У Осла 10 снежня 2022 г., у Міжнародны дзень правоў чалавека, адбылася вельмі важная для беларусаў падзея – урачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе яе атрымалі тры намінанты: заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” беларус Алесь Бяляцкі і дзве праваабарончыя арганізацыіі: украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі не змог асабіста атрымаць узнагароду, бо ён ужо на працягу 18 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы за сваю правабарончую дзейнасць. Таму Нобелеўскую прэмію міру замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.

15 студзеня беларусы з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” у Рызе зладзілі імпрэзу, прысвечаную лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год Алесю Бяляцкаму. Прамову Наталлі Пінчук, складзеную з выказванняў і цытат з кніг Нобелеўскага лаўрэата, беларусы з Латвіі мелі магчымасць паглядзець разам у Вялікай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі.

На імпрэзе гучала шмат добрых слоў аб Алесе Бяляцкім, бо шмат хто з прысутных у зале быў знаёмы з ім асабіста. Нобелеўскі лаўрэат неаднаразова быў у Рызе. Мастак Вячка Целеш распавёў аб супрацы з Алесем на пачатку 90-х, калі той яшчэ ў зусім маладым узросце пасля заканчэння аспірантуры быў абраны на пасаду дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. З дапамогай спадара Вячкі ў музеі тады была арганізаваная выстава старых паштовак. Прысутныя таксама змаглі пабачыць фотаздымкі 2004 г. з сяброўскай сустрэчы са “сьвітанкаўцамі” ў знакамітай майстэрні спадара Вячкі на  вул. Стабу, вядомай у асяродку беларусаў як “Беларуская хатка”, гасцямі якой у свой час былі такія знакавыя для беларусаў асобы: Уладзімер Караткевіч, Рыгор Барадулін ды інш. А вядомы цяпер усяму свету Алесь Бяляцкі разам з іншымі палітыкамі, праваабаронцамі і грамадскімі дзеячамі ў 2004 г. быў удзельнікам адной з міжнародных канферэнцый ў Рызе.

Шмат хто з прысутных на імпрэзе ведаў Алеся Бяляцкага яшчэ да ад’езду з Беларусі. Некаторыя нават змаглі  ў свой час павіншаваць Алеся з атрыманнем прэмій. За сваю праваабарончую і літаратурную дзейнасць Алесю Бяляцкаму былі прысвоены дзве літаратурныя прэміi ў Беларусі і 8 міжнародных прэмій у галіне абароны правоў чалавека. Ён мае шэраг ганаровых міжнародных званняў, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Парыжа, Генуі і Сіракузаў, 5 разоў быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру. Усе выступоўцы адзначалі Алеся, як вельмі сціплага, адказнага, звышарганізаванага і надзвычай аптымістычнага, жыццярадаснага чалавека, які мае абвостранае пачуццё справядлівасці. Таму падчас імпрэзы ўсе гаварылі пра яго ў цяперашнім часе, каб мацней адчуць прысутнасць і нязломнасць Нобелеўскага лаўрэата.

Алесь Бяляцкі – вельмі таленавіты чалавек. Праваабаронца не менш вядомы як пісьменнік. Каб разам ушанаваць разнастайнасць яго дасягненняў, на імпрэзе была прэзентаваная кніга “Алесь”,  якую  выдаў Беларускі ПЭН-цэнтр адмыслова да 10 снежня – дня ўручэння Нобелеўскай прэміі міру.  

Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яркіх яго прадстаўнікоў. Адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць”, –  гаворыцца ў прадмове. Сябры таварыства мелі магчымасць набыць гэтую кнігу, якая складаецца з твораў самога Нобелеўскага лаўрэата і выказванняў аб ім іншых людзей: беларускіх пісьменнікаў, паплечнікаў-праваабаронцаў з усяго свету, вядомых палітыкаў і дзеячаў культуры.

Адзін з тых, чыё выказванне аб Алесе Бяляцкім змешчанае ў кнізе – Стэфан Эрыксан, дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі, быў госцем вечарыны. Ён падзяліўся ўспамінамі аб сваім супрацоўніцтве з Нобелеўскім лаўрэатам у той час, калі выконваў абавязкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, выказаў словы свайго захаплення Алесем Бяляцкім як асобай.

Яшчэ адна госця вечарыны, беларуская паэтка Віка Трэнас таксама вельмі ўзрушана распавяла аб шматгадовай сумеснай працы з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў.

Прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары Таццяна Шчэрбанос і Ганна Букрэева падрыхтавалі для прысутных музычны падарунак – патрыятычную літаратурна-музычную кампазіцыю. У канцы імпрэзы была праведзеная віктарына, падрыхтаваная Марынай Канапелька ў супрацоўніцтве з праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Удзельнікі адказвалі на цікавыя пытанні аб правах чалавека і гісторыі праваабарончых арганізацый. Беларусы ва ўсім свеце вельмі ганарацца Алесем Бяляцкім, ганарацца ужо другой па ліку Нобелеўскай прэміяй, атрыманай беларусамі на працягу апошніх 8 гадоў. Варта дадаць, што ў ЛТБК “Сьвітанак” у 2015 г. таксама была адзначаная Нобелеўская прэмія па літаратуры – узнагарода пісьменніцы Святланы Алексіевіч.

У другой частцы сустрэчы адбыўся справаздачна-выбарчы сход таварыства. Пасля справаздачы кіраўніцтва ЛТБК “Сьвітанак” у таварыства былі прынятыя новыя члены, быў абраны абноўлены склад Рады, адбылося абмеркаванне плана працы таварыства на 2023 год.

Нагадаем наведвальнікам нашага сайта, што кожны мае магчымасць прыяднацца да нашай суполкі, незалежна ад нацыянальнасці, грамадзянства ці іншых адрозненняў. Мы вітаем усіх зацікаўленых беларускай культурай і гісторыяй і падтрымліваем самыя разнастайныя творчыя ідэі кожнага сябра.

Дзякуем усім удзельнікам, і да новых сустрэч у новым годзе!

Андрэй Татур

Здымкі Лявона Маствілішскага і Таццяны Казак

Сёлета латвійскія беларусы атрымалі напярэдадні святаў сапраўдны падарунак – да нас з Беларусі 19 снежня на Калядную сустрэчу завітаў ажно Зміцер Вайцюшкевіч! Ён падараваў прысутным сваімі спевамі вельмі шмат станоўчых эмоцый, і ўсе тыя, хто прыйшоў ў гэты зiмовы  марозны вечар паслухаць славутага спевака, не скупіліся на працягу ўсяго канцэрта на шчырыя ўсмешкі і працяглыя апладысменты. Спадар Зміцер спяваў патрыятычныя песні беларускіх аўтараў, выканаў як шэраг сваіх самых вядомых хітоў, гэтак і некалькі невядомых дагэтуль песень з новага альбому. Адна з іх ­– цудоўная, вельмі пяшчотная, песня “Каляднае святло” на словы Ўладзімера  Някляева. Слухачы ў Рызе пачулі яе значна раней, чым з’явіўся афіцыйны кліп песні з прыгожымі малюнкамі Андруся Такіданга. Калядных аўтарскіх песень прагучала на сустрэчы нямала, бо амаль штогод напярэдадні Калядаў Зміцер Вайцюшкевіч стараецца парадаваць беларусаў сваёй новай каляднай песняй. Атмасфера на канцэрце была вельмі цёплай і нязмушанай. Спадар Зміцер – вялікі майстра не толькі ў спевах, а і ў тым, каб трымаць добры кантакт з слухачамі падчас канцэрту. Беларусы ў зале з вялікім задавальненнем спявалі разам з беларускай зоркай. Некаторым шанавальнікам ягонага таленту пашчасціла нават атрымаць ад спевака ў падарунак дыск з песнямі. На канцэрт беларусы традыцыйна запрасілі гаспадара будынку, старшыню Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесара музыкі Рафі Хараджаняна. Ён застаўся ў захапленні ад выступу беларускага артыста, не хаваў сваіх станоўчых уражанняў, і адразу на сайце Асацыяцыі з’явіліся здымкі з сустрэчы ды вельмі добрыя водгукі аб выканаўцы.

Гэтая сустрэча з шаноўным беларускім спеваком была ўжо чацвертай па ліку ў Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”. А ўпершыню Зміцер Вайцюшкевіч парадаваў сваімі спевамі рыжскую публіку на святкаванні 25-гадовага  юбілею нашага таварыства амаль дзесяць гадоў таму. І беларусы ў Рызе спадзяюцца, што неўзабаве зноў пачуюць і старыя ўлюбёныя хіты, і яго новыя песні. Словамі падзякі, пажаданнямі натхнення ў творчасці і спадзяваннямі на наступную сустрэчу ў Рызе праводзілі яны Зміцера Вайцюшкевіча ў дарогу на наступны канцэрт ў Ліепаю ў рамках ягонага каляднага тура па краінах Балтыі.

4 снежня 2022 года ў Вялікай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч латвійскія беларусы традыцыйна сабраліся разам, каб адзначыць 102-я ўгодкі Слуцкага паўстання.

Імпрэза распачалася з сумеснага выканання прысутнымі Дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, блаславі Латвію”) і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа” пад акампанемент Наталлі Камілеўскай.

Вечарыну адкрыла старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак” Таццяна Казак. Яна адзначыла, што беларусы і латышы ў ХХ ст. першапачаткова знаходзіліся ў падобнай, нават практычна аднолькавай гістарычнай сітуацыі пасля распаду Расійскай імперыі. Аднак Латвійская Рэспубліка, абвешчаная 18 лістапада 1918 г., праіснавала да 1940 г., а Беларуская Народная Рэспубліка, што была абвешчана  25 сакавіка 1918 г. –  толькі да 1919 г. Слуцкае паўстанне – гэта ўзброеная барацьба жыхароў Случчыны супраць бальшавікоў, якая адбывалася ў лістападзе-снежні 1920 года. Традыцыйна 27 лістапада, калі пачаліся першыя баі з бальшавікаі, лічыцца пачаткам паўстання, і беларусы ў Беларусі і за мяжой адзначаюць яго як Дзень Герояў. Беларусы, як і латышы, правялі вялікую і трагічную барацьбу за сваю свабоду на пачатку ХХ стагоддзя. Чаму такі акцэнт робіцца менавіта на Слуцкім паўстанні 1920 году? Гэта быў не адзіны факт антыбальшавіцкага супраціву на тэрыторыі Беларусі ў тыя бурныя часы. Але найбольш моцны палітычны падмурак мела менавіта Слуцкае паўстанне, бо гэта было не стыхійнае паўстанне супраць новых парадкаў, а планамерная спроба адстаяць незалежнасць беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Паўстанне пачалося пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы, якая “разрэзала” тэрыторыю Беларусі напалову: Польшча і савецкая дзяржава падзялілі Беларусь. Згодна з дамовай, польскія войскі адыходзілі, вызваляючы нейтральную зону, у якой знаходзіўся Слуцкі павет.

Моцныя пазіцыі на гэтай тэрыторыі тады займала партыя эсэраў, аснову якой складалі беларускія сяляне. Эсэры выступалі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. З адыходам палякаў сяляне абралі беларускія нацыянальныя камітэты як органы народнай улады ў павеце. На чале гэтых камітэтаў стаялі эсэры, яны ініцыявалі Першы з’езд Случчыны.

З’езд адбыўся 14-15 ліпеня 1920 г. у Слуцку, 107 дэлегатаў прынялі пастанову аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і абралі Раду. Яго задачамі былі арганізацыя цывільнага кіравання, а таксама арганізацыя абароны павета.

“З’езд катэгарычна пратэстуе супраць акупацыі родных зямель чужацкімі наездамі і супраць самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнаваная чужынцамі, якія нішчаць яе і дагэтуль, і мы, аддаючы справе адбудавання нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцці, звяртаемся да ўсяго свету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэнні нашай вайсковай сілы…

Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных граніцах!” – ­пісалася ў рэзалюцыі З’езду.

Рада стварыла два палкі: першы Слуцкі і другі Грозаўскі. Гэтыя два палкі складалі Слуцкую брыгаду. У той час уся Беларусь была салідарная са Слуцкім паўстаннем. Беларускія жаночыя арганізацыі накіравалі 1-му Слуцкаму палку бел-чырвона-белы сьцяг, на якім была вышытая Пагоня са словамі прысвячэньня: “Тым, што першымі паўсталі і пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.

Вораг быў ў колькаснай перавазе і лепш падрыхтаваны да вайны, але тысячы паўстанцаў са зброяй у руках гучна гаварылі: “Ганіце польскіх паноў і маскоўскіх камісараў! Жыве вольная Беларусь!” Супраць беларускіх войскаў змагалася бальшавіцкая Омская дывізія. У баях паўстанцы наносілі Чырвонай Арміі вялікія страты, бралі ў палон і адваёўвалі вёскі. Частка чырвонаармейцаў, пераважна з сялян, што былі прымусова мабілізаваныя ў Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся або пераходзілі са зброяй на бок паўстанцаў. Бальшавікам давялося адступіць па ўсім 100-кіламетровым фронце. Беларускія войскі мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, але ім катастрафічна не хапала зброі, амуніцыі і боепрыпасаў.

4 снежня пачаўся новы наступ Чырвонай Арміі. Нястача зброі скончылася няўдачай у баі пад вёскай Ядчыцы 6 снежня. 7 снежня беларускія часткі пакінулі Семежава. Не хапала амуніцыі, харчавання, сярод паўстанцаў пачалася эпідэмія тыфу.

Эдвард Вайніловіч, фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску, у сваіх успамінах згадваў, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную Рыжскай дамовай, ажно пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за сваю дэмаркацыйную лінію, каб даць магчымасць савецкім войскам разграміць паўстанцаў.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. Штаб Слуцкай брыгады перадыслакаваўся ў вёску Заастравечча Клецкага р. каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся разбітыя аддзелы паўстанцаў. Рада Случчыны прыняла рашэнне перайсці раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 29 снежня Слуцкая брыгада перайшла за Лань і была абяззброеная і інтэрніраваная польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне, і змагаліся яшчэ доўгі час.

Афіцэраў і стральцоў, якія перайшлі Лань, інтэрніравалі ў Беласток, а потым перавезлі ў Дарагуск пад Бугам, дзе ўтрымлівалі да канца мая 1921 года.

Тых, хто вярнуўся на радзіму, ГПУ-НКВД спачатку не чапала, бо чакала, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстання. Аднак літаральна праз 7-8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў ГУЛАГ.

Паўстанне не перамагло, але факт Слуцкага паўстання ставіць беларусаў у адзін шэраг з іншымі народамі былога СССР (грузінамі, украінцамі), якія пасля распаду Расійскай імперыі, хоць і не здолелі захаваць палітычную незалежнасць, але ўсё ж настойліва за яе змагаліся са зброяй у руках.

Каб больш даведацца пра розныя цікавыя гістарычныя факты, падчас імпрэзы беларусы і госці вечарыны паўдзельнічалі ў віктарыне, прысвечанай Слуцкаму паўстанню, і атрымалі прызы – кнігі на гістарычную тэматыку.

Вядомая беларуская паэтка і перакладчыца Вікторыя Трэнас, якая цяпер жыве ў Латвіі, пераклала на беларускую мову вядомую латышскую песню “Saule, Pērkons, Daugava”, што стала сімвалам барацьбы латышоў за аднаўленне свей незалежнасці пасля распаду СССР. Латвійскі мужчынскі хор “FRACHORI” выканаў гэтую песню 27 лістапада на  Гала-канцэрце фестывалю АНКТЛ “Адзіныя – у разнастайнасці 2022”. А ў рамках імпрэзы былі прадэманстраваныя 2 відэакліпы хору “FRACHORI”, бо хор, на жаль, не меў магчымасці ўзяць удзел у вечарыне з-за паездкі ў Кракаў на XI Фестываль адвэнтавых і калядных песень акурат 2-4 снежня. І менавіта латвійскі хор “FRACHORI” атрымаў галоўны прыз фестывалю – Залатога анёла.  

Ганаровая госця вечарыны Вікторыя Трэнас распавяла, як запісвалася беларускамоўная версія песні “Сонца, Пярун, Даўгава” ў Елгаўскай студыі, дзе гэтую песню разам выконвалі некалькі хароў, у тым ліку дзіцячы. Ініцыятарам стварэння беларускай версіі песні стаў неабыякавы да падзей ў Беларусі ўдзельнік хору Арніс Лібертс, які такім чынам вырашыў падтрымаць беларусаў. На імпрэзе прагучала таксама аўтарская патрыятычная і лірычная паэзія сп. Вікторыі, якая была вельмі цёпла прынятая ўсімі прысутнымі на імпрэзе. Некаторыя з вершаў былі напісаныя паэткай ужо ў Латвіі.

Дзякуючы мастаку Вячку Целешу, які стварыў прыгожы бела-чырвона-белы плакат да 102-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну, а таксама ягонаму  удзелу ў афармленні залы, у Вялікай зале панавала ўрачыстая і патрыятычная атмасфера.

 Падчас імпрэзы дэманстраваліся розныя відэаматэрыялы, прысвечаныя Слуцкаму паўстанню, напрыклад, відэакліп з песняй Зміцера Бартосіка на словы Ўсевалада Сцебуракі “Рэквіем змагарам Случчыны”. Сябра таварыства “Сьвітанак” Вольга Гардзеева чытала свае патрыятычныя вершы на роднай мове.

На вечарыне таксама прысутнічаў яшчэ адзін ганаровы госць –  дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі спадар Стэфан Эрыксан – напэўна, самы паважаны швед, вядомы беларускай дыяспары ва ўсім свеце.  Спадар Эрыксан за тыя гады, з 2008 па 2012, калі  ён быў Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам  Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, не толькі цалкам вывучыў беларускую мову, але і спрычыніўся да шматлікіх добрых спраў на карысць беларускай грамадзянскай супольнасці і быў высланы з Беларусі менавіта за падтрымку беларускіх недзяржаўных арганізацый.

Прадстаўніца Саюза палякаў Латвіі, латышская паэтка Дагнія Дрэйка, перакладчыца беларускай паэзіі на латышскую мову, выступіла са сваімі вершамі і адзначыла ў сваёй прамове, што латышскі і беларускі народы напачатку ХХ ст. мелі падобны лёс ды выказала надзею, што і надалей беларусы і латышы будуць разам свабоднымі ў XXI стагоддзі.

 Яшчэ адна госця вечарыны, украінская рэжысёрка і спявачка Таццяна Шчэрбанос, якая цяпер з-за вайны жыве ў Латвіі, выканала песні пад уласны акампанемент і верш беларускага паэта Юлія Таўбіна, забітага НКУС у Мінску ў 1937 годзе ва ўзросце 27 гадоў “Я яшчэ не маю права паміраць” у перакладзе на ўкраінскую мову.

Музычная кіраўніца ЛТБК “Сьвітанак” Наталля Камілеўская разам з  актрысай Рыжскага ўкраінскага народнага тэатра Антрай Цэлітане выканалі літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную 102-й гадавіне Слуцкага збройнага чыну і змаганню беларускага і ўкраінскага народаў за сваю свабоду. У кампазіцыі гучала паэзія ўкраінскага класіка Тараса Шаўчэнкі ў перакладзе на латышскую мову Кнута Скуеніека і ўкраінскія песні.

Скончылася імпрэза сумесным выкананнем ўсімі прысутнымі гімна Беларускай Народнай Рэспублікі і Слуцкага збройнага чыну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ў суправаджэнні Наталлі Камілеўскай (фартэпіяна). Трэба прызнаць, што песня, якую ўпершыню беларусы, што сабраліся, спявалі разам, прагучала гучна, зладжана і ўзнёсла!

На здымках Алены Гэйданэ:

Вікторыя Трэнас

Таццяна Шчэрбанос
Дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі Стэфан Эрыксан
Дагнія Дрэйка
Вольга Гардзеева
Антра Цэлітанэ і Наталля Камілеўская

У старажытнай Вільні, ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча з 12 лістапада 2022 г. і да 15 снежня працуе выстава Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. На выставе экспануюцца 19 прац жывапісу, графікі ды 3 каляровыя фотаграфічныя працы за аўтарствам дваццаці мастакоў аб’яднання. Гэта працы Васіля Малышчыца, Алены Лаўрыновіч, Вячкі Целеша, Ганны Пэйпіні, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Надзеі Ізянёвай, Ірыны Кароль, Ірыны Ятнавай, Галіны Жэлабоўскай, Настассі Арайс, Алены Гэйданэ, Леаніда Маствілішскага, Лявона Жукоўскага з Латвіі, Алега Аблажэя, Алеся Поклада, Юрыя Грыгаровіча з Літвы, Маргарыты Астраумавай, Людмілы Прыбыльскай з Эстоніі, Кацярыны Осберг, Яна Кузьміцкага са Швецыі. Выстава была адкрыта дзякуючы дапамозе кіраўніцы музея Людвікі Кардзіш і ўсяго калектыв музея, а таксама Амбасады Латвійскай Рэспублікі ў Літве, супрацоўнікі якой прывезлі працы мастакоў з Рыгі. На адкрыцці выставы віленчукі-беларусы шчыра віталі мастакоў з Рыгі – старшыню аб’яднання Васіля Малышчыца, і мастачак Ганну Пэйпіню і Ірыну Трумпель-Сабалеўскую. Падчас адкрыцця выставы Васіль Малышчыц перадаў музею ў знак падзякі ад Вячкі Целеша кнігу “Адсюль наш род, тут мой прычал” і старадаўнюю паштоўку Вільні з відам вуліцы Завальнай, дзе ў пачатку ХХ ст месціліся рэдакцыя газеты “Наша Ніва” і беларуская кнігарня. Пасля закрыцця выставы ад аб’яднання музею будзе перададзена праца Яна Кузьміцкага “Нападзенне на белую прастору”, напісаная мастаком у 1994 г. і планшэт з 12 экслібрысамі Вячкі Целеша. За 31 год дзейнасці Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” адкрыццё гэтай выставы стала адной з вельмі значных падзей для мастакоў аб’яднання “Маю гонар” ў Балтыйскім рэгіёне.

Кіраўніца музея Людвіка Кардзіш адкрывае выставу
Мастакі з Рыгі ІрынаТрумпель-Сабалеўская, Васіль Малышчыц і Ганна Пэйпіня

У Рызе неабыякавыя беларусы зладзiлi акцыю «Ноч расстраляных паэтаў».

Мерапрыемства адбылося ў цэнтры горада, каля Мемарыяла ахвярам савецкiх рэпрэсiй «Дотык да гiсторыi». Побач з партрэтамі дванаццацi расстраляных паэтаў былi ўскладзеныя кветкi і запаленыя знiчы. Прагучалi вершы М.Чарота, В.Маракова, А.Вольнага, I. Харыка, А.Дудара, Ю.Лявоннага, С.Мурзо, З.Пiваварава, А.Юдэльсона, Т.Кляшторнага, Ю.Таўбiна, М.Кульбака.

Да чытання спiса загiнулых ў ноч з 29 на 30 кастрычніка асоб  далучылася дырэктарка Музея акупацыi Латвii Солвiта Вiба. Яна выступiла з прывiтальнай прамовай, ушанавала памяць расстраляных у сутарэннях Мiнскай турмы 85 гадоў таму і выказала спадзяванне, што хутка ў новай незалежнай Беларусi стане магчымым стварэнне музэя падобнай тэматыкi, якi ўсебакова распавядае пра трагiчныя падзеi  савецкага часу (Музей акупацыi Латвii з’ўляецца недзяржаўнай установай і створаны на прыватныя сродкi).

Пробашч грэка-каталiцкай (УГКЦ) парафii Праабражэння Нашага Пана Езуса Хрыста ў горадзе Рызе Раман Сапужак адслужыў паніхіду па загінулых беларускіх дзеячах па-ўкраінску.

У выкананнi прадстаўнiцы ўкраiнскай дыяспары Таццяны Шчэрбанос эмацыйна i ўзнёсла гучала паэзiя Ю.Таўбiна ў перакладзе на ўкраiнскую мову.

Таксама да творчасцi Ю.Таўбiна звярнулася старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвiтанак» Таццяна Казак. Сябра «Сьвiтанка» Вольга Гардзеева прачытала свой верш, прысвечаны падзеям 2020-га года.  

***

Нiколi такога не бачыў,

Ніколі, ніколі:

З’яўляецца цуд над маёю зямлёю

Ўсё болей, усё болей!

Ўсё больш беларусаў у той грамадзе –

Не з крыўдай, не з крыўдай…

Гучаць галасы і сыноў, і бацькоў, і дзядоў:

“За праўду, за праўду!”

Па свеце наш сцяг распасцерлі яны

Сапраўдны, сапраўдны!

Адвечна: Жыве Беларусь!

То праўда, то праўда!

Паэтка i перакладчыца Алеся Лосева выканала песню на верш I.Харыка «У шэрым змроку…» i прачытала верш Ю.Цiмафеевай у сваiм перакладзе на латышскую мову.

Сябры «Supolki» беларусаў у Латвii прачыталi вершы паэта А.Юдэльсона, чый лёс пачаўся ў Рызе ў 1907-м годзе, а скончыўся ў Мiнску трагiчнай ноччу 1937-га года, i З.Пiваварава, паэта, перакладчыка, публiцыста з Беларусi, сын якога жыў у Рызе. Так (не)расстраляныя паэты працягнулi мост з мiнулага ў будучыню i звязалi дзве краiны, Латвiю i Беларусь.

Iнтарэс да акцыi выявiлi госцi латвійскай сталiцы з Лiтвы i Польшы.

Адной з незапланаваных i прыемных падзей падчас акцыі стала прэм’ера патрыятычнай песнi «Saule, Pērkons, Daugava» ў перакладзе на беларускую мову, якi зрабiла паэтка Вiка Трэнас. Гэтая песня на словы Яніса Райнiса з’яўляецца сімвалам Песеннай рэвалюцыі – серыі мірных акцый пратэсту ў Латвіі ў 1987–1991-х гадах, галоўнай мэтай якіх было аднаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Латвіі. Такiм чынам латышскi хор «FRACHORI» выказаў сваю падтрымку беларусам i ўшанаваў памяць рэпрэсаваных.

Акцыя памяцi ахвяр савецкiх рэпрэсiй «Ноч расстраляных паэтаў» адбылася ўпершыню ў Рызе i прыцягнула да сябе ўвагу як беларускай, так i латышскай грамадскасцi.

Падзяка ўсiм удзельнiкам i зацiкаўленым у захаваннi памяцi аб гэтай трагiчнай старонцы ў гiсторыi Беларусi.

Паэты жывыя, пакуль гучыць iх паэзiя.

 22 мая 2022 года беларусы з Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” ў Рызе зладзілі вечарыну памяці выдатнага  латышскага  паэта і перакладчыка Улдыса Бэрзыньша, які з моманту заснавання таварыства быў яго шчырым сябрам але, на жаль, заўчасна пайшоў у лепшы свет год таму 24 сакавіка.

Улдыс Бэрзыньш нарадзіўся 17 мая 1944 года ў Рызе. Паэта называюць рэфарматарам латышскай паэзіі, яго вершы па стылістыцы нагадваюць гутарку аўтара, эмацыйную і своеасаблівую філасофскую мову з чытачом.

Паліглот Улдыс Бэрзыньш пераклаў вершы на латышскую мову з турэцкай, азербайджанскай, персідскай, туркменскай, кітайскай і іншых моў. Ведаў ідыш, перакладаў кнігі са старажытнаяўрэйскай мовы «Псалтыр» (2005) і Біблію (2012). Пасля шматгадовай працы ў 2011 годзе выйшаў Каран у перакладзе У. Бэрзыньша.  са старажытнаарабскай мовы на латышскую мову У. Бэрзыньша. Яго вельмі цікавілі скандынаўскія мовы, ён перакладаў ісландскія эпасы на латышскую. З багатым веданнем розных нацыянальных моў і перакладаў ён заўсёды імкнуўся расказаць свайму народу пра каштоўнасці сусветных літаратурных помнікаў. Гэта была тытанічная праца як у Рызе, так і праца з арыгінальнымі творамі ў краінах, дзе знаходзіліся гэтыя помнікі.

Улдыс Бэрзыньш свабодна валодаў рускай, украінскай, польскай і літоўскай мовамі. Ён таксама цікавіўся беларускай мовай і добра яе разумеў, перакладаў беларускіх паэтаў. У 2018 годзе Улдыс Бэрзыньш пераклаў на латышскую мову тры вершы Зянона Пазняка «Вечны рыцар», «Вечны вобраз» і «Полацак». У тым жа годзе ён пераклаў верш Алеся Салаўя «Мастак», прысвечаны беларускаму мастаку Пятру Мірановічу, для кнігі В. Целеша «Беларускія мастакі ў Латвіі 1920-1990». Яго даўнім, добрым сябрам быў вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў, які, як і сп. Улдыс, быў наватарам у беларускай паэзіі філасофскага зместу. Алесь Разанаў таксама перакладаў паэзію з моў розных народаў, у тым ліку з латышскай, ён пераклаў вельмі шмат вершаў Улдыса Бэрзыньша. Пад уплывам іх сяброўства У. Бэрзыньш напісаў у 1977 годзе верш “Poētisms baltkrievs” («Паэтызм беларус»), а ў 1984 годзе гэты верш даў назву другога па ліку зборніка паэзіі спадара Бэрзыньша.

Дзякуючы В. Целешу ўдзельнікам вечарыны памяці было цікава даведацца, што стварэнне нашага таварыства “Сьвітанак” адбылося пры ўдзеле сп. Бэрзыньша. Вячка Целеш распавёў, што яго знаёмства з спадаром Улдысам пачалося падчас «Атмоды», калі ўзнікла ідэя стварэння Беларускага культурнага таварыства і яму патрэбна была падтрымка прадстаўнікоў латышскай нацыянальнай культуры ў арганізацыі таварыства. 17 кастрычніка 1988 г. В. Целеш запрасіў латвійскую журналістку Айю Лацэ і паэта У. Бэрзыньша наведаць сваю мастацкую студыю. Падчас сустрэчы за кубкам кавы ішла дыскусія пра сытуацыю ў краіне, пра тое, як і дзе зьбіраць беларусаў у грамадзкія арганізацыі. Сустрэча была плённай, у лістападзе таго ж года было створана Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак». Падчас гэтай сустрэчы Улдыс Бэрзыньш падараваў В. Целешу сваю кнігу “Poētisms baltkrievs”. З таго часу і да апошніх дзён свайго жыцця выдатны латвійскі паэт Улдыс Бэрзыньш быў добрым сябрам беларусаў. Ён вельмі часта наведваў мерапрыемствы ЛТБК “Сьвітанак”. 17 мая 2014 года Улдыс Бэрзыньш адзначыў сваё 70-годдзе. У юбілей беларусы ў Беларусі і ў Рызе не забыліся пра свайго сябра. 24 мая 2014 г. адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Улдыса Бэрзыньша на беларускай мове «Caлаўі крычаць, я па-латышску…» («Lakstīgalas kliedz, es latviski …»). Паэзія У. Бэрзыньша была перакладзеная на беларускую мову паэтамі Алесем Разанавым і Андрэем Гуцавым. Дзякуючы падтрымцы Латвійскага Културкапіталфонда ЛТБК “Сьвітанак” мела магчымасць запрасіць на прэзентацыю сборніка вершаў на беларускай мове ў Рыгу перакладчыкаў. У дзень юбілею на прэзентацыі беларускамoўнага зборніка спадар Улдыс чытаў свае вершы па-латышску, а госці з Мінску – па-беларуску. Улдыс Бэрзыньш быў адным з латвійскіх паэтаў, хто з радасцю напісаў свой верш пра Свабоду, калі Радыё Свабода выдавала кнігу “Верш на Свабоду”.

 Госць вечарыны памяці  Раффі Хараджанян, старшыня праўлення АНКТЛ, прафесар музыкі падчас імпрэзы не толькі падзяліўся ўспамінамі пра Улдыса Бэрзыньша, але і прадставіў удзельнікам выдатны музычны падарунак – кампазіцыю Арама Хачатурана. У сваіх успамінах Р. Хараджанян таксама распавёў аб сумеснай працы з паэтам у Кансультатыўных Радах нацыянальных меншасцей пры некалькіх Прэзідэнтах Латвійскай Рэспублікі.

Падчас вечарыны памяці беларускія дзеці дэкламавалі паэзію У. Берзіньша на беларускай і латышскай мовах.

У сваёй прамове прадстаўніца Латвійскага Саюза палякаў латышская пісьменніца і перакладчыца Дагнія Дрэйка падзялілася ўспамінамі пра свайго калегу Улдыса Бэрзыньша і сумесную з ім працу, а таксама прачытала свае пераклады з беларускай мовы. Сп. Дагнія перакладала паэзію розных беларускіх аўтараў на латышскую мову. На вечарыне гучалі вершы Эдуарда Акуліна на мове арыгіналу ў выкананні сяброў ЛБКБ «Світанак», і пераклады спадарыні Дагніі Дрэйкі. Сябры ЛБКБ “Світанак” і госці вечарыны былі радыя знаёмству і сустрэчы з яшчэ адной прыхільніцай нашай паэзіі і перакладчыцай на латышскую мову.

У вечарыне памяці У. Бэрзыньша ўдзельнічаў і сын паэта Ансіс Атаолс Бэрзыньш, які не толькі распавёў пра свайго знакамітага бацьку на добрай беларускай мове, але і выканаў свае цудоўныя аўтарскія песні на латгальскай мове. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пераканацца, што ў вельмі таленавітага бацькі ёсць вельмі таленавіты сын. На вечарыне памяці Вячка Целеш падараваў Ансісу Бэрзыньшу арыгінальны малюнак экслібрыса яго бацькі.

Госць вечара памяці, прадстаўнік Армянскага культурнага таварыства, армянскі жывапісец Бабкен Стэпанян, вельмі шчыра расказаў пра сваё сяброўства з У. Бэрзыньшам і яго пераклады з армянскай мовы.

Наталля Камілеўская разам з актрысай Рыжскага ўкраінскага народнага тэатра Антрай Цэлітанэ выканала літаратурна-музычную кампазіцыю «Разважанні пра У. Бэрзыньша і Ўкраіну», у якой была прысвечана паэту і Украіне. У кампазіцыі гучалі паэзія У. Бэрзыньша, а таксама ўкраінскія і латышскія песні і музыка. Удзельнікі вечарыны згадалі хвілінай маўчання аб загінулых ва Украіне.

Кніга, падараваная Улдысам Бэрзыньшам “Poētisms baltkrievs”

Дагнія Дрэйка
Армянскі жывапісец Бабкен Стэпанян
Музычны падарунак Раффі Хараджаняна
Верш У. Бэрзыньша чытае Сафія Улманэ
Спявае Ансіс Атаолс Бэрзыньш
Ансіс Бэрзыньш і вядучая вечарыны памяці Ганна Іванэ
Наталля Камілеўская і Антра Цэлітанэ
Госці вечарыны памяці

19 лістапада 2021 года адзначае свой 60 – гадовы юбілей Сяржук Кузняцоў, адзін з заснавальнікаў Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак“.

Сяржук Кузняцоў быў не толькі першым кіраўніком ЛТБК „Сьвітанак“ – старшынёй Рады таварыства з 1988 года. Калі на Латвійскім радыё – 4 ўпершыню была створаная беларускамоўная праграма „Сьвітанак“, ён стаў першым рэдактарам і вядучым радыёперадачы. З ініцыятывы спадара Сяржука ў Рызе пачаў таксам выдавацца беларускамоўны часопіс „Сьвітанак“, ён стаў яго галоўным рэдактарам.

Па адукацыі доктар, выпускнік Ленінградскага медыцынскага інстытута (цяпер Піцербуржская дзяржаўная медыцынская акадэмія імя І.І. Млечнікава), у часы Атмоды ў Латвіі ён вельмі шмат часу і высілкаў аддаваў на карысць адраджэння беларушчыны у Латвіі. Народжаны ў Рызе, па бацьку беларус, нашу родную мову вывучыў самастойна!

Сваё жыццё спадар Сяржук прысвяціў медыцыне і дасягнуў шматлікіх поспехаў у гэтай высакароднай і складанай справе – дапамагаць хворым людзям. Ён – аўтар шматлікіх навуковых прац у галіне анкалогіі і імуналогіі, стваральнік і кіраўнік лабараторыі „DrKuznecovLab“ і Цэнтра падтрымкі анкалагічных хворых (Cancer Patient Advocacy Bureau), які працуе ў Рызе з 1997 года. У 2006 годзе цэнтр далучыўся да Кааліцыі анкалагічных хворых Еўропы (ECPC) і стаў адным з вядучых даследчых інстытутаў Еўрапейскага Саюза ў вывучэнні псіхасацыяльных фактараў рызыкі ў анкалогіі. З 2003 года Dr.KuznecovsLab стаў адным з цэнтраў даследаванняў для Міжнароднай Асацыяцыі Дапаможнай Тэрапіі Рака (MASCC).

Доктар Сяржук Кузняцоў за свае даследаванні быў узнагароджаны прэстыжнымі міжнароднымі навуковымі прэміямі ў розных галінах медыцыны: прэміяй Аўстрыйскага таварыства геранталогіі і герыятрыі за цыкл работ па карэкцыі ўзроставых і таксічных парушэнняў сперматагенезу, прэстыжнай у алергалогіі і імуналогіі прэміяй “Pharmacia Allergy Foundation” у Швецыі за даследаванні даліхолфасфата і выкарыстання поліпрэнола для дыягностыкі і лячэння праяў многіх відаў алергічных захворванняў. У 1993 і 1995 года С. Кузняцоў названы ў ліку найлепшых даследчыкаў раку ў Еўропе. Дзякуючы даследаванням “Dr.KuznecovsLab” шырокае ўжыванне атрымала выкарыстанне ў анкалогіі прэпаратаў з Phallus impudicus (Вясёлка звычайная), ядомага грыба з сямейства гасцераміцетаў. Сяргей Кузняцоў з’яўляецца аўтарам даследаванняў Phallus impudicus з 1990 года. Вынікі даследаванняў былі прадстаўлены на кангрэсах па анкалогіі і апублікаваны ў вядучых часопісах па праблемах раку. Аўтарства рыжскіх навукоўцаў пацверджана ў энцыклапедыі “Medicinal Mushrooms” у 1995 годзе. Распрацаваны ў лабараторыі метад ферментацыі грыбоў дазваляе рыхтаваць біялагічна актыўныя прэпараты для ўнутранага прымянення і вонкава. У 2004 годзе MASCC уганаравала доктара Кузняцова прэмііяй за выкарыстанне Phallus impudicus для прафілактыкі і дапаможнай тэрапіі тромбаэмбаліі ў анкалагічных хворых.

Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак“ сардэчна віншуюць спадара Сяржука з юбілеем і жадаюць здароўя і новых дасягненняў у навуковых даследаваннях на карысць здароўя людзей!

У кастрычніку 1920 — сакавіку 1921-га, падчас падрыхтоўкі Рыскага міру, у Беларусі быў шанец на тое, каб стаць цалкам незалежнай дзяржавай. Але была ня меншая небясьпека — канчаткова зьнікнуць з палітычнай мапы сьвету

Рыга, 18 сакавіка 1921 году. Палац Чарнагаловых. Вечар, палова на дзявятую мясцовага часу. Вялікая заля палаца запоўнена сьвяточна апранутымі людзьмі.

Запрашаюць дэлегацыі, якія вызначалі абрысы новых дзяржаўных межаў ад Дзьвіны да Карпатаў. Польскую, расейскую, украінскую — але не беларускую.

Зачытваюць дамову: па-польску, па-расейску, па-ўкраінску, але не па-беларуску.

Падпісваюць тры арыгінальныя асобнікі дамовы, зноў жа на трох мовах, але не на беларускай. Беларускую дэлегацыю на гэтых перамовах не пусьцілі далей за прыёмную. Лёс Беларусі і беларусаў вырашалі людзі, для якіх беларуская справа, беларуская гісторыя, будучыня беларусаў як нацыі былі чужымі, другараднымі і ў значнай ступені абыякавымі.

Палац Чарнагаловых у Рызе, дзе праходзілі перамовы і быў падпісаны Рыскі мір
Палац Чарнагаловых у Рызе, дзе праходзілі перамовы і быў падпісаны Рыскі мір

Пасьля 18 сакавіка 1921 году беларусам давялося пачынаць змаганьне за сваю дзяржаўнасьць амаль з нуля. Гэтая дата ў пэўнай ступені можа лічыцца чорным днём беларускай гісторыі. Але яна магла быць яшчэ чарнейшай…

18 сакавіка 1921-га — заключны акт беларускай трагедыі, канчатковая кропка. А пачыналася гісторыя з падрыхтоўкай Рыскага міру значна раней. Позна ўвечары 1 кастрычніка 1920 году чацьвёра сярэдняга веку мужчын у цёмных сурдутах і гальштуках, сабраліся ў невялікай залі палаца Чарнагаловых у Рызе на таемную сустрэчу, каб хутка, без дыпляматычных цырымоній і шматдзённых дыскусій, дамовіцца пра тое, якім будзе савецка-польскі мір і дзяржаўныя межы ў выніку гэтага міру.

Таемныя вечары ў Рызе

Імёны гэтых людзей цяпер ужо мала што гавораць шараговаму чытачу, хоць менавіта яны тады, стагодзьдзе таму, за некалькі кастрычніцкіх вечароў вырашылі лёс міжваеннай Беларусі і правялі дзяржаўную мяжу, якая на наступныя 19 гадоў разрэзала Беларусь надвое.

Кіраўнікі польскай і расейскай дэлегацый на перамовах у Рызе Адольф Ёфэ (зьлева) і Ян Домбскі
Кіраўнікі польскай і расейскай дэлегацый на перамовах у Рызе Адольф Ёфэ (зьлева) і Ян Домбскі

З аднаго боку стала сядзелі кіраўнік расейскай дэлегацыі, адзін з найбольш улюбёных дыпляматаў Леніна — Адольф Ёфэ з сакратаром Іванам Лорэнцам; з другога — кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі з сакратаром Аляксандрам Ладасем. Над іхнымі фігурамі нябачна луналі постаці тых, з кім яны амаль штодня раіліся і атрымлівалі інструкцыі праз тэлеграф: Уладзімера Леніна ды Юзафа Пілсудскага. (Пра ролю апошняга, зрэшты, можна казаць толькі ўмоўна: Польшча на той час яшчэ ня стала аўтарытарнай дзяржавай, і Домбскаму даводзілася ўлічваць меркаваньні шмат якіх кіраўнікоў).

Гадзіньнік на момант пачатку першай сустрэчы паказваў 22.10. Размова вялася на нямецкай мове, якой выдатна валодалі ўсе чацьвёра, бо атрымалі нямецкую (ці аўстрыйскую) адукацыю.

Масква наадрэз адмовілася ад плебісцыту пра незалежнасьць Беларусі

На той час яшчэ ня зьнікла прывідная надзея на тое, што Беларусь можа застацца непадзеленай: і тыя, і другія прызнавалі (прынамсі на словах) права нацый на самавызначэньне і выказваліся за незалежную Беларусь, якая выконвала б ролю буфэра паміж дзьвюма буйнымі варагуючымі дзяржавамі.

Але разумелі яны гэтыя «буфэры» па-рознаму. Для расейскіх бальшавікоў гэта былі марыянэткавыя савецкія рэспублікі пад поўным кантролем Масквы. Для Польшчы «буфэры» мелі сэнс толькі ў такім выпадку, калі б там не было расейскіх войскаў.

Кніга ўспамінаў Яна Домбскага «Рыскі мір»
Кніга ўспамінаў Яна Домбскага «Рыскі мір»

«Рашэньне польскім бокам беларускага пытаньня было б успрынята ў сьвеце як найлепей». З успамінаў Домбскага

Успаміны Яна Домбскага пры гістарычныя перамовы выйшлі ў 1931 годзе ў Варшаве кнігай «Рыскі мір».Ёфэ: Падобна, Польшча хоча стварэньня буфэрных дзяржаў. Расея такія дзяржавы ўжо стварыла, і толькі такая форма іхнага існаваньня зьяўляецца для Расеі прымальнай…Ладась (у адказ на пытаньне Ёфэ «Навошта Польшча імкнецца да значнага пашырэньня сваіх межаў на ўсходзе?»): «Аднаго позірку на мапу дастаткова, каб зразумець, навошта Польшча вымушана дамагацца пасоўваньня сваіх межаў. Дзяржава з насельніцтвам 30 мільёнаў чалавек ня можа пагадзіцца на тое, каб армія 130-мільённай дзяржавы знаходзілася ў такой блізкасьці ад яе сталіцы. Лінія Бугу — апошняя абаронная лінія перад Варшавай.

Для Польшчы магчымая толькі такая альтэрнатыва: альбо межы значна далей на ўсходзе, альбо — сапраўдная незалежнасьць Беларусі. У такім выпадку Польшча магла б патрабаваць вываду расейскай арміі на 25 вёрст не ад усходняй мяжы Польшчы, а ад усходняй мяжы Беларусі».

Адольф Ёфэ
Адольф Ёфэ

Ёфэ: З такога пункту гледжаньня мы гэтае пагадненьне не разглядалі. Беларусь павінна застацца ў расейскай сфэры ўплыву, паколькі мы маем абавязкі адносна яе грамадзтва і павінны бараніць яе ад вяртаньня польскіх паноў. Гэта сацыяльнае пытаньне, бо селянін там — рускі, а ўласьнік зямлі — паляк. Больш шырокія межы Польшчы не выглядалі б справядлівымі ў вачах міжнароднай супольнасьці.Ладась: Рашэньне польскім бокам беларускага пытаньня было б успрынята ў сьвеце як найлепей. Расея сама прызнала несапраўдным акт падзелу Рэчы Паспалітай. Такім чынам, гэтая тэрыторыя належыць уласна да Польшчы, і формула вырашэньня гэтай справы зь лёгкасьцю знайшлася б. Ёфэ ў адказ рашуча заяўляе, што ягоныя паўнамоцтвы не дазваляюць яму далей рабіць саступкі ў гэтай справе.

Што расказваў прадстаўнік БССР, якога не пусьцілі на перамовы

Аляксандар Чарвякоў
Аляксандар Чарвякоў

А вось як пераказвае гэты ж фрагмэнт сакрэтных перамоваў, спасылаючыся на сваю гутарку зь Ёфэ, Аляксандар Чарвякоў.

Чарвякоў як прадстаўнік ураду толькі што адноўленай бальшавікамі БССР быў у тыя дні ў Рызе, назіраў за перамовамі, інфармаваў пра іх хаду сваё менскае кіраўніцтва. Але на самі перамовы яго не дапусьцілі.Зь ліста Чарвякова ад 3 кастрычніка 1920 году: «…Дзеля самавызначэньня Беларусі неабходна, паводле меркаваньня польскага боку, вывесьці польскія войскі на 25 вёрст на захад ад заходняй мяжы Беларусі, а чырвоныя войскі на 25 вёрст на ўсход ад усходняй этнаграфічнай мяжы Беларусі (г.зн. уключна зь Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай губ.) — і правесьці плебісцыт. На гэта польскі бок гатовы, калі ягонае патрабаваньне аб межах ня будзе прынятае. Гэтае пытаньне пастаўлена ўльтыматыўна — ці плебісцыт ва ўсёй Беларусі, ці — ніякіх размоваў аб самавызначэньні народаў — і разьдзел Беларусі. (Пра гэта паседжаньне мне казаў Ёфэ).

На маё пытаньне, а якая ж пры гэтым роля самой Беларусі, ён адказаў, што для яго цяпер самае важнае пытаньне — становішча на фронце, і калі становішча на фронце настолькі дрэннае, што трэба заключыць мір чаго б тое ні каштавала, то толькі тады ён на гэта пойдзе».


Такім чынам, перад Масквой была альтэрнатыва: або пагадзіцца на поўную незалежнасьць усёй Беларусі, у тым ліку Ўсходняй, ужо ўключанай у склад РСФСР, вывеўшы зь яе свае войскі, або — падзяліць Беларусь з Польшчай. Масква выбрала другі варыянт.

Нават максымальна аслабеўшы, за Беларусь яна трымалася да апошняга. Нагадаем, на гэты момант бальшавіцкі ўрад ужо прызнаў незалежнасьць Фінляндыі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі — практычна ўсіх былых заняволеных Расейскай імпэрыяй народаў Усходняй Эўропы. Масква гатовая была аддаць Польшчы беларускія землі аж да Бярэзіны — але ні ў якім разе не дапусьціць рэальнай незалежнасьці беларускай дзяржавы.

Расейцы гатовыя былі аддаць палякам Менск і Меншчыну. Польшча адмовілася

Варыянтаў, як падзяліць Беларусь, было некалькі. Ленін настойваў, каб перамір’е з палякамі было заключана як мага хутчэй, не зважаючы на страту тэрыторый — каб вызваліць войскі для барацьбы з Урангелем і выратаваць бальшавіцкі рэжым. Відавочна, ён разьлічваў, што лёс Рыскага міру будзе прыблізна такі самы, як і лёс Берасьцейскага міру зь Нямеччынай годам раней.

Барон Урангель (у цэнтры). Дзеля перамогі над ім Ленін сьпяшаўся заключыць мір з Польшчай як найхутчэй
Барон Урангель (у цэнтры). Дзеля перамогі над ім Ленін сьпяшаўся заключыць мір з Польшчай як найхутчэй

Ленін на пленуме ЦК РКП(б) 20 верасьня 1920 году пра перамовы з Польшчай: «Цяпер нам застаецца толькі іх ашукаць, паколькі нашы ваенныя справы кепскія. Пастараемся купіць у іх перамір’е, хоць мала шанцаў, што яны на гэта пойдуць. За бліжэйшыя месяцы мы павінны, што б там ні было, скончыць з Урангелем. А калі мы зь ім скончым, на зьезьдзе Саветаў скасуем гэты мір і рушым усе сілы на Польшчу, калі будзе выгадна».


А становішча на фронце для бальшавікоў пагаршалася з дня на дзень. Яшчэ 24 верасьня расейская дэлегацыя прапаноўвала мяжу, якая толькі нязначна адхілялася на ўсход ад лініі Керзана: упадзеньне Сьвіслачы ў Нёман (25 км на паўднёвы ўсход ад Горадні) — Белавежа — Камянец. Але якраз у тыя дні працягвалася пераможная для Польшчы Нёманская апэрацыя. Легіёны Пілсудскага занялі Слонім, Баранавічы, Пінск і рухаліся далей на ўсход.Зь ліста Чарвякова ад 3 кастрычніка 1920 году: «…Польскі бок нават і думкі не дапускаў, што мяжа можа праходзіць празь Сьвіслач, Граева, Высока-Літоўск і г.д., як гэта прапанавана з расейскага боку. Мінімум ейных патрабаваньняў — гэта мяжа некалькі заходней Менску так, каб лінія Баранавічы — Лунінец, Сарны адышлі да Польшчы (мяжа павінна прайсьці ўсходней былой нямецкай лініі акопаў)».


Празь дзень Ёфэ агучыў новыя расейскія саступкі: рака Шчара — канал Агінскага — Ясельда — Стыр. Але для польскага боку на гэты момант ужо было відавочна, што Масква ва ўмовах сваіх татальных няўдач на фронце пойдзе і на нашмат большыя саступкі. Паводле стану на 2 кастрычніка чыгунка Ліда — Баранавічы — Лунінец ужо цалкам кантралявалася польскімі войскамі. Армія Тухачэўскага панічна ўцякала. Колькасьць дэзэртэраў вымяралася сотнямі тысяч.

Ужо на наступны дзень, 2 кастрычніка, польская дэлегацыя ў сваім складзе абмяркоўвала, якія новыя тэрыторыі запатрабаваць ад Масквы. Для палякаў было відавочна, што Масква гатовая ісьці на саступкі, абы толькі хутчэй падпісаць мірнае пагадненьне і вызваліць войскі для вайны супраць Урангеля. Пасьля доўгіх дэбатаў пагадзіліся на лінію Збруч — Роўна — Сарны — Лунінец — Вілейка — Дзісна да Дзьвіны.

Юзэф Пілсудзкі (зьлева) падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе
Юзэф Пілсудзкі (зьлева) падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе

Як піша Домбскі, бурную дыскусію выклікала пытаньне, ці ўключаць у склад Польшчы Менск. Думкі падзяліліся. Прадстаўнікі сацыялістаў Камянецкі і Васілеўскі былі за тое, каб забраць Менск разам з усімі шасьцю паветамі, што складалі тады БССР. Гэтую ідэю падтрымліваў і Домбскі. Адбылося галасаваньне. За ўключэньне Менску і Меншчыны прагаласавалі трое, супраць — шасьцёра. Адзін устрымаўся.

Як пазьней згадваў удзельнік перамоваў Станіслаў Грабскі, дэлегацыя вымушана была выбіраць, у якім напрамку пашыраць межы — на поўдні і ўсходзе, з далучэньнем Камянца-Падольскага і Менску, ці на поўначы, з далучэньнем Дзісны і Вялейкі. І ўрэшце аддалі перавагу пашырэньню межаў на поўначы, бо дзісенска-вілейскі калідор злучаў Польшчу з Латвіяй і адрэзваў Расею ад Літвы. Уключаць жа Менск і Меншчыну, на тэрыторыі якіх бальшавікі на той час паўторна абвясьцілі БССР, палякі не захацелі, каб не ствараць «іншанацыянальны кантон, сфэдэралізаваны з Польшчай».З успамінаў Домбскага пра сакрэтныя перамовы зь Ёфэ 2 кастрычніка 1920-га, 18.00

Домбскі: Не хачу паступаць так, як гэта звычайна робіцца падчас такіх перамоў: спачатку прапаноўваць мяжу, значна пасунутую на ўсход, а ўжо потым шляхам торгу адысьці да той лініі, якая ўяўляе максымум нашых саступак. Адразу назаву лінію, ад якой у любым выпадку адступіцца ўжо не змагу. Тая лінія (разгортвае мапу і паказвае на ёй) павінна пралягаць больш-менш наступным чынам: Збруч — Роўна — Сарны — Лунінец — на захад ад Менску — Дзісна і Вілейка да Дзьвіны. Натуральна, чыгунка павінна быць належным чынам забясьпечана.Ёфэ просіць удакладніць гэтую лінію, а таксама праясьніць, што маецца на ўвазе пад забесьпячэньнем чыгункі Роўна — Сарны — Лунінец. Уяўляе сабе, што забесьпячэньне лініі складае 3–4 кілямэтры. Ці колькі?Домбскі: Чыгунка Роўна — Сарны — Лунінец — Баранавічы павінна цалкам належаць Польшчы і быць забясьпечана паласой тэрыторыі прынамсі 30–40 кілямэтраў на ўсход… Далей на поўнач мяжа ішла б уздоўж мяжы паветаў Вілейка і Дзісна так, каб Польшча здабыла калідор і супольную мяжу з Латвіяй.Ёфэ просіць удакладніць, дзе больш-менш павінна пралягаць мяжа пад Менскам.Домбскі называе Койданава як прапанаваны памежны пункт.У адказ Ёфэ кажа, што для Расеі будзе вельмі цяжка прыняць гэтую прапанову Польшчы, што яму патрэбныя 2–3 дні, каб атрымаць адказ з Масквы…


Але гэта толькі дыпляматычная фігура. У сапраўднасьці Масква пасьпешліва прыняла ўсе польскія прапановы і паслухмяна аддала ўсе тэрыторыі, якіх запатрабаваў польскі бок — толькі дзеля таго, каб як найхутчэй спыніць баявыя дзеяньні.

Чырвоныя дыпляматы не трымаліся ні за гарады, ні за вёскі. Падчас перамоў адзін з польскіх дэлегатаў папрасіў пакінуць вёску, якая павінна была адысьці да саветаў, на польскім баку: маўляў, там жыве любімая цешча. Савецкія дэлегаты тут жа пагадзіліся перамаляваць лінію мяжы так, каб і цешча, і ўся вёска апынуліся ў Польшчы.

«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта»

Ужо 4 кастрычніка польскія прапановы разглядала Палітбюро ЦК РКП(б). Мікалай Бухарын і некаторыя іншыя выступалі супраць, але большасьць выказалася «за». Адольфу Ёфэ з Масквы было загадана падпісаць мірную дамову як мага хутчэй — на працягу 3–4 дзён.

Праўда, з падпісаньнем атрымалася невялікая затрымка — і не зь віны дыпляматаў. Польскі генштаб патрабаваў адкласьці падпісаньне, бо хацеў часова яшчэ раз захапіць Менск. Навошта яму гэта спатрэбілася? Выявілася, што вайсковая выведка, пасьпешліва адступаючы зь Менску ў ліпені, забыла ў тайніку архівы са сьпісамі сваёй агентурнай сеткі ў бальшавіцкай Расеі. Дыпляматы крыху зацягнулі падпісаньне — з 8 кастрычніка адклалі на 12-га, але вайскоўцы за гэты час падрыхтаваць апэрацыю не пасьпелі. Але Менск яны ўсё ж захапілі — на два дні, 15–17 кастрычніка. Падпісаны дагавор гэтаму не перашкодзіў.

Менск, 15 кастрычніка 1921 года. Польскія афіцэры падчас двухдзённай акупацыі Менску пасьля падпісаньня мірнай дамовы паміж Польшчай і Савецкай Расеяй
Менск, 15 кастрычніка 1921 года. Польскія афіцэры падчас двухдзённай акупацыі Менску пасьля падпісаньня мірнай дамовы паміж Польшчай і Савецкай Расеяй

Канчатковы мір паміж Польшчай і савецкай Расеяй быў падпісаны толькі празь пяць месяцаў — 18 сакавіка 1921 году. Але ніякіх прынцыповых зьменаў ва ўмовах і праведзеных межах за гэты час не адбылося. Беларусь засталася падзеленай гэтак жа, як гэта вырашылі ў Рызе падчас сваіх таемных сустрэч на пачатку кастрычніка Ёфэ і Домбскі.

Мапа Беларусі ў 1919-1921 гадах
Мапа Беларусі ў 1919-1921 гадах

У выніку мапа савецкай Беларусі згодна з умовамі Рыскага міру ўяўляла сабой абрубак колішняй Менскай губэрні — 52,3 тыс. кв. км (гэта прыблізна чвэрць цяперашняй Рэспублікі Беларусь). Пад Ракавам пачыналася Польшча, за Барысавам — савецкая Расея. Усю тэрыторыю ССРБ ад польскай да расейскай мяжы можна было праехаць на ровары гадзіны за тры-чатыры.https://w.soundcloud.com/player/?url=http%3A%2F%2Fapi.soundcloud.com%2Ftracks%2F440515362&color=%23ff5500&auto_play=false&hide_related=false&show_comments=true&show_user=true&show_reposts=false&show_teaser=true&visual=true


«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта», — з горкай іроніяй напісаў тады Янка Купала. Тым ня менш тое, што гэта дробнае марыянэткавае ўтварэньне захавалася, што яно ня зьнікла з мапы падчас савецка-польскай вайны і далейшага торгу паміж Масквой і Варшавай за тэрыторыі (а зьнікнуць магло!) — пакідала наступным пакаленьням беларусаў шанец на тое, што для Беларусі яшчэ надыдуць іншыя часы і мапа яе будзе зусім іншая.

Беларуская карыкатура на Рыскі мір, 1921 год
Беларуская карыкатура на Рыскі мір, 1921 год

Ян Домбскі ўспамінаў, што вяртаньне польскай дэлегацыі ў Варшаву ў сакавіку 1921 году было трыюмфальным. На ўсіх чыгуначных вакзалах ад самай латвійска-польскай мяжы (а Польшча паводле Рыскай дамовы пачыналася ўжо на Дзьвіне, ад Дзісны і Браслава) польскіх дыпляматаў віталі сьцягамі, урачыстымі маршамі духавых аркестраў, ганаровай вартай.

Беларусам сьвяткаваць не было чаго.

Апошняя старонка Рыскай дамовы зь пячаткамі і подпісамі
Апошняя старонка Рыскай дамовы зь пячаткамі і подпісамі

Менск у гісторыі з Рыскім мірам адыграў яшчэ адну ролю — 30 красавіка 1921 году менавіта тут адбыўся абмен ратыфікацыйнымі граматамі, і менавіта з гэтай даты дамова пачала дзейнічаць.

…Іронія лёсу: роўна праз сто гадоў Беларусь гэтак жа перажывае драматычны пэрыяд сваёй гісторыі. І гэтак жа стаіць на раздарожжы паміж двума полюсамі сілы і прыцягненьня, ня маючы дастаткова моцы, каб самастойна вырашыць свой лёс.

Валянцін Жданко

www.svaboda.org

4 верасня 2020 г. адбылося адкрыццё юбілейнай выставы шматгадовага сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, былога старшыні нашага таварыства Васіля Малышчыца

Восень – шчодрая пара не толькі на ўраджай, але і на незвычайную прыгажосць прыроды: залатое лісце, прыцішаныя кветкі. Ідзеш вуліцамі любімага горада, захапляешся, не адводзіш вачэй і сам сабе адзначаеш: добра, што ёсць мастакі, якія могуць перанесці гэткую прыгажосць на свае палотны і падоўжыць яе жыццё.

Адным з такіх мастакоў-чараўнікоў з’яўляецца Васіль Малышчыц, аўтар персанальнай юбілейнай выставы “Мой родны кут”. Кажуць, што паказчык прызнання мастака, яго таленту і ўнёску ў культуру вымяраецца выставамі. Васіль выстаўляецца даволі часта, у тым ліку і са сваімі сябрамі з аб’яднання “Маю гонар”, але юбілейная выстава – гэта падзея асаблівая, бо яна нейкім чынам дае магчымасць асэнсаваць працу і жыццё і мастака, і чалавека за грунтоўны перыяд жыцця.

“Мой родны кут” – так назваў сваю выставу творца. У гэтай назве ўсё: і згадка пра сваю малую Радзіму (беларускае Палессе, вёска Спорава), і цішыня, і загадкавасць мясцовай прыроды, і таямнічасць балотных мясцін, і цеплыня бацькоўскай хаты. Менавіта замілаванасць роднай зямлёй, нейкае асаблівае адчуванне навакольнага свету падштурхнулі 15-гадовага хлопчыка ехаць вучыцца ў мастацкае вучылішча ў Бабруйск. Там ён набыў прафесію столяра. Гэта дае яму магчымасць і сёння плённа працаваць з дрэвам і займацца рэстаўрацыяй рэдкіх драўляных рэчаў, ствараць скульптуры. Але ўсё ж такі асаблівым клопатам і любоўю Васіля з’яўляецца жывапіс. У ім памяць аб продках, у ім прызнанне ў любові, у ім спадзяванне і надзея. Карціны творцы, можа немудрагелістыя, але сваёй чысціней, адкрытасцю, шчырай інтанацыяй даходзяць да глыбіні душы гледача, кранаюць сэрца. А вучыўся свайму мастэрству Малышчыц у Беларускім Дзяржаўным тэатральна – мастацкім інстытуце на факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яму пашанцавала, што талент дадзены яму Богам, быў падмацаваны вышэйшай адукацыяй. І пэўна, ёcць права сцвярджаць, што творы яго, выкананыя ў лепшых мастацкіх традыцыях, вылучаюцца дасканаласцю і актуальнасцю.

З 1996г. В.Малышчыц жыве і працуе ў Латвіі, якую лічыць сваёй другой Радзімай. І гэтай зямлі таксама належыць і сэрца, і талент мастака. Вось яна – Рыга, таямнічая, велічная, блізкая і далёкая пазірае на нас са сцяны.

Сярод святочнага тлуму выставы можа крыху складана падрабязней разгледзець і паланіцца творамі філасофскага накірунку, бо каб адчуць асаблівую асалоду раскрыцця аўтарскай таямніцы патрэбна застацца сам на сам з творам. Упэўнена, што і пазаўтра ў залю АНКTЛ, дзе святкуе сваё 60-цігоддзе спадар Малышчыц, абавязкова прыйдуць прыхільнікі яго таленту.

Дарагі Васіль, сардэчна віншуем цябе з юбілеем! Зычым моцнага здароўя і шчасця табе і ўсім тваім родным, а самае галоўнае – чысціні і выразнасці ліній, адухоўленасці і прыгажосці светасузірання ў мастацтве, несупыннага пошуку “Боскай і чалавечай стунасці”.

Ганна Іванэ

На здымках Лявона Маствілішскага:

Васіля Малышчыца віншуюць “Сьвітанкаўцы” і старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі Рафі Нараджанян

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

Ул. Караткевіч

 “Быў. Ёсць. Буду.” – назва літаратурнай выставы, прысвечанай творчасці Уладзіміра Караткевіча, якая была ўрачыста адкрыта ў жніўні гэтага года ў ЛТБК “Сьвітанак”. Патрэбна адзначыць, што 2020 год у Беларусі аб’яўлены годам Уладзіміра Караткевіча – пісьменніка, паэта, драматурга, кінасцэнарыста, асобы, якая не толькі заслугоўвае памяці народнай, але і глыбокага навуковага даследавання. Вялікую цікавасць да гэтага творцы маюць, у тым ліку, і сябры таварыства “Сьвітанак”. Напэўна таму, нягледзячы на летняе надвор’е, ды на паўсядзённыя клопаты cьвітанкаўцы  сабраліся ў будынку АНКTЛ, на святочную імпрэзу, каб адзначыць юбілей слыннага сына Беларусі і пагартаць старонкі жыцця і творчасці любімага пісьменніка.

Ул. Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Літаратуразнаўцы лічаць яго адным з самых яркіх і самабытных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя. Ім напісана мноства вершаў, аповесцей, раманаў, казак. Цяжка пераацаніць значэнне творчасці гэтага геніальнага пісьменніка  – гэта і сакавітасць мовы, і даследванне беларускага нацыянальнага характара, і гістарычны лёс народа, і захаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры. Пра ўсё гэта і разважалі cьвітанкаўцы і госьці ў час свята. На працягу ўсёй сустрэчы гучалі вершы, узгадваліся героі знакамітых твораў, а ўспаміны Вячкі Целеша пра асабістае знаёмства з паэтам асабліва ўсцешылі ўсіх прысутных на свяце.  Хораша ўпрыгожылі вечарыну і родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”, якім з задавальненнем кіруе Таісія Бачкарова, шчырая наша беларуска. Родная мова, песня, сцішаныя кветкі, а над усім гэтым шчаслівая ўсмешка Караткевіча, як сведак таго, што яго ідэі, яго вялікія праца па стварэнню праўдзівай гісторыі Беларусі – дало плён.

Cьвітанкаўцы шчыра ўдзячны старшыні таварыства спадарыні Таццяне Казак за ідэю ўшанаваць памяць вялікага пісьменніка і Дзяржаўнаму музею беларускай літаратуры за прадстаўленыя матэрыялы, дзякуючы якім можна паглыбіць свае веды пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Ганна Іванэ

На здымках Алены Ціхаміравай:

Вядучая літаратурнай імпрэзы Ганна Іванэ

Спявае Эльвіра Гамершмідтэ, за раялем – Наталля Камілеўская

Шаноўны госць імпрэзы – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі спадар Васіль Марковіч

Вячка Целеш чытае адрасаваны яму ліст ад Уладзіміра Караткевіча

Гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава

Удзельнікі юбілейнай вечарыны