. Бэрзыньша наведаць сваю мастацкую студыю. Падчас сустрэчы за кубкам кавы ішла дыскусія пра сытуацыю ў краіне, пра тое, як і дзе зьбіраць беларусаў у грамадзкія арганізацыі. Сустрэча была плённай, у лістападзе таго ж года было створана Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак». Падчас гэтай сустрэчы Улдыс Бэрзыньш падараваў В. Целешу сваю кнігу “Poētisms baltkrievs”. З таго часу і да апошніх дзён свайго жыцця выдатны латвійскі паэт Улдыс Бэрзыньш быў добрым сябрам беларусаў. Ён вельмі часта наведваў мерапрыемствы ЛТБК “Сьвітанак”. 17 мая 2014 года Улдыс Бэрзыньш адзначыў сваё 70-годдзе. У юбілей беларусы ў Беларусі і ў Рызе не забыліся пра свайго сябра. 24 мая 2014 г. адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Улдыса Бэрзыньша на беларускай мове «Caлаўі крычаць, я па-латышску…» («Lakstīgalas kliedz, es latviski …»). Паэзія У. Бэрзыньша была перакладзеная на беларускую мову паэтамі Алесем Разанавым і Андрэем Гуцавым. Дзякуючы падтрымцы Латвійскага Културкапіталфонда ЛТБК “Сьвітанак” мела магчымасць запрасіць на прэзентацыю сборніка вершаў на беларускай мове ў Рыгу перакладчыкаў. У дзень юбілею на прэзентацыі беларускамoўнага зборніка спадар Улдыс чытаў свае вершы па-латышску, а госці з Мінску – па-беларуску. Улдыс Бэрзыньш быў адным з латвійскіх паэтаў, хто з радасцю напісаў свой верш пра Свабоду, калі Радыё Свабода выдавала кнігу “Верш на Свабоду”.

 Госць вечарыны памяці  Раффі Хараджанян, старшыня праўлення АНКТЛ, прафесар музыкі падчас імпрэзы не толькі падзяліўся ўспамінамі пра Улдыса Бэрзыньша, але і прадставіў удзельнікам выдатны музычны падарунак – кампазіцыю Арама Хачатурана. У сваіх успамінах Р. Хараджанян таксама распавёў аб сумеснай працы з паэтам у Кансультатыўных Радах нацыянальных меншасцей пры некалькіх Прэзідэнтах Латвійскай Рэспублікі.

Падчас вечарыны памяці беларускія дзеці дэкламавалі паэзію У. Берзіньша на беларускай і латышскай мовах.

У сваёй прамове прадстаўніца Латвійскага Саюза палякаў латышская пісьменніца і перакладчыца Дагнія Дрэйка падзялілася ўспамінамі пра свайго калегу Улдыса Бэрзыньша і сумесную з ім працу, а таксама прачытала свае пераклады з беларускай мовы. Сп. Дагнія перакладала паэзію розных беларускіх аўтараў на латышскую мову. На вечарыне гучалі вершы Эдуарда Акуліна на мове арыгіналу ў выкананні сяброў ЛБКБ «Світанак», і пераклады спадарыні Дагніі Дрэйкі. Сябры ЛБКБ “Світанак” і госці вечарыны былі радыя знаёмству і сустрэчы з яшчэ адной прыхільніцай нашай паэзіі і перакладчыцай на латышскую мову.

У вечарыне памяці У. Бэрзыньша ўдзельнічаў і сын паэта Ансіс Атаолс Бэрзыньш, які не толькі распавёў пра свайго знакамітага бацьку на добрай беларускай мове, але і выканаў свае цудоўныя аўтарскія песні на латгальскай мове. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пераканацца, што ў вельмі таленавітага бацькі ёсць вельмі таленавіты сын. На вечарыне памяці Вячка Целеш падараваў Ансісу Бэрзыньшу арыгінальны малюнак экслібрыса яго бацькі.

Госць вечара памяці, прадстаўнік Армянскага культурнага таварыства, армянскі жывапісец Бабкен Стэпанян, вельмі шчыра расказаў пра сваё сяброўства з У. Бэрзыньшам і яго пераклады з армянскай мовы.

Наталля Камілеўская разам з актрысай Рыжскага ўкраінскага народнага тэатра Антрай Цэлітанэ выканала літаратурна-музычную кампазіцыю «Разважанні пра У. Бэрзыньша і Ўкраіну», у якой была прысвечана паэту і Украіне. У кампазіцыі гучалі паэзія У. Бэрзыньша, а таксама ўкраінскія і латышскія песні і музыка. Удзельнікі вечарыны згадалі хвілінай маўчання аб загінулых ва Украіне.

Кніга, падараваная Улдысам Бэрзыньшам “Poētisms baltkrievs”

Дагнія Дрэйка
Армянскі жывапісец Бабкен Стэпанян
Музычны падарунак Раффі Хараджаняна
Верш У. Бэрзыньша чытае Сафія Улманэ
Спявае Ансіс Атаолс Бэрзыньш
Ансіс Бэрзыньш і вядучая вечарыны памяці Ганна Іванэ
Наталля Камілеўская і Антра Цэлітанэ
Госці вечарыны памяці

4 верасня 2020 г. адбылося адкрыццё юбілейнай выставы шматгадовага сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, былога старшыні нашага таварыства Васіля Малышчыца

Восень – шчодрая пара не толькі на ўраджай, але і на незвычайную прыгажосць прыроды: залатое лісце, прыцішаныя кветкі. Ідзеш вуліцамі любімага горада, захапляешся, не адводзіш вачэй і сам сабе адзначаеш: добра, што ёсць мастакі, якія могуць перанесці гэткую прыгажосць на свае палотны і падоўжыць яе жыццё.

Адным з такіх мастакоў-чараўнікоў з’яўляецца Васіль Малышчыц, аўтар персанальнай юбілейнай выставы “Мой родны кут”. Кажуць, што паказчык прызнання мастака, яго таленту і ўнёску ў культуру вымяраецца выставамі. Васіль выстаўляецца даволі часта, у тым ліку і са сваімі сябрамі з аб’яднання “Маю гонар”, але юбілейная выстава – гэта падзея асаблівая, бо яна нейкім чынам дае магчымасць асэнсаваць працу і жыццё і мастака, і чалавека за грунтоўны перыяд жыцця.

“Мой родны кут” – так назваў сваю выставу творца. У гэтай назве ўсё: і згадка пра сваю малую Радзіму (беларускае Палессе, вёска Спорава), і цішыня, і загадкавасць мясцовай прыроды, і таямнічасць балотных мясцін, і цеплыня бацькоўскай хаты. Менавіта замілаванасць роднай зямлёй, нейкае асаблівае адчуванне навакольнага свету падштурхнулі 15-гадовага хлопчыка ехаць вучыцца ў мастацкае вучылішча ў Бабруйск. Там ён набыў прафесію столяра. Гэта дае яму магчымасць і сёння плённа працаваць з дрэвам і займацца рэстаўрацыяй рэдкіх драўляных рэчаў, ствараць скульптуры. Але ўсё ж такі асаблівым клопатам і любоўю Васіля з’яўляецца жывапіс. У ім памяць аб продках, у ім прызнанне ў любові, у ім спадзяванне і надзея. Карціны творцы, можа немудрагелістыя, але сваёй чысціней, адкрытасцю, шчырай інтанацыяй даходзяць да глыбіні душы гледача, кранаюць сэрца. А вучыўся свайму мастэрству Малышчыц у Беларускім Дзяржаўным тэатральна – мастацкім інстытуце на факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яму пашанцавала, што талент дадзены яму Богам, быў падмацаваны вышэйшай адукацыяй. І пэўна, ёcць права сцвярджаць, што творы яго, выкананыя ў лепшых мастацкіх традыцыях, вылучаюцца дасканаласцю і актуальнасцю.

З 1996г. В.Малышчыц жыве і працуе ў Латвіі, якую лічыць сваёй другой Радзімай. І гэтай зямлі таксама належыць і сэрца, і талент мастака. Вось яна – Рыга, таямнічая, велічная, блізкая і далёкая пазірае на нас са сцяны.

Сярод святочнага тлуму выставы можа крыху складана падрабязней разгледзець і паланіцца творамі філасофскага накірунку, бо каб адчуць асаблівую асалоду раскрыцця аўтарскай таямніцы патрэбна застацца сам на сам з творам. Упэўнена, што і пазаўтра ў залю АНКTЛ, дзе святкуе сваё 60-цігоддзе спадар Малышчыц, абавязкова прыйдуць прыхільнікі яго таленту.

Дарагі Васіль, сардэчна віншуем цябе з юбілеем! Зычым моцнага здароўя і шчасця табе і ўсім тваім родным, а самае галоўнае – чысціні і выразнасці ліній, адухоўленасці і прыгажосці светасузірання ў мастацтве, несупыннага пошуку “Боскай і чалавечай стунасці”.

Ганна Іванэ

На здымках Лявона Маствілішскага:

Васіля Малышчыца віншуюць “Сьвітанкаўцы” і старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі Рафі Нараджанян

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

Ул. Караткевіч

 “Быў. Ёсць. Буду.” – назва літаратурнай выставы, прысвечанай творчасці Уладзіміра Караткевіча, якая была ўрачыста адкрыта ў жніўні гэтага года ў ЛТБК “Сьвітанак”. Патрэбна адзначыць, што 2020 год у Беларусі аб’яўлены годам Уладзіміра Караткевіча – пісьменніка, паэта, драматурга, кінасцэнарыста, асобы, якая не толькі заслугоўвае памяці народнай, але і глыбокага навуковага даследавання. Вялікую цікавасць да гэтага творцы маюць, у тым ліку, і сябры таварыства “Сьвітанак”. Напэўна таму, нягледзячы на летняе надвор’е, ды на паўсядзённыя клопаты cьвітанкаўцы  сабраліся ў будынку АНКTЛ, на святочную імпрэзу, каб адзначыць юбілей слыннага сына Беларусі і пагартаць старонкі жыцця і творчасці любімага пісьменніка.

Ул. Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Літаратуразнаўцы лічаць яго адным з самых яркіх і самабытных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя. Ім напісана мноства вершаў, аповесцей, раманаў, казак. Цяжка пераацаніць значэнне творчасці гэтага геніальнага пісьменніка  – гэта і сакавітасць мовы, і даследванне беларускага нацыянальнага характара, і гістарычны лёс народа, і захаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры. Пра ўсё гэта і разважалі cьвітанкаўцы і госьці ў час свята. На працягу ўсёй сустрэчы гучалі вершы, узгадваліся героі знакамітых твораў, а ўспаміны Вячкі Целеша пра асабістае знаёмства з паэтам асабліва ўсцешылі ўсіх прысутных на свяце.  Хораша ўпрыгожылі вечарыну і родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”, якім з задавальненнем кіруе Таісія Бачкарова, шчырая наша беларуска. Родная мова, песня, сцішаныя кветкі, а над усім гэтым шчаслівая ўсмешка Караткевіча, як сведак таго, што яго ідэі, яго вялікія праца па стварэнню праўдзівай гісторыі Беларусі – дало плён.

Cьвітанкаўцы шчыра ўдзячны старшыні таварыства спадарыні Таццяне Казак за ідэю ўшанаваць памяць вялікага пісьменніка і Дзяржаўнаму музею беларускай літаратуры за прадстаўленыя матэрыялы, дзякуючы якім можна паглыбіць свае веды пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Ганна Іванэ

На здымках Алены Ціхаміравай:

Вядучая літаратурнай імпрэзы Ганна Іванэ

Спявае Эльвіра Гамершмідтэ, за раялем – Наталля Камілеўская

Шаноўны госць імпрэзы – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі спадар Васіль Марковіч

Вячка Целеш чытае адрасаваны яму ліст ад Уладзіміра Караткевіча

Гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава

Удзельнікі юбілейнай вечарыны

Лета – пара найбагацейшая на разнастайнасць колераў і пахаў, гукаў і ўражанняў, сустрэч і мараў. І вельмі радасна, што ў “вянок” рыжскага лета беларускай кветкай уплялася незабыўная імпрэза ў гонар 70-гадовага юбілею мастачкі Надзеі Ізянёвай, якая адбылася 1 жніўня ў доме-музеі Мэнцэрдорфа.

Надзея нарадзілася ў Беларусі, у мястэчку Шаркаўшчына, на Віцебшчыне. Скончыўшы с залатым медалём сярэднюю школу, стала студэнткай педагагічнага інстытута мастацка-графічнага факультэта. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1967 года. Лёс мастачкі склаўся так, што яна шмат год жыла спачатку ў Польшчы, затым у Прымор’і. І, як сцвярджае сама Надзея, што “дзе б ні прыходзілася жыць і працаваць, побач было самае галоўнае – мастацтва. Яно – натхненне, яно – жыццё, яно мора, боль і спадзяванне”.

З 1971 года Надзея жыве і працуе ў Латвіі, якую вельмі любіць, лічыць сваёй другой Радзімай. У сувязі з гэтым хочацца адзначыць, што менавіта незвычайнай цеплынёй і любасцю да латвійскай зямлі свецяцца яе палотны. Магчыма жаданне падзяліцца сваім талентам, сваімі ўражаннямі, сваімі марамі і прывяло мастачку да адзінадумцаў, якія з’яўляюцца сябрамі таварыства мастакоў “Маю гонар”, якія ў бальшыні сваёй таксама жывуць і працуюць у Латвіі. І сёння ў гэты святочны момант яны побач з ёю. Каму як ні Вячку Целешу ды Васілю Малашчыцу не разумець, якой працай, якім намаганнем, талентам, болем, а часам і расчараваннем выпісаны кожны твор.

Радзіма… У гэтым слове увасабляецца так многа для кожнага чалавека, а тым больш для таго, хто адарваны ад яе. Дзякуй, Надзея, за тое, што латвійскія беларусы на хвіліначку адчулі сябе сярод тваіх незабыўных пейзажаў на сваёй роднай зямлі. Вунь недзе хаваецца ў лясным гушчары сцяжынка, а там бруіцца чыстая крыніца, ды здаецца вось-вось “пырсне” мак. І кожны шукае сваё, роднае, незабыўнае…

У сваёй творчасці Надзея не баіцца быць ні занадта даверлівай, ні безагляднай, ні адкрытай. Яна не баіцца паўтараць нейкую адну тэму – паўтараць сябе. І ўсё дзеля адной – адзінай мэты: паказаць у фарбах праўду, у якую паверылі б гледачы. А паверыўшы, сталі б крыху дабрэйшымі, прыгажэйшымі, больш чалавечнымі.

Нейкія вельмі добрыя зоркі свецяць мастачцы, цёплыя дажджы абмываюць любімыя ландшафты, і ўся зямля барвовымі, залатымі, зялёнымі, бялюткімі дыванамі гасцінна расцілаецца перад ёй.

Жывапіс – гэта ўсе сілы, час, душа, усе гукі і пахі свету, трапятлівасць, пяшчота, хваляванне і неспакой, чаканне і здзіўленне. І вялікае шчасце, калі жывапісец можа падзяліць сваё светаадчуванне з сябрамі, з блізкімі духоўна людзьмі.  Надзеі пашанцавала і на гэта. Сёння побач з ёю любімы музычны гурт “Вытокі”, у складзе якога яна спявае. Хораша, што выстава беларускай мастачкі аздоблена і беларускай песняй, і беларускім словам. І сапраўды, здаецца, што да Радзімы вельмі блізка.

Без мастацтва жыццё было б цмяным і сумным, і таму мы схіляемся перад мастаком і кажам “Дзякуй” – за падораную прыгажосць, за сонца, за лясную сцежку, блакіт неба, спякоту летняга дня, пырскі марскіх хваляў, за ўсе тыя чароўныя фарбы, якімі свецяцца яе зіхатлівыя палотны.

Ганна Іванэ

25 верасьня 80-гадовы юбілей адзначае адзін з найбольш актыўных і пасьлядоўных рупліўцаў беларушчыны за мяжой Вячка Целеш.

Ён аб’яднаў самыя розныя сфэры дзейнасьці на карысьць беларускай справы: мастак, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» і аб’яднаньня беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», арганізатар і дырэктар першай беларускай школы ў Рызе; ён быў у Кансультацыйнай радзе пры ўсіх прэзыдэнтах, абараняў інтарэсы беларусаў. Ягоныя высілкі годна адзначаныя ўладамі Латвійскай Рэспублікі, ён кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Трох Зорак.

Круглую дату Вячка Целеш адзначыў пэрсанальнай выставай, якая ахапіла ўвесь пэрыяд ягонай мастацкай творчасьці – ад студэнцтва да сталасьці.

  • Спадар Вячаслаў, шчырыя віншаваньні з 80-годзьдзем! Як зьбіраецеся адзначыць сьвята?
  • Сёньня проста прымаю віншаваньні – усё ж будны дзень, ва ўсіх свае справы. Сходзім у выходныя з жонкай і блізкімі мне людзьмі ў рэстаран, крыху пасядзім, адзначым… Галоўным для мяне было адкрыцьцё выставы – дзякуй Богу, усё атрымалася. Прыйшло шмат людзей: аднакурсьнікі, нашы актывісты, вядомыя людзі Латвіі. Вельмі прыемна.

Пэрсанальная выстава Вячкі Целеша

Найлепшае адзначэньне – гэта прызнаньне тваіх высілкаў. Усьцешыла, што адгукнуліся і на ўрачыстае адкрыцьцё ў галерэю прыйшлі беларусы, латышы, прынесьлі мне цэлы воз кветак, арганізавалі канцэрт. Агулам выставіў больш за 60 прац – ад графікі да жывапісу. Таксама я напісаў кнігу пра беларускіх мастакоў Латвіі. Цяпер вось маю клопат пастарацца яе выдаць сёлета. Здаў адзін праект, цяпер трэба пасьпець з другім, каб атрымаць фінансаваньне зь дзяржаўных фондаў.

  • Латвійскія ўлады таксама адрэагавалі, не засталіся ўбаку?
  • Міністэрства культуры Латвіі ўзнагародзіла ганаровай граматай, былі адтуль прадстаўнікі, таксама віншавалі. Ну і беларуская амбасада ўспомніла, падаравалі копію мапы Вялікага Княства Літоўскага, арыгінал якой у адзіным экзэмпляры захоўваецца ў Швэцыі. Таму, паўтаруся, мой юбілей адзначаны перадусім адкрыцьцём пэрсанальнай выставы. Я яе назвай «Гадоў датыкненьне», бо хацеў паказаць свой шлях ад самага пачатку: пачынаючы з падрыхтоўчых курсаў у Латыскай акадэміі мастацтваў і да сёньняшняга дня.

Праўда, значную колькасьць прац выставіць не ўдалося. Калі ў мяне забіралі ў 1993 годзе майстэрню, шмат карцін я перадаў у Беларусь. Цяпер яны ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, у Горадні, на маёй радзіме ў Ваўкавыску, у прыватных зборах.

Вячка Целеш

  • Ці не абмяркоўвалася магчымасьць юбілейнай выставы ў Беларусі?
  • Вы ж ведаеце, што я стаю пад нашым гістарычным сьцягам, гэта галоўнае. Я не крычу пра гэта, не размахваю рукамі; мая мэта – зьяднаць беларусаў на нацыянальным грунце. Так было заўжды. Ніхто не аспрэчыць, што я шмат рабіў і працягваю рабіць на карысьць Бацькаўшчыны.

Але праз тое, што ў некаторых момантах нашы пазыцыі з уладамі Беларусі разыходзяцца, мне дарога туды закрытая. І гэта тычыцца ня толькі вышэйшага кіраўніцтва. У тым жа Facebook вялікая колькасьць водгукаў на маю выставу, а беларускія калегі маўчаць. Хоць былі сябрамі: і я да іх наведваўся, і яны ў майстэрні маёй начавалі… Зрэшты, важна, што я адчуваю сябе ў Латвіі камфортна, мне прыемна, як да мяне тут ставяцца. Трэба проста рабіць сваю справу, не падкрэсьліваць, які ты вялікі герой і патрыёт.

  • Ваш юбілей стаў своеасаблівым працягам іншай даты – 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сакавіку ў рамках сьвяточных імпрэзаў выстаўлялася ваша праца «Пад сьцягам „Пагоні”. Кастусь Езавітаў» – у гонар палітычнага дзеяча, які стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі камітэт.
  • Гэта сапраўды наш вялікі юбілей, знакавая дата для ўсіх беларусаў. Я вельмі хваляваўся, каб імпрэза прайшла на годным узроўні. Спадзяюся, менавіта так яе і ацанілі. Прынамсі для тых, хто працуе на нашай ніве беларушчыны, гэтая падзея, безь перабольшаньня, эпахальная…

Дарэчы, і яшчэ ёсьць адзін юбілей – сёлета 30-годзьдзе сваёй грамадзкай і культурнай дзейнасьці адзначае наш «Сьвітанак». Таварыства паўстала ў 1988 годзе – гэта адна зь першых беларускіх суполак, да якой я непасрэдна прыклаў руку, знайшоў паплечнікаў. Толькі пазьней такія арганізацыі пачалі ўзьнікаць у Рызе і ў рэгіёнах. У нас пазыцыя была і застаецца адназначная: за незалежныя Беларусь і Латвію. Зь першага дня і да сёньня мы стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам…

Хто такі Вячка Целеш

Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёну) Горадзенскага ваяводзтва. Мастак, гісторык, пісьменьнік, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і Латвіі.

У 20-гадовым узросьце выправіўся ў Латвію, працаваў сьлесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленьне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазьней атрымаў ступень магістра мастацтва.

Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе. Адзін з арганізатараў таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», дзе ён намесьнік старшыні. Заснавальнік і кіраўнік суполкі беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», ініцыятар стварэньня беларускай школы, дзе працяглы час быў дырэктарам. Быў дацэнтам катэдры культуры і мастацтва Інстытуту мэнэджмэнту інфармацыйных сыстэмаў у Рызе.

Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і эксьлібрысаў выдатных беларускіх і латыскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.

Вячка Целеш – адзін з самых вядомых эўрапейскіх філякартыстаў: ягоны альбом «Гарады Беларусі на старых паштоўках» на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданьняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.

Аўтар біяграфічнай кнігі «Адсюль наш род, тут мой прычал», прысьвечанай радаводу краснасельскіх Целешаў.

www.svaboda.org

31 ліпеня 2018, 21:00


«Нашто каласкі, калі няма васількоў»
Максім Багдановіч

Адзін з самых вытанчаных, самых лірычных, самых узнёслых беларускіх паэтаў-класікаў Максім Багдановіч надаў сціплай палявой кветцы васільку-валошцы незвычайную моц, асаблівую прыгажосьць, «генетычную памяць народа». Праз гэтую маленькую сінявокую кроплю душа чалавека часам знясіленага цяжкай працай, апантанага адвечнай прагай здабычы матэрыяльных каштоўнасцяў, усёж такі імкнецца ў неба, якога стае ўсім.

Менавіта такім васільком, што прагне вышыні і прымушае адчуваць незвычайнае хараство навакольнага свету і быў Мацей Чырыч, просты і сціплы ў жыцці, таленавіты ў мастацтве, у сваім бясконцым імкненні да вышыні.

-

Напрыканцы лета на Яўнцыенмскіх могілках на ахвяраванні беларусаў Рыгі і Даўгаўпілса быў адкрыты помнік беларускаму мастаку Мацею Чырычу.

-


Мацей Рыгоравіч нарадзіўся 10 траўня1936 г. у в. Глініца Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.
З 1941г. застаўся без бацькоў, маці памерла, а бацька загінуў на вайне. З 1944 г. па
1950 г. выхоўваўся ў Спец. дзіцячым доме ў г. Жыткавічы. У 1950 г. напраўлены ў Рыгу
ў Тэхнічнае вучылішча № 17. Пасля яго заканчэня атрымаў спецыяльнасць токара. Працаваў на заводзе РЭЗ, вучыўся ў вячэрняй школе. Першапачатковыя навыкі па маляваню атрымаў на вячэрніх курсах Латвійскай акадэміі мастацтваў. У 1961- 1980-х гадах наведваў Народную студыю жывапісу пры Доме культуры прафсаюзаў, дзе кіраўнікамі студыі былі вядомыя латышскія жывапісцы Курт Фрыдрыхсон,Аляксандр Звіедрыс, Андрэй Германіс і Аўсма Данэманэ. Яго жывапісныя працы разам з працамі студыі неаднаразова экспанаваліся на выставах як ў Рызе так і на Усесаюзных выставах народнага мастацтва ў Маскве і іншых гарадах. Першая персанальная выстава жывапісу адбылася ў 1978 годзе ў Рызе.
Мацей Чырыч адзін з удзельнікаў устаноўчага з’езда Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” 12 студзеня 1991 г. З таго часу мастак быў актыўным сябрам АМ-ББ “Маю гонар”, удзельнічаў у мастацкіх выставах аб’яднання ў Латвіі, Эстоніі і Беларусі.У 1993 г. быў дэлегатам Першага з’езда беларусаў Свету і ўдзельнікам мастацкай выставы “Жыве Беларусь”, прысвечанай гэтаму з’езду.
М. Чырыч быў таксама актыўным сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.У 90-я гады быў сярод тых, хто актыўна змагаўся за незалежнасьць Латвіі.

-
Мастак пакінуў пасля сябе незвычайнай прыгажосці пейзажы і нацюрморты. Яго таленавітымі працамі папоўніліся многія праватныя зборы рыжан. На палотнах Мацея Чырыча ўсімі колерамі вясёлкі зіхацяць, чаруюць, заварожваюць кветкі. Гледзячы на гэтыя творы, так хочацца запытацца ў мастака : «Адкуль, адкуль, з якіх таемных калодзежаў узятыя гэтыя фарбы?» Столькі незвычайнага, часам някідкага, але такога роднага хараства на яго карцінах!

-

Праз 15 год пасля смерці мастака над яго магілай у чорным граніце ўзняўся помнік, на якім выява крыжа Еўфрасінні Полацкай (яе выгравіравалі па эскізу Вячкі Целеша) і па-беларуску гараць словы

Мастак Мацей Чырыч
Ад беларусаў Латвіі

-
І помнік гэты, і такі родны надпіс па-беларуску “напамінае мне што шлях наш неканечны і Бога не міне” (А.Галубовіч). А на магіле сінімі зоркамі васількоў-валошак ды белагаловымі сонцамі рамонак рассыпаліся кветкі. Адкуль яны? Іх прынес мастак і сябра Мацея Вячка Целеш, а можа гэта і кветкі тых, пакінутых нам на ўспамін вечных палотнаў…

Шчыра дзякуем усім, хто cпрычыніўся да гэтай высакароднай справы, а найперш мецэнату з Даўгаўпілса Васілю Лукашчыку, гэта яго фірма бясплатна вырабіла помнік, сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», сябрам аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», сябрам культурна-асветніцкага таварыства “Уздым», Міхасю Казлоўскаму з Маладзечна, Дзмітрыю Кабановічу і Таццяне Касуха з Рыгі. І асаблівая ўдзячнасьць Вячку Целешу і кіраўніку беларускага культурнага цэнтра ў Даўгаўпісе Жанне Раманоўскай, якія змаглі аб’яднаць усіх неабыякавых і здзейсніць вельмі добрую, а можа і лепшую справу за апошні час.

Памер мастак, але ён жыве ў карцінах, дзе няма месца змрочнаму дажджу, халоднаму ветру. Жыве мастак у зорачках васількоў-валошак, якія гайдае вецер, жыве мастак у памяці сяброў, у клапатлівых руках майстра, што ўзняў над магілай помнік нашай шчымлівай памяці.

Ганна Іванэ